Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Глава III. Ваенныя дзеянні ў 1656-1667 гг. на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага



 

Умяшанне ў вайну Швецыі нечакана паспрыяла наладжванню адносін паміж Расіяй і ВКЛ. Пасля перагавораў Корвін-Гансеўскага з баярынам Ліхаровым восенню 1655 г. ваеныя дзеянні на Беларусі былі спынены.

Наступны 1656 г. быў для ВКЛ і Каралеўства Польскага выключна цяжкім. Шведскі сойм даў Карлу X вялікія сродкі для вайны з Рэччу Паспалітай. Швецыя планавала захапіць не толькі Заходнюю Прусію, але і ўсю Польшчу, Лівонію ў складзе ВКЛ, незанятыя рускім войскам паўночныя раёны ВКЛ, не дапусціць выбрання на польскі трон Аляксея Міхайлавіча і ўключэння ў склад Рускай дзяржавы ВКЛ і Польшчы. 18. 8. 1655 г. Радзівіл абвясціў акт аб падпарадкаванні ВКЛ Швецыі, а 20 кастрычніка ў Кейданах была падпісана унія ВКЛ са Швецыяй. Саюзныя дзяржавы мелі аднаго, шведскага, караля, які абавязваўся шанаваць шляхецкія свабоды і прывілеі, апекавацца касцёлам. Шведы займалі Літву, якая абавязвалася пастаўляць іх войску фураж і правіянт. Шведская армія колькасцю каля 10 тыс. чал. згрупавалася ў Інфлянтах, яе ўзначальвалі губернатар Інфлянтаў Магнус Габрыэль дэ ла Гард і фельдмаршал Адольф Левенгаўпт[26]. Армія акупіравала Вількамірскі, Упіцкі, часткова Ковенскі і Браслаўскі паветы, уключаючы Іказнь, Друю і Браслаў. Шведы збіралі кантрыбуцыю, патрабавалі ад шляхты і духавенства выбранцаў у войска, спаганялі падымнае, рэквізавалі коней і фураж. Дашчэнту былі спустошаны Дрысвяты. Усё гэта выклікала рэзкі адпор з боку шляхты і сялянства, якія перайшлі ў некаторых мясцовасцях да метадаў партыз. барацьбы. Сумеснымі дзеяннямі з войскам Корвін-Гансеўскага ў пачатку 1657 г. ВКЛ было ачышчана ад шведаў. Аднак летам 1657 г. аб'яднанае войска шведскага караля Карла X і семіградскага князя Ракашы асадзіла Брэст і авалодала ім дзякуючы здрадзе гарнізона замка, аснову якога складала наёмная нямецкая пяхота колькасцю 1700 чал. 12. 7 1657 г. войскі ВКЛ на чале з Сапегам і падчашым М. Радзівілам вызвалілі Брэсцкі замак. Шведам у аблозе Брэста дапамагалі ўкраінскія казакі на чале з палкоўнікам А. Ждановічам, рабілася гэта не без згоды Хмяльніцкага, які сімпатызаваў Б. Радзівілу, прыхільніку Швецыі. Па просьбе Радзівіла ён кантраляваў слуцкія ўладанні, не пускаючы туды ні рускія, ні польскія войскі, выдаў 6. 8. 1656 г. і ў красавіку 1657 г. ахоўныя універсалы на абарону радзівілаўскіх уладанняў Слуцка, Сяльца, Венграва, Старога Сяла[27].

У час наступления шведаў на Польшчу і ВКЛ казакі падтрымлівалі Швецыю. Яны нават занялі Мінскі павет, не даючы рускім атрадам вывозіць збожжа, і грамілі двары той шляхты, якая супрацоўнічала з рускімі. У выніку такой палітыкі казакоў Навагрудчына нечакана аказалася не занятай ні царскім, ні казацкім войскам і лічылася шведскай зонай акупацыі. Гарнізон радзівілаўскага Слуцка рабіў рэйды за правіянтам аж у Мінскае ваяводства, і лічыўся па-прашведску настроеным. Збег розных акалічнасцей прывёў да таго, што Навагрудскае ваяводства, нанесла меншыя страты, чым суседнія. Перад Швецыяй адкрывалася заманлівая перспектива стаць паўнаўладным гаспадаром на Балтыйскім моры, закрыць Расіі выхад да ўзбярэжжа Балтыкі і манапалізаваць увесь знешні гандаль. Рэч Паспалітая, аслабленая вайной з Расіяй, не магла адразу даць шведам адпор. Пануючыя колы краіны вырашылі пачаць перагаворы аб спыненні ваеных дзеянняў на Беларусі і Украіне.

Перагаворы Расіі з Рэччу Паспалітай адбываліся з 12 жніўня да 27. 10. 1656 г. у неспрыяльных для Расіі ваеных і палітычных умовах. У выніку Віленскага перамір'я 1656 г. была дасягнута згода аб спыненні на 2 гады ваеных дзеянняў, бакі пагадзіліся не заключаць міру са шведамі. Разглядалася пытанне і пра выбранне цара Аляксея Міхайлавіча на польскі трон. Гэту ідэю падтрымлівалі 2 групоўкі дробнай шляхты, адну з іх узначальваў В. Орда. Шляхта прызнала цара вялікім князем ВКЛ і прысягнула яму, аднак на гэтым усё скончылася. Ужо з канца верасня 1658 г. войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню і Віленскі павет, а у кастрычніку адбылося некалькі сутыкненняў войск Сапегі і Гансеўскага з атрадамі ваяводы Далгарукага. Атрад Гансеўскага быў разбіты рускімі войскамі, а сам ён трапіў у палон. Няўдачай скончылася спроба войск ВКЛ захапіць Вільню. Пачалася новая паласа ваеных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі[28].

Становішча рускіх войск увосень і ўзімку 1658-59 гг. рэзка пагоршылася. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія прысягнулі Расіі, пачалі масава " ламаць" прысягу і выступаць са зброяй не толькі супраць рускіх войск, але і супраць той часткі насельніцтва, якая падтрымлівала рускі ўрад. На Беларусі разгарнулася грамадзянская вайна, выкліканая жорсткай акупацыйнай палітыкай царскай адміністрацыі, бясконцымі рабаваннямі і захопам у палон мірнага насельніцтва. Перавароты адбыліся ў Старым Быхаве, Мсціславе, Крычаве, Чавусах, Рославе. Здрадзіў цару і шэраг украінскіх палкоўнікаў на чале з Нячаем і Выгоўскім. Ha ix баку дзейнічалі сялянска-казацкія атрады Д. Мурашкі, Сапрыкі, Слізкага, Драня. Чавускі палкоўнік Нячай клапаціўся перш за ўсё пра свае інтарэсы і казацкай старшыны, якая імкнулася любымі шляхамі ўстанавіць сваё панаванне над усходняй часткай Беларусі. Па загаду Нячая казацкія сотні пачалі займаць населения пункты ў Магілёўскім, Шклоўскім, Копыскім і Мсціслаўскім паветах. Рускія салдаты спрабавалі аказаць казакам супраціўленне, але былі адтуль выбіты. Сам Нячай пачаў называць сябе " палкоўнікам беларускім" [29]. На занятай тэрыторыі старшына запісвала сялян і мяшчан у казакі, прымушала іх выконваць розныя павіннасці на карысць казацкага войска. Восенню 1658 г. на Беларусі разгарнулася барацьба паміж рускімі і ўкрінскімі войскамі. Для задушэння антырускіх выступленняў быў створаны спецыяльны карны атрад на чале з Лабанавым-Растоўскім, якому шляхам аблог і штурмаў удалося задушыць у 1659 г. супраціўленне ў Мсціславе, Рославе, Крычаве, Старым Быхаве. Ваеныя дзеянні вяліся ў раёне Коўна - Гродна. Гродна неаднойчы пераходзіла з рук у рукі і падвяргалася доўгім аблогам. Горад з прадмесцямі і фальваркамі быў дашчэнту зруйнаваны і спустошаны.

15. 1. 1660 г. войскі рускія ваяводы I. A. Xaванскага за 80 км ад Брэста пад Мальчай разбілі полк М. Абуховіча і штурмам узялі Брэст, адсюль планавалася рабіць рэйды ў глыб Польшчы, на Люблін і Варшаву. Былі зруйнаваны Шарашова і Камянец. У сакавіку Хаванскі адышоў пад Ляхавічы, аднак узяць Ляхавіцкі замак не здолеў. Прысланы на дапамогу атрад С. Змеева з Магілёва сітуацыю не палепшыў і быў перакінуты на аблогу Нясвіжа[30].

Вясной 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай быў заключаны Аліўскі мір[31], граніца паміж ВКЛ і Швецыяй прайшла па Зах. Дзвіне. Мір вызваліў значныя ваеныя сілы Рэчы Паспалітай, што былі кінуты супраць рускіх войск, якія пачалі цярпець паражэнні. 18 чэрвеня Хаванскі быў разбіты каля Старой Мышы войскамі Сапегі, С. Чарнецкага, Палубенскага, Кміты, быў захоплены ўвесь рускі абоз.

З лета 1660 г. вайна ўступіла ў сваю апошнюю стадыю, яна стала набываць характер усенароднай, вызваленчай. На дапамогу Хаванскаму цар накіраваў 2 групоўкі войск Ю. A. i П. А. Далгарукіх. Іх дзеянні пад Барысавам, Шкловам і Магілёвам не маглі выратаваць агульную стратэгічную сітуацыю. 8 кастрычніка паблізу Чавус адбыўся жорсткі бой войск ВКЛ з групоўкай Далгарукага, што перашкодзіла яго ўз'яднанню з Хаванскім. У сярэдзіне кастрычніка 1660 г. Хаванскі зноў быў разбіты пад Талачыном, а ўвосень 1661 г. ён і А. Л. Ардын-Нашчокін пацярпелі новае паражэнне пад Кушлікамі на Полаччыне ад войск ВКЛ, якімі камандаваў Жаромскі. 3 20 тыс. рускіх не больш за 1 тыс. чал. выратавалася, адступіўшы ў Полацк разам з Хаванскім і параненым Ардын-Нашчокіным. Сын Хаванскага трапіў у палон, было захоплена 9 гармат, сцягі, палкавы абраз i увесь абоз. У 1661 г. адбыліся перавароты ў Магілёве, Дзісне і Себежы, нарэшце была вызвалена Вільня[32].

З ВКЛ пачаўся масавы вываз стратэгічных запасаў прадуктаў, зброі, усяго каштоўнага. Паводле дакументаў, з Полацка, Віцебска, Дынабурга, Люцына, Рэжыцы, Марыенгаўза, гарадоў цэнтральнай і заходняй Беларусі, Коўна і інш. " церковные апараты, образы и книги и иные речи, а также прибытки, дела и амуницея и все оружья, и пеняжный скарб и хлебные запасы" [33] вывозіліся. Адным са зборных пунктаў быў Барысаў. На Беларусі ад голаду пачалося людаедства, што было зафіксавана царскімі чыноўнікамі ў шмат якіх месцах. Гэтаму спрыялі і дзеянні казакоў Нячая, якія рабавалі вёскі і маёнткі, гвалтоўна запісвалі сялян у сваё войска, адбіраючы ў непакорных зямлю і ўчыняючы такім чынам нечуваны голад. Хмяльніцкаму на дзеянні яго казакоў у Беларусі даносілі, што не без іх удзелу ўзнік сярод тутэйшых жыхароў такі голад, " какова перед тем давно не слыхано: не токмо что мертвечину и всякую нечистоту, но и плоти человеческие едят... " [34].

У найцяжэйшую сітуацыю пастаяннага рабавання i наездаў ва ўмовах вайны трапіла беларускае сялянства. За права валодаць ім змагаліся розныя шляхецкія групоўкі, якія то прысягалі цару, то здраджвалі пасля першых паражэнняў рускай арміі; свае правы прад'яўляла ва ўсходніх і паўднева-ўсходніх паветах украінская казацкая старшына; мяшчане гарадоў, якія прысягнулі цару, асабліва заможная іх частка, прыбірала да сваіх рук бліжэйшыя да гарадоў сёлы. Частка весак аддавалася служылай шляхце i казакам часова " на пракармленне", гэтыя паселішчы рабаваліся асабліва жорстка.

На тэрыторыі Магілёўшчыны, Гомельшчыны і часткова Віцебшчыны паміж рускай акупацыйнай адміністрацыяй і адміністрацыяй укрінскай казацкай старшыны пачаліся сутыкненні за права валодаць гарадамі, мястэчкамі і вёскамі. Казакі Хмяльніцкага лічылі, што занятыя імі раёны адносяцца да Украіны. У казацкае войска масава уступала сялянства і частка беларускіх мяшчан, якія хацелі пажывіцца за кошт шляхецкай маёмасці і зямельных надзелаў. Радавое цяглае сялянства трапіла ў пастку складанай і заблытанай палітыкі ваюючых бакоў і супярэчнасцей беларускай шляхты і мяшчанства, усяго " паспольства", якое да таго ж знаходзілася ў стане грамадзянскай вайны. Да ўсяго гэтага дадалася эпідэмія маравой пошасці, якая спустошыла значныя рэгіёны Беларусь У выніку на велізарных абшарах цэнтральнай і ўсходняй Беларусі ўтварыліся зоны татальных спусташэнняў і абязлюджання: вёскі і палі зарасталі лесам, гінулі гарады і мястэчкі з усім комплексам эканомікі, духоўнай і матэрыяльнай культуры. Вайна падзяліла гараджан на прыхільнікаў цара і тых, хто застаўся верным сваёй дзяржаве, каралю і гарадскому магдэбургскаму праву.

Мяшчанства было таксама ўцягнута ў падзеі грамадзянскай вайны і несла велізарныя людскія страты. Прыйшоў у заняпад унутраны і знешні гандаль, які ўзяла пад жорсткі кантроль руская адміністрацыя, унутраны рынак запаланілі абясцэненыя рускія медныя грошы, насельніцтва не хацела прымаць і ўводзіць іх у абарачэнне.

Гандаль быў абкладзены царскай пошлінай, аднак традыцыі магдэбургскага самакіравання ў гарадах Беларусі царская адміністрацыя вымушана была захаваць, а таксама пацвердзіць правы гарадоў на навакольныя вёскі, набытыя ў ранейшыя часы за ратушныя грошы. Працяглая вайна, каласальныя разбурэнні і матэрыяльныя страты падарвалі казну ВКЛ і Польшчы. Войскам перасталі плаціць грошы. У ліпіні 1661 г. утварылася канфедэрацыя часткі польскіх войск, якая адмовілася падпарадкоўвацца каралю. Другую групоўку ўзначаліў С. Чарнецкі. У верасні 1661 г. сканфедэравалася войска ВКЛ на чале з Жаромскім і Катоўскім, з 22 тыс. чал. у яго ўвайшло 12 310 салдат, у асноўным наёмнікаў з еўрапейскіх краін, а таксама татарская харугва. Створанае войска адмовілася ваяваць, пакуль не атрымае заробленых грошай. У час армейскага бунту Жаромскі і Гансеўскі былі забіты салдатамі (замест Гансеўскага польным гетманам стаў М. Пац). Пасля выплаты доўгу (19 млн. злотых) канфедэрацыя 21. 7 1663 г. спыніла сваю дзейнасць[35].

Ваенныя дзеянні на Беларугі ўвосень 1661 г. перапыніліся, бо паявілася надзея правесці мірныя перагаворы, якія адбыліся ў 1662 г., але закончыліся безвынікова (акрамя абмену ваеннапалоннымі). На Падзвінні войскі Рэчы Паспалітай вялі баі пад Віцебскам і Полацкам. 9. 7. 1662 г. пасля 2 гадоў аблогі здаўся рускі гарнізон у Барысаўскім замку, а ў сярэдзіне снежня 1662 г. - Усвят. У 1663-64 гг. на Беларусі адбываліся баі мясцовага значэння, якія абвастрыліся летам 1664 г. Атрады рускіх войск дзейнічалі пад Магілёвам, Віцебскам і Полацкам, каля напаўразбураных Шклова і Копысі. Войска Хаванскага зноў пацярпела паражэнне пад Віцебскам, які быў акружаны атрадамі Рэчы Паспалітай. 1. 6 1664 г. у Дубровічах на Смаленшчыне (паміж Красным і Звяровічамі) пачаліся мірныя перагаворы. Прадстаўнікі Рэчы Паспалітай настойвалі на заключэнні вечнага міру накшталт Паляноўскага міру 1634 г., аднак Расія не прыняла такіх умоў. Перагаворы перапыніліся, аднавіліся ў жніўні, а ў верасні 1664 г. былі адкладзены да 1665 г[36].

У красавіку 1666 г. у в. Ануфрыева каля Мсціслава мірныя перагаворы аднавіліся. Яны адбываліся ў час паўстання Е. юбамірскага супраць каралеўскай улады, што ўмела выкарыстаў рускі бок. Летам 1666 г. група войск пад камандаваннем Я. К. Чаркаскага, І. С. Празароўскага і І. А. Варатынскага заняла Шклоў і Копысь, зрабіла спробу ўзяць Магілеў, але беспаспяхова. Пасля гэтага мірныя перагаворы працягваліся і завяршыліся падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667 г. на 13 гадоў (да чэрвеня 1680 г).




  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.