![]()
|
|||||||
В. І. Свірыдзенка. Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў для 4 класаў. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхаванняСтр 1 из 4Следующая ⇒ В. І. Свірыдзенка “У КРАІНЕ ЗНАЁМЫХ НЕЗНАЁМЦАЎ” Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў для 4 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання 2018 ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА Вывучэнне беларускай мовы ў школе прадугледжвае развіццё асобы навучэнца, яго культурных арыенціраў, творчых схільнасцей і здольнасцей да сацыяльнага самавызначэння. У адпаведнасці з ідэяй рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу у агульнай сярэдняй адукацыі, у навучэнцаў павінна быць сфарміравана лінгвакультуралагічная кампетэнцыя, якая цесна звязана з моўнай і камунікатыўнай кампетэнцыямі і рэгулюе маўленчыя паводзіны чалавека. Лінгвакультуралагічная кампетэнцыя навучэнцаў-білінгваў патрабуе ўсведамлення кожнай з дзвюх дзяржаўных моў як нацыянальнай каштоўнасці, авалодання правіламі маўленчага этыкету, засваення нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай і рускай моў, якія сваім складам, значэннем і існаваннем адлюстроўваюць нацыянальную культуру (прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы, уласныя імёны і геаграфічныя назвы, безэквівалентная лексіка і інш. ). Культуралагічнае значэнне фразеалагічных адзінак складаецца з некалькіх кампанентаў: 1) яны адлюстроўваюць маральныя нормы, прынятыя ў пэўным грамадстве; 2) часта маюць у сваім складзе назвы прадметаў матэрыяльнай культуры; 3) адлюстроўваюць нацыянальную культуру фактамі і з’явамі, на аснове якіх ўзніклі ўстойлівыя выразы. Фраземы не з’яўляюцца аб’ектам спецыяльнага вывучэння на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах. Разам з тым, у падручніках па беларускай мове і літаратурным чытанні для 2–4 класаў сустракаецца вялікая колькасць фразеалагізмаў, многія з якіх патрабуюць ад настаўніка спецыяльна арганізаванай работы, накіраванай як на тлумачэнне значэння моўных адзінак, так і на іх актывізацыю ў маўленні навучэнцаў. Аднак абмежаваны аб’ём вучэбнага часу не дае магчымасцей вучням у дастатковай ступені пазнаёміцца з фразеалагічным багаццем беларускай мовы. Кампенсаваць гэта можна толькі за кошт гадзін школьнага кампанента. Факультатыўныя заняткі даюць магчымасць навучэнцам паназіраць за ўжываннем фразеалагічных адзінак у маўленні, навучыцца выкарыстоўваць іх у маўленчай практыцы, атрымаць лінгва- і этнакультуралагічную інфармацыю, засвоіць этыкетныя словы і выразы. Мэта факультатыўных заняткаў – развіццё здольнасцей ўмелага і дарэчнага ўжывання фразеалагізмаў у маўленні, далучэнне навучэнцаў да культурных традыцый беларускага народа. Задачы: узбагачаць слоўнік навучэнцаў найбольш частотнымі фразеалагізмамі, развіваць вобразнасць, ацэначнасць, эмацыянальнасць маўлення навучэнцаў; вучыць правільна выкарыстоўваць засвоеныя фразеалагізмы у розных сітуацыях зносін; развіваць творчы патэнцыял навучэнцаў; спрыяць асэнсаванню беларускай мовы як нацыянальнай каштоўнасці, сродку замацавання культурных традыцый беларускага народа; фарміраваць у навучэнцаў сістэму агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей. Асноўнымі крытэрыямі адбору матэрыялу для факультатыўных заняткаў з’яўляюцца: а) адпаведнасць складанасці зместу навучання вучэбным і ўзростава-псіхалагічным магчымасцям навучэнцаў пачатковых класаў; б) нацыянальна-культурная адметнасць фразеалагізмаў; в) агульнаўжывальнасць, шырокая распаўсюджанасць фразем у вусным беларускім маўленні, іх сітуацыйная каштоўнасць; г) фразеалагічныя адзінкі павінны лёгка тлумачыцца праз падбор свабоднага сінанімічнага словазлучэння, у склад якога ўваходзіць знаёмая 9-10-гадовым навучэнцам лексіка; д) фраземы павінны дапамагчы фарміраваць у навучэнцаў сістэму агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей, нормы маўленчых паводзін у розных сітуацыях зносін. Змест працы з фразеалагізмамі на факультатыўных занятках уключае наступныя кірункі: · назіранні за выкарыстаннем фразеалагічных адзінак у мастацкіх тэкстах; · тлумачэнне значэння фразеалгізмаў, якія актыўна выкарыстоўваюцца настаўнікам, бацькамі ў маўленні; · знаёмства з этымалогіяй фразеалагізмаў, якія маюць яркую унутраную форму; · практыкаванні на выкарыстанне фразеалагізмаў у маўленні; · групоўка засвоеных фразеалгічных адзінак; · супастаўленне эквівалентных фразеалагічных адзінак беларускай і рускай моў. Змест факультатыўнага курса распрацаваны для навучэнцаў 3–4 класаў, разлічаны на 1 гадзіну на тыдзень.
|
|||||||
|