|
|||
Князь – гэта нуль, сам сабою – нішто. Ды як лічбыКнязь – гэта нуль, сам сабою – нішто. Ды як лічбы Побач адвольна паставіць, значыць ён шмат.
Як тыя сеткі, гіпотэзы: як не паставіш, не зловіш... Ці ж без гіпотэз Амерыку нехта адкрыў бы? Слава гіпотэзе: толькі яна застаецца заўсёды Новаю – хоць бы й сябе перамагла самую.
Ці ж неразумна шукаць нам хаўруснікаў на начаванне? Значыць, і той не дурны, любіць нябожчыкаў хто.
Шчаснае спадзяванне Quintus’a
Пятым я нарадзіўся, спазнаў пакуты, жабрацтва. Радасна паміраю: трэці сканаў раней.
[Сябе самога спазнай] [Kenne dich selbst]
Ёсць адно, што здаўна шукалася чалавекам; І паўсюль – то ў вышыні ці то ў глыбінях зямлі – Ён пад імёнамі рознымі – марна – схавацца імкнуўся; Ён адчуваў заўжды гэта, толькі не спасцігаў. Некалі нехта з’явіўся: дзецям у міфах прыязных Шлях да таемнага схову-замку ён апісаў. Ды мала хто зразумеў адгадкі сэнс шыфраваны Люду наогул няшмат бачыла мэту сваю. Часу шмат уцякло, бо памылкі чуццё абвастраюць – Што нам і міфы ўжо праўду не хочуць сказаць. Шчасны, хто стаў мудрацом і ламаць галаву не мусіць, Хто ўжо арэх раскусіў вечнае мудрасці той... Толькі разумны – ў адэптах сапраўдных: ён пераўтварае Ў золата ўсё і ў жыццё – без цуда-сродкаў зусім. Пá ра ў свяшчэннай колбе – дух царскі; а вось – Фэбаў храм... І ўрэшце кеміць ён: Сябе самога спазнай.
пераклад з нямецкай – Лявон Баршчэўскі
Пераклад зроблены з выдання: Novalis. Werke in einem Band. – Berlin und Weimar: Aufbau-Verlag, 1983.
© Лявон Баршчэўскі, пераклад, 2010
|
|||
|