|
|||
Заключэнне
Такім чынам, прааналізаваўшы сабраную інфармацыю, мы прыйшлі да агульных вывадаў: веды сучасных школьнікаў аб гісторыі Вялікай Айчыннай вайны фарміруюцца школай, а не сямейным выхаваннем ці СМІ і з’яўляюцца дастаткова павярхоўнымі. На вывучэнне тэмы вайны у школьнай праграме адведзена недастаткова часу. Нельга абмяжоўваць вывучэнне гісторыі сваёй краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны некалькімі гадзінамі, за якія нават фактычны матэрыял немагчыма засвоіць ў поўнай ступені. Вельмі добра, што ў гэтым годзе быў уведзены новы абавязковы курс – ён папоўніць веды школьнікаў, дасць ім магчымасць па-новаму асэнсаваць вайну. Аднак, на наш погляд, такі курс павінен уводзіцца не ў 11 класе, калі ў вучняў ужо ў значнай ступені сфарміравана ўяўленне аб асноўных падзеях вайны, а значна раней, каб з маленства дзеці ўсвядомілі сябе нашчадкамі народа, які здолеў перамагчы фашысцкіх захопнікаў. Галоўнай матывацыяй пры вывучэнні Вялікай Айчыннай вайны, як і любой іншай тэмы, для вучняў з’яўляецца сацыяльная: жаданне атрымаць высокую адзнаку. Таму набытыя веды нетрывалыя, бо наша памяць захоўвае толькі тое, што асэнсавана намі на эмацыянальным і духоўным узроўні, што “прапушчана праз сябе”. Таму адсутнасць у падручніках матэрыялу, які даваў бы магчымасць “ажывіць” герояў, дапамагчы зразумець матывы іх учынкаў, асэнсаваць усе жахі вайны негатыўна ўплывае на фарміраванне вобразу вайны ў падлеткаў. Аналіз гістарычных падзей мінулага дапамагае знаходзіць выйсце з сучасных канфліктных сітуацый. Мы лічым, што ўсім нам трэба задумацца аб будучыні нашай краіны. Што будзе з краінай, калі яе маладое пакаленне забываецца на яе гістарычную спадчыну, калі маладыя людзі перастаюць цікавіцца не толькі гісторыяй сваёй краіны, але і асабістай гісторыяй сваёй сям’і? Мы рызыкуем паўтарыць памылкі нашых продкаў, калі не будзем лічыцца з тымі ўрокамі, якім навучыла нас гісторыя. Мы павінны рабіць усе магчымае, каб вялікая Перамога засталася з намі, стала сучаснасцю, легла ў падмурак нашай ідэалогіі, а не ўспрымалася як частка гісторыі. Многія з удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны яшчэ жывуць сярод нас, і мы маем не шмат часу для таго, каб дазволіць ім сказаць свае словы гісторыі, якую яны некалі стваралі. А праўда аб вайне, памылках мінулага нам вельмі патрэбна, асабліва цяпер. Менавіта ў гэты час, калі перад нашай краінай стаіць пытанне аб фарміраванні нацыянальнай ідэалогіі, праблема пошуку асабістага шляху, тых каштоўнасцей, якія будуць пакладзены ў падмурак новай дзяржавы, мы павіны звярнуцца да нашага гістарычнага мінулага. Трэба ўсвядоміць, што нельга пабудаваць новае дэмакратычнае грамадства, калі замест мінулай хлусні ці ўпрыгожвання гісторыі будуць пладзіцца новыя фальсіфікацыі. Да якога больш справядлівага жыцця можна прыйсці на парожнім месцы, без сапраўднага і моцнага падмурку? Наша Перамога вартая таго, каб ёй ганарыліся не толькі мы, але і нашы нашчадкі, людзі на ўсей планеце, таму што гэта агульная Перамога ўсіх народаў над фашызмам. Памяць аб ёй не павінна служыць сродкам канфрантацыі ні ў нашай краіне, ні за мяжой. Наадварот, яна прызначана яднаць людзей на шляху да лепшай будучыні. На тое вельмі спадзяваліся ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. 9 Мая адзначаеца нашымі людзьмі як свята і асабістае, і сямейнае, і дзяржаўнае, і інтэрнацыянальнае. Зноў і зноў углядаемся ў падзеі Вялікай Айчыннай вайны, імкнемся глыбей зразумець значэнне бітваў, якія адбыліся на беларускай зямлі і адыгралі важную ролю на шляху да поўнай перамогі над фашысцкай Германіяй. Цяжкім быў гэты шлях. Памяць аб ўсіх, хто не вярнуўся з фронту, хто загінуў, абараняючы зямлю сваіх бацькоў, свяшчэнна. Яна—галоўны фактар дзяржавы. Не будзе такой памяці - не будзе і дзяржавы. Але вынікі і ўрокі Вялікай Айчыннай вайны накіраваны не толькі ў мінулае. Калі глядзіш на сучаснае палітычнае становішча ў свеце, разумееш, што не ўсведамляюць нашы сучаснікі ўсіх жахаў вайны, не жадаюць вучыцца на памылках мінулых пакаленняў. Гэта знаходзіць свой адбітак у развязванні лакальных войнаў, патуранні міжнароднаму тэрарызму, экспансіі “бархатных” рэвалюцый, прапагандзе культу насілля і нажывы. Людзі забываюцца на тыя жудасныя падзеі, якія ўскалыхнулі ўсю Еўропу 60 гадоў назад: забываюцца на Асвенцім і тыя 1, 5 млн чалавек, якіх знішчылі там гітлераўцы, на ўрокі Халакоста – мэтанакіраванага і жудаснага знішчэння яўрэйскага насельніцтва фашыстамі, на кожнага трэцяга беларуса, забітага пад час Вялікай Айчыннай вайны. Але на гэта нельга забыцца, бо ёсць магчымасць паўтарыць жудасную памылку Еўропы 40-ых гадоў XX стагоддзя. Менавіта таму сёння неабходна зрабіць усе намаганні, для абуджэння цікавасці да вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, асабіста сярод маладога пакалення, якому належыць будучыня, за якім стаіць лёс чалавецтва. Ад таго, наколькі добра ў маленстве яны ўсвядомяць, што такое вайна, залежыць іх грамадзянская пазіцыя ў будучыні, а значыць – і сама будучыня.
|
|||
|