Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





А. П. ЧЭХАЎ. Дзейныя асобы. Повар. Пакаёўка.. Дзея першая



А. П. ЧЭХАЎ

ЧАЙКА

Дзейныя асобы

Ірына Мікалаеўна Аркадзіна – па мужу Трэплева, актрыса.

Канстанцін Гаўрылавіч Трэплеў – яе сын, малады чалавек.

Пётр Мікалаевіч Сорын – яе брат.

Ніна Міхайлаўна Зарэчная – маладая дзяўчына, дачка заможнага памешчыка.

Ілья Апанасавіч Шамраеў – паручнік у адстаўцы, аканом у Сорына.

Паліна Андрэеўна – яго жонка.

Маша – іх дачка.

Барыс Аляксеевіч Трыгорын – белетрыст.

Яўген Сяргеевіч Дорн – доктар.

Сямён Сямёнавіч Медзвядзенка – настаўнік.

Якаў – работнік.

Повар. Пакаёўка.

 

Дзеянне адбываецца ў маёнтку Сорына. – Паміж трэцяй і чацвёртай дзеяй мінае два гады.

Дзея першая

Частка парку ў маёнтку Сорына. Шырокая алея, што вядзе ў кірунку ад гледачоў у глыб парку да возера, загароджана эстрадай, наспех збітай для дамашняга спектакля, так што возера зусім не відаць. Злева і справа пры эстрадзе кустоўе. Некалькі крэслаў, столік.

Толькі што зайшло сонца. На эстрадзе за апушчанай заслонай Якаў і іншыя работнікі, чуваць кашаль і грукат. Маша і Медзвядзенка ідуць злева, вяртаючыся са шпацыру.

Медзвядзенка. Чаму вы заўжды ходзіце ў чорным?

Маша. Гэта жалоба па маім жыцці. Я няшчасная.

Медзвядзенка. Чаму? (У роздуме. ) Не разумею… Вы здаровая, бацька ваш хоць і не багаты, ды заможны. Мне жывецца значна цяжэй, чым вам. Я атрымліваю ўсяго дваццаць тры рублі на месяц, а ўсё ж я не нашу жалобы. (Сядаюць. )

Маша. Справа не ў грашах. І бядняк можа быць шчаслівым.

Медзвядзенка. Гэта ў тэорыі, а на практыцы выходзіць так: я, ды маці, ды дзве сястры і брацік, а прыбытку ўсяго дваццаць тры рублі. А есці і піць трэба? Гарбаты і цукру трэба? Тытуню трэба? Вось тут і круціся.

Маша (азіраючыся на эстраду). Хутка пачнецца спектакль.

Медзвядзенка. Так. Іграць будзе Зарэчная, п'еса сачынення Канстанціна Гаўрылавіча. Яны закаханыя адно ў аднаго, і сёння іх душы зліюцца ў імкненні даць адзін і той жа мастацкі вобраз. А ў маёй душы і ў вашай няма агульных кропак судакранання. Я кахаю вас, не магу ад тугі сядзець дома, кожны дзень хаджу пехам шэсць вёрстаў сюды і шэсць назад і сустракаю адзін толькі індыферэнтызм з вашага боку. Гэта зразумела. Я без сродкаў, сям'я ў мяне вялікая… Якая ахвота выходзіць за чалавека, калі яму самому няма чаго есці?

Маша. Глупства (закурвае). Ваша каханне кранае мяне, але я не магу адказваць узаемнасцю, вось і ўсё. (Працягвае яму партсігар. ) Частуйцеся.

Медзвядзенка. Не хочацца.

Паўза.

Маша. Душна, пэўна, уночы будзе навальніца. Вы ўсё філасофствуеце ці гаворыце пра грошы. Па-вашаму, няма большага няшчасця за беднасць, а па-мойму, у тысячу разоў лягчэй хадзіць у лахманах і жабраваць, чым… Зрэшты, вам гэтага не зразумець.

… Уваходзяць Сорын і Трэплеў.

Сорын (абапіраючыся на кій). Мне, брат, у вёсцы неяк ніякавата, і, зразумела, ніколі я тут не прывыкну. Учора лёг а дзясятай і сёння раніцай прачнуўся а дзявятай з такім адчуваннем, быццам ад доўгага спання ў мяне мозг прыліп да чэрапа і ўсё такое. (Смяецца. ) А па абедзе я незнарок зноў заснуў, і цяпер я ўвесь разбіты, адчуваю кашмар, у рэшце рэшт…

Трэплеў. Сапраўды, табе трэба жыць у горадзе. (Пабачыўшы Машу і Медзвядзенку. ) Панове, калі пачнецца, вас паклічуць, а цяпер нельга тут. Сыходзьце, калі ласка.

Сорын (Машы). Мар’я Ільінічна, зрабіце ласку, папрасіце вашага papá , каб ён распарадзіўся адвязаць сабаку, бо той вые. Сястра зноўку ўсю ноч не спала.

Маша. Гаварыце з маім бацькам самі, а я не стану. Збаўце, калі ласка. (Медзвядзенку). Хадземце!

Трэплеў (акідваючы позіркам эстраду). Вось табе і тэатр. Заслона, пасля першая куліса, пасля другая і, урэшце, пустая прастора. Дэкарацый ніякіх. Адкрываецца від на возера і на далягляд. Падымем заслону роўна а палове на дзявятую, калі ўзыдзе месяц.

Сорын. Цудоўна.

Трэплеў. Калі Зарэчная спозніцца, то, вядома, знікне ўвесь эфект. Самы час ужо ёй быць. Бацька і мачыха вартуюць яе, і вырвацца ёй з дому гэтак жа цяжка, як з турмы. (Папраўляе дзядзьку гальштук. ) Галава і барада ў цябе ўскалмачаныя. Варта б было пастрыгчыся, ці што…

Сорын (расчэсваючы бараду). Трагедыя майго жыцця. У мяне і ў маладосці быў такі выгляд, быццам я запоем піў – і ўсё. Мяне ніколі не кахалі жанчыны. (Сядаючы. ) Чаму сястра не ў гуморы?

Трэплеў. Чаму? Сумуе. (Сядаючы побач. ) Раўнуе. Яна ўжо і супраць мяне, і супраць спектакля, і супраць маёй п’есы, таму што не яна іграе, а Зарэчная. Яна не ведае маёй п’есы, але ўжо ненавідзіць яе.

Сорын (смяецца). Выдумаеш, далібог…

Трэплеў. Ёй ужо прыкра, што вось на гэтай маленькай сцэне будзе мець поспех Зарэчная, а не яна. (Зірнуўшы на гадзіннік. ) Псіхалагічны кур’ёз – мая маці. Бясспрэчна таленавітая, разумная, здольная рыдаць над кніжкай, хворых даглядае, як анёл, але паспрабуй пахваліць пры ёй Дузэ! Ого-го! Трэба хваліць толькі яе адну, трэба пісаць пра яе, крычаць, захапляцца яе чароўнай ігрой, але паколькі тут, у вёсцы, няма гэтага дурману, то вось яна сумуе і злуецца, і ўсе мы – яе ворагі, усе мы вінаватыя. Яна скнара. У яе ў Адэсе ў банку семдзесят тысяч – гэта я напэўна ведаю. А паспрабуй у яе пазычыць − яна пачне плакаць.

Сорын. Супакойся, маці цябе багоміць.

Трэплеў (абрываючы ў кветкі пялёсткі). Ёй хочацца жыць, любіць, насіць светлыя кофтачкі, а мне ўжо дваццаць пяць гадоў, і я ўвесь час нагадваю ёй, што яна ўжо не маладая. Калі мяне няма, ёй толькі трыццаць два, пры мне ж − сорак тры, і таму яна мяне ненавідзіць. Да таго ж яна ведае, што я не прызнаю тэатра. Яна любіць тэатр, ёй здаецца, што яна служыць чалавецтву, святому мастацтву, а па-мойму, сучасны тэатр – гэта руціна, нафталін (перажытак).

Сорын. Без тэатра нельга.

Трэплеў. Патрэбныя новыя формы. Новыя формы патрэбныя, а калі іх няма, то лепей нічога не трэба. (Глядзіць на гадзіннік. ) Я люблю маці, вельмі люблю, але яна вядзе бязглуздае жыццё, вечна носіцца з гэтым белетрыстам, імя яе пастаянна бэсцяць у газетах – і гэта мяне стамляе. Часамі ж проста ўва мне гаворыць эгаізм звычайнага смяротнага, бывае шкада, што ў мяне маці − вядомая актрыса, і, здаецца, будзь яна звычайнай жанчынай − я быў бы куды больш шчаслівым (прыслухоўваецца). Я чую крокі… (Абдымаючы дзядзьку. ) Я без яе жыць не магу… Нават гук яе крокаў цудоўны… Я шчаслівы шалёна (утрапёна). (Хутка ідзе насустрач Ніне Зарэчнай, якая ўваходзіць. )

Ніна (усхвалявана). Я не спазнілася… Вядома, я не спазнілася…

Трэплеў (цалуючы яе рукі). Не, не, не…

Ніна. Увесь дзень я непакоілася, мне было так страшна! Я баялася, што бацька не пусціць мяне…Але ён цяпер паехаў з мачыхай. Чырвонае неба, ужо пачынае ўзыходзіць месяц. (Смяецца. Моцна паціскае руку Сорына. )

Сорын (смяецца). Вочкі, здаецца, заплаканыя… Э-ге-ге! Нядобра!

Ніна. Праз паўгадзіны я паеду, трэба спяшацца. Нельга, нельга, богам прашу, не ўтрымлівайце. Бацька не ведае, што я тут.

Трэплеў. І праўда, самы час пачынаць. Трэба ісці клікаць усіх.

Сорын. Я схаджу, і ўсё. Зараз жа. (Ідзе направа і спявае. ) “Во Францию два гренадера…” (Азіраецца. ). Раз так жа вось я заспяваў, а адзін таварыш пракурора і кажа мне: “А ў вас, Пётр Мікалаевіч, голас моцны…” Пасля падумаў і дадаў: “Але… агідны”. (Смяецца і выходзіць. )

Ніна. Бацька і яго жонка не пускаюць мяне сюды. Кажуць, што тут багема… баяцца, каб я не пайшла ў актрысы... А мяне цягне сюды, да возера, як чайку… Маё сэрца поўніцца вамі. (Азіраецца. )

Трэплеў. Мы адны.

Ніна. Здаецца, нехта там…

Трэплеў. Нікога.

Пацалунак.

Ніна. Гэта якое дрэва?

Трэплеў. Вяз.

Ніна. Чаму яно такое цёмнае?

Трэплеў. Ужо вечар, цямнеюць усе прадметы. Не ад’язджайце рана, малю вас.

Ніна. Нельга.

Трэплеў. А калі я паеду да вас, Ніна? Я ўсю ноч буду стаяць у садзе і глядзець на ваша акно.

Ніна. Нельга, вас заўважыць вартаўнік.

Трэплеў. Я кахаю вас.

Ніна. Тсс…

Трэплеў. Вы хвалюецеся?..

Ніна. Так, вельмі. Ваша мама – нічога, яе я не баюся, але ў вас Трыгорын… Іграць пры ім мне страшна і сорамна… Вядомы пісьменнік… Ён малады?

Трэплеў. Так.

Ніна. Якія ў яго цудоўныя апавяданні!

Трэплеў (холадна). Не ведаю, не чытаў.

Ніна. У вашай п'есе цяжка іграць. У ёй няма жывых людзей.

Трэплеў. Жывыя людзі! Трэба паказваць жыццё не такім, якое яно ёсць, і не такім, якім павінна быць, а такім, якім яно ўяўляецца ў марах.

Ніна. У вашай п'есе мала дзеяння, адна толькі чытка. І ў п'есе, па-мойму, абавязкова павінна быць каханне…

Абое сыходзяць за эстраду. Уваходзяць Паліна Андрэеўна і Дорн.

Паліна Андрэеўна (нясе ў руках галёшы). Становіцца сыра. Абуйце галёшы.

Дорн. Мне горача.

Паліна Андрэеўна. Вы не беражаце сябе. Гэта ўпартасць. Вы – доктар і цудоўна ведаеце, што вам шкодна сырое паветра, але вам хочацца, каб я пакутавала; вы знарок праседзелі ўчора ўвесь вечар на тэрасе…

Дорн (напявае). “Не говори, что молодость сгубила”.

Паліна Андрэеўна. Вы так захапіліся размовай з Ірынай Мікалаеўнай… вы не заўважалі холаду. Прызнайцеся, яна вам падабаецца…

Дорн. Мне пяцьдзясят пяць гадоў.

Паліна Андрэеўна. Глупства, для мужчыны гэта не старасць. Вы цудоўна захаваліся і яшчэ падабаецеся жанчынам.

Дорн. Дык чаго ж вы хочаце?

Паліна Андрэеўна. Перад актрысай вы ўсе гатовы падаць ніцма. Усе!

Дорн (напявае). “Я вновь перед тобою…”

Паліна Андрэееўна. Жанчыны заўсёды захапляліся вамі і вешаліся на шыю.

Дорн (паціснуўшы плячыма). Што ж? У адносінах жанчын да мяне было шмат добрага. Ува мне любілі галоўным чынам выдатнага ўрача. Гадоў дзесяць-пятнаццаць таму, вы памятаеце, на ўсю ваколіцу я быў адзіным прыстойным акушэрам. І пасля я заўсёды быў сумленным чалавекам.

Паліна Андрэеўна (хапае яго за руку). Дарагі мой!

Дорн. Цішэй. Ідуць.

Уваходзяць Аркадзіна пад руку з Сорыным, Трыгорын, Шамраеў, Медзвядзенка і Маша.

Трэплеў выходзіць з-за эстрады.

Аркадзіна (сыну). Мой мілы сын, калі ж пачатак?

Трэплеў. Праз хвіліну. Прашу цярпення.

Аркадзіна (чытае з Гамлета). “Даволі! Ты вочы павярнуў мне ў нутро: набралася там столькі чорных плям, што іх не вынесці! ”

Трэплеў (з Гамлета). “Не тое кажаш; жыць у гнаі, у тухліне, на пасцелі, і лашчыцца, і цешыцца любоўю ў хляве на кучы”.

За эстрадай звоняць у званочак.

 

Панове! Прашу ўвагі!

Паўза.

Я пачынаю. (Стукае палачкай і гаворыць гучна. ) О вы, шаноўныя, старыя цені, якія віруеце начной парою над гэтым возерам, усыпіце нас, няхай прысніцца нам усё тое, што будзе праз дзвесце тысяч год!

Сорын. Праз дзвесце тысяч год нічога не будзе.

Трэплеў. Дык вось няхай пакажуць нам гэтае нішто.

Аркадзіна. Няхай. Мы спім.

Падымаецца заслона; адкрываецца від на возера, месяц на небасхіле, адбітак яго ў вадзе; на вялікім камені сядзіць Ніна Зарэчная, уся ў белым.

Ніна. Людзі, ільвы, арлы і курапаткі, рагатыя алені, гусі, павукі, маўклівыя рыбы, што жылі ў вадзе, марскія зоркі, і тыя, каго нельга было ўбачыць вокам, ‒ словам, усе жыцці, усе жыцці, зрабіўшы маркотнае кола, згаслі… Ужо тысячы стагоддзяў, як зямля не носіць на сабе ніводнае істоты, і гэты бедны месяц марна запальвае сваю паходню. На лузе ўжо не абуджаюцца з крыкам журавы, і хрушчоў не бывае чуваць у ліпавых гаях. Холадна, холадна, холадна. Пуста, пуста, пуста. Страшна, страшна, страшна. Паўза.

Целы жывых істот зніклі ў праху, і вечная матэрыя ператварыла іх у камяні, у ваду, у аблокі, а душы іх усіх з'ядналіся ў адну. Адна сусветная душа – гэта я… я… Ува мне душа і Аляксандра Вялікага, і Цэзара, і Шэкспіра, і Напалеона, і апошняй п'яўкі. Ува мне свядомасці людзей зліліся з інстынктамі жывёл, і я памятаю ўсё, усё, усё, і кожнае жыццё ў сабе самой я пражываю зноў.

З'яўляюцца балотныя агні.

Аркадзіна (ціха). Гэта нешта дэкадэнцкае.

Трэплеў (умольна і з дакорам). Мама!

Ніна. Я самотная. Раз у сто год я размыкаю вусны, каб гаварыць, і голас мой гучыць у пустаце паныла, і ніхто не чуе… І вы, цьмяныя агні, не чуеце мяне… Пад раніцу вас нараджае гнілое балота, і вы блукаеце да золку, але без думкі, без волі, без трымцення жыцця. Баючыся, каб у вас жыццё не ўзнікла, айцец вечнай матэрыі, д'ябал, кожнае імгненне ў вас, як у каменні і ў вадзе, праводзіць абмен атамаў, і вы змяняецеся безупынна. У сусвеце застаецца пастаянным і нязменным адзін толькі дух. Паўза. Як вязень, кінуты ў пусты глыбокі калодзеж, я не ведаю, дзе я і што мяне чакае. Ад мяне не схавана адно, што ва ўпартым, жорсткім змаганні з д'яблам, пачаткам матэрыяльных сіл, мне суджана перамагчы, і пасля таго матэрыя і дух зліюцца ў гармоніі цудоўнай і надыдзе царства сусветнай волі. Але гэта будзе толькі, калі паволі, праз доўгі, доўгі шэраг тысячагоддзяў, і месяц, і светлы Сірыус, і зямля абернуцца ў пыл. А датуль − жах, жах, жах…

(Паўза, на фоне возера паказваюцца дзве чырвоныя кропкі).

Вось набліжаецца мой магутны праціўнік, д'ябал. Я бачу яго страшныя, барвовыя вочы…

Аркадзіна. Серай пахне. Гэта так трэба?

Трэплеў. Так.

Аркадзіна (смяецца). Так… гэта эфект.

Трэплеў. Мама!

Ніна. Яна сумуе без чалавека…

Паліна Андрэеўна (Дорну). Вы знялі капялюш. Надзеньце, а то застудзіцеся.

Аркадзіна. Гэта доктар зняў капялюш перад д'яблам, айцом вечнай матэрыі.

Трэплеў (ускіпеўшы, гучна). П'еса скончаная! Даволі! Заслона!

Аркадзіна. Што ж ты злуешся?

Трэплеў. Даволі! Заслона! Давай заслону! (Тупнуўшы нагой. ) Заслону!

Заслона апускаецца.

 

Даруйце! Я выпусціў з-пад увагі, што пісаць п’есы ды іграць на сцэне могуць толькі нямногія абраныя. Я парушыў манаполію! Мне… я… (Хоча яшчэ штосьці сказаць. Але махае рукой і выходзіць улева. )

Аркадзіна. Што з ім?

Сорын. Ірына, ну нельга ж так, матухна, абыходзіцца з маладым самалюбствам.

Аркадзіна. Што ж я яму сказала?

Сорын. Ты яго пакрыўдзіла.

Аркадзіна. Ён сам папярэджваў, што гэта жарт, і я ставілася да яго п’есы, як да жарту.

Сорын. Усё ж такі…

Аркадзіна. Цяпер выходзіць, што ён напісаў вялікі твор! Скажыце, калі ласка! Значыць, зладзіў ён гэты спектакль і надушыў сераю не дзеля жарту, а для дэманстрацыі… Яму хацелася павучыць нас, як трэба пісаць і што трэба іграць. Урэшце, гэта робіцца нудным. Капрызны, самазакаханы хлопчык.

Сорын. Ён хацеў зрабіць табе прыемнасць.

Аркадзіна. Няўжо? Аднак жа ён чамусьці не выбраў якой-небудзь звычайнай п’есы, а прымусіў нас праслухаць гэтую дэкадэнцкую лухту. Дзеля жарту я гатовая слухаць і лухту, але тут жа прэтэнзіі на новыя формы, на новую эру ў мастацтве. А па-мойму, ніякіх новых формаў няма, а проста невыносны характар.

Трыгорын. Кожны піша так, як хоча і як можа.

Аркадзіна. Няхай ён піша, як хоча і як можа, толькі няхай пакіне мяне ў спакоі.

Дорн. Юпітэр, ты злуешся…

Аркадзіна. Я не Юпітэр, я жанчына. (Закурвае. ) Я не злуюся, мне толькі прыкра, што малады чалавек так сумна бавіць час. Я не хацела яго пакрыўдзіць.

Медзвядзенка. Ніхто не мае падставы аддзяляць дух ад матэрыі, таму што, магчыма, сам дух ёсць сукупнасць матэрыяльных атамаў. (Жыва, Трыгорыну. ) А вось, ведаеце, апісаць бы ў п’есе і потым сыграць на сцэне, як жывецца нашаму брату – настаўніку. Цяжка, цяжка жывецца!

Аркадзіна. Гэта справядліва, але не будзем гаварыць пра п’есы ды пра атамы. Вечар такі цудоўны. Чуеце, панове, спяваюць?

(Прыслухоўваецца. ) Як добра!

Паліна Андрэеўна. Гэта на тым беразе.

Паўза.

Аркадзіна (Трыгорыну). Прысядзьце побач са мной. Гадоў дзесяць-пятнаццаць таму тут, на возеры, музыка і спевы чуліся няспынна ледзьве не кожную ноч. Тут на беразе шэсць маёнткаў. Памятаю, смех, шум, стрэлы, і ўсё раманы, раманы… Jeune premier’ом і кумірам усіх гэтых шасці маёнткаў быў тады вось, рэкамендую (ківае на Дорна), доктар Яўген Сяргеевіч. Ён і цяпер прывабны, а тады быў проста непараўнальны. Аднак мяне пачынае грызці сумленне. За што я пакрыўдзіла свайго беднага хлопчыка? Мне трывожна. (Гучна. ) Косця! Сын! Косця!

Маша. Я пайду пашукаю яго.

Аркадзіна. Зрабіце ласку, мілая.

Маша (ідзе ўлева). Ауу! Канстанцін Гаўрылавіч!.. Ауу! (Выходзіць. )

Ніна (з’яўляючыся з-за эстрады). Відаць, працягу не будзе, мне можна выйсці. Добры вечар! (Цалуецца з Аркадзінай і Палінай Андрэеўнай. )

Сорын. Брава! Брава!

Аркадзіна. Брава! Брава! Мы любаваліся. З такою знешнасцю, з такім цудоўным голасам нельга, грэх сядзець у вёсцы. У вас мусіць быць талент. Чуеце? Вы павінны паступіць на сцэну!

Ніна. О, гэта мая мара! (Уздыхнуўшы. )Але яна ніколі не спраўдзіцца.

Аркадзіна. Хто ведае? Вось дазвольце вам прадставіць: Трыгорын Барыс Аляксеевіч.

Ніна. Ах, я так рада… (Засаромеўшыся. ) Я заўжды вас чытаю…

Аркадзіна (усаджваючы яе побач). Не саромцеся, мілая. Ён знакамітасць, але ў яго простая душа. Бачыце, ён сам збянтэжыўся.

Дорн. Мяркую, цяпер можна падняць заслону, а то жудасна.

 

Заслона падымаецца.

Ніна (Трыгорыну). Праўда, дзіўная п’еса, не?

Трыгорын. Я нічога не зразумеў. Зрэшты, глядзеў з задавальненнем. Вы так шчыра ігралі. І дэкарацыя была прыгожая. (Паўза. ) Напэўна, у гэтым возеры шмат рыбы?

Ніна. Так.

Трыгорын. Я люблю вудзіць рыбу. Для мяне няма большай асалоды, як сядзець пад вечар на беразе і глядзець на паплавок.

Ніна. Але, я думаю, хто зведаў асалоду творчасці, для таго ўжо ўсіх іншых асалодаў не існуе.

Аркадзіна (смеючыся). Не кажыце так. Калі яму кажуць добрыя словы, то ён губляецца.

Паўза.

Дорн. Ціхі анёл праляцеў.

Ніна. А мне час ісці. Бывайце.

Аркадзіна. Куды? Куды так рана? Мы вас не пусцім.

Ніна. Мяне чакае тата.

Аркадзіна. Які ён, далібог… (Цалуюцца). Ну, што паробіш. Шкада, шкада вас адпускаць.

Ніна. Каб вы ведалі, як мне цяжка ад’язджаць!

Аркадзіна. Каб вас праводзіў хто-небудзь, мая любачка.

Ніна (напалохана). О не, не!

Сорын (ёй, умольна). Застаньцеся!

Ніна. Не магу, Пётр Мікалаевіч.

Сорын. Застаньцеся на адну гадзінку, і ўсё. Ну, што, далібог…

Ніна (падумаўшы, скрозь слёзы). Нельга! (Паціскае яму руку і хутка выходзіць. )

Аркадзіна. Беднае дзяўчо, па сутнасці. Кажуць, яе нябожчыца маці пакінула мужу ўсё сваё незлічонае багацце, усё да капейкі, і цяпер гэтая дзяўчынка засталася ні з чым, бо бацька ўжо адпісаў усё сваёй другой жонцы. Гэта гідка.

Дорн. Так, яе татачкадобрая такі скаціна, варта аддаць яму належнае.

Сорын (паціраючы акалелыя рукі). Хадземце, панове, і мы, а то робіцца сыра. Мне ногі баляць.

Аркадзіна. Яны ў цябе, як драўляныя, ледзьве ходзяць. Ну, хадзем, стары гаротнік. (Бярэ яго пад руку. )

Шамраеў (падаючы руку жонцы). Мадам?

Сорын. Я чую, зноў вые сабака. (Шамраеву. ) Зрабіце ласку, Ілья Апанасавіч, загадайце яго спусціць.

Шамраеў. Нельга, Пётр Мікалаевіч, баюся, каб злодзеі ў свіран не ўбіліся. Там у мяне проса.

 

Усе выходзяць, апрача Дорна.

Дорн (адзін). Не ведаю, магчыма, я нічога не разумею ці з’ехаў з глузду, але п’еса мне спадабалася. У ёй штосьці ёсць. Калі гэтае дзяўчо казала пра самоту і потым, калі з’явіліся чырвоныя вочы д’ябла. У мяне ад хвалявання дрыжалі рукі.

Трэплеў (уваходзіць). Ужо няма нікога.

Дорн. Я тут. Канстанцін Гаўрылавіч, мне ваша п’еса надзвычайна спадабалася. Дзіўная яна нейкая, і канца я не чуў, і ўсё-такі ўражанне моцнае. Вы таленавіты чалавек, вам трэба працягваць.

(Трэплеў моцна паціскае яму руку і парывіста абдымае).

Ух, які знерваваны. Слёзы на вачах… Я што хачу сказаць? Вы ўзялі сюжэт са сферы абстрактных ідэй. Так і трэба, таму што мастацкі твор абавязкова павінен выказваць якую-небудзь вялікую думку. Толькі тое цудоўнае, што сур’ёзнае. Які вы бледны!

Трэплеў. Дык вы кажаце – працягваць?

Дорн. Так… Але апісвайце толькі істотнае і вечнае. Вы ведаеце, я пражыў сваё жыццё разнастайна і з густам, я задаволены, але калі б мне давялося зведаць уздым духу, які бывае ў мастакоў у часе творчасці, то, мне здаецца, я пагарджаў бы сваёй матэрыяльнай абалонкай і ўсім, што гэтай абалонцы ўласціва, ды імкнуў бы ад зямлі падалей у вышыню.

Трэплеў. Даруйце, дзе Зарэчная?

Дорн. І вось яшчэ што. У творы мусіць быць ясная, канкрэтная думка. Вы павінны ведаць, дзеля чаго пішаце, іначай, калі вы пойдзеце па гэтым маляўнічым шляху без вызначанай мэты, то заблукаеце, і ваш талент знішчыць вас.

Трэплеў (нецярпліва). Дзе Зарэчная?

Дорн. Яна паехала дадому.

Трэплеў (у роспачы). Што мне рабіць? Я хачу яе бачыць… Мне неабходна яе бачыць…

Маша ўваходзіць.

Дорн (Трэплеву). Супакойцеся, mon ami.

Трэплеў. І ўсё-такі я паеду. Я павінен паехаць.

Маша. Ідзіце, Канстанцін Гаўрылавіч, у дом. Вас чакае ваша мама.

Трэплеў. Скажыце ёй, што я паехаў. І прашу вас усіх, пакіньце мяне ў спакоі! Пакіньце! Не хадзіце за мной!

Дорн. Ну, ну, ну, мілы... нельга так… Нядобра.

Трэплеў (скрозь слёзы). Бывайце, доктар. Дзякую… (Выходзіць).

Дорн (уздыхнуўшы). Эх, маладосць, маладосць.

Маша. Калі няма чаго болей сказаць, то кажуць: маладосць, маладосць… (Закурвае цыгарэту. )

Дорн (бярэ ў яе цыгарэту і кідае ў вядро з вадой). Гэта гідка!

Паўза. У доме, здаецца, гуляюць. Трэба ісці.

Маша. Пачакайце.

Дорн. Што?

Маша. Я яшчэ раз хачу вам сказаць. Мне хочацца гаварыць… (Хвалюючыся. ) Я не люблю свайго бацьку… але да вас горнецца маё сэрца. Чамусьці я ўсёй душой адчуваю, што вы мне блізкі… Дапамажыце ж мне. Дапамажыце, а то я зраблю глупства, я насмяюся са свайго жыцця, знявечу яго… Не магу больш…

Дорн. Што? У чым дапамагчы?

Маша. Я пакутую. Ніхто, ніхто не ведае маіх пакутаў! (Кладзе яму галаву на грудзі, ціха. ) Я кахаю Канстанціна.

Дорн. Якія ўсе знерваваныя! Якія ўсе знерваваныя. І колькі кахання… О, чарадзейнае возера! (Пяшчотна. ) Ну, што ж я магу зрабіць, дзіця маё? Што? Што?

 

Заслона

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.