Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч



Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

 

 

Уладзімір Караткевіч

Каласы пад сярпом тваім

 

Кніга другая

Сякера пры дрэве

 

Ужо і сякера пры корані дрэва ляжыць:

кожнае дрэва, што не прыносіць добрага плода,

ссякаюць і кідаюць у агонь.

…Лукі, 3, 9.

 

I

 

Прыйшлi каляды. Куцця. Напярэдаднi падвалiла мокрага сняжку, але за ноч падмарозiла, а ранiцай нападаў другi снег: глыбкi, пульхны i сухi. З акон загоршчынскага дома падалi на гурбы аранжавыя плямы святла. Ялiны стаялi ў сувеях усе цёплыя i густа, амаль без прасветаў засыпаныя мяккiм белым снегам: нагадвалi начных вартаўнiкоў.

Насупраць ганка стаяў вылеплены Мсціславам снегавы балван. Ён быў вышэйшы за чалавека, і ў яго была самая смешная з усіх балваноў на зямлі пыхатая пыса.

Мсцілаў вылепіў балвану і грудзі, але прыйшоў гер Фельдбаўх, няўхвальна паглядзеў на гэтую вольнасць, паківаў галавою і ўласнаручна адрэдагаваў балвана.

Снег. Яліны. Снежны балван. Агеньчыкі ў вокнах. Гэта нагадвала б калядную карцінку, каб не існавала ў натуры.

Не ведаў балван, што з часам ледзяное неба стане сіняе і па ім паплывуць другія балваны, вылепленыя невядома кім. Яны будуць такія сляпуча‑белыя, аж гарачыя. І яму раптам нясцерпна, упершыню за ўсё доўгае снегавое жыццё, захочацца не стаяць на месцы, а ўзняцца да іх і быць такім самым гарачым і белым. І плаваць і грувасціцца разам з імі.

Ён зробіць гэта. Але нішто не зменіцца, і людзі, падымаючы галовы ад сярпа, будуць казаць:

– Балваны якія сёння. Каб толькі не пайшоў дождж.

Ён пацягнецца да братоў у небе і адчуе боль і слабасць. А потым ад яго застанецца толькі купка бруднага снегу, дубец і два вугалькі, былыя вочы, што, напэўна, прасочаць яшчэ яго палёт угору.

Алесь стаяў ля балвана без футра і шапкі і глядзеў на яго. Балван пазіраў на Алеся з адценнем пагарды, і Алесь засмяяўся такое гэта было шчасце: снягі, аранжавыя вокны, яліны і балван. І, вядома, агеньчыкі яліны ў акне залы. І тое, што Майка тут.

Ён стаяў так доўга і ўжо трохі змёрз, калі пачуў рып снегу.

– Імя? – спытаў голас.

– Алесь.

– Я жартую, – падыходзячы, сказала Майка. – Варажыць рана.

Яна нічога нават не накінула. Так і была ў туфліках, з голымі рукамі і шыяй.

– Дурніца, – войкнуў ён. – Застудзішся.

– Нічога не зробіцца, – засмяялася яна

Не ведаючы, што рабіць, ён абняў яе і паспрабаваў прыкрыць яе голыя рукі сваімі.

– У дом, – сказаў ён. – Хутчэй у дом.

– Пачакай, – сказала яна. – Пачакай. Тут хораша.

Бліжэй прыціснулася да яго.

– Баламутнае дзяўчо, – сказаў ён.

Трымаў яе далонямі за плечы. А яна сагнула рукі, і цяпер яны былі між ёю і ім.

– У дом.

– Не, – усміхнулася яна. – Яму ж не халодна.

– Ён – снегавы балван. Вясною ён пойдзе да нябесных балваноў. А ўзімку зноў выпадзе снегам, і з яго зноў скачаюць балвана. Так ён і будзе век хадзіць у балванах… А ты чалавек. Мой чалавек.

Майка ўздыхнула і схіліла галаву яму на плячо. Алесь глядзеў на яе аблічча, бледнае ў сінім святле зор, і яму нічога не хацелася бачыць, акрамя яго, халоднага ад марозу, але цёплага такой глыбокай унутранай цеплынёй.

Ён адчуў гэта, прыпаўшы вуснамі да яе вуснаў.

Не бачыў ён ні дома, ні таго, што дзверы на тэрасу адчыніліся і нехта падышоў да парэнчаў, пастаяў так хвіліну, а потым паспешліва вярнуўся ў дом. Яму не было да гэтага клопату.

Калі ён на імгненне адрываў вусны ад яе вуснаў, ён бачыў толькі адно: рэзкую іскру нізка над зямлёй, амаль адразу за яе плячом.

Ззяў над гарызонтам ледзяны, ярасна‑блакітны Сірыус.

…Калі яны зайшлі ў пярэднюю юнакі і дзяўчаты ўжо апраналі футры, шапкі і капары, а тыя з хлопцаў, якія павінны былі ехаць за фурманоў, высокія белыя вайлакі ці унты з ваўчынай шкуры.

Алесь абвёў вачыма вясёлую кампанію і раптам заўважыў, што дзве пары вачэй глядзяць на яго вельмі суха. Ля дзвярэй у гардэробную стаялі, апранутыя ўжо, Франс Раўбіч і Ілля Хаданскі.

Ядвінька Клейна адвярнулася ад усіх і глядзела ў акно. Святло жырандолі трапятала на яе попельных валасах, сабраных у высокую прычоску. Тварык быў сумны.

І тады Алесь, нібы праз сон, успомніў, як адчыніліся дзверы на балюстраду, калі ён і Міхаліна стаялі ля балвана. Стала ясна, хто выходзіў.

Ядвіння, значыцца, злавала на яго. А гэтыя двое таксама. Ілля за Майку, Франс за Ядвіню.

…Сыпанулі на веранду, а потым уніз, сходамі, да санак, якія стаялі ўжо на крузе гонару доўгім паўколам. Мсціслаў з Анэляй і Янкам напярэймы з іншымі кінуліся да першай тройкі. Беглі як апантаныя.

– Хапай хто што можа! – крычаў Маеўскі.

Ён кінуўся на козлы проста жыватом, і праз хвіліну рэзкі ўсплёск званочкаў разарваў цішыню. Аддаляючыся, яны спявалі ўсё больш утрапёна. Першая тройка знікла ў алеі.

Алесь не спяшаўся. Ён пасадзіў Майку ў чацвёртыя сані, захутаў яе ногі мядзведжай апонай і працягнуў лейцы на вольнае месца побач з ёй: збіраўся ехаць без вазніцы. І тут, здалёк, ён убачыў, што ў Ядвінькі і Франса адбылося нешта непрыемнае. Франс падышоў да яе санак, дзе сядзеў на козлах далёкі госць Усяслаў Грыма, асабліва нязграбны ў ваўчыным футры, і сказаў нешта. Вусны лялечнага наіўнага роціка Ядвіні сціснуліся. Яна адмоўна паківала галавой.

Франс рэзка крутнуўся і пайшоў уздоўж ланцуга саней.

– Братка, да нас, – сказаў яму Алесь.

Франс не адказаў, нават не зірнуў на іх невідушчымі вачыма. Прайшоў, топчучы снег, да санак у хвасце. І хоць ён трымаўся годна і роўна, як заўсёды, яго матавае аблічча яшчэ больш збялела.

Зазвінелі званочкі. Майка сядзела пад апонаю, адчуваючы плячом Алесева плячо. Заплюшчыла вочы. Напярэдадні яна з Тэкляю варажыла ў начной лазні. Тэкля глядзела ў місу з вадой, шаптала нешта. Дзве свечкі адбіваліся ў вадзе і цьмяным люстэрку. Пахла венікамі і прывялай мятай.

…А зараз побач сядзіць ён, пра якога яна думала ўчора.

Зірнула праз прыплюшчаныя павекі. Сядзіць. Моцна трымае лейцы. Пасма пушыстых каштанавых валасоў выбілася з‑пад шапкі і паспела ўжо заінець, нібы юнак пасівеў. Шэрыя строгія вочы глядзяць на дарогу. Вось павярнуў галаву, глядзіць на яе. Трэба заплюшчыцца яшчэ больш, але не зусім, а толькі каб не бачыць яго.

Паплылі, спляліся ў вачах вясёлкавыя ніці. А з ніцей яго голас:

– Ну не прыкідвайся, калі ласка. Унь, веі трапечуць. Не смей заплюшчваць вачэй. Глядзі на мяне.

Засмяялася. І, нібы ў адказ, смех званочкаў, бо коні рванулі.

А ўчора Тэкля шаптала такое дзівоснае і, здаецца, нібы забароненае. Ліўся, застываў у вадзе перакручаны, перавіты воск. Нібы ў місе ўставалі гарады і дзівосныя звяры.

А ў люстэрку, між двух агнёў, яна бачыла бясконца паўтораныя, нібы ў доўгім, загнутым налева калідоры, сваё бледнае аблічча і ўзбуджаныя трывожныя вочы.

– Толькі ён такі, той, аб кім думаеш, – шаптала Тэкля. – Толькі з ім. Не адмаўляйся, усё адно не атрымаецца. А век до‑оўгі…

– Гадамі доўгі? – шэптам пытала яна.

– Не ведаю. Але на сто жыццяў, ясачка, хопіць. Усё тут, і гора са шчасцейкам поўны мех, і лапцявая пошта ды звады, і ўсё‑ўсё.

– А хто раней памрэ?

– Хто? – голас Тэклі трохі сеў. – Гэта ўсё адно. Усё адно адзін без другога не здолее.

Спявалі бомы. Плыла перад напаўзаплюшчанымі вачыма раўніна.

Мсцілаў гнаў пярэднюю тройку і ўспамінаў, як напярэдадні ездзілі да Кагутоў у Азярышча, як у прасторнай новай хаце "жанілі Цярэшку" і Янька надзела на яго, насуперак усім звычаям, бацькаву шапку. Заўважыла, чарцяня, што ён не мае намеру надзець ёй на галаву сваю. І выбрала яго сама.

А перад хатай, на вуліцы, зырка палаў смалісты бадняк, корч вялізнай сасны, абкладзены дрывамі. І карагоды звіваліся каля агню, які шугаў у чорнае неба. У барвяным зарыве здаваліся ружовымі белыя світкі, вайлакі і магеркі хлопцаў. Наміткі жанчын, калі карагод звужаўся, раптам наліваліся трапяткой чырванню.

У кожных вачах дрыжала полымя, і гэта было незвычайна і страшнавата.

За колам стаялі хлопцы. Вясёлы Кандрат падышоў да Алеся, памарудзіў, а потым, зразумеўшы, што Мсціслаў не збіраецца кідаць сябра, відаць, наважыўся і ціха сказаў Загорскаму:

– Навіну чуў?

– Не.

– Кроер рашыў учыніць згон. Змалаціць усе сцірты леташнія.

– Падумаеш, навіна… Грошай, відаць, на банкетаванне не хапіла…

– От яму і ўчынілі банкетаванне, – сказаў Кандрат.

– Што такое?

– Вы ж ведаеце, хлопцы, – сказаў Кандрат, – мужыкі на Кроера яшчэ з часоў півошчынскай вайнішкі зацяліся. Ну вось. З'явіліся яны на згон, чалавек каля сотні. Працуюць як мокрае гарыць. Аж раптам з лесу шусь чалавек. У кажусе касмылямі наверх, сам зарослы. У руцэ мядзведжая фузія. "Працуеце?" пытае. "Працуем". "Памагаеце?" "Але". "Каб людажэр вас зноў татарамі пачаставаў?" Мужыкі маўчаць… Аж тут да купкі прыганяты шыбуе: "Чаго кешкаецеся, мямлі?! Ану за цапы, патаўпешкі!" Убачыў чалавека і аж збялеў. Чалавек да яго: "Аюц, свіння нясмаленая!" Прыганяты задкаваць. А той яму: "Не дрыжы, забіваць, пакуль тое, не буду. Мне твая душа не трэба, сваю маю. Толькі каб эч‑эч! нагі тваёй тут не было". Прыганяты ўцякаць. А чалавек да мужыкоў: "Што, мужыкі? Ворагу памагаеце? А ваш хлеб дзе? А слёзы сірочыя вам на сэрца не пaлі? Улезлі ў сваю квэку дый седзіцё, баязліўцы паршывыя". Тыя маўчаць. Потым дзед Груша асмеліўся: "Ды здохне ж ён скора. Пра волю чуткі ходзяць. Каму гэта ахвота на бойку натыкацца? Каб зноў жалезным бобам пачаставалі? Лухта, тым часам. Сабе дзешавей. Не ўсёй жа хатай тры дні паншчыну адрабляць. Адной душою". Гэх, як узвіўся чалавек. "Якой, пытае, душою? Тваёй? А ці яна ў цябе, парахня старая, ёсць, ці на паншчыне згніла?!" Мужыкі ў вочы яму не глядзяць. А ён тады: "Баіцёся? Валі ўсё на мяне. Мне траціць няма чаго". Ды з крэсівам пад сцірты. І тады хлопцы за ім. Каб ужо адным разам усю паншчыну скончыць.

Кандрат усміхнуўся.

– Так за гадзіну якую і пашабашылі.

Алесь маўчаў. Глядзеў на стракаты ланцуг.

– Табе што, нецікава? – спытаў Кандрат.

– Чаму, цікава.

– А хто чалавек – нават і не пытаеш.

– Я ведаю, – спакойна сказаў Алесь. – Нашто мне пытаць? Корчак уцёк з катаргі. Памятаеце, як я вам расказваў пра Паківачову адрыну? спытаў Алесь. Ну, яшчэ дуб сухі амаль над нашай галавою разваліла. От тады і чуў.

– І нікому не сказаў? – здзівіўся Мсціслаў. – Такога страху нацярпеўшыся?

Па Алесевым твары скакала чырвонае зарыва ад бадняку. Загорскі падумаў, уздыхнуў і расказаў хлопцам пра пачутую размову.

– Потым, ужо едучы, я і здагадаўся, якога Будзіміра яны па чыёйсьці страсе пускаць хацелі. Гэты дуб мяне і навёў на думку. Будзімір той, хто мір, свет будзіць. Певень.

– А Варган? – спытаў Мсцілсаў.

– Кот Варган. Дым. У кожную шчыліну пралезе. Мяккі такі, ласкавы. Агонь яго выпусціць вось ён і папаўзе да божых авечак, да аблокаў… Я падумаў, хто з наваколля яшчэ ў Сібіры шышкі еў з бясхлебіцы? Адзін Корчак. Значыцца, ён і ўцёк.

Загорскі сумна ўсміхнуўся.

– Я мужык, – ціха сказаў ён. – Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне відушчым зрабіла. Вярнула да майго народа. Да гнанага, да абрэханага кожным сабакам. І я цяпер з ім, што б ні здарылася.

Кола цякло паўз іх, чорнае з аднаго боку, бліжэйшага, барвянае за бадняком.

Нехта падкінуў пад бадняк вялікі ахапах галля. Полымя пацьмянела.

– Дзівішся майму ўчынку з Корчакам, – сказаў Алесь. – Ты не бачыў, а я на свае вочы бачыў, як Кроер яго забіваў. Але не Кроер яго дабіў, нават не кат на сухадольскай плошчы. Дабіла яго ваша, мужыкі, няпраўда.

– Вярзі яшчэ…

– А то не? Што, не звалілі півошчынцы на Корчака ўсяе правіны? Звалілі. Ну добра, здарылася так. Дык майце ж сумленне. Забяспечце жонку з малымі дзецьмі. А півошчынская сходня, замест таго каб зрабіць такое, нібы ўзрадавалася, што ўдава адна не здолее зямлю абрабіць, дый абрэзала ёй той загон няшчасны напалову. Кавалка той зямлі вашым скупіракам, шэрым князям, не хапіла. Не нажэрліся. Што, няпраўду я кажу?

Кандрат апусціў вочы.

– Я ведаю, ад галечы такая прагнасць. Але за кошт братняй крыві ды слёз не збагацееш. Ягонай зямлёй мізэрнай не наліжашся. Значыць, ёсць і на вашай вялікай праўдзе свой бруд. І потым Кроер…

Раўлівы агонь узвіўся вышэй стрэх. Скуру сцягвала ад гарачыні. Алесь закасаў рукаў і моцна пацёр запясце. На ім выступіў ледзь прыкметны шнар.

– Першы раз у жыцці мяне ўдарылі. Я такіх рэчаў не забываю. Хай сабе Корчак ходзіць. Яго пакрыўдзілі, не ён. Сапраўдным людзям гэта толькі на руку. Хай ведаюць: не ва ўсіх яшчэ душа згніла.

Размову спыніў віск дзяўчат. У кола ўвайшоў басаногі, з голай грудзінай і ў доўгім белым кажусе бог холаду, Зюзя. Ільняныя вусы закінуты за плечы, ільняная грыва валасоў падае аж ніжэй лапатак. Зюзя пагрозна рыкаў, сварыўся на людзей пальцам, пляваў на агонь, босымі нагамі ўзвейваў у паветры снег, нібы хацеў зрабіць завіруху. Зюзевы вочы смяяліся. Гэта быў пераапрануты азярышчанскі пастух Данька. Каб ногі не адчувалі холаду хапіў тры кручкі гарэлкі. Граць ужо, дык граць. Усім жа вядома, што Зюзя босы. Ад гарэлкі Даньку было весела.

– Замарожу, – рыкаў ён. – Як мядзведзь, навалюся.

За ім валасатая варта несла саламянае чучала Каляды. Каляда павярнулася спіною да бадняка, глядзела ў змрок плоскімі намаляванымі вачыма. Хлопцы і дзеўкі кідаліся на варту, каб павярнуць Каляду тварам да агню, і ляцелі ў снег, адкінутыя ёю. Роў над сумятнёй і калатэчай збор вясковых музыкаў. Гулі дзве скрыпкі, пявуча вохкаў бас, мядзведзем раўла дуда, пяшчотна сапла жалейка, звонка ўдаралі цымбалы, і, вышэй за ўсё іншае, узлятаў, заліваўся і ўздыхаў бубен. У Азярышчы быў найлепшы збор музыкаў. І музыка ўзлятала вышэй за хаты, проста аж, здавалася, пад самыя цёплыя зоры.

Данька прытупваў нагамі па снезе, хапаў вісклівых дзяўчат, цалаваў і запіхаў за каўнер кожнай жменю снегу.

– Падыходзь, з кожнага снежнага балвана зраблю. З кожнай хаты – ваўкаўню.

Але тут моладзь сыпанула на варту, вырвала Каляду з рук і павярнула‑такі яе тварам да полымя. А дзеўкі кінуліся да Данькі і павалілі яго ў снег, пачалі казытаць.

– А дзевачкі, а таечкі, – мядзведжым голасам роў Данька, здзіраючы чырвоныя пяты. – Дальбог, не буду. Хай ужо вясна, хай…

Хлопцы адбілі яго, панеслі разам з Калядою ў хату. Даньку паіць гарэлкай, Каляду схаваць, каб потым, на масленіцы, калі зіма не толькі павернецца да сонца, але і адступіць, спаліць яе на тым самым месцы.

…Мсціслаў усміхаўся ўспаміну, думаў. Не звяртаў увагі на тое, аб чым гамоняць Мнішкава Анэля і Янка.

– Клейна мяне ўсынавіла. Цяпер я брат Ядвіньчын і ўсім, здаецца, раўня. А мяне смокча. То шчаслівы, а то ўспамінаю, што чорны як бот, і ну хоць ты плач.

– Вядома, – мяккім галаском казала Анэля. – На радзіме табе лягчэй было б, там усе такія. Але што ж зробіш, калі ўжо сюды трапіў? Ты ж нават сам не ведаеш, дзе твая радзіма.

– Тут, – сказаў арап. – Мне ўжо там усё было б чужое. Я і мовы сваёй не помню. Некалькі слоў, можа. Тут мая і мова і зямля.

– А ты ані‑ні не пабялеў з таго часу? – пацікавілася яна.

– Не. Гэта ўжо назаўсёды. Такая ўедлівая штука.

– Ну і кінь, – суцяшала Анэля. – Ну і што, што чорны? Ты ж добры. Ты цяпер дваранін. І дзеці такія будуць.

Яна ўмела супакоіць і суцешыць. Ад маці была ў яе жаноцкасць і асаблівая мяккасць. І яшчэ было ў ёй тое добрае какецтва, якое так умее ўзвысіць субяседніка ва ўласных вачах. Узвысіць простым і няпростым прызнаннем ягоных вартасцей.

– Ты харошы… Вунь Хаданскі. Белы, а вочы б на яго не глядзелі.

– А дзявочае кола?

– Ды ты ж прыгожы. Па‑адумаеш! Бескаляровыя, па‑мойму, горш. Пра рыжых я ўжо і не кажу. А яны вясёлыя, і ў вус не дзьмуць. І ты будзь вясёлы.

Імчаліся коні. Нізка над зямлёю свяціў Сірыус.

…У санях ціха гаварылі Грыма і Ядвінька Клейна.

– І Янку будзе шчасце, – разгублена казала дзяўчына. – Адна я, нібы сапраўды клейнай мечаная. Нават прозвішча прароцкае. Дзе ўжо тут добрага чакаць.

Грыма, з вялікай шкадобы, соп.

– Кінь. Не пабівайся так. Падумаеш, свет сышоўся. Радасцей шмат.

– Якія?

– Навука. Кнігі. Каб усё на свеце помніць і быць мудрым.

– Гэта для мужчын.

– Што ты жанчын ганьбіш, – прыглушана выбухаў Усяслаў Грыма. – Для ўсіх, думаеш, мужчын мудрасць?

Жаласна, па‑бабску, уздыхаў, касавурыўся на сумную, сінявокую і такую ўжо вялікую ляльку.

– А ты Франса нашто пакрыўдзіла? Ён харошы.

– Ведаю. Але не магу я пакуль што… не магу я Франса бачыць. Можа, месяц‑два‑тры пройдзе, тады.

– Нацкуеш ты іх адзін на аднаго, – бурчаў Грыма. – Франс праз цябе на Алеся крыўдуе. Ілля праз Майку на яго ваўком глядзіць. Нацкуеш.

– Дурнік ты, – сумна казала яна. – Алесь жа ні ў чым не вінаваты. Франс не можа гэтага не бачыць. А Ілля наогул… Нікога ён, акрамя сябе, не любіць. Гонар. Ён жа старэйшы, ён добраахвотна ў Севастопалі быў. У яго салдацкі крыж. А тут аддаюць перавагу амаль хлопчыку.

Коні зачапілі край сумёта. Мяккім пылком асеў на твары снег.

…У трэціх санях дурэў Загорскі junior[1]. Валтузіўся са Стасем і Наталяй. Фельдбаўх на козлах ужо некалькі разоў пагражаў пакінуць іх у снезе.

Вацлаў са Стасем спусцілі ногі з санак і скародзілі імі снег. Пылок ляцеў проста ў вочы коням задняй тройкі. Наталля, смеючыся і закочваючы вочы, пляскала далонькамі і спявала:

 

…Памарозіў лапкі,

Улез на палаткі.

Сталi лапкi грэцца

Недзе катку дзецца!

 

Пры апошніх словах хлопцы падымалі ногі, і снег з іхніх валёнак сыпаўся проста ў сані, пад апону.

…Франс і Ілля ехалі моўчкі. Вытрыманае, нібы ветліва‑абыякавае да ўсяго, аблічча малодшага Раўбіча скамянела. Ілля, скінуўшы шапку, падстаўляў рудаватую галаву пырскам снегу.

Недзе далёка наперадзе заліваліся дзіцячыя галасы:

 

Люлі, люлі, люлі,

Пайшоў кот па дулі.

 

– Радуюцца, – змрачнавата сказаў Іллля. – Пайшоў кот па дулі. Ёсць чаму радавацца… Не трэба было нам з табою, брат, сюды ехаць.

Франс незалежна маўчаў. Толькі ражок вуснаў таргануўся на матава‑бледным абліччы.

– Я яго не цярплю, – сказаў Iлля. – Падумаеш, улюбёнец багоў. Не ведаю, цi балiць яму хаця

што‑небудзь не свеце.

Малодшы Раўбіч варухнуў вуснамі, але нічога не сказаў. Ведаў, што сусед кажа несправядліва, але не мог запярэчыць. Ён маўчаў доўга і раптам, адчуўшы дзіўны, калючы халадок у каранях валасоў, са здзіўленнем падумаў, што ён, здаецца, пачынае ненавідзець маладога Загорскага. І, каб не даць пачуццю прарвацца, Франс спытаў з выхаванай ветлівасцю маладога прыдворнага:

– Што вы думаеце пра імператара? Я маю на ўвазе яго словы аб тым, што цяперашні парадак уладання душамі не можа астацца нязменны.

– Вы памятаеце, калі ён выступіў? – спытаў Хаданскі. – Прайшло дванаццаць дзён пасля падпісання Парыжскага міру. Ён сказаў гэтую прамову на касцях ветэранаў. На салдацкай крыві.

Яму здавалася, што ён сам ветэран, што гэта на ягонай, Іллі Хаданскага, крыві цар упершыню падумаў аб сялянскай рэформе. Яму здавалася таксама, што ён гаворыць свае думкі, у той час як гэта былі думкі Міхала Якубовіча і старога графа Мікіты…

– Вы разумееце… я любiў яго, з пачуццем прагаварыў Iлля. Вельмi любiў… Гатовы быў аддаць за яго жыццё. Ды я i аддаваў. Няхай яго не было побач. Усё адно… За iмперыю… На бастыёнах, пад ядрамi… Варта было змагацца… Побач са мной Мельгунову адарвала ногi… Ядро, другi раз, прабiла страху нашай мазанкi i трапiла ў ломберны стол…

Ён збялеў, зноў успомніўшы здарэнне.

– Проста ў стол… паміж мною і паручнікам Ветэрнам. Вось як між вамі, Франс, і мною.

Ядро, вядома, не магло трапіць, "як між Франсам і ім", таму што яны сядзелі плячом да пляча, але Хаданскі не падумаў пра гэта.

– Як між вамі і мной… Каб мы толькі ведалі, які падарунак ён нам рыхтуе! Варта было ваяваць за такое?.. На крыві ветэранаў – такая здрада. Я яго любіў. Я ненавіджу яго цяпер. Калі ён толькі ўздумае рабіць гэта справай, а не словам – хай не спадзяецца ні на што, акрамя мяцяжу і бунту. І я сам, першы, пайду на бунт. Мне да крыві не звыкаць.

Франс безуважна, нібы гэта не ён гаварыў з Іллёю, глядзеў убок.

Коні імчаліся раўнінай. Ілля не ведаў, як яму ставіцца да халоднага тону суседа.

– І, аднак, ён ліберал, – у які ўжо раз сказаў Франс.

– Лухта, – сказаў Ілля.

– А маніфест 26 жніўня? – спытаў Франс.

– Што? Вяртанне дзекабрыстаў? Звар'яцелыя старыя шаптуны. Іх там і варта было пакінуць. Нічога не ўмелі, нават ударыць.

Франс маўчаў. Прыгаломшаны гэтым, Ілля таксама змоўк.

Ззяў над гарызонтам ледзяны, ярасна‑блакітны Сірыус.

І толькі пад'язджаючы ўжо да Загоршчыны, Франс сказаў, нібы ўголас падумаў:

– Я, здаецца, пачну яго ненавідзець.

– Правільна, – горача сказаў Ілля і асекся, бо неяк не звязаў у галаве, чаму Франс, які ўвесь час бараніў цара, цяпер збіраецца яго ненавідзець. Ён не ведаў, што Франс увесь вечар думаў аб іншым.

…Яны беглі заснежанай алейкай. Майка, у лёгкім футрачку, накінутым на аголеныя плечы, і Алесь. Кашлатыя, сінія стаялі вакол дрэвы. Маўчалі. Парк і ўвесь свет вакол былі нерухомыя. І ў гэтым непарушным, нібы адвечным, спакоі дзіўна было бачыць над шатамі дрэў мігатлівыя, жывыя іскрынкі зор.

Майка спрытна штурхала ў ствалы нестарых ялінак, выслізгвала з‑пад іх і імкнулася далей. А за ёй з шолахам асыпаўся з галін іскрыста‑сіні і сухі, як порах, снежны пыл. Асыпаўся проста на Алеся, на галаву, на плечы, на ўскінуты твар.

Змярцвела‑сіні, абыякавы да жыцця і цеплыні стаяў вакол парк. А гэтыя двое, не зважаючы ні на што, парушалі гэты сон. Молада, дзёрзка і нахабна разбівалі гэты спакой. Зрывалі саваны са змярцвелых дрэў.

Сыпаўся і сыпаўся іскрысты пыл. І Алесь бег і бег за ёю са снегам у валасах, з трывожным захапленнем у сэрцы.

Ён амаль дагнаў яе, але яна кінулася ўбок, на бакавую сцежку, да белай зімовай альтанкі‑павільёна. Пакуль ён павярнуў за ёю, яна ўзбегла па прыступках і, пацягнуўшы на сябе дзверы, знікла за імі.

І ён адчуў нясмеласць перад гэтымі снежнымі сценамі і снежнай веліччу дрэў, міжвольна прыцішыў крокі.

У альтанцы было халаднавата і цёмна. Бледнаватыя, невыразнага колеру плямы ад шыбінак ляжалі на сценах і на падлозе. Чырвонае здавалася ледзь ружовым, сіняе – шэрым.

Алесь стаў пасярод павільёна. Азірнуўся вакол. Майка, відаць, нікуды не адыходзіла, бо апынулася за ягонай спіною і цяпер стаяла ў дзвярах, гатовая выскачыць з альтанкі і зноў бегчы. Ён зрабіў да яе крок, другі, трэці.

Яна вагалася.

Яшчэ, яшчэ адзін. Майка нібы варухнулася, але асталася на месцы. Алесь падышоў зусім блізка і ўзяў яе руку ў свае. Паспрабавала вызваліць.

– Ціха, – шапнуў ён. – Ціха.

Здалёк, з цiшы заснежаных дрэў, з сiняй цiшынi, пачалi далятаць цiхiя галасы. Вiдаць, з вёскi прыйшлi славiльшчыкi:

 

Святой ноччу,

Святой ноччу ціхай,

На мурожным сене,

У божым Бетлеме,

Ціхай ноччу…

 

Снег ляжаў густымі белымі шатамі. Спявалі здалёк, ад палаца, і здавалася, што гэта звіняць снежныя чмялі.

– Што гэта? – аднымі вуснамі спытала Майка. – Адкуль?

Алесь зрабіў яшчэ крок і паклаў далоні на яе плечы, прыцягнуў яе да сябе, прыціснуўся шчакою, схаваў усё аблічча ў яе цёплых валасах.

Прыпаўшы галавою да яго пляча, яна маўчала. І яго рукі абнялі пад футрачкам яе вузкія плечы, адчулі іх цеплыню, іх пакорліва‑мяккае супраціўленне, а потым бездапаможнасць.

Сінія дрэвы, сумёты, пранізліва‑сінія іскры зор. Няпэўныя колеры на падлозе і белых сценах. Са снягоў, з ацяжэлых, як белыя мядзведзі, дрэў даляталі і звінелі галасы:

 

Лабыры‑ягняткі,

Белы казляняткі

Сянца не елі,

На хлапца глядзелі.

 

Нехта павольна наблізіў да яго вачэй яе вочы. Вусны ласкава і жаласна варухнуліся пад яго вуснамі, прыціхлі.

– Мама, ціха, жаласна і нібы разгублена сказала яна.

Зноў наблізіліся вочы. А праз снягі, праз сінія косы ўзвіваліся ў вышыню галасы, і ледзяны Сірыус гарэў у снягах.

 

Запалала зорка,

Запалала,

Трох цароў да немаўляці

Праваджала.

У шапках персіцкіх,

Світках бурміцкіх,

Срэбным табіне,

Залатым сап'яне.

 

Яе вусны дрыжалі. А ў снягах пад сінім Сірыусам лікавалі галасы:

 

З сакам[2] мёду,

Свепетам[3] пчолак.

Мёд – гэта праўда,

Пчолкі – то людзі.

 

Ён гладзіў бязважкімі рукамі яе плечы.

Зоры ў рознакаляровых вокнах раптам закруціліся і паплылі. Хутчэй і хутчэй. Каб не ўпасці, ён моцна прыціскаў яе да сябе. Цалаваў яе вочы, бровы, скроні.

– Мілы, дарагі мой, – шаптала яна. – Што ты? Што?

Яе голас прымусіў зоркі застыць на сваіх ранейшых месцах.

І раптам рынулі, узляцелі яркія, як ёлачныя цацкі, малінавыя, зялёныя, сінія, жоўтыя агні. Гэта пускалі ракеты, але здавалася, што самі зоры, звар'яцеўшы ад шчасця і жаданай пяшчоты, пусціліся ў скокі над галінамі дрэў.

Дрэвы і цені ад іх кідаліся ў розныя бакі. Аблічча Майкі мяняла колеры і адценні. Блакітнае, залатое, ружовае, срэбнае.

Над рознакаляровымі снягамі ў шаленстве і буянстве агню пацьмянелі сапраўдныя зоркі.

Але зоркі былі вечныя.

Ракеты згасалі. Рассыпаючы залатыя іскры, памкнулася ўніз апошняя.

Усё стала на сваё месца. Блакітныя снягі, сінія цені, чорнае неба і на ім вострыя сінія зоркі. І цень у вачніцах і мілы рот, з якога ён не слыхам, а хутчэй пяшчотным дотыкам дыхання да яго вуснаў лавіў словы:

– Мілы мой, мілы, што ты?

Яна хавалася ў яго руках, і ён з невыказнай радасцю адчуваў, якая яна: бязважкая, слабая, моцная. Уся як сама свежасць і моц. Сумная і пяшчотная, халодная і жывая, як падснежнік.

І, хутчэй не па сабе, а па тым, як ён глядзеў на яе, як дрыжалі яго рукі, яна здагадалася, што яна кахае гэтага хлопчыка.

Яна не ведала, яна ніколі не паверыла б, што пасля гэтага дня прыйдуць іншыя, калі яна не будзе верыць у гэты дзень і захоча забыць яго.

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.