|
|||
Прававое і сацыяльнае становішча гараджан Беларусі ў ХІV–ХVІІІ стст.4. Прававое і сацыяльнае становішча гараджан Беларусі ў ХІV–ХVІІІ стст. Мяшчане - насельніцтва беларускіх гарадоў. Па маёмасным становішчы насельніцтва гарадоў умоўна можна падзяліць на тры групы: вярхушку (патрыцыят), куды ўваходзілі заможныя купцы і ўладальнікі буйных рамесных майстэрань; сярэднія пласты - дробныя гандляры і простыя рамеснікі; гарадскія нізы - вучні майстроў, хатняя прыслуга і інш. У залежнасці ад эканамічнага стану мяшчан знаходзілася і іх прававое становішча, якое вызначалася прыналежнасцю горада (прыватнаўласніцкі, ці вялікакняжацкі); наяўнасцю ў горадзе магдэбургскага права; займаемай пасадай у органах гарадскога самакіравання і г. д. Найболып заможныя гараджане прывілеяваных вялікакняжацкіх гарадоў (Вільня, Бярэсце, Полацк, Менск) мелі права валодаць маёнткамі па-за межамі горада і павінны былі выконваць вайсковыя абавязкі асабіста або выстаўляць за сябе пэўную колькасць узброеных людзей нароўні з іншымі феадаламі. Мяшчане гарадоў, якія карысталіся магдэбургскім правам, вызваляліся ад прыгонных работ, падводнай павіннасці, уплаты праязных пошлін (мыта) на ўсёй тэрыторыі ВКЛ і некаторых іншых павіннасцей. Крымінальнае права ўстанаўлівала павышаную адказнасць за іх забойства. Жыхары гарадоў, якія мелі магдэбургскае права, атрымлівалі шэраг правоў і прывілеяў. Перш за ўсё гэта тычыцца правоў на удзел у фарміраванні органаў гарадскога самакіравання і суда, на стварэнне рэлігійных брацтваў і аб\'яднанне ў цэхі па прафесіях. Юрыдык- станаўленне мяшчанскага саслоўя не выключала пранікнення ў гарады феадалаў, якія скуплялі ўчасткі зямлі, трымаючы пад сваёй юрысдыкцыяй тых, хто жыў на гэтай частцы гарадской тэрыторыі. У некаторых гарадах шляхта стварала кварталы з вясковых перасяленцаў, якія былі звязаны з панам ланцугамі прыгоннай няволі. На жыхароў не распаўсюджвалася адміністрацыйная і судовая ўлада магістрата. Яны не плацілі падаткі, якія ішлі ў бюджэт горада. Меншым комплексам правоў валодалі жыхары гарадоў і мястэчак Беларусі, якія не мелі льготных грамат. Яны падлягалі падсуднасці ваявод і старастаў, а не гарадскога магістрата, як гэта было ў прывілеяваных гарадах. Мяшчане прыватнаўласніцкіх гарадоў і мястэчак знаходзіліся пад уладай феадала, які вызначаў памер грашовых збораў і натуральных павіннасцей. Выконвалі адпрацовачныя павіннасці (паншчына, рамонт насыпаў, ачыстка прудоў, лоўля рыбы і інш. ) і тыя мяшчане, якія мелі ворыўныя ўчасткі зямлі, астатнія ж плацілі грашовыя падаткі. Трэба адзначыць і тое, што горад служыў феадалу не толькі ў якасці крыніцы грашовых даходаў, але і як адміністрацыйна-палітычны цэнтр, абарончы апорны пункт.
|
|||
|