|
|||
Адказы на пытанні:Стр 1 из 3Следующая ⇒
Мова – ўнікальнейшая з’ява. Яна адначасова з’ява ідэяльная і матэрыальная, індывідуальная і сацыяльная, самая старажытная і самая свежая; яна адначасова і адрознівае чалавека ад усяго свету жывых істот, і аб’ядноўвае вялікі клас жывых істот у адзін чалавечы род. З дапамогай мовы чалавек мае доступ да ўсіх незапашаных чалавецтвам ведаў, да ўсяго таго, што ўспрымаюць, ведаюць усе іншыя людзі. Люді здавальняюць свае патрэбы, словамі прымушаючы іншых рабіць што-небудзь за іх. Мы можам гаварыць адно, а думаць другое. Мова злучае не толькі прадстаўнікоў аднаго пакалення, але і розныя гістарычныя пакаленні людзей (дзякуючы пісьмовай форме). У гісторыі навукі існавалі розныя погляды на мову. Адны вучоныя разглядалі мову як біялягічную з’яву (такую ж, як здольнасць есці, піць, хадзіць, колер вачэй і г. д. ), другія – як псіхічную. Але зафіксаваны выпадкі, калі навароджаныя траплялі ў асяроддзе звяроў, і там, зразумела, у іх не развівалася мова, нават не з’яўляецца патрэба ў ей. З гісторыі вядомы і варварскія эксперыменты старажытных часоў, калі грудных дзяцей ад этнічна розных бацькоў пазбаўлялі ўзаемаадносін з людзьмі, каб даведацца, якая мова першародная. Але мэты такія вопыты не дасяглі, бо чалавек павінен навучыцца мове ад іншых людзей, сама па сабе не сфарміруецца нават у генія. Дзіця, незалежна ад нацыянальнасці і генаў бацькоў, пачынае размаўляць на той мове, якую чуе з першых дзен жыцця.
2. Гіпотэзы паходжання мовы У гіпотэзах паходжання мовы можна ўмоўна выдзеліць два падходы: 1) мова з’явілася натуральным шляхам; 2) мова створана штучна нейкай актыўнай стваральнай сілай. На ранніх этапах цывілізацыі ўзнікла лагасічная (логасная) тэорыя паходжання мовы. Яна існуе ў некалькіх разнавіднясцях – ведычнай, біблейскай і канфуцыянскай – і пабудована на міфолага-рэлігійных уяўленнях з гэтай гіпотэзай, у аснове свету ляжыць духоўны пачатак, які ўдзейнічае на матэрыю, што знаходзіцца ў хаатычным стане, уладкоўвае яе формы і стварае свет і чалавецтва. Такім чынам, згодна з Бібліяй, Бог даў людзям дзольнасць да мовы, якую яны выкарысталі для наймення рэчаў. У канцы ХХ ст. лагасічная гіпотэза набыла новае, навуковае, гучанне ў сувязі з адкрыццем структурнага ізамарфізму слова, мовы, свядомасці, генетычнага кода, аб’ектаў мікра- і макрасвету. З часоў Старажытнай Грэцыі бярэ пачатак гукапераймальная гіпотэза, падтрыманая і развітая ў ХVІІІ – ХVХ стст. Яе сутнасць у тым, што мова ўзнікла праз перайманне (імітацыю) чалавекам гукаў навакольнага свету – шуму ветру, крыку звяроў і г. д. Напрыклад: кі-гік – кігікаць, туп-туп-туп – тупаць, га-га-га – гагатаць і інш. Пры гэтым у розных мовах гэтая імітацыя можа адбывацца па-рознаму. Але такіх слоў няшмат. Таксама з антычнай філасофіі дайшла да нас выклічнікавая гіпотэза, якая ў больш складаных варыянтах існуе ў навуцы і зараз. Паводле яе, паходжанне мовы звязана з тымі натуральнымі гукамі, якімі насычана біялагічнае жыцце самога чалавека. Ад іх узнікаюць словы тыпу ахаць, войкаць, мыкаць. Пазней, на думку прыхільнікаў гэтай гіпотэзы, сувязь паміж гучаннем слова і эмацыянальным станам чалавека становіцца толькі ўскоснай. У ХVІІІ ст. у Еўропе пашыраецца тэорыя грамацкай дамоўленасці. Некаторыя яе ідэі былі сфармуляваны ў ХVІІІ ст. англійскім філосафам Т. Гобсам, які лічыў, што маўленне было вынайдзена людзьмі падобна да таго, як пазней яны вынайшлі кнігадрукаванне: нашым першабытным продкам “прыйшло ў галаву” даць назвы рэчам, і дзякуючы гэтаму яны атрымалі магчымасць утрымліваць у памяці думкі, абменьвацца інфармацыяй, бавіць час. Паводле Ж. -Ж. Руссо, у прыродны перыяд жыцця чалавецтва пануюць эмацыянальныя выкрыкі, але па меры набліжэння да цывілізованнага жыцця людзі шукаюць больш зручныя знакі для адносін, якімі становяцца жэсты і гукаперайманні. А далейшая замена жэстаў на гукі патрабавала калектыўнай згоды і слоў, каб увесці ў карыстанне новыя словы і дамовіцца аб іх значэнні. У ХІХ ст. французкім філосафам Л. Нуарэ была выказана гіпотэза пра тое, што мова ўзнікла ў час калектыўнай працы людзей, якія дапамагалі сабе выкрыкамі пры яе выкананні, і гэтыя працоўныя выкрыкі ляглі ў аснову мовы людзей. Гэтая гіпотэза атрымала назву тэорыі працоўных выкрыкаў. У апошняй трэці ХІХ ст. Ф. Энгельсам была сфармулявана працоўная (сацыяльная) теорыя паходжання мовы. У адпаведнасці з ей, мова ўзнікае ў выніку сумеснай працоўнай дзейнасці першабытных людзей. Неабходнасць узгадняць свае дзеянні ў час працы стымулявала ўзнікненне і развіцце пэўных гукавых комплексаў, якія ўскладняліся паралельна з развіццем грамацтва, ускладненнем сродкаў працы і ўдасканаленнем свядомасці і мыслення. 3. Функцыі мовы Мова ў жыцці чалавека і грамацства выконвае самыя розныя функцыі. Асноўныя функцыі любой мовы – камунікатыўная, г. зн. мова з'яўляецца асноўным сродкам зносін паміж людзьмі, і кагінтыўная, або пазнавальная. Пры дапамозе гэтых дзвюх функцый асоба атрымлівае інфармацыю ад іншых людзей ці грамацкай суполкі, людзі разумеюць адзін аднаго, перадаюць патрэбную інфармацыю іншым асобам. Але з дапамогай мовы людзі не толькі могуць, паведамляць адзін аднаму патрэбную інфармацыю, але і назапашваць веды, фіксаваць, класіфіксаваць, абагульняць пэўныя інтэлектуальныя дасягненні чалавецтва. 3 пазнавальнай цесна звязана намінатыўная функцыя мовы, якая ажыццяўляе сувязь чалавека з навакольным светам. Пры дапамозе намінатыўнай функцыі чалавек называе прадметы, з'явы рэчаіснасці, дзеянні, прыкметы і г. д. Часам вельмі легка растлумачыць, чаму той ці іншы прадмет назвалі пэўным словам. Напрыклад, слова панядзелак утворана ад дзвюх частак – па, пасля і нядзеля, г. зн. які ідзе пасля нядзелі. Аднак паходжанне большасці слоў беларускай мовы зараз вельмі цяжка, а часам і ўвогуле немагчыма растлумачыць. Сярод іншых функцый моў можна адзначыць, напрыклад, рэгулятыўную, ці фактычную, пры дапамозе якой людзі наладжваюць кантакты паміж сабой, уступаюць у дыялогі і замыкаюць іх, рэгулююць адносіны паміж сабой. Пры дапамозе слоў і іншых лінгвістычных сродкаў чалавек не толькі можа перадаваць інфармацыю, але і выражаць разнастайныя пачуцці, а праз іх выражаць сябе як асобу. Такая функцыя мовы называецца эмацыянальнай. Гэтая функцыя праяўляецца ў інтанацыях, ацэнках, выклічніках. Паколькі словы з'яўляюцца сродкамі мастацкай творчасці, то мова валодае яшчэ і эстэтычнай функцыяй. Пры дапамозе слова можна ўздзейнічаць на пачуцці і думкі чалавека, рэгуляваць яго дзейнасць, вклікаць у яго шмат эмоцый. Прычым гэта дасягаецца не толькі змястоўным афармленнем тэксту, але і самой вонкавай формай слоў: падборам гукаў, гукавых спалучэнняў, рытму, мілагучнаці, вобразнасці маўлення. Адной з важных функцый мовы з'яўляецца этнічная, калі мова выступае як сімвал нацыі. Як правіла, у працэсе маўлення названыя функцыі мовы перакрыжоўваюцца, спалучаюцца паміж сабой.
У кожнай мове адбіваецца жыццёвы і духоўны вопыт народа – стваральніка і карыстальніка мовы. Некаторыя вучоныя нават лічаць, што кожны народ бачыць свет праз прызму сваёй роднай мовы, бо, з’яўляючыся своеасаблівым кодам культуры, мова ў пэўнай ступені вызначае светапогляд і менталітэт народа, г. зн. яго псіхічную і нацыянальна-культурную адметнасць. Вядомы нямецкі вучоны В. Гумбальт сцвярджаў, што “ў кожнай мове закладзена самабытнае светаўспрыманне. Як асобны гук стаіць паміж прадметам і чалавекам, так і ўся мова ў цэлым выступае паміж чалавекам і прыродай”. Сапраўды, умовы жыцця народа (ландшафт, клімат, раслінны і жывёльны свет), прадвызначаючы характар заняткаў народа, адбіваюцца на яго светаўспрыманні і адлюстроўваюцца ў мове (у гукавым ладзе, лексіцы, фразеалогіі). Прадметы і з’явы, якія адыгрываюць важную ролю ў жыцці пэўнага народа, маюць больш разнастайных назваў, чым аб’екты, якія не сустракаюцца або рэдка сустракаюцца ў жыцці. Прыкметнай адзнакай ландшафту Беларусі з’яўляецца балота, і беларуская мова мае больш за 20 яго назваў: дрыгва, дрыгвянік (‘топкае балота, багністае месца’); багна (‘нізкае топкае месца, грузнае балота, дрыгва’); багнішча (‘вялікая багна’); алёс (‘забалочанае месца’); твань (‘дрыгва, балоцістае месца; ‘гразь’; ); тхлань (‘балоцістае месца’; ‘гніль’; ‘цвіль’; ‘сырасць’); імшара, імшарына, бездань (‘бяздонная прорва’) і г. д. Затое ў нашай мове зафіксавана толькі адна назва такой жывёліны, як вярблюд, у той час як у арабскай мове даследчыкамі адзначаецца каля 5000 (! ) розных яго назваў. Некалькі дзясяткаў назваў ільду (для характарыстыкі яго стану, асаблівасцей утварэння, прызначэння і да т. п. ) захоўвае эскімоская мова, а ў мове спрадвечных мараходаў і рыбакоў ірландцаў – дзесяткі найменняў ветру. Самымі старажытнымі помнікамі, якія даюць магчымасць пранікаць у глыбіню гісторыі, культуры, мовы народа, з’яўляюцца тапонімы. На карце Радзімы няма, напэўна, ніводнай выпадковай народнай назвы: яна заўседы вынікае з асаблівасцей прыроднага асяроддзя, умоў вытворчай дзейнасці, звязана з гістарычным мінулым чалавека. Так, раней заліўныя лугі, нізкія часткі поймы называлі балонню, адсюль і назва вёсак Блонь Барысаўскага і Пухавіцкага раёнаў. Зразумела, што ў вёсцы Каўшары жылі майстры па вырабу каўшоў; Койданава – ад імя хана Койдана, а назвы Гуды, Гудзевічы, Гудзішкі нам “падарылі” суседзі-літоўцы, бо менавіта gutas яны калісьці называлі беларусаў… Надзвычай ярка нацыянальная адметнасць праяўляецца ў фразеалогіі. Сквапны рускі за копейку удавится, а беларус за рубель жабу ў Вільню пагоніць; у беларусаў многа – гэта сабакі не ліжуць; у рускіх – куры не клюют; пра абсалютна аднолькавых, калі адзін не лепшы за другога ў нас скажуць абое рабое, у рускіх –два сапога пара; у інданезійцаў з недарэк смяюцца кракадзілы, у беларусаў –куры. Старажытныя рымляне пра непатрэбную працу казалі in silvam ligna ferre (насіць дровы ў лес). У беларусаў на гэты выпадак ёсць прыказка: ” У крыніцу ваду не носяць”, у рускіх ”Ехать в Тулу со своим самоваром “, у французаў – “Poter de l’eau a la mer “(Насіць ваду ў мора); у англічан – “To carry coals to Newcastle” (Цягаць вугаль у Ньюкасл), а ў немцаў – “Man braucht nicht Eulen nach Athem zu tragen” (Не трэба насіць соў у Афіны). Як бачым, пры супастаўленні аналагічных паняццяў, сітуацый у розных культурах і мовах відавочна праяўляецца нацыянальна-культурная спецыфіка. У любой мове ёсць словы, якія значаць больш, чым вызначаны аб’ём іх значэння ў слоўніку ( гэтую дадатковую, нацыянальна абумоўленую інфармацыю называюць нацыянальна-культурным кампанентам значэння моўных адзінак), набылі дадатковае культуралагічнае значэнне, выступаюць сімвалам краіны. Вельмі часта гэта назвы расліннага і жывёльнага свету. Такімі словамі-сімваламі для беларусаў, напрыклад, з’яўляюцца бусел і зубр, васілёк і шыпшына, вярба і рабіна. Сакура асацыіруецца з Японіяй, бяроза – з Расіяй, а лаўр – сімвал Іспаніі. Формы маўленчага этыкету таксама залежаць ад нацыянальна-культурных традыцый грамадства. Беларускі нацыянальны характар уключае такія якасці, як гасціннасць, добразычлівасць, душэўная шчодрасць, таму ў нашай мове вялікая колькасць выслоўяў для выражэння пажаданняў, зычанняў: Спажывайце на здароўе! Вялікі расці! Добра гадуйся! Будзь багаты, як зямля! Каб быў здаровы, як дуб скарбовы! Каб на тым і стала! На доўгі век, на добрае здароўе! Каб пілося, елася і яшчэ хацелася! Вам шчасце-долю і хлеба ўволю! Каб ты здаровы знасіў і на другое зарабіў! Гладкай дарогі! Будзь здаровы на ўвесь год, як калядны лёд! Каб у дамочку, у садочку, у хлявочку, у полечку усё радзіла і пладзіла! Бадай цябе ліха мінула! Каб вам смачна спалася, спрытна ўставалася, лёгка хадзілася! Каб нашыя дзяды не ведалі бяды, каб нашыя ўнукі не ведалі мукі! і інш. А для індзейца Бразіліі агульныя “Бывайце! ”, “Прывітанне! ” будуць страшным парушэннем этыкету: пры развітанні ён павінен абавязкова падысці да гаспадара, кожнага з прысутных гасцей паведаміць пра адыход і пачуць: ”Ідзі”. Вярнуўшыся, ён зноў падыходзіць да кожнага і ў адказ на: ”Вярнуўся? ” – кажа: ”Так”. Такім чынам, у назвах прадметаў, з’яў рэчаіснасці адлюстроўваюцца адметнасці жыцця, характару, мыслення, светапогляду народа. У моўных адзінках, у словах-сімвалах мова зберагае гістарычную памяць народа, захоўвае яго культуру і духоўныя здабыткі.
|
|||
|