Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дзея чацвёртая



 

Адна з гасцёўняў у доме Сорына, ператвораная Канстанцінам Трэплевым у працоўны кабінет. Направа і налева дзверы, што вядуць ва ўнутраныя пакоі. Прама шкляныя дзверы на тэрасу. Апрача звычайнай мэблі для гасцёўні, у правым куце пісьмовы стол, каля левых дзвярэй турэцкая канапа, шафа з кнігамі, кнігі на вокнах, на крэслах. – Вечар. Гарыць адна лямпа пад каўпаком. Паўзмрок. Чутно, як шумяць дрэвы і вые вецер у трубах. Грукае вартаўнік. Медзвядзенка і Маша выходзяць.

 

Маша (гукае). Канстанцін Гаўрылавіч! Канстанцін Гаўрылавіч! (Азіраючыся. ) Няма нікога. Стары кожную хвіліну ўсё пытаецца, дзе Косця, дзе Косця… Жыць без яго не можа...

Медзвядзенка. Баіцца самоты. (Прыслухоўваючыся. ) Якое жахлівае надвор’е! Гэта ўжо другія суткі.

Маша (прыпускае агню ў лямпе). На возеры хвалі. Вялізныя.

Медзвядзенка. У садзе цёмна. Варта б сказаць, каб зламалі ў садзе той тэатр. Стаіць голы, страшэнны, як шкілет, і заслона ад ветру ляскае. Калі я ўчора ўвечары прыходзіў міма, то мне здалося, быццам хтосьці ў ім плакаў…

Маша. Ну вось…

Паўза.

Медзвядзенка. Паедзем, Маша, дамоў!

Маша (адмоўна ківае галавой). Я тут застануся начаваць.

Медзвядзенка (умольна). Маша, паедзем! Наша дзіцятка, мабыць, галоднае.

Маша. Глупства.

Паўза.

Медзвядзенка. Шкада. Ужо трэцюю ноч без мамы.

Маша. Нудны ты стаў. Раней, бывала, хаця б пафіласофствуеш, а цяпер усё дзіця, дамоў, дзіця, дамоў, − і больш ад цябе нічога не пачуеш.

Медзвядзенка. Паедзем, Маша!

Маша. Едзь сам.

Медзвядзенка. Твой бацька не дасць мне каня.

Маша. Дасць. Ты папрасі, і ён дасць.

Медзвядзенка. Бадай, папрашу. Значыць, ты заўтра прыедзеш?

Маша (закурвае). Ну, заўтра. Прычапіўся…

 

Уваходзяць Трэплеў і Паліна Андрэеўна; Трэплеў ідзе да свайго стала і сядае.

 

Паліна Андрэеўна (Падыходзіць да пісьмовага стала і, абапёршыся, глядзіць у рукапіс. ) Паўза.

Медзвядзенка. Дык я пайду. Бывай, Маша. (Цалуе жончыну руку. ) Бывайце, матухна. (Хоча пацалаваць руку ў цешчы. )

Паліна Андрэеўна (з прыкрасцю). Ну! Ідзі з Богам.

Медзвядзенка. Бывайце, Канстанцін Гаўрылавіч.

Трэплеў моўчкі падае руку; Медзвядзенка выходзіць.

 

Паліна Андрэеўна (гледзячы ў рукапіс). Ніхто не думаў і не гадаў, што з вас, Косця, выйдзе сапраўдны пісьменнік. А вось, дзякаваць Богу, і грошы сталі вам дасылаць з часопісаў. (Праводзіць рукой па яго валасах. ) І прыгожы стаў… Мілы Косця, добры, будзьце больш ласкавым да маёй Машанькі!..

Маша (сцелячы). Пакіньце яго, мама.

Паліна Андрээеўна (Трэплеву). Яна харошанькая (Паўза). Жанчыне, Косця, нічога не трэба, толькі зірні на яе ласкава. Па сабе ведаю.

 

Трэплеў устае з-за стала і моўчкі выходзіць.

 

Маша. Вось і раззлавалі. Трэба было чапляцца!

Паліна Андрэеўна. Шкада мне цябе, Машанька.

Маша. Вельмі трэба!

Паліна Андрэеўна. Сэрца маё за цябе баліць. Я ж усё бачу, усё разумею.

Маша. Усё лухта. Безнадзейнае каханне – гэта толькі ў раманах. Глупства. Не варта толькі распускаць сябе і ўсё нечага чакаць, чакаць каля мора пагоды…. Раз у сэрцы завялося каханне, трэба яго вон. Вось абяцалі перавесці мужа ў іншы павет. Як пераедзем туды, − усё забуду… з коранем з сэрца вырву.

 

Праз два пакоі граюць меланхалічны вальс.

Паліна Андрэеўна. Косця грае. Значыць, тужыць.

Маша (робіць бясшумна два-тры туры вальса). Галоўнае, мама, каб не быў на вачах. Толькі б далі майму Сямёну перавод, а там, паверце, за адзін месяц забуду. Глупства ўсё гэта.

 

Адчыняюцца левыя дзверы. Дорн і Медзвядзенка коцяць у крэсле Сорына.

Медзвядзенка. У мяне цяпер у доме шасцёра. А мука сем грывен пуд.

Дорн. Вось тут і круціся.

Медзвядзенка. Вам добра смяяцца. Грошай у вас як гразі.

Дорн. Грошай? За трыццаць гадоў практыкі, мой дарагі, клапатлівай практыкі, калі я не належаў сабе ні ўдзень, ні ўночы, мне ўдалося сабраць толькі дзве тысячы, ды і тыя я пражыў нядаўна за мяжой. У мяне нічога няма.

Маша (мужу). Ты не паехаў?

Медзвядзенка (вінавата). Што ж? Калі не даюць каня!

Маша (з горкаю прыкрасцю, шэптам). Вочы б мае цябе не бачылі!

 

Крэсла спыняецца ў левай палове пакоя; Паліна Андрэеўна, Маша і Дорн сядаюць побач; Медзвядзенка, засмучаны, адыходзіць убок.

Сорын. Дзе сястра?

Дорн. Паехала на станцыю сустракаць Трыгорына. Зараз вернецца.

Сорын. Калі вы ўбачылі патрэбу выпісаць сюды сястру, значыць, я небяспечна хворы. (Памаўчаўшы). Вось дык гісторыя, я небяспечна хворы, а між тым мне не даюць ніякіх лекаў.

Дорн. А чаго вы хочаце? Валяр’янавых кропель? Соды? Хіны?

Сорын. Ну, пачынаецца філасофія. О, што за пакаранне!

Дорн (напявае). “Месяц плывет по ночным небесам…”

Сорын. Вось хачу даць Косцю сюжэт для аповесці. Яна павінна называцца так: “Чалавек, які хацеў”. «L’homme qui a voulu». У маладосці калісьці хацеў я зрабіцца літаратарам – і не зрабіўся, хацеў прыгожа гаварыць – і гаварыў жахліва (дражніць сябе): “І ўсё, і ўсё такое, таго, не таго…”; хацеў ажаніцца – і не ажаніўся; хацеў заўсёды жыць у горадзе – і вось канчаю жыццё ў вёсцы, і ўсё.

Дорн. Выказваць незадаволенасць жыццём у шэсцьдзясят два гады, пагадзіцеся, − гэта не велікадушна.

Сорын. Які ўпарты. Зразумейце ж вы, жыць хочацца!

Дорн. Гэта легкадумства. Па законах прыроды любое жыццё павінна мець канец.

Сорын. Вы разважаеце, як сыты чалавек. Вы сыты і таму абыякавы да жыцця, вам усё роўна. Але паміраць і вам будзе страшна.

Дорн. Страх смерці – жывёльны страх… Трэба падаўляць яго. Свядома баяцца смерці толькі тыя, хто верыць у вечнае жыццё, каму страшна бывае сваіх грахоў. А вы, па-першае, не верыце, па-другое, − якія ў вас грахі? Вы дваццаць пяць гадоў праслужылі па судовым ведамстве – толькі і ўсяго.

Сорын (смяецца). Дваццаць восем…

 

Уваходзіць Трэплеў і сядае на лавачцы каля ног Сорына. Маша ўвесь час не зводзіць з яго вачэй.

 

Дорн. Мы замінаем Канстанціну Гаўрылавічу працаваць.

Трэплеў. Не, нічога.

Паўза.

Медзвядзенка. Дазвольце ў вас запытацца, доктар, які горад за мяжой вам больш за ўсё спадабаўся?

Дорн. Генуя.

Трэплеў. Чаму Генуя?

Дорн. Там дзівосны вулічны натоўп. Калі ўвечары выходзіш з гатэля, то ўся вуліца бывае запоўнена народам. Рухаешся потым у натоўпе без усялякай мэты, туды-сюды, па ламанай лініі, жывеш з ім разам, зліваешся з ім псіхалагічна і пачынаеш верыць, што напраўду магчымая сусветная душа, кшталту той, якую калісьці ў вашай п’есе іграла Ніна Зарэчная. Дарэчы, дзе цяпер Зарэчная? Дзе яна і як?

Трэплеў. Мабыць, здаровая.

Дорн. Мне казалі, нібыта яна павяла нейкае асаблівае жыццё. У чым справа?

Трэплеў. Гэта, доктар, доўгая гісторыя.

Дорн. А вы карацей.

Паўза.

Трэплеў. Яна ўцякла з дому і сышлася з Трыгорыным. Гэта вам вядома?

Дорн. Ведаю.

Трэплеў. Было ў яе дзіця. Дзіця памерла. Трыгорын разлюбіў яе і вярнуўся да сваіх былых прыхільнасцяў, чаго і варта было чакаць. Зрэшты, ён ніколі і не кідаў былых, а, па бесхарактарнасці, неяк ухітраўся і тут і там. Наколькі я мог зразумець з таго, што мне вядома, асабістае жыццё Ніны не склалася зусім.

Дорн. А сцэна?

Трэплеў. Здаецца, яшчэ горш. Дэбютавала яна пад Масквой у дачным тэатры, потым паехала ў правінцыю. Тады я не выпускаў яе з-пад увагі, і нейкі час куды яна, туды і я. Бралася яна ўсё за вялікія ролі, але іграла груба, безгустоўна, з завываннямі, з рэзкімі жэстамі. Бывалі моманты, калі яна таленавіта ўскрыквала, таленавіта памірала, але гэта былі толькі моманты.

Дорн. Значыць, усё-такі ёсць талент?

Трэплеў. Зразумець было складана. Напэўна, ёсць. Я яе бачыў, але яна не хацела мяне бачыць. Я разумеў яе настрой і не настойваў на сустрэчы. Паўза. Што ж вам яшчэ сказаць? Потым я, калі ўжо вярнуўся дадому, атрымліваў ад яе лісты. Лісты разумныя, цёплыя, цікавыя, яна не скардзілася, але я адчуваў, што яна глыбока нешчаслівая, што ні радок, то балюча нацягнуты нерв. І ўяўленне крыху хваравітае. Яна падпісвалася Чайкай. Цяпер яна тут.

Дорн. Што значыць тут?

Трэплеў. У горадзе. Ужо дзён пяць, як жыве там у гатэлі. Я быў паехаў да яе, і вось Марыя Ільінічна ездзіла, але яна нікога не прымае. Сямён Сямёнавіч запэўнівае, нібыта ўчора па абедзе бачыў яе ў полі, вярсты за дзве адсюль.

Медзвядзенка. Так, я бачыў. Ішла ў той бок, да горада. Я пакланіўся, запытаўся, чаму не ідзе да нас у госці. Яна сказала, што прыйдзе.

Трэплеў. Не прыйдзе яна. (Паўза) Бацька і мачыха не хочуць яе ведаць. Паўсюль расставілі вартаўнікоў, каб нават блізка не падпусціць яе да маёнтка. (Адыходзіць з доктарам да пісьмовага стала. ) Так проста, доктар, быць філосафам на паперы і як гэта цяжка на справе!

Сорын. Цудоўная была дзяўчына.

Дорн. Што-с?

Сорын. Цудоўная, кажу, была дзяўчына. Пётр Мікалаевіч Сорын быў нават у яе закаханы нейкі час.

Дорн. Стары лавелас.

Чуваць смех Шамраева.

Паліна Андрэеўна. Відаць, нашы прыехалі са станцыі…

Трэплеў. Так, я чую маму.

Уваходзяць Аркадзіна, Трыгорын, за імі Шамраеў.

Шамраеў (уваходзячы). Мы ўсе старэем, выветрываемся пад уплывам стыхій, а вы, шаноўная, усё яшчэ маладая… Светлая кофтачка, жвавасць… грацыя…

Аркадзіна. Вы зноў хочаце сурочыць мяне, сумны чалавек!

Трыгорын (Сорыну). Маё шанаванне, Пётр Мікалаевіч! Што гэта вы ўсё хварэеце? Кепска! (Пабачыўшы Машу, радасна. ) Марыя Ільінічна!

Маша. Пазналі?

Трыгорын. Замужам?

Маша. Даўно.

Трыгорын. Шчаслівыя? (Раскланьваецца з Дорнам і Медзвядзенкам, потым нерашуча падыходзіць да Трэплева. ) Ірына Мікалаеўна казала, што вы ўжо забыліся на старое і перасталі гневацца.

 

Трэплеў працягвае яму руку.

 

Аркадзіна (сыну). Вось Барыс Аляксеевіч прывёз часопіс з тваім новым апавяданнем.

Трэплеў (прымаючы кнігу, Трыгорыну). Шчыра дзякую. Вельмі міла з Вашага боку.

Сядаюць.

Трыгорын. Вам шлюць паклон вашы прыхільнікі… У Пецярбургу і Маскве наогул зацікаўленыя вамі, і ў мяне ўсе пытаюцца пра вас. Пытаюць: які ён, колькі гадоў, брунет ці бландзін. Думаюць усё чамусьці, што вы ўжо немалады. І ніхто не ведае вашага сапраўднага прозвішча, таму што вы друкуецеся пад псеўданімам. Вы таямнічы, як Жалезная Маска.

Трэплеў. Надоўга да нас?

Трыгорын. Не, заўтра ж думаю ў Маскву. Трэба. Спяшаюся скончыць аповесць, ды яшчэ абяцаў даць што-небудзь у зборнік. Адным словам, старая гісторыя.

 

Пакуль яны размаўляюць, Шамраеў запальвае свечкі, ставіць крэслы. Дастаюць з шафы лато.

Надвор’е сустрэла мяне неласкава. Вецер жорсткі. Заўтра ранкам, калі сціхне, адпраўлюся на возера вудзіць рыбу. Дарэчы, трэба агледзець сад і тое месца, дзе – памятаеце? – ігралі вашу п’есу. У мяне саспеў матыў, трэба толькі аднавіць у памяці месца дзеяння.

Маша (бацьку. ) Тата, дазвольце мужу ўзяць коней. Яму трэба дамоў.

Шамраеў (дражніць). Коней… дамоў… (строга. ) Сама бачыла: толькі што дасылалі на станцыю. Не ганяць жа зноў.

Маша. Але ёсць жа і іншыя коні… (Бачачы, што бацька маўчыць, махае рукой. ) З вамі звязвацца…

Медзвядзенка. Я, Маша, пехам пайду. Праўда…

Паліна Андрэеўна (уздыхнуўшы). Пехам, у такое надвор’е… (Сядае за ломберны стол. ) Калі ласка, панове.

Медзвядзенка. Дык усяго толькі шэсць вёрстаў… Бывай… (Цалуе жонцы руку. ) Бывайце, матухна. (Цешча неахвотна працягвае яму для пацалунку руку). Я б нікога не патрывожыў, але дзіцятка… (Кланяецца ўсім. ) Бывайце… (Выходзіць, паходка вінаватая. )

Шамраеў. Нічога, дойдзе. Не генерал.

Паліна Андрэеўна (стукае па стале). Калі ласка, панове. Не будзем марнаваць часу, а то хутка вячэраць паклічуць.

 

Шамраеў, Маша і Дорн сядаюць за стол.

 

Аркадзіна (Трыгорыну). Калі надыходзяць доўгія восеньскія вечары, тут гуляюць у лато. Вось зірніце: старадаўняе лато, у якое яшчэ гуляла з намі нябожчыца маці, калі мы былі дзецьмі. Ці не жадаеце да вячэры згуляць з намі партыю? (Сядае з Трыгорыным за стол. ) Гульня нудная, але калі прывыкнуць да яе, то нічога. (Здае ўсім па тры карты. )

Трэплеў (перагорваючы часопіс). Сваю аповесць прачытаў, а маёй нават не разрэзаў. (Кладзе часопіс на пісьмовы стол, потым скіроўваецца да левых дзвярэй; праходзячы міма маці, цалуе яе ў галаву. )

Аркадзіна. А ты, Косця?

Трэплеў. Даруй, нешта не хочацца… Я прагуляюся. (Выходзіць. )

Аркадзіна. Стаўка – грыўня. Пастаўце за мяне, доктар.

Дорн. Слухаюся.

Маша. Усе паставілі? Я пачынаю… Дваццаць два!

Аркадзіна. Ёсць.

Маша. Тры!..

Дорн. Так.

Маша. Паставілі тры? Восем! Восемдзесят адзін! Дзесяць!

Шамраеў. Не спяшайся.

Аркадзіна. Як мяне ў Харкаве прымалі, бацюхны мае, дагэтуль галава кругам!

Маша. Трыццаць чатыры!

 

За сцэнай меланхалічны вальс.

Аркадзіна. Студэнты авацыю зладзілі… Тры кошыкі кветак, два вянкі і вось… (Здымае з грудзей брошку і кідае на стол. )

Шамраеў. Так, гэта рэч…

Маша. Пяцьдзясят!..

Дорн. Роўна пяцьдзясят?

Аркадзіна. На мне былі дзівосныя строі…Што-што, а ўжо апрануцца я не дура.

Паліна Андрэеўна. Косця грае. Сумуе бедны.

Шамраеў. У газетах зневажаюць яго вельмі.

Маша. Семдзесят сем!

Аркадзіна. Ахвота звяртаць увагу.

Трыгорын. Яму не шанцуе. Усё ніяк не можа патрапіць у свой сапраўдны тон. Нешта дзіўнае, няпэўнае, часам нават падобнае да трызнення. Ніводнага жывога чалавека.

Маша. Адзінаццаць!

Аркадзіна (азірнуўшыся на Сорына). Пятрусь, табе сумна?

(Паўза) Спіць.

Дорн. Спіць Пётр Мікалаевіч Сорын.

Маша. Сем! Дзевяноста!

Трыгорын. Калі б я жыў у такім маёнтку, побач з возерам, то хіба я стаў бы пісаць? Яперамог бы ў сабе гэтую жарсць ды толькі і рабіў бы, што вудзіў рыбу.

Маша. Дваццаць восем!

Трыгорын. Паймаць ярша ці акуня – гэта такая насалода!

Дорн. А я веру ў Канстанціна Гаўрылавіча. Нешта ёсць! Нешта ёсць! Ён думае вобразамі, апавяданні яго маляўнічыя, яскравыя, і я іх моцна адчуваю. Шкада толькі, што ён не мае пэўных задач. Робіць уражанне, і больш нічога, а на адным уражанні далёка не заедзеш. Ірына Мікалаеўна, вы рады, што ў вас сын пісьменнік?

Аркадзіна. Уявіце. Я яшчэ не чытала. Усё няма калі (смяецца).

Маша. Дваццаць шэсць!

Трэплеў ціха ўваходзіць і ідзе да свайго стала.

 

Маша. Шэсцьдзясят шэсць! Адзін!

Трэплеў (расчыняе акно, прыслухоўваецца). Як цёмна!

Маша. Восемдзесят восем!

Трыгорын. У мяне партыя, панове.

Аркадзіна (весела). Брава! Брава!

Шамраеў. Брава!

Аркадзіна. Гэтаму чалавеку заўсёды і ўсюды шанцуе. (Устае. ) А цяпер пойдзем закусіць чаго-небудзь. Наша знакамітасць не абедала сёння. Пасля вячэры будзем працягваць. (Сыну. ) Косця, пакінь свае рукапісы, пойдзем есці.

Трэплеў. Не хачу, мама, я сыты.

Аркадзіна. Як знаеш. (Будзіць Сорына. ) Пятрусь, вячэраць! (Бярэ Шамраева пад руку. ) Я раскажу вам, як мяне прымалі ў Харкаве…

 

Паліна Андрэеўна тушыць на стале свечкі, пасля яна і Дорн коцяць крэсла. Усе выходзяць у левыя дзверы; на сцэне застаецца адзін Трэплеў за пісьмовым сталом.

 

Трэплеў (збіраецца пісаць; прабягае тое, што ўжо напісана).

Я так шмат казаў пра новыя формы, а цяпер адчуваю, што сам мала-памалу спаўзаю да руціны. (Чытае. ) “Афіша на плоце абвяшчала… Бледны твар, апраўлены цёмнымі валасамі... ” Абвяшчала, апраўлены… Гэта бяздарна. (Закрэслівае. ) Пачну з таго, што героя пабудзіў шум дажджу, а рэшту ўсю вон. Апісанне месяцовага вечара доўгае і вытанчанае. Трыгорын выпрацаваў сабе прыёмы, яму лёгка… У яго на плаціне блішчыць рыльца разбітай бутэлькі і чарнее цень ад млынавага кола – і вось месяцовая ноч гатовая, а ў мяне і дрыготкае святло, і ціхае мігценне зорак, і далёкія гукі раяля, што заміраюць у ціхім духмяным паветры… Гэта пакутліва. Паўза. Так, я ўсё больш і больш прыходжу да пераканання, што сутнасць не ў старых і не ў новых формах, а ў тым, што чалавек піша, не думаючы ні пра якія формы, піша, таму што гэта свабодна ліецца з яго душы. (Хтосьці стукае ў акно, бліжэйшае да стала) Што такое? (Глядзіць у акно. ) Нічога не відаць. (Адчыняе шкляныя дзверы і глядзіць у сад. ) Нехта прабег ўніз па прыступках. (Гукае. ) Хто тут? (Выходзіць; чутно, як ён хутка ідзе па тэрасе; праз паўхвіліны вяртаецца з Нінай Зарэчнай. ) Ніна! Ніна! Ніна кладзе яму галаву на грудзі і стрымана рыдае. (Расчулены. ) Ніна! Гэта вы… вы… Я дакладна прадчуваў, увесь дзень душа мая знемагала жахліва. (Здымае з яе капялюш і тальму. ) О, мая добрая, мая ненаглядная, яна прыйшла! Не будзем плакаць, не будзем.

Ніна (пільна ўзіраецца ў яго твар). Дайце я пагляджу на вас. (Азіраючыся). Цёпла, добра… Тут тады была гасцёўня. Я моцна змянілася?

Трэплеў. Так… Вы схуднелі, і ў вас вочы сталі большыя. Ніна, неяк дзіўна, што я бачу вас. Чаму вы не пускалі мяне да сябе? Чаму вы дагэтуль не прыходзілі? Я ведаю, вы тут жывяце ўжо амаль тыдзень… Я штодня хадзіў да вас па некалькі разоў, стаяў у вас пад акном, як жабрак.

Ніна. Я баялася, што вы ненавідзіце мяне. Мне штоночы ўсё сніцца, што вы гледзіце на мяне і не пазнаяце. Каб вы ведалі! З самага прыезду я ўсё хадзіла тут… каля возера. Каля вашага дома была шмат разоў і не наважвалася ўвайсці. Давайце сядзем. (Сядаюць) Сядзем і будзем гаварыць, гаварыць. Добра тут, цёпла, утульна…  Чуеце – вецер? У Тургенева ёсць месца: “Добра таму, хто ў такія ночы сядзіць пад дахам дома, у каго ёсць цёплы кут”. Я − чайка… Не, не тое. (Трэ сабе лоб. ) Пра што я? Так… Тургенеў… “І няхай дапаможа Гасподзь усім беспрытульным бадзягам…” Нічога. (Рыдае. )

Трэплеў. Ніна, Ніна!

Ніна. Нічога, мне лягчэй ад гэтага… Я ўжо два гады не плакала. Учора позна ўвечары я пайшла паглядзець у садзе, ці цэлы наш тэатр. А ён дагэтуль стаіць. Я заплакала ўпершыню пасля двух гадоў, і ў мяне палацвела, стала ясней на душы. Бачыце, я ўжо не плачу. (Бярэ яго за руку. ) Ітак, вы ўжо сталі пісьменнікам… Вы пісьменнік, я – актрыса… Патрапілі мы з вамі ў кругазварот… Жыла я радасна, па-дзіцячы – прачнешся раніцай і запяеш; кахала вас, марыла пра славу, а цяпер? Заўтра раніцай ехаць у Ялец у трэцім класе… з мужыкамі, а ў Яльцы адукаваныя купцы будуць заляцацца. Пачварнае жыццё!

Трэплеў. Навошта ў Ялец?

Ніна. Узяла ангажэмент на ўсю зіму. Пара ехаць.

Трэплеў. Ніна, я праклінаў вас, ненавідзеў, ірваў вашыя лісты і фотаздымкі, але кожную хвіліну я ўсведамляў, што душа мая прывязаная да вас навек. Разлюбіць вас я не ў стане, Ніна. З той пары як я страціў вас і як пачаў друкавацца, жыццё для мяне невыноснае, − я пакутую. Маладосць маю ўсю раптам як адарвала, і мне здаецца, што я ўжо пражыў на свеце дзевяноста гадоў. Я клічу вас, цалую зямлю, па якой вы хадзілі; куды б я ні глядзеў, паўсюль мне бачыцца ваш твар, гэта пяшчотная ўсмешка, якая свяціла мне ў лепшыя гады майго жыцця…

Ніна (збянтэжана). Навошта ён так гаворыць, навошта ён так гаворыць?

Трэплеў. Я самотны, не сагрэты нічыёй любасцю, мне халодна, як у сутарэннях, і, што б я ні пісаў, усё гэта сухое, чэрствае, змрочнае. Застаньцеся тут, Ніна, малю вас, ці дазвольце мне паехаць з вамі!

 

Ніна хутка надзяе капялюш і тальму.

(Глядзіць, ён яна апранаецца).

Паўза.

 

Ніна. Ірына Мікалаеўна тут?

Трэплеў. Так… У чацвер дзядзьку было блага, мы ёй тэлеграфіравалі, каб яна прыехала.

Ніна. Навошта вы кажаце, што цалавалі зямлю, па якой я хадзіла? Мяне трэба забіць. (Схіляецца да стала. ) Я так стамілася! Адпачыць бы… адпачыць! (Падымае галаву. ) Я – чайка… Не тое. Я – актрыса! Ну да! (Пачуўшы смех Аркадзінай і Трыгорына, прыслухоўваецца, потым бяжыць да левых дзвярэй і глядзіць у замочную шчыліну. ) І ён тут… (Вяртаецца да Трэплева. ) Ну так… Нічога… Так… Ён не верыў у тэатр, усё смяяўся з маіх мрояў, і мала-памалу я таксама перастала верыць і ўпала духам. А тут клопаты кахання, рэўнасць, пастаянны страх за маленькага… Я стала дробязнай, нікчэмнай, іграла бессэнсоўна… Я не ведала, што рабіць з рукамі, не ўмела стаяць на сцэне, не валодала голасам. Вы не разумееце гэтага стану, калі адчуваеш, што іграеш жахліва. Я – чайка… Не, не тое… Памятаеце, вы падстрэлілі чайку? Выпадкова прыйшоў чалавек, убачыў і ад няма чаго рабіць загубіў… Сюжэт для невялікага апавядання… Гэта не тое… (Трэ сабе лоб. ) Пра што я?.. Я кажу пра сцэну. Цяпер ужо і не так… Я ўжо сапраўдная актрыса, я іграю з асалодай, з захапленнем, п’янею на сцэне і адчуваю сябе цудоўнай. А цяпер, пакуль жыву тут, я ўсё хаджу пешшу, усё хаджу і думаю, думаю і адчуваю, як з кожным днём растуць мае душэўныя сілы… Я цяпер ведаю, разумею, Косця, што ў нашай справе – усё роўна, іграем мы на сцэне ці пішам – галоўнае не слава, не бляск, не тое, пра што я марыла, а ўменне цярпець. Умей несці свой крыж і вер. Я веру, і мне не баліць, калі я думаю пра сваё пакліканне, то не баюся жыцця.

Трэплеў (маркотна). Вы знайшлі свой шлях, вы ведаеце, куды ідзяце, а я ўсё яшчэ нашуся ў хаосе мрояў і вобразаў, не ведаючы, навошта і каму гэта патрэбна. Я не веру і не ведаю, у чым маё пакліканне.

Ніна (прыслухоўваючыся). Тсс… Я пайду. Бывайце. Калі я стану вялікай актрысай, прыязджайце паглядзець на мяне… Абяцаеце? А цяпер… (Паціскае яму руку). Ужо позна. Я ледзьве на нагах стаю… я знясіленая, мне хочацца есці.

Трэплеў. Застаньцеся, я дам вам павячэраць.

Ніна. Не, не… Значыць, яна прывезла яго з сабою? Што ж, усё адно. Калі пабачыце Трыгорына, не кажыце яму нічога… Я кахаю яго. Я кахаю яго нават мацней, чым раней… Сюжэт для невялікага апавядання… Кахаю, кахаю палка, да роспачы кахаю. Добра было раней, Косця! Памятаеце? Якое яснае, цёплае, радаснае жыццё, якія пачуцці, − пачуцці, падобныя да пяшчотных, вытанчаных кветак… Памятаеце?... (Чытае. ) “Людзі, ільвы, арлы і курапаткі, рагатыя алені, гусі, павукі, маўклівыя рыбы, што жылі ў вадзе, марскія зоркі, і тыя, каго нельга было пабачыць вокам, ‒ словам, усе жыцці, усе жыцці, зрабіўшы маркотнае кола, згаслі… Ужо тысячы стагоддзяў, як зямля не носіць на сабе ніводнае істоты, і гэты бедны месяц марна запальвае сваю паходню. На лузе ўжо не абуджаюцца з крыкам журавы, і хрушчоў не бывае чуваць у ліпавых гаях…. ” (Абдымае парыўна Трэплева і знікае за шклянымі дзвярыма. )

Трэплеў. (На працягу дзвюх хвілін моўчкі рве ўсе свае рукапісы і кідае пад стол, потым адчыняе правыя дзверы і выходзіць).

 

Уваходзяць Аркадзіна, Паліна Андрэеўна, Дорн, за імі Якаў з бутэлькамі і Маша, потым Шамраеў і Трыгорын.

Аркадзіна. Чырвонае віно і піва для Барыса Аляксеевіча стаўце сюды, на стол. Мы будзем гуляць і піць. Давайце сядаць, панове.

Паліна Андрэеўна (Запальвае свечкі, сядае за ломберны стол. )

Направа за сцэнай стрэл; усе ўздрыгваюць.

 

Аркадзіна (спалохана). Што такое?

Дорн. Нічога. Гэта, мусіць, у маёй паходнай аптэчцы што-небудзь лопнула. Не хвалюйцеся. (Выходзіць у левыя дзверы, праз паўхвіліны вяртаецца. ) Так і ёсць. Лопнула склянка з эфірам. (Напявае). “Я вновь перед тобою очарован…”

Аркадзіна (сядаючы за стол). Фуй, я спалохалася. Гэта мне нагадала, як… (Закрывае твар рукамі. ) Нават у вачах пацямнела…

Дорн (бярэ Трыгорына за талію і адвозіць да рампы). Выведзіце адсюль куды-небудзь Ірыну Мікалаеўну. Справа щ тым, што Канстанцін Гаўрылавіч застрэліўся…

 

Заслона

Пераклала Марына Казлоўская



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.