Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Ізноў і зноў нараджаючыся сярод дэманаў, о сын Куньці, такія людзі ня могуць наблізіцца да Мяне. Паступова яны апускаюцца да самых агідных формаў жыцьця.



ВЕРШ 4

 

дамбхо дарпо 'бхіманаш ча кродхах парушйам эва ча
аджнанам чабхіджатасйа партха сампадам асур
ім

 

дамбхах - гонар; дарпах - фанабэрыстасьць; абхіманах - ганарыстасьць; ча - і; кродхах - гняўлівасьць; парушйам - грубіянства; эва - безумоўна; ча - і; аджнанам - невуцтва; ча - і; абхіджатасйа - народжанага; партха - о сын Прітхі; сампадам - для лёсу; асурім - дэманічнай.

Гонар, фанабэрыстасьць, ганарыстасьць, гняўлівасьць, грубіянства й невуцтва - такія якасьці людзей, надзеленых дэманічнай прыродай, о сын Прітхі

КАМЭНТАР: У гэтым вершы апісаны просты шлях у пекла. Дэманічныя людзі часта выстаўляюць сябе заступнікамі рэлігіі і абаронцамі духоўнага прагрэсу, хоць самі не кіруюцца ніякімі прынцыпамі. Яны заўсёды напышлівыя і ганарлівыя сваёй адукаванасьцю і багацьцем. Жадаючы, каб перад імі схіляліся, яны патрабуюць павагі й пашаны, хоць і не заслугоўваюць яе. Яны раздражняюцца з-за дробязяў і размаўляюць груба й непачціва. Яны ня ведаюць, што можна рабіць, а чаго нельга. Яны заўсёды зьдзяйсьняюць учынкі па сваей прыхамаці, патураючы ўласным жадункам, і не прызнаюць ніякіх аўтарытэтаў. Гэтыя дэманічныя якасьці ўласьцівыя ім ад прыроды - яны атрымліваюць іх яшчэ ва ўлоньні маці і, вырастаючы, выяўляюць іх у поўнай меры.

 

 

ВЕРШ 5

 

даіві сампад вімокшайа нібандхайасурі мата
ма шучах сампадам даівім абхіджато 'сі пандава

 

даіві - боская; сампат - прырода; вімокшайа - для выратаваньня; нібандхайа - для рабства; асурі - дэманічная; мата - якая лічыцца; ма - не; шучах - турбуйся; сампадам - для лёсу; даівім - трансцэндэнтнай; абхіджатах - народжаны; асі - зьяўляесься; пандава - о сын Панду.

Боскія якасьці вядуць чалавека да вызваленьня, а дэманічныя выракаюць на рабства. Табе, о сын Панду, няма пра што турбавацца, бо ты ад народзінаў надзелены боскімі якасьцямі.

КАМЭНТАР: Госпад Крышна падбадзёрыў Aрджуну, сказаўшы, што яму ад прыроды не ўласьцівыя дэманічныя якасьці. Яго ўдзел у бітве ня быў праявай дэманічных схільнасьцяў, бо ён старанна ўзважваў усе «за» і «супраць». Ён разважаў над тым, ці можна забіваць такіх шаноўных людзей, як Бхішма й Дрона, такім чынам, яго дзеяньні не былі прадыктаваны гневам, жаданьнем таннай славы ці грубіянствам. Таму Aрджуну ніяк нельга аднесьці да катэгорыі дэманаў. Для кшатрыя, ваяра, паражаць ворага стрэламі - духоўны занятак, а пазьбягаць выкананьня абавязку - праява дэманічных схільнасьцяў. Таму ў Aрджуны не было прычын для смутку. Кожны, хто трымаецца правілаў, якія рэглямэнтуюць жыцьцё свайго саслоўя, знаходзіцца на трансцэндэнтным узроўні.

 

 

ВЕРШ 6

 

двау бхута-саргау локе 'смін даіва асура эва ча
даіво вістарашах прокта асурам партха ме шріну

 

двау - два; бхута-саргау - (віды) створаных жывых істот; локе - у сьвеце; асмін - у гэтым; даівах - праведны; асурах - дэманічны; эва - безумоўна; ча - і; даівах - боскі; вістарашах - грунтоўна; проктах - апісаны; асурам - дэмана; партха - о сын Прітхі; ме - ад Мяне; шріну - паслухай.

О сын Прітхі, створаныя жывыя істоты ў гэтым сьвеце бываюць двух відаў. Адных называюць праведнікамі, а другіх дэманамі. Я ўжо дэталёва расказаў табе пра боскія якасьці, а зараз паслухай пра дэманічныя.

КАМЭНТАР: Запэўніўшы Aрджуну ў тым, што ён ад народзінаў надзелены боскімі якасьцямі, Госпад Крышна зьбіраецца расказаць яму пра якасьці, уласьцівыя дэманам. Абумоўленыя жывыя істоты, якія насяляюць матэрыяльны сьвет, падзяляюцца на дзьве катэгорыі. Людзі, надзеленыя боскай прыродай, вядуць упарадкаваны лад жыцьця, то бок кіруюцца прадпісаньнямі шастраў і ўказаньням аўтарытэтаў. Чалавек павінен выконваць абавязкі, прадпісаныя аўтарытэтнымі шастрамі. Такі лад думак называецца боскім. Тых жа, хто не кіруецца запаведзямі сьвятых пісаньняў і дзейнічае па ўласнай прыхамаці, называюць дэманамі, ці асурамі. Крытэр толькі адзін - выкананьне ўказаньняў сьвятых пісаньняў. У Ведах сказана, што як напаўбагі, так і дэманы зьявіліся на сьвет ад Праджапаті; адзіная розьніца ў тым, што адны кіруюцца прадпісаньнямі Ведаў, а другія - не.

 

 

ВЕРШ 7

 

правріттім ча нівріттім ча джана на відур асурах
на шаучам напі чачаро на сатйам тешу відйате

 

правріттім - правільны ўчынак; ча - таксама; нівріттім - няправільны ўчынак; ча - і; джанах - людзі; на - не; відух - ведаюць; асурах - тыя, чыя прырода дэманічная; на - не; шаучам - чысьціня; на - не; апі - вядома; ча - і; ачарах - паводзіны; на - не; сатйам - праўда; тешу - у іх; відйате - існуе.

Людзі дэманічнай прыроды ня ведаюць, што можна рабіць, а чаго нельга. Ім не ўласьцівыя ні чысьціня, ні прыстойнасьць, ні праўдзівасьць.

КАМЭНТАР: У кожным цывілізаваным чалавечым грамадзтве спрадвечна існуе збор рэлігійных правілаў і прадпісаньняў. У супольнасьці арыяў, пасьлядоўнікаў Ведаў, прадстаўнікоў самай разьвітай цывілізацыі, правілы такія строгія, што дэманамі лічацца ўсе, хто грэбуе запаведзямі рэлігіі. Таму ў дадзеным вершы гаворыцца, што дэманы ня ведаюць прадпісаньняў шастраў і ня маюць аніякага жаданьня кіравацца імі. Большасьці зь іх невядомы запаведзі пісаньняў, але нават тыя, хто ведае пра іх, ня схільныя іх выконваць. У іх няма ні веры, ні жаданьня дзейнічаць у адпаведнасьці з прадпісаньнямі Ведаў. Як унутраная, так і вонкавая чысьціня таксама не ўласьцівая дэманам. Цела патрэбна заўсёды падтрымліваць у чысьціні: кожны дзень рабіць абмываньне, чысьціць зубы, галіцца, зьмяняць адзеньне і г. д. Што ж тычыцца ўнутранай чысьціні, то для яе падтрыманьня патрэбна заўсёды помніць сьвятыя імёны Бога і паўтараць Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна Крышна, Харэ Харэ / Харэ Рама, Харэ Рама, Рама Рама, Харэ Харэ. Усе гэтыя правілы не падабаюцца дэманам, і яны ніколі не кіруюцца імі.

 

Што да паводзінаў чалавека, то іх таксама рэглямэнтуюць мноства правілаў і прадпісаньняў. Яны апісаны ў такіх кнігах, як «Ману-самхіта», якая уяўляе сабой збор законаў для чалавецтва. Індусы прытрымліваюцца гэтых правілаў нават сёньня. На аснове «Ману-самхіты» складзены законы аб спадчыне і многія іншыя. У той жа «Ману-самхіце» ясна сказана, што жанчынам нельга даваць волі. Гэта не значыць, што іх трэба ператвараць у нявольніц; не, да іх трэба ставіцца, як да дзяцей. Дзецям не даюць волі, але гэта зусім не азначае, што зь іх робяць рабоў. Цяперашнія дэманы грэбуюць гэтымі ўказаньнямі і заяўляюць, што жанчынам павінны быць дадзены роўныя з мужчынамі правы. Аднак гэта аніяк не палепшыла стан рэчаў у сучасным грамадзтве. Фактычна, жанчына на кожным этапе жыцьця павінна знаходзіцца пад абаронай. У дзяцінстве аб ёй павінен клапаціцца бацька, у маладосьці - муж, а ў старасьці - дарослыя сыны. «Ману-самхіта» прадпісвае менавіта такі ўклад грамадства. Аднак сучасная сыстэма адукацыі навязвае людзям ненатуральныя ўяўленьні пра ідэал жанчыны, ганарлівай і незалежнай, таму шлюб у сучасным грамадзтве практычна адышоў у вобласьць мараў. Маральны стан жанчын таксама вымушае жадаць лепшага, хоць замужніцы і знаходзяцца ў трохіі лепшым становішчы, чым прыхільніцы жаночай эмансыпацыі. Такім чынам, дэманы не прызнаюць ніякіх указаньняў, на падставе якіх можна пабудаваць здаровае грамадзтва. Адпрэчваючы досьвед вялікіх мудрацоў і не кіруючыся ўстаноўленым імі правілам, дэманы давялі чалавечае грамадзтва да таго вартага жалю стану, у якім яно знаходзіцца цяпер.

 

 

ВЕРШ 8

 

асатйам апратіштхам те джагад ахур анішварам
апараспара-самбхутам кім анйат кама-хаітукам

 

асатйам - нерэальны; апратіштхам – які ня мае асновы; те - яны; джагат - праяўлены космас; ахух - кажуць; анішварам - той, якім ніхто не кіруе; апараспара - без прычыны; самбхутам – які ўзьнік; кім анйат - што, апроч; кама-хаітукам - па прычыне пажадлівасьці.

Яны кажуць, што гэты сьвет нерэальны, што ў яго няма асновы, што няма Бога, які ім кіруе. Яны заяўляюць, што сьвет паўстаў з полавай цягі і ў яго няма іншай прычыны, апроч пажадлівасьці.

 

КАМЭНТАР: Дэманы прыходзяць да высновы, што ўвесь сьвет - фантасмагорыя. Ён існуе, не маючы ні прычынаў, ні вынікаў, ні ўладніка, ні мэты: усё тут нерэальна. Яны сьцвярджаюць, што сьветабудова ўзьнікае ў выніку выпадковага злучэньня матэрыяльных элемэнтаў. Ім не прыходзіць у галаву, што сьвет быў створаны Госпадам з пэўнай мэтай. Згодна іх канцэпцыі, сьветабудова паўстала сама па сабе і няма ніякіх падстаў верыць у тое, што за ім стаіць Госпад. Дух не адрозны ад матэрыі і няма ніякага Вышэйшага Духу. Нічога, апроч матэрыі, не існуе, і ўся сьветабудова ўяўляе сабою глыж неразумнай матэрыі. Згодна іх паглядам, сьвет пусты, а ўсе матэрыяльныя праявы існуюць толькі ў нашым невуцкім успрыманьні. Яны зыходзяць з таго, што любыя праявы разнастайнасьці - толькі вынік нашага невуцтва, накшталт тых вобразаў, якія мы ствараем у сьне і якіх у рэчаіснасьці не існуе. Прачнуўшыся, мы пераконваемся, што ўсё гэта было толькі сном. Аднак, абвяшчаючы сьвет сном і ілюзіяй, дэманы, тым не менш, зь вялікім майстэрствам цешацца гэтай ілюзіяй. Таму, замест таго каб знайсьці веды, яны толькі яшчэ больш заблытваюцца ў гэтым сьвеце мрояў. Яны кажуць, што гэты сьвет паўстаў без умяшаньня духу, таксама як, па іх думцы, зьяўляецца дзіцё: проста ў выніку полавага кантакту паміж мужчынам і жанчынай. Яны перакананы, што ўсе жывыя арганізмы зьявіліся на сьвет вылучна ў выніку злучэньня матэрыяльных элемэнтаў, а пра існаваньне душы ня можа быць і гаворкі. Усё жывое, кажуць яны, паўстала проста ў выніку злучэньня матэрыяльных элемэнтаў сьветабудовы, падобна таму як у кропельках поту ці трупах без усялякай на тое прычыны заводзяцца жывыя істоты. Таму ў сьветабудовы няма і ня можа быць іншай прычыны, апроч матэрыяльнай прыроды. Яны ня вераць таму, што Крышна кажа ў «Бхагавад-гіце»: майадхйакшена пракрітіх суйате са-чарачарам - «Увесь матэрыяльны сьвет рухаецца, падпарадкоўваючыся Маёй волі». Іншымі словамі, у дэманаў няма дакладнага ўяўленьня пра тое, як паўстаў матэрыяльны сьвет; кожны зь іх прыдумляе ўласную тэорыю. На іх думку, богаадкрытыя пісаньні можна тлумачыць як заўгодна, бо яны ня вераць у магчымасьць аднаго разуменьня настаўленьняў сьвятых пісаньняў.

 

 

ВЕРШ 9

 

этам дріштім аваштабхйа наштатмано 'лпа-буддхайах
прабхавантй угра-карманах кшайайа джагато 'хітах

 

этам - гэты; дріштім - пагляд; аваштабхйа - прыняўшы; нашта – якія страцілі; атманах - саміх сябе; алпа-буддхайах - недалёкія; прабхаванті - квітнеюць; угра-карманах - паглынутыя згубнай дзейнасьцю; кшайайа - у імя разбурэньня; джагатах - сьвету; ахітах - якія сеюць зло.

Перакананыя ў гэтым, пазбаўленыя розуму і страчаныя для саміх сябе, дэманы паглынуты згубнай, грэшнай дзейнасьцю, якая вядзе да разбурэньня сьвету.

КАМЭНТАР: Дэманы займаюцца дзейнасьцю, якая нясе сьвету згубу. Таму Госпад называе іх тут пазбаўленымі розуму. Матэрыялісты лічаць сябе вельмі прагрэсыўнымі, хаця пры гэтым ня маюць аніякага ўяўленьня пра Бога. Аднак «Бхагавад-гіта» называе іх недалёкімі і пазбаўленымі розуму. Спрабуючы выціснуць з матэрыяльнага сьвету максімум задавальненьняў, яны ўвесь час вынаходзяць нешта, што прынясе ім асалоду. Падобныя вынаходзтвы зьяўляюцца для іх меркай прагрэсу чалавечай цывілізацыі, аднак у выніку ў грамадзтве толькі сьцвярджаецца культ гвалту і людзі робяцца ўсе больш бессардэчнымі і жорсткімі ў адносінах да жывёлаў і іншых людзей. Яны больш не ведаюць, як трэба паводзіць сябе з блізкімі. У дэманічным грамадзтве квітнее забойства жывёлаў. Такіх людзей называюць ворагамі сьвету, таму што ўрэшце яны вынайдуць ці створаць штосьці такое, што прынясе згубу ўсяму жывому. Дадзены верш, па сутнасьці, прадказвае стварэньне ядзернай зброі, якой так ганарыцца сучасны сьвет. У кожную хвіліну можа пачацца вайна, і атамная зброя будзе сеяць разбурэньне й сьмерць. Падобная зброя ствараецца толькі для таго, каб зьнішчыць сьвет, як сьцвярджае дадзены верш. Яна зьяўляецца толькі з-за бязбожнасьці людзей і ніколі не прынясе на зямлю ні супакою, ні росквіту.

 

 

ВЕРШ 10

 

камам ашрітйа душпурам дамбха-мана-маданвітах
мохад гріхітвасад-грахан правартанте 'шучі-вратах

 

камам - пажадлівасьці; ашрітйа - аддаўшыся; душпурам - ненаеднаму; дамбха - фанабэрыстасьці; мана - ганарыстасьцю; мада-анвітах — ап'янёныя славалюбствам; мохат - з-за ілюзіі; гріхітва - прыняўшы; асат - часовыя; грахан - рэчы; правартанте - квітнеюць; ашучі - нячыстае; вратах - тыя, хто абраў.

Патураючы ненаеднай пажадлівасьці, ап'янёныя ганарыстасьцю, славалюбствам і ганарлівасьцю, дэманы знаходзяцца ў палоне ілюзіі і, зачараваныя часовым, робяць свае брудныя справы.

КАМЭНТАР: Тут апісаны дэманічны склад вума. Пажадлівасьць дэманаў ненаедная. Іх неспатольнае жаданьне цешыцца матэрыяльным сьветам з кожнай хвілінай робіцца ўсё мацней і мацней. Нягледзячы на тое што прыхільнасьць да зманлівых, мінучых рэчаў зьяўляецца для іх прычынай вечных турбот, яны ў ілюзіі сваёй упарта працягваюць займацца матэрыяльнай дзейнасьцю. Пазбаўленыя веданьня, яны не разумеюць, што ідуць падманным шляхам. Зачараваныя часовым, дэманы ствараюць уласнага Бога і славяць яго ў гімнах уласнага складаньня. У выніку яны толькі мацней прывязваюцца да дзьвюх рэчаў: сэксуальным асалодам і назапашаньню матэрыяльных багацьцяў. У сувязі з гэтым асаблівае значэньне мае ўжытае тут слова ашучі-вратах, «нячыстыя зарокі». Такіх людзей прыцягваюць толькі віно, жанчыны, азартныя гульні і мяса; усё гэта адносіцца да катэгорыі ашучі, нячыстых звычак. Апантаныя ганарыстасьцю і ганарлівасьцю, яны ствараюць уласныя рэлігійныя сыстэмы, якія супярэчаць прынцыпам Ведаў. Хоць дэманы зьяўляюцца самымі агіднымі істотамі на сьвеце, яны робяць усё так, што іншыя пакланяюцца ім і атачаюць іх незаслужанымі ўшанаваньнямі. Яны ідуць наўпрост у пекла, а ім здаецца, што яны рухаюцца шляхам прагрэсу.

 

 

ВЕРШЫ 11-12

 

чінтам апарімейам ча пралайантам упашрітах
камопабхога-парама этавад іті нішчітах

аша-паша-шатаір баддхах кама-кродха-парайанах
іханте кама-бхогартхам анйайенартха-санчайан

 

чінтам - страхі і трывогі; апарімейам - бясконцыя; ча - і; пралайа-антам — да самой сьмерці; упашрітах - якія аддаліся; кама-упабхога - пачуцьцёвыя асалоды; парамах - тыя, галоўная мэта жыцьця якіх; этават - таму; іті - так; нішчітах - перакананыя; аша-паша - сетак надзеі; шатаіх - сотнямі; баддхах - зьвязаныя; кама - ад пажадлівасьці; кродха - ад гневу; парайанах - тыя, чый настрой заўсёды залежыць; іханте - жадаюць; кама - пажадлівасьці; бхога - і пачуцьцёвых задавальненьняў; артхам - дзеля; анйайена - незаконным (спосабам); артха - багацьцяў; санчайан - намнажэньне.


Яны перакананыя, што сэнсам чалавечага жыцьця зьяўляюцца асалоды. Таму іх да канца жыцьця перасьледуюць бясконцыя страхі і трывогі. Заблытаўшыся ў сетках сотняў жаданьняў, змучаныя пажадлівасьцю і гневам, яны ўсімі праўдамі і няпраўдамі здабываюць грошы, каб зь іх дапамогай задавальняць свае пачуцьці.

КАМЭНТАР: Дэманы лічаць, што вышэйшай мэтай чалавечага жыцьця зьяўляюцца асалоды, і да самае сьмерці не расстаюцца з гэтымі перакананьнямі. Яны ня вераць у жыцьцё пасьля сьмерці і ў тое, што ў адпаведнасьці са сваёй кармай, дзейнасьцю ў гэтым сьвеце, жывая істота ўвесь час зьмяняе целы. Яны будуюць несканчоныя пляны, якія ніколі цалкам не ўжыцьцяўляюцца. Я быў знаёмы з чалавекам дэманічнага склада вума, які, лежачы на сьмяротным ложку, маліў лекара падоўжыць яму жыцьцё яшчэ на чатыры гады, каб ён пасьпеў выканаць усё задуманае. Такія людзі не разумеюць, што лекар ня можа падоўжыць ім жыцьцё нават на імгненьне. Калі прыходзіць наша чарга, нашы жаданьні не прымаюцца ў разьлік. Законы прыроды нікому не дазволяць пражыць нават на імгненьне больш, чым адведзена лёсам.

 

Дэманы, якія ня вераць у Бога і адмаўляюць існаваньне Звышдушы у сэрцы, нястрымна грашаць толькі для таго, каб задаволіць свае пачуцьці. Яны ня ведаюць, што ў іх у сэрцы знаходзіцца сьведка ўсіх іх учынкаў. Звышдуша ўвесь час назірае за дзейнасьцю індывідуальнай душы. Ва «Упанішадах» гаворыцца пра дзьвюх птушак, якія сядзяць на галінах аднаго дрэва. Адна зь іх дзейнічае і есьць салодкія і горкія плады гэтага дрэва, а другая назірае за ёй. Аднак дэманы ня ведаюць Ведаў і ня вераць у іх, таму яны лічаць, што маюць права рабіць усё, што заўгодна, абы цешыцца, і не думаюць пра наступствы.

 

ВЕРШЫ 13-15

 

ідам адйа майа лабдхам імам прапсйе маноратхам
ідам астідам апі ме бхавішйаті пунар дханам

асау майа хатах шатрур ханішйе чапаран апі
ішваро 'хам ахам бхогі сіддхо 'хам балаван сукхі

адхйо 'бхіджанаван асмі ко 'нйо 'сті садрішо майа
йакшйе дасйамі модішйа
ітй аджнана-вімохітах

 

ідам - гэта; адйа - сёньня; майа - мной; лабдхам - атрымана; імам - гэта; прапсйе - атрымаю; манах-ратхам - жаданае; ідам - гэта; асті - зьяўляецца; ідам - гэта; апі - таксама; ме - маё; бхавішйаті - стане (больш); пунах - ізноў; дханам - багацьце; асау - той; майа - мной; хатах - забіты; шатрух - вораг; ханішйе - заб'ю; ча - таксама; апаран - іншых; апі - неадменна; ішварах - гаспадар; ахам - я; ахам - я; бхогі - які атрымлівае асалоду; сідхах - дасканалы; ахам - я; бала-ван - магутны; сукхі - шчасьлівы; адхйах - багаты; абхіджана-ван - у атачэньні шляхетных сваякоў; асмі - зьяўляюся; ках - хто; анйах - іншы; асті - ёсьць; садрішах - параўнальны; майа - са мной; йакшйе - буду прыносіць ахвяры; дасйамі - буду раздаваць ахвяраваньні; модішйе - буду цешыцца і атрымліваць асалоду; іті - так; аджнана - невуцтвам; вімохітах - ашуканыя.

«Сёньня, - думае дэман, - я атрымаў добры прыбытак, калі ж мае пляны ўжыцьцявяцца, я атрымаю яшчэ больш. Цяпер я валодаю неблагім багацьцемм, але ў будучыні яно стане яшчэ больш. Гэты быў маім ворагам, і я забіў яго. Тая ж доля чакае і іншых. Я гаспадар усяго. Я цешуся жыцьцём. Я дасягнуў дасканаласьці, магутнасьці і шчасьця. Я багацей за ўсіх, і мяне атачаюць шляхетныя сваякі. У сьвеце няма нікога магутней і шчасьлівей за мяне. Я буду зьдзяйсьняць ахвярапрынашэньні, раздаваць ахвяраваньні і цешыцца жыцьцем». Так гэтыя людзі робяцца ахвярамі ўласнага невуцтва.

ВЕРШ 16

 

анека-чітта-вібхранта моха-джала-самаврітах
прасактах кама-бхогешу патанті нараке 'шучау

 

анека - шматлікімі; чітта - трывогамі; вібхрантах - занепакоеныя; моха - зманаў; джала - сеткай; самаврітах - аблытаныя; прасактах - прывязаныя; кама-бхогешу - у пачуцьцёвых задавальненьнях; патанті - падаюць; нараке - у пекла; ашучау - нячысты.

Ахопленыя турботамі і трывогамі і аблытаныя сецівам зманаў, дэманы празьмерна прывязваюцца да пачуцьцёвых задавальненьняў і ўрэшце трапляюць у пекла.

КАМЭНТАР: Прага дэманічнага чалавека да нажывы ня ведае межаў. Яна неспатольная. Ён думае толькі пра тое, колькі ў яго багацьцяў цяпер і як прымножыць іх у будучыні. Для гэтага ён гатоў зьдзейсьніць любы грэх і, імкнучыся да забароненых асалодаў, займаецца законнымі махінацыямі. Ганарачыся тым, што ў яго ўжо ёсьць: сваёй зямлёй, сям'ёй, хатай і рахункам у банку, - ён увесь час думае пра тое, як стаць яшчэ багацей. Ён верыць толькі ва ўласныя сілы і ня ведае, што ўсе яго багацьці прыйшлі да яго ў выніку яго мінулых набожных учынкаў. Ён атрымаў магчымасьць атрымаць гэтыя багацьці, але яму нічога не вядома пра прычыны гэтага, якія зьвязаныя зь яго мінулым. Ён думае, што багацьце прыйшло да яго дзякуючы яго высілкам. Дэман верыць толькі ва ўласныя сілы, а не ў закон кармы, у адпаведнасьці зь якім шляхетнае паходжаньне, багацьце, добрая адукацыя ці прыгажосьць зьяўляюцца вынікам нашых мінулых набожных учынкаў. Дэманы лічаць, што абавязаны гэтаму свайму посьпеху і здольнасьцям. Яны не адчуваюць, што за ўсёй разнастайнасьцю ў грамадзкім становішчы, зьнешнасьці і адукацыі людзей стаіць плян Бога. Кожны, хто адважваецца супернічаць з такімі людзьмі, адразу робіцца іхным ворагам. На сьвеце шмат дэманічных людзей, і ўсе яны варагуюць між сабой. Гэта варожасьць увесь час пашыраецца і паглыбляецца, пераходзячы за рамкі асабістых адносінаў і перакідаючыся на сем'і, кланы і цэлыя народы. Таму паўсюль у сьвеце не цішэюць варожасьць, суперніцтва і войны.

 

Кожны дэманічны чалавек лічыць, што дзеля сябе можна ахвяраваць усімі іншымі. Зазвычай, усе дэманы лічаць сябе Богам. Таму, калі дэман робіцца прапаведнікам, ён пераконвае сваіх пасьлядоўнікаў: «Навошта вам недзе шукаць Бога? Кожны з вас сам Бог! Можаце рабіць усё, што хочаце. Не верце ў Бога. Выкіньце Бога. Бог мёртвы». Так навучаюць дэманы.

Хоць дэманам вядома пра існаваньне людзей таксама багатых і ўплывовых, як яны, тым не менш кожны зь іх лічыць сябе самым багатым і самым магутным чалавекам на сьвеце. Што да доступу на райскія плянэты, то дэманы не лічаць патрэбным зьдзяйсьняць для гэтага яг'і, ахвярапрынашэньні. Яны думаюць, што можна вынайсьці сваю яг'ю ці стварыць мэханічную прыладу, якая дазволіць ім дасягнуць вышэйшых плянэт сусьвету. Лепшым прыкладам таму зьяўляецца Равана. Ён абвясьціў сваім падданым, што пабудуе лесьвіцу, па якой усе змогуць падняцца ў райскае царства, не зьдзяйсьняючы прадпісаных Ведамі ахвярапрынашэньняў. Таксама і цяперашнія дэманы спрабуюць дасягнуць вышэйшых плянэтных сыстэм на мэханічных сродках руху. Усё гэта прыклады дэманічных зманаў. У выніку, самі таго ня ведаючы, яны рыхтуюць сабе месца ў пекле. У сувязі з гэтым асабліва важным у дадзеным вершы зьяўляецца слова моха-джала. Джала на санскрыце значыць «сетка»; нібы рыбы, злоўленыя ў сетку, яны ня могуць выблытацца зь сеткі ўласнай аблуды.

 

 

ВЕРШ 17

 

атма-самбхавітах стабдха дхана-мана-маданвітах
йаджанте нама-йаджнаіс те дамбхенавідхі-пурвакам

 

атма-самбхавітах - самаздаволеныя; стабдхах - нахабныя; дхана-мана - багацьцем і пашанай; мада - у змане; анвітах - ахопленыя; йаджанте - зьдзяйсьняюць ахвярапрынашэньні; нама - толькі па назьве; йаджнаіх - ахвярапрынашэньнямі; те - яны; дамбхена - гонарам; авідхі-пурвакам - без усялякіх правілаў і прадпісаньняў.

Самаздаволеныя і дзёрзкія, асьлепленыя багацьцем і ганарыстасьцю, часам яны, выхваляючыся сабою, зьдзяйсьняюць ахвярапрынашэньні, але робяць гэта напаказ, не кіруючыся ніякімі правіламі.

КАМЭНТАР: Лічачы сябе цэнтрам сусьвету і не прызнаючы над сабой ніякіх аўтарытэтаў і ўлады сьвятых пісаньняў, дэманы часам выконваюць так званыя рэлігійныя абрады і ахвярапрынашэньні. І паколькі для іх не існуе аўтарытэтаў, яны паводзяць сябе вельмі дзёрзка. Усё гэта зьяўляецца вынікам ілюзіі, спароджанай багацьцем і ганарыстасьцю. Часам такія дэманы прыбіраюцца ў адзеньні прапаведнікаў і зьбіваюць з панталыку неспрактыкаваных людзей, выдаючы сябе за рэлігійных рэфарматараў ці ўвасабленьні Бога. Яны або робяць паказныя ахвярапрынашэньні, або пакланяюцца напаўбагам, або прыдумляюць уласнага Бога. Звычайныя людзі пачынаюць прымаць іх за Бога і пакланяцца ім, а неразумнікі лічаць іх вялікімі знаўцамі духоўнай навукі. Яны апранаюцца ў адзеньні манахаў і ў гэтым строі займаюцца рознымі глупствамі. Насамрэч той, хто даў зарок адрачэньня ад сьвету, павінен пільнавацца вельмі строгіх правілаў. Аднак дэманы не зьвяртаюць на іх ніякай увагі. Яны лічаць, што кожны чалавек можа пракласьці свой шлях духоўнага разьвіцьця і што адзінага шляху проста не існуе. У сувязі з гэтым асаблівую ролю адыгрывае слова авідхі-пурвакам, якое ўказвае на тое, што дэманы грэбуюць правіламі і прадпісаньнямі. Такі чын дзеяньняў заўсёды зьяўляецца вынікам невуцтва і зманаў.

 

ВЕРШ 18

 

аханкарам балам дарпам камам кродхам ча самшрітах
мам атма-пара-дехешу прадвішанто 'бхйасуйаках

 

аханкарам - падманнаму эга; балам - сіле; дарпам - ганарыстасьці; камам - пажадлівасьці; кродхам - гневу; ча - таксама; самшрітах - якія аддаліся; мам - да Мяне; атма - у іх уласным; пара - і ў іншых; дехешу - у целах; прадвішантах - якія паносяць; абхйасуйаках - зайздросьлівыя.

Уведзеныя ў аблуду падманным эга, сілай, ганарыстасьцю, пажадлівасьцю і гневам, дэманы ненавідзяць Госпада, які знаходзіцца ў іх целах і ў целах усіх іншых жывых істот, і пагарджаюць сапраўднай рэлігіяй.

КАМЭНТАР: Дэманы, якія заўсёды пярэчаць вярхоўнай уладзе Госпада, ня вераць словам сьвятых пісаньняў. Сьвятыя пісаньні і сам факт існаваньня Вярхоўнай Асобы Бога выклікаюць у іх пачуцьцё рэўнасьці. Прычынай таму іх ганарыстасьць, а таксама намножаныя імі багацьці і сіла. Ім невядома, што іх цяперашняе жыцьцё зьяўляецца падрыхтоўкай да наступнага. Ня ведаючы пра гэта, яны, па сутнасьці, ненавідзяць саміх сябе, таксама як і іншых жывых істот. Яны ўчыняюць гвалт над целамі іншых людзей і над уласным целам. Пазбаўленыя веданьня, дэманы не хочуць лічыцца зь вярхоўнай уладай Асобы Бога. Іх непрыязь да сьвятых пісаньняў і Вярхоўнай Асобы Бога выяўляецца ў тым, што яны выкарыстоўваюць падманныя аргумэнты супраць існаваньня Бога і адмаўляюць аўтарытэт богаадкрытых пісаньняў. Яны лічаць сябе незалежнымі і думаюць, што маюць права рабіць усё, што хочуць. Перакананы у тым, што ў сьвеце няма нікога мацней, магутней і багацей за яго, дэман упэўнены, што можа дзейнічаць, як яму надумаецца, і што ніхто не зможа яго спыніць. Калі ў яго ёсьць вораг, які пагражае перашкодзіць ягоным асалодам, ён увесь час думае пра тое, як яго адолець.

 

 

ВЕРШ 19

 

тан ахам двішатах круран самсарешу нарадхаман
кшіпамй аджасрам ашубхан асурішв эва йонішу

 

тан - тых; ахам - Я; двішатах - ненавісных; круран - нядобрых; самсарешу - у акіян матэрыяльнага жыцьця; нара-адхаман - ніжэйшых зь людзей; кшіпамі - кідаю; аджасрам - навекі; ашубхан - пазбаўленых выгоды; асурішу - у дэманічныя; эва - неадменна; йонішу - у чэравы.

Іх, споўненых нянавісьці і нядобрых, ніжэйшых сярод людзей, Я навекі зрынаю ў акіян матэрыяльнага існаваньня, у розныя дэманічныя формы жыцьця.

КАМЭНТАР: Тут ясна сказана, што індывідуальная душа трапляе ў тое ці іншае матэрыяльнае цела па волі Ўсявышняга. Дэман можа адмаўляць вышэйшую ўладу Госпада і дзейнічаць паводле свайго меркаваньня, але яго наступнае жыцьцё цалкам і даастатку залежыць ад волі Вярхоўнай Асобы Бога, а не ад яго ўласнай. У трэцяй песьні «Шрымад Бхагаватам» гаворыцца, што пасьля сьмерці матэрыяльнага цела індывідуальная душа трапляе ва ўлоньне новай маткі, дзе атрымлівае новае цела, вызначанае ёй звыш. У гэтым прычына разнастайнасьці формаў і відаў жыцьця ў матэрыяльным сьвеце, населеным жывёламі, людзьмі і г. д. Уся гэта разнастайнасьць паўстала не выпадкова, а была створана воляй Усявышняга. І тут ясна сказана, што дэманаў зноў і зноў зьмяшчаюць у чэравы дэманічных жанчын і яны застаюцца зласьлівымі, самымі занядбалымі людзьмі. Людзі дэманічнай пароды ўвесь час ахоплены пажадлівасьцю, заўсёды гатовы ўчыніць гвалт, яны ненавідзяць іншых і маюць нячыстыя звычкі. Да ліку дэманічных формаў жыцьця адносяцца, напрыклад, шматлікія плямёны паляўнічых, што жывуць у джунглях.

 

ВЕРШ 20

 

асурім йонім апанна мудха джанмані джанмані
мам апрапйаіва каунтейа тато йантй адхамам гатім

 

асурім - у дэманічнае; йонім - улоньне; апаннах - якія патрапілі; мудхах – неразумныя людзі; джанмані джанмані - жыцьцё за жыцьцём; мам - Мяне; апрапйа - не дасягнуўшы; эва - безумоўна; каунтейа - о сын Куньці; татах - адтуль; йанті - ідуць; адхамам - да ніжэйшай; гатім - да мэты.

Ізноў і зноў нараджаючыся сярод дэманаў, о сын Куньці, такія людзі ня могуць наблізіцца да Мяне. Паступова яны апускаюцца да самых агідных формаў жыцьця.

КАМЭНТАР: Госпада называюць усяміласьцівым, аднак з гэтага верша мы даведваемся, што Ён ніколі не выказвае Сваёй міласьці дэманам. Тут ясна сказана, што дэманы зноў і зноў трапляюць у чэравы дэманічных жанчын і, пазбаўленыя міласьці Вярхоўнага Госпада, апускаюцца ўсе ніжэй і ніжэй, пакуль урэшце не апынаюцца ў целах катоў, сабак і свіньняў. Дэманы практычна пазбаўлены магчымасьці атрымаць міласьць Госпада нават у будучыні. У Ведах гаворыцца, што, дэградуючы, такія душы з часам апынаюцца ў целах сабак і свіньняў. Нехта можа сказаць, што калі Бог не аказвае міласьці дэманам, то не варта называць Яго ўсяміласьцівым. У адказ на гэта «Веданта-Сутра» кажа, што Вярхоўны Госпад ні да каго не адчувае нянавісьці. Калі асуры, дэманы, трапляюць у ніжэйшыя формы жыцьця, - гэта таксама праяўленьне Яго міласьці ў адносінах да іх. Часам Ён сам забівае асураў, але гэта таксама добра для іх, бо ў Ведах сказана, што кожны, хто гіне ад рукі Ўсявышняга, атрымлівае вызваленьне. У гісторыі было нямала асураў: Равана, Камса, Хіраньякашыпу, якіх забіў Сам Госпад у вобразе розных увасабленьняў. Такім чынам, асуры таксама могуць атрымаць міласьць Госпада, калі ім пашчасьціць загінуць ад Яго рукі.

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.