Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





4. Паходжанне дзеепрыметніка і дзеепрыслоўя



 

Дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану цяперашняга і прошлага часу ў старажытнасці ўтваралі разгорнутую сістэму і вызначаліся ўласнымі адметнасцямі ўтварэння, змянення і ўжывання. Дзеепрыметнікі першапачаткова мелі кароткую і поўную формы для ўсіх трох родаў у трох ліках.

 

1. Кароткія дзеепрыметнікі цяперашняга часу незалежнага стану (ида, мога, неса, зная, любя, хваля) з цягам часу ў гісторыі беларускай мовы выйшлі з ужытку (у рускай мове – захаваліся як прыслоўі).

Поўныя дзеепрыметнікі цяперашняга часу незалежнага стану ўтвараліся ад кароткіх формаў пры дапамозе ўказальнага займенніка è (м. род), " (ж. род), ~ (н. род).

У старабеларускай мове, пераважна ў творах рэлігійнага зместу, для ўтварэння дзеепрыметнікаў гэтага віду шырока ўжываўся царкоўна-славянскі па паходжанні суфікс -ущ/-ющ, -ащ/-ящ. Аднак у наступныя перыяды гісторыі беларускай мовы ён паступова выходзіць з ужытку і сучаснай беларускай мове не ўласцівы наогул.

Уласнабеларускім суфіксам для ўтварэння дзеепрыметнікаў цяперашняга часу незалежнага стану з’яўляецца суфікс -уч-/-юч, -ач/-яч, які на ўсходнеславянскай глебе ўзнік ў выніку заканамернага ператварэння *tj> [ч].

 

2. Дзеепрыметнікі прошлага часу незалежнага стану на -ш, -вш (змоўкшы, апаўшы, расцвіўшы, пасталеўшы), дастаткова пашыраныя ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, -- асабліва ў стылі мастацкай літаратуры, а таксама ў навуковым і публіцыстычным стылях, -- былі вядомы і старажытнаму пісьменству. Пра тое, што сфера іх ўжывання абмяжоўвалася толькі творамі пісьменства, сведчыць адсутнасць іх у старадаўніх дзелавых помніках і ў сучасных беларускіх гаворках.

Асобны тып дзеепрыметнікаў прошлага часу незалежнага стану ў старажытнасці складалі так званыя актыўныя дзеепрыметнікі на -л-: далъ, виделъ, зналъ, былъ, билъ, хвалилъ і інш.. Напачатку гэтыя дзеепрыметнікі не мелі прэдыкатыўнага значэння, а з’яўляліся імем, якое змянялася па родах, ліках і склонах. Формы на -лъ уваходзілі ў склад перфекта, плюсквамперфекта, будучага 2-га, умоўнага ладу. Формы ж на -лый паступова страцілі прэдыкатыўнасць, аднак узмацніліся іх атрыбутыўныя якасці, у выніку чаго яны (формы) ператварыліся ў прыметнікі: кіслы, дарослы, удалы, гнілы, вялы, лінялы, гарэлы і інш. Паказальна, што формы дзеепрыметнікаў на -л- шырока ўжываліся ў старабеларускай пісьмовай і жывой народнай мове. Уласцівы яны і сучасным беларускім гаворкам. У сучаснай беларускай літаратурнай мове могуць ужывацца як дзеепрыметнікі з суфіксам -л-, так і з суфіксам -вш-: зарослы – заросшы, анямелы – анямеўшы, пачарнелы – пачарнеўшы.

 

3. Дзеепрыметнікі цяперашняга часу залежнага стану з праславянскага перыяду ўтвараюцца пры дапамозе суфікса -м-. Як і іншыя дзеепрыметнікі маглі выступаць у кароткай і поўнай формах. У агульнаўсходнеславянскай мове яны ўжываліся вельмі абмежавана і як асобная дзеяслоўная форма, фактычна, выйшлі з ужытку, перайшоўшы ў іншы лексіка-граматычны клас, – яны сталі прыметнікамі. У сучаснай беларускай мове: незнаёмы, вядомы, любімы, рухомы і інш. Разам з тым у старабеларускай пісьмовай мове пашыраюцца і паступова замацоўваюцца формы з суфіксамі -ом/-ем, -ім/-ым, якія і афармляюць сучасныя беларускія дзеепрыметнікі цяперашняга часу залежнага стану. Шырока ўжываюцца такія формы ў навуковым і публіцыстычным стылях; гаворкам такія формы дзеепрыметніка не характэрны.

 

4. Дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага стану даўней утвараліся пры дапамозе суфіксаў -н- і -т-, ужываліся ў кароткай і поўнай формах, змяняліся як прыметнікі. Шырока выкарыстоўваліся такія формы, асабліва з суфіксам -н-, у старабеларускай мове: выхованый, написаный, побраный, скараный, уделаный, хованый, проклятый, одетый, битый, принятый, вытертый і інш. Пры гэтым паралельна маглі ўжывацца як формы на -н-, так і формы на -т-, што мае месца і ў сучасных беларускіх гаворках: апрануты – апранены, зжаты – зжаны, паламаты – паламаны і інш.

 

5. Дзеепрыслоўі усіх сучасных усходнеславянскіх моў – былыя формы кароткіх дзеепрыметнікаў незалежнага стану цяперашняга і прошлага часу. Калі ў рускай мове пашырылася і замацавалася былая форма назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду на -а/-я (беря, идя, неся), то ў беларускай і ва ўкраінскай мовах перавагу атрымалі формы жаночага роду (беручи, идучи, несучи).

Даследчыкі гісторыі беларускай мовы лічаць, што ў канцы 16 ст. дзеепрыслоўе існавала як самастойная граматычная форма, адрозная ад дзеепрыметніка, з якім яна генетычна звязана.

Дзеепрыслоўі незакончанага трывання на -учы/-ючы, -ачы/-ячы з’яўляюцца пануючымі ў сучаснай беларускай мове, як у літаратурнай, так і ў гаворках. “Толькі ў гаворках крайняй паўночна-ўсходняй часткі Беларусі, а таксама на паўднёвай ускраіне (Столін, Давыд-Гарадок, Лунінец) захоўваюцца старажытныя формы дзеепрыслоўяў на -а/-я тыпу нося, стоя, ходзя”[1].

Уніфікаваныя (агульныя) формы дзеепрыслоўяў закончанага трывання на -ўшы/-шы шырока прадстаўлены ў старабеларускім пісьменстве. Адзінымі з’яўляюцца гэтыя формы і ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. “Ва ўскраінных беларускіх гаворках, акрамя таго, зрэдку трапляюцца дзеепрыслоўі прошлага часу на -мшы, -дшы, -тчы: бачымшы, гулямшы, емшы, зрабімшы, прышодшы, паехотчы”[2].


[1] Булыка А. М., Жураўскі А. І., Крамко І. І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. – Мн.: Навука і тэхніка, 1979. – С. 310.

[2] Тамсама. – С. 312.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.