Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





НАВУКОВЫ ВАНДРОЎНІК –  ГЭТА НЯ БАМЖ! 3 страница



 

-- Дабрыдзень! Падкажэце, калі будзе найбліжэйшы састаў на Лопчу?

Рух таварнякоў у патрэбным кірунку можа выявіцца рознай інтэнсіўнасьці – ад аднаго да дзясяткаў на дзень. Пакуль няма лякаматываў, можна знайсьці рабочую страўню (на кожнай вялікай станцыі) – там можна танна і смачна пад’есьці. Звычайна такія страўні працуюць кругласутачна. На маленькіх станцыях страўняў няма, але ў дзяжурнага ёсьць электраплітка; папрасеце дазволу паставіць гарбату; раскажэце, якія вы хвацкія падарожнікі, пасябруйце з чыгуначнікамі, гэта можа дапамагчы пры падсадцы ў лякаматыў. Паралельна сачэце, ці ня высьпеў састаў.

На станцыі, асабліва буйной, вас можа знайсьці ахоўнік. Ён можа замінуць вашаму руху і прагнаць вас са станцыі. Але не ўцякайце ад яго, каб ён не падумаў, што вы тэрарыст ці які чыгуначны злодзей. Майце пашпарт, няблага б і яшчэ якісь дакумэнт, камандзіровачнае пасьведчаньне і г.д. Галоўнае – вашыя спакойныя, упэўненыя паводзіны.

Калі мы бачым лякаматыў, ужо прычэплены да нашага цягніка, або адзіночны лякаматыў (у якасьці рэзэрву), што чакае сыгналу сьветлафора, – борзда бяжым да яго. У лякаматыве машыніст сядзіць справа, а памочнік – зьлева. Зьвяртацца трэба менавіта да машыніста.

 

-- Дабрыдзень! Можна з вамі на Урушу? Мы падарожнікі, едзем туды й туды, затым і затым… – растлумачце сутнасьць.

Калі машыніст сказаў “не, нам забаронена браць!”, усё ж паспрабуйце ўгаварыць яго. Памятайце, аўтаспын 2-га роду існуе! Імавернасьць пасьпяховай падсадкі залежыць ад мясцовасьці; чым больш цывілізаваная станцыя, тым радзей бяруць у лякаматыў, і наадварот. У лякаматыў пасажырскага цягніка бяруць радзей, чым у лякаматыў таваранага.

Калі згода атрыманая, хутка падымайцеся ў дзьверы, што вядуць у заднюю сэкцыю лякаматыва (калі машыніст спэцыяльна не запрасіў у пярэднюю).

У задняй кабіне знаходзяцца два (часам тры) сядзеньні, часта – ахоўнік, а часам – ужо і іншыя пасажыры.

Знаходзячыся ў задняй кабіне лякаматыва, паводзьцеся ціха, не чапайце ніякіх вагароў. Можна легчы спаць – на падлозе кабіны, пасьцяліўшы папярэдне дыванок. Некалькі разоў на гадзіну ў заднюю кабіну заходзіць машыністаў памочнік, пстрыкае тумблерамі, глядіць на прылады. Пасябруйце зь ім. Вас могуць паклікаць у пярэднюю кабіну – схадзеце, пасябруйце і з машыністам таксама. Праходзячы з задняй кабіны ў пярэднюю (і наадварот), будзьце асьцярожнымі! Без патрэбы ў пярэднюю кабіну пераходзіць ня варта – гэта небясьпечна, можна ў паўцемры наляцець на якую-небудзь прыладу на 27.000 V альбо зачапіць вэнтылятар, што аварочваецца.

  Таварнякі могуць ісьці і некалькі тысяч кілямэтраў, але лякаматыўная брыгада звычайна мяняецца праз кожныя 4-5 гадзін (250 – 350 км) – на кожнай буйной станцыі. З кожнай новай брыгадай трэба дамаўляцца асобна, калі машыніст сам не закіне слоўца перад наступным машыністам.

Калі цягнік ідзе ў патрэбны бок, але машыніст адмаўляецца браць вас у лякаматыў, спытайцеся, ці можна падсесьці ў які-небудзь пусты вагон. Рухаючыся ўзімку, унікайце праезду ў халодных, прадзіманых ветрам вагонах, каб не загінуць ад холаду! Нават улетку ў адчыненых вагонах бывае холадна, таму карысна браць для гэтага поліэтыленавую плеўку і заварочвацца ў яе.

…Дасягнуўшы станцыі, дзе лякаматыў адчапляецца або мяняецца лякаматыўная брыгада, паўтарэце працэдуру ўпрошваньня ў лякаматыў. Калі наступная брыгада вам адмовіць, ізноў сядайце ў таварны вагон, а лепей шукайце дзяжурнага па станцыі (дыспэтчара) ды высьвятляйце, калі будзе наступны састаў у патрэбны вам бок.

Рухаючыся ў лякаматывах, можна праяжджаць 500-600 км за суткі. Калі ня грэбаваць яздою ў вагонах, можна ехаць і хутчэй. Але дакладаны вынік залежыць ад вашага досвьеду, настойлівасьці, паводзін, а таксама ад ступені чачэнафобіі ў дадзеным рэгіёне. На некаторых станцыях чыгуначнікі, напужаныя праз СМІ, прымаюць за тэрарыстаў усіх людзей, якія хочуць паехаць на лякаматыве. Зрэшты, звычайны аўтаспын амаль заўсёды выяўляецца шпарчэйшым; язда ў лякаматыве – атрыбут аддаленых рэгіёнаў.

 


Праезд у пасажырскіх цягнікох

У першых выданьнях кнігі для праезду ў звычайных пасажырскіх цягнікох былі рэкамэндаваныя наступныя рэцэпты: купляньне квітка на адзін прыпынак, паездка на даху вагона, таемнае пранікнення ў “труну” (рундук), скрыню для бялізны, стаяк для вугалю і іншыя. На шчасьце, за апошні час навука пайшла далёка наперад, і цяпер, на пачатку ХХІ ст., у нас няма патрэбы зьвяртацца да падобных вычварэньняў.

Мудрэц, квітка ня маючы, але пры гэтым – нікога не ашукваючы, едзе спакойна на паліцы ў вагоне цягніка. У той самы час чалавек нямудры, таксама квітка ня маючы, дысьлякуецца на даху гэтага ж вагона й пакутуе ад холаду, голаду ды кантактавага проваду.

Найпрасьцей падсаджвацца ў пасажырскія цягнікі на вялікіх станцыях, дзе цягнік стаіць ня менш за 15 хвілін. Вы мусіце добра ўяўляць сабе, да якой станцыі вы хочаце ехаць.

Разьлічваць на тое, што вам зь першага разу ўдасца паехаць на другі канец краіны, ня варта. Думайце сьпярша пра тое, як прасунуцца кілямэтраў на трыста – каб дасягнуць як найменей наступнай буйной станцыі, дзе цягнікі маюць працяглую стаянку (дзе й перасесьці ў наступны цягнік, калі сяброўства з праваднікамі на першым не працягнецца або ваш цягнік ня йдзе далей па вашым маршруце. Вось жа…

У кожным цягніку ёсьць начальнік цягніка. Безь ягонага дазволу праваднікі наўрад вас пусьцяць. Спытайцеся, у якім вагоне начальнік цягніка (звычайна – дзесьці ў сярэдзіне), і бяжэце да яго:

-- Дабрыдзень! Хто начальнік цягніка? 

-- Гэта я. Што вам трэба?

-- Пусьцеце, калі ласка, праехаць хаця б да Тынды. Мы падарожнікі, з Магадана дамоў у Маскву вяртаемся, а квіткоў (або грошай) з такой і такой прычыны ня маем.

Важна: спачатку просьба, потым матывацыя, абгрунтаваньне. Гэта абавзяковае правіла, чаго б вы не прасілі. “Падвязеце, калі ласка, мы падарожнікі, едзем адтуль і адтуль туды і туды”. “Пусьцеце пераначаваць, так і так”. Калі пасьля першых слоў вам адмовілі, чалавек, у якога пытаецеся, мае магчымасьць, выслухаўшы канец вашых слоў, зьмяніць сваё рашэньне, напрыклад: “Ну, увогуле мы ня возім, але калі падарожнікі, дык сядайце…” Калі ж вы спачатку “цягнеце рызіну”, расказваючы, хто вы ёсьць і адкуль, а потым раптам просіце і вам адмаўляюць – нічога больш не застаецца, як пайсьці.

Можна прапанаваць прыбрацца, памыць падлогу ў вагоне або зрабіць іншыя паслугі, да якіх не заўсёды даходзяць рукі ў саміх праваднікоў.

Знаходзячыся ў вагоне, завядзеце сяброўства з праваднікамі, міліцыянтамі, што суправаджаюць цягнік, і іншымі афіцыйнымі асобамі. Калі ж вас вырашылі высадзіць – напрыклад, паверыўшы ў хуткі прыход кантралёраў, – спакойна выйдзеце і не спрабуйце, замаскаваўшыся ў вагоне, праехаць больш, чым дазволена.

Калі начальнік цягніка не пераканаўся ў вашай мудрасьці, ідзеце да машыніста.

Запомнеце! Вы мусіце адрозьнівацца ад мясцовых жыхароў і ад усялякіх бічоў, занятых тым самым, што й вы – бясплатным дасягненьнем якой-небудзь мясцовасьці. Вы мусіце выклікаць цікавасьць супрацоўнікаў цягніка, жаданьне пагаварыць, – і тады вы ў многіх выпадках дасягнеце посьпеху.

Для праезду чыгункаю і наагул для ўсіх розных вандровак ёсьць карысная рэч – Дарожная грамата. Выпраўляючыся ў далёкую дарогу, надрукуйце (або папрасеце сяброў надрукаваць) на кампутары ці нават на друкавальнай машынцы паперу пра тое, што, маўляў, такі й такі чалавек выпраўляецца такім і такім маршрутам, просім дапамгчы яму ў праезьдзе і г.д. Наклейце на гэту паперу свой фотаздымак, пастаўце на ёй любую пячатку – сваёй роднай фірмы, мэрыі, інстытуту, школы… – і Дарожная грамата гатовая. Вось ейны ўзор.

 

Наўгародзкае Таварыства Аўтаспыньнікаў

Ноўгарад, вул. Міру, 9, тэл./факс (8732) 156934

 

 СУПРАВАДЖАЛЬНЫ ЛІСТ

 

Падаўца гэтага ліста, Абабакаў Артур Апанасавіч,

зьяўляецца ўдзельнікам міжнароднай экспэдыцыі “Вакзаламі й лясамі Расеі”, арганізаванай Наўгародзкім Таварыствам Аўтаспыньнікаў (НТС). Маршрут экспэдыцыі: Вялікі Ноўгарад – Чудава – Малая Вішэра – Ціхвін – Ладзейнае поле – Аланец – Чымкент – Масква. Мэтай экспэдыцыі ёсьць вывучэньне гісторыі й сучаснага стану вакзалаў, палёў, рэк і дарог Паўночнага Ўсходу Расеі.

НТС зьвяртаецца да працаўнікоў транспарту, да супрацоўнікаў міліцыі і мясцовых органаў улады з просьбай паспрыяць удзельніку экпэдыцыі.

 

Подпіс, пячатка, дата.

 

Добра складзеная Дарожная грамата прыдасца вам ня толькі для праезду ў лякаматыве альбо цягніку, але й дапаможа пры пападаньні ў памежную зону (а памежнай зонай у нас пакрыта немалая частка тэрыторыі краіны), пры ўваходзе ў нацыянальны парк і іншыя раёны абмежаванага доступу, а таксама пры чапляньні міліцыянтаў ды іншых афіцыйных асобаў.

…У цывільных рэгіёнах вас брацьмуць горш, чым у глухіх, але агульнае павелічэньне колькасьці цягнікоў нават падвысіць вашу хуткасьць. Калі на БАМе праходзціь у сярэднім 2-3 саставы на суткі (зь іх 1 пасажырскі), дык на Транссыбе цягнікі ідуць з інтэрвалам у гадзіну або нават часьцей. Адпаведна, ехаць будзеце хутчэй.

Некаторыя прыгарадныя цягнікі ў Сыбіры маюць “біч-вагоны” – плятформу або цяплушку, на якой езьдзяць мясцовыя жыхары, рыбакі, апівохі і турысты без аплаты. Толькі ўлетку – узімку там занадта холадна!

Заўважу, што рухцца чыгункаю ў Цэнтральнай Расеі досыць утомна: увесь час бегаеш то да аднаго цягніка, то да іншага. Вядома, калі ў вас ёсьць грошы, а ў касе ёсьць квіткі – прасьцей купіць квіток і ня рыпацца. Калі ж ехаць “цывільна” не карціць, а хочацца прыемнай і шпаркай язды – у цэнтральных рэгіёнах спакайней выкарыстоўваць звычайны аўтаспын.

 


Гідраспын

Чыгуначная ды аўтамабільная сувязь ахоплівае ня болей за ¼ тэрыторыі Расеі. У астатнія ¾ людзі трапляюць паветрам, што досыць дорага і нерамантычна, а грузы – пераважна па вадзе (узімку – аўтазімнікамі). Асноўным спосабам дасягненьня аддаленых мясцовасьцяў улетку зьяўляецца гідраспын (перасоўваньне на спадарожных рачных і морскіх суднах), які яшчэ называецца “аўтаспын 3-га роду”.

Гідраспын вядомы здаўных-даўна. Так, больш за 2500 гадоў таму біблійны прарок Ёна, дамовіўшыся з капітанам, спрабаваў паплыць на спадарожным караблі ў Фарсіс. Зрэшты, пад час шторму гідраспыньнік-няўдачнік быў выкінуты за борт і праглынуты вялікаю рыбай. Правёўшы ў рыбіным страўніку блізу 3 сутак, ён вярнуўся рыбаспынам назад.

Удачлівейшым у гэтых адносінах быў вядомы вандроўнік, пісьменьнік Ленарт Мэры. У 1970-х гг. н.э. ён змог прайсьці гідраспынам Паўночны морскі шлях і іншыя шляхі, пра што апавёў у сваіх кнігах. У 1990-х Л. Мэры стаў Прэзыдэнтам Эстоніі і плаваць перастаў.

Плаваньне на грузавых суднах

Вугаль, бэнзын, соль, цэмэнт, аўтамабілі ды іншыя рэчывы ў паўночныя селішчы дастаўляюць улетку рэкамі й морам. Такім самым спосабам туды могуць пранікнуць і вандроўнікі. Пры руху “туды” трэба абавязкова дазнацца пра: 1) пункт адпраленьня; 2) тэрміны навігацыі; 3) рэгулярнасьць суднаходзтва; 4) час у дарозе.

Галоўнае – знайсьці порт адпраўленьня. Гэта, як парвіла, адзін з пунктаў перасячэньня рачных і морскіх шляхоў з чыгункай ці трасай (Мурманск, Архангельск, Ваніна, Находка, Уладзівасток… – для селішчаў  на ўзьбярэжжы Паўночнага Ледавітага акіяну; Пячора, Новасыбірск, Краснаярск, Усьць-Кут, Якуцк… – для руху на поўнач адпаведнымі рэкамі).

  Вяртаньне дамоў з аддаленых мясцовасьцяў прасьцейшае: вы шукаеце ўсякі параплаў на Вялікую Зямлю і стараецеся паплыць на ім. Тут ужо, як правіла, не выбіраем.

Найбуйнейшыя морскія порты, нават на Поўначы (Дудзінка, Мурманск, Магадан…) працуюць увесь год, іншыя толькі ўлетку. Зь ліпеня па верасень дзейнічаюць практычна ўсе рачныя й морскія порты.

Раскладу грузавых рэйсаў не існуе ўвогуле. Ёсьць нейкая сэрэдняя інтэнсіўнасьць руху. Так, з Магадану на Вялікую Зямлю (Уладзівасток, Находка, Ваніна) ідзе 1-2-3 цеплаходы на тыдзень. З Находкі на Камчатку судны ходзяць раз на тыдзень, а ў Певек – прыкладна раз на месяц. З Мурманску ў Дудзінку ходзіць 1-2 цеплаходы на месяц, а на Хатангу (Таймыр) – 1-2 разы на год. Пастарайцеся даведацца рэгулярнасьць суднаходзтва загадзя, каб не правесьці ў порце доўгіх месяцаў.

Хуткасьць морскіх суднаў – 300-500 км за суткі. Рачных, як правіла, меншая; бывае 300, 200, 100 км за суткі і меней.

Каб паплыць грузавым рэйсам, патрэбна: а) даведацца пра наяўнасьць цеплахода; б) пранікнуць у порт і на борт судна; в) дамовіцца з капітанам; г) не занудзіцца на борце. Вось жа:

У кожным порце ёсьць дыспэтчарскі пакой, у якім вам паведамяць, куды ў найбліжэйшыя дні пойдуць судны. Тут ёсьць тонкасьць. Калі цеплаход яшчэ разгружаецца, часам немагчыма высьветліць, куды ён пойдзе потым: на Чукотку, ва Ўладзівасток або ў Сан-Францыска.

Але калі пачалася пагрузка – будзьце ўпэўненыя, што порт прызначэньня ўжо вядомы. Таму трэба рэгулярна, нават некалькі разоў на дзень, наведвацца ў дыспэтчарскі, пакуль вам не пакажуць цеплаход, што йдзе туды, куды вам трэба.

(На маленькіх прыстанях аніякіх дыспэтчарскіх няма, таму трэба каравуліць судны яшчэ пільней, даведваючыся пра час іхнага магчымага зьяўленьня ў мясцовых жыхароў.)

Пагрузка й разгрузка – працэсы, якія цягнуцца ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён. Не правароньце!

Як толькі такі цеплаход знойдзены, вам трэба пранікнуць у сам порт. Шмат якія порты знаходзяцца на памежным рэжыме і ахоўваюцца. Тады можна: а) умалёгаць ахоўніка прапусьціць вас; б) знайсьці дзірку ў плоце (ва ўсялякім доўгім плоце ёсьць дзірка), месцазнаходжаньне дзіркі можна спытацца ў таго самага ахоўніка або ў рабочых порта; в) выпісаць пропуск у бюро пропускаў. Ёсьць і порты, што не ахоўваюцца.

Пускаць гідраспыньніка ці не – вырашае, на ўнутрырасейскіх лініях, непасрэдна капітан. На борце судна заўсёды ёсьць вахтавы, але ён анічога не вырашае. Будзьце настойлівымі і патрабуйце сустрэчы з капітанам.

Первозіны людзей на грузавых суднах у межах Расеі не зьяўляюцца чымсьці забароненым. Напрыклад, плаваюць (праўда, за грошы) суправоднікі грузу. Ад перавозін людзей цеплаход ані не нясе стратаў. Так, для судна з грузам 3000 тонаў лішнія 100 кг – чыстае глупства. А найбуйнешыя судны перавозяць да 50 тыс. тонаў – гэта ў 600.000 разоў перавышае чалавечую масу! Зразумела, што перавозіны дадатковага гідраспыньніка ня будуць каштаваць ані капейкі.

Мы, пасажыры, маем уласьцівасьць харчавацца, таму з вас могуць папрасіць пэўную суму грошай за ваша харчаваньне, або вы самі закупіцеся нейкай колькасьцю ежы. Калі грошай мала, прапануйце свае рабочыя рукі – ваша некваліфікаваная бясплатная праца можа стаць у прыгодзе на судне!..Вось жа, ідзеце да капітана з нутраной ўпэненасьцю ў сваёй рацыі.

Адзіная рэальная прычына адмовы – перанаселенасьць цеплахода іншымі людзьмі. Тут вырашальную ролю грае не абыймо і не вага пасажыраў, а колькасьць ратаўнічых сродкаў. У далёкім морскім плаваньні гэты чыньнік – сур’ёзны абмежавальнік. У той самы час, скажам, на баржы гэта можна ня граць аніякае ролі.

Трапіўшы на борт судна, узрадуйцеся. Добра, калі ёсьць праца, але яна ніколі не займае ўсяго часу. Сьпеце, чытайце, пішэце лісты, ад’ядайцеся. І не забудзьце вярнуцца дамоў да канца навігацыі!

 

* Мы з Андрэем плылі з Іркуцку ў Хандыгу (больш за 600 км) шэсьць дзён на спадарожнай баржы. Перасоўваньне было дармовым, але мы папярэдне прызапасілі ежы. Адзінае, што ўскладняла плаваньне, – на баржы плыў “Камаз” са 140 скрынямі гарэлкі, і ўся каманда ды іншыя пасажыры часта займаліся п’янствам.

* Стараючыся вярнуцца з Магадану дамоў, мы паплылі адтуль у порт Ваніна на грузавым цеплаходзе. Пошук і чаканне цеплахода доўжыліся 4 дні, яшчэ 3 мы плылі, яшчэ 1 прастаялі ў бухце Ваніна, чакаючы, калі вызваліцца прычал. Перавозіны былі бясплатнымі, але за ежу мы заплацілі. Падрабязнасьці – у кнізе “АвтоSTOPом по России”.

* С. Лякай і В. Сьмірнова 28 сутак плылі на спадарожнай баржы з Кісангані ў Кіншасу (рэспубліка Конга-Заір). Падобнае падарожжа, але ў зваротным кірунку, выканаў у той самы час маскоўскі вандроўнік Зінчанка.

* Зафіксаваныя выпадкі і міжкантынэнтавага гідраспыну. Так, А. Вораў (ПЛАС) і ягоны спадарожнік М. Дуткевіч, завяршаючы сваю кругасьветную аўтаспынную экпэдыцыю “Автоколумб”, пераплылі на грузавым цеплаходзе Атлянтычны акіян, рухаючыся з Буэнас-Айрэсу (Аргентына) у Эўропу ў 1993 годзе. Плаваньне доўжылася каля двух тыдняў. У 2002 годзе на бананавозе з Эквадору ў Піцер прыплыў іншы аўтаспыньнік В. Шанін, таксама завяршаючы сваю кругасьветку. А вядомы падарожнік В. Несін, які ходзіць па сьвеце басанож, выкарыстаў “міжнародны гідраспын” нават некалькі разоў; напрыклад, яму ўдалося паплыць з Новай Зэляндыі ў ЗША.

 

На жаль, магчымасьці вольных міжнародных плаваньняў дрэнна вывучаныя. Ёсьць меркаваньне, што пашпарт марака мог бы дапамагчы ў гэтым. Таксама кажуць, што можна знайсьці спадарожныя яхты. У цэлым жа, выпадкі міжкантынэнтавага пераплываньня ў нашай практыцы вельмі рэдкія (лічаныя некалькі выпадкаў за апошяе дзесяцігодзьдзе) – не спадзявайцеся на яго. Бо за час стаянкі ды пагрузкі судна трэба пасьпець атрымаць згоду капітана судна, агента ў порце ды гаспадара-суднаўладальніка на іншым канцы сьвету; трэба й загадзя мець візу ў краіну прызначэньня. Рэдка калі пасьпееш атрымаць усё гэта ды ўгаварыць усіх. Прасьцей і хутчэй зарабіць грошай на авіяквіток і паляцець на звычайным рэйсавым самалёце, чым бадзякаваць у далёкіх портах у пошуках міжнародных, дрэнна падбіральных параплаваў.

 

Рэйсавая пасажырская сувязь

Ёсьць у Расеі й пасажырская водная сувязь па вялікіх рэках і азёрах. Гэтыя пасажырскія судны, у адрозьненьне ад грузавых, ходзяць рэгулярна, згодна з раскладам. Але з часоў СССР і да нашых дзён інтэнсіўнасьць руху воднага транспарту і колькасьць маршрутаў з году ў год раўнамерна зьніжаецца. Цяпер іх ужо амаль не засталося. Толькі вялікія сыбірскія рэкі (Об, Іртыш, Лена, Енісей, Ангара) захавалі пасажырскія судны, але і іх менее з кожным годам.

Вольны падарожнік, які хоча паплыць на гэтых нешматлікіх суднах, – можа набыць квіток і падтрымаць кволую рачную сувязь. Калі ж з грашыма у вас кепска, сьмела заходзьце на судна і дамаўляйцеся з капітанам, растлумачыўшы сваю вандроўніцкую сутнасьць. Можаце паказаць “Дарожную грамату”, калі яна ў вас ёсьць. Капітан, хутчэй за ўсё, не адмовіць.

Раней былі рэйсавыя акіянскія цеплаходы, якія перавозілі людзей, напрыклад, з Уладзівастоку ў Петрапаўлаўск-Камчацкі, але ўжо колькі гадоў як усе яны скасаваныя. Акіянскія пасажыры, нядоўга думаючы, перабраліся на грузавыя судны, запаўняючы там сваімі целамі ня толькі вольныя каюты й лязарэты, але й нават ужо амаль і прыбіральні. Бальшыня такіх пасажыраў дае нейкі хабар капітану, але вольны падарожнік можа, дамовіўшыся, праехаць і безь яго. Зрэшты, на судне зазвычай ёсьць харчаваньне, таму можна й заплаціць (гэта нядорага) або папрасіцца выканаць якія-небудзь работы.  

Пасажырскіх міжнародных цеплаходаў праз акіяны й моры сьвету НЯМАШАКА. У Амэрыку, Бразылію, Індыю або на Таіці паплыць на рэйсавым пасажырскім параплаве няможна. Засталіся толькі рэдкія круізныя ляйнэры для буржуяў (але праезд у іх каштуе даражэй за авіяквіток, а працэс упісваньня не вывучаўся).

 

Жыцьцезабесьпячэньне

Калі вы ў сваіх падарожжах перасоўваліся аўтаспынам, на электравікох, у таварнякох і г.д., згаладаліся, замерзьлі, забруднелі і вярнуліся дамоў тыдні праз два зь цьвёрдым рашэньнем: спаць, есьці, мыцца і ніколі больш не бамжаваць – гэта значыць, што вы займаліся не навуковымі падарожжамі, а бамжызмам.

Навуковае вандроўніцтва мае глябальнае адрозьненьне ад бамжызму.

Чалавек, які вандруе навукова, захоўвае свой арганізм у здаровым стане, нармалёва харчуецца, мыецца і сьпіць, калі захоча. Бамж не прытрымліваецца здаровага ладу жыцьця, харчуецца, чым давядзецца, мыецца ад выпадку да выпадку і сьпіць, пакуль не прагоняць.

Навуковы вандроўнік прыносіць людзям, што сустракаюць яго, радасьць, бамж – жаданьне пазбаваіцца ад яго. Навуковы вандроўнік прыходзіць да шчасьця, бамж – не дасягае посьпеху.

 

НАВУКОВЫ ВАНДРОЎНІК –  ГЭТА НЯ БАМЖ!

 

Жыцьцезабесьпячэньне – падтрыманьне цела ў прыдатным для далейшага жыцьця стане – ёсьць адной з асноўных задач вандроўніка. Можна нават пад час падарожжа прыстойна харчавацца (незалежна ад колькасьці грошай), нармалёва спаць, калі патрэбна, мыцца і ня толькі не губляць, але й павялічваць фізычныя сілы арганізму. Пра тое, як гэта робіцца, вы прачытаеце ніжай.

 

Рыштунак

Які рыштунак незаменны? Колькі ён важыць і колькі мейсца займае?

Незаменных рэчаў няма. Можна вырушыць, напрыклад, з Масквы ва Ўладзівасток бяз кайстры, без запалак, бяз грошай, без дакумэнтаў…Але ёсьць адзін аб’ект, які патрэбна мець заўжды. Гэты аб’ект важыць прыблізна 1500 грамаў, зьмяшчаецца ў чарапной каробцы чалавека і называецца ён – галаўны мозг.

Калі ў вас у галаве ўсё нармалёва, вы зможаце дасягнуць усякага гораду – пры ўсякіх варунках. Калі ж вы ня ўмееце думаць, дык нават вялікая колькасьць ежы, грошай, дакумэнтаў, адзежы, зубных шчотак ды іншых прадметаў не прывядуць вас да посьпеху.

 

Вядома, нават дасьведчаныя людзі бяруць з сабою ў дарогу нейкія рэчы – я б сказаў, для камфорту. Я ў далёкую дарогу бяру: кайстру, пашпарт (насіць яго лепей пры сабе і бліжэй да цела, а ня ў торбе і ня ў кайстры), спальнік, турыстычны дыванок (“пенку”), мэталёвы літровы кубак (конаўку), плястыкавую бутэльку пад ваду, лыжку, запасную адзежу, шкарпэткі, компас ды іншае… Няблага мець таксама намёт, ножык, старонкі, вырваныя з “атлясу аўтадарог”, фотаапарат, зубную шчотку, асадку і паперу, налобны ліхтарык, запалкі, кнігу “Практыка вольных падарожжаў”…Чым больш у вас будзе падобнага турыстычнага рыштунку, тым даўжэй вы зможаце захоўваць аўтаномнасьць у падарожжы – і тым хутчэй вам надакучыць цягаць з сабою гэты мяшок!

Таму бярэце з сабою ня больш, чым вы зможаце цягнуць усю дарогу. Зьбярэце кайстру загадзя, за некалькі дзён, і пацягайце яе яшчэ дома – праверце, мабыць, можна выкласьці штосьці? Памятайце, што з гэтымі рэчамі вам трэба будзе хадзіць і езьдзіць па гарадох і дарогах шмат дзён, тыдняў і нават месяцаў!

Рэчы, што прамакаюць, трэба старанна запакеціць. Вазьмеце некалькі запасных пакетаў.

Бярэце з сабою тое, што не шкада будзе згубіць у дарозе. Памятайце, што кайстра будзе падаць на зямлю з кодаба машыны, на яе будзеце сядаць вы і іншыя цяжкія людзі, на яго будзе крапаць дождж, яе будуць абліваць пырскі ад машын… Пяшчотным, крохкім рэчам у кайстры ня месца!

 

Харчаваньне ў дарозе

Важна штодзень мець гарачае харчаваньне, асабліва ў халодную пару году.

Ежа – гэта ўвогуле не праблема. У сьвеце вельмі шмат ежы. У залежнасьці ад вашага грашоўя, дзейнічайце трыма спосабамі.

Першы спосаб (калі грошай дастаткова) – ежце ў страўнях, іх цяпер зьявілася шмат і паўсюль.

Другі спосаб. Калі грошай мала, набывайце крупы і варэце іх па дарозе так, як напісана ніжэй. Невялікая колькасьць крупаў, напрыклад, грэчкі, груцы або рысу, заўсёды карысна вазіць з сабою ў плястыкавай “бутэльцы-тарпэдзе”. Не вазеце з сабою зашмат – калі ў вас ёсьць грошы, вы заўсёды зможаце купіць кіляграм найтаньнейшых круп у любым горадзе або мястэчку. Калі ў вас грошай няма, вы можаце папрасіць крупаў, пастукаўшыся ў абы-якую кватэру. Крупы будуць выдатнай асновай усякай ежы. Вы зможаце выкарыстоўваць і бульбу.

Абстругаўшы бульбу, памыўшы крупы, ідзеце са сваім рондалем у любы рэстаран, страўню, дыспэтчарскі, кватэру або іншае месца, дзе, на вашую думку, ёсьць ежанагравальная пліта, – папрасеце зварыць вам ежу. Вам звараць; пакуль ежа варыцца, раскажэце пра сваё падарожжа, і стаўленьне да вас яшчэ больш палепшыцца. Магчыма, калі ўжо вечарэе, вам прапануюць і пераначаваць.

Больш за тое, калі вы варыце кашу ў кватэры, разгаварыўшыся з гаспадарамі, вы можаце атрымаць і дадатковую ежу, (напрыклад, цукар, хлеб), каб ня есьці нішчымнай кашы. Каб паскорыць атрыманьне дадатковай ежы, самі прапануйце гаспадарам сваю кашу. Яны скажуць: “Не, дзякуй, мы ўжо паеўшы,” – і прапануюць вам, у сваю чаргу, яшчэ што-небудзь ядомае, ад чаго вы можаце не адмаўляцца.

 

* Аднаго лютаўскага вечара 1998 году мы з Русланам і вялікай конаўкай хадзілі па халодным, засьнежаным Ерэване і марылі пра начлег. Напоўнілі конаўку грэцкімі крупамі і прыйшлі ў абраную намі кватэру: “Зварэце, калі ласка, нашу кашу!” Пакуль каша варылася, нас пачалі частаваць іншай шматлікай ежай. Калі каша зварылася, мы ўжо зь вялікай цяжкасьцю змаглі яе зьесьці. Начлегу нам не прапанавалі, і мы пайшлі. Зазірнулі ў іншую кватэру з той самай конаўкай: “Ці можна кіпню?” Пакуль вада гатавалася, з намі зноў пасябравалі і паклікалі на вячэру. Ежа ўжо ня лезла, але нас умалёгалі… Мы выйшлі з кватэры, хістаючыся. Начлегу зноў не прапанавалі. “Трэцяй спробы я не перажыву,” – сказаў Руслан. “Я таксама,” – адказаў я, і мы пайшлі ў трэці дом і паставілі намёт на гарышчы, дзе й ляглі спаць. Апоўначы прыйшла міліцыя і нас павезьлі ў пастарунак, дзе мы й пераначавалі ў амаль цёплым пакоі, а ўранку пайшлі сваёй дарогай. Так зьдзейсьніліся ўсе нашы жаданьні.

 

Карысным можа выявіцца й звычайны кіпень. Цікава, што бульба (папярэдне нарэзаная тонкімі скібкамі), грэчка і некаторыя іншыя прадукты становяцца ядомымі пры дапамозе кіпню. Заліце тое, што хочаце зьесьці, кіпнем і трымайце 10 хв., загарнуўшы ў адзежу, газэту або іншы цеплаізалятар. Затым зьліце кіпень і наліце новы. Пасьля другой працэдуры ежа гатовая. Калі не гатовая – выкіньце яе: значыць, прадукт не гатуецца вышэйпададзеным спосабам.

Трэці спосаб. Калі грошай няма, не хвалюйцеся: хутка нехта пойдзе есьці і пакліча вас. Усе людзі на сьвеце нешта ядуць; вас падкіне кіровец або пакліча на госьці чалавек, які вам і прапануе харч. Нават і прасіць ня прыйдзецца, наадварот – прыйдзецца адрошчваць “гумовы страўнік” (таму што карміць будуць болей і часьцей, чым вы звычайна прывыклі) або ўмець адмаўляцца. Але тут і другі бок пытаньня: калі вы самі вернецеся дамоў і будзеце добра забясьпечаныя ежай, цяплом, Сецівам ды іншымі дабротамі – дзялецеся імі з тымі, хто іх сёньня ня мае. Чым больш вы самі накорміце розных людзей, тым менш у вас будзе сумневаў у тым, што і з вамі абыдуцца гэтаксама.

 

Лад жыцьця

Досыць часта я сустракаю падарожнікаў, якія вядуць лад жыцьця, адрозны ад здаровага. Траса, цыгарэта і падраныя апранахі ўсе разам сфармавалі нейкі стэрэатыпны вобраз.

Чалавек, які кінуў дом, цывільную працу, дарагую адзежу і г.д. і зрабіў сваім прынцыпам бяздомнасьць, гультайства, ірваную вопратку і г.д., – заміж адных упадабаньняў атрымаў іншыя і радуецца гэтаму.

Мудрэц жа радуецца адсутнасьцю ўпадабаньняў. Можна хадзіць у добрай адзежы або ў найгоршай, але ня варта наўмысна шукаць найлепшую або найгоршую. Гэтаксама можна харчавацца, напрыклад, бясплатнымі кавунамі або шашлыкамі (выпадкова знойдзенымі), але ня варта засяроджвацца на тым, каб есьці толькі кавуны або толькі шашлыкі або толькі бясплатна.

Вам будзе прасьцей, калі вы ня будзеце курыць і ня будзеце ўжываць алькаголю. Не прывыкайце да рэчаў, якія ў вас у кайстры: калі вы адчуеце, што не змаглі б працягваць падарожжа бязь нейкай рэчы – значыць, дарма вы яе пацягнулі з сабою. Калі вы згубілі рэчы або грошы – парадуйцеся за таго, хто іх знайшоў.

Калі вы трапілі ў складанае становішча і ня ведаеце, што рабіць, – не рабеце нічога. Пастаўце намёт, або знайдзеце начлег, або проста пачакайце хвілінку, гадзіну, дзень. Мы не на гонках.

Калі сканчаюцца грошы і ежа – зьнішчайце рэшткі, не пакідаючы аніякіх “непарушных” запасаў (“НЗ”), і працягвайце шлях паводле свайго меркаваньня – дамоў, напрыклад. Недаедкамі не харчуйцеся. Чалавек можна галадаць 40 дзён, але вам ня прыйдзецца гэтага рабіць. Сьвет добры й багаты, і памерці з голаду вам не дадуць.

 

? Колькі грошай браць па мінімуме з сабою?

Шмат хто, вандруючы аўтаспынам – як па СНД, так і па іншых краінах усяго свьету, траціць на ўсё пра ўсё столькі ж, колькі ён траціць і дома. Чалавек, які жыве сьціпла, траціць у дарозе мала; той, хто прывык да буржуйскага жыцьця – шмат. Калі ў вас няма грошай, можна паехаць у падарожжа ўвогуле бязь іх – сьвет багаты, і “мінімальна патрэбнай сумы” не існуе. Але таксама не існуе і максымальнай сумы грошай, якую чалавек здольны патраціць у дарозе. Вялікія грошы расслабляюць, і абодва вандроўнікі – і багаты, і бедны – вернуцца дамоў, напэўна, аднолькава шчасьлівымі, але з аднолькава пустым гаманцом.

Не эканомце. Калі грошы ёсьць – сьмела трацьце. Грошы эканоміць – што паветра эканоміць. Аніякіх “НЗ” вам не спатрэбіцца.

Ні пра што не хвалюйцеся. Калі вам падаецца, што адбываецца нейкая лухта – пачакайце, чым яна скончыцца. Памятайце, што любая пасьлядоўнасьць падзей заўсёды правільная. Калі вам здаецца, што нешта ня так – значыць, пасьлядоўнасьць падзей яшчэ ня скончылася.

Не стварайце сабе праблем папярэднімі роздумамі пра іх, ня думайце: што будзем есьці і дзе будзем спаць заўтра, пазаўтра і г.д. Бліжэй да справы і разьбяромся.

Калі вы прастудзіліся або прыхварэлі іншым чынам – пагаладайце пэўны час, ужываючы толькі гатаваную ваду. Няхай дарога вылекуе вас. Дарэчы, поўнае галаданьне на працягу 1-2-3-4 сутак аздараўляе арганізм і павялічвае ягоныя фізычныя сілы, у чым вы можаце пераканацца на ўласным досьведзе.

 

Час – грошы ўва ўсіх сэнсах. Калі ў вас мала грошай, але шмат часу, вы можаце езьдзіць аўтаспынам і зьдзяйсьняць неймаверныя падарожжы і атрымваць куды больш уражаньняў, чым турысты, што пралятаюць па-над кантынэнтамі на самалёце. Калі вы зусім ня маеце грошай, але вельмі шмат часу, вы можаце аб’ехаць ня толькі Расею, але і ўсенькі сьвет. Пры гэтым вы будзеце рэгулёва й сытна харчавацца, начаваць у цікавых мясьцінах, хадзіць у якой-хаця краіне без капейкі ў кішэні, а пры жаданьні знаходзіць грошы на візу і перабірацца ў іншую краіну. Чым больш вы маеце часу, тым менш вы можаце патраціць грошай, і наадварот: чым больш вы можаце патраціць грошай, тым хутчэй будзеце перасоўвацца. Бярэце па максымуме абодва рэсурсы (часавы й грашовы) і трацьце тое, што маеце ў дастатку.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.