Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





ЧАСТКА ПЯТНАЦЦАТАЯ. ПУРУШОТТАМА-ЙОГА, ЙОГА ВЯРХОЎНАЙ АСОБЫ



 

ЧАСТКА ПЯТНАЦЦАТАЯ

ПУРУШОТТАМА-ЙОГА, ЙОГА ВЯРХОЎНАЙ АСОБЫ

ВЕРШ 1

 

шрі-бхагаван увача
урдхва-мулам адхах-шакхам ашваттхам прахур авйайам
чхандамс
і йасйа парнані йас там веда са веда-віт

 

шрі-бхагаван увача - Вярхоўны Госпад сказаў; урдхва-мулам - тое, карані якога накіраваны ўверх; адхах - уніз; шакхам - тое, галіны якога; ашваттхам - дрэва баньян; прахух - кажуць; авйайам - вечнае; чхандамсі - ведычныя гімны; йасйа - якога; парнані - лісьце; йах - які; там - тое; веда - ведае; сах - той; веда-віт - які спазнаў Веды.

Вярхоўны Госпад сказаў: Пісаньні кажуць пра вечнае дрэва баньян, карані якога накіраваны ўверх, а галіны ўніз, лісьце якога - ведычныя гімны. Спазнаўшы гэтае дрэва, чалавек спасьцігае мудрасьць Ведаў.

КАМЭНТАР: Пачуўшы пра важнасьць бхакті-йогі, чалавек можа спытаць: «A як жа Веды? » У гэтай частцы тлумачыцца, што мэта вывучэньня Ведаў - спасьцігнуць Крышну. Таму той, хто валодае сьвядомасьцю Крышны і займаецца адданым служэньнем, ужо разумее Веды.

 

Лябірынт матэрыяльнага сьвету параўноўваецца тут з баньянавым дрэвам. Той, хто паглынуты кармічнай дзейнасьцю, можа вечна вандраваць па ягоных галінах, перабіраючыся з аднае на другую, потым на трэцюю і г. д. Дрэва матэрыяльнага сьвету сапраўды бясконцае, і той, хто прывязаны да яго, пазбаўлены магчымасьці атрымаць вызваленьне. Ведычныя гімны, якія дапамагаюць жывой істоце ўзвысіцца, называюцца лісьцем гэтага дрэва. Карані гэтага дрэва растуць уверх, бо іх пачатак на плянэце Брахмы, вышэйшай плянэце матэрыяльнага сусьвету. Той, хто спасьціг гэтае вечнае дрэва ілюзіі, атрымлівае магчымасьць пакінуць яго.

Гэты мэтад, які дапаможа нам выбрацца з лябірынта матэрыяльнага жыцьця, трэба добра зразумець. У папярэдніх частках гаварылася, што ёсьць шмат шляхоў, якія вядуць да вызваленьня. Але ўсе часткі аж да трынаццатай пераконвалі нас у тым, што самым лепшым зь іх зьяўляецца адданае служэньне Вярхоўнаму Госпаду. У аснове адданага служэньня ляжаць безуважнасьць да матэрыяльнай дзейнасьці і прыхільнасьць да трансцэндэнтнага служэньня Госпаду. Працэс пазбаўленьня ад прыхільнасьці да матэрыяльнага сьвету апісаны напачатку дадзенай часткі. Корань дрэва матэрыяльнага жыцьця знаходзіцца наверсе. Гэта значыць, што ён бярэ пачатак у сукупнай матэрыяльнай энэргіі (прадхане) і адтуль спускаецца на вышэйшую плянэту матэрыяльнага сусьвету. З гэтай плянэты пачынаецца ўвесь сусьвет зь яго шматлікімі адгалінаваньнямі, якімі зьяўляюцца розныя плянэтныя сыстэмы. Плады, што растуць на дрэве матэрыяльнага жыцьця, - гэта вынікі дзейнасьці жывых істот, а менавіта рэлігійнасьць, эканамічны росквіт, пачуцьцёвыя асалоды і вызваленьне.

 

У матэрыяльным сьвеце мы ня бачылі дрэва, што расьце каранямі ўверх, а галінамі ўніз, і ўсё ж такія дрэвы існуюць. Іх можна ўбачыць на беразе вадаёма. Дрэвы, якія там растуць, адлюстроўваюцца ў вадзе, і галіны іх здаюцца накіраванымі ўніз, а карані - уверх. Іншымі словамі, дрэва матэрыяльнага сьвету - гэта не больш як адлюстраваньне сапраўднага дрэва, дрэва духоўнага сьвету. Дрэва духоўнага сьвету адлюстроўваецца ў вадзе жаданьня гэтак жа, як дрэва на беразе вадаёма адлюстроўваецца на паверхні вады. Жаданьне - гэта спрадвечная прычына ўсяго, што мы бачым тут у сьвеце матэрыяльнага быцьця, які адлюстроўвае духоўны сьвет. Той, хто хоча вызваліцца з палону матэрыяльнага існаваньня, павінен вельмі старанна, сыстэматычна вывучыць прыроду дрэва гэтага сьвету. Толькі тады ў яго атрымаецца разарваць зь ім усе сувязі.

 

Гэтае дрэва, будучы адлюстраваньнем сапраўднага дрэва, зьяўляецца яго дакладнай копіяй. Усё, што мы бачым у матэрыяльным сьвеце, існуе і ў сьвеце духоўным. Імпэрсаналісты лічаць коранем дрэва матэрыяльнага жыцьця Брахман, а зь яго, паводле філязофіі санкх'і, вырастаюць пракріті, пуруша, потым тры гуны, пасля чаго зьяўляюцца пяць грубых элемэнтаў (панча-маха-бхута), дзесяць пачуцьцяў (дашендрійа), вум і г. д. Такім чынам увесь матэрыяльны сьвет раскладваюць на дваццаць чатыры элемэнты. Але калі цэнтрам усіх праяўленых сьветаў зьяўляецца Брахман, то ўтвораную імі сфэру можна падзяліць на дзьве паловы. Першая - гэта матэрыяльны сьвет, а другая - духоўны. Матэрыяльны сьвет зьяўляецца скажоным адлюстраваньнем духоўнай рэальнасьці, такім чынам, духоўны сьвет таксама павінен быць споўнены разнастайнасьці, але рэальнай, а не ілюзорнай. Пракріті - гэта вонкавая энэргія Вярхоўнага Госпада, а пуруша - Сам Вярхоўны Госпад, пра што гаворыцца ў «Бхагавад-гіце». Будучы матэрыяльным, гэты сьвет ня вечны. Кожнае адлюстраваньне то зьяўляецца, то зноў зьнікае. Аднак крыніца адлюстраваньня існуе вечна. Матэрыяльнае адлюстраваньне сапраўднага дрэва павінна быць сьсечана. Калі пра чалавека кажуць, што ён спазнаў Веды, маецца на ўвазе, што ён ведае, як расьсекчы вузел матэрыяльных прыхільнасьцяў. Той, хто ведае, як гэта зрабіць, спасьціг істу Ведаў. A людзі, якія прывабіліся апісанымі ў Ведах ахвярнымі абрадамі, цешацца прыгажосьцю зялёнага лісьця на дрэве матэрыяльнага жыцьця. Яны ня ведаюць, якая сапраўдная мэта Ведаў. Мэта Ведаў, як пра яе кажа Сам Госпад - сьсекчы адлюстраванае дрэва матэрыяльнага жыцьця і дасягнуць сапраўднага дрэва духоўнага сьвету.

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.