Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Пасля ўніверсітэта



Пасля ўніверсітэта

Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 1954—1956 гадах працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сельскай школе, у вёсцы Лісавычы ў Кіеўскай вобласці Украіны. У 1956—1958 гадах працаваў настаўнікам у Оршы. Пазней вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах (1958—1960), сцэнарных курсах (1962), у Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве (цяпер Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С. А. Герасімава) і стаў прафесійным пісьменнікам.

 

Мінск

МанаЛІТ — дом у Мінску (вул. Карла Маркса, 36), у якім жыў Уладзімір Караткевіч з 1973 г. На фасадзе — мемарыяльная дошка У. Караткевічу

Магіла Уладзіміра Караткевіча на Усходніх могілках у Мінску

У пачатку 1963 года Уладзімір Караткевіч атрымаў у Мінску аднапакаёвую кватэру па адрасе вул. Чарнышэўскага, д. 7, кв. 57. Праз некаторы час з Оршы ў Мінск да яго пераехала маці. Увесну 1967 года яны ўдваіх атрымалі кватэру на вул. Веры Харужай, д. 48, кв. 26. У тым жа 1967 годзе, увосень, у часе чытацкай канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім» у Брэсце, Уладзімір пазнаёміўся з выкладчыцай Брэсцкага педагагічнага інстытута Валянцінай Нікіцінай (у дзявоцтве Ватковіч, 1934—1983 гг.), з якой 19 лютага 1971 года ён ажаніўся.

Вясной 1973 года сужэнцы абмянялі кватэру на вул. Веры Харужай і пакой на трохпакаёвую кватэру на вул. Карла Маркса, 36, дзе далей і жылі разам з маці Уладзіміра Караткевіча.

Уладзімір Караткевіч прысвяціў жонцы Валянціне Браніславаўне верш «Таўры» і раман «Чорны замак Альшанскі» (1979), які пачынаецца словамі: «В. К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю». Валянціна Браніславаўна стала высокакваліфікаваным гісторыкам, працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, узнагароджаная Дзяржаўнай прэміяй БССР.

У другой палове 1970-х гадоў Караткевіч пачаў працаваць на Беларускім тэлебачанні, дзе ён вёў праграму «Спадчына», прысвечаную гісторыі і культуры беларускай зямлі.

Пісьменнік любіў шмат падарожнічаць — з сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый ён наведаў шмат мясцін у Беларусі, таксама наведваў іншыя краіны: двойчы быў у Польшчы (1971, 1977), тройчы ў Чэхаславакіі (1973, 1975, 1979).

Апошнія дні лютага 1983 года былі вельмі трагічнымі для пісьменніка — у адзін дзень, 28 лютага, памерлі яго жонка і родная цётка па матчынай лініі — Яўгенія Васілеўна, у якой ён жыў у вызваленым у 1944 годзе Кіеве. Паводле слоў пісьменніка, ён у тыя дні «адчуваў сябе на мяжы нервовага надлому». У шлюбе з Валянцінай Браніславаўнай ён пражыў 12 гадоў, але дзяцей у іх не было.

 

У пачатку чэрвеня 1983 года Караткевіч паехаў у Оршу, у бацькоўскі дом да пляменніцы. У Мінск вярнуўся ў пачатку снежня. У пачатку лютага 1984 года ім былі напісаныя некалькі вершаў, аднак у канцы лютага Караткевіч моцна захварэў і каля месяца праляжаў у рэанімацыі. Вясной пачаў адчуваць сябе лепш.

 

Незадоўга да смерці Уладзімір Караткевіч наведаў блізкія і дарагія яму мясціны. Ён з’ездзіў у Рагачоў, у Кіеў на юбілейную сустрэчу выпускнікоў Кіеўскага ўніверсітэта. 12 ліпеня 1984 года з сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, адправіўся ў паход па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна, і ён 20 ліпеня вярнуўся ў Мінск. Пісьменнік Анатоль Астапенка лічыць, што прычына заўчаснай смерці Караткевіча — гэта яго алкагольная залежнасць, іншая хвароба была ўжо як наступства. Пра алкагольную залежнасць Караткевіча пісалі таксама Янка Брыль і Адам Мальдзіс.

Памёр Уладзімір Караткевіч 25 ліпеня 1984 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Як паэт Караткевіч дэбютаваў у 1951 годзе — апублікаваў у аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» два вершы: «Тут будет канал» (на рускай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове).

У пачатку творчага шляху Караткевіч звярнуўся да беларускай гісторыі і фальклору, пра што сведчаць яго творы «Казкі і легенды маёй Радзімы», «Лебядзіны скіт», казка «Вужыная каралева». Фантазія пісьменніка раскрываецца ў казцы «Надзвычайная котка», якую ён пазней дапрацаваў і назваў «Чортаў скарб». У гэтай казцы пісьменнік традыцыйны фальклорны сюжэт напоўніў арыгінальнымі вобразамі і дэталямі, мяккім лірызмам і дабрадушным гумарам.

Уладзімір Караткевіч вывучаў, запісваў і шырока выкарыстоўваў у сваёй творчасці фальклор. Студэнтам ён даследаваў у сваёй дыпломнай працы сацыяльныя казкі і легенды ва ўсходнеславянскім фальклоры. У другой палове 1950-х гадоў ён выношваў ідэю стварэння нацыянальнай эпапеі — планаваў напісаць каля 100 тамоў, у якіх павінны былі быць «Казкі і літаратура для дзяцей у стылі Ганса Крысціяна Андэрсена» і «Запісы фальклору». Некалькі старажытных легенд пра святых Міколу і Касьяна, звязаных з беларускім фальклорам, у перакладзе Караткевіча, былі змешчаны ў кнізе Аляксандра Назарэўскага «Из истории русско-украинских связей» (Кіеў, 1963 г.).

Шэраг арыгінальных казак ім былі створаны ў 1970-я — пачатку 1980-х гады. На аснове адной з беларускіх казак узнікла казка «Верабей, сава і птушыны суд». Несправядлівасць, як самая ганебная для грамадства з’ява, ім асуджаецца ў казцы «Кацёл з каменьчыкамі», у якой арганічна аб’ядналіся эпічная апавядальнасць і праніклівая эмацыйнасць.

У казцы «Нямоглы бацька» пісьменнік піша пра павагу і любоў да бацькоў. У старажытныя часы на беларускай зямлі быў закон, паводле якога старых бацькоў адводзілі ў лес паміраць. Так спярша абышоўся са сваім бацькам і герой казкі Пятро. Аднак неўзабаве, насуперак усталяванаму закону, ён уначы ўпотай забраў бацьку. І ў галодны год мудры бацька падказвае сыну, як трэба зрабіць, каб выратаваць людзей ад голаду. Пры стварэнні гэтай казкі Караткевіч, верагодна, абапіраўся на казку «Стары бацька» Аляксандра Сержпутоўскага, аднак пры гэтым ім была выказана ўласная аўтарская пазіцыя. У казцы аўтар у тактычнай і далікатнай дыдактычнай форме кажа пра неабходнасць цаніць дабрыню і мудрасць.

Заява Караткевіча аб уступленні ў Саюз пісьменнікаў БССР. 26 красавіка 1957 г.

У 1958 годзе ён напісаў сатырычна-гумарыстычную аповесць «Цыганскі кароль», пры напісанні якой быў выкарыстаны факт існавання на Гарадзеншчыне ў канцы XVIII ст. цыганскага «каралеўства». Матэрыялам для аповесці паслужыў нарыс гісторыка Адама Кіркора «Народнасці Літоўскага Палесся і іх жыццё», які быў апублікаваны ў томе ІІІ «Маляўнічай Расіі» ў 1882 годзе. Пісьменніку ўдалося насычана, у духу фламандскай школы, славеснымі фарбамі апісаць стравы і гулянкі ў «палацы» Якуба Знамяроўскага. У гэтай аповесці Караткевіч не толькі з’едліва характарызуе цыганскае «каралеўства» і недарэчную сістэму дзяржаўнага кіравання, але і разважае пра гістарычны лёс Беларусі, кранаючы тагачасныя сацыяльна-грамадскія і нацыянальныя праблемы.

Уладзімір Караткевіч з’яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Ён плённа выкарыстоўваў у сваёй творчасці здабыткі сусветнай культуры, і адначасова быў глыбока нацыянальным творцам, выказваючы адмысловую прыхільнасць да фальклору і гістарычных сюжэтаў (вершы «Машэка», «Матчына душа», «Паўлюк Багрым»). У «Баладзе пра Вячка, князя простых людзей» (1957) пісьменнік звярнуўся да вобраза князя Вячкі, які ў першай палове XIII ст. змагаўся супраць нямецкіх рыцараў. У баладзе князь паказаны як сапраўдны патрыёт сваёй бацькаўшчыны. Нават параненым, ён біўся супраць мноства ворагаў і загінуў у баі. Ідэя самаахвярнай барацьбы характэрна для творчасці Караткевіча.

Тэма абуджэння беларускага народа ў 1880-х гадах была раскрытая Караткевічам у апавяданні «Кніганошы» (1962), у якім паказаны бессмяротны дух народа, імкненне простага люду да праўды і асветы. Таксама яго прозе ўласцівая рамантычная паэтыка. Радасцю жыцця напоўнена апавяданне «Дрэва вечнасці», асабліва месцы, прысвечаныя Палессю і палешукам. У апавяданні пісьменнік выказаў зачараванне палескімі краявідамі і веліччу палескіх песень. Вобразы прыроды раскрытыя ім у рамане «Каласы пад сярпом тваім», аповесці «Чазенія», нарысах «Званы ў прадоннях азёр», «Абдуванчык на кромцы вады». Як пісьменнік-анімаліст паказаў сябе ў апавяданні «Былі ў мяне мядзведзі».

Уладзімір Караткевіч прафесійна вывучаў гісторыю паўстання 1863—1864 гадоў. Гэта паслужыла асновай для апавяданняў «Паляшук», «Сіняя-сіняя», рамана «Каласы пад сярпом тваім» (1965), драмы «Кастусь Каліноўскі» (1965), і іншых паэтычных твораў і публіцыстычных артыкулаў. Часткова гэтая цікавасць абумоўлена і тым, што ў сям’і захоўвалі памяць пра сваяка па матчынай лініі, аднаго з кіраўнікоў паўстання на Магілёўшчыне Тамаша Грыневіча, расстралянага ў Рагачове. Гэты факт лёг у аснову пралога да рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць» (1962)).

У гісторыка-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае палявання караля Стаха» пісьменнік адлюстраваў падзеі 1880-х гадоў у адным з глухіх куткоў Беларусі. У гэтай аповесці аўтар імкнуўся паказаць грамадства таго часу, з яго нацыянальнымі, культурнымі і гістарычнымі асаблівасцямі, з яго патрыятычнымі ідэямі. Аўтарам асуджаецца здрада радзімы, нацыянальнае і сацыяльнае зло. Выкарыстаныя прыёмы дэтэктыўнага жанру і ў напісаным пазней сацыяльна-псіхалагічным і філасофскім рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979), у якім Караткевіч разважае пра сувязь часоў. У рамантычнай аповесці «Сівая легенда» (1960) праз карціны сялянскага паўстання на Магілёўшчыне ў першай палове XVII ст. аўтар асэнсоўвае лёс Айчыны.

Адным з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў з’яўляецца раман «Каласы пад сярпом тваім». У гэтай кнізе, якую многія называюць галоўнай у творчасці пісьменніка, узноўленая шырокая панарама жыцця народа, перададзена атмасфера ў грамадстве напярэдадні паўстання. Падзеі рамана адбываюцца пераважна ў 1850—1861 гадах, тым не менш пісьменніку ўдалося пры дапамозе ўласных разважанняў і выказванняў герояў ахапіць у ім падзеі амаль цэлага стагоддзя і ў цэлым асэнсаваць лёс Беларусі ў гістарычным кантэксце. Аўтару ўдалося адзначыць прычыны паўстання і яго асаблівасці. Караткевіч паказаў, што яно мела нацыянальна-вызваленчы характар.

У 1966 годзе Караткевіч напісаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», сюжэт якога заснаваны на рэальных падзеях. Штуршком для напісання паслужыў запіс з «Хронікі…» Мацея Стрыйкоўскага пра тое, што ў XVI ст., напачатку княжання Жыгімонта I, з’явіўся чалавек, які называў сябе Хрыстом. У рамане адлюстраваны лятунак беларускага народа аб з’яўленні Хрыста як збаўцы і выратавальніка. Раман уяўляе сабой прытчу, філасофскія роздумы пра пакліканне чалавека.

У 1972 годзе пісьменнік напісаў аповесць «Лісце каштанаў» (апублікавана ў 1973), якая стала адной з самых аўтабіяграфічных з яго твораў. Аповесць уяўляе сабой хвалюючыя і сумныя ўспаміны пра некалькі месяцаў, праведзеных ім у вызваленым ад нацыстаў Кіеве, роздумы пра лёс пакалення, чыё дзяцінства і юнацтва прыйшліся на час вайны.

Па-мастацку падрабязна распавёў Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду ў нарысе «Зямля пад белымі крыламі» (напісаны для ўкраінскага выдання ў 1971; варыянт на беларускай мове ўбачыў свет у 1977). У гэтым нарысе ён ахапіў беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гадоў, закрануўшы найбольш важныя падзеі, такія як гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Грунвальдская бітва 1410 года, Люблінская унія 1569 года, і іншыя важныя моманты з гісторыі Беларусі. Глыбокімі разважаннямі над сэнсам жыцця і лёсам роднай зямлі насычана аповесць «Ладдзя Роспачы» (1964; выдадзена па-беларуску ў 1978). У аповесці выкарыстана многа алегарычных сімвалаў. Таксама Ладдзя Роспачы — гэта Беларусь, якая пераадольвае змрок забыцця і непрытомнасці, уваскрашаецца і адраджаецца.

Караткевіч таксама напісаў шэраг п’ес, эсэ, артыкулаў, кінасцэнарыяў. Трагедыя і веліч нацыянальнай гісторыі ім асэнсаваныя ў п’есах «Кастусь Каліноўскі» (1963), «Званы Віцебска» (1974), «Калыска чатырох чараўніц» (1982), «Маці ветру» (1985).

Уладзімірам Караткевічам былі перакладзены на беларускую мову творы Гая Валерыя Катула, Джорджа Байрана, Адама Міцкевіча, Івана Франко, Махтумкулі, Мустая Карыма, Элеаноры Гашпаравай.

Уладзімір Караткевіч пісаў пра гісторыю свайго народа, пра яго мастацтва, культуру, духоўнае жыццё. Ён выступаў у абарону беларускай мовы і культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. Ён аказаў вялікі ўплыў на грамадскае, эстэтычнае і духоўнае жыццё беларускага народа.

Творы Караткевіча перакладзеныя на англійскую, балгарскую, грузінскую, іспанскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую, таджыкскую, узбекскую, украінскую, французскую, чувашскую, эстонскую мовы.

 

 

П’есы

Млын на Сініх Вірах (пастаўленая на тэлебачанні ў 1959)

Трошкі далей ад Месяца (напісаная 1959—1960)

Званы Віцебская (1974, пастаўленая ў 1977)

Кастусь Каліноўскі (напісаная ў 1963, пастаўленая ў 1978)

Калыска чатырох чараўніц (апублікаваная і пастаўленая ў 1982)

Маці ўрагану (1985, пастаўленая ў 1988)

Залаты бог (З цыкла «Казкі мора») (1963)

Сіняя-сіняя (1964)

Краіна Цыганія (1969)

Былі ў мяне мядзведзі (1970)

Вока тайфуна (1970)

Вялікі Шан Ян (Песня пра баявыя калясніцы) (1970)

Калядная рапсодыя (1973)

 

Оперы

Сівая легенда (1978, кампазітар Дзмітрый Смольскі)

Дзікае паляванне караля Стаха (1989, кампазітар Уладзімір Солтан)

Уладзімір Караткевіч з’яўляецца аўтарам лібрэта балета «Кастусь Каліноўскі» (1973).



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.