|
|||
Акт першыСтр 1 из 4Следующая ⇒
Хто смяецца апошнім Дзеючыя асобы: § Гарлахвацкі Аляксандр Пятровіч — дырэктар інстытута геалогіі. § Анна Паўлаўна — яго жонка. § Чарнавус Аляксандр Пятровіч — прафесар. § Туляга Мікіта Сымонавіч — навуковы супрацоўнік. § Левановіч — сакратар парткома. § Вера — малодшы навуковы супрацоўнік. § Зёлкін —малодшы навуковы супрацоўнік. § Зіна Зёлкіна — яго жонка, сакратар. § Цёця Каця — прыбіральшчыца. § Нічыпар — дворнік. § Незнаёмая жанчына. § Чалавек у форме НКВД. Кароткі змест: Акт першы (Дзеянне адбываецца ў калідоры — вестыбюлі ўстановы) Цёця Каця і Нічыпар гавораць пра новага дырэктара інстытута. Прыбіральшчыца расказвае, што ён «учора адвячоркам з Зіначкай за горад імчаў». На заўвагу Нічыпара, нібыта Чарнавус не баіцца дырэктара, яна прарочыць, што Гарлахвацкі «з'есць і Чарнавуса... як з'еў ужо Муравіцкага. Так падвядзе, што той не будзе і ведаць, адкуль што ўзялося». Левановіч шукае супрацоўніка, які б мог прачытаць у падшэфнай часці лекцыю, расказвае Веры пра сваю працу. Чарнавус трывожыцца, што з Масквы няма водгуку на працу, збіраецца арганізаваць новую экспедыцыю. Перапалоханы Туляга расказвае цёці Каці, Веры і Чарнавусу, як па дарозе ў інстытут нейкі чалавек спытаў, ці не Падгаецкі ён. Тлумачыць калегам, якія іранізуюць над яго страхам, што ў Варонежы, дзе сапраўды ў гады грамадзянскай вайны ён працаваў, быў з такім прозвішчам дзянікінскі палкоўнік, вельмі падобны на Тулягу. З'яўляецца Зёлкін і спрабуе выпытаць у цёці Каці, хто што гаварыў, прыйшоўшы на працу. Цёця Каця раіць яму глядзець за ўласнай жонкай, на што Зёлкін просіць не распускаць плёткі. Прыбіральшчыца расказвае пра перапалоханага Тулягу. Цёця Каця дае зразумець Гарлахвацкаму, што ведае пра яго адносіны з Зіначкай. Дырэктар хоча ёй павялічыць зарплату, быццам за тое, што яна прыбірае лішнюю плошчу. Цёця Каця адказвае на гэта, што за сакрэты грошай не бярэ. Гарлахвацкі пасылае яе за папяросамі. Заходзіць чалавек у форме НКВД, пытаецца Валодзю Пракаповіча. Разабраўшыся, дзе працуе гэты Валодзя, Гарлахвацкі адпраўляе чалавека ў форме шукаць свайго брата ў інстытут біялогіі, а не геалогіі, які знаходзіцца па вуліцы Шырокай. Апошнія словы чуе Зёлкін. Яму карціць ведаць, чаго прыходзіў гэты чалавек. Гарлахвацкі, як бы не хочучы, адказвае: «Цікавяцца некаторымі асобамі». Зёлкін успамінае — на Шырокай жыве Чарнавус. I тут жа дзеліцца навіной з цёцяй Кацяй, што Чарнавусам зацікавіліся адпаведныя органы. Потым ідзе з гэтым да Гарлахвацкага, называе прычыны, чаму так здарылася: Чарнавус мае за мяжой брата, збіраецца рабіць геалагічную здымку ў прыгранічным раёне, кніга, напісаная ім, шкодніцкая. На пытанне дырэктара, ці можа ён гэта даказаць, Зёлкін адказвае: «Няхай ён раней паспрабуе даказаць, што гэта няпраўда». Ад Зёлкіна Гарлахвацкі даведваецца пра ранішняе здарэнне з Тулягам. У кабінет да мужа з пакупкамі заяўляецца Анна Паўлаўна. Патрабуе, каб ён знайшоў такую працу, на якой бы меў машыну. Гарлахвацкі загадвае цёці Каці дапамагчы жонцы занесці дамоў пакупкі. Тэлефануе ў выдавецтва, папярэджвае пра шкодніцкі характар кнігі Чарнавуса. Праглядаючы пошту, Гарлахвацкі знаходзіць водгук на працу Чарнавуса, дасланы з Масквы прафесарам Анікеевым. Паколькі прозвішча ў водгуку не называецца, а Гарлахвацкі, як і Чарнавус, Аляксандр Пятровіч, дырэктар вырашае, што «такая паперка» ад вядомага вучонага яму спатрэбіцца. Чарнавус просіць сродкі на экспедыцыю. Дырэктар прымае яго вельмі ветліва. У час размовы даведваецца, што ў вучонага ёсць дачка-студэнтка. Пасля адыходу Чарнавуса ён тэлефануе ў інстытут, дзе вучыцца дзяўчына. Гарлахвацкі задаволены: «Чарнавуса ўпарадкаваў з большага. Кніга яго свету не ўбачыць, з работы яго, трэба думаць, таксама знімуць адусюль... А Гарлахвацкі не толькі з работы яго не зніме, а наадварот — найлепшы яго прыяцель, чулы і велікадушны. Павінен быць мне за гэта ўдзячны? Павінен». Дырэктар выклікае ў кабінет Тулягу і прымушае даць згоду пісаць для яго навуковую працу.
|
|||
|