|
|||
Генадзь Сагановіч 9 страница
Вайна са шведамі блізілася да канца. На зыходзе 1659 г. амаль уся Курляндыя была пад кантролем войскаў Вялікага Княства Літоўскага. Шведскімі заставаліся толькі Мітава і Боўск. Але затое ў Беларусі гаспадарыў ваявода Хаванскі. І вялікі гетман Павел Сапега нарэшце паспяшаўся бараніць Айчыну. У лісце да Міхала Паца ён пісаў, каб і той з жамойцкай дывізіяй хутчэй вяртаўся ў Княства. Сапега думаў вывесці з Курляндыі на маскоўскае войска практычна ўсе сілы Вялікага Княства Літоўскага, нават калі на тое спатрэбілася б сепаратнае замірэнне са Швецыяй, бо сам ён не дыспанаваў дастатковым для барацьбы з Хаванскім войскам. Аднак Ян Казімір не пагадзіўся з такім планам і затрымаў Паца з Палубінскім у Курляндыі - дзеля здабычы Боўска ці Мітавы. Пасля цяжкай аблогі Мітава ўсё ж паддалася і 9-10 студзеня 1660 г. была перададзена Міхалу Пацу. Толькі тады кароль і вялікі князь скіраваў нарэшце харугвы Палубінскага да Паўла Сапегі, і той паспяшаўся праз Жамойць ды Троцкае ваяводства на паўднёвы захад Беларусі.
Урад Рэчы Паспалітай жадаў як найхутчэй замірыцца са шведамі ды кінуць усе сілы дзяржавы супраць маскоўскай арміі. У Гданьску вяліся напружаныя перамовы. Канцлер Крыштап Пац нават дапускаў, што па якім часе яны рушаць на Хаванскага разам са шведскімі аддзеламі Роберта Дугласа. Аднак жамойцкая дывізія не імкнулася ісці ў зону дзеянняў Хаванскага. Вясной 1660 г. Міхал Пац трымаў яе на поўначы Троцкага ваяводства і на поўдні Земгаліі. З якое прычыны? Ён баяўся, што войска Хаванскага можа ўварвацца на Жамойць і быццам нават меў пацверджанні такіх намераў маскоўскага ваяводы, знойдзеныя ў перахопленай царскай інструкцыі. Але ці не важней для Пацаў было замацавацца ў Курляндыі, сцвердзіць сваё права на занятыя гарады. За гэта іх слушна папракалі і каронны канцлер Ежы Асалінскі, і Павел Сапега, які ў траўні на варшаўскай ваеннай нарадзе падкрэсліў, што ў час, калі маскоўскае войска беспакарана пустошыла край, Міхал Пац рупіўся больш пра Курляндыю, чымся пра Айчыну [73, s. 64].
Тым часам групоўка Хаванскага яшчэ кантралявала ўсю паўднёва-заходнюю Беларусь. Грунтоўна размясціўшыся ў Берасці, ваявода загадаў збудаваць тут дадатковыя ўмацаванні, сабраць паболей харчу і боезапасаў. Відаць, планавалася, што Берасце доўгі час будзе аперацыйнай базай маскоўскага войска.
Усю вясну 1660 г. значных сутычак не было. У Беларусі дзейнічалі хіба толькі партызаны. Аддзелы Дзяніса Мурашкі і Самуля Аскіркі, якія ў часе наступальнай аперацыі ваяводы Хаванскага адступілі на Піншчыну, у студзені авалодалі Давыд-Гарадком. Разам з рэшткамі беларускага казацтва ў іхным войску гуртавалася шмат мясцовай шляхты. У лютым 1660 г. пад Зубарэвічамі, што каля Глуска, яны разбілі буйную групоўку казакаў - блізу 3000 чалавек, але ўжо пад Туравам самі пацярпелі паразу і адышлі да Слуцка. У сакавіку аддзел Аскіркі і Мурашкі з 2500 чалавек стаяў пад Нясвіжам і як мог шкодзіў войску Хаванскага - перакрываў камунікацыі, знішчаў раз'езды, турбаваў непрыяцеля раптоўнымі налётамі.
Са з'яўленнем харугваў Палубінскага ў Беларусі становішча мала змянілася. У сакавіку ваявода Хаванскі прапанаваў яму правесці абмен палоннымі, каб выменяць сваіх - князя Саву Мышэцкага і Луку Грамаціна. Як і належыць, на час абмену вязьнямі спыняліся ваенныя дзеянні. Але калі жаўнеры Палубінскага, паверыўшы, прывялі палонных у вызначанае месца, на іх наляцела маскоўскае войска і ўсіх перабіла [5, т. 3, с. 47-48]. Гэтак падступна Хаванскі паводзіў сябе неаднойчы, за што нават цар дакараў свайго ваяводу. Нашчадак вялікага роду Гедзімінавічаў, продкі якога калісьці пакінулі Вялікае Княства Літоўскае, цяпер прыйшоў на радзіму сваіх прадзедаў бязлітасным заваёўнікам.
Каб стрымаць знішчальныя рэйды Хаванскага, было задумана распачаць з ім перамовы - хоць фармальныя, дзеля прыліку, толькі б спыніліся ваенныя дзеянні. Камісары ад Вялікага Княства Крыштап Завіша і Цыпрыян Бжастоўскі прыехалі ў прызначаную вёску Сялец, што на Берасцейшчыне, ды, чакаючы там калегаў з Польшчы, запрашалі на сустрэчу маскоўскіх паслоў, заклікалі Хаванскага спыніць забойствы і знішчэнні. Адказам ваяўнічага князя звычайна было кароткае: «Трактаты трактатами, а война войною нехай будет» ці - «А миру война не помешка». Што ж, заставалася пагадзіцца, бо, як заўважыў на гэты конт у сваім дыярушы ашмянскі маршалак Самуль Маскевіч, «права дыктуе бандыт».
Калі палявы пісар Аляксандр Палубінскі стаў збіраць сваё войска пад Кляшчэлямі, недалёка ад Бельска-Падляскага, Хаванскі рушыў проста на яго. Тады Палубінскі адышоў назад за пушчы. Не даганяючы непрыяцеля, царскі ваявода павярнуў да Наваградка. На пачатку лютага наваградскі харужы Мацей Радзімінскі пакінуў горад і павёў свой почат у напрамку Слуцка. Каб унікнуць крывавых драмаў, Слонімскі і Ваўкавыскі паветы, а пасля і Наваградак накіравалі да Хаванскага сваіх паслоў з абвешчаннем прызнання царскай улады. Але тады ж да Наваградка падышла маскоўская конніца капітана Міны Шылава, высланая віленскім царскім ваяводам Данілам Мышэцкім з мэтай выхапіць лёгкую здабычу перад самым носам у Хаванскага. Капітан першы заняў пусты наваградскі замак і, арыштаваўшы баярына Чырыкава, ужо прысланага Хаванскім прыводзіць да прысягі мясцовую шляхту, хацеў зрабіць гэта сам. Толькі баярын Зеленаў, прыехаўшы ад Хаванскага, змог вызваліць Чырыкава і прывесці горад да прысягі. Ён сабраў перапалоханую шляхту да Барысаглебаўскай царквы і, чытаючы з двух спісаных аркушаў, загадаў паўтараць слова ў слова: «Я. N., присягаю Богу всемогущему в Троицы святой единому и государю царю и великому князю Алексею Михайловичу всея Великая и Малыя и Белыя Руси Самодержцу... » Далей гаварылася, што трэба адрачыся ад караля і вялікага князя, аніякім чынам з ім не зносіцца, а нават ваяваць супраць яго і ні да якога іншага манарха не прыставаць. Напрыканцы прысягі было шмат праклёнаў за адступніцтва: «И я за то свое клянство и проступление да буду одлучен и непрощен од Светыя одиносущныя Троицы единого Бога... затресуся яко Каино еще и на земли, и да одвертотся земля и пожрет мя яко Датана и Абирона... и жилище мое да будет в вечным огни з дъяволом сатаном и ангелу его» [27, s. 280]. Хто прысягнуў цару - атрымліваў пасведчанне. Праўда, заплаціўшы грошы.
Сам Хаванскі прыйшоў з галоўнымі сіламі са Слоніма да Наваградка 25 лютага. Шляхце і іншым станам было загадана сустракаць яго за горадам. У вялізным абозе наваградцы бачылі статкі выдатных коняў, на вазах - марскіх свінак, паваў і галубоў, а таксама мноства палонных. Найбольш радавітых - везлі. Сярод вязняў пазналі старую ваяводзіну Палубінскую, жонку палявога пісара ды палкоўніка Міхала Абуховіча, схопленага пад Пружанаю.
Праз колькі дзён Палубінскі прыслаў Хаванскаму ліст, у якім выклікаў непрыяцеля на бітву. Ваявода сам павёў войска супраць Палубінскага, выпальваючы і спусташаючы на шляху вёскі. Але палявы пісар не прыняў бітвы і, баючыся вялікай колькаснай перавагі ворага, перайшоў за Буг. Хаванскі ж мусіў вяртацца ў Наваградак, бо рака на другі ж дзень зрабілася непераадольнай, - пачаўся вясновы крыгаход.
Перад адыходам з Наваградка Хаванскі доўга выпраўляў на Маскву нарабаваныя скарбы і палонных - бясконцы абоз, які, па сведчанні Самуля Маскевіча, налічваў ці не 15 тысячаў вазоў [27, s. 285]. Туды ж было адпраўлена і 100 гарматаў. На пачатку сакавіка ўсё царскае войска стала нарэшце пакідаць Наваградак: паводле таго ж Маскевіча, маскоўская групоўка тут налічвала каля 30 тысячаў. Адыходзячы, Хаванскі пагражаў жыхарам, што, калі хоць адзін парушыць прысягу, тады ён усё ваяводства, вярнуўшыся, высеча і выпаліць.
Пачынаючы з вясны 1660 г. усё большы націск адчувала маскоўская залога ў Вільні. У красавіку пад час штурму каля тысячы ратнікаў Вялікага Княства занялі горад і спрабавалі здабыць Ніжні замак. Разам з рэгулярным войскам тут дзейнічала нямала прысяжнай шляхты і віленскіх мяшчанаў, якія, спаткаўшы жаўнераў яшчэ за 5 вёрстаў ад сталіцы, рабілі для іх масты і драбіны, паказвалі слабейшыя месцы ўмацаванняў, дапамагалі іншымі сродкамі. Віленскі камендант Мышэцкі спадзяваўся на падтрымку Хаванскага, але той ужо сам быў добра прыкаваны да непакорнай беларускай фартэцыі - Ляхавічаў.
Яшчэ 20 сакавіка ўсё войска Хаванскага зграмадзілася пад Ляхавічамі. Ваявода двойчы пасылаў да абаронцаў сваю дэлегацыю з прапановай здаць горад без крыві. Са сценаў, аднак, прагучала ў адказ, каб надалей пра гэта і размоваў не вялі, бо «здачы горада ніколі ў іх не будзе». Ляхавіцкі камендант Станіслаў Юдзіцкі дыспанаваў значнай сілай - у замку сядзела каля 4 тысячаў чалавек, якія мелі 47 гарматаў, значныя запасы пораху і хлеба. Праўда, кадравае войска складала зусім невялікую долю ад гэтай колькасці абаронцаў: дзве харугвы найманай пяхоты і тры харугвы драгунаў - разам 450 чалавек. Астатнія тры з паловай тысячы - сяляне, што збегліся з ваколіцаў, шляхта, габраі.
Падрыхтаваўшыся, 26 сакавіка на досвітку Хаванскі паслаў войска на першы штурм ляхавіцкага замка. З крыкам «Царев, царев город! » палкі кінуліся на ўмацаванні і ў некаторых месцах паспелі ўзняцца на муры, але былі збітыя адтуль абаронцамі. Напружаны бой зацягнуўся да трэцяй гадзіны дня і каштаваў маскоўскаму войску вялікіх стратаў. Царская грамата інструктавала ваяводаў надалей устрымлівацца ад штурмаў, а «над полскими и литовскими городами промысел чынить всякими вымыслы, оприч приступов, чтоб нашим ратным людем в том потери впредь не было».
Пачалася доўгая аблога Ляхавічаў. Хаванскі прынцыпова не хацеў адыходзіць ад гэтай фартэцыі, бо Ляхавічы і Нясвіж разам са Слуцкам заставаліся апошнімі незахопленымі гарадамі Беларусі. Размешчаныя на важных дарогах, яны маглі перакрыць камунікацыі і прынесці маскоўскаму войску значную шкоду. Ваявода пісаў пра гэта цару, тлумачыў, што «Ляховичи и Несвиж стали промеж твоих завоеванных городов» і ад іх царскім ратнікам праходу няма, ды прасіў падмогі, «агнястрэльных» майстроў і гранатаў, каб падпальваць драўляныя пабудовы ў Ляхавічах.
На дапамогу Хаванскаму з Магілева быў высланы стольнік Змееў з войскам. Прычакаўшы падмацаванне ў канцы траўня, князь накіраваў яго на аблогу Нясвіжа, бо адтуль выходзілі невялікія конныя і пешыя аддзелы ды знішчалі маскоўскія раз'езды, якія займаліся нарыхтоўкай хлеба і конскага корму для групоўкі Хаванскага. Тады ж партызанскую вайну з Хаванскім вялі Мурашка і Аскірка: з красавіка па чэрвень яны няспынна хадзілі з-пад самага Слуцка на маскоўскі абоз пад Ляхавічы і па частках знішчалі яго.
Абстрэльваючы Ляхавіцкі замак з дванаццаці батарэяў, Хаванскі рыхтаваўся да новага штурму. Да самых умацаванняў падводзіліся шанцы, рабіліся штурмавыя драбіны. Апроч таго, рыхтаваліся вязанкі саломы, галля, каб завальваць роў ды запальваць драўляную забудову замка [69, с. 80]. Разбурыўшы плаціну на рэчцы Ведзьма, царскія ратнікі спусцілі ваду з ірвоў, чым зліквідавалі значную перашкоду на шляхту да муроў. Сюды, пад Ляхавічы, увесь час прыходзілі падмацаванні: то 2 тысячы маскоўскіх стральцоў, то палкі адборнай пяхоты, то данскія казакі. Было прыслана нават 200 коннікаў прысяжнай віцебскай шляхты. Прыведзены ратнікамі млынар-чараўнік за добрую ўзнагароду паабяцаў Хаванскаму дапамагчы здабыць замак. Пад ягоным кіраўніцтвам з бёрнаў будавалася вялізная драбіна, па якой магло б адначасна ўзбягаць на муры мноства штурмавікоў. У дадатак млынар абяцаў так замовіць замкавую артылерыю, што тая не зможа страляць.
Уначы 24 траўня Хаванскі кінуў галоўныя сілы на другі вальны штурм - ізноў безвыніковы! Вялізную драбіну, сканструяваную млынаром, дзеля ейнай вагі было цяжка падцягнуць да муроў. Чары ж ягоныя аніяк не перашкодзілі абаронцам збіваць хвалі штурмавікоў трапным агнём артылерыі [27, s. 300]. Войска Хаванскага панесла надзвычай вялікія страты. Толькі забітых было не менш чым 2 тысячы. Баявы дух царскіх ратнікаў пад Ляхавічамі пачаў хутка падаць. Шмат хто кідаў палкі і ўцякаў. Але ваявода настойліва дамагаўся свайго. Цяпер ён вымусіў прысяжную наваградскую шляхту пісаць у Ляхавічы лісты, у якіх заклікаць абаронцаў да капітуляцыі. Хоць гэта таксама сышло намарна, аблога непакорнай фартэцыі працягвалася. Між тым у канцы вясны адбылася падзея, якая радыкальна мяняла мілітарную сітуацыю на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.
Яшчэ ў студзені 1660 г. пад Гданьскам у Аліўскім кляштары былі пачатыя перамовы паміж Рэччу Паспалітай і Шведскім Каралеўствам. Пасля працяглых дыскусіяў бакі нарэшце прыйшлі да паразумення і 3 траўня падпісалі тэкст дамовы пра «агульны і вечны мір», складзены з 37 артыкулаў. Ад Вялікага Княства Літоўскага подпіс пад дамоваю паставіў канцлер Крыштап Пац. Мяжой паміж дзвюма дзяржавамі вызначалася Дзвіна. Беручы абавязак захоўваць мір, добрасуседскія і прыязныя ўзаемадачыненні, абодва бакі абяцалі не ўступаць у хаўрус і не дапамагаць краінам, якія б выбралі аб'ектам агрэсіі адну з іх. Кароль і вялікі князь Ян Казімір назаўсёды выракаўся ўсялякіх прэтэнзіяў да Каралеўства Шведскага і Вялікага Княства Фінляндскага, саступаў шведам тэрыторыю Інфлянтаў на захад ад Дзвіны, адмовіўся ад права на Эстонію, затое ўсходняя частка Інфлянтаў - Дынабург, Рэжыца, Люцын, а таксама Курляндыя і Земгалія, адзначалася ў тэксце дамовы, уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Для дэталёвага размежавання былі вызначаны камісары. Паколькі інфлянцкія землі яшчэ знаходзіліся пад акупацыяй маскоўскага войска, у артыкулах адзначалася, што, калі Швецыя вызваліць сілай ці дыпламатычна «польскія» землі, - яна адразу ж перадасць іх Рэчы Паспалітай, і гэтае ж зробіць апошняя, не зважаючы на страты.
Замірэнне прадугледжвала поўную амністыю ўсім, хто пад час вайны пераходзіў на бок непрыяцеля. Незалежна ад стану і веравызнання, нават калі нехта служыў у шведскім войску, скрозь - у Кароне Польскай, Вялікім Княстве Літоўскім, у Курляндыі і Прусах - яму ўсё даравалася. Усе палонныя з абодвух бакоў мусілі быць адпушчаныя без выкупу на працягу трох тыдняў пасля падпісання дамовы. Рэч Паспалітая абяцала яшчэ паспрыяць, каб крымскі хан адпусціў палонных шведаў. Кожная дзяржава адводзіла сваё войска на ўласную тэрыторыю, пасля чаго сама вызначала, якія сілы пакінуць дзеля ўласнай бяспекі. Цалкам захоўваліся ранейшыя гандлёвыя сувязі паміж краінамі [98, s. 419-457].
Вось тады ўсе фармаванні Рэчы Паспалітай, занятыя раней барацьбой са шведамі, былі кінутыя супраць маскоўскага войска. Праўда, галоўныя сілы Кароны пайшлі на тэрыторыю Ўкраіны. У Беларусь Ян Казімір паслаў толькі ваяводу Стэфана Чарнецкага, які проста з Гальштыніі рушыў праз Варшаву на Палессе, да вёсачкі Дзівін, дзе павінен быў злучыцца з дывізіяй правага крыла Вялікага Княства Літоўскага. Чарнецкі мог дзейнічаць аўтаномна - кароль вывеў яго з падпарадкавання гетманаў.
Сапежынская дывізія доўгі час знаходзілася на поўдні Берасцейшчыны. У Драгічыне жаўнеры яшчэ ў сакавіку з прычыны доўгай нявыплаты грошай утварылі канфедэрацыю. Пазней некаторыя харугвы адпалі ад вайсковага хаўрусу, і да лета стараннямі Палубінскага ды Сапегі дывізія правага крыла стала зноў цалкам баяздольнай. У чэрвені яна рушыла пад Ляхавічы па Хаванскага. Згодна з планамі Яна Казіміра і Крыштапа Паца, гэтым мелася распачацца вялікая наступальная кампанія ўсіх узброеных сілаў Княства супраць маскоўскага войска ў Беларусі.
Злучыўшы свае дывізіі, Сапега і Чарнецкі (у першага было 6 тысячаў, у другога - 4) пайшлі праз Слонім, дзе натыкнуліся на асобны аддзел маскоўскага войска і амаль цалкам знішчылі яго, а ваяводу захапілі ў палон. Тыя, хто паспеў выратавацца, дабеглі да Ляхавічаў і папярэдзілі Хаванскага пра небяспеку. Ваяўнічы князь з галоўнымі сіламі пайшоў насустрач непрыяцелю, хоць Восіп Шчарбатаў ды Сямён Змееў раілі яму не рабіць гэтага. Хаванскі вывеў конніцу за пераправу, спадзеючыся, што гэтак яму будзе лягчэй даганяць разбітыя харугвы «літвы». На правае крыло стаў сам Хаванскі з конніцай, на левае - князь Шчарбаты, а пасярдзіне - рэйтары і пяхота. Супрацьстаялі ім па цэнтры дывізія Чарнецкага, па баках - харугвы Вялікага Княства Літоўскага.
Бітва адбылася 28 чэрвеня 1660 г. паблізу вёскі Палонка, недалёка ад Ляхавічаў. Гусары Сапегі і Чарнецкага так імкліва наляцелі на маскоўскую пяхоту, якая стаяла перад пераправай, што тая паспела зрабіць толькі адзін залп, а потым гінула пад палашамі ды танула ў балоце. Харугвы гусараў і панцырных, заатакаваўшы, пасеклі і прымусілі ўцякаць маскоўскую конніцу, пасля чаго нанеслі супольны ўдар і па астатняй пяхоце. Гэта быў поўны разгром вялізнай групоўкі Хаванскага. Сам князь з рэшткамі войска пабег да Ляхавічаў, адтуль жа, зняўшы аблогу, хутка адступаў на Полацак. Мноства ратнікаў, камандных чыноў, а таксама князь Шчарбатаў трапілі ў палон; Змееў і абодва сыны Хаванскага атрымалі раны. Толькі пяхоты загінула не менш чым 2 тысячы, а страты ў конніцы былі намнога большыя.
Выбухам бязмежнай радасці сустрэлі пераможцаў Ляхавічы. На пазіцыях маскоўскага войска засталося мноства зброі, асабліва гарматаў - іх так не хапала ў дывізіі Сапегі. Сабраўшы трафеі, вялікі гетман пакінуў частку гарматаў у Ляхавічах, Чарнецкі ж выслаў забранае ў свой Тыкоцін. У кінутым абозе Хаванскага былі вялізныя запасы каржоў, мукі, а таксама статак кароў на 7-8 тысячаў галоў, якіх разабрала войска ды раздалі сялянам.
Перамовы, што з зімы праводзілі ў Барысаве царскія паслы і прадстаўнікі гетманскай Украіны з камісарамі Рэчы Паспалітай, пасля бітвы пад Палонкай былі адразу перапыненыя. Маскоўская дэлегацыя паспяшалася ў Смаленск. Ваяводы нейкі час знаходзіліся пад уплывам катастрофы Хаванскага. Сама час быў для імклівай выправы ўсіх сілаў Вялікага Княства Літоўскага! Але наступалі пакуль толькі дывізія Сапегі ды кароннае войска Чарнецкага. З Ляхавічаў яны пайшлі на Барысаў і аблажылі яго. Двойчы спрабавалі штурмаваць, аднак добра ўмацаваны горад (царская залога тут складалася з тысячы ратнікаў) не паддаваўся. І ўсё ж з'яўленне буйных фармаванняў рэгулярнай арміі Вялікага Княства Літоўскага на Бярэзіне было настолькі нечаканым, што выразна сведчыла пра новую стадыю вайны: царскія ваяводы страчвалі ініцыятыву ваенных дзеянняў і пераходзілі да абароны.
Для Маскоўскай дзяржавы 1660 г. быў няшчасны і на Ўкраіне. Жадаючы дамагчыся рэваншу, ваявода Васіль Барысавіч Шарамецеў, прызначаны царом галоўным над украінскімі землямі, у жніўні дамовіўся з гетманам Хмяльніцкім пра сумесны паход на Альбоў, каб ударыць па каронным войску. Хаўруснікі выправіліся рознымі дарогамі, думаючы злучыцца ў зоне баявых дзеянняў. Але на Валыні Шарамецева сустрэлі з харугвамі вялікі гетман каронны Станіслаў Патоцкі і маршалак ды палявы гетман Ежы Любамірскі, а таксама крымскія татары. Маскоўскае войска мусіла колькі дзён абараняцца ў абозе. Неўзабаве сярод ратнікаў пачаўся голад. З вялікімі стратамі яно вырвалася з аблогі і дайшло да Чуднава, але і там не знайшло спакою, бо ўсё адно, аточанае, было пад пастаянным абстрэлам. Калі ж нарэшце з'явіўся Юры Хмяльніцкі з казакамі, Любамірскі здолеў схіліць яго на свой бок. Праз колькі дзён украінскі гетман прысягнуў каралю Рэчы Паспалітай і заклікаў казакаў палкоўніка Цацуры, якія былі з Шарамецевым, пакінуць маскоўскага ваяводу. Імклівым кідком Цацура вывеў 2000 казакаў з аблогі і далучыўся да Хмяльніцкага. Ад каго яшчэ мог чакаць выратавальнай дапамогі Шарамецеў?
Пратрымаўшыся яшчэ 11 дзён, галоднае і здэмаралізаванае маскоўскае войска здалося. Капітуляцыя праходзіла 23 кастрычніка 1660 г. Вялізнай групоўкі Шарамецева на Ўкраіне больш не існавала. Самога ваяводу, зняволенага, татарскі хан павёз да сябе ў Крым.
Масква зноў была ў жаху! Як і ў 1659 г., пайшлі чуткі пра магчымыя ўцёкі цара, пра пагрозу для сталіцы. Рэальнасць паходу на Маскву і сапраўды не выключалася. Кароннае войска ды казакі Хмяльніцкага маглі цяпер ісці на левы бераг Дняпра, кантраляваць усю Ўкраіну. Аднак польскія харугвы сканфедэраваліся і наагул сышлі з украінскіх земляў. На нейкі час тут усталявалася зацішша. Толькі ў Беларусі ваенныя дзеянні не перапыняліся.
Пасля ашаламляльнай паразы пад Палонкай каля Ляхавічаў цар пачаў ствараць для дзеянняў у Беларусі новую вялікую армію, кіраваць якой даручыў ваяводу князю Юрыю Далгарукаму. 19 жніўня 1660 г. Далгарукі накіраваўся ў Смаленск - базу фармавання новай арміі, а 8 верасня ўжо павёў адтуль свае палкі на Магілеў.
Украінскія казакі Нежынскага, Старадубскага і Чарнігаўскага палкоў на чале з Васілём Залатарэнкам былі высланыя ў Беларусь яшчэ ў чэрвені. У раёне Магілева - Шклова яны мусілі злучыцца з групоўкай Далгарукага і пачаць супольныя дзеянні супраць Сапегі і Чарнецкага. Аб'яднанне сілаў Далгарукага і Залатарэнкі ці Далгарукага і Хаванскага было небяспечным, паколькі прывяло б да ўтварэння надзвычай магутнай групоўкі ў Беларусі: у Далгарукага было блізу 25- 30 тысячаў ратнікаў, Залатарэнка вёў таксама 25 тысячаў, апрача іх - «ис Киева русских людей с Чаркасы же 4 тысячи человек», ды яшчэ Хаванскі, сабраўшыся з сіламі ў Полацку, мог выставіць на бітву прыкладна 12 тысячаў ратнікаў.
Да таго часу ў беларускім Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Палубінскага, Кміціча ды Чарнецкага. Калі яны паспрабавалі штурмаваць Барысаў і пераканаліся, што адразу горадам не авалодаць, Сапега з палкоўнікамі пайшоў у накірунку Талачына ды спыніўся ў мястэчку Славені, а Чарнецкі нейкі час яшчэ знаходзіўся пад Барысавам. Ён меў тады 3 тысячы конніцы ды тысячу выбранецкай пяхоты [5, т. 3, с. 123]. Пад вялікаю булавою Сапегі разам налічвалася блізу 6 тысячаў жаўнераў - палова конніцы, палова пяхоты. У палкоўнікаў Мурашкі і Аскіркі было «мужичья собрано» 3 тысячы, ды яшчэ - лёзная чэлядзь [5, т. 3, с. 188]. Праўда, войска Вялікага Княства цярпела вострую нястачу прадуктаў, амуніцыі, зброі. У харугвах Сапегі, напрыклад, было толькі 7 палявых гарматаў, а пораху - «толькі з бочку». У Паца - пораху «толькі два вазы... і волава мала ж». Асабліва пакутавалі жаўнеры ад голаду. Як адзначаў у грамаце Хаванскі пасля допыту палонных, «в войске де литовском и жмойцком голод большой: в таборах драгуны и желдаки лошадей едят, которых у них из наряду побивают» [5, т. 3, с. 419]. На пошукі хлеба для галоднага войска даводзілася пасылаць раз'езды ажно ў Віцебскі павет ды іншыя далёкія раёны краю.
У жніўні са з'яўленнем рэгулярнага войска на ўсходзе Беларусі актывізаваўся рух мясцовага насельніцтва, яскравей выявілася яго антымаскоўская настроенасць. Калі 16 жніўня харугвы Вялікага Княства - блізу 600 чалавек на чале з палкоўнікам Ліпскім - падышлі да Амсціслава, мяшчане хацелі адразу здаць ім горад, ды маскоўская залога арганізавала абарону. Тады праз тыдзень амсціслаўская шляхта і мяшчане ўльтыматыўна запатрабавалі ў каменданта Савы Аўцына адчыніць гарадскую браму, прыстрашыўшы, што ў адваротным выпадку павяжуць усіх маскоўскіх ратнікаў і аддадуць жаўнерам Вялікага Княства. Шляхціч Марцін Масковіч урэшце сам выхапіў ключы ў каменданта, і яны адчынілі браму. Маскоўскую залогу вырашылі адпусціць на волю. На другі ж дзень амсціслаўцы вывелі ратнікаў з горада і ажно 20 вёрстаў суправаджалі ў напрамку Рослава, гарантуючы ім бяспечны шлях з Беларусі. Але далей у лесе на царскіх ваяўнікоў амсціслаўскай залогі напалі партызаны «и учали по них из лесу стрелять с обеих сторон и шли де за ними те шиши верст с 40 и билися с утра до вечера». Загінуў сам Аўцын, 57 ратнікаў, 28 чалавек было паранена, так што да Рослава дайшоў з параненымі толькі 161 чалавек [5, т. 3, с. 148].
Тады ж харугвы гетманаў хадзілі да Крычава - і Крычаў таксама перайшоў на бок Вялікага Княства Літоўскага. Неўзабаве быў вызвалены і Шклоў. Смаленскі ваявода Барыс Рапнін з трывогай паведамляў цару, што і пад Смаленск прыходзілі «літоўскія людзі», захапілі ў палон некалькі салдатаў з палка Лэслі, адагналі з сабой ад горада статак на 110 коняў. Смаленскія казакі пачалі кідаць царскую службу ды сыходзіць у лясы. Ваяводы з вялікіх гарадоў Беларусі адчулі сур'ёзную небяспеку і сталі прасіць у цара тэрміновых падмацаванняў. У Полацку, напрыклад, маскоўскіх салдатаў і стральцоў тады было 657 чалавек, а жыхароў горада засталося з дзецьмі 1499. Дык каб умацаваць абароназдольнасць залогі, цар загадаў выкарыстоўваць палачанаў: «мещан по вестям росписать и ставить со всяким боем по городу с солдаты и стрелцы через человека» [11, с. 126].
Дзе ж была дывізія левага крыла, калі харугвы Сапегі і Чарнецкага пасля Палонкі стаялі пад Барысавам, ішлі да Дняпра? Шасцітысячная армія Міхала Паца толькі 8 ліпеня пакінула раён Вількаміра і рушыла да сталіцы Княства. Праўда, на Браслаўшчыне давялося паставіць частку пяхоты ў мэтах перасцярогі ад Хаванскага, які ўжо збіраў сваё пашматанае войска ў Полацку. Замест таго каб весці дывізію ў Падняпроўе дзеля супольных дзеянняў супраць непрыяцеля, абозны Міхал Пац у сярэдзіне ліпеня распачаў аблогу Вільні. Цэлы месяц ягонае жамойцкае войска марнавалася тут. Залога царскага ваяводы Мышэцкага не магла ўтрымаць увесь горад і схавалася ў замку, затое там баранілася надзвычай упарта. Аблога зацягвалася, а шанцаў на поспех амаль не было. Тады пад канец жніўня пацаўская дывізія прыйшла да Дняпра, пакінуўшы пад Вільняй 2 тысячы жаўнераў. Сапега і Чарнецкі ўжо другі тыдзень як стаялі пад Магілевам.
Вялікі гетман дамагаўся аб'яднання дывізіяў, каб разам выступіць на левым беразе Дняпра, тады як Пац упарта не жадаў гэтага і ўхіляўся ад падпарадкавання Сапегу. Канфрантацыя паміж імі зноў сама горшым чынам уплывала на ход кампаніі. Паколькі ваявода Чарнецкі сімпатызаваў жамойцкай дывізіі, дык Пац раптам пажадаў злучыцца з ім - толькі б не з Сапегам! Вялікі гетман гатоў быў ісці на кампрамісы, але аб'яднання левага крыла арміі з польскім войскам аніяк не мог дапусціць. Абураны, ён нават пагражаў Пацу, што скарыстае супраць таго зброю [74, s. 28].
Усё ж канфлікт удалося залагодзіць. Сапега прапанаваў злучыць дывізіі хоць часова, на час кампаніі, - і Пац пагадзіўся. Нарэшце з першай паловы верасня 1660 г. абодва крылы арміі Вялікага Княства Літоўскага падпарадкоўваліся аднаму начальніку - вялікаму гетману. Колькі дзён усё войска стаяла паміж Магілевам і Шкловам, а пасля перайшло на левы бераг Дняпра. Тут Сапега правёў агляд падначаленых яму сілаў. Фармаванні налічвалі блізу 12 тысячаў чалавек.
Між тым у другой палове верасня да Магілева ўжо падыходзіла групоўка ваяводы Далгарукага. З Полацка на злучэнне з ім выйшлі палкі Хаванскага. Казакі Васіля Залатарэнкі таксама мусілі дзейнічаць супольна з маскоўскім войскам. Прыкладна 24 верасня Далгарукі спыніўся каля вёскі Гаспода, што за 40 вёрстаў ад Магілева, і зрабіў там умацаваны лагер. Дапытаўшы сялянаў, пачуў, што ў вёсцы Вуглы, недалёка ад Горак, стаіць войска Міхала Паца - пад 4 тысячы чалавек. Ад Гасподы да Вуглоў было, можа, няпоўных 10 вёрстаў. Але Сапега, добра інфармаваны пра рух Далгарукага, ужо выслаў да Паца харугвы Палубінскага, а пасля і сам з Чарнецкім ды ўсімі сіламі прайшоў пад Вуглы. Непрыяцеляў раздзяляла цяпер забалочаная рачулка Бася* ды нейкія тры вярсты.
* Бася - прытока Проні, якая ўпадае ў Сож.
Колькі дзён прайшло ў напружаным чаканні, артылерыйскай перастрэлцы, папярэдніх сутычках. Пяць харугваў конніцы, пераправіўшыся праз Басю, наблізіліся да самага маскоўскага лагера і завязалі там бой. Войска Далгарукага, гатовае да бітвы, пакінула ўмацаванні і пагналася за імі, але ў полі сутыкнулася з большай сілай. Праз дзень усё адбылося прыкладна гэтаксама, затым - ізноў сутычка. Да генеральнай сечы дайшло 8 кастрычніка, на восьмы дзень пасля пераправы праз Дняпро. У начной цемры вялікі гетман вывеў усё войска за Басю ды размеркаваў так, што ягоныя харугвы сталі ў цэнтры, на правым крыле - дывізія Чарнецкага, а на левым - Паца. За ноч былі падрыхтаваныя шанцы, артылерыя, і з ранішнім святлом гатовы да бітвы Сапега накіраваў Далгарукаму сурмача з выклікам на міжбой. Апоўдні маскоўскія палкі выйшлі з лагера, і пасля ўзаемнага артылерыйскага абстрэлу арміі сутыкнуліся. На абодвух флангах Чарнецкі і Пац з Палубінскім хутка паціснулі непрыяцеля, разарвалі варожыя шыхты і пачалі гнаць іх да абозу, але, захапіўшыся, не заўважылі таго, што па цэнтры моцна церпіць дывізія Сапегі. Маскоўскаму войску тут удалося адкінуць конніцу, пабіць шмат пяхоты і, захапіўшы гармату ды колькі штандараў, амаль пераможна вярнуцца да свайго лагера. Затое правае і левае крылы групоўкі Далгарукага былі разгромленыя ды ратаваліся ўцёкамі. Апісваючы бітву, ваявода паведамляў цару, што «сотни многия и сотенные люди из розных сотен с бою побежали к своим обозам, и рейтарские два полки Рычерта Полмера да Томаса Шала все побежали к обозам же, и драгуны Христофорова полку... и солдаты Филипнусова полку Фон-Буковена и Вилимова полку... » [5, т. 3, с. 167].
Пад вечар усё маскоўскае войска перайшло пад ахову сваіх лагерных умацаванняў. Харугвы Вялікага Княства і Кароны, пастаяўшы каля абозу Далгарукага, вярнуліся за Басю. Было здабыта 7 гарматаў, 15 баявых сцягоў, захоплена шмат палонных, у тым ліку палкоўнік Фон-Буковен. Паводле імяннога роспісу ваяводы, агульныя страты маскоўскага войска дасягнулі 1155 чалавек, з іх 427 забіта і 519 паранена. Але і ў пераможцаў бітва ўзяла вялікія ахвяры. Як адзначыў у сваім дыярушы ўдзельнік сечы шляхціч Ян Пачабут-Адляніцкі, «гэты дзень, заліты крывёю, паклаў на месцы шмат годных маладых людзей і сыноў мілай айчыны». Гетман таксама быў у вялікай небяспецы: пад ім забіла каня.
Пад час бітвы ўдалося захапіць Адама Кашанскага - шляхціча з пацаўскай дывізіі, які двойчы здрадзіў Айчыне. Калі ён першага разу быў схоплены ў палон і, пакаяўшыся, прысягнуў на вернасць сваёй дзяржаве, яму паверылі, а кароль нават падараваў зямлю з сваіх уладанняў. Цяпер жа здрадніка, які другім разам перайшоў на бок Масквы, вайсковы суд пастанавіў пасадзіць на палю, і толькі вялікі гетман, умяшаўшыся, загадаў расстраляць Кашанскага.
|
|||
|