Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





НАВУКОВЫ ВАНДРОЎНІК –  ГЭТА НЯ БАМЖ! 2 страница



3. Многія аўтаспыньнікі, як ні дзіўна, рэдка сустракаюць да сябе падобных. Некаторыя ня ведаюць пра клюбы аўтаспыну, пра існаваньне розных тэхналёгіяў язды ў лякаматывах, цеплаходах і г.д. Раскажэце ім пра тое, што ведаеце самі. Падарэце аўтаспыньніку кнігу “Практыка вольных падарожжаў”.

 

Хваля. Аўтаспын уначы

На працягу сутак колькасьць машын на трасе моцна зьмяняецца. Найбольшая колькасьць машын выяжджае з буйных гарадоў паміж 7.00 і 9.30 раніцы. Гэта зьява называецца “хваля”. У будныя дні хвалю заўважыць лягчэй. Бывае невялікая вечаровая хваля – на выезьдзе з буйнога гораду паміж 18.00 і 19.30.

Хваля рухаецца трасай з хуткасьцю блізу 60 км/гад, паступова “размазваючыся” і слабнучы. Рух “на хвалі” зручны: шмат машын і ты нідзе доўга не стаіш. Аптымальны час старту зь вялікага гораду – у раёне сямі гадзін раніцы.

Бліжэй да вечара аўтаспын пагаршаецца. Паміж 1.00 і 5.00 машын вельмі мала, таму пайсьці спаць – не найгоршая ідэя.

У ваколіцах вялікіх гарадоў (напрыклад, пад Масквою) пэўны ночны рух ёсьць заўжды. У той самы час на дробных, глухіх дарогах уначы машын амаль няма. Старайцеся праехаць глухія ўчасткі вашага маршруту раніцой альбо ўдзень.

Рух аўтаспынам ў ночны час мае свае нюансы.

Па-першае, звычайна паток машын уночы зьніжаецца, кіроўцы кладуцца спаць, тым самым намякаючы, што пара спаць і вам. На дробных палявых дарогах рух можа ўвогуле спыніцца.

Па-другое, аўтаспыньнік, які ўсё жыцьцё езьдзіў толькі ўдзень, будзе зьдзіўлены тым, что ўначы ў цёмным месцы машыны “не спыняюцца”. Усё проста – кіроўцы не пасьпяваюць зрэагаваць на чалавека на ночнай дарозе. Кідацца пад колы ночных машын, думаючы, што так вы “будзеце лепей відаць,” – шкодна й небясьпечна!

Улетку на поўдні (напрыклад, у Сярэдняй Азіі, Індыі ды іншых цёплых краінах) немалы паток далёкабояў выпаўзае на дарогу менавіта поначы. Часам на зімовых засьнежаных дарогах крайняй Поўначы кіроўцы таксама аддаюць перавагу доўгай начы, а не кароткаму дню, каб белы сьнег не сьляпіў вачэй. Дазнавайцеся пра гэтыя асаблівасьці загадзя, каб не праспаць сваіх машын.

Прафэсіяналы добра езьдзяць уначы, ужываючы яркія, сьвятлоадбівальныя камбінэзоны, катафоты, налобныя ліхтарыкі… Чалавек у яркім камбінэзоне, мігаючы ліхтарыкам, прыцягвае кіроўцаву ўвагу на адлегласьці ў некалькі сотняў мэтраў – нават на неасьветленай пазыцыі. Чалавек у камбінэзоне на ночнай дарозе выклікае процьму асацыяцый (“Грынпіс? Парашуцісты? Мянты? Касманаўты?”), што вельмі спрыяе аўтаспыну. Калі вас двое і вы ў аднолькавай форме – тым лепей.

Незважаючы на эфэктыўнасьць язды ў камбінэзонах, бальшыня простых людзей як удзень, так і ўночы езьдзіць бязь іх. У такім выпадку для ночнага руху пажадана быць апранутым як найсьвятлей, начапіць на сябе флікеры, мець ліхтарык ці хаця б катафот, быць асьцярожным і галасаваць, па магчымасьці, толькі на асьветленых пазыцыях. Лепей выйсьці з машыны на 40 км раней і стаць пад ліхтарамі, чым прастаяць усю ноч у якой-небудзь цёмнай вёсцы.

Уначы кіроўцы бяруць вас у разьліку на тое, што вы размовамі прагоніце іхны сон. Уначы драмаць у машыне небясьпечна і шкодна – кіровец таксама можа заснуць, і вы трапіце ў аварыю! Ня сьпеце ў машынах! Вазьмеце гумку, арэшкі, цукеркі, што-кольвек ядомае, пачастуйце й кіроўца – прагоніце сон. Прачынеце фортку, каб сон выветрываўся з кабіны. Сьцягнеце лішнія курткі-швэдары – цёплая вопратка хутчэй усыпляе. Праганяйце сон!

Калі вас двое, дык можна ехаць кругласутачна, а спаць па чарзе. Дамоўцеся міжсобку, хто будзе “вядоўцам”, сядзе бліжэй да кіроўца й будзе падтрымваць размову. Другі, “ведзены”, можа ў гэты час драмаць. У наступнай машыне памяняецеся.

Калі кіровец ужо водзіць дзяды і вы таксама губляеце кантроль над сытуацыяй – умалёгайце кіроўца спыніцца ды адпачыць. Лепей даехаць на дзьве гадзіны пазьней, чым увогуле не даехаць і застацца ў кювэце.

 

Аўтаспын узімку

У нашай паўночнай краіне езьдзіць аўтаспынам узімку значна цяжэй, чым улетку. Дзьве гадзіны на трасе пры – 20°С і невялікім ветры замарозяць усякага чалавека, калі ён ня мае цёплага зімовага рыштунку. Пры – 30°С доўгае чаканьне машыны на трасе можа спрычыніць сьмерць. Пры адсутнасьці цёплага рыштунку выходзіць на трасу ўзімку забараняецца!!!

Акрамя таго ўзімку праз заносы сьнегу праезная частка звужаецца, і на бальшыні дарог дзьве машыны ледзь могуць разьехацца. Тармазны ж шлях павялічваецца (асабліва пры галалёдзе). Галасуючы, ня стойце на праезнай частцы – іначай вы ня толькі рызыкуеце трапіць пад машыну, але й можаце стварыць аварыйную сытуацыю, калі вас будуць спрабаваць аб’ехаць. Ня варта стопіць машыну, сьледам за якой едзе другая.

Некаторыя пазыцыі галасаваць, якія могуць быць удалымі ўлетку, небясьпечныя ўзімку – кіровец або ня можа затармазіць, або баіцца потым не стартаваць. Старайцеся, каб кіровец меў вялікую прастору тармазіць.

Узімку сьветлы час сутак кароткі, а хуткасьці машын (і аўтаспыньнікаў) заўважна зьніжаныя. Таму, калі вы (выяжджаючы з Масквы) улетку лёгка дасягаеце Піцеру, Менску, Варонежу, Пензы за сьветлавы дзень, узімку прыйдзецца стартаваць яшчэ зацемна і прыяжджаць ужо зацемна. Вось жа, выходзячы ў далёкую дарогу, падрыхтуйцеся да ночнага спыну, вазьмеце ліхтарык, катафоты і г.д., калі яны ў вас ёсьць. Стартуйце з гораду як найраней. Памятайце, што на марозе вельмі хутка сядаюць батарэйкі – як у ліхтарыка, так і ў іншых прыладаў.

Апранайцеся досыць цёпла! Але нават апрануўшы на сябе ўсё, рабеце фізычныя практыкаваньні, пакуль холад не пранік у вас. Не бярэце з сабою й не ўжывайце алькаголю. Стоячы на зімовай дарозе, падкладзеце пад ногі галінкі дрэў – ногі часта праяўляюць шкодную ўласьцівасьць замярзаць першымі. Узімку на поўначы бяз ночнага рыштунку ўвогуле ня даць рады – там бывае палярная ноч, калі сонца на працягу сутак ніяк не паказваецца над зямлёю, а калі й паказваецца, дык не на доўга. Бываюць і сьнежныя намеці, калі рух машынаў спыняецца (часам на некалькі сутак).

Аднак, незважаючы на ўсё гэта,  узімку ў нашай краіне магчымасьці аўтаспыну не зьмяншаюцца, а нават павялічваюцца. Гэта зьвязана з тым, што шмат якія дарогі, не прыстасаваныя для руху ўлетку, становяцца праходнымі ўзімку. Гэта – так званыя зімнікі. Яны граюць вялікую ролю ў забесьпячэньні аддаленых раёнаў палівам і харчам. Тыповым зімнікам была знакамітая ленінградзкая Дарога жыцьця па лёдзе Ладаскага возера ў 1942-44 гг.

Многія зімнікі праходзяць па балотах або лёдзе замерзлых рэк. Зімнікамі на машынах можна дабрацца, напрыклад, да Чукоткі – гэтым скарыстаўся А. Вораў з таварышамі, зьдзяйсьняючы кругасьветнае падарожжа. Яны дапялі аўтаспынам за два месяцы ад Піцеру да самай Чукоткі! Зрэшты, такія далёкія падарожжы зьвязаны з экстрэмальным холадам і доўгім чаканьнем машын (да некалькіх сутак). Мінімальныя тэмпэратуры, якія пераносілі аўтаспыньнікі на зімовых трасах Паўночнага Ўсходу, – -55… –60°С.

 

* На пачатку 2000 г. мы езьдзілі зімнікамі ў запалярны горад Нар’ян-Мар у колькасьці ажно 18 чалавек! Масавая шматгадзінная язда ў кодабе ў палярную ноч, аўтаспын на сьнегаходах, вэрталётах, аленевых запрэжках і нават лыжах, масавы зваротны авіяспын Нар’ян-Мар – Рыбінск (10 чалавек)…Падрабязнаьці ў кнізе “Палярнае зьзяньне”.

* У студзені-лютым 2002 г. адбылося падарожжа ў мястэчка Тура – геаграфічны цэнтар Расеі, разьмешчаны за 1400 км на паўночны ўсход ад Краснаярску. Бралі ўдзел 13 чалавек, прычым маразы дасягалі –50°С і ніжай. Двое з удзельнікаў вандроўкі (Косьця Сава ды Паліна Куляшова) так палюбілі Поўнач, што працягнулі падарожжа ў паўночна-ўсходнім кірунку і ў выніку дасягнулі мястэчка Ўэлен, правёўшы больш за 4 гады на поўнач ад Палярнага Круга. У мястэчку Ўэлен яны пабраліся шлюбам і неўзабаве авіяспынам прыляцелі ў Маскву.

 

Калі едзеш у халодныя рэгіёны, добра выбіраць пазыцыю там, дзе ёсьць хоць нейкае жытло, і калі вас некалькі чалавек, дык галасаваць пазьменна і кругласутачна. Адзін чалавек галасуе 1 або 2 гадзіны, затым бяжыць грэцца, а яго зьмяняе другі і г.д. Астатнія ж тым часам адседжваюцца ў памяшканьні ў поўнай баявой гатоўнасьці. Калі жытла няма, можна раскладаць агонь на зімніку: паклапацецеся пра дровы і каб нехта кругласутачна падкладаў іх у вогнішча.

Ісьці пешкі зімнікам, аддаляючыся ад населенага пункту, калі да наступнага 100-500 км – небясьпечна і шкодна.

Апроч грузавікоў бывае магчымасьць пад’ехаць і на сьнегаходах, асабліва калі вы – самотнік.

 


Праходжаньне гарадоў

Населеныя пункты – адна з асноўных цяжкасьцяў, якія стаяць на шляху аўтаспыньніка. Населеныя пункты, і асабліва гарады, пры ўсіх сваіх карысных уласьцівасьцях (можна пад’есьці, памыцца і г.д.) моцна зьніжаюць хуткасьць вашага руху.

Пад’яжджаючы да гораду, дзе вас маюць высадзіць, старайцеся загадзя выцягнуць з кіроўца інфармацыю пра гэты горад.

Гарады на трасе для вас падзяляюцца на дзьве катэгорыі: што маюць аб’язную дарогу і транзытныя. Аб’язныя дарогі звычайна лепшыя для аўтаспыну, чым сам горад. Пры наяўнасьці аб’езду, у горад лепей не заяжджаць – зразумела, калі ў вас няма там аніякіх важных спраў. Так, пры руху з Масквы ў Піцер (або назад), Цьвер і Ноўгарад маюць аб’язныя дарогі і таму праходзяцца толькі аб’язнымі. Калі машына едзе ў цэнтар аднаго з такіх гарадоў, выходзьце на павароце на аб’язную!

Але шмат якія дробныя гарады, мястэчкі й вёскі аб’язных ня маюць. Калі горад пабудаваны на вялікай рацэ, бывае так, што мост праз раку ўсяго адзін і аб’язной дарогі таксама няма, нават калі горад вялікі. У такім выпадку горад прыходзіцца перасякаць на грамадзкім транспарце, пешкі або – зноў-такі – аўтаспынам. Дарэчы, поначы падобныя “транзытныя” гарады часьцяком перасякаюцца лацьвей, чым удзень.

Добра наперад запасьціся мапай гораду альбо даведацца, як празь яго праехаць. Калі мапы няма, не хвалюйцеся: хто пытае, той не блукае. Рух на гарадзкім транспарце не патрабуе вялікае мудрасьці, аднак ягоная рэальная хуткасьць – 10-15 км/гад. Рух пешкі яшчэ прасьцейшы, але наўрад ці шпарчэйшы. Зручная ды хуткая рэч мэтро, але яно ёсьць далёка не паўсюль. Нарэшце, рухаючыся праз горад, аналягічна трасе, на спадарожных машынах, вы праедзеце ў сярэднім 20-25 км за адну гадзіну. Таму гэты мэтад найэфэктыўнейшы.

Піцерскі чалавек mc Hammer калісьці напісаў трактат “Автостоп в городе, какой он есть”. Правёўшы некалькі гонак аўтаспынам па Піцеры й Маскве, ён ня толькі паказаў, што сіціспын (гарадзкі аўтаспын) магчымы, але й папулярызаваў яго. На ўласным досьведзе пацьвярджаю: працуе! І ня толькі ў Расеі, але і ўва ўсіх буйных гарадох сьвету, нават у такіх “таксовых”, як Стамбул, Каір, Дамаск, Адыс-Абэба. (Добра для гэтага загадзя мець плян або хаця б уяўляць разьмяшчэньне галоўных вуліцаў гораду.)

Ува ўсіх буйных гарадох ёсьць таксоўкі, таму, спыніўшы ў горадзе машыну, адразу папярэджвайце:

-- Дабрыдзень, бяз грошай падвязеце трохі проста!

У Маскве ды іншых буйных гарадох вы такім чынам можаце адпудзіць удзень да 90% кіроўцаў. Але тут да вас можа вышыхтавацца чарга таксістаў. Зручна наперад паказваць жэстам: “грошай няма,” – тады яны ад’яжджаюць, а звычайныя кіроўцы не пужаюцца. Тады падыходзьце й размаўляйце.

Уночы езьдзіць прасьцей. Увогуле машын у горадзе да халеры, таму, абраўшы выгодную пазыцыю, чакайце посьпеху – паедзеце хутка!

 

Разьлік хуткасьці 

Разьліковая хуткасьць руху аўтаспыньніка (улетку, удзень, на асноўных дарогах Эўрапейскай Расеі) – 55 км/гад; узімку – 45 км/гад. Улетку за сьветлавы дзень рэальна праехаць 800 км. Узімку ў галалёд хуткасьць будзе ніжэйшая за звычайную.

Удзень хуткасьць прасунутага аўтаспыньніка й непрасунутага будзе прыблізна аднолькавай. Уначы дасьведчаны аўтаспыньнік можа разьлічваць на 50 км/гад (улетку), 40 км/гад (узімку). Непрасунуты ж аўтаспыньнік рухаецца ўночы ні на што асабліва не разьлічваючы, спадзеючыся больш на ўдачу.

Аднак для кваліфікаваных гоншчыкаў на магістралях уначы ня горш, чымся ўдзень. Хаця машын мала, едуць яны хутчэй і далей.

На 50 км/гад можна разьлічваць ня толькі ў Расеі, але і ў Беларусі, Украіне, у раўніннай Турэчччыне, Іране…А вось на горных сэрпантынах хуткасьць аўтаспыньніка падае ў 1,5-2 разы на кожны кілямэтар вышыні! У бедных краінах Азіі ды Афрыкі хуткасьць – 200-300 км за дзень, а дзе і яшчэ горшая.

Ехаць спынам можна як аднаму, так і ў пары. Аднак, трэба ведаць, што аўтаспыньнік-самотнік рухаецца трохі хутчэй за непадзельную пару, а дзяўчына – трохі хутчэй за хлопца.

Кіроўцы маюць пэўныя прычыны, чаму яны часам бяруць самотных спыньнікаў, а парных (нават зь дзяўчынаю) – не. Па-першае, у многіх машынах, асабліва грузавых, ёсьць толькі адно вольнае месца, а за язду ў кодабе даішнікі аштрафуюць кіроўца, а не пасажыра. Па-другое, некаторыя кіроўцы легкавікоў баяцца перарасходу бэнзыну (асабліва калі кожны з аўтаспыньнікаў мае важкую кайстру). І па-трэцяе, кіроўцы, зацікаўленыя ў гутарцы, аддаюць перавагу размаўляць з адным чалавекам, чым “гэтыя двое будуць міжсобку гаманіць, а я тут буду як шафёр”. Гэтыя тры прычыны і прыводзяць да таго, што самотнікі рухаюцца аўтаспынам шпарчэй.

Усе полава-хуткасныя адрозьненні згладжваюцца з павелічэньнем аўтаспыннай мудрасьці. Ваш выгляд, выраз твару, вопратка, жэстыкуляцыя мусяць пераканаць кіроўца ў тым, што вас можна й трэба падвезьці. Некаторыя хлопцы лічаць, што зь дзяўчынай іх будуць браць лепей, чым калі б яны ехалі на самоце. Але яны проста ня ведаюць, як пераканаць кіроўца затармазіць, апрача як дзяўчынай. Аднак, ужываючы ў комплексе мудрасьць аўтаспыну, можна зрабіць просьбу спыніцца ня менш пераканаўчай.

 

? Ці можна езьдзіць непадзельнай тройкай?

Можна, але ў цэнтральнай Расеі бальшыню часу вы будзеце ня ехаць, а стаяць, чакаючы кіроўца-энтузіяста. Ваша сярэдняя хуткасьць упадзе разу ў паўтара. Лепш ужо было падзяліцца.

Зрэшты, у глухой мясцовасьці, дзе аўтаспын зьяўляецца адзіна магчымым сродкам перасоўваньня, дзе няма даішнікаў і кіроўцы грузавікоў дазваляюць езьдзіць у кодабе, – рух тройкай (і нават чацьвёркай) магчымы. Амаль па ўсёй Афрыцы ды Азіі асноўная частка жыцьця аўтаспыньніка прамінае ў кодабах, хаця і ў кабіне колькасьць людзей нічым не абмежаваная – жыхары Поўдня кампактавыя.

 

* Увосень 2000 г. ад Гедарэфу (Судан) да Бахр-Дару (Этыёпія) мы праехалі непадзельнай шасьцёркай (!) за тыдзень, зьмяніўшы 17 машын (зь іх 8 легкавых). Але праз кепскія дарогі (быў сэзон дажджоў) нам спатрэбілася на гэта больш за тыдзень, хоць там было кілямэтраў зь пяцьсот.

 

? Якое падарожжа можна ажыцьцявіць, напрыклад, за месяц?

Хоць і можна рухацца некалькі сутак у кругласутачным рэжыме (і праехаць, напырклад, ад Іркуцку да Масквы за 4-5 сутак), у вялікіх падарожжах сярэдняя хуткасьць зьніжаецца. Каб аглядаць аддаленыя гарады, спазнаваць мясцовае жыцьцё і нармалёва высыпацца, я праяжджаю ўсяго 8-10 тысяч кілямэтраў за месяц. А за паўгады ў Афрыцы мой стаж павялічыўся ўсяго на 30.000 км.

Хуткасьць вяртаньня дамоў, як правіла, большая, чымся хуткасьць ад’езду з дому. Аўтаспыньнікі даяжджалі за два тыдні з Сэнэгалу да Піцеру і з Судану да Масквы. Дарога дамоў з Уладзівастоку займае нярэдка ўсяго 10-12 сутак.

 

Рух на глухіх трасах

На ажыўленых асфальтаваных дарогах эўрапейскай Расеі тэхніка аўтаспыну, пры валоданьні ёю, дазваляе адольваць вялікія адлегласьці за разьліковы час. Яно й зразумела. Пры шчыльнасьці патоку 50 машынаў на гадзіну вы хутка паедзеце ўва ўсякім разе і практычна з усякай пазыцыі.

Але ёсьць у Расеі дарогі, дзе праходзіць 10-20 машын на дзень. Мы езьдзілі і Калымскім трактам, дзе тры машыны на дзень – удача, а кіровец, які праяжджае 300 км за дзень – зухаваты гоншчык. У некаторых рэгіёнах Расеі і сьвету суткі або двое чаканьня – нармалёвая рэч. Тут ужо забудзьцеся на эўрапейскія хуткасьці.

Аднак чым меншая і чым горшая дарога, тым вышэйшы адсотак машынаў, што спыняюцца вам; вырастае падбіральнасьць і ёмістасьць машынаў; магчыма, зьявіцца магчымасьць ехаць у кодабе; аўтаспын становіцца вельмі лагодным заняткам, вы зможаце раскласьці на трасе агонь, гатаваць штодзённую ежу і нікуды не сьпяшацца, ведаючы, што машына чуваць здалёку.

 

* А.Вінакураў і аўтар гэтае кнігі, рухаючыся ў Магадан, праехалі аўтаспынам ад Хандыгі (Якуція) да Кадыкчану (Магаданская вобл.) 700 км за тыдзень! Зь іх мы рухаліся толькі паўтара сутак, а астатні час знаходзіліся ў прастоі, чакуючы машын або начуючы з кіроўцамі. Апраўдвае нас толькі тое, што рэйсавай сувязі на Калымскай трасе не існуе, і праехаць яе хутчэй АНІЯК нельга.

* У 1999 г. у Судане мы доўга чакалі машыну ля гораду Дангола. Штодзень міма праяжджалі людзі на аслох і гаварылі: “Сёньня машын ня будзе – у нас сьвята! Мо заўтра Аллаг пашле вам машыну…” Людзі кармілі нас, увечары клікалі на начлег, а вось машын усё не было. Нам удалося паехаць толькі праз 4 сутак.

 

…Аднак, перш як вы, о чытачу, дасягнеце настолькі аддаленых рэгіёнаў, прачытайце і іншыя разьдзелы гэтае кнігі, якія дазволяць вам сям-там палегчыць і значна паскорыць сваё перасоўваньне.

 

Рух у групе

Кожная траса мае сваю перавозную здольнасьць і можа перавезьці толькі абмежаваную колькасьць аўтаспыньнікаў за адзінку часу. Гэта відавочна хаця б таму, што колькасьць машын на трасе не бясконцая і ня ўсе кіроўцы маюць жаданьне й месца ў машыне, каб падкінуць аўтаспыньніка.

Існуе такая зьява, як перагрузка трасы – стан, калі сярэдняя хуткасьць на трасе прыметна зьніжаецца празь вялікую колькасьць аматараў аўтаспыну.

Буйныя, ажыўленыя трасы маюць вельмі высокую перавозную здольнасьць. Але калі і на досыць ажыўленай трасе М1 альбо М10 на зьлёт аўтаспыньнікаў зьбіраецца 100-150 чалавек, наша хуткасьць прыкметна падае. Памятайце пра гэта!

У вялікіх шматдзённых і масавых падарожжах таксама моцна эксплюатуюцца добрыя людзі, што згодныя даць прытулак на ноч і г.д., таму трэба быць уважлівым – як мага меней завісаць у гасьціне, ведаючы, што ўсьлед за вамі сюды прыедуць іншыя натоўпы.

Зь іншага гледзішча, рух па трасе вялікай колькасьці аўтаспыньнікаў мае свае дадатныя бакі. Першая зьява мае назву “фільтар”. Кіровец бачыць на трасе галасоўца з кайстрай, потым яшчэ аднаго і г.д. У чарговы раз, бачучы аўтаспыньніка, ён ужо ня можа перасіліць сваю цікаўнасьць і спыняецца: адкуль вы такія павылазілі? Падсаджвае аўтаспыньніка ды едзе далей. Аўтаспыньнік тлумачыць кіроўцу сутнасьць аўтаспыну, і той, прасякнуўшыся ідэяй, падбірае ўсіх наступных аўтаспыньнікаў, пакуль машына не напоўніцца.

Другая зьява мае падобную прыроду. Калі наша група вялікая і расьцягнулася па доўгай трасе на некалькі дзён і на тысячу-другую кілямэтраў, неўзабаве ўсе кіроўцы машын і рэйсавых аўтобусаў, а таксама даішнікі, мытнікі і нават прадавачкі піражкоў ужо ведаюць сутнасьць аўтаспыну, прывыкаюць да нас і спрыяюць падвозу новых людзей, таму рух апошніх становіцца нават прасьцейшы.

Калі вы плянуеце вандраваць вялікай групай, памятайце наступнае:

Правільны выбар трасы – аснова хуткага перасоўваньня. Калі ў маршруце ёсьць участак з малой (або нулявой) перавознай здольнасьцю, гэты ўчастак будзе тармазіць усю групу. Выбірайце маршрут праз добрыя, ажыўленыя дарогі!

Прызначаючы месца сустрэч, не рабіеце іх зачастымі, як у прасторы, так і ў часе. Частыя сустрэчы – нязручнасьць і страта часу для ўсяе групы, калі ўсе ўсіх чакаюць. Сустрэчы мусяць быць не часьцейшымі, чым раз на 1000 км (калі месца стрэчы не зьяўляецца мэтавым, у якое мы ўсе едзем наўмысна). Калі мы ехалі ў Індыю, першая сустрэчы была ў Ерэване, за 2300 км ад Масквы, праз 5 сутак пасьля разьліковай даты старту. Хтосьці стартаваў раней, хтосьці пазьней, на трасе не было перагрузкі і таўханіны, ніхто нікога ў прамежкавых гарадох не чакаў, і мы пасьпяхова назьбіраліся ў Ерэване.

У вялікім падарожжы карысна загадзя прызначаць і наступныя месцы сустрэч, на выпадак, што хтосьці ня трапіць на першае. Таксама няблага дамовіцца, каб людзі, што не зьявіліся на сустрэчу, знайшлі магчымасьць паведаміць пра сябе праз наперад абгавораны тэлефон альбо празь Сеціва. Дазнайцеся, ці працуе ў гэтым раёне сотавая сувязь; у наш час стала зручна падтрымваць сувязь SMS-камі. Дамоўцеся, як будзеце зьвязвацца.

Сустрэчы многіх людзей у адным месцы цяжкія тым, што пасьля шмат людзей адразу выходзіць на трасу і засьмечвае яе (як пасьля сустрэчаў на Эльбе”). Карысна месцы такіх сустрэчаў падбіраць каля добрых пазыцый на трасе.

 

Некалькі пытаньняў

? Аўтаспынам езьдзяць толькі зь безграшоўя?

Па-рознаму. Часьцей пачынаюць езьдзіць аўтаспынам насамрэч таму, што ня маюць грошай на квіток (такіх у працэнтавым стасунку ўсё менш – краіна ўсё-ткі багацее). Другія любяць аўтаспын таму, што гэта зручна й хутка (скажам, Масква-Яраслаўль або Піцер-Масква трасай праходзіцца насамрэч шпарчэй, чымся цягніком, дый цягнікоў у сьвеце значна меней, чым машын), трэція – таму, што гэта цікава (новыя мясьціны, новыя людзі, шмат стасункуесься, дазнаесься)…У далёкіх краінах аўтаспын – найлепшы спосаб пабачыць рэальнае жыцьцё народу й паглядзець краіну (не з акна гатэля), вывучыць мову…У некаторых выпадках, нарэшце, няма ніякай іншай магчымасьці праехаць нейкі маршрут – так, мы, напрыклад, праехалі Калымскую аўтамабільную трасу і шмат якія дарогі Азіі ды Афрыкі, дзе ўсе людзі езьдзяць на спадарожках з прычыны адсутнасьці грамадзкага транспарту.

 

? Якія асноўныя небясьпекі ў аўтаспыне? Як унікнуць іх?

Найпершая і найбольш рэальная небясьпека – трапіць у аўтамабільную аварыю. Людзі, якія шмат езьдзілі аўтаспынам, трапляюць у аварыі ў сярэднім адзін раз на 100-200 тыс. км. Так, аднойчы ў Паўночнай Карэліі грузавік з кефірам, у закрытым кодабе якога ехаў аўтар гэтае кнігі і ягоная напарніца К. Кольская, на вялікай хуткасьці зьляцеў з трасы (траса ішла па насьпе), перакуліўся на 180° і разьбіўся ўшчэнт. Мы абышліся спалохам і драпінамі, а вось машына ды кефір ужо не падлягалі аднаўленьню. Другі раз, у Намібіі, у прыцемку машына, у кодабе якой мы ехалі, урэзалася ў асла, што стаяў на трасе. Машына моцна пашкодзілася, асёл вылецеў у роў ды загінуў, людзі абышліся лёгкім перапудам. Выснова простая – ня трэба быць аслом (у простым і пераносным значэньні).

Зрэшты, ахвяраю ДТЗ можа стаць ня толькі асёл ці аўтаспыньнік, але й кожны з нас, хто апынуўся калі-небудзь у сваім жыцьці ўсярэдзіне або каля аўтатранспарту, які рухаецца. Захады засьцярогі наступныя: 1) калі ёсьць магчымасьць – прышпілецеся; 2) ня езьдзеце з п’янымі кіроўцамі і самі ў дарозе не напівайцеся; 3) уначы, калі вы бачыце, што кіровец ужо спрабуе заснуць за стырном, ня бярэце зь яго прыкладу. Калі хочацца спаць – сьпеце, а ня езьдзеце аўтаспынам; 4) Калі вы бачыце, што машына, у якой вы едзеце, кудысьці падае, уразаецца і г.д. – не выскоквайце зь яе на хаду; 5) галасуючы, не выбягайце на дарогу пад колы машын, асабліва ўночы і ў цёмнай адзежы; 6) нарэшце, давярайце сваёй інтуіцыі. Калі вы адчуваеце, што трапіце ў аварыю, далікатна пакіньце “небясьпечную” машыну.

У нашым выпадку мы з К. Кольскай якраз гаварылі пра розныя аварыі і разважалі, едучы ў кодабе: калі грузавік урэжацца ў што-небудзь, заваліць нас кефірам ці не? Заваліла.

 

? А што будзе, калі ўсе паслухаюць вас і паедуць аўтаспынам?

Калі людзі ўсяе Зямлі ад малога да вялікага аднаго страшнага дня кінуць усе свае звычайныя заняткі і паедуць аўтаспынам у далёкую дарогу, надыдзе крах сусьветнай цывілізацыі. Тое самае адбудзецца, калі людзі ўсяе Зямлі раптоўна стануць мастакамі, або фізыкамі, або касманаўтамі, або кіроўцамі, або чыноўнікамі, або пэнсіянэрамі – гэта было б жахліва. На шчасьце, сьвет уладкаваны рацыянальна, і ніколі ня здарыцца такога, каб усе людзі адразу заняліся тым самым. Аднак мець уяўленьне пра розныя віды дзейнасьці, у тым ліку і пра вольныя падарожжы, карысна для ўсіх, у тым ліку і для вас. Раптам калі-небудзь гэта вам прыдасца?

 

? Аўтаспынам вандруе толькі моладзь?

Бальшыня аўтастопнікаў – моладзь у веку ад 15 да 30 гадоў.  Аднак ёсьць сярод нас і пэнсіянэры, бо вандраваць у любым веку не супрацьпаказана. Так, з Масквы праз Польшчу, Вугоршчыну, Румынію, Баўгарыю, Турэччыну ў Дамаск (сталіцу Сырыі) і назад (10000 км) праехалі дзьве самаходныя бабулі – Н. Кутузава (69 гадоў) і Т. Капейка (59 гадоў). І такіх прыкладаў з кожным годам усё больш!

 

? Ці можна езьдзіць аўтаспынам з малымі дзецьмі?

Можна. Звычайна дзецям гэта вельмі падабаецца. Галоўнае, каб ня пісалася ў машыне.

 

? Маю да вас яшчэ пытаньне…

А я маю для вас адмысловую кнігу – “134 адказы на 134 пытаньні пра ўсё”. У ёй сабараныя найчасьцей задаваныя аўтаспыньнікам пытаньні і мае адказы на іх. Набудзьце гэту кнігу тамсама, дзе набылі гэту, або прачытайце яе ў электронным варыянце на нашым сайце www.avp.travel.ru.

 

Увага – ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ! Аўтаспын – гэта не дармоўшчына!

Самастойнае вандраваньне па ўсіх мясцінах сьвету падорыць вам неймаверныя ўражаньні. Простыя людзі ў Сыбіры і Падмаскоўі, у Аўганістане і ў Эўропе будуць падвозіць нас на сваіх машынах, дзяліцца з намі прытулкам ды ежай.

Запомнем гэта стаўленьне і гэта адчуваньне братэрства!

І калі мы самі апынемся за стырном, або ў сваёй цёплай кватэры, або на вуліцах вялікага – свайго – гораду і пабачым магчымасьць падвезьці, запрасіць на госьці, накарміць незнаёмага нам чалавека; калі мы зможам тут камусьці нешта падарыць або за кагосьці заплаціць – зрабем гэта з радасьцю. Бо вольныя падарожжы – гэта не дармоўшчына. Гэта жыцьцё. Гэта магчымасьць знайсьці, адчуць і перадаць іншым адчуваньне сусьветнай еднасьці чалавецтва!

Будзьце дабрэйшыя, людзі!!!

 

Цягнікі

Чыгункі й цягнікі зьявіліся ў Расейскай імпэрыі (і наагул у сьвеце) значна раней, чым аўтадарогі ды машыны. Вольныя чыгуначныя вандроўнікі пачалі асвойваць абшары нашай Радзімы яшчэ ў першай палове ХІХ ст., а пік чыгуначных перавозак прыйшоўся на канец ХХ ст.

Цяпер бальшыня буйных гарадоў Расеі ды СНД злучаная чыгункамі, іхная агульная працягласцьць складае 140.000 км. Раней, у мінулых выданьнях “ПВП”, для праезду ў пасажырскіх цягнікох і электравікох прапаноўваліся розныя мэтады язды, у тым ліку зьвязаныя з падманам, а таксама досыць працаёмістыя. Цяпер, на заранку ХХІ ст., такія спосабы страцілі актуальнасьць. Мы жывём не ў “галодныя гады”, і ў бальшыні выпадкаў для праезду чыгункай прасьцей, вядома, купіць квіток. Пагатоў “барацьба з тэрарызмам” нярэдка замінае язьдзе ў спадарожных лякаматывах; кантралёры ў электравікох сустракаюцца ўсё часьцей; паралельна чыгункам зьявіліся новыя, нядаўна пабудаваныя аўтадарогі – найчасьцей, асабліва пры безграшоўі, прасьцей скарыстацца звычайным аўтаспынам.

Аднак часам камусьці і дагэтуль прыходзіцца езьдзіць чыгункамі без квітка – вымушана. Бывае, асабліва ўлетку, конча трэба ехаць, а квіткоў у касе няма; у іншых выпадках, напрыклад, узімку, няма цёплага рыштунку для выхаду на трасу і чамусьці адсутнічаюць грошы і г.д. Менавіта для такіх рэдкіх выпадкаў і напісаны гэты разьдзел.

Перш-наперш трэба запомніць, што, каб дабрацца ў патрэбны бок, вы можаце выкарыстоўваць ня толькі прамы пасажырскі цягнік! Вам прыйдзецца ехаць у патрэбным кірунку “на перакладных”, мяняючы цягнікі (далёкія, мясцовыя і прыгарадныя) і электравікі. Грузапасажырскія, паштова-багажныя, гаспадарчыя, рабочыя, грузавыя ды іншыя цягнікі таксама будуць карысныя ў вашым перасоўваньні, а сям-там вас возьме ў кабіну лякаматыва машыніст. Гэта, вядома, марудней, чым прамы бесьперасадачны цягнік.

Пачнем агляд мэтодык падарожжаў на цягнікох з апісаньня язды ў лякаматыве.

 

Язда ў лякаматыве

Ці даводзілася вам езьдзіць у лякаматывах таварных цягнікоў? Не, для гэтага не абавязкова паступаць у тэхнікум чыгуначнага транспарту і станавіцца машыністам. Аўтаспын 2-га роду – язда ў кабінах лякаматываў – дагэтуль ужываецца як вандроўнікамі, так і мясцовым насельніцтвам у многіх аддаленых рэгіёнах, дзе амаль не бывае аўтадарог і электравікоў. Я бачыў, як на БАМе ў заднюю кабіну лякаматыва залязала (з машыніставай згоды) па 6-7 пасажыраў, і машыністы сьцьвярджалі, што гэта далёка не мяжа.

Распаўсюджана маеркаваньне, што ў лякаматывы падсаджваць ня будуць, таму што гэта, маўляў, забаронена. Калі вы будзеце прасіцца ў лякаматывы дзе-небудзь у Маскве на Курскім вакзале, гэта меркаваньне можа нават умацавацца. Вас прымуць за чачэнскага тэрарыста або іншага парушальніка і хутчэй за ўсё ў кабіну ня возьмуць. Усе вялікія гарады-мільёны Расеі і электрафікаваныя чыгункі, што іх злучаюць, цяпер практычна не прыдатныя для лякаматываспыну.

Зразумела, што ніхто з мудрых не стаіць на рэйках, спрабуючы спыніць таварны цягнік, які рухаецца (хаця пры некаторых умовах ён, мабыць, можа заспыніцца). Сутнасьць мэтаду – чакаць патрэбны лякаматыў на грузавой станцыі і дамаўляцца з машыністам пад час стаянкі. Ехаць можна не з усялякай станцыі, а з буйной, якая зьяўляецца, як кажуць чыгуначнікі, станцыяй перапрычэпін (або зьмены брыгад машыністаў).

Вось жа, вы на грузавой станцыі, дзе фармуюцца таварнякі ў патрэбны вам бок. Увага! Грузавая станцыя часта не супадае з пасажырскай! Даведацца, дзе знаходзіцца таварная станцыя, можна ў чыгуначнікаў.

Калі на станцыі ў дадзены момант няма сфарманых саставаў у патрэбны бок, знайдзеце дзяжурнага па станцыі (або дыспэтчара). Як знайсьці яго, вам растлумачыць кожны чыгуначнік. Дзяжурны па станцыі звычайна сядзіць за вялікім пультам у памяшканьні з надпісам “Пабочным асобам уваход забаронены!” Пастукайцеся і ўвайдзеце туды.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.