Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дзея другая



Пляцоўка для гульні ў кракет. У глыбіні направа дом з вялікай тэрасай, налева відаць возера, у якім, адбіваючыся, зіхаціць сонца. Кветнікі. Поўдзень. Спякотна. Збоку пляцоўкі, у цені старой ліпы сядзяць на лаўцы Аркадзіна, Дорн і Маша.

 

Аркадзіна (Машы). Вось устаньма. Абедзве ўстаюць. Станем побач. Вам дваццаць два, а мне амаль удвая больш. Яўген Сяргеевіч, хто з нас больш маладжавы?

Дорн. Вы, вядома.

Аркадзіна. Вось… А чаму? Таму што я працую, я адчуваю, я ўвесь час у мітусні, а вы седзіце на адным месцы, не жывяце… І ў мяне правіла: не зазіраць у будучыню. Я ніколі не думаю ні пра старасць, ні пра смерць. Што будзе, то будзе.

Маша. А ў мяне такое адчуванне, быццам я нарадзілася даўно-даўно; жыццё сваё я цягну волакам, як бясконцы шлейф… І часта не бывае ніякай ахвоты жыць. (Сядае. ) Вядома, усё гэта дробязі. Трэба схамянуцца, скінуць з сябе ўсё гэта.

Дорн (напявае ціха). “Расскажите вы ей, цветы мои…”

Аркадзіна. Да таго ж я карэктная, як англічанін. Я, мілая, трымаю сябе ў форме і заўсёды прыбраная comme il faut. Каб я дазволіла сабе выйсці з дому, вось хоць бы і ў сад, у халаце або непрычасаная? Ніколі. Таму і захавалася, што ніколі не была няхлюйкай, не распускала сябе, як некаторыя… (Узяўшыся ў бокі, праходжваецца па пляцоўцы. ) Вось вам, – як цыпачка. Хоць пятнаццацігадовую іграй.

(Ідзе Сорын, абапіраючыся на кій, і побач з ім Ніна; Медзвядзенка коціць за ім інваліднае крэсла).

Сорын (тонам, якім песцяць дзяцей). Няўжо? У нас радасць? Мы сёння вясёлыя ў рэшце рэшт? (Сястры). У нас радасць! Бацька з мачыхай з’ехалі, і мы цяпер вольныя на цэлыя тры дні.

Ніна (сядае побач з Аркадзінай і абдымае яе). Якое шчасце! Я цяпер належу вам.

Сорын (сядае ў сваё крэсла). Яна сёння прыгожанькая.

Аркадзіна. Прыбраная, цікавая… За гэта вы малайчына. (Цалуе Ніну. ) Але няможна вельмі хваліць, а то сурочым. Дзе Барыс Аляксеевіч?

Ніна. Ён у купальні рыбу ловіць.

Аркадзіна. Як яму не надакучыць! Неспакойна ў мяне на душы. Скажыце, што з маім сынам? Чаму ён такі маркотны і пануры. Ён цэлымі днямі на возеры, і я яго амаль зусім не бачу.

Маша. У яго нядобра на душы. (Ніне, нясмела. ) Прашу вас, прачытайце з яго п’есы!

Ніна (паціснуўшы плячыма). Гэта так нецікава!

Маша (стрымліваючы захапленне). Калі ён сам чытае што-небудзь, то вочы ў яго гараць і твар робіцца бледным. У яго цудоўны, журботны голас, а манеры як у паэта.

Чутно, як храпе Сорын.

 

Дорн. Дабранач!

Аркадзіна. Пятрусь!

Сорын. А?

Аркадзіна. Ты спіш?

Сорын. Ані.

Паўза.

Аркадзіна. Ты не лечышся, а гэта нядобра, брат.

Сорын. Я і рад бы лячыцца, ды вось доктар не хоча.

Дорн. Лячыцца ў шэсцьдзясят гадоў!

Сорын. І ў шэсцьдзясят гадоў жыць хочацца.

Дорн (з прыкрасцю). Э! Ну, прымайце валяр’янавыя кроплі.

Аркадзіна. Мне здаецца, яму няблага б паехаць куды-небудзь на воды.

Дорн. Што ж? Можна паехаць. Можна і не паехаць.

Аркадзіна. Вось і зразумей.

Дорн. І разумець няма чаго. Усё ясна.

Паўза.

Медзвядзенка. Пятру Мікалаевічу не шкодзіла б кінуць курыць.

Сорын. Глупства.

Дорн. Не, не глупства. Віно і тытунь абязлічваюць. Пасля цыгары або чаркі гарэлкі вы ўжо не Пётр Мікалаевіч, а Пётр Мікалаевіч плюс яшчэ нехта; у вас размываецца ваша я, і вы ўжо ставіцеся да самога сябе, як да трэцяй асобы – ён.

Сорын (смяецца). Вам добра разважаць. Вы пажылі на сваім вяку, а я? Я праслужыў па судовым ведамстве дваццаць восем гадоў, але яшчэ не жыў, нічога не зведаў, у рэшце рэшт, і, зразумелая рэч, жыць мне вельмі хочацца. Вы сыты і абыякавы, а таму вас цягне на філасофію, а я хачу жыць і таму п’ю за абедам херэс і куру цыгары, і ўсё. Вось і ўсё.

Дорн. Трэба ставіцца да жыцця сур’ёзна, а лячыцца ў шэсцьдзясят гадоў, шкадаваць, што ў маладосці мала цешыліся, гэта, даруйце, легкадумства.

Маша (устае). Снедаць час, здаецца. (Устае ляніваю, мляваю паходкай). Нагу адседзела… (Выходзіць. )

Дорн. Пойдзе і перад сняданкам два кілішкі прапусціць.

Сорын. Асабістага шчасця няма ў нябогі.

Дорн. Пустое, ягамосць.

Сорын. Вы разважаеце, як сыты чалавек.

Аркадзіна. Ах, што можа быць больш нудным за вось гэтую мілую вясковую нудоту! Горача, ціха, ніхто нічога не робіць, усе філасофствуюць… Добра з вамі, сябры, прыемна вас слухаць, але… сядзець у сябе ў нумары і вучыць ролю – куды лепей!

Ніна (з захапленнем). Я разумею вас.

Сорын. Вядома, у горадзе лепш. Сядзіш у сваім кабінеце, нікога не ўпускаюць без дакладу, тэлефон…

Дорн (напявае). “Расскажите вы ей, цветы мои…”

Уваходзіць Шамраеў, за ім Паліна Андрэеўна.

Шамраеў. Вось і нашы. Добры дзень! (Цалуе руку ў Аркадзінай, потым у Ніны. ) Надзвычайна рады бачыць вас у добрым здароўі. (Аркадзінай. ) Жонка кажа, што вы збіраецеся сёння ехаць з ёю разам у горад. Гэта праўда?

Аркадзіна. Так, збіраемся.

Шамраеў. Хм… Гэта цудоўна, але на чым жа вы паедзеце, шаноўная? Сёння ў нас возяць жыта, усе работнікі занятыя. І на якіх конях, дазвольце запытацца?

Аркадзіна. На якіх? Адкуль я ведаю – на якіх!

Сорын. У нас жа стаеннікі ёсць.

Шамраеў (хвалюючыся). Стаеннікі? А дзе я вазьму хамуты? Дзе я вазьму хамуты? Гэта неверагодна! Гэта нечувана! Шаноўная! Выбачайце, я паважаю ваш талент, гатовы аддаць за вас дзесяць гадоў жыцця, але коней я вам не магу даць!

Аркадзіна. Але калі я павінна ехаць? Дзіўная рэч!

Шамраеў. Шаноўная! Вы не ведаеце, што значыць гаспадарка!

Аркадзіна (ускіпеўшы). Гэта старая гісторыя! У такім разе я сёння ж з’язджаю. Загадайце наняць для мяне коней у вёсцы, а то я пайду на станцыю пешшу!

Шамраеў (ускіпеўшы). У такім разе я адмаўляюся ад месца! Шукайце сабе іншага аканома! (Выходзіць. )

Аркадзіна. Кожнае лета так, кожнае лета мяне тут абражаюць! Нагі маёй тут больш не будзе! (Выходзіць улева, дзе мяркуецца купальня; праз хвіліну бачна, як яна праходзіць у дом; за ёю ідзе Трыгорын з вудаю і з вядром. )

Сорын (ускіпеўшы). Гэта нахабства! Гэта чорт ведае што такое! Мне гэта надакучыла, у рэшце рэшт. Зараз жа падаць сюды ўсіх коней, і ўсё!

Ніна (Паліне Андрэеўне). Адмовіць Ірыне Мікалаеўне, вядомай артыстцы! Хіба любое жаданне яе, нават капрыз, не важнейшае за вашу гаспадарку? Проста неверагодна!

Паліна Андрэеўна (у роспачы). Што я магу? Зразумейце і маё становішча: што я магу?

Сорын (Ніне). Хадземце да сястры… Мы ўсе будзем маліць яе, каб яна не ехала. Ці не так? (Гледзячы ў кірунку, куды пайшоў Шамраеў). Невыносны чалавек! Дэспат!

Ніна (перашкаджаючы яму ўстаць). Сядзіце, сядзіце… Мы вас давязём… (Яна і Медзвядзенка коцяць крэсла). О, які жах!..

Сорын. Так, так, гэта жахліва… Але ён не звольніцца, я зараз жа пагутару з ім.

Выходзяць, застаюцца толькі Дорн і Паліна Андрэеўна.

Дорн. Людзі нудныя. Па сутнасці, варта было б вашага мужа адсюль проста ў шыю, а скончыцца тым, што гэта старая баба Пётр Мікалаевіч і ягоная сястра папросяць у яго прабачэння. Вось пабачыце!

Паліна Андрэеўна. Ён і стаеннікаў паслаў у поле. І штодня такія непаразуменні. Каб жа вы ведалі, як гэта турбуе мяне! Я занемагаю, бачыце, я дрыжу… Я не зношу яго грубасці. (Умольна. ) Яўген, дарагі, ненаглядны, вазьміце мяне да сябе… Час наш сыходзіць, мы ўжо не маладыя, і хаця б у канцы жыцця нам не хавацца, не хлусіць…

Паўза.

Дорн. Мне пяцьдзясят пяць гадоў, ужо позна мяняць сваё жыццё.

Паліна Андрэеўна. Я ведаю, вы адмаўляеце мне таму, што, апрача мяне, ёсць жанчыны, блізкія вам. Узяць усіх да сябе немагчыма. Я разумею. Даруйце, я надакучыла вам.

Ніна паказваецца каля дома, яна рве кветкі.

 

Дорн. Не, нічога.

Паліна Андрэеўна. Я пакутую ад рэўнасці. Вядома, вы доктар, вам нельга пазбягаць жанчын. Я разумею…

Дорн (Ніне, якая падыходзіць). Як там?

Ніна. Ірына Мікалаеўна плача, а ў Пятра Мікалаевіча астма.

Дорн (устае). Пайсці даць абаім валяр’янавых кропель…

Ніна (падае яму кветкі). Калі ласка!

Дорн. Merci bien. (Ідзе да дома. )

Паліна Андрэеўна (ідучы за ім). Якія міленькія кветачкі! (Каля дома, глухім голасам. ) Дайце мне гэтыя кветкі! Дайце мне гэтыя кветкі!

 

Атрымаўшы кветкі, ірве іх і адкідае ўбок. Абое ідуць у дом.

 

Ніна (адна). Як дзіўна бачыць, што вядомая артыстка плача, ды яшчэ з такой смешнай нагоды. І ці не дзіва, знакаміты пісьменнік, улюбёнец публікі, пра яго пішуць ва ўсіх газетах, партрэты яго прадаюцца, яго перакладаюць на замежныя мовы, а ён цэлымі днямі вудзіць рыбу і радуецца, што злавіў двух галаўнёў. Я думала, што вядомыя людзі ганарлівыя, непрыступныя, што яны пагарджаюць натоўпам і сваёй славай, бляскам свайго імя быццам помсцяць яму за тое, што ён вышэй за ўсё ставіць знатнасць паходжання і багацце. Але яны вось плачуць, вудзяць рыбу, гуляюць у карты, смяюцца і злуюць, як усе…

Трэплеў (уваходзіць з ружжом і з забітай чайкай). Вы адна тут?

Ніна. Адна. (Трэплеў кладзе да яе ног чайку). Што гэта значыць?

Трэплеў. Я меў подласць забіць сёння гэтую чайку. Кладу да вашых ног.

Ніна. Што з вамі? (Падымае чайку і глядзіць на яе. )

Трэплеў (пасля паўзы). Хутка гэтак сама я заб’ю самога сябе.

Ніна. Я вас не пазнаю.

Трэплеў. Так, пасля таго, як я перастаў пазнаваць вас. Вы перамяніліся да мяне, ваш погляд халодны, мая прысутнасць абцяжарвае вас.

Ніна. Апошнім часам вы зрабіліся зласлівым, выказваецеся ўсё незразумела, нейкімі сімваламі. І вось гэта чайка таксама, відаць, сімвал, але, даруйце, я не разумею… (Кладзе чайку на лаўку. ) Я занадта простая, каб разумець вас.

Трэплеў. Гэта пачалося з таго вечара, калі так недарэчна правалілася мая п’еса. Жанчыны не даруюць паразы. Я ўсё спаліў, усё да апошняга шматка. Каб вы толькі ведалі, які я нешчаслівы! Ваша абыякавасць жахлівая, неверагодная, нібы я прачнуўся і бачу вось, быццам гэтае возера раптам высахла ці сышло пад зямлю. Вы толькі што сказалі, што вы занадта простая, каб разумець мяне. О, што тут разумець?! П’еса не спадабалася, вы пагарджаеце маім натхненнем, ужо лічыце мяне пасрэдным, нікчэмным, якіх шмат… (Топнуўшы нагой. ) Як я добра гэта разумею, як разумею! У мяне ў мазгу быццам цвік, будзь ён пракляты разам з маім самалюбствам, што смокча маю кроў, як змяя… (Убачыўшы Трыгорына, які ідзе, чытаючы кніжку. ) Вось ідзе сапраўдны талент, крочыць, як Гамлет, і таксама з кніжкай. (Дражніць. ) “Словы, словы, словы…” Гэта сонца яшчэ не наблізілася да вас, а вы ўжо ўсміхаецеся, погляд ваш растаў у яго праменні. Не буду вам замінаць. (Выходзіць хутка. Уваходзіць Трыгорын. )

Трыгорын (звяртаючыся да Ніны). Курыць тытунь і п’е гарэлку… Заўжды ў чорным. Яе кахае настаўнік…

Ніна. Добры дзень, Барыс Аляксеевіч!

Трыгорын. Добры дзень. Абставіны неспадзявана склаліся так, што, здаецца, мы сёння ад’язджаем. Мы з вамі наўрад ці яшчэ ўбачымся калі-небудзь. А шкада. Мне даводзіцца не часта сустракаць маладых дзяўчат, маладых і цікавых, я ўжо забыўся і не магу сабе дакладна ўявіць, як адчуваюць сябе ў васямнаццаць-дзевятнаццаць гадоў, і таму ў мяне ў аповесцях і апавяданнях маладыя дзяўчаты звычайна фальшывыя. Я б вось хацеў хоць адну гадзіну пабыць на вашым месцы, каб даведацца, як вы думаеце і наогул што вы за штучка.

Ніна. А я хацела б пабываць на вашым месцы.

Трыгорын. Навошта?

Ніна. Каб даведацца, як пачуваецца знакаміты, таленавіты пісьменнік. Як адчуваецца вядомасць? Як вы адчуваеце тое, што вы знакаміты?

Трыгорын. Як? Ды, відаць, ніяк. Пра гэта я ніколі не думаў. (Падумаўшы. ) Нешта з двух: або вы перабольшваеце маю вядомасць, або наогул яна ніяк не адчуваецца.

Ніна. А калі чытаеце пра сябе ў газетах?

Трыгорын. Калі хваляць, прыемна, а калі ганяць, то пасля два дні адчуваеш сябе не ў гуморы.

Ніна. Дзівосны свет! Як я зайздрошчу вам, каб вы толькі ведалі! Вы адзін з мільёна – вам выпала на долю жыццё цікавае, светлае, поўнае значнасці… Вы шчаслівы…

Трыгорын. Я? (Паціскаючы плячыма. ) Хмм… Вы вось кажаце пра вядомасць, пра шчасце, пра нейкае светлае, цікавае жыццё, а для мяне ўсе гэтыя добрыя словы, даруйце, усё адно як мармелад, якога я ніколі не ем. Вы вельмі маладая і вельмі добрая.

Ніна. Ваша жыццё цудоўнае!

Трыгорын. Што ж у ім асабліва добрага? (Глядзіць на гадзіннік. ) Я мушу цяпер ісці і пісаць. Даруйце, мне няма калі… (Смяецца. ) Вы, так бы мовіць, наступілі на мой самы любімы мазоль, і вось я пачынаю нервавацца і крыху злаваць. Зрэшты, давайце гаварыць. Пагутарым пра маё цудоўнае, светлае жыццё.. Удзень і ўначы мяне змагае адна навязлівая думка: я павінен пісаць, я павінен пісаць, я павінен… Ледзьве скончыў аповесць, як ужо чамусьці павінен пісаць другую, потым трэцюю, пасля трэцяй чацвёртую… Пішу няспынна і па-іншаму не магу. Што ж тут цудоўнага і светлага, я ў вас пытаюся? Вось я з вамі, я хвалююся, а між іншым кожнае імгненне памятаю, што мяне чакае няскончаная аповесць. Бачу вось воблака, падобнае да раяля. Думаю: трэба будзе прыгадаць дзе-небудзь у апавяданні, што плыло воблака, падобнае да раяля. Пахне геліятропам. Хутчэй матаю на вус: прыкры пах, удовін колер, прыгадаць пры апісанні летняга вечара. Лаўлю сябе і вас на кожнай фразе, на кожным слове і спяшаюся замкнуць усе гэтыя фразы і словы ў сваю літаратурную камору: ану як спратрэбіцца! І так заўсёды, заўсёды, і няма мне спакою ад самога сябе, і я адчуваю, што з’ядаю ўласнае жыццё, што дзеля мёду, які я аддаю камусьці ў прастору, я абіраю пыл з лепшых сваіх красак, зрываю гэтыя краскі і тапчу іх карэнне. Хіба я не вар’ят?

Ніна. Прабачце, але хіба натхненне і сам працэс творчасці не даюць вам высокіх, шчаслівых хвілін?

Трыгорын. Так. Калі пішу, прыемна. Але… ледзьве выйшла з друку, бачу ўжо, што гэта не тое, памылка, што не варта было пісаць наогул, і мне прыкра, на душы пагана… (Смеючыся. )

Ніна. Даруйце, я адмаўляюся разумець вас. Вы проста разбэшчаны поспехам.

Трыгорын. Якім поспехам? Я ніколі не падабаўся сабе. Я не люблю сябе як пісьменніка. Я люблю вось гэтую ваду, дрэвы, неба, я адчуваю прыроду, яна абуджае ўва мне жарсць, неадольнае жаданне пісаць. Ды я не пейзажыст толькі, я ж яшчэ грамадзянін, я люблю радзіму, народ, я адчуваю, што калі я пісьменнік, то я абавязаны гаварыць пра народ, пра яго пакуты, пра правы чалавека, і я кажу пра ўсё, спяшаюся, мяне з усіх бакоў прыспешваюць, злуюцца, я кідаюся ва ўсе бакі, як ліса, зацкаваная сабакамі, бачу, што жыццё і навука рухаюцца наперад і наперад, а я ўсё адстаю ды адстаю, як мужык, што спазніўся на цягнік, і ў рэшце рэшт адчуваю, што я ўмею пісаць толькі пейзаж, а ва ўсім астатнім я фальшывы да мозгу касцей.

Ніна. Вы стаміліся, і ў вас няма часу і ахвоты ўсвядоміць сваю значнасць. Няхай вы не задаволены сабою, але для іншых вы вялікі і цудоўны! Калі б я была такім пісьменнікам, як вы, то аддала б натоўпу ўсё сваё жыццё, але ўсведамляла б, што шчасце яго толькі ў тым, каб узвышацца да мяне… Галава ідзе кругам… Уф!..

 

Голас Аркадзінай з дома: “Барыс Аляксеевіч! ”

Трыгорын. Мяне клічуць… Напэўна, трэба збірацца. А не хочацца ад’язджаць. (Азіраецца на возера. ) Бач, якое хараство!.. Цудоўна! (Выходзіць. )

Ніна. (Спыняе яго. ) Бачыце на тым беразе дом і сад?

Трыгорын. Так.

Ніна. Гэта маёнтак маёй нябожчыцы маці. Я там нарадзілася. Я ўсё жыццё правяла каля гэтага возера і ведаю на ім кожны астравок.

Трыгорын. Добра ў вас тут! (Заўважыўшы чайку. ) А гэта што?

Ніна. Чайка. Канстанцін Гаўрылавіч застрэліў.

Трыгорын. Прыгожая птушка. Праўда, не хочацца ад’язджаць. Вось намоўце-ка Ірыну Мікалаеўну, каб яна засталася. (Запісвае ў нататнік. )

Ніна. Што гэта вы пішаце?

Трыгорын. Так, запісваю… Сюжэт мільгануў… (Хавае нататнік. ) Сюжэт для невялікага апавядання: на беразе возера з маленства жыве маладая дзяўчына, такая, як вы: любіць возера, як чайка, і шчаслівая, і вольная, як чайка. Але выпадкова прыйшоў чалавек, убачыў і ад няма чаго рабіць загубіў яе, як вось гэтую чайку.

 

Паўза. У акне з’яўляецца Аркадзіна.

Аркадзіна. Барыс Аляксеевіч, дзе вы?

Трыгорын. Зараз! (Ідзе і азіраецца на Ніну; каля акна, Аркадзінай. ) Што?

Аркадзіна. Мы застаёмся.

Трыгорын заходзіць у дом.

Ніна. (Падыходзіць да рампы, пасля пэўнага роздуму. ) Сон!

Заслона



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.