Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





ЯН БАРШЧЭЎСКІ 3 страница



Выкарыстанне Я. Баршчэўскім народнае фантастыкі – гэта мастацкі прыём пісьменніка, неабходны яму дзеля ўвасаблення пэўнай ідэйна-эстэтычнай канцэпцыі. Тое ж, праўда, менш таленавіта ажыццяўляў і П. Шпілеўскі. Адно што ідэйная канцэпцыя Я. Баршчэўскага і П. Шпілеўскага прынцыпова адрозныя. У разнастайных перыядычных выданнях П. Шпілеўскі выкладае “сваё” разуменне беларускасці і Беларусі. Спачатку ў сваім “Даследаванні пра ваўкалакаў” ён супрацьпастаўляе вобразу ваўкалака-здрадніка, створанага Я. Баршчэўскім, вобраз забабоннага беларуса. Пра схаваную палеміку сведчыць пераказ (можна казаць нават пра пераклад) апавядання з “Шляхціца Завальні” “Ваўкалак”, у якім П. Шпілеўскі змяняе імёны герояў Я. Баршчэўскага ды пазначае, што запісаў дадзенае паданне “ў Аршанскім павеце Магілёўскае губерні”[30]. У тым жа 1853 г. П. Шпілеўскі дае сваю версію “фантастычнае Беларусі”. Яго праца “Белоруссия в характеристических описаниях и фантастических ее сказках”[31] узнікла, бясспрэчна, пад уплывам “Шляхціца Завальні”, пра што сведчыць і назва, і спасылкі на асобныя вобразы твора Я. Баршчэўскага (перадусім, князя Боя і яго сабак Стаўры і Гаўры). П. Шпілеўскі запазычвае мастацкую схему свайго папярэдніка: ён стварае фантастычныя казкі на аснове беларускага фальклору і падае іх уперамежку з абрадавымі нарысамі і бытавымі замалёўкамі.

Відавочна, што разгляд твора Я. Баршчэўскага як структурна-кампазіцыйнага і мастацкага адзінства дасць мажлівасць адказаць на шэраг пытанняў. Заўважым: у нашым літаратуразнаўстве цэласнага аналізу “Шляхціца Завальні” яшчэ не праводзілася. Былі адно спробы аналізу асобных кампанентаў паэтыкі, стылю, эйдалогіі і г. д. Асобныя трапныя назіранні даследчыкаў-літаратуразнаўцаў тым не менш не склаліся ў цэласны малюнак і не далі сутнаснае характарыстыкі прозы Я. Баршчэўскага. Глыбінны сэнс твораў пісьменніка ўсё яшчэ застаецца недаступны. Тагачасныя палітычныя ўмовы вымагалі ад Я. Баршчэўскага стараннай кадзіроўкі ідэйна-мастацкае сутнасці сваіх твораў, а неабходнасць уздзеяння на чытача – абавязковага размяшчэння ў тэксце ключоў дзеля дэкадзіроўкі.

Творы еўрапейскага рамантызму, а таксама Біблія “падказвалі” Я. Баршчэўскаму шлях да адлюстравання сваіх погладаў на тыя працэсы, што адбываліся на Беларусі. У адрознасць гэтых поглядаў ад афіцыйных, ад поглядаў сярэдняга “благонамеренного” грамадзяніна імперыі (пра гэта можна даведацца са следчай справы В. Давіда), нягледзячы на нешматлікасць матэрыялу, сумнявацца не даводзіцца. І гэта першы (пазатэкставы) ключ да твораў Я. Баршчэўскага.

Усе іншыя ключы мы мусім шукаць непасрэдна ў саміх тэкстах. Надзвычай істотнаю падказкаю з’яўляецца, на нашу думку, вынясенне аўтарам у тытул твора наймення “Беларусь”. Гэтая назва, замацаваная царскай адміністрацыяй за пэўнай тэрыторыяй Вялікага княства Літоўскага, успрымаецца пісьменнікам як найменне яго роднага краю і становіцца аб’ектам даследавання, аб’ектам ягонае любові і натхнення. Беларусь і беларусы для Я. Баршчэўскага – гэта адметныя, самадастатковыя з’явы ў Сусвеце, у цывілізацыі. Пісьменнік бярэ на сябе адказнасць пазнаёміць чытача з гэтым краем, з “фантастычнай” Беларуссю, расказаць пра Беларусь пры дапамозе фантастыкі – алегорый і сімволікі. Відавочна, што аповяд пра Беларусь не мог быць без адлюстравання ейнага мінулага. Адсутнасць гістарычных даследаванняў пра край не магла быць тут перашкодаю: з аднаго боку існавала гістарычная памяць народа (асабліва пра падзеі апошніх дзесяцігоддзяў), а з другога – існавалі навуковыя працы пра гісторыю Рэчы Паспалітай (А. Нарушэвіча, Ё. Лялевеля), часткаю якое з’яўлялася Беларусь. Паказальна, што менавіта гісторыя Беларусі, мясцовыя гісторыя ў першую чаргу цікавіць Я. Баршчэўскага:

Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў народных іх аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў.

Зрэшты, гістарычнае мінулае толькі эпізадычна (наколькі захавалася ў памяці люду падзеі трох-чатырох стагоддзяў) з’яўляецца на старонках “Шляхціца Завальні”: у “Нарысе Паўночнай Беларусі” аўтар згадвае пра “валы, узнятыя чалавечаю рукою”, пра курганы-пахаванні, пра “страшнага волата Княжа”; у раздзеле “Успаміны пра наведванне роднага краю” – пра падзеі 1812 г.; у раздзеле “Думкі самотніка” – пра падзеі Паўночнай вайны (1700–1721). Аднак дадзеныя фрагменты гісторыі Беларусі з’яўляюцца толькі фонам асноўнае гістарычнае канцэпцыі Я. Баршчэўскага. Не яны валодаюць яго увагай, не яны (пры ўсёй іх значнасці) вызначалі тагачаснае жыццё Беларусі і беларусаў. Увага Я. Баршчэўскага нададзена зусім іншаму перыяду гісторыі Беларусі. Шэраг дэталяў, “раскіданых” у апавяданнях “Шляхціца Завальні” і “Драўлянага Дзядка і кабеты Інсекты”, паказвае, што асноўныя падзеі ў творах пісьменніка адбываюцца прыкладна ў адзін час. Зыходным пунктам дзеля такога сцвярджэння можа быць “Віленскі каляндар на гэты, 1817 год”, падараваны арганістам Андрэем шляхціцу Завальні. Безумоўна, гэта ключ-падказка: апавяданні сялянаў-падарожных, шляхціцаў, цыгана “гучалі” ў хаце Завальні на працягу восені 1816 – вясны 1817 гг. Прыняўшы пад ўвагу гэтую дату, няцяжка вылічыць час, пра які апавядаюць госці пана Завальні. Дзеля гэтага знаходзім наступныя ключы-падказкі. Напрыклад, у апавяданні першым пісьменнік дае лапідарную характарыстыку апавядальніка: “Гэта быў чалавек не маладых гадоў: валасы меў сівыя, але быў здаровы і моцны”, а пасля гэтага селянін расказвае пра сваё юнацтва: “Я быў зусім маладзён”. Тое ж падкрэслівае і “яго таварыш” – наступны апавядальнік: “Калі быў я яшчэ зусім малады”. Можна вызначыць і час дзеяння ў апавяданні “Радзімы знак на вуснах”, звярнуўшы ўвагу на ключы-падказкі: “Варка памерла” і “Калі было ўжо Варцы шаснаццаць гадоў”. Гэта самае знаходзім і ў апавяданні “Стогадовы стары і чорны госць”: “У маладосці я ведаў старога (…) прамінула гадоў дваццаць, як ён памёр”.

Апавядальнікі “Шляхціца Завальні”, пераважна сталыя, а то і старыя людзі (маладыя звычайна папярэджваюць: “чуў і я ад старых”), у 1816–1817 гг. прыгадваюць падзеі пяцідзесяцігадовае даўнасці, г. зн., падзеі 60–70-х гг. XVIII ст. Аўтар анідзе не называе дакладнае даты, не апісвае рэальных падзей, што мелі месца на Беларусі ў той час (спецыфіка мастацкага твора і не патрабуе гэтага! ), але ў нас ёсць падставы казаць пра гістарызм Я. Баршчэўскага, гістарызм асаблівага роду: у прозе пісьменнка адлюстраваны не рэаліі, а дух пэўнага часу, пэўнага перыяду гісторыі Беларусі. Гэта міфалагічны гістарызм, гэта спроба вытлумачыць у форме рамантычна-прытчавых катэгорый пераломны момант у жыцці краю – першы падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога Полаччына (Беларусь Я. Баршчэўскага) увайшла ў склад Расіі.

Прынцыпы гістарызму Я. Баршчэўскага своеасаблівыя. Бяс­спрэчна, што ў аснове іх не “дакументальна-дакладнае апісанне ў літаратурных творах сапраўдных гістарычных падзей, фактаў і рэальных гістарычных асоб”[32]. І ў той жа час падыход Я. Баршчэўскага да рэальнасці характарызуецца “разуменнем яе дыялектычнай зменлівасці ў часе, сацыяльнай абумоўленасцю падзей і паводзін чалавека”[33]. Гістарызм Я. Баршчэўскага – гэта гістарызм рамантычнага тыпу, які ідзе ад нямецкага класічнага ідэалізму. Пісьменнік толькі на першы погляд, нібыта пазбягае гісторыка-канкрэтнай рэальнасці, але, па сутнасці, яго проза з’яўляецца міфалагізаванай копіяй гэтай рэальнасці. Беларуская рэчаіснасць 60–70-х гг. XVIII ст. адлюстроўваецца Я. Баршчэўскім праз прызму фальклорна-міфалагічных уяўленняў беларуса-селяніна, беларуса-шляхціца. І гэта быў адзіны магчымы шлях, каб, апавядаючы пра лёсавызначальную падзею ў жыцці народа, паказаць і сённяшні стан рэчаў, і актуалізаваць патрыятычныя пачуцці, і падтрымаць веру ў лепшае будучае.

Тэксты пісьменніка ўжо першапачаткова мелі адмыслова-вобразнае адлюстраванне рэчаіснасці. Сутнасць гістарычнае падзеі, яе прычыны і вынікі падаюцца ў сімволіка-алегарычнай форме. І гэтым проза Я. Баршчэўскага адрозніваецца ад народнае казкі, легенды, падання, якія ўзнікалі звычайна як дастаткова рэалістычнае адлюстраванне канкрэтнага факта і былі зразумелыя слухачам як у пэўнай ступені саўдзельнікам ці назіральнікам тае ці іншае падзеі. Фантастыка Я. Баршчэўскага хоць і нараджалася на аснове рэальнасці, але большасць чытацкае аўдыторыі, адарванае ад падзеяў некалькімі дзесяткамі гадоў, не заўважала аніякае сувязі між імі. Фантастыка Я. Баршчэўскага была для іх ці то наследаваннем рамантычнае фантастыкі Гофмана, ці то перакладам на польскую мову беларускай народнай творчасці. Відавочна, аўтарам рабілася стаўка на дасведчанага чытача; бо толькі ён мог спасцігнуць сэнс сакральнага пласта твора. Менш абазнаная публіка трапляла пад поле ўздзеяння незвычайнае любасці да роднага краю, Беларусі; таго поля, якое актуалізоўвала ў свядомасці заснаваныя на хрысціянскіх традыцыях пачаткі дабра і зла, характэрныя беларусам традыцыі і філасофію. І ўжо зусім не знаёмы з беларускім краем і народам чытач атрымліваў першапачатковыя звесткі пра Беларусь, яе амаль незакранутую цывілізацыяй культуру, дзіўны і шмат у чым дзікі (адносна адукаванага чалавека сярэдзіны XVIII ст. ) лад жыцця (або космас) беларуса. Вучоны – фалькларыст ці этнограф – бачыў у апавяданнях Я. Баршчэўскага свет беларускіх прымхаў і забабонаў.

Мы не ведаем, наколькі чытацкае ўспрыняцце твора задавальняла аўтара: ён не пакінуў, здаецца, аніякіх допісаў на гэты конт, як, зрэшты, і не даў тлумачэння (каментару, высноў і г. д. ) сваім апавяданням-прытчам, не пастараўся данесці іх нашчадкам. У падцэнзурным выданні ён не мог ісці шляхам байкапісца, які ў апошняй страфе свайго твора звычайна акрэсліваў кола закранутых праблемаў; не мог ён ісці шляхам Гофмана, які напрыканцы сваіх аповесцяў расшыфроўваў сваю алегорыю; не мог выкарыстаць дзеля гэтага паэтыку прытчаў Новага запавету: апошні кампанент прытчы – тлумачэнне – у Я. Баршчэўскага адсутнічае.

Дадзеныя акалічнасці, надаючы твору (увогуле, усёй прозе) Я. Баршчэўскага арэол таямнічасці і нават алагічнасці асобных апісанняў, прыцягваюць нашу ўвагу, але, бясспрэчна, патрабуюць грунтоўнага аналізу, каментару, дэкадзіроўкі тэксту. Літаратуразнаўчы аналіз творчасці Я. Баршчэўскага праз прызму міфалагічнага гістарызму дапаможа высветліць шмат якія аспекты паэтыкі пісьменніка, высветліць яго мастацкія прыёмы адлюстравання рэчаіснасці.

– Схематычна гістарычную канцэпцыю Я. Баршчэўскага можна падаць наступным чынам: на Беларусь прыходзяць чужынцы, якія з дапамогаю подкупу атрымліваюць уладу над асобнымі панамі, пазней нават сялянамі. Беларусы, трапіўшы ў залежнасць ад чужакоў або дабраахвотна пайшоўшы да іх на службу, дапамагаюць ім апанаваць увесь край, у якім карэнным чынам змяняецца ўвесь лад жыцця. Дадзеная схема выяўляе ледзь не агульную беларускую грамадскую думку адукаванае часткі насельніцтва першае паловы ХІХ ст. адносна акту анексіі Расійскай імперыяй часткі Рэчы Паспалітай.

Нязгода з новым станам рэчаў вымушала прыхільнікаў аднаўлення незалежнасці краю шукаць і аналізаваць прычыны заняпаду, прапаноўваць шляхі да адраджэння. Якраз гэтую праблему паспрабаваў вырашыць у мастацкім творы Я. Баршчэўскі. Чыста палітычную схему ён ажывіў мастацкімі сродкамі і прыёмамі, агітацыйную рыторыку замяніў літаратурнай вобразнасцю, надзённы нацыянальна-вызваленчы змест захінуў формаю прымітыўнае сялянскае гутаркі пераважна на бытавую тэматыку з элементамі народнае фантастыкі. Дадзеная асаблівасць стылю пісьменніка прадвызначала прынцыпы кампазіцыі твора: Я. Баршчэўскі не мог пераймаць “формаў, якія любілі пісьменнікі ангельскія, нямецкія або французскія”, бо не меў мажлівасці падаць чытачу цэласны малюнак, сатканы на аснове нацыянальных колераў. Заставалася адно хаатычна размясціць фрагменты гэтага малюнку, аддаўшы чытачу права самому адшукаць істотнае, вылучыць яго на пярэдні план, пакідаючы ўсё астатняе ў якасці фону.

Асноўную нагрузку павінны былі несці апавяданні – адносна завершаныя гутаркі-гавэнды пра нібыта розныя жыццёвыя здарэнні на Беларусі. Такіх апавяданняў у “Шляхціцы Завальні” чатырнаццаць, але цэлы шэраг раздзелаў твора, на атрымаўшы статусу апавядання, мала чым адрозніваецца ад яго. Напрыклад, – “Рыбак Родзька” (тут, дарэчы, выкарыстана тое ж паданне, што і ў баладзе “Зачараванае возера”), “Сын Буры”, “Твардоўскі і вучань”, “Таварыш у падарожжы”, “Рада”.

Нельга лічыць, што кніга Я. Баршчэўскага – гэта зборнік сюжэтна не звязаных апавяданняў-фантасмагорый, (зрэшты, ужо пэўная незавершанасць апавяданняў пісьменніка “падказвае” шукаць у іншых частках вырашэння тае ці іншае праблемы). Відавочна, што сюжэтны ланцуг мы можам выявіць не толькі ў формаўтваральнай абалонцы твора (восень 1816 – вясна 1817 гг., дом шляхціца Завальні, госці гаспадара ды іх аповяды), але і ў змесце асноўнага тэксту. Не маючы матэрыялаў і рукапісаў пісьменніка, амаль не ведаючы гісторыі стварэння “Шляхціца Завальні”, няпроста прасачыць фабулу твора. Тым болей, што мы, відавочна, не маем усіх апавяданняў. Прыгадайма, напачатку аўтар сцвярджаў, што “павінна выйсці адзін за адным шэсць томікаў”, а, урэшце, з’явілася толькі чатыры. Магчыма, інакш арганізаваныя апавяданні абяцаных двух томікаў утварылі аповесць “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта”; магчыма, аўтар не надрукаваў тыя з апавяданняў, алегорыя якіх “прачытвалася” няўзброеным вокам. З гэтае прычыны сёння ўзнавіць фабулу “Шляхціца Завальні” цяжка. Храналагічна ледзь не ўсе тэксты маюць прыкладна адзін пункт адліку – 60–70-я гг. XVIII ст. Але на дапамогу прыходзяць тэксты “Драўлянага Дзядка”. Вынаходніцтва Г. Грубера прывязвае час дзеяння раздзелаў аповесці да ўсё тых 70-х. І толькі ў адным апавяданні твора – “Кабеце Інсекце” – аўтар пераносіць дзеянне ў далёкае мінулае. Пісьменнік з дапамогаю прыёма градацыі падкрэслівае “старадаўняе” паходжанне свае гераіні: “Даўней жыла ў нашым краі багатая пані”, “яна ўжо састарэла”, “дазволіў [Бог] доўга жыць на гэтай зямлі”, “гадоў сто пані пражыла”, “доўга так жывучы”, “шмат гадоў прамінула”. І толькі тады пачынаюцца асноўныя падзеі, а менавіта, за грахі і злачынствы свайго жыцця гераіня (Я. Баршчэўскі не падае ні імя, ні прозвішча) “сохла і пакрысе змяншалася”, урэшце ператварылася ў інсекту. Характэрна, што пераўвасабленне багатае пані ў інсекту супадае па часе са з’яўленнем новага гаспадара ейных уладанняў. Цікава, што аўтар называе гэтага героя – пан А. Тым самым, відавочна, пазначаючы, што падзеі адбываюцца ў часы Аляксандра І, таго, хто спрыяў рэфармаванню Полацкае езуіцкае акадэміі. І, менавіта, цяпер адбываецца яшчэ адна метамарфоза – кабета Інсекта ператвараецца ў Плачку:

З’явілася яна аднойчы ксяндзу ў пекным аблiччы, падобная да анёла, нiмб вакол чароўнага твару, сукенка бялейшая за снег. Яна падзякавала за малiтвы, навукi i клопаты дзеля яе i ў мiг вока знiкла.

На нашу думку, дадзеная навела з’яўляецца алегарычным увасабленнем мінулага Беларусі: Я. Баршчэўскі імкнецца патлумачыць, чаму край надзвычай лёгка, амаль без супраціву быў захоплены іншай дзяржаваю. Асноўную прычыну пісьменнік бачыць у тым, што гаспадары краю забылі “пра веру і абавязкі хрысціянскія” ды здзекаваліся са сваіх падданых. Напачатку, нягледзячы на ўсё гэта, люд даруе крыўды сваім гаспадарам:

Бачачы свой блiзкi скон, яна перамянiла свае звычкi, зрабiлася пабожнаю i мiласэрнаю, давала мiласцiну жабракам, адпiсала нейкiя грошы на кляштары ў Полацку, абы малiлiся ўсюды, каб Бог даў ёй здароўе i дазволiў доўга жыць на свеце. Зазванiлi ва ўсiх касцёлах, сабраўся люд, абвясцiлi пра гэта з амбона, паляцелi ў неба малiтвы пабожных людзей i весткi пра святыя ахвяры. Залагоджаны малiтвамi вернiкаў, Бог злiтаваўся над грэшнiцаю, дазволiў доўга жыць на гэтай зямлi i чакаў пакаяння.

Але калі праз нейкі час “гнеў і жорсткасць яшчэ болей выраслі”, насельніцтва краю адраклося ад сваіх уладароў. Край пачаў змяншацца, “усыхаць”, каб пазней знікнуць зусім з карты свету і толькі пад уплывам хрысціянства маральна перамяніцца ды ў вобліку Плачкі нагадваць пра сваё мінулае.

Дадзеная трактоўка навелы “Кабета Інсекта” дазваляе зразумець спецыфіку вобразнае сістэмы як аповесці “Драўляны Дзядок”, так і “Шляхціца Завальні”. Відаць, невыпадкова гэтая навела з’явілася ў друку (сакавік 1844 г., “Niezabudka”) раней за першы томік “Шляхціца Завальні” – пісьменнік даваў чытачу мажлівасць зразумець палітычныя алюзіі свайго галоўнага твора праз агульнасць алегарычных вобразаў. Нягледзячы на тое, што гэтыя персанажы не ідэнтыфікуюцца аўтарам з дапамогаю ўласных імёнаў, чытач павінен быў звярнуць увагу на апісанне іх знешняга вобліку.

Знаёмства з героем пры дапамозе прыёму апісання характэрных яго асаблівасцяў дастаткова часта выкарыстоўваецца пісьменнікам. Прычым не толькі дзеля герояў, створаных фантазіяй Я. Баршчэўскага, але і дзеля рэальных гістарычных асобаў. Напрыклад, Кацярыны ІІ: “Белая Сарока мудрасцю свет здзіўляе, яе твар – цуд прыгажосці, постаць высокая, велічная” або “кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці”. Увогуле, здзіўляе смеласць пісьменніка, што адважыўся падаць дадзены тэкст з такімі празрыстымі партрэтнымі намёкамі ў цэнзурны камітэт. Відавочна, ён разлічваў на здольнасць кантэксту гэтага апавядання і гэтага персанажу рэтушаваць сапраўдную сутнасць ідэйнае скіраванасці твора. Навела “Белая Сарока”, на нашу думку, займае адну з самых значных пазіцый ў структуры “Шляхціца Завальні”. Перадусім, аўтар вядзе тут гаворку пра асобаў, якія адыгралі важную ролю ў анексіі Вялікага княства Літоўскага – Беларусі. Фактычна, пісьменнік паказвае, што адбывалася ў вышэйшым свеце беларускага грамадства напярэдадні і ў часы падзелу 1772 г., падкрэслівае, што іхняя змова з агрэсарам становіцца асноўнаю прычынаю таго, чаму край пераходзіць пад уладу суседняе імперыі. Я. Баршчэўскі не быў далёкі ад праўды, калі працэс анексіі трансфармаваў наступным чынам: пасланец Белае Сарокі прапануе пану Скамароху, што не вызначаўся прыхільнасцю да свайго (краю, традыцый і г. д. ), перайсці на службу да ягонае гаспадыні. Герой, пачуўшы пра бляск жыцця гаспадыні Паўночнае краіны і маючы надзею атрымаць належную ўзнагароду за свой учынак, дабраахвотна згаджаецца дапамагаць Белай Сароцы.

Пісьменнік зводзіць усё да асабістых якасцяў героя: “пан Скамароха быў надзвычай неспакойнага нораву, фанабэрлiвы i хцiвы, да суседзяў ездзiў толькi з прэтэнзiямi, меў грошы i заўсёды судзiўся, крыўдзiў бедных, удоў i сiрот. Яго падданыя мелi пекла на гэтым свеце”. Пасланец Белае Сарокі напачатку выклікае ў яго непрыязнь: “відаць, перада мною злы дух”. Нават сцверджанне госця, што “я падобны да цябе” не пераконвае пана Скамароху. Звернем увагу на гэтае выказванне пасланца Белае Сарокі. Я. Баршчэўскі адным штрышком пазначае: пан Скамароха гатовы служыць злу, бо ён усё тое ж зло. Думкі, мары і намеры пана Скамарохі, хоць пра іх нічога і не гаворыцца, з’яўляюцца для Белае Сарокі “памыснымі” і “прывабнымі”. Белай Сароцы надзвычай патрэбны ў краі, у Беларусі вось такія прыхільнікі, тыя, з дапамогаю каго яна за “велізарныя мяхі золата” зможа без вялікіх намаганняў і “законна” апанаваць край. Пра гэта яна двойчы просіць-папярэджвае пана Скамароху: “Я даўно мелася пабываць тут, спазнаць гэты край i яго жыхароў. Спадзяюся, што знайду тут сабе зычлiвых прыяцеляў” і “Я яшчэ наведаю гэты край. I ты пазнаёмiш мяне са сваiмi добрымi суседзямi”.

“Добрыя суседзі” неадназначна ўспрынялі звесткі пра намеры Белае Сарокі. З’явіліся як прыхільнікі, што “радавалiся i прасiлi пана Скамароху, каб пахвалiў iх перад Белай Сарокаю, калi яна другi раз наведаецца ў яго палац, i з нецярплiвасцю чакалi дня, калi змогуць яе ўбачыць”, так і недабразычліўцы чароўнае пані з Поўначы: “Некаторыя даводзiлi: тут схавана нейкая здрада i што заплацяць за яе вялiкiм няшчасцем”. Цікава, што характарыстыка Белае Сарокі просталюдзінамі сугучна негатыўная: для першага лёкая з’яўленне Белае Сарокі – гэта жыццё поўнае небяспекі сярод страшных гадзюкаў і пачвараў, гэта цёмная, доўгая і страшная ноч з невялікаю надзеяй дачакацца ранішняе малітвы і ўзыходу сонца. Другі лёкай прадбачыць жорсткія рэпрэсіі супраць усяго, што неадпавядае ўстаноўленаму парадку. Як вынік гэтага – аняменне (акамяненне) усяго жывога, якое цяпер паслухмянае волі Гаспадара і здзекліва смяецца з таго, што яшчэ спрабуе супраціўляцца: “Я крычаў, просячы дапамогi, ды на мой крык толькi камянi адказвалi дзiкiм смехам, i гул ад iх здзекаў лунаў над берагамi”. Вобраз закамянелае пустыні, скалы якое нагадваюць людзей, пазней пісьменнік здолее развіць у апавяданні “Дзіўны кій”, але ўжо ў гэтым апавяданні заўважаецца сур’ёзная праца пісьменніка над вобразамі свайго твора, прадуманасць малюнкаў.

Прылёт пасланца Белае Сарокі ў край у народным уяўленні – гэта прылёт цмока, які “нёс золата для нейкае душы, што пабраталася з д’яблам”. І адначасна ўяўленне больш асвечанага класа (“аканом казаў”) нараджае зусім іншыя малюнкі: “бачылi кабету, якая плакала на цвiнтары, ды так, што яе голас наводзiў на ўсiх трывогу i смутак”. З’яўленне Белае Сарокі, пачатак ажыццяўлення ейных намераў выклікае адпаведную рэакцыю Плачкі-Беларусі, яе “голас” трэба разглядаць як заклік-папярэджанне да ўсіх сумленных суайчыннікаў.

Я. Баршчэўскі яшчэ раз падкрэслівае: Белая Сарока – гэта зло для краю і зло ў першую чаргу для простых людзей: яны гэтае зло прадчувалі, але з-за здрады вышэйшага грамадства не змаглі перамагчы гэтае зло і зараз адчуваюць яго наступствы ва ўласным жыцці: “Тая страшная чараўніца патаемна разаслала ва ўсе бакі шкоднікаў, каб яны крыўдзілі бедных сялан”. Я. Баршчэўскі не ставіць перад сабою задачу распавесці пра тое, што здарылася, калі Белая Сарока апанавала ўвесь край. Пісьменніку дастаткова аднае невялічкае гісторыі, якую ён падае з дапамогаю народна-фантастычных сродкаў абагульнення. Беларускімі прымхамі пра чараўніцу, якая адбірае ў кароў малако, Я. Баршчэўскі, відавочна, тлумачыць тое рабаўніцтва, тыя захады гаспадыні з Поўначы, каб прыўлашчыць багацці гэтага краю (бо ж яна і раней цікавілася імі). Пры дапамозе прыёму градацыі пісьменнік яшчэ і яшчэ раз акцэнтуе на гэтым увагу: чараўніца забірае малако, з’яўляюцца такія “порсткія звяркі, што забіць іх было немагчыма, і яны па аборах стрыглі авечак, а мядзведзі, нападаючы ўсюды на пчальнікі, забіралі мёд”. І як зусім заканамерны працяг справы Белае Сарокі – з’яўленне зграяў ваўкалакаў, пярэваратняў, такіх як Марка з чацвёртага апавядання, тых, хто дабраахвотна ці па прымусе служыць Белай Сароцы.

На нашу думку, апавяданне “Белая Сарока” можна разглядаць як спецыфічнае мастацкае ўвасабленне падзей на Беларусі ў 70-я гг. XVIII ст., як шырокае панарамнае палатно падрыхтоўкі падзелу Рэчы Паспалітай, а таксама першых мерапрыемстваў царызму на забраных тэрыторыях. Прычым, асноўным персанажам з’яўляецца адзін з ініцыятараў падзелаў – Кацярына ІІ, а таксама ўплывовыя беларускія магнаты, што спрыялі расійскай царыцы ў ажыццяўленні ейных планаў.

У большасці іншых апавяданняў Я. Баршчэўскі аналізуе іншыя – дробныя ці то прыватныя – выпадкі, якія мелі месца ў час вызначальнай для лёсу краю падзеі. Пісьменнік спрабуе даць адказ: чаму так здарылася, чаму і селянін, і шляхціц, і пан адракаюцца ад свайго, ідуць на службу да чужынцаў. Ён імкнецца паказаць усе тыя шляхі, якія вядуць да здрады, скіроўвае сваю ўвагу на лёс суайчыннікаў-пярэваратняў.

Напачатку Я. Баршчэўскі ў якасці асноўнага (адмоўнага – падкрэслім) героя выкарыстоўвае прадстаўніка сялянства. У першых пяці апавяданнях толькі ён, прыгонны селянін-беларус, становіцца аб’ектам яго даследавання. Прадстаўнікі іншых класаў з’яўляюцца ў гэтых раздзелах эпізадычна, хоць іхняя роля часам больш чым вызначальная. Але, відаць, пісьменнік яшчэ не адважваецца перакласці адказнасць і віну за перамены ў грамадстве на паноў і шляхту. І таму выключнае (бо сялянству не было характэрна адмаўленне ад свайго – і гэта пазней падкрэсліць аўтар) становіцца прадметам адлюстравання пісьменніка. Дадзены літаратурны прыём быў проста неабходны ў пачатку кнігі, змест якое – паводле заявы самога аўтара – складаюць народныя аповеды.

З’яваю ў літаратурным жыцці краю 40-х гг. ХІХ ст. стала аповесць “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта”. Папулярныя ў той час успаміны (перадусім, “Домік майго дзядулі” Ігната Ходзькі) падштурхнулі паэта паспрабаваць свае сілы ў гэтым жанры. А праца над “Завальняю” напоўніла гэтыя ўспаміны дзівоснаю народнаю фантастыкаю. Гэтыя празаічныя творы Я. Баршчэўскага ўзніклі прыкладана ў адзін час, іх аб’ядноўвае тэматычная ды ідэйная еднасць, шэраг сімвалічных ды алегарычных вобразаў, а таксама асоба самога аўтара. Дзеянне ў іх абодвух адбываецца на Беларусі. Вось толькі калі ў “Шляхціцы Завальні” гэта 1816–1817 гг. – час развітання апавядальніка з родным краем перад далёкім падарожжам “на поўнач”, дык у “Драўляным Дзядку” – сярэдзіна 30-х гг., як герой пасля семнаццацігадовае адсутнасці вяртаецца на Бацькаўшчыну.

Закончыўшы выдаваць “Шляхціца Завальню”, Я. Баршчэўскі хутчэй за ўсё ўвосень 1846 г. назаўсёды пакідае “паўночную сталіцу”. Ю. Барташэвіч, які інфармацыю пра апошнія гады жыцця пісьменніка атрымаў ад Генрыка Равускага, пра прычыны пераезду кажа так:

Апрача Беларусі, Баршчэўскі зусім не ведаў іншых ваяводстваў даўнейшае Рэчы Паспалітай. Настаўніцкая праца яму ўрэшце надакучыла, і ён захацеў на старасці адпачыць. Літаратар з шырока ўжо вядомым імем, ён марыў пабачыць іншыя куткі роднае зямлі. Выказаў гэтае жаданне пані графіні Юлі Равускай, якая якраз выпраўлялася з Пецярбурга ў свае маёнткі на Валыні. Баршчэўскі быў ужо колькі гадоў у доме графіні амаль сваім чалавекам. Пані Равуская вельмі ўзрадавалася і запрасіла яго з сабою ў Цуднаў[34].

Пэўна, па дарозе на Валынь Я. Баршчэўскі наведаўся ў Рудню, каб яшчэ раз сустрэцца з Юляй Корсак ды пакланіцца магіле Гаўдэнты Шапялевіча. Меў ён таксама нейкія справы ў Вільні ды іншых мясцінах Беларусі. Урэшце спыніўся ў Цуднаве (сёння г. Чуднаў) у доме графаў Равускіх. Прыязныя адносіны гаспадароў, наяўнасць вольнага часу дазволіла Я. Баршчэўскаму вандраваць па наваколлі, сустракацца са старымі ды новымі знаёмымі, сябрамі. Відаць, у часе адной з такіх вандровак пісьменнік наведаў маёнтак Аляксандра Грозы Салагубаўку. Літаратары маглі сустракацца і раней. Перадусім, у пачатку 40-х гг., калі А. Гроза стала жыў на Беларусі, а Я. Баршчэўскі штолета прыязджаў з Пецярбурга на Бацькаўшчыну. Але ва ўсякім выпадку цяпер Я. Баршчэўскі стаў для гаспадара Салагубаўкі нечаканым госцем. Іхняя сустрэча, апавяданні Я. Баршчэўскага пра сваё юнацтва, а таксама творы беларускага пісьменніка натхнілі А. Грозу на напісанне фантастычнае аповесці “Нечаканы госць”, вытрыманае ў стылі “Шляхціца Завальні”. А вось вандроўка ў мястэчка Янушполь і знаёмства з Францам Савічам (ці, хутчэй, з людзьмі, якія ведалі яго) ужо самога пісьменніка падахвоціла напісаць аповесць “Душа не ў сваім целе”, у якой, як і ў ранейшых творах пісьменніка, выяўляюцца рамантычныя тэндэнцыі. Усе тры персанажы падыходзяць пад вызначэнне рамантычнага героя. Напачатку аўтар стварае вобраз “пераўтваральніка прыроды” Гайнара, заснавальніка незвычайнага саду. Характэрна, што Я. Баршчэўскі апавядае пра Гайнараўскі сад пасля таго, як яго герой наведаў славутую Сафіеўку, апетую паэтамі ХVIII – ХІХ стст. Жывое супрацьпастаўляецца мёртваму. Пісьменнік нібы кажа: мастацтва павінна служыць роднаму краю. Яно можа быць простым, без аздобаў-упрыгожанняў, але мусіць мець практычную карысць. Невыпадкова, трэба думаць, змешчана тут і сімвалічная сцэна з габрэем-музыкам: выдаткаванне велізарных сродкаў на стварэнне Сафіеўкі – гэта з працы прыгонных, гэта вынішчэнне свайго ўласнага народа. Гайнар у адрозненне ад музыкі, – здаровы і моцны. Яго сад, яго праца, ягонае наследаванне прыродзе – гэта першая прыступка ў іерархічнай перамідзе служэння Бацькаўшчыне. Гэта той мінімум, якім можа (ці нават павінен) займацца кожны.

А вось у “таямнічага вучонага” пана Рыльца мэты больш складаныя. Яму нават жыць даводзіцца інкогніта. Яго праца (невыпадкова, трэба заўважыць, немагчымая без працы Гайнара) – уваскрашаць мінуўшчыну, уваскрашаць дапатопны час, г. зн. час да падзелаў Рэчы Паспалітай, каб мець мажлівасць параўноўваць мінулае ды сучаснае, каб выхоўваць гістарычную памяць суайчыннікаў. Пан Рылец абураецца сваімі землякамі, якіх цікавіць толькі камерцыйны інтарэс, якія не разумеюць яго і яго паплечнікаў. Няшмат яшчэ тых, хто можа смела сказаць: “Няхай славіцца Саламандра! ”, хто верыць, што Саламандра адродзіцца, бо яна не можа загінуць.

Як і Гайнар, пан Рылец ведае абсяг свае дзейнасці і лічыць, што за межы гэтага абсягу выходзіць нельга. Яшчэ, маўляў, не прыйшоў час іншае працы, іншага віду барацьбы.

На трэцюю, самую высокую прыступку іерархічнае піраміды служэння Бацькаўшчыне Я. Баршчэўскі ставіць свайго галоўнага героя – “лекара” Саматніцкага. Прайшоўшы “навуку” ў Гайнара і Рыльца, ён выбірае іншы шлях, чым яго настаўнікі. Няспешна ісці да мэты – гэта не для яго. Ён хоча сучаснасць ператварыць у рай. А гэта патрабуе адпаведных сродкаў і нават ахвяравання сабою. Трагічны фінал аповесці як адлюстраванне рэальнага становішча ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе зусім заканамерны. Гінучы, герой прагне, каб пра яго ведалі і памяталі ў родным краі, на Бацькаўшчыне, якою ён трызніў усё сваё свядомае жыццё і народ якое не разумеў свайго сына.

Думаецца, што ўсіх сваіх герояў Я. Баршчэўскі “заўважыў” у рэальным жыцці. Ідэя служэння Бацькаўшчыне была даволі папулярнаю ў тагачасным грамадстве. І пісьменнік па-мастацку абагуліў пошукі лепшымі людзьмі краю шляхоў служэння Беларусі. Што датычыць вобраза Саматніцкага, дык ён (як слушна заўважыў яшчэ ў 60-я гг. Адам Мальдзіс) шмат у чым “спісаны” з беларускага паэта-выгнанца Франца Савіча. Верагоднасць сустрэчы Я. Баршчэўскага з Ф. Савічам вялікая: у другой палове 40-х гг. яны жылі ў суседніх мястэчках на Валыні.

У тым, што аповесць “Душа не ў сваім целе” нешта большае, чым апісанне незвычайных дзівосаў ды фантазій, пераконвае надзвычай паважнае стаўленне Я. Баршчэўскага да літаратурнае працы, разуменне ролі літаратуры ў грамадскім жыцці. Ва ўсіх яго празаічных творах змест пераважае над формаю, а алегарычнасць і сімвалізм фактычна ператвараюць асобныя іх часткі ў навелы-прытчы.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.