|
|||
НАВУКОВЫ ВАНДРОЎНІК – ГЭТА НЯ БАМЖ! 1 страницаСтр 1 из 7Следующая ⇒
Антон Кротаў
ПРАКТЫКА ВОЛЬНЫХ ПАДАРОЖЖАЎ
пераклаў з расейскае мовы Ігар Кулікоў (gwlan)
выдавецтва “Гео-МТ”
МАСКВА 2009 ПЕРАДМОВА ДА 7-ГА ВЫДАНЬНЯ Кожнаму з нас калі-небудзь карцела зазірнуць за далягляд, каб пабачыць не па тэлевізары, а на ўласныя вочы іншыя гарады і далёкія краіны. Мае першыя вандроўкі былі на электравіку, калі мне было 15 гадоў. Як цікава было даяжджаць да канцавога прыпынку аднаго электравіка, а там перасядаць на другі, затым на трэці…і такім чынам дабірацца з Масквы да Піцеру, Кіева або Менску! Другім адкрыцьцём быў аўтаспын – выявілася, што машыны часам бяруць спадарожнікаў, прычым робяць гэта бескарысьліва. За некалькі гадоў я выезьдзіў большую частку былога Саюзу, ад Чорнага да Ахоцкага мораў, а пасьля гэтага – і далёкія цёплыя краіны. Вандруючы аўтаспынам па Індыі і Кітаі, па арабскім Усходзе і шмат якіх краінах Афрыкі, я шчэ болей пераканаўся ў багацьці і дабрыні навакольнага сьвету, пабачыў, што мэтады аўтаспыну, харчаваньня й начлегу, якімі карыстаюцца ў нашай краіне, прыдатныя амаль паўсюдна. Вы можаце паехаць у кожны горад Расеі і ў кожную іншую краіну, і нават калі ў вас няма тоўстага гаманца, але вы ўмееце любіць і разумець навакольны сьвет,– ён адкрыецца вам, машыны будуць спыняцца, мясцовыя жыхары стануць вам братамі й сёстрамі, а Зямля – вашым домам. Спробнае выданьне гэтае кнігі выйшла накладам усяго 100 асобнікаў; я прадаваў яго на Арбаце ў Маскве ўвесну 1995 году. Кніга стала ў прыгодзе. У наступныя гады (1995–2007) я выпусьціў яшчэ шэсьць выданьняў (тэкст паступова абнаўляўся). З дапамогаю гэтай кнігі (скарочана “ПВП”) дзясяткі тысячаў людзей адкрылі для сябе сьвет, а сама “ПВП” стала клясычнаю ды разышлася амаль у ста тысячах асобнікаў. Тым часам навакольны сьвет зьмяняецца. Зьявіўся Інтэрнэт і мабільныя тэлефоны; адбылася сапраўдная “інфармацыйная рэвалюцыя”; значна вырас кошт рабочага часу – мы жывём ужо не ў “галодныя гады”. Некаторыя мэтады падарожжаў і сувязі, актуальныя ў 1990-х, цяпер здаюцца вельмі нязручнымі або ўвогуле страцілі сваю карысьць і значэньне. Таму гэтае выданьне папраўленае адпаведна часу і краіне, у якой мы жывём цяпер. Але агульны зьмест і прызначэньне кнігі засталіся нязьменнымі. З гэтае кнігі вы даведаецеся, што ў чалавечым грамадзтве можна выжыць ня горш, чымся ў тайзе. Вы даведаецеся, як безь вялікага тоўстага гаманца дасягнуць усякага гораду Расеі і нават, маючы пільную патрэбу, перасячы ўсю краіну (без рубля ў кішэні!). Вы даведаецеся, як пераначаваць у якім-хаця горадзе або вёсцы, дзе ў вас няма знаёмых. Даведаецеся, як размаўляць з кантралёрамі і міліцыянтамі, зь мясцовымі жыхарамі і сваімі бацькамі, а таксама як ставіцца да людзей і сьвету, каб такія падарожжы прыносілі вам радасьць.
Усе мэтады, выкладзеныя тут, правераныя на практыцы. Больш за тое – яны народжаныя практыкай. Гэта абагульненьне досьведу шмат якіх вольных падарожнікаў, і я спадзяюся, што гэты досьвед прыдасца і вам. Я буду рады вашым водгукам і дапаўненьням да гэтае кнігі, якія можа дасылаць на e-mail: krotov_avp@mail.ru.
АЎТАСПЫН Аўтаспын – гэта бясплатнае перасоўваньне на спадарожных машынах. Ёсьць два памылковыя меркаваньні што да аўтаспыну. Адно зь іх кажа: “Цяперака проста так не бяруць “ (або: “Хто ж гэта цябе павязе за проста так?”). Другое меркаваньне палягае ў тым, што “спыніць патрэбную машыну – чыстая выпадковасьць”, “немагчыма ўгадаць наперад, калі ты дабярэсься” і г.д. На шчасьце, гэтыя меркаваньні ня слушныя. Іх лёгка зьняпраўдзіць досьведам шматлікіх аўтаспыньнікаў (у тым ліку і маім). Нас чамусьці бяруць (як у легкавікі, так і ў грузавікі), вязуць, не патрабуючы грошай за праезд, і, апроч таго, працэсам аўтаспыну можна кіраваць. Больш за тое, шмат якія заканамернасьці, што дзейнічаюць на дарогах Расеі, прыдатныя і ў краінах СНД, Эўразіі, Афрыкі, дый ува ўсім сьвеце. Калі чытач захоча, ён сам пераканаецца ў гэтым. Як і ўсякаю дзейнасьцю, аўтаспынам можна займацца як прафэсійна, так і стыхійна, пры пільнай патрэбе, ад выпадку да выпадку. “Стыхійны” аўтаспын, які ня мае пэўных мэтадаў ды правілаў, узьнік са зьяўленьнем аўтатранспарту яшчэ ў першыя дзесяцігодзьдзі ХХ стагодзьдзя. У нашыя дні вельмі многім прыходзілася дзе-кольвек спыняць машыны і ехаць у іх, часам і бясплатна, але далёка ня ўсе яны здагадваюцца, што веды пра аўтаспын можна зьвесьці ў пэўную сыстэму, якая б дазволіла зрабіць аўтаспын магутным унівэрсальным сродкам перасоўваньня. Чалавек, які засвоіў мэтады аўтаспыну, перасоўваецца аўтадарогамі Расеі ды ўсяго сьвету, адольваючы да 1000 кілямэтраў за суткі і нават болей, зь сярэдняю хуткасьцю (у Расеі, удзень, на магістральных дарогах) блізу 55 км/гад. Напрыклад, стартуючы з Масквы, за дзін дзень можна трапіць у Пецярбург, Кіеў, Менск або Харкаў; за суткі – у Петразаводзк, Самару, Берасьце або Растоў-на-Доне. Пры гэтым вам абсалютна не спатрэбяцца грошы на аплату праезду, і вы ня будзеце аніяк прывязаныя да раскладаў цягнікоў і электравікоў, рухаючыся часам хутчэй за іх. Апроч таго, вашая вандроўка стане пазнавальнейшай, вы пабачыце й дазнаецеся пра тое, пра што б аніколі не дазналіся, і – адчуеце сапраўдны водар дарогі.
Вучэньне аўтаспыну У Расеі існуе некалькі школаў (кірункаў) аўтаспыну. Найсаліднейшай зьяўляецца “Петербургская Лига Автостопа” (ПЛАС), заснаваная яшчэ ў 1978 годзе. Прэзыдэнт Лігі Аляксей Вораў праехаў аўтаспынам больш за 1.600.000 кілямэтраў, што зьяўляецца неперасягнутым рэкордам. Ужо шмат гадоў А. Вораў навучае людзей аўтаспыну – ня проста езьдзіць на спадарожных машынах, а езьдзіць на іх як мага хутчэй. Дзеля гэтага аўтаспыньнікі наведваюць лекцыі, удзельнічаюць у гонках (спаборніцтвах на хуткасьць), карыстаюцца адмысловым рыштункам… Кваліфікаваны гоншчык ПЛАС рэальна праяжджае (улетку, магістральнымі аўтадарогамі Расеі) 1100 – 1400 кілямэтраў за суткі, эфэктыўна рухаючыся як удзень, так і ўночы, па сваім жаданьні. Вонкава гоншчыкаў ПЛАС лёгка адрозьніць на трасе дзякуючы яркім жоўтым камбінэзонам.
Акрамя перасоўваньня на аўтамашынах (гэтак званага аўтаспыну 1-га роду) у ПЛАС распрацаваная ды выкарыстоўваецца тэхналёгія руху ў кабінах лякаматываў (аўтаспын 2-га роду), а таксама, у меншай меры, аўтаспын 3-га ды 4-га радоў – гідраспын і авіяспын. Аўтар гэтае кнігі ў свой час даведаўся шмат новага для сябе з гутарак з А. Воравым і ягонымі пасьлядоўнікамі. Найвялікшае дасягненьне Лігі – кругасьветнае экспэдыцыя “Автоколумб” (1992-1993). Ейныя ўдзельнікі зьдзейсьнілі падарожжа аўтаспынам наўкол усёй зямной кулі, не карыстаючыся ніякім рэйсавым транспартам, прайшоўшы трасамі 25 краін Эўразіі, Паўночнай ды Паўднёвай Амэрыкі. Улетку адзін зь сяброў Лігі, Філіп Ляонцьеў, зьдзейсьніў падарожжа з Санкт-Пецярбургу ў Дакар (Сэнэгал, Афрыка) і назад, прайшоўшы аўтаспынам 16.000 кілямэтраў тэрыторыямі 15 краін. На гэта яму спатрэбілася два месяцы і 197 транспартаў, улучаючы спадарожны самалёт (Нуакшот – Лісабон), гружаны морскаю рыбай. Другая школа – яна так і называецца “Школа Автостопа” – існуе ў Маскве з 1994 году. Стварыў яе маскоўскі аўтаспыньнік Валера Шанін, аўтар кнігі “Хитч-хайкинг: автостопом по США и Европе” (Масква, 1994), якая прадаецца і дагэтуль. На працягу 1990-х гадоў Валер са сваімі вучнямі са “Школы автостопа” аб’езьдзіў усю Эўропу – як зь візамі, так і бязь іх. Апошнімі дзесяцігодзьдзямі Валера і ягоныя пасьлядоўнікі захапіліся азіяцкімі ды іншымі краінамі. В. Шанін нават аб’ехаў вакол сьвету (ужываючы ня толькі аўтаспын, але і іншы транспарт) у 2000-02 гадох і выпусьціў некалькі даведнікаў – пра Эўропу, Турэччыну і Паўднёва-Ўсходнюю Азію. Вонкава Шаніна ды ягоных пасьлядоўнікаў можна пазнаць на расейскіх дарогах дзякуючы паднятаму адзінцу, якім яны зазвычай галасуюць. Ёсьць у аўтаспыне і шырокі гіпоўскі кірунак, бадай, найбольш старажытны й шматлікі. Сотні й тысячы валасатых людзей, рухаючыся трасамі, назьбіралі за дзесяцігодзьдзі калясальны й непаўторны досьвед аўтаспыну. Шкада толькі, што іхні досьвед аніяк не абагульнены, – таму тэхналёгія аўтаспыну, якая ўжываецца імі, не ўдасканальваецца. А абмен ведамі і назапашваньне досьведу граюць вялікую ролю паўсюль (у тым ліку і тут). Менавіта таму, як спроба сыстэматызацыі, як абагульненьне досьведу шмат якіх вольных падарожнікаў, і напісаны гэты разьдзел, дый уся кніга. У 1995 годзе ў Маскве зьявілася яшчэ адна школа – “Академия вольных путешествий” (АВП). Заснаваў яе аўтар гэтае кнігі. Мэта АВП – знаходзіць, зьбіраць ды шырыць інфармацыю пра вольныя падарожжы. “Навукоўцы” АВП зьбіраюць расклады прыгарадных цягнікоў, аўтобусаў, цеплаходаў, зьвесткі пра стан трасаў і выгодныя пазыцыі на іх, каардынаты месцаў, дзе можна пераначаваць. Адной з працаў АВП ёсьць кніга, якую вы трымаеце цяпер у руках. За апошнія 14 гадоў мы правялі 25 буйных экспэдыцый, а таксама мноства іншых вандровак і паходаў. Мудрацы АВП пабывалі ўва ўсіх рэгіёнах Расеі, СНД і ў сотні іншых краінаў сьвету. Мы ўпершыню ў гісторыі айчыннага аўтаспыну дасягнулі Ірану, Пакістану, Індыі, вандравалі аўтаспынам у шмат якіх краінах Афрыкі – ад Эгіпту і Судану да Намібіі і Анголы… Ахвотныя даведацца дэталёва пра нашыя прыгоды могуць прачытаць шматлікія кнігі А. Кротава (сьпіс літаратуры – гл. у канцы кнігі), наведаць сайт АВП (www.avp.travel.ru) або нашу чарговую лекцыю, тусоўку, зьлёт ці паход. Пэрыядычна адбываюцца сходы АВП, дзе мы апавядаем пра апошнія вандроўкі ды плянуем наступныя. Сходы вольныя для ўсіх ахвотных. Званеце праз тэл. у Маскве (+7-495) 457-89-49, (+7-903) 500-985-50, Антон. Існуюць і іншыя клюбы аўтаспыньнікаў у розных гарадох Расеі ды СНД, але іх пералік заняў бы некалькі старонак і адцягнуў бы нас ад галоўнае тэмы дадзенай кнігі.
Выбар маршруту Пры руху аўтаспынам трэба загадзя ўяўляць сабе маршрут – ня толькі празь якія гарады, але і якімі дарогамі ён пройдзе. Сярод шляхоў, якія злучаюць два гарады, найкарацейшы – не абавязкова найхутчэйшы! Колькасьць машын, іхняя хуткасьць, характар руху, якасьць пакрыцьця на розных дарогах моцна адрозьніваюцца. На адных дарогах аўтаспын зручны, на другіх непрадказальны, а трэція дарогі, паказаныя ў атлясе, ужо даўно зарасьлі пустазельлем, і рухацца імі можна хіба што пехатой. Цяпер дарогі Расеі пакрысе будуюцца ды рамантуюцца, і сярод асноўных магістральных (фэдэральных) дарог ужо няма непраезных. Таму ўсе трасы, якія злучаюць найбуйнейшыя гарады Расеі, пазначаныя літарай “М” (кшталту М-5 “Масква-Чэлябінск”, М-18 “Санкт-Пецярбург – Мурманск” і г.д.) – цалкам прыдатныя для аўтаспыну, там дастаткова шмат машын, як мясцовых, так і прахадных, як улетку, так і ўзімку, удзень і ўначы. А вось зь іншымі дарогамі “мясцовага значэньня” можа быць складаней. Хуткасьць і посьпех аўтаспыньніка залежыць ад напрамку ягонага руху. Найвялікшы паток машын, найлепшая якасьць пакрыцьця і найбольшыя посьпехі ў аўтаспыне назіраюцца на шашах, якія вядуць у Маскву (з Масквы): гэта прыцягненьне да Масквы адчуваецца нават на адлегласьці 2000 км. Няблага езьдзіць трасамі, якія вядуць у Піцер (зь Піцеру) або ў абы-які іншы мэгаполіс, скажам, у Чэлябінск: такія гарады “сьцягваюць да сябе” машыны з адлегласьці ў некалькі сотняў кілямэтраў. Звычайна абласныя (краявыя, рэспубліканскія…) цэнтры “цягнуць на сябе” машыны з вобласьці (краю, рэспублікі…). Райцэнтры прыцягваюць лякальныя машыны з раёну і, у сваю чаргу, спараджаюць машыны ў абласны цэнтар. На мяжы абласьцей машын меней, чым у цэнтры вобласьці. Траса, якая перасякае тры вобласьці, праходзіцца цяжэй, чым такая самая паводле якасьці ды адлегласьці, але ў межах аднае вобласьці. Мэгаполіс і ўсякі горад увогуле падобны да магніту, сьцягваючы машыны з усіх ваколіцаў. Чым большы магніт, чым далейшыя ад яго іншыя магніты, тым большы радыюс ягонага дзеяньня. Рух “сілавымі лініямі” прывядзе да посьпеху, рух упоперак сілавых ліній – значна цяжэйшы. Паміж двух магнітаў (на мяжы абласьцей) сілавое поле адсутнічае, машын меней за ўсё, аўтаспыньнік найдаўжэй “завісае”, затое калі нарэшце едзе, дык часьцяком далёка. Кожнаму чалавеку карысна мець пры сабе атляс аўтадарог. Гэтыя атлясы ахапляюць усю тэрыторыю былога СССР. За апошні час іх зьявілася мноства відаў, і найтыповейшыя памылкі, якія сустракаліся да 2000 году, – цяперака прыбраныя. Аднак варта памятаць, што ніводны атляс не застрахаваны ад памылак. Можа здарыцца, што пабудавана новая дарога, не паказаная ў атлясе, і яна адцягвае машыны са старой, якой езьдзілі раней. Бывае й наадварот: у атлясе паказаныя дарога ці мост, якіх насамрэч няма. Таму пытайцеся ў кіроўцаў і іншых аўтаспыньнікаў пра свой намечаны маршрут – яны могуць падказаць вам важныя дарожныя асаблівасьці. У раёнах Крайняй Поўначы некаторыя дарогі, пазначаныя на мапе, зьяўляюцца зімнікамі і працуюць толькі са студзеня па сакавік, а ў астатні час непраходныя для аўтатранспарту. Выбіраючы маршрут у іншых краінах, памятайце, што пераяжджаць з аднае дзяржавы ў іншую можна толькі праз афіцыйна прызнаныя міжнародныя пагранпераходы. Гэта датычыць і краінаў СНД. Нярэдка бывае, што здавалася б ажыўленая дарога зь вялікім патокам машын, якая вядзе, скажам, з Казахстану ў Кіргізію, праходзіць не праз міжнародны, а праз мясцовы пагранпераход, дзе пускаюць толькі грамадзянаў дзьвюх сумежных краін, а вось расейскага вандроўніка тут высадзяць з машыны і запатрабуюць аб’яжджаць іншай дарогай. Або, напрыклад, пераход з Расеі ў Манголію каля мястэчка Монды прапускае толькі грамадзянаў Расеі ды Манголіі, а вось беларусаў ці ўкраінцаў там завярнуць – каб трапіць на возера Хубсу-Гул, будзьце ласкавыя зрабіць 2000-кілямэтровы крук! Некаторыя азіяцкія ды афрыканскія краіны, якія мяжуюць адна з адной, увогуле ня маюць пагранпераходаў, бо іхнія кіраўнікі пасварыліся. Пра ўсе такія асаблівасьці дазнавайцеся загадзя, калі вы плянуеце міжнароднае падарожжа. Прачытайце мае кнігі-даведнікі “Вольная Азия”, “Вольная Африка, Ближнее Зарубежье”.
Пазыцыя на трасе Панятак пазыцыі – адзін з асноўных у аўтаспыне. Ваш посьпех у значнай меры залежыць ад таго, як вы ўмееце знаходзіць пазыцыі – зручныя месцы галасаваць. На добрай пазыцыі кіроўцу лёгка і зручна спыніцца, і вы хутка паедзеце; у той час як на дрэннай пазыцыі можна прастаяць некалькі гадзін, прапусьціць сотню машын і не спыніць аніводнай. Добрыя пазыцыі сустракаюцца на трасе нячаста, дзеля іх варта часам прайсьці нават некалькі кілямэтраў пешкі, затое потым адтуль хутка паехаць. Дзеля іх часам варта выгрузіцца з машыны на 10-20 км раней, чым пункт прызначэньня машыны, затое потым хутка злавіць новую машыну на 100-200 км далей. Найгоршыя мейсцы галасаваць: на мосьце, у тунэлі, на эстакадзе, у зоне дзеяньня знака “спыненьне забаронена”, на стромкім падойме або спуску, а таксама ў межах населенага пункту. Галасуючы ў гэтых месцах, вы рэзка зьніжаеце адсотак машын, якія вам спыняцца. На аўтобусным прыпынку галасаваць таксама не рэкамэндуецца – вас могуць прыняць за пасажыра, які чакае аўтобус. Там, дзе машыны ідуць вельмі шчыльна, а дарога вузкая, галасаваць таксама нязручна: можна спрычыніцца да аварыйнай сытуацыі. Тут ужо, наадварот, прыходзіцца шукаць месца, дзе дарога трохі пашыраецца, хаця б нават і аўтобусны прыпынак. Цяпер знайдзем добрыя пазыцыі. На трасе можна адшукаць асаблівасьці – пункты, перад якімі кіроўцы становяцца ўважлівейшымі і зьніжаюць хуткасьць. Гэта: 1) пасты ДАІ, межы ды мытні; 2) скрыжаваньні, разгалінаваньні дарогі; 3) чыгуначныя пераезды; 4) вялікія дэфэкты пакрыцьця (скажам, на асфальце палоса друзу); 5) сьветлафоры і г.д. Наяўнасьць такіх асаблівых пунктаў вельмі важкая. Пазыцыі перад імі зьяўляюцца няўдачынмі: кіроўцава ўвага скіраваная на непрыемнасьць, што чакае яго наперадзе, а не на аўтаспыньніка, таму, напрыклад, перад постам ДАІ ці мытняй ня спыніцца амаль ніхто. Або, каді дарога наперадзе разгаліноўваецца на дзьве, перад ростаньню таксама практычна ніхто ня спыніцца (бо незразумела, у які бок вы едзеце). Наадварот, пасьля такіх пунктаў імавернасьць спыніць машыну рэзка павялічваецца. Таму трэба абіраць сабе месца за 20-30 мэтраў ад “асаблівасьці” дарогі (за постам, за чыгуначным пераездам, за ростаньню, за палосай друзу) і далей ужо ня йсьці, а чакаць посьпеху ў аўтаспыне. Калі асаблівасьцяў шмат, лепей стаць за апошняю зь іх. Калі траса пагорыстая, што бывае часта, – трэба выбраць вяршыню аднаго з пагоркаў і стаць там. Тады вы будзеце відаць здалёк, а хуткасьць машын будзе найменшаю. А вось стаяць паміж пагоркамі, у яме або на падойме – ня варта. Таксама добра галасаваць на выгінах трасы, дзе кіровец прытарможвае, асабліва – на плаўнай левай паваротцы (калі спыньнік відаць здалёку, у той час як на правай павротцы ён зьяўляецца раптоўна, быццам з-за рога). Але ўзімку, пры аблівасе, спыніць на павароце нельга, каб унікнуць аварыі. (У краінах зь левабаковым рухам карысныя ўласьцівасьці мае, зразумела, правы паварот. Дарэчы, галасуем там левай рукой!)
Калі я спрабую кагосьці заспыніць, машын мала, вонкава ўсё нармалёва, але ніхто не рэагуе і не спыняецца – значыць, пазыцыя абраная няўдала. Карысна расслабіцца, прайсьціся 1-2-3 кілямэтры пешкі – магчыма, наперадзе ростань або пост. На добрай пазыцыі: 1) ты добра відаць здалёку; 2) кіроўца ніхто не адцягвае і не адпужвае (напрыклад, даішнікі, прадаўцы, іншыя аўтаспыньнікі); 3) машына, якая спыніцца, ня мусіць ствараць перашкодаў для руху іншых машын. Уначы, калі вы ня маеце ліхтарыка, важна, каб пазыцыя была асьветленая. У цёмнай адзежы на неасьветленай трасе чалавек, нават калі ня будзе зьбіты машынаю, не дасягне посьпеху ў аўтаспыне.
Тэхніка галасаваньня Галасаваньне – гэта абмен жэстамі паміж аўтаспыньнікам і кіроўцам. Спачатку трэба выдзеліць (хаця б для сябе) з патоку машын менавіта тую, да кіроўца якой вы будзеце зьвяртацца. Глядзець трэба кіроўцу ў вочы (а не на свае чаравікі або ў насоўку). Як менавіта падымаць руку – існуе некалькі варыянтаў. 1) Рука выцягнутая паралельна дарозе, кулак з адтапыраным адзінцам – жэст ужываецца ў Эўропе і рупліва ўводзіцца ва ўжытак у Расеі Валерам Шаніным; 2) рука сагнутая ў локце, пальцы скіраваныя вэртыкальна ўгору – гэты жэст, відаць, выклікае асацыяцыю з жэстам вітаньня ў далёкабойнікаў; 3) рука проста працягваецца паралельна дарозе, як шлягбаўм. Але сутнасьць ня ў гэтым. Жэст абавязкова павінны быць энэргійным і скіраваным менавіта на гэтага кіроўца. Жэст мусіць спыняць, а не нагадваць працягнутую руку жабрака (“Пада-а-айце мне, небараку, машыну!”)
Галасуйце, як вам даспадобы. Але ня стойце “напаўпаварота”, павярнуўшыся да кіроўца бокам ці сьпінаю. Таксама нельга галасаваць з думкаю: “Ну, гэты дакладна ня спыніцца, але дзеля ўсяго дзеля падыму руку…” Не расьсейвайце ўвагі, а наадварот – падымайце руку з упэўненасьцю ў посьпех. Калі няма ўпэўненасьці ў посьпеху – лепей прапусьціць машыну-другую, зьесьці цукерку. Ня трэба стаяць нерухома з працягнутаю рукою, як слуп, ніяк не вылучаючыся на агульным тле мясцовасьці (дый стомісься трымаць руку). Калі кіровец ня хоча спыняцца, ён, як правіла, спрабуе “апраўдацца” перад вамі. Напрыклад, ён можа правесьці рукою па горле (перагружаны, месца няма), паказаць пальцам управа ці ўлева (маўляў, неўзабаве паварочваю) і іншымі жэстамі патлумачыць, што ён бо вельмі рады вас узяць, але, сам разумееш, ніяк ня можа. Адсутнасьць рэакцыі з боку кіроўца кажа пра тое, што аўтаспыньнкі робіць нешта няправільна. Аўтаспыньнкі можа паспрабаваць пераканаць кіроўца: калі месцаў няма, зрабіць жэст ушчыльненьня; калі кіровец “паварочвае”, можна таксама паказаць у той самы бок і кіўнуць (няхай давязе хаця б да павароткі, калі тут кепская пазыцыя); або наадварот паказаць пальцам, што едзе далёка. Калі відаць нумар машыны і ён належыць да пункту прызначэньня, можна паказаць пальцам на нумар; калі відаць, што кодаб пусты, паказаць на кодаб…і ўвогуле паводзіцца актыўна ў тыя 5-7 сэкундаў, пакуль ідзе “размова” з кіроўцам. Калі машына ўсё-ткі не спынілася, ня трэба засмучацца, а заставацца на месцы й выглядаць наступную машыну. Спачатку вам можа спыніцца толькі 30-я ці 50-я машына – але гэта ня значыць, што “машыны не спыняюцца”, а толькі тое, што вы яшчэ не натрэнаваліся іх спыняць. Галасаваць на хаду пры наяўнасьці машын ня варта, бо ісьці прыходзіцца тварам наперад, машыны зьяўляюцца ззаду, а галасаваць сьпінай нязручна. Увесь час прыходзіцца круціцца. Ісьці – дык ісьці, стаяць – дык стаяць (галасаваць), а адначасна гэта некарысна. Звычайна да пункту прызначэньня дайсьці пешкі будзе цяжка, і адчувальнага скарачэньня адлегласьці ўсё адно ня будзе. Калі машын вельмі шмат (скажам, 3-4 на хвіліну), хутка выбраўшы больш-менш прыстойнае месца, не адцягваючыся, пачынайце галасаваць. Калі машын меней (скажам, 1 на 5 хвілін), абярэце пазыцыю грунтоўней і “пускайце карэньне” на ёй. Але, вядома, калі транспарту зусім мала (скажам, 1 на гадзіну), а далей на трасе чакаецца паваротка або населены пункт, якія могуць выпусьціць дадтковыя машыны, – толькі ў гэтым выпадку ідзеце наперад, прыслухоўваючыся, ці не імчыць ззаду машына. Таблічкі. У Эўропе некаторыя галасуюць, выкарыстоўваючы таблічку з указаньнем пункту прызначэньня. У Расеі так лепей не рабіць. Памятайце, што: 1) таблічка не заменіць добрай пазыцыі – на вялікай хуткасьці яе проста не пасьпеюць прачытаць; 2) размахваючы таблічкаю з надпісам “Іркуцк” або іншым аддаленым пунктам вы адпужваеце бліжэйшыя машыны, хаця яны якраз могуць выявіцца досыць шпаркімі і карыснымі для вас. Мудрацы аўтаспыну амаль ніколі не карыстаюцца таблічкамі.
? Колькі зазвычай прыходзіцца чакаць машыну? Унівэрсальнага адказу не існуе. Час чаканьня залежыць ад вашага досьведу і рыштунку, ад якасьці пазыцыі, ад інтэнсіўнасьці патоку машын, ад часу сутак і паравіны году, ад рэгіёну і краіны, ад таго, галасуеце вы адзін або ў пары, ад таго, колькі іншых аўтаспыньнікаў едзе ў гэты час гэтай самай трасай, а таксама ад выпадковых чыньнікаў. Бывае, што і спрактыкаваныя аўтаспыньнікі стаяць удзень 2-3 гадзіны на добрай пазыцыі; бывае, што й навак хутка едзе з дрэннай пазыцыі. Арыентуйцеся не на час чаканьня, а на сярэднюю хуткасьць. Яна дастаткова стабільная і складае 500-600 кілямэтраў на кожныя поўныя дзесяць гадзін, праведзеных удзень на магістральнай асфальтаванай дарозе ў Расеі.
Паводзіны ў машыне Спыніць машыну – гэта палова справы; трэба яшчэ ў ёй паехаць, дый кіровец каб застаўся задаволены. Вось жа, падбягаем да дзьверцаў і пачынаем размову з кіроўцам. Многіх аўтаспыньнікаў-пачаткоўцаў цікавіць: а што ўласна кажучы гаварыць? Вось адзін з варыянтаў пытаньня: – Дабрыдзень, можна з вамі трохі праехаць па трасе? Звычайна ідзе адказ “сядай” або “а табе куды?” Я, як правіла, называю свой канцавы пункт: “Я ўвогуле ў Маскву, але пакуль што з вамі па дарозе”. Далёкі пункт прызначэньня адразу выклікае ў кіроўца цікавасьць і можа стаць тэмаю для наступнай размовы. Можна казаць і так: “Можна з вамі трохі праехаць у бок Масквы?” – “Масквы?” – зьдзіўляецца кіровец, – я толькі да Туймазы”. Мы дамаўляемся, і пачынаецца размова: “У Маскву-у-у?!” і г.д. Калі я ведаю, што перад горадам Н. найбліжэйшая добрая пазыцыя, я магу спытацца гэтак: -- Дабрыдзень, можна з вамі да Н.? У межах гораду або на Каўказе, у Сярэдняй Азіі або ў шмат якіх далёкіх краінах, дый паўсюль, дзе вас непакоіць, ці ня выявіцца кіровец таксістам, скажэце, напрыклад: – Дабрыдзень! Падвязеце трохі па трасе. Толькі я бяз грошай! Або, спярша даведаўшыся ў кіроўца, куды ён едзе: -- Можна з вамі? Толькі бяз грошай! На што кіровец скажа: “Ды якія грошы, дарагі, едзьма!” – і вы дасягнеце посьпеху. Можна спытацца й так: -- Дабрыдзень! Вы проста едзеце? Можна з вамі аўтаспынам? – або: -- Дабрыдзень! Вазьмеце аўтаспыньніка ў бок Н.! -- А што такое “аўтаспыньнік”? – спытае кіровец. Вы раскажаце яму пра гэта і дасягнеце посьпеху. …Шмат каго цікавіць пытаньне: пра што ячшэ размаўляць з кіроўцам? Тут варта ўнікаць крайнасьцяў. Адны аўтаспыньнікі без упынку балбочуць, расказваюць гісторыі і хохмы; іншыя, наадварот, сугнеі. Аднак наймудрэйшы той, хто прымушае разгаварыцца самаго кіроўца. Сам мудрэц пры гэтым спакойна ўспрымае інфармацыю, задае пытаньні, але збольшага размаўляе кіровец, радуючыся, што знайшоў у ягонай асобе такога цікавага суразмоўцу. Тэмы для размовы могуць быць разнастайныя. Дазнайцеся ў кіроўца, куды ён едзе, і распытайце пра гэты горад. Што ў гэтым горадзе цікавага? Ці стары ён? Як жывуць людзі? Якія там цэны? Колькі часу туды ехаць? Калі кіровец – далёкабойнік, спытайцеся ў яго, ці даводзілася яму быць у мясьцінах, якія вас цікавяць. Ці даўно працуе далёкабойнікам? А раней кім працаваў? Дайце кіроўцу магчымасьць маляўніча апісаць, як разьвівалася тая галіна народнай гаспадаркі, у якой ён працаваў, перш чым стаць далёкабойнікам. Калі кіровец пераганяе машыны з Захаду, спытайце яго, як жывуць на Захадзе. Нагадайце яму, што ў нас лепей. Калі машына – дыхтоўная іншамарка, распытайце пра ейныя якасьці. Спытайце, ці часта чапляюцца даішнікі. Кіроўцы зьяўляюцца крыніцай вельмі карыснай інфармацыі пра дарогі, транзыт праз гарады, пра асаблівасьці трасы, а часам – і пра мясцовыя славутасьці. Не губляйце магчымасьці атрымаць ад кіроўца гэту інфармацыю. Вы дазнаецеся куды болей, чым калі будзеце навязваць уісм сваю гісторыю. Ну, а калі кіровец зацікавіцца і вамі, тады вы будзеце задаволеныя гутаркай удвая. Уначы аўтаспыньнікаў бяруць менавіта для таго, каб адагнаць сон цікавай гамонкай. Поначы спаць у машыне, якая едзе, ня варта! Пачаткоўцаў турбуе пытаньне аплаты праезду. Аднак лёгка пераканацца, што бальшыня кіроўцаў на ўсіх трасах Расеі і ў шмат якіх краінах былога СССР не патрабуе (і не чакае) аніякай платы! Нават на выезьдзе зь вялікага гораду (Масква, Піцер) просяць грошы толькі 20% кіроўцаў або нават меней. Прычым “таксіст” адразу спытаецца: “А колькі дасі?” Калі пры пасадцы ў машыну кіровец не паведаміў пра аплату, дык гэтае пытаньне й далей ня ўзьнікне. (А вось у межах гораду аплата праезду можа меркавацца, таму там трэба адразу папярэджваць!) Калі вы ў машыне, размаўляючы, наладзілі добры кантакт з кіроўцам, дык пра аплату ніхто й не ўзгадае. Больш за тое, некаторыя кіроўцы стараюцца накарміць аўтаспыньніка і нават даць яму грошай на харч або на дарогу. Зь іншага боку, аўтаспыньнік сам абавязаны праявіць клопат пра кіроўца. Калі ў вас ёсьць харчы, пітная вада або гумка – абавязкова трэба прапанаваць. Хаця кіровец, як правіла, адмаўляецца, трэба выкарыстаць шанец падзякаваць яму. Падарэце яму кнігу “Практыка вольных падарожжаў”.
Але калі вы пасябравалі з кіроўцам, ён правёз вас, і, ужо выходзячы з машыны, вы пачулі нечаканы вокліч: – А на бэнзын??? …Ці здараецца такое? У Расеі – надзвычай рэдка. У мяне было ўсяго некалькі такіх выпадкаў. Як што гэта – сьведчаньне непрафэсійнасьці аўтаспыньніка (ня змог або паленаваўся растлумачыць сваю сутнасьць), то, калі я маю грошы, я магу трохі ахвяраваць кіроўцу (паводле аўтобуснай цаны, напрыклад, рубель за кілямэтар). Некаторыя людзі прапануюць у падобных выпадках хлусіць, што грошай увогуле нямашака. Але калі вы не папярэдзілі кіроўца загадзя і грошы ў вас ёсьцека, эканоміць іх глупа. Грошы эканоміць – што паветра эканоміць. Ну, а калі грошай у вас сапраўды няма, так і скажэце. Калі маеце нейкія сумневы – папярэджвайце кіроўца!!! Увогуле, калі кіровец, які падвёз вас, пытаецца: “А грошы?” – гэта ня значыць, што кіровец благі, а значыць, што аўтаспыньнік – дурань. У далёкіх краінах Азіі ды Афрыкі кіроўцаў заўсёды трэба папярэджваць пры пасадцы, загадзя вывучыўшы на мясцовай мове фразу “Грошай няма!” або “Можна – бясплатна – проста!”, бо ў многіх месцах аплата праезду мяркуецца й чакаецца, а машыны ці грузавікі ўяўляюць сабой адзіны грамадзкі транспарт. Пад час падарожжаў вы навучыцеся вызначаць, якія чаканьні ў кіроўца ўжо зь ягонага выгляду й выгляду ягонай машыны. Калі машына шыкоўная, дарагая, кіровец цікавіцца аўтаспынам, гутарыць і падкормлівае вас; або гэта вялізны грузавік, які вязе каштоўны аднародны груз, і кіровец, узяўшы вас, не спыняецца іншым галасоўцам – зразумелая рэч, кіровец вязе вас не за грошы, а “за цікавасьць”. Калі ж машына старая і пашарпаная, а кіровец маўчыць і харчуецца асобна ад вас, спыняецца ўсім галасоўцам, падвозіць іх і атрымвае зь іх грошы або гэта аблезлы грузавік ці аўтобус, які вязе процьму людзей і разнародны дробны груз, а вы забылі папярэдзіць пра сваё безграшоўе – хутчэй зрабеце гэта, пакуль не надышоў час расплаты!
Усё сказанае вышэй пра паводзіны ў машыне карыснае ў тым выпадку, калі вы сам аўтаспыньнік. Калі вы, чытачу, зьяўляецеся не аўтаспыньнікам, а кіроўцам, прымеце наступныя парады: 1. Самотнікі й пары, маладыя й ня вельмі, у яркіх камбінэзонах і бязь іх, што часам стаяць з кайстрамі на ўзбочынах дарог, – гэта аўтаспыньнікі. Як правіла, яны цалкам бяскрыўдныя й бясьпечныя. Калі ў вас ёсьць месца ў машыне – падвязеце іх. Грошай на “бэнзын” яны не заплацяць, затое вы зможаце прабавіць час за цікавай гутаркай, даведацца нешта новае пра трасы, гарады й рэгіёны. Некаторыя спыньнікі маюць пры сабе музыку на кружэлках, касэтах альбо флэшках. Аўтаспыньнікі дапамогуць вам не заснуць уначы і тым самым унікнуць аварый. 2. Некаторыя аўтаспыньнікі, хоць і зьяўляюцца крыніцай вельмі каштоўнай інфармацыі пра дарогі, транзыт праз гарады, асаблівасьці трасы, памылкі ў вашым атлясе аўтадарог, а часам – і пра мясцовыя славутасьці, спачатку саромеюцца расказваць. Разгаварэце іх на гэтую тэму; даведайцеся, ці доўга яны стаялі на трасе перад тым, як іх падабралі вы; спытайцеся, як ставяцца да іхных падарожжаў бацькі, сябры, міліцыянты.
|
|||
|