|
|||
3. ІнфінітыўІнфінітыў у сучаснай беларускай мове – гэта нязменная пачатковая дзеяслоўная форма, якая перадае найбольш агульнае значэнне працэсу і ўтвараецца ад асноў прошлага часу пры дапамозе формаўтваральных суфіксаў -ць/-ці, -чы. Генетычна інфінітыў – гэта іменная форма: аддзеяслоўнае імя з суфіксам -ть, якое некалі скланялася як назоўнік з асновай на *ĭ, застылае ў форме давальнага склону. На сувязь паміж інфінітывам і назоўнікам паказваюць амаформы тыпу стать, течь, печь, речь, пропасть, знать, сечь – у рускай мове, знаць – у беларускай, стать – ва ўкраінскай, piec – у польскай і да таго пад. У старажытнасці інфінітыўныя формы заканчваліся на -ти: изловити, замкнути, глядети, мълчати, ходити, читати, воевати і інш. У агульнаўсходнеславянскіх мовах у суфіксе адбываецца рэдукцыя канцавога галоснага, і інфінітыўныя формы набываюць выгляд изловить, замкнуть, глядеть, мълчать, ходить, читать, воевать. У гісторыі беларускай мовы да гэтага фанетычнага працэсу дадаецца яшчэ адзін – далейшае памякчэнне напаўмяккага [т, ], і ў выніку інфінітыў у беларускай мове выступае з суфіксам -ць: злавіць, замкнуць, маўчаць і інш. У сучаснай беларускай мове нескарочаныя старажытныя формы інфінітыва на -ці працягваюць ужывацца толькі ў невялікай групе паўднёва-заходніх гаворак (у Брэсцкай вобласці, спарадычна на Гродзеншчыне і Гомельшчыне). Часам такія формы інфінітыва ўжываюцца і ў літаратурнай мове: Не магу так без волі яго ўчыніці (У. Караткевіч); у паэтычнай мове – у адпаведнасці з патрабаваннямі памеру і рыфмы: Болей рукам тваім жыта не жаці, жыта не жаці, снапоў не вязаці (П. Броўка); І некага ёй выпраўляці, і некага ёй сустракаці (П. Панчанка). У паўночна-ўсходніх беларускіх гаворках пашыраны формы інфінітываў з асновай на зычны без канцавога галоснага: весьць, гресьць, класьць, месьць, плесьць, сесьць і інш. Адметным беларускім суфіксам інфінітыва з’яўляецца суфікс -чы. Ён афармляе адносна невялікую групу інфінітываў, аснова якіх заканчваецца на заднеязычныя [h] або [к]: магчы, берагчы, валачы, легчы, пячы, стрыгчы, цячы і інш. Адпаведныя агульнаўсходнеславянскія формы мелі суфікс -чи: мочи, беречи, волочи, лечи, печи, стричи, течи і інш. У гісторыі беларускай мовы ў такіх формах адбылося зацвярдзенне шыпячага [ч, ] і, акрамя гэтага, у некаторых выпадках пад уплывам формаў цяперашняга часу аднавіўся заднеязычны асновы [h] або [к]. У беларускай мове (літаратурнай і ў гаворках) у інфінітывах заднеязычны [h] аднавіўся ва ўсіх выпадках: бегчы, берагчы, легчы, памагчы, стрыгчы, сцерагчы. У інфінітывах з асновай на заднеязычны [к] літаратурнай нормай з’яўляюцца формы пячы, сячы, цячы, таўчы, але ў гаворках прадстаўлены і розныя акцэнталагічныя варыянты з адноўленым заднеязычным пякчы́, сякчы́, цякчы́ і пе́ кчы, се́ кчы, це́ кчы, а таксама з нерэдукаваным суфіксам: берагці, легці, памагці, стрыгці, пекці, секці, цекці; маюць пашырэнне і формы без заднеязычнага з рэдукаваным суфіксам: беч, сеч, цеч і інш.
|
|||
|