Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Генадзь Сагановіч 8 страница



 

За кошт шырокага далучэння шляхты ў 1658 г. вызваленчы рух у Беларусі разгарнуўся з новай сілай. Як і ў папярэднім годзе, край ускалыхнула хваля паўстанняў супраць акупацыйных уладаў, хоць па часе гэта і супала з чарговай спробай царскага ўрада выгнаць казакаў з Беларусі. Пад восень шляхта і мяшчане Гарадзеншчыны, пачуўшы пра набліжэнне войска вялікага гетмана Паўла Сапегі, разам ухапіліся за зброю. Падобна, што гэтаксама было і каля Наваградка [87, с. 24]. Ды і Сапегавы харугвы ў значнай ступені складаліся з сялянаў, якія наняліся служыць ці прыйшлі з паўстанцкіх аддзелаў. Ваявода Юры Далгарукі ў верасні 1658 г. з трывогай паведамляў цару, што «вся присяжная шляхта всех поветов изменили и к ним, к гетманом к Павлу Сопеге и к Гонсевскому пристали и твоих ратных людей везде побивали, и в полон имали, и конские стада отгоняли» [5, т. 2, с. 613]. Паводле звестак, атрыманых на допыце «языкоў», пісаў ён далей, шляхта ўсіх гарадоў і паветаў гуртуецца ды злучаецца з сялянамі, з казакамі Мурашкі і Нячая, каб выступаць супраць непрыяцеля. Па дарогах ад Смаленска і Полацка зробленыя моцныя заставы, так што царскіх ганцоў ужо не прапускаюць. «А которые де твои ратные люди из наших полков от Вильны побежали, и тех беглецов присяжная шляхта с черкасы и с мужики по Смоленской и по Полоцкой дорогам многих побили». Крычма крычалі тады рэляцыі маскоўскіх ваяводаў: «казаки белорусские, государь, нас, ратных людей твоих, побивают».

 

Палкоўнік Нячай ужо ўлетку 1658 г. добра ведаў пра планы гетмана Івана Выгоўскага (пра якога, дарэчы, запарожцы гаварылі, што яму нельга кіраваць Украінай ды казацкім войскам, бо ён - «ліцвін») зноў аб'яднацца з Рэччу Паспалітай, і таму стаў дзейнічаць адкрыта. Калі б тады дайшло да наступу войска Вялікага Княства, ягоныя і Мурашкавы сілы ўзяліся б абараняць пераправы праз Бярэзіну і Дняпро ды не прапускаць у Беларусь падмогі з Масквы. У верасні 1658 г., згодна з Гадзяцкай дамовай, Нячай канчаткова перайшоў на бок Рэчы Паспалітай разам са сваім палком і гарадамі Старым Быхавам, Чавусамі, Рославам*. Тады ж у Амсціславе і Крычаве мяшчане склалі паміж сабой спісы і, знішчыўшы царскія залогі, узялі ўладу ў гарадах у свае рукі**. Усё гэта спрыяла актывізацыі казацка-сялянскага руху ў беларускім Падняпроўі. Полк Нячая атрымаў падмогу - у лістападзе да яго прывёў 2 тысячы казакаў брат казацкага гетмана Самуль Выгоўскі. Але тады ж для барацьбы з казакамі ды паўсталым мясцовым насельніцтвам у Шклоў прыйшло вялікае маскоўскае войска на чале з Далгарукім.

 

* Варшанскі ваявода Палуехтаў напісаў цару, што казакі Нячая «в могилевском и дубровенском и оршанском уездах стрельцов и солдат... многих побили до смерти, а иных пожгли».

 

** Праз год цар прыгадваў, што амсціслаўскія ды крычаўскія «мещане нам изменили, воевод наших и ратных людей побили».

 

Віцебская, шклоўская, варшанская «и иных поветов шляхта и мещане и волосные мужики и всяких чинов люди» збіраліся для ваенных дзеянняў у Абольцах. Да ротмістра віцебскага шляхціча Юндзіла і полацкага шляхціча Храпавіцкага сыходзіліся сама розныя людзі з Віцебшчыны. Па звестках віцебскага ваяводы Мікіты Бабарыкіна, у Лукамлі стаялі 2 харугвы палкоўніка Самуля Лукамскага, 3 - Фларыяна Слонскага, 3 - Караля Лісоўскага, 2 - Міхайлы Сакалінскага і па адной - Лыкі ды Раманоўскага, а разам у іх было «конных и пеших всяких людей и с мужиками тысячи с две». Выявіўшы лагеры партызанаў блізкіх да Лукамлі вёсак (у Быкаве, Машчаным, Гарадку, Ульянавічах ды іншых паселішчах), ваяводы правялі карную аперацыю. Маскоўскія стральцы на чале з Васілём Пушачнікавым «село Биково выжгли», «Мощаное выжгли», «село Городец выжгли». Тады ж, у лістападзе 1658 г., 30 стральцоў выехалі з Віцебска да маёнтка ўдавы шляхцянкі Гаеўскай браць ейнага сына, аднаго з паўстанцаў. Спазніўшыся і не схапіўшы шляхціча, яны ўжо вярталіся назад, калі былі ўначы ў Старым Сяле заатакаваныя партызанамі (сялянамі і казакамі) і ў бальшыні перабітыя. Навялі ж на іх партызанаў вежыцкія сяляне.

 

З 1658 г. вызваленчы рух у Беларусі прыкметна ўзмацніўся, асабліва на Віцебшчыне*. Царскія ваяводы ў сваіх паведамленнях адзначалі, што там «изменников в собранье по местечкам во многих местах множится уездные мужики». Партызаны блакавалі Віцебск, перакрыўшы паступленне хлеба і конскага корму, адбірали ў нарыхтоўшчыкаў харчовыя запасы, перахоплівалі грашовыя зборы. Палкоўнікі Камароўскі і Мікалай Валовіч, у якога было сялянаў «тысячи з две с косами и з бердыши», тады ж вызвалілі Глыбокае. Казакі Нячая яшчэ годам раней чатыры разы прыступаліся да Магілева. Згуртаваўшыся, менская шляхта на чале з палкоўнікам Падоскім паспрабавала разбіць маскоўскую залогу ў Менску і вызваліць горад, аднак не змагла і ўжо сама мусіла ратавацца ўцёкамі. А ў Камяні-Харэцкім колькі сотняў тых жа шляхцічаў злучыліся з сялянамі і разбілі аддзел адборнай маскоўскай пяхоты (300 чалавек), які адлучыўся ад палкоў Далгарукага і займаўся рабаваннем [25, с. 148]. Бешанковічы і Лукам'е былі даўно ў руках партызанаў.

 

* Увосень 1658 г. на дапамогу віцебскай шляхце вялікі гетман Сапега паслаў палкоўніка Самуля Кміціча з 12 харугвамі рэгулярнага войска.

 

Вось тады Аляксей Міхайлайлавіч распачаў сапраўдную вайну супраць вызваленчага руху. У верасні на «воров и изменников» пад Магілеў быў накіраваны моцны карны корпус пад камандай ваяводы Рыгора Казлоўскага. Інструкцыю яму складалі ў Прыказе тайных справаў пад наглядам самога цара. Патрабавалася разбіваць і разганяць казакаў і паказачаных сялянаў, калі ж у якіх мястэчках ці вёсках пачнуць не паддавацца - паліць і разбураць. Гарады, якія здрадзілі цару ці ў якіх стаялі партызаны, - «повоевать и выжечь и разорить совсем без остатку». Разам з Казлоўскім мусіў дзейнічаць магілеўскі ваявода Сямён Змееў. Неўзабаве на дапамогу ім быў накіраваны яшчэ і ваявода Іван Лабанаў-Растоўскі з войскам. Адначасова на Віцебшчыну са Смаленска рушылі салдаты Восіпа Сукіна і стральцы Васіля Пушачнікава. У мястэчку Бешанковічы з імі правялі бой аддзелы Фларыяна Слонскага, Браніслава Прасецкага, Караля Лісоўскага і Самуля Лукамскага, складзеныя са шляхты, чэлядзі і сялянаў. Пабітыя карнікі мусілі вяртацца ў Смаленск, а партызаны засталіся ў Бешанковічах [5, т. 2, с. 639]. З Віцебска ваявода Бабарыкін таксама ў снежні 1658 г. высылаў войска на харугву ротмістра варшанскага шляхціча Сулікоўскага і харугву сотніка Піліпа Прудніка. У мястэчку Нерашы адбыўся начны бой. Пацярпелі на гэты раз горш узброеныя і слабейшыя колькасна партызаны.

 

І ўсё ж карнікі не дасягнулі пастаўленых мэтаў, бо вызваленчы рух працягваў разгортвацца. На Віцебшчыне ў Лукамлі, па звестках ваяводы Бабарыкіна, у студзені 1659 г. ізноў былі палкоўнікі Лукамскі, Лісоўскі, Слонскі, да якіх прыйшоў яшчэ і Самуль Кміціч. Маючы разам блізу 3 тысячаў чалавек, яны наладзілі сувязь з Паўлам Сапегам і чакалі вялікага гетмана да сябе на Віцебшчыну. Па-ранейшаму дзейнічалі партызаны ў Полацкім павеце. На Барысаўшчыну зноў мусіла ісці карнае войска. Са схопленых у палон «изменников-козаков и воров-шишов» шмат каго вешалі, іншых бязлітасна білі пугамі і, адрэзаўшы вушы, адпускалі [5, т. 3, с. 51]. У сакавіку 1659 г. на партызанаў Горацкага павета прыйшло войска са Смаленска, але тыя, узначаленыя палкоўнікам Іванам Рыдарам, заціснулі маскоўскіх ратнікаў у Вялікіх Горах і пратрымалі ў аблозе да з'яўлення новых сілаў непрыяцеля, пасля чаго адышлі ў Амсціслаў. Тады ж узняліся жыхары Рослава. Кіраваў імі рослаўскі шляхціч Аляксандр Волік, які меў 2 тысячы пяхоты і конніцы, праўда, вельмі мала зброі ды хлебных запасаў [5, т. 2, с. 658]. Але ўжо ў сакавіку войска Івана Лабанава-Растоўскага аблажыла Амсціслаў. Сабраўшы свае сілы разам, палкоўнікі Кміціч, Аскірка, Нячай і Выгоўскі выйшлі з Крычава на дапамогу амсціслаўцам - ды самі пацярпелі. На пачатку красавіка паспрабавалі яшчэ раз (цяпер з імі быў Дзяніс Мурашка), але былі зноў пабітыя. Амсціслаў жа, застаўшыся без дапамогі, неўзабаве паддаўся маскоўскаму войску. Пасля гэтакі ж лёс напаткаў і іншыя паўсталыя гарады. А палкоўнік Нячай, разбіты пад Рославам ваяводам Баратынскім, зачыніўся ў сваім Старым Быхаве*.

 

* На пачатку 1659 г. праўдападобна палову войска Івана Нячая складалі мясцовыя сяляне, узброеныя бердышамі, сякерамі, рагацінамі.

 

У іншых раёнах Беларусі вызваленчая барацьба вялася з неменшай напругай. Карны корпус ваяводы Чэлышава мусіў хадзіць на Белы, «на Велиж, и к Витебску, и к Полоцку, и в иные места», дзе былі партызаны.

 

Не перапыняючыся, вызваленчы рух у Беларусі датрываў да ўзнаўлення ваенных дзеянняў паміж царскімі палкамі і харугвамі Рэчы Паспалітай. Там, дзе з'яўлялася сваё войска, барацьба мясцовага насельніцтва прыкметна актывізоўвалася. Агульнае імкненне вызваліцца ад акупацыі найяскравей выявілася ў шэрагу гарадскіх паўстанняў, буйных партызанскіх акцыях, а таксама ў далучэнні сялянаў і мяшчанаў да дзейнага рэгулярнага войска. Напрыклад, увесну 1662 г. Да 5 харугваў Рэчы Паспалітай, якія стаялі ў Рэжыцкім павеце, далучылася 6 харугваў партызанаў - «шишей и уездных мужиков», пасля чаго ўсе збіраліся ісці на Дынабург. У Полацкім павеце ва ўрочышчы Лахты дзейнічалі адзін час 4 харугвы войска Вялікага Княства Літоўскага і разам з імі 3 харугвы вясковых мужыкоў. Нярэдка мясцовыя жыхары, узброіўшыся, дабівалі рэшткі царскіх палкоў, рассеяныя пасля вялікіх бітваў, як, напрыклад, пад Кушлікамі, калі сяляне нападалі на маскоўскіх ратнікаў у лясах, «помсцячы за гвалты і рабаванне сваіх вёсак». Гэта была ўжо другая, вышэйшая стадыя развіцця вызваленчага руху, калі мясцовыя жыхары, арганізаваўшыся, не абмяжоўваліся самаабаронай, але пераходзілі да актыўных дзеянняў, здабывалі мястэчкі і невялікія гарады, чынілі пераслед непрыяцеля. Ідэя адпору тыраніі аб'ядноўвала ўсе станы, часова нівелюючы сацыяльныя антыпатыі, гуртуючы пад адну харугву і сялянаў са шляхтаю, і мяшчанаў з казакамі.

 

Выглядала, што ўсё насельніцтва задзіночылася адной мэтай - выгнаць чужое войска са сваіх гарадоў і паветаў. Аўстрыйскі дыпламат, праязджаючы тады па Беларусі, адзначыў, што здзекі і жорсткі гвалт маскоўскага войска над мясцовым людам «так адвярнулі ад масквіцян сэрцы гэтага народа і адштурхнулі ўсялякі давер да іх, што ён выгнаў іх са сваіх земляў з такой жа нянавісцю, з якім даверам калісьці іх прымаў».

 

 

ПЕРАЛОМ

 

Аднойчы ўгневаны лёс Масковіі, які раней

 

зычліва пасылаў ёй перамогі, цяпер упарта

 

працягваў пераслед масквіцянаў.

 

Самуэль Венслаўскі

 

Улетку 1658 г., калі дачыненні паміж Маскоўскім царствам і Рэччу Паспалітай абвастрыліся і ўзнаўленне ваенных дзеянняў магло стаць рэальнасцю кожнага дня, у Рэчы Паспалітай быў абвешчаны збор шляхецкага рушання. Хоць яно ўжо і страціла сваё ранейшае значэнне, фармальна ўсё ж заставалася асновай абароны краіны. У Вялікім Княстве манарх дзяліў рушанне на часткі і далучаў іх да фармаванняў рэгулярнага войска. Гэта яшчэ хоць неяк падвышала баяздольнасць шляхецкіх харугваў.

 

Дзякуючы актыўным захадам у 1658-1659 гг. істотна павялічылася колькасць найманага войска. У Кароне яна дасягала 36, а ў Княстве - 20 тысячаў [104, s. 178]. Такой арміі ў гады той вайны краіна яшчэ не мела.

 

Аднак арганізацыя ўзброеных сілаў у Рэчы Паспалітай даўно састарэла і не адпавядала тагачасным патрабаванням вядзення вайны. Асабліва шкодзіла справе двоеўладдзе ў кіраванні войскам. Палявы гетман Вялікага Княства не падпарадкоўваўся вялікаму і быў самастойны ў дзеяннях. Кароль і вялікі князь, імкнучыся абмежаваць уладу вялікага гетмана, падтрымліваў палявога. Камандаваў кожны з гетманаў толькі сваім войскам, якое сам жа і наймаў. Паўлу Сапегу падпарадкоўвалася толькі дывізія правага крыла, а Вінцэнту Гасеўскаму - левага. Апошнюю па месцы сталага знаходжання называлі жамойцкай, тады як дывізію Сапегі - сапежынскай. Калі ўлічыць, што Гасеўскі і Сапега (а раней - Гасеўскі і Радзівіл, Радзівіл і Сапега) зацята варагавалі паміж сабою, не давяралі адзін аднаму і скарыстоўвалі кожную магчымасць, каб скампраметаваць суперніка, лёгка ўявіць, колькі шанцаў было змарнавана дзеля аднаго гэтага заганнага прынцыпу кіравання войскам. Ані пра трывалае адзінства, ані пра ўзаемадапамогу ці жаданне праводзіць аперацыі супольна не магло быць і гаворкі. Ці мала трагічных урокаў мела краіна ў гады няроўнага супрацьборства толькі праз гэта! Прыгадаць хоць бы гісторыю страты Вільні ў 1655 г. ды няшчасную бітву пад Веркамі, пад час якой у рукі непрыяцеля трапіў сам палявы гетман. Тым не менш у кіраванні войскам анічога не мянялася.

 

Становішча ўскладнялася яшчэ тым, што шведы, спыніўшы ў 1658 г. ваенныя дзеянні супраць царскай арміі, скіравалі значныя сілы на Рэч Паспалітую ды зноў занялі Жамойць. Нейкі час дывізія левага крыла была занятая барацьбой з імі, так што вайну ўсё яшчэ даводзілася весці на два франты.

 

Маскоўскі ўрад, грунтоўна рыхтуючыся да ўзнаўлення ваенных дзеянняў, пасылаў на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага новыя групоўкі войска, перавозіў дадатковыя запасы зброі і харчу, умацоўваў залогі, збіраў неабходную інфармацыю. Прыкладам, у 1658 г. асобнай граматай, высланай у Полацак, цар загадаў даручыць шпіёнам дакладна выведаць, дзе знаходзяцца кароль і гетманы, у якім стане войска Кароны і Княства, ці не прыйшла да гетманаў якая падмога, ці скончыўся мор у Вільні ды шмат іншага.

 

Для ўзнаўлення вайны ваяводы Хаванскі і Далгарукі прывялі ў Беларусь яшчэ каля 30 тысячаў ратнікаў. Між тым дэмаграфічны і гаспадарчы патэнцыял Маскоўскай дзяржавы быў таксама падарваны і стварэнне новых вялізных армій патрабавала ўсё большых высілкаў. Дзейныя войскі, размешчаныя на тэрыторыі Вялікага Княства, панеслі цяжкія страты. Апроч палеглых у бітвах і памёрлых ад хваробаў страты гэтыя дапаўняліся ўцекачамі. Знясіленыя маскоўскія ратнікі ўцякалі з царскай службы на акупаваных землях ужо ў першыя гады вайны. Як паведамляў баярын Мікіта Адоеўскі, за 1655 г. і да верасня 1656 г. з Вільні ўцякло 47 дзяцей баярскіх і 410 драгунаў, а пасля верасня яшчэ колькі рэйтараў, татары і драгуны, так што ў яго «осталось только 6 человек» [5, т. 2, с. 554].

 

Каб спыніць уцёкі, царскі ўрад яшчэ вясной 1655 г. загадаў ваяводам лавіць дэзерціраў і вешаць іх, ставячы шыбеніцы дзеля застрашэння на перакрыжаваннях дарогаў. Аднак гэтакія жорсткія захады не далі чаканай карысці. Да ўзнаўлення актыўных ваенных дзеянняў у Беларусі маскоўскія залогі тут заставаліся нязначныя па колькасці. На гэта ваяводы часта скардзіліся цару і прасілі падмацаваняў. Да таго ж значную частку раскватараваных па беларускіх гарадах сілаў складалі іншародцы. Як пісаў у 1656 г. маскоўскі поп Іван, які служыў у Менску, у горадзе з імі толькі 3 роты салдатаў, і тыя - «все татары да мордва, - рускава ничего не знают» [9, с. 192].

 

З узрастаннем партызанскай барацьбы колькасць маскоўскіх ратнікаў-уцекачоў з Беларусі значна павялічвалася. Каб спыніць развал войска, царскі ўрад у 1658 г. увёў смяротную кару за ўхіленне ад вайсковай службы і ўтойванне дэзерціраў. Калі раней паводле Саборнага ўлажэння, служылых людзей у Маскоўскай дзяржаве каралі смерцю за такія віды злачынстваў, як узброены бунт, мяцеж у войску, дзяржаўную здраду, здачу горада непрыяцелю, а таксама прыняцце замежных людзей у мэтах здрады ці проста зносіны з ворагам, дык цяпер новы артыкул пераводзіў у катэгорыю смяротнікаў масу зусім іншых «злачынцаў». Праўда, і «нещадное битье кнутами», прадугледжанае ў больш як сотні артыкулах Саборнага ўлажэння, у сапраўднасці мала чым адрознівалася ад смяротнага прысуду, бо лік удараў не вызначаўся. Таму пакаранне бізунамі ды кіямі было фактычна замаскаванай формай забойства [47, с. 152-154].

 

З 1658 г. усе вайсковыя фармаванні Маскоўскай дзяржавы траплялі пад пільны кантроль Прыказа тайных справаў. Ён атрымаў перапісныя кнігі палкоў пачынаючы з 1654 г., а таксама спісы тых, хто з 1654 па 1658 г. служыў у пэўным горадзе. Па гэтых дакументах можна было дакладна вызначыць наяўнасць кожнага мабілізаванага. Цяпер ваяводы складалі спіс адсутных («нетчиков», «нетов» - тых, каго «нет») у сваім войску і перадавалі ў Маскву. Уцекачоў пачыналі шукаць, а знайшоўшы - білі і высылалі назад у войска ці ў Сібір*. Адначасна стала пашырацца новая форма пакарання ваенных злачынцаў - гэтак званы «смертный правеж»: выявіўшы «нетчиков», мясцовыя ўлады знаходзілі іх бліжэйшых сваякоў, хапалі цэлыя сем'і і тварылі над імі паказальныя расправы на пляцах, забіваючы да смерці. Часта здаралася, што сярод «нетаў» былі не ўцекачы, а тыя ратнікі, якіх захапілі ў Беларусі ў палон ці якія памерлі з голаду, ад хваробаў, заблукалі ў лясах і балотах. Напрыклад, так караў у 1661 г. суродзічаў тых ратнікаў, што адсутнічалі ў палках, ваявода Аланецкага павета. Заанежскія салдаты і драгуны скардзіліся цару, што «вместо тех побитых и в полон поиманых и которые с голоду померли (ратнікі. - Г. С. ), и отцов их и матерей и жен бьют на смертном правежу», а калі знойдуць дэзерціра - таксама забіваюць насмерць [5, т. 3, с. 472]. Злітаваўшыся, цар загадаў вызваліць ад «смертного правежа» бацькоў і дзяцей тых, хто загінуў, памёр ці трапіў у палон. Злоўленых уцекачоў распарадзіўся вяртаць на службу, а калі тыя зноў пакінуць свае палкі - «тем быть в смертной казни без пощады». Такая форма ўздзеяння на дзейнае войска шырока выкарыстоўвалася маскоўскім урадам і ў апошнія гады вайны. Ратнікі знаходзіліся ў палку, а іхныя сем'і ды сяляне былі ў абозах, у царскіх гарадах «на правежах». І ўсё ж хваля дэзерцірства не змяншалася. З 1659 да 1661 г. толькі датачных збегла са сваіх палкоў 5512 чалавек [5, т. 3, с. 434]. А ўлады праводзілі мабілізацыю за мабілізацыяй. На загад Аляксея Міхайлавіча ў 1659 г. з гарадоў Маскоўскай дзяржавы было ўзята «в солдатскую службу даточных пеших людей» па адным чалавеку з кожных 25 двароў, у 1660 г. - ізноў з такога разліку, а ў 1661 г. - па чалавеку з кожных 20 двароў! У гарадах Вязьма, Белы, Рослаў, Бранск, Сярпейск, Ржэва былі пастаўленыя заставы для затрымкі ўцекачоў і вяртання іх назад.

 

* Вось як апісаў пакаранне тых, хто ўцёк з войска, Павел Алепскі: «... Их находили царские слуги, разъезжавшие по областям, и приводили в столицу со связанными за спиной, руками, в оковах, к министрам и наместникам царя. Немедленно их обнажали и водили по всему городу, причем позади шел палач, с кнутом из длинных сырых бычачьих жил, провозглашал их преступление и при каждом шаге стегал кнутом. Кровь брызгала - отвратительно человеку смотреть на такие дела!.. Так продолжали идти с ними, пока не возвращались в приказ, так что его плечи и спина принимали вид, достойный плача: кровь лилась из них ручьем. Одних из них бросали в тюрьму, других вешали» [6а, кн. 9, с. 157].

 

Маскоўская дзяржава пачала ваенныя дзеянні ў значна пагоршанай для яе ваенна-палітычнай сітуацыі. Царскія залогі цярпелі як у Беларусі, дзе набіраў сілы вызваленчы рух, так і на Ўкраіне ад казакаў Выгоўскага. А ў дадатак неабходна было трымаць войска і на трэцім фронце - шведскім. Каб унікнуць адначаснай вайны з трох бакоў, цар спрабаваў не абвастраць дачыненняў з Вялікім Княствам Літоўскім і, выйграўшы час, хутка разабрацца з Украінай. У студзені 1659 г. царскі пасол яшчэ паехаў да ўладаў Рэчы Паспалітай, а каралеўскі дыпламат накіраваўся ў Маскву, з якой на Ўкраіну вырушыла вялізнае войска на чале з вопытным ваяводам князем Аляксеем Трубяцкім. Меркавалася, што ваявода зможа ўтаймаваць Выгоўскага без сутычкі, схіліць яго на маскоўскі бок, прапанаваўшы выгадныя ўмовы. Аднак да перамоваў не дайшло. Калі Трубяцкой правёў войска праз Сеўск, Пуціўль да Канатопа, ён наткнуўся там на казакаў палкоўніка Гуляніцкага і аблажыў іх у горадзе. А 27 чэрвеня да Канатопа ўжо падышлі галоўныя сілы Івана Выгоўскага разам з крымскім ханам. Уранку мяцежны гетман з часткай казакаў раптоўна наляцеў на маскоўскае войска, занятае аблогай, ды, нанёсшы цяжкія страты, завабіў яго ў пагоню за сабой. За казакамі кінулася адборная дваранская конніца князёў Сямёна Пажарскага і Сямёна Львова, але яе сустрэлі пакінутыя ў засадзе татары і другая частка казацкага войска. Найлепшыя сілы групоўкі Трубяцкога былі цалкам знішчаныя. Загінулі і абодва князі, а блізу 5 тысячаў ратнікаў трапіла ў палон. Рэшта войска выратавалася тым, што пад прыкрыццём артылерыі хутка перайшла з-пад Канатопа ў Пуціўль, але і яна была моцна пашматаная.

 

Весткі пра канатопскую паразу выклікалі сапраўдную паніку ў Маскве. Да сталіцы з клункамі пачалі з'язджацца жыхары ваколіцаў. Пайшлі чуткі, што сам цар збіраецца ўцякаць за Волгу. У жніўні Аляксей Міхайлавіч загадаў выводзіць людзей на ўзвядзенне земляных умацаванняў Масквы і нават сам прысутнічаў там [64, т. 11, с. 50].

 

Увосень маскоўскі ўрад паспрабаваў узнавіць перамовы са Швецыяй ды падпісаць з ёй мірнае пагадненне, але шведы аніяк не прымалі прапанаваных царскімі пасламі ўмоваў. Наадварот, яны ўльтыматыўна патрабавалі ад Масквы ўзнавіць даваенныя межы.

 

Тым часам у кастрычніку ваяводу Трубяцкому ўсё ж удалося ўтаймаваць Украіну. На Пераяслаўскай радзе быў абраны новы гетман - сын Багдана Хмяльніцкага Юры і зачытаны тэкст новае дамовы, прывезены з Масквы. Артыкулы Пераяслаўскага пагаднення прадугледжвалі большую цэнтралізацыю казацкага войска і падпарадкаванне яго маскоўскім уладам, забаранялі выбіраць гетмана без царскай згоды і вызначалі шэраг іншых захадаў, скіраваных супраць ваганняў казацкай старшыны, супраць «польскіх» уплываў. Наагул гэтая дамова вяршыла яшчэ адзін поспех палітыкі царскага ўрада і азначала новую ступень палітычнага падпарадкавання Ўкраіны Маскоўскай дзяржаве [55, с. 48-49].

 

Адзін з артыкулаў Пераяслаўскага пагаднення 1659 г. катэгарычна патрабаваў: «В городех, и местах, и местечках на Белой России ныне и впредь залогам черкасским не быть» [14, с. 110]. Палкоўніку Івану Нячаю было загадана пакінуць Стары Быхаў і здаць яго царскім ваяводам, а сваіх казакаў выслаць у Нежынскі і Чарнігаўскі палкі. У выпадку непадпарадкавання царскія ўлады павінны былі распачынаць супраць Нячая ваенныя дзеянні. Так яно і выйшла. Нячай не падпарадкаваўся. У ліпені маскоўскія ваяводы аблажылі Стары Быхаў. Абаронцы ўпарта адбіваліся, але сілаў не хапала. Пад канец года на дапамогу Нячаю з Бабруйска хацеў ісці Дзяніс Мурашка, ды не паспеў: уначы з 13 на 14 снежня царскае войска штурмам захапіла Стары Быхаў. Па сведчанні зямянаў Сухціцкіх, якія знаходзіліся пад час штурму ў фартэцыі, непрыяцель здолеў авалодаць ёю «цераз здраду» некаторых заможных жыхароў, у прыватнасці Ільінічаў. Уварваўшыся, маскоўскія ратнікі падпалілі горад, а абаронцаў - «адных пасеклі, іншых жывымі пабралі» [3, No. 276]. Толькі габраяў было забіта каля 300 чалавек*. Заняволенага Нячая выслалі ў Сібір**.

 

* Жах крывавага пагрому ў Старым Быхаве апісаў рабін Лейба Пухавіцер, які перажыў тую трагедыю і, дзівам уратаваўшыся, выдаў кнігу ў Венецыі [50, с. 114-116].

 

** Толькі дзякуючы заступніцтву ўкраінскага гетмана Хмяльніцкага зняволенаму Нячаю даравалі жыццё. Паплечнікі ж ягоныя Самуль Выгоўскі, Дрань, Корсак, Маляўка ды іншыя былі павешаныя ў Старым Быхаве.

 

Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Вялікага Княства ўзнавіліся задоўга да Пераяслаўскае рады 1659 г. і кампаніі выгнання казакаў з Беларусі. Харугвы сапежынскай дывізіі з 1 кастрычніка 1658 г. ужо трымалі ў аблозе Горадню. На пачатку наступнага года сіламі левага крыла была абложаная Коўня. Каб зняць аблогу, ваявода Міхайла Шахоўскі высылаў з Вільні значнае маскоўскае войска - блізу 1100 ратнікаў. На жаль, жамойцкая дывізія яшчэ не мела адзінага кіраўніцтва і была раздробленая. Сіламі, якія пасля паразы пад Веркамі сабраліся каля Кейданаў, кіравалі два палкоўнікі: Мацей Гасеўскі, брат палявога гетмана - пяхотай, а Казімір Жаромскі - конніцай. Галоўнай жа часткай дывізіі левага крыла, якая хадзіла ў Курляндыю супраць шведаў Роберта Дугласа і не ўдзельнічала ў бітве пад Веркамі, па-ранейшаму кіраваў абозны Самуль Камароўскі. І злучацца яны не спяшаліся. Да ўсяго ў снежні распусцілася паспалітае рушанне - скончыўся чарговы квартал службы.

 

Вось тады, зімой 1658/59 г., царскі ўрад распачаў буйную наступальную аперацыю на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Прызначаны кіраўніком усёй кампаніі ваявода і князь Іван Хаванскі павінны быў вярнуць страчаныя гарады, заняць цвердзі, якія засталіся незахопленымі пасля першага этапу вайны, і, разбіўшы сілы непрыяцеля, давяршыць падпарадкаванне краіны. Частка маскоўскага войска рухалася на Наваградак, а другая групоўка пайшла ў кірунку Біржаў. Каля Мядзела яна разбіла размешчаныя абозам харугвы віцебскага ваяводы Ўладзіслава Валовіча і Мікалая Юдзіцкага - пад 6 тысячаў. Іх пашматаныя рэшткі адступілі ў Панямонне. Браслаўскі, Ашмянскі і Вількамірскі паветы былі акупаваныя пераможцамі. Але праз нейкі час сюды падышла дывізія левага крыла, ужо аб'яднаная Камароўскім. Заатакаваўшы маскоўскае войска ваяводы Нашчокіна, яна аблажыла непрыяцеля ў Чадосах на Жамойці. На пачатку траўня 1659 г. дайшло да трохмесячнага замірэння паміж Камароўскім і Нашчокіным, бо перамагчы аніводнаму з іх не ўдавалася [23, с. 43].

 

Затое аблога Горадні скончылася паспяхова. 9 сакавіка ваявода Багдан Апрэлеў здаў горад Паўлу Сапегу. Зрэшты, капітуляцыі жадала бальшыня ратнікаў маскоўскай залогі ў Горадні. Яны перабягалі на бок вялікага гетмана, адмаўляліся падпарадкоўвацца ваяводу, пагражалі смерцю тым, хто не хацеў паддавацца, бо ў горадзе ўжо не было ні хлеба, ні вады [5, т. 2, с. 42]. Пасля капітуляцыі шмат хто пайшоў служыць у харугвы Рэчы Паспалітай, іншых Сапега адпусціў на волю. Сам жа гетман рушыў у Курляндыю дзейнічаць супраць Дугласа.

 

Горадня была першым вернутым вялікім горадам Беларусі, але - не надоўга. У канцы таго ж года да яе скіравалася групоўка ваяводы Хаванскага. У Лідскім павеце мясцовае шляхецкае рушанне спрабаівала не прапусціць ворага на пераправе цераз Нёман, ды сілы былі надта ж няроўныя, і шляхта неўзабаве разбеглася. Горадня спачатку ўзялася бараніцца, але на бяду гетман, адыходзячы, пакінуў тут зусім маленькую залогу. Хоць камендант і кляўся, што хутчэй памрэ, чым паддасца ворагу, 22 снежня 1659 г. Горадня ўсё ж капітулявала.

 

Далей Хаванскі павярнуў на Падляшша. Уварваўшыся ў Заблудаў, ягонае войска спустошыла гарадок, пасекла людзей, якія былі ў касцёле на набажэнстве, нахапала ўдосталь палонных і ўсялякага дабра. Пад Крынкамі было разбіта некалькі харугваў Яна Агінскага. Пасля гэтага маскоўскае войска рушыла на Берасце. Ідучы па тэрыторыі павета, Хаванскі шырока распусціў перад сабой раз'езды, якія «агнем і мечам пустошылі і губілі гарады і вёскі, знішчалі і палілі як духоўныя, так і панскія двары, людзей секлі, мардавалі». Надзвычай жорстка маскоўскія ратнікі абышліся з Камянцом. Як сведчыў возны Ян Ласота, увесь замак быў спалены, царква Божага Нараджэння і касцёл Святога Духа - таксама, з усіх храмаў павыдзіраныя ўпрыгожанні і званы, ратуша ператворана ў попел разам з усімі справамі і кнігамі, дамы ў горадзе амаль усе пушчаныя дымам. Пахапаўшы ці панішчыўшы маёмасць і жывёлу, нават гусей і курэй, царскія ваяўнікі пазабівалі жыхароў, якія ўваходзілі ў гарадскую раду, іншых - пабралі ў палон. Тыя ж, хто застаўся, хадзілі «папечаныя, пасечаныя, у лапцях» [3, т. 3, с. 361].

 

Захапіць Берасце адразу не ўдалося. Моцная залога, пад 2000 жаўнераў, якой кіраваў нехта Свянцінскі, адбіла першы націск, і Хаванскі мусіў адысці ад замка. Аднак 13 студзеня, праз пяць дзён аблогі, уначы фартэцыя была здабытая штурмам. Замак сплыў крывёю - бальшыня абаронцаў загінула ад зброі раз'юшаных заваёўнікаў [27, s. 274]. Увесь горад быў «да найменшага будынка... разбураны, спалены і ў нішто ператвораны», а людзей засталося «вельмі малая кучка». Гэтаксама быў спустошаны Шарашоў.

 

15 студзеня пад Пружанаю стражнік Вялікага Княства Літоўскага Міхал Абуховіч, маючы ўсяго 5 драгунскіх і 8 панцырных харугваў з дывізіі Паўла Сапегі, заатакаваў маскоўскае войска на чале з Пятром Хаванскім. Бітва адбылася каля Малеча. Напачатку ён моцна паціснуў непрыяцеля, ды колькасная перавага апошняга ўсё ж спрычынілася да паразы харугваў стражніка. Значная доля віны за тое лягла на драгунаў, якія пакінулі панцырных і, не абстраляўшы ворага з агнястрэльнай зброі, уцяклі, чым змусілі адступаць і астатніх. Абуховіч трапіў у палон, калі адбіваўся ад рэйтараў: пад ім забілі каня і цяжка ранілі самога - у твар і тройчы ў галаву [25, s. 65-66], але, абараняючыся, ён паспеў забіць сямёх і параніць дзесяцёх царскіх ваяўнікоў. Разам са стражнікам ратнікі Хаванскага схапілі пад Малечам яшчэ 13 чалавек з таварыства панцырных і выслалі ў Маскву.

 

У той сітуацыі выступіць супраць групоўкі князя Хаванскага проста не было каму. Асноўныя сілы Вялікага Княства Літоўскага - харугвы дывізіяў правага і левага крылаў - усё яшчэ знаходзіліся ў Курляндыі. Калі да дывізіі Камароўскага ў канцы жніўня 1659 г. далучылася прыведзеная палявым пісарам Аляксандрам Палубінскім сапежынская, аб'яднанае войска выйграла шэраг сутычак са шведамі і авалодала гарадамі Гольдынг, Віндавы, Шкрунды. Але напрыканцы верасня раптам памёр Камароўскі. Начальнікам жамойцкай дывізіі толькі 29 кастрычніка быў абраны Міхал Пац.

 

Набліжалася зіма, а харугвы Вялікага Княства востра адчувалі цяжкае матэрыяльнае становішча. Жаўнеры доўгі час не атрымлівалі грошай, галадалі, не мелі патрэбнай амуніцыі. У войску не хапала пораху і гарматаў, іншай зброі. Яшчэ ў траўні 1659 г. у жамойцкай дывізіі каля Жыдзікаў было ўтворана «рыцарскае кола» (канфедэрацыя), якое накіравала маніфестацыю да караля з скаргаю на затрымку «крывава заганараваных заслугаў» [74, с. 22]. Добра, што праз колькі дзён канфедэрацыя распусцілася, але ўнутранае становішча ў войску заставалася складаным, а зацяты антаганізм вышэйшых начальнікаў дадаткова абвастраў праблему.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.