|
|||
3. Ф.Скарына як нуманіст ⇐ ПредыдущаяСтр 3 из 3 Важнае значэнне для фарміравання мастацкага густу, літаратурных ведаў і гуманістычнага светапогляду беларускага асветніка мела даволі шырокае яго знаёмства ў сценах універсітэта з творчасцю выдатных паэтаў старажытнасці Гамера, Вергілія, Гарацыя, Авідзія. Восенню 1506 Скарына паспяхова завяршыў навучанне на факультэце свабодных навук і 14 снежня атрымаў першую навуковую ступень бакалаўра. Вучоба ў Кракаўскім універсітэце, жыццё ў сталічным еўрапейскім горадзе ў перыяд актыўнага станаўлення рэнесанснай культуры, кантакты з прадстаўнікамі розных краін і народаў шмат далі беларускаму асветніку для паглыблення ведаў, пашырэння кругагляду, фарміравання яго рознабаковай асобы. Менавіта яшчэ ў Кракаве, дзе меліся багатыя бібліятэкі, кнігарні і друкарні і дзе зусім нядаўна, у канцы 15 ст., выдаваў кірылічныя кнігі Ш. Фіёль, Скарына пазнаёміўся з друкаванай кнігай і тэхнікай кнігадрукавання і, магчыма, ужо тады ў яго запала думка пра выданне кніг і для сваіх суайчыннікаў. Дакладна невядома, дзе і чым займаўся беларускі асветнік, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, бо дакументальныя звесткі, звязаныя з яго асобай за І507—11 г., пакуль не выяўлены. Адно несумненна, што ён не губляў час дарэмна, а працягваў паглыбляць свае веды ў розных навуках шляхам самаадукацыі, слуханнем лекцый знакамітых прафесараў, а, магчыма, і сам выкладаў. Прынамсі, каб быць дапушчаным да экзаменаў на атрыманне ступені доктара навук, яму неабходна было дзесьці асвоіць поўны універсітэцкі курс у адпаведнай галіне і адбыць год практыкі. За гэтыя гады Скарына ў адным з еўрапейскіх універсітэтаў здабыў вучоную ступень магістра, а затым доктара навук «вызваленых» (свабодных). Шмат сілы беларускі асвётнік аддаў таксама на грунтоўнае вы-учэнне медыцыны, якой сур'ёзна захапіўся, на асваенне прац славутых лекараў мінуўшчыны Гіпакрата, Галена, Авіцэны, шматвяковага вопыту народнага лекарства. Атрыманне найвышэйшай вучонай ступені дало Скарыне не толькі маральнае задавальненне. Дыплом доктара лекарскіх навук павышаў яго грамадскі прэстыж як асобы вельмі адукаванай, незвычайных ведаў і таленту і адкрываў перад уладальнікам шлях да грамадскага прызнання і матэрыяльнага дабрабыту. Аднак атрыманне і гэтага дыплома не стала канчатковай мэтай Скарыны. Ён не мог спыніцца на дасягнутым, бо добра ведаў, наколькі далёкае яшчэ развіццё асветы, навукі, культуры на Беларусі ад надзённых духоўных патрэб народа. Менавіта ў кнізе, якая тады была цяжка даступнай простаму чалавеку, беларускі асветнік слушна ўбачыў адзін з найважнейшых сродкаў культурнага прагрэсу сваіх суайчыннікаў, нацыянальнага Адраджэння. Напэўна ў Італіі, калысцы рэнесанснага гуманізму, краіне высокаразвітага кнігадрукавання, не толькі завяршылася фарміраванне гуманістычнага светапогляду Скарыны, але і канчаткова выспела яго вялікая асветніцкля задума — даць свайму народу друкаваную кнігу. Там ён навочна пераканаўся, як дзякуючы друкарскаму станку кніга становіцца агульнадаступнай для розных слаёў насельніцтва. Будучы ў Італіі, беларускі асветнік не мог абмінуць блізкую Падуі Венецыю, дзе працаваў выдатны кнігадрукар Альд Мануцый і дзе ў 1506 надрукавана Чэшская Біблія, якая стала адной з крыніц Скарынавай. Ажыццяўленне яго вялікай задумы патрабавала незвычайных намаганняў. Неабходна было здабыць немалыя сродкі, каб арандаваць памяшканне і друкарскі станок, купіць паперу і фарбы, заказаць шрыфты, знайсці кваліфікаваных майстроў кнігадрукарскай справы. Гзтыя і іншыя цяжкія праблемы, звязаныя з заснаваннем кнігадрукавання ва Усходняй Еўропе, давялося вырашаць Скарыне. Ён пабываў у розных гарадах Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, іншых краін, наладжваў кантакты і сувязі, шукаў падтрымкі. Асабліва яму дапамаглі заможныя віленскія беларусы: радца Багдан Онкаў (Анковіч) бурмістр Якуб Бабіч. Шмат часу і сіл аддаў асветнік, каб сабраць неабходныя пісьмовыя крыніцы, дакладна перакласці і падрыхтаваць да друку сотні старонак Бібліі, якую ён вырашыў даць простаму чалавеку для самастойнага чытання. Скарына вельмі хацеў пачаць кнігадрукаванне і выдаць сваю першую кнігу ў тагачаснай літоўска-беларукай сталіцы — горадзе Вільні, у грамадскім і культурным жыцці якой ужо адчуваліся моцныя рэнесансна-гуманістычныя павевы. Аднак адсутнасць неабходных умоў прымусіла яго адмовіцца ад першапачатковай задумы. Выбар паў на чэшскую Прагу, дзе была значная паліграфічная база, вопытныя майстры кнігадрукарскай справы, багатыя традыцыі перакладу і выдання Бібліі на роднай мове. Прага геаграфічна блізка размяшчалася ад такіх буйных цэнтраў тагачаснага еўрапейскага кнігадрукарства, як Аўгсбург і Нюрнберг. Важнае значэнне мела і агульная талерантная атмасфера ў гусіцкай Чэхіі. Тут атмасфера была больш спрыяльная, чым у каталіцкім Кракаве, для такой вальнадумнай, наватарскай акцыі — першага выдання Свяшчэннага пісання для праваслаўнай Русі ў перакладзе на яшчэ адну славянскую, некананічную мову — старабеларускую. Для свайго вялікага пачыну Скарына выбраў менавіта Біблію, выдатны помнік сусветнай культуры, найбольш аўтарытэтную і папулярную ў хрысціянскім свеце кнігу, у якой людзі імкнуліся знайсці адказы на хвалюючыя пытанні жыцця. Ф. Скарына бачыў у ёй не толькі кодэкс хрысціянскай веры і маралі, але і каштоўную крыніцу разнастайных ведаў, важны сродак духоўнага ўзбагачэння і маральнага ўдасканалення чалавека, «лекі для душы». У гэтай кнізе, сцвярджаў ён у прадмове, — «усяе народнае мудрасці пачатак і канец», «навучанне сямі свабодных навук дастатковае». Сваім агульначалавечым характарам, багаццем зместу і глыбынёю думкі, а таксама высокімі літаратурнымі вартасцямі і прывабіла Скарыну Біблія. 3 поўным тэкстам выдатнага помніка старажытнага пісьменства і вырашыў пазнаёміць усходне-славянскага чытача беларускі асветнік. Свае кнігі беларускі гуманіст адрасаваў шырокаму чытачу, «людзям простым паспалітым», і надаў ім выразна дэмакратычны і навучальна-асветніцкі характар. Ён выдаваў Біблію асобнымі выпускамі, зручным фарматам. Кожная яго кніга адкрываецца тытульным лістом з гравюрай і загалоўкам, завяршаецца кароткім пасляслоўем, у якім паведамляецца кім, для каго і дзе яна выдадзена. Кнігі Скарыны аздоблены рэалістычнымі, свецкімі, у рэнесансным стылі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі, у якіх услаўляюцца прырода і чалавек. Усяго ў скарынаўскіх кнігах змешчана 52 дрэварыты, каля 1000 ініцыялаў, шмат іншых, выкананых на высокім мастацкім узроўні элементаў кніжнага аздаблення, якія надаюць яго выданням непаўторнае аблічча і хараство. Беларускі першадрукар стварыў вёльмі выразны, арыгінальны і надзвычай прыгожы друкарскі шрыфт, заснаваны на лепшых традыцыях беларускага і заходнееўрапейскага каліграфічнага пісьма эпохі Адраджэння, у якім некаторыя вучоныя справядліва бачаць своеасаблівы прататып таго шрыфта, якім мы карыстаемся сёння. Больш таго, у двух кнігах («Ісус Сірахаў» і 4-й кнізе «Царствы») ён змясціў свой гравюрны партрэт, які стаў першым свецкім партрэтам вучонага-гуманіста, пісьменніка і кнігадрукара ва Усходняй Еўропе, выдатным помнікам кніжнага мастацтва. Шмат якія гравюры і застаўкі скарынаўскіх выданняў пазначаны яго асабістым знакам-сігнетам, своеасаблівым гербам — змешчанай на шчыце выявай сонца і сярпа месяца з чалавечымі тварамі, што сімвалізуе кнігу як крыніцу мудрасці, ведаў, асветы, адраджэння. Сігнет указвае таксама на аўтарскую належнасць Скарыне гэтых твораў мастацтва і саміх выданняў, у якіх яны змешчаны. Скарына быў сапраўдным наватарам кнігі. Упершыню ў гісторыі ўсходнеславянскай кнігі ён увёў тытульны ліст, тлумачальныя падзагалоўкі, пааркушавую нумарацыю, багата ілюстраваў выданні сродкамі друкарскай тэхнікі, зрабіў неабходным іх элементам прадмовы і пасляслоўі, г. зн. прыдаў кнізе сучасны выгляд. Паводле паліграфічнага майстэрства і мастацкай дасканаласці Скарынавыя кнігі — шэдэўры славянскага кнігадруку і стаяць упоравень з італьянскімі і нямецкімі выданнямі таго часу, найлепшымі ў Еўропе, На працягу стагоддзяў яны былі недасягальным узорам для ўсходнеславянскіх кнігадрукароў. Сапраўдны духоўны подзвіг здзейсніў беларускі гуманіст, пераклаўшы на родную мову асноўную частку Бібліі, што мела вялікае значэнне ддя развіцця асветы, літаратуры, перакладчыцкай справы на беларускіх землях. У гэтай тытанічнай працы ён выявіў глыбокае веданне біблейскай спадчыны, антычнай і сярэдневяковай гісторыі, філасофіі і літаратуры, лацінскай, царкоўнаславянскай і іншых моў, паказаў сваю выдатную энцыклапедычную падрыхтоўку і незвычайны літаратурны талент. Яго пераклады вызначаюцца творчай самастойнасцю, прастатой і дакладнасцю, высокай літаратурнай дасканаласцю, выразным гуманістычным характарам. Скарынавы пераклады Свяшчэннага пісання ўзнімалі прэстыж беларускай мовы, садзейнічалі выпрацоўцы і ўдасканаленню яе высокага кніжнага стылю. Моватворчая праца Скарыны спрыяла вельмі важнаму працэсу, які пачаўся тады на Беларусі, — беларусізацыі мовы канфесійнай літаратуры. Беларуская Біблія 1517— 19 была другой у славянскім свеце (пасля чэшскай) друкаванай Бібліяй. Нездарма сваю падзвіжніцкую дзейнасць беларускі асветнік параўноўваў духоўным подзвігам сваіх вялікіх папярэднікаў, у прыватнасці св. Ераніма, і ставіў свой пераклад у адзін рад з этапнымі ў гісторыі біблейскіх перакладаў з'явамі. Ф. Скарына ўвайшоў у беларускую літаратуру не толькі як выдатны перакладчык, заснавальнік беларускай школы перакладу, але і як таленавіты пісьменнік, аўтар цікавых твораў розных жанраў. Яго пяру належаць першыя ва ўсходнеславянсам свеце вопыты кніжнага вершаскладання: чатырохрадковая эпіграма на тытульным лісце кнігі «Іоў», вершаваны пераказ дзесяці запаведзяў у прадмове да кнігі «Выхад» і кароткі дыдактычны вірш у кнізе «Эсфір», заснаваны на прынцыпе біблейскага паралелізму. Беларускі гуманіст — пачынальнік жанру акафіста ва ўсходнеславянскай гімнаграфіі. Творча выкарыстаўшы візантыйскія і стараславянскія літаратурныя традыцыі, ён склаў «Акафіст Іаану Прадцечы» і «Акафіст Ісусу», у якіх чытаюцца таксама першыя беларускія імянныя акравершы: «Писал доктор Скоринич Францискус» і «Делал доктор Скоринич Францискус». Каб аблегчыць простаму чытачу ўспрыняцце і засваенне кладанага зместу Свяшчэннага пісання, Скарына ў выдадзеных ім кнігах змясціў свае прадмовы — арыгінальныя творы беларускай гуманістычнай публіцыстыкі эпохі Адраджэння. Толькі ў яго пражскіх выданнях надрукаваны 25 прадмоў. Лаканічныя, афарыстычныя, надзвычай змястоўныя, яны насычаны багатай інфармацыяй, разнастайнымі звесткамі па гісторыі, геаграфіі, культуры, літаратуры, філасофіі і праву народаў антычнага свету. Іх змест звязаны як са зместам біблейскіх кніг, так і з навучальна-пазнаваўчай і выхаваўчай накіраванасцю скарынаўскай асветніцкай праграмы. Яны вылучаюцца прастатой кампазіцыі, жывасцю выкладу, класічнай выразнасцю стылю, гарманічным адзінствам зместу і формы, думкі і слова. Сінкрэтычныя паводле жанравага характару прадмовы Скарыны спалучаюць у сабе рысы навукова-папулярнага літаратуразнаўчага артыкула, гісторыка-філалагічнага каментарыя і пашыранай анатацыі да твора. Яны — яркія ўзоры індывідуальнай літаратурнай творчасці беларускага гуманіста, яго самабытнага таленту. Калі знешняе аздабленне Скарынавых кніг выяўляе тонкі эстэтычны густЗВершадрукара, то яго пера-клады і арыгінальныя творы сведчаць пра яго, як пра выдатнага майстра мастацкага слова. Прадмовы Скарыны — важная крыніца вывучэння яго светапогляду, у якім арганічна спалучаны іншаземныя і беларускія нацыянальныя, сярэдневяковыя і рэнесансныя традыцыі. Найважнейшыя яго якасці — гуманістычна-асветніцкі і дэмакратычны характар. Дзеля ўсяго народа, дзеля памнажэвня асветы, навукі, культуры і «добрых звычаяў» на Бацькаўшчыне самаахвярна працаваў беларускі першадрукар. Рухаючай сілай сваёй дзейнасці ён лічыў «вялікую любасць» да роднай зямлі, патрыятызм. Чалавек шырокіх поглядаў і рознабаковых інтарэсаў, беларускі асветнік ставіў агульначалавечыя і агульнанародныя каштоўнасці вышэй канфесійных і саслоўных. Не падважваючы асновы хрысціянскай рэлігіі, Скарына імкнуўся вызваліць думку ад сляпой веры, узняць аўтарытэт розуму. Ён вылучаўся таксама высокаразвітым пачуццём самацэннасці і самагоднасці, глыбокім адчуваннем непаўторнасці сваёй асобы. Адным з галоўных яго клопатаў было выхаванне ўсебакова развітага, высокаадукаванага, духоўна дасканалага і дзейнага чалавека. «Вера без спраў мёртвая», — любіў паўтараць ён. Яго этыка грунтавалася на шматвяковым вопыце беларускага і іншых народаў, на хрысціянскай і народнай маралі. Прававыя погляды Скарыны прасякнуты гарачым клопатам аб інтарэсах і правах чалавечай асобы, аб справядлівым і дасканалым грамадстве, аб лепшай будучыні свайго народа. Ён хацеў, каб людзі і народы жылі ў згодзе, «міры і прыязні», хрысціянскай любові, каб кожны закон быў «не к пожитку единого человека, но к посполитому доброму написаный», каб у грамадстве была «ровная свобода всем», каб усе былі роўныя перад законам. У цэлым па сваіх поглядах беларускі першадрукар быў прадстаўніком ранняга рэнесанснага гуманізму, асветнікам дэмакратычнага накірунку. Гэтым тлумачыцца і агульны характар яго пражскага выдання Старога запавету, нетрадыцыйнага, неартадаксальнага. Ён імкнуўся зрабіць Свяшчэннае пісанне больш адкрытай кнігай, даступнай для ўсіх, прыстасаваць Біблію да патрэб часу і радавога чытача, больш арганічна ўключыць яе ў кантэкст нацыянальнай культуры. Нельга не адзначыць таксама, што пераклад на беларускую мову і выданне своеасаблівай «народнай» Бібліі ў гуманістычнай інтэрпрэтацыі, імкненне секулярызаваць яе, наблізіць да простага чалавека, выразная тэндэнцыя ігнараваць духавенства як абавязковага пасрэдніка паміж «святым словам» і веруючым, Богам і чалавекам, былі ў значнай ступені і рэфармацыйным актам. Таму Скарыну можна лічыць у пэўнай меры прадвеснікам Рэфармацыі на беларускіх землях. Каля 1520 беларускі асветнік вярнуўся на радзіму. Ён прыехаў не толькі са сваімі кнігамі, але і з друкарскім варштатам, які набыў у Празе. Скарына спыніўся ў сталіцы літоўска-беларускай дзяржавы Вільні, дзе заснаваў першую ва Усходняй Еўропе друкарню. Тут у 1522 выйшла яго «Малая падарожная кніжка», якая складаецца з Псалтыра, Часаслоўца, акафістаў і канонаў, Шасціднеўца і Саборніка. У 1525 з'явілася яго апошняе выданне — Апостал, які ўключае апостальскія дзеі і пасланні. Як і пражскі Псалтыр 1517, віленскія выданні Скарыны былі надрукаваны на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі і таксама багата ўпрыгожаны. На гэтым абарвалася яго кнігавыдавецкая дзейнасць. Самыя розныя прычыны, матэрыяльныя і ідэалагічныя, перашкодзілі беларускаму асветніку ажыццявіць задуманае — завяршыць выданне ўсёй Бібліі, надрукаваць іншыя кнігі. Патрэбны былі немалыя сродкі і падтрымка ўплывовых асоб. Аднак дэейснай дапамогі беларускі першадрукар не атрымаў ні ад багатых свецкіх мецэнатаў, ні ад вышэйшага духавенства, якое з недаверам ставілася да яго выданняў, бачыла ў яго дзейнасці падрыў сваёй манаполіі. Не спрыялі Скарыне і асабістыя абставіны. Каля 1526 ен ажаніўся з удавой Маргарытай, былой жонкай віленскага радцы Юрыя Адверніка, які памёр у 1525 г. З'явіліся дзеці, новыя клопаты. У 1529 Ф. Скарына вымушаны быў займацца судовымі справамі, звязанымі з прэтэнзіямі сваякоў Маргарыты на яе дом у Вільні, а таксама ўдзельнічаць у судовым падзеле тавараў, што заталіся ў Познані пасля смерці купца Івана Скарыны, яго роднага брата. Нягледзячы на цяжкасці і складанае становішча, Скарыну не пакідала думка прадоўжыць кнігавыдавецкую дзейнасць. У канцы 20 — пачатку 30-х г. ён паспрабаваў зацікавіць сваімі выданнямі і кнігадрукарствам маскоўскае грамадства. Але гэтая спроба аказалася дачаснай. Беларускага асветніка ў Расіі не зразумелі і не падтрымалі, а яго кнігі загадам маскоўскага цара былі публічна спалены як ерэтычныя. У 1530 Скарына падаўся ў Каралевец (Кёнігсберг) да прускага герцага Альбрэхта. Уражаны і захоплены шырокай эрудыцыяй, рознабаковасцю інтарэсаў, незвычайнымі ведамі і талентам беларускага гуманіста, той прыняў яго да сябе на службу. Аднак неадкладныя маёмасныя справы і іншыя невядомыя нам прычыны прымусілі Скарыну, па сутнасці, патаемна ўцячы назад у Вільню. Выказвалася меркаванне, што ў сярэдзіне 1520-х г. ён наведаў г. Вітэнберг і сустракаўся там з М. Лютарам, аднак яно слаба абгрунтавана. Больш верагодна, што ён сустракаўся з вядомым медыкам і прыродазнаўцам Парацэльсам і дыскутаваў з ім, калі той прыязджаў у Літву. У віленскі перыяд свайго жыцця Скарына быў знаёмы з іншымі знакамітымі людзьмі таго часу — з К. Астрожскім, А. Гаштольдам, Жыгімонтам I Старым. Служачы пэўны час асабістым сакратаром і лекарам віленскага біскупа Яна, ён быў у цесных сувязях з многімі высокаадукаванымі дзеячамі культуры і навукі, якія акружалі гэтага каталіцкага іерарха і складалі своеасаблівае гуманістычнае таварыства. У 1532 Ф. Скарыну чакалі новыя непрыемнасці і прыгоды. Варшаўскія ліхвяры несправядліва абвінавацілі яго ў тым, што, атрымаўшы спадчыну свайго брата-нябожчыка Івана, ён не хоча аддаваць ім даўгі апошняга, і дамагліся ад караля Жыгімонта ўказа (ад 5 лютага) аб яго турэмным зняволенні. Гэты ўказ быў прыведзены ў выкананне ў сакавіку ці на пачатку красавіка 1532, і Скарыну пасадзілі ў турму ў г. Познані, куды ён прыехаў па справах віленскага біскупа Яна. Толькі дзякуючы заступніцтву апошняга і хадайніцтву пляменніка Рамана 24 мая 1532 кароль выдаў указ аб вызваленні Ф. Скарыны э турмы, адкуль ён, прасядзеўшы там каля трох месяцаў, быў выпушчаны на волю ў сярэдзіне чэрвеня. Каб абараніць сябе ад новых напасцяў, першадрукар дамогся спецыяльных прывілейных грамат (ад 21 і 25. 10. 1532), паводле якіх сам кароль браў яго пад сваю апеку і абарону. Аднак не вельмі дапамаглі і гэтыя прывілеі. У цэлым абставіны для Скарыны к пачатку 1530-х г. складваліся неспрыяльна. Ён часта пакідаў Вільню, пераязджаў з месца на месца не толькі з-за сваёй няўрымслівай натуры, але і каб пазбегнуць розных праследаванняў. Апрача ўсяго іншага, у 1530 у час вялікага пажару ў Вільні настолькі моцна пацярпела яго друкарня з абсталяваннем, што аднавіць кнігадрукарства тут сталася немагчыма. Дзесьці ў гэты ж час памерла яго жонка Маргарыта, і яе сваякі з новай сілай пачалі прэтэндаваць на дом нябожчыцы. Да сярэдзіны 30-х г. прыкметна аслабела становішча яго мецэната біскупа Яна, якога ў 1536 перавялі з Вільні ў Познань. Цяжкія абставіны вымусілі Скарыну пакінуць родную краіну і шукаць прытулку на чужыне. У 1535 ён вярнуўся ў Прагу, дзе ўладкаваўся вучоным садоўнікам у каралеўскім батанічным садзе, які тады закладваўся. У садзе чэшскага караля Фердынанда I Ф. Скарына прапрацаваў да лета 1539. Дзе ён жыў і чым займаўся пасля гэтага, мы не ведаем. У Чэхіі (магчыма ў Паўднёвай) беларускі гуманіст знайшоў свой вечны спачын. На жаль, нам невядомы ні дакладны час яго смерці, ні месца пахавання. Найбольш верагодна, ён памёр у 1551, бо ў пачатку наступнага года чэшскі кароль выдаў Скарынаваму сыну Сімяону спецыяльную грамату (ад 29 студзеня) на права адшукваць па ўсёй краіне і наследаваць маёмасць свайго бацькі, ужо нябожчыка. У тым жа 1552 справа аб нейкай частцы маёмасці беларускага асветніка разглядалася і ў Вільні, пра што сведчаць два нядаўна выяўленыя судовыя дэкрэты (ад 17 жніўня і 15 снежня) караля Жыгімонта Аўгуста. Сімяон Скарына ў 1570-я г. жыў у Паўднёвай Чэхіі і таксама займаўся лекарствам і садоўніцтвам. Другі сын першадрукара Францішак загінуў у 1541 у Празе ў час пажару. Нашчадкі Сімяона Скарыны жылі ў Чэхіі і Славакіі. Відаць, з гэтай лініі паходзяць доктар медыцыны і філасофіі Станіслаў Стэнлі Скарына, які жыве ў Канадзе, і літаратар Юры (Ежы) Скарына, жыхар Мексікі. Шматгранная асветніцкая дзейнасць Скарыны з'явілася найвышэйшым выяўленнем творчых сіл і духоўных імкненняў беларускага народа даўняй пары, адкрыла новую эпоху ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры, праклала новыя шляхі ў іх развіцці. Самаадданая праца гэтага тытана эпохі Адраджэння дзеля культурнага прагрэсу свайго народа паслужыла прыкладам для многіх дзеячаў культуры не толькі Беларусі, але і Украіны, Расіі, Літвы, спрыяла пашырэнню кнігадрукарства, ідэй гуманізму, асветы ва Усходняй Еўропе. Дабратворны ўплыў першадрукара адчулі С. Будны і В. Цяпінскі, I. Фёдараў і П. Мсціславец, браты Мамонічы і іншыя прадаўжальнікі яго справы. Яго кнігі, хоць іх афіцыйна і не прыняла хрысціянская царква, шырока разышліся па Усходняй Еўропе і дайшлі да людскіх сэрцаў. У цяжкія часы гісторыі беларускага народа яго імя служыла стымулам і сцягам у барацьбе за родную мову і культуру, за нацыянальныя традыцыі, новае Адраджэнне. Спадчына Скарыны, выразна беларуская і адначасова агульначалавечая паводле свайго характару, мае ўсеславянскае і ўсееўрапейскае значэнне. Яго мудрыя думкі і глыбокія ідэі актуальныя і сёння, бо застаюцца надзённымі тыя важныя праблемы ўдасканалення чалавека і грамадства, якія ён узнімаў, бо вечныя ідэалы, да якіх ён імкнуўся. Вывучанне спадчыны Ф. Скарыны пачалося ў канцы 18 ст. Найбольшы ўклад у даследаванне жыцця і дзейнасці вялікага беларускага асветніка, яго выданняў, літаратурнай творчасці, ноглядаў зрабілі рускія і беларускія скарыназнаўцы, асабліва У. Пічэта, П. Уладзіміраў, А. Флароўскі, М. Шчакаціхін, а ў наш час — М. Алексютовіч, У. Анічэнка, А. Булыка, Г. Галенчанка, В. Дарашкевіч, А. Жураўскі, У. Калеснік, У. Конан, А. Коршунаў, Ю. Лабынцаў, Я. Неміроўскі, С. Падокшын, В. Тумаш (С. Брага), В. Чамярыцкі, В. Шматаў і інш, Усяго Скарыніяна налічвае каля 4 тысач розных публікацый, у тым ліку каля 100 кніг і брашур. Пра Скарыну даследчыкі адшукалі і апублікавалі больш за 50 дакументаў на лацінскай, чэшскай, старабеларускай і інш. мовах. Захавалася каля 320 экзэмпляраў Скарынавых выданняў і іх фрагментаў, якія зберагаюцца ў розных бібліятэках, архівах і музеях свету, найбольш у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Жыццё і дзейнасць Ф. Скарыны, яго спадчына натхнялі і натхняюць пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, дзеячаў тэатра і кіно. Яму прысвячалі свае творы М. Багдановіч і З. Бядуля, У. Караткевіч і М. Танк, Л. Геніюш і Д. Бічэль-Загнетава, Р. Барадулін і Г. Бураўкін, А. Клышка і С. Панізнік і інш. пісьменнікі. Пра яго напісалі п'есы М. Грамыка, Я. Дыла, А. Петрашкевіч; драматычныя паэмы — М. Арочка і М. Клімковіч, раманы і аповесці — А. Лойка, М. Садковіч, С. Хурсік. Цікавую спробу пераказаць асобныя яго прадмовы свабодным вершам зрабіў А. Разанаў. Вобраз Скарыны атрымаў увасабленне ў розных жанрах і відах выяўленчага мастацтва ў творах З. Азгура, Э. Агуновіча, Э. Астаф'ева, М. Байрачнага, М. Басалыгі, А. Бразера, С. Вакара, Г. Вашчанкі, С. Геруса, А. Глебава, Я. Драздовіча, Я. Ждана, А. Дранца, А. Кашкурэвіча, А. Кішчанкі, Я. Куліка, М. Купавы, А. Марачкіна, Ю. Несцярука, Л. Рана, М. Селяшчука, П. Сергіевіча, П. Скрыпнічэнкі, У. Стальмашонка, Я. Ціхановіча, А. Цыркунова, В. Шаранговіча, М. Якуніна, В. Янушкевіча, італьянскага мастака Дж. Форна (фрэскавы партрэт у зале Сарака Падуанскага універсітэта), літоўскага графіка К. Тарабілды і інш. На беларускай тэатральнай сцэне ўпершыню вобраз С. ўвасоблены ў 1926 у спектаклі «Скарына — сын з Полацка», пастаўленым БДТ-1 (тэатр імя Я. Купалы) па п'есе М. Грамыкі «Скарынін сын з Полацка», рэж. М. Папоў; у 1970-я г. паводле п'есы А. Петрашкевіча «Напісанае застаецца. Францыск Скарына» пастаўлены спектакль у Гродзенскім абл. драм. тэатры (1978, рэж. У. Караткевіч) і ў бел. драм. тэатры імя Я. Купалы (1979, рэж. А. Шалыгін). Кампазітар Д. Смольскі напісаў оперу «Францыск Скарына» на лібрэта С. Клімковіч (экранізавана ў 1990). Па сцэнарыі М. Садковіча рэжысёр Б. Сцяпанаў зняў мастацкі фільм «Я, Францыск Скарына» (1970). Былі зняты таксама дакументальныя фільмы «Георгій Скарына» (сцэн. І. Барашкі, 1963), «Францыск, сын Скарынаў» (сцэн. А. Петрашкевіча, 1990), «Францішак Скарына (сцэн. У. Коласа, 1990); тэлефільмы «Нашчадкі Скарыны» (сцэн. Э. Варашылава, 1968), «Скарына ў Падуі» (1991). Імя Ф. Скарыны прысвоена Гомельскаму універсітэту, Полацкаму педвучылішчу, Мінскай гімназіі № 1, друкарні выдавецтва «Навука і тэхніка» АН Беларусі, Барысаўскай цэнтральнай бібліятэцы, Таварыству беларусквй мовы, Таварыству беларускай культуры ў Маскве, Нацыянальнаму навукова-асветнаму цэнтру, Беларускай б-цы і музею ў Лондане. Беларускі студэнцкі гурток імя Ф. Скарыны дзейнічаў у даваеннай Празе, друкарня — у Вільні. Імя Скарыны ўвекавечана ў назвах вуліц у Полацку, Брэсце, Віцебску, Глыбокім, Мінску, Нясвіжы, Оршы, Слуцку, Жодзіне, Талачыне, Бельску-Падляшскім (Польшча). У 1974 у Полацку на плошчы, якая носіць яго імя, устаноўлены помнік (скульптары А. К. Глебаў, I. М. Глебаў, А. М. Заспіцкі), У 1989—90 праведзены конкурс на помнік першадрукару ў Мінску, які мяркуецца ўстанавіць каля галоўнага корпуса Акадэміі навук Беларусі. Мемарыяльныя дошкі Ф. Скарыне адкрыты ў Мінску, Вільнюсе, Гомелі, Кракаве, Падуі. У 1967 устаноўлены дыплом імя Ф. Скарыны — найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Беларусі за мастацкае афармленне і паліграфічнае выкананне друкаваных кнігавыданняў, а ў 1989 — медаль Ф. Скарыны. Гэтым медалём узнагароджаны многія беларускія і зарубежныя дзеячы за выдатныя дасягненні ў даследаванні і прапагандзе спадчыны Скарыны, у развіцці беларускай культуры, навукі, літаратуры, мастацтва, асветы, нар. творчасці. У 1917—25 і 1967 былі шырока адзначаны 400 і 450-годдзе беларускага кнігадрукавання, распачатага Ф. Скарынам. У 1986 у Мінску праведзены першыя Скарынаўскія чытанні. У 1990 500-гадовы юбілей з часу яго нараджэння быў занесены ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА, урачыста святкаваўся ва ўсім свеце. Да гэтага юбілею выдадзены энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час» (на бел. і рускай мовах); факсімільнае перавыданне Скарынавай Бібліі (у трох тамах) і іншыя кнігі, а таксама календары, паштоўкі, буклеты, плакаты, канверты, паштовая марка, памятныя медалі і манета. Да 500-годдзя паспяхова завершана шматгадовая рэспубліканская Скарынаўская праграма, што ўзняло скарыназнаўства на новую, больш высокую ступень развіцця.
|
|||
|