Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дзея трэцяя



 

Сталовая ў доме Сорына. Чамадан і кардонкі; відаць падрыхтоўка да ад’езду. Трыгорын снедае. Маша стаіць каля стала, курыць.

 

Маша. Я ўсё гэта расказваю вам як пісьменніку. Можаце скарыстацца. Я вам шчыра: калі б ён раніў сябе сур’ёзна, то я не стала б жыць ніводнае хвіліны. А ўсё-такі я смелая. Вось ўзяла ды вырашыла: вырву гэтае каханне са свайго сэрца, з коранем вырву.

Трыгорын. Якім жа чынам?

Маша. Замуж выходжу. За Медзвядзенку.

Трыгорын. Гэта за настаўніка?

Маша. Так.

Трыгорын. Не разумею, якая патрэба.

Маша. Кахаць безнадзейна, гадамі ўсё чакаць нечага… А як выйду замуж, будзе ўжо не да кахання, новыя клопаты заглушаць усё старое. І ўсё-такі, ведаеце, змены. Ці не паўтарыць нам?

Трыгорын. А ці не зашмат будзе?

Маша. Ну вось! (Налівае па кілішку. ) Вы не глядзіце на мяне так. Жанчыны п’юць часцей, чым вы думаеце. Меншасць п’е адкрыта, як я, а большасць – таемна. Так. І ўсе гарэлку ці каньяк. (Чокаецца. ) Будзьма! Вы чалавек просты, шкада з вамі развітвацца. (П’юць).

Трыгорын. Мне самому не хочацца ад’язжаць.

Маша. А вы папрасіце, каб яна засталася.

Трыгорын. Не, цяпер не застанецца. Сын паводзіць сябе надта бестактоўна. То страляўся, а цяпер, кажуць, збіраецца мяне на дуэль выклікаць. І навошта? Злуецца, фыркае, прапаведуе новыя формы… Але ж усім хопіць месца, і новым, і старым, − дык навошта штурхацца?

Маша. Ну, і рэўнасць. Зрэшты, гэта не мая справа.

Паўза. Якаў праходзіць злева направа з чамаданам; уваходзіць Ніна і спыняецца каля акна.

Мой настаўнік не вельмі разумны, але добры чалавек і бядняк і мяне моцна кахае. Яго шкада. І яго старэнькую маці шкада. Ну-с, дазвольце пажадаць вам усяго найлепшага. Не памінайце ліхам. (Моцна паціскае руку. ) Вельмі вам удзячная за ваша добрае стаўленне. Дашліце мне вашы кніжкі, абавязкова з аўтографам. Толькі не пішыце “шаноўнай”, а проста так: “Мар’і, бязродзіцы, якая немаведама дзеля чаго жыве на гэтым свеце”. Бывайце! (Выходзіць. )

Ніна (працягваючы ў бок Трыгорына руку, сціснутую ў кулак. ) Цот або лішка?

Трыгорын. Цот.

Ніна (уздыхнуўшы). Не. У мяне ў руцэ толькі адна гарошына. Я загадала: ісці мне ў актрысы ці не? Хоць бы параіў хто.

Трыгорын. Тут раіць нельга.

Паўза.

Ніна. Мы расстаёмся і… відаць, болей ужо не ўбачымся. Я прашу вас прыняць ад мяне на памяць вось гэты маленькі медальён. Я загадала выразаць вашы ініцыялы… а з гэтага боку назву вашай кніжкі: “Дні і ночы”.

Трыгорын. Як грацыёзна! (Цалуе медальён. ) Цудоўны падарунак!

Ніна. Часам узгадвайце пра мяне

Трыгорын. Я буду ўзгадваць. Я буду ўзгадваць вас, якой вы былі ў той ясны дзень – памятаеце? – тыдзень таму, калі вы былі з светлай сукенцы… … Мы размаўлялі… яшчэ тады на лаўцы ляжала белая чайка.

Ніна (у роздуме). Так, чайка… Паўза. Больш там гаварыць нельга, сюды ідуць… Перад ад’ездам дайце мне дзве хвіліны, прашу вас…

 

Выходзіць налева. Адначасова ўваходзяць Аркадзіна, Сорын.

Аркадзіна. Заставайся-ка, стары, дома. Хіба табе з тваім рэўматызмам раз’язджаць па гасцях? (Трыгорыну. ) Гэта хто цяпер выйшаў? Ніна?

Трыгорын. Так.

Аркадзіна. Pardon, мы перашкодзілі… (Сядае. ) Здаецца, усё склала. Стамілася.

Трыгорын (чытае на медальёне). “Дні і ночы”, старонка 121, радкі 11 і 12.

Якаў (прыбіраючы са стала). Вуды таксама загадаеце скласці?

Трыгорын. Так, яны мне яшчэ спатрэбяцца. А кнігі аддай каму-небудзь.

Якаў. Слухаю.

Трыгорын (сам сабе). Старонка 121, радкі 11 і 12. Што ж у гэтых радках? (Аркадзінай. ) Тут у доме ёсць мае кніжкі?

Аркадзіна. У брата ў кабінеце, у кутняй шафе.

Трыгорына. Старонка 121… (Выходзіць. )

Аркадзіна. Праўда, Пятрусь, застаўся б ты дома…

Сорын. Вы ад’язджаеце, без вас мне будзе цяжка дома.

Аркадзіна. А ў горадзе што ж?

Сорын. Асаблівага нічога, а ўсё ж. (Смяецца. )… Хочацца хоць на гадзіну-другую страпянуцца ад гэтага вясковага жыцця, а то вельмі я ўжо заляжаўся, як стары муштук. Я загадаў падаваць коней у гадзіну, адначасова і выедзем.

Аркадзіна (пасля паўзы). Ну, жыві тут, не сумуй, не застуджвайся. Назірай за сынам. Беражы яго. Настаўляй. (Паўза) Вось паеду, так і не буду ведаць, чаму страляўся Канстанцін. Мне здаецца, галоўнай прычынай была рэўнасць, і чым хутчэй я звязу адсюль Трыгорына, тым лепей.

Сорын. Як табе сказаць? Былі і іншыя прычыны. Зразумелая рэч, чалавек малады, разумны, жыве ў вёсцы, у глушы, без грошай, без становішча, без будучыні. Ніякіх заняткаў. Саромеецца і баіцца сваёй бяздзейнасці. Я яго страшэнна люблю, і ён да мяне прывязаны, але ўсё ж у рэшце рэшт яму здаецца, што ён лішні ў доме, што ён тут нахлебнік, дармаед. Зразумелая рэч, самалюбства…

Аркадзіна. Гора мне з ім! (У роздуме. ) Ці не паступіць яму на службу…

Сорын (насвіствае, потым нерашуча). Мне здаецца, было б самае лепшае, калі б ты… дала яму трошкі грошай. Перадусім яму трэба апрануцца па-чалавечы, і ўсё. Паглядзі, адзін і той жа пінжачок ён цягае тры гады, ходзіць без паліто… (Смяецца. ) Ды і пагуляць малому не шкодзіла б… Паехаць за мяжу, ці што… Гэта ж не вельмі дорага.

Аркадзіна. Усё-такі… Бадай, на касцюм я яшчэ магу, але каб за мяжу… Не, сёння і на касцюм не магу. (Рашуча. ) Няма ў мяне грошай! (Сорын смяецца). Не!

Сорын (насвіствае). Так-с. Даруй, мілая, не злуйся. Я табе веру… Ты велікадушная, высакародная жанчына.

Аркадзіна (скрозь слёзы). Няма ў мяне грошай!

Сорын. Будзьу мяне грошы, зразумелая рэч, я б сам даў яму, але ў мяне нічога няма, ні капеечкі. (Смяецца. ) Усю маю пенсію ў мяне забірае аканом і траціць на земляробства, жывёлагадоўлю, пчалаводства, і грошы мае прападаюць марна. Пчолы дохнуць, каровы дохнуць, коней мне ніколі не даюць…

Аркадзіна. Так, у мяне ёсць грошы, але я ж артыстка; на адных гардэробах згалела зусім.

Сорын. Ты добрая, мілая.. Я цябе паважаю…Так… Але зноў са мною нешта таго… (Пахістваецца. ) Галава круціцца. (Трымаецца за стол). Мне блага, і ўсё. (Падае. )

Аркадзіна (спалохана). Пятрусь! (Стараючыся падтрымаць яго. ) Пятрусь, дарагі мой… (Крычыць. ) Дапамажыце мне! Дапамажыце!.. (Уваходзяць Трэплеў з павязкай на галаве, Медзвядзенка. ) Яму блага!

Сорын. Нічога, нічога… (Усміхаецца і п’е ваду. ) Усё прайшло… і ўсё…

Трэплеў (маці). Не палохайся, мама, нічога страшнага. З дзядзькам цяпер гэта часта бывае. (Дзядзьку. ) Табе, дзядзька, трэба паляжаць.

Сорын. Трошкі, так… А ўсё-ткі ў горад я паеду… паляжу і паеду… зразумелая рэч… (Ідзе, абапіраючыся на кій. )

Медзвядзенка (вядзе яго пад руку). Ёсць загадка: раніцай на чатырох, апоўдні на дзвюх, увечары на трох…

Сорын (смяецца). Менавіта. А ўночы на спіне. Дзякую вам, я сам магу ісці…

Медзвядзенка. Ну вось, цырымоніі!..

Ён і Сорын выходзяць.

Аркадзіна. Як ён мяне напалохаў!

Трэплеў. Яму шкодна жыць у вёсцы. Нудзіцца. Вось калі б ты, мама, раптам раздобрылася і пазычыла яму тысячы паўтары-дзве, то ён мог бы пражыць у горадзе цэлы год.

Аркадзіна. У мяне няма грошай. Я актрыса, а не банкір.

Паўза.

Трэплеў. Мама, памяняй мне павязку. Ты гэта добра робіш.

Аркадзіна (дастае з чамадана ёдаформ і скрынку з перавязачным матэрыялам). А доктар спазніўся.

Трэплеў. Абяцаў быць а дзясятай, а ўжо поўдзень.

Аркадзіна. Сядай. (Здымае ў яго з галавы павязку. ) Ты як у чалме. Учора адзін прыезджы пытаўся на кухні, якой ты нацыянальнасці. А ў цябе амаль зусім зажыло. Засталіся самыя дробязі. (Цалуе яго ў галаву. ) А ты без мяне зноў не зробіш чык-чык?

Трэплеў. Не, мама. Гэта было імгненне жахлівай роспачы, калі я не мог даць сабе рады. Больш гэтага не паўторыцца. (Цалуе ёй руку. ) У цябе залатыя рукі. Памятаю, вельмі даўно, я тады быў маленькі, − у нас ў двары была бойка, моцна збілі прачку. Памятаеш? Яе паднялі непрытомную… ты ўсё хадзіла да яе, насіла лекі, мыла ў начоўках яе дзяцей. Няўжо не памятаеш?

Аркадзіна. Не. (Накладвае новую павязку. )

Трэплеў. Дзве балерыны жылі тады ў тым самым доме, дзе і мы… хадзілі да цябе каву піць…

Аркадзіна. Гэта памятаю.

Трэплеў. Багамольныя яны такія былі. Паўза. Апошнім часам, вось гэтымі днямі, я люблю цябе гэтак жа пяшчотна і самаахвярна, як у дзяцінстве. Апрача цябе, цяпер у мяне нікога не засталося. Толькі навошта, навошта ты паддаешся ўплыву гэтага чалавека?

Аркадзіна. Ты не разумееш яго, Канстанцін. Гэта высакароднейшая асоба…

Трэплеў. Аднак калі яму даклалі, што я збіраюся выклікаць яго на дуэль, высакароднасць не зашкодзіла яму ўдаць баязліўца. Ад’язджае. Ганебныя ўцёкі!

Аркадзіна. Якое глупства! Я сама прашу яго паехаць адсюль.

Трэплеў. Высакароднейшая асоба! Вось мы з табою ледзь не сварымся праз яго, а ён цяпер дзе-небудзь у гасцёўні або ў садзе смяецца з нас… развівае Ніну, імкнецца канчаткова пераканаць яе, што ён геній.

Аркадзіна. Для цябе асалода казаць мне прыкрасці. Я паважаю гэтага чалавека і прашу пры мне не казаць пра яго дрэнна.

Трэплеў. А я не паважаю. Ты хочаш, каб я таксама лічыў яго геніем, але даруй, я маніць не ўмею, ад яго твораў мне млосна.

Аркадзіна. Гэта зайздрасць. Людзям не таленавітым, але з прэтэнзіямі, нічога больш не застаецца, як ганіць сапраўдныя таленты. Нічога не скажаш, суцяшэнне!

Трэплеў (іранічна). Сапраўдныя таленты! (Раз’юшана. ) Я больш таленавіты за вас усіх, калі на тое пайшло! (Зрывае з галавы павязку. ) Вы, руцінёры, захапілі першынство ў мастацтве і лічыце законным і сапраўдным толькі тое, што робіце вы самі, а рэшту вы прыгнятаеце і душыце! Не прызнаю я вас! Не прызнаю ні цябе, ні яго!

Аркадзіна. Дэкадэнт!..

Трэплеў. Адпраўляйся ў свой мілы тэатр ды іграй там у нікчэмных, бяздарных п’есах!

Аркадзіна. Ніколі я не іграла ў такіх п’есах. Пакінь мяне! Ты і няшчаснага вадэвіля напісаць не ў стане. Кіеўскі мешчанін! Дармаед!

Трэплеў. Скнара!

Аркадзіна. Галадранец! (Трэплеў сядае і ціха плача). Нікчэмнасць! (Прайшоўшыся ў хваляванні. ) Не плач. Не трэба плакаць… (Плача. ) Не трэба… (Цалуе яго ў лоб, у шчокі, у галаву. ) Мілае маё дзіця, даруй… Даруй сваёй грэшнай маці. Даруй мне, няшчаснай.

Трэплеў (абдымае яе). Каб ты ведала! Я ўсё страціў. Яна не кахае мяне, я ўжо не магу пісаць… загінулі ўсе надзеі…

Аркадзіна. Не адчайвайся… Усё абыдзецца. Ён зараз паедзе, яна зноў цябе пакахае. (Выцірае яму слёзы. ) Даволі. Мы ўжо памірыліся.

Трэплеў (цалуе ёй рукі). Так, мама.

Аркадзіна (пяшчотна). Памірыся і з ім. Не трэба дуэлі. Не трэба ж?

Трэплеў. Добра… Толькі, мама, дазволь мне не сустракацца з ім. Мне гэта цяжка… не пад сілу… (Уваходзіць Трыгорын). Вось… Я пайду… (Хутка прыбірае ў шафу лекі. ) А павязку ўжо доктар зробіць…

Трыгорын (шукае ў кніжцы). Старонка 121… радкі 11 і 12… Вось… (Чытае. ) “Калі табе раптам спатрэбіцца маё жыццё, то прыйдзі і вазьмі яго”.

 

Трэплеў падбірае з падлогі павязку і выходзіць.

 

Аркадзіна (зірнуўшы на гадзіннік). Хутка коней пададуць.

Трыгорын (сам сабе). Калі табе раптам спатрэбіцца маё жыццё, то прыйдзі і вазьмі яго.

Аркадзіна. У цябе, спадзяюся, усё ўжо складзена?

Трыгорын (нецярпліва). Так, так… (У роздуме. ) Калі табе раптам спатрэбіцца маё жыццё, то прыйдзі і вазьмі яго. (Аркадзінай. ) Застанемся яшчэ на адзін дзень! (Аркадзіна адмоўна ківае галавой) Застанемся!

Аркадзіна. Мілы, я ведаю, што трымае цябе тут. Але май над сабою ўладу. Ты крыху захмялеў, працверазіся.

Трыгорын. Будзь жа і ты цвярозай, будзь разумнай, разважлівай, малю цябе, зірні на ўсё гэта як сапраўдны сябар… (Паціскае ёй руку. ) Ты здольная на ахвяры… Будзь маім сябрам, адпусці мяне…

Аркадзіна (моцна ўсхваляваная). Ты так захоплены?

Трыгорын. Мяне вабіць яна! Магчыма, гэта менавіта тое, што мне патрэбна.

Аркадзіна. Каханне правінцыйнай дзяўчынкі? О, як мала ты сябе ведаеш!

Трыгорын. Часам людзі спяць на хаду, так вось я размаўляю з табою, а сам нібы сплю і бачу яе ў сне… Мною авалодалі салодкія, дзівосныя мроі… Адпусці…

Аркадзіна (дрыжучы). Не, не… Я звычайная жанчына, са мною нельга размаўляць так… Не муч мяне, Барыс… Мне страшна…

Трыгорын. Калі захочаш, ты можаш быць незвычайнаю. Каханне юнае, чароўнае, паэтычнае, што вабіць у свет мрояў, − на зямлі толькі яно адно можа даць шчасце! Такога кахання я не спазнаў яшчэ… У маладосці не было калі, я абіваў парогі рэдакцый, змагаўся з галечай. Цяпер вось яно, гэтае каханне, прыйшло нарэшце, кліча… Які ж сэнс бегчы ад яго?

Аркадзіна (з гневам). Ты звар’яцеў!

Трыгорын. І няхай.

Аркадзіна. Вы ўсе змовіліся сёння мучыць мяне! (Плача. )

Трыгорын (Аркадзінай). Не разумее! Не хоча зразумець!

Аркадзіна. Няўжо я такая старая і брыдкая, што са мною можна, не саромеючыся, гаварыць пра іншых жанчын? (Абдымае яго і цалуе. ) О, ты звар’яцеў! Мой прыгожы, дзівосны… Ты апошняя старонка майго жыцця! (Кленчыць. ) Мая радасць, мой гонар, мая асалода… (Абдымае яго калені. ) Калі ты пакінеш мяне хоць на гадзіну, то я не перажыву, звар’яцею, мой чароўны, мой ненаглядны, мой уладар…

Трыгорын. Сюды могуць увайсці. (Дапамагае ёй устаць).

Аркадзіна. Няхай, я не саромеюся свайго кахання да цябе. (Цалуе яму рукі. ) Золата маё, адчайная галава, ты хочаш шаленстваў, але я не хачу, не пушчу… (Смяецца. ) Ты мой… ты мой… І гэты лоб мой, і вочы мае, і гэтыя цудоўныя шаўкавістыя валасы таксама мае… Ты ўвесь мой. Ты такі таленавіты, разумны, лепшы за ўсіх сучасных пісьменнікаў, ты адзіная надзея Расіі… У табе столькі шчырасці, прастаты, свежасці, здаровага гумару… Ты можаш адным штрыхом перадаць галоўнае, што характэрна для твару або пейзажу, людзі ў цябе як жывыя. О, цябе нельга чытаць без захаплення! Ты думаеш, гэта фіміям? Я лісліўлю? Ну, зірні мне ў вочы… зірні… Падобная я да лгунні? Вось бачыш, я адна ўмею цаніць цябе, адна кажу табе праўду, мой мілы, мой гожы… Паедзеш? Так? Ты мяне не пакінеш?...

Трыгорын. У мяне няма сваёй волі… У мяне ніколі не было сваёй волі… Млявы, друзлы, заўжды пакорлівы – няўжо гэта можа падабацца жанчыне? Бяры мяне, вязі, але толькі не адпускай ад сябе ні на крок…

Аркадзіна (Развязна, як нічога ніякага). Зрэшты, калі хочаш, можаш застацца. Я паеду сама, а ты прыедзеш потым, праз тыдзень. І праўда, куды табе спяшацца?

Трыгорын (Злосна). Не, паедзем ужо разам.

Аркадзіна. Як хочаш. Разам, дык разам… (Паўза. Трыгорын запісвае ў нататнік. ) Што ты?

Трыгорын. Раніцай пачуў добры выраз: “Дзявочы бор…” Спатрэбіцца. (Пацягваецца. ) Значыць, едзем? Зноў вагоны, станцыі, буфеты, адбіўныя катлеты, размовы…

Шамраеў (уваходзіць). Маю гонар з жалем паведаміць, што коні пададзеныя. Час ужо, шаноўная, ехаць на станцыю, цягнік прыходзіць у дзве і пяць хвілін.

 

Пакуль ён гаворыць, Якаў завіхаецца каля чамаданаў, пакаёўка прыносіць Аркадзінай капялюш, манто, парасон, пальчаткі; усе дапамагаюць Аркадзінай апрануцца. З левых дзвярэй выглядвае повар, крыху счакаўшы, нерашуча ўваходзіць. Уваходзіць Паліна Андрэеўна, потым Сорын і Медзвядзенка.

Паліна Андрэеўна (з кошычкам). Вось вам слівы на дарогу… Вельмі салодкія. Можа, захочаце паласавацца…

Аркадзіна. Вы такая ласкавая, Паліна Андрэеўна.

Паліна Андрэеўна. Бывайце, мая дарагая! Калі што было не так, то выбачайце. (Плача. )

Аркадзіна (абдымае яе). Усё было добра, усё было добра. Толькі вось плакаць не трэба.

Паліна Андрэеўна. Наш час сыходзіць!

Сорын (у паліто з палярынай, у капелюшы, з кійком, выходзіць з левых дзвярэй, праходзячы праз пакой). Сястра, час, каб не спазніцца ў рэшце рэшт. Я іду сядаць. (Выходзіць. )

Медзвядзенка. А я пайду пехам на станцыю… праводзіць. Я жыва… (Выходзіць. )

Аркадзіна. Да сустрэчы, мае дарагія… Калі будзем жывыя-здаровыя, летам зноў пабачымся… (Пакаёўка, Якаў і повар цалуюць ёй руку) Не забывайце мяне. (Падае повару рубель. ) Вось вам рубель, гэта на траіх.

Повар. Дзякуем вам за ласку, пані. Шчаслівай вам дарогі! Многа вамі задаволеныя!

Якаў. У добры час!

Шамраеў. Лістом бы ашчаслівілі! Бывайце, Барыс Аляксеевіч!

Аркадзіна. Дзе Канстанцін? Скажыце яму, што я ад’язджаю. Трэба развітацца. Ну, не ўспамінайце ліхам. (Якаву. ) Я дала рубель повару. Гэта на траіх.

Усе выходзяць направа. Сцэна пустая. За сцэнай шум, які бывае, калі кагосьці праводзяць. Пакаёўка вяртаецца, каб узяць са стала кошык са слівамі, і зноў выходзіць.

Трыгорын (вяртаючыся, ідзе і ў левых дзвярах сустракаецца з Нінай, якая выходзіць). Гэта вы? Мы ад’язджаем…

Ніна. Я адчувала, што мы яшчэ ўбачымся. (Узбуджана. ) Барыс Аляксеевіч, я вырашыла незваротна, рашэнне прынятае, я паступаю на сцэну. Заўтра мяне ўжо не будзе тут, я сыходжу ад бацькі, пакідаю ўсё, пачынаю новае жыццё… Я ад’язджаю, як і вы… у Маскву. Мы пабачымся там.

Трыгорын (азірнуўшыся). Спыніцеся ў “Славянскім базары”... Дайце мне адразу ж знаць… Малчанаўка, дом Грахольскага… Я спяшаюся… (Паўза).

Ніна. Яшчэ адну хвілінку…

Трыгорын (напаўголасу). Вы такая чароўная. О, якое шчасце думаць, што мы хутка ўбачымся! (Яна туліцца яму да грудзей). Я зноў пабачу гэтыя цудоўныя вочы, невымоўна прыгожую, пяшчотную ўсмешку… гэтыя далікатныя рысы, выраз анёльскай чысціні… Дарагая мая… (працяглы пацалунак. )

 

Заслона.

Паміж трэцяй і чацвёртай дзеяй мінае два гады.

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.