|
|||
Родная мова. КАБ ВЕДАЛІ. Працягласць дня і ночыРодная мова З легендаў i казак былых пакаленняў, З калосся цяжкога жытоў i пшанiц, З сузор'яў i сонечных цёплых праменняў, З грымучага ззяння бурлiвых крынiц. З птушынага шчэбету, шуму дубровы, I з гора, i з радасцi, i з усяго Таго, што лягло назаўсёды ў аснову Святынi народа, бяссмерця яго, – Ты выткана, дзiўная родная мова. Няма на зямлi таго шчасця i гора, Якога б ты нам перадаць не магла. Няма такiх нетраў, глыбокага мора I гор, праз якiя б ты не правяла Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй Над спаленай хатай, над родным загонам, Над будучыняй і песняй маёй – Над тым, што было i што век будзе вольным.
Народ пранясе цябе, родная мова, Святлом незгасальным у сэрцы сваiм Праз цемру і годы змаганняў суровых. Калi ж ападзе і развеецца дым I нiвы васкросшыя закаласяцца, – Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом, Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце, Цымбалам дасi iх сарэбраны гром I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.
КАБ ВЕДАЛІ Расце на высокім кургане сасна, Каб ведалі; Дол апляла каранямі да дна, Каб ведалі; Вяршыняю зоры кранае яна, Каб ведалі; З ветрам звініць, як тугая струна, Каб ведалі Маткі, Дзе спяць дзеці-сокалы сном; Вятры, Дзе іграць галасістым смыком; Зоры, Дзе ім асыпацца дажджом; Птушкі у выраі – Родны свой дом.
Працягласць дня і ночы Памыляюцца тыя, Хто ўсё яшчэ верыць, Быццам Працягласць дня і ночы Падпарадкуецца Астранамічным разлікам. I я так думаў, Пакуль аднойчы не пачуў, Як, вяртаючыся з поля, Спявалі нашы дзяўчаты: «А я дня укарачу I да ночы прытачу...» Божа! Якія гэта былі дзяўчаты! Кожная з іх Не толькі магла I дзень укараціць, I ноч прадоўжыць, Але і ашчаслівіць На ўсё жыццё.
|
|||
|