Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Кіеўскі перыяд



Кіеўскі перыяд

У 1949 годзе Уладзімір Караткевіч закончыў сярэднюю школу і паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, які скончыў у 1954 годзе. Пазней у ім жа скончыў аспірантуру. За гады вучобы выявіў сябе адным з найбольш здольных студэнтаў, шмат чытаў — у кола яго чытацкіх інтарэсаў уваходзілі творы класікаў сусветнай літаратуры, украінскіх, расійскіх, польскіх, беларускіх аўтараў. Цікавіўся ён не толькі літаратурай, але і гісторыяй, у першую чаргу Беларусі. Пазнаёміўся са шматлікімі выданнямі, прысвечанымі нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863—1864 гадоў.

 

У Кіеве Уладзімір Караткевіч працягваў складаць вершы на беларускай і рускай мовах, спрабаваў пісаць іх па-ўкраінску і па-польску. У яго студэнцкіх рэфератах былі грунтоўна распрацаваныя некалькі літаратуразнаўчых тэм: творчасць Пушкіна, Багдановіча і іншых. У гэты час ён задумаў вялікі гістарычны твор, дзе планаваў падаць усе акалічнасці паўстання 1863—1864 гадоў. Улетку 1950 года ў Оршы, пасля першага курса філалагічнага факультэта, Караткевічам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха».

На радзіме ў аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» у 1951 годзе былі надрукаваныя два вершы Уладзіміра Караткевіча: «Тут будет канал» (бел.: Тут будзе канал) (на рускай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове). Летам 1952 года пад уражаннем паездкі ў Вязынку — родныя мясціны Янкі Купалы — быў напісаны нарыс «Вязынка», які разам з суправаджальным пісьмом Караткевіч даслаў жонцы Янкі Купалы Уладзіславе Луцэвіч. У гэты ж час ён накіраваў шэраг сваіх ранніх твораў (казкі, вершы, апавяданні) для ацэнкі Якубу Коласу.

Адзін з аднакурснікаў і сяброў Караткевіча, Фларыян Няўважны, казаў, што Уладзімір быў душой кампаніі, і што студэнты ставіліся з павагай да яго мужнасці і прынцыповасці. Пра свае студэнцкія гады і пра Украіну, якую Караткевіч вельмі любіў, ён напісаў у аповесці «У снягах драмае вясна» (1957), ў эсэ «Абраная» (1982), а таксама ў эсэ пра Шаўчэнку «I будуць людзі на зямлі» (1964), пра Лесю Украінку «Saxifraga» (1971), у нарысе пра Кіеў «Мой се градок!» (1982).

У 1954 годзе Уладзімір Караткевіч скончыў універсітэт. Яго дыпломная праца на тэму «Казка. Легенда. Паданне» выклікала неадназначную рэакцыю, і толькі дзякуючы намаганням акадэміка А. Бялецкага і выкладчыка А. Назароўскага ён атрымаў вышэйшую адзнаку. Увесну 1955 года ён здаў экзамены кандыдацкага мінімуму і прыступіў да напісання дысертацыі пра паўстанне 1863 года, але так яе і не скончыў. У той жа час прыйшла і ідэя пра напісанне рамана на гэтую ж тэму.

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.