![]()
|
|||
Пакаранне Васіла Леўскага. РазвітаннеПакаранне Васіла Леўскага (Обесването на Васил Левски)
О, маці любая, маці-радзіма, чаму ты плачаш гаротна, слёзна? А ты, крумкач, над чыёй магілай, пракляты птах, гэтак крачаш грозна?
Ах, знаю, знаю – ты плачаш, маці, што цяжка ў няволі табе – рабыні: твой крык святы аб ратунку, маці, бездапаможны, нібы ў пустыні.
Плач, Балгарыя! Ускрай Сафіі бачыў я вісельні прывід чорны: пад перакладзінай страшным цяжарам вісіць, о маці, твой сын непакорны!
Крумкач злавесна каркае дзесьці, выюць ваўкі і сабакі ў полі, галосяць жанчыны, румзаюць дзеці, старцы паклоны б’юць на багамоллі.
Вецер ганяе ў разлогах церні, віхуры злосную песню спяваюць, мароз, і сцюжа, і плач безнадзейны тугу на сэрца тваё навяваюць.
пераклад з балгарскай – Ніл Гілевіч
Развітанне (На прощаване)
Не тужы, маці, і не плач, што я гайдуком зрабіўся, гайдуком, маці, паўстанцам, што ў горы цябе пакінуў, у жальбе па першым сыне. Не кляні мяне, а кляні турэцкую погань-нечысць, што нас, маладых, пагнала ад роднай зямлі ў чужбіну, дзе мы горш бадзяг бяздомных, няпрошаных, нежаданых! Я знаю, маці, ты плачаш, што сын твой можа загінуць – ах, заўтра, калі пяройдзем мы ціхі Дунай блакітны! Ды што я, скажы, рабіцьму, калі ты мяне радзіла з мужчынскім сэрцам гарачым, і сэрца, маці, не можа глядзець, як шалее турак на бацькаўшчыне любімай: там, дзе мяне ты колісь з грудзей малаком карміла; там, дзе маё каханне чорныя вочы ўздымала і з ціхай усмешкай сумнай у сэрца маё глядзела; там, дзе браты і бацька з думак па мне чарнеюць!.. Ах, мама – маці юнá ка!.. Даруй мне – і будзь здарова! Я ўзяў на плячо ўжо стрэльбу, каб рушыць на кліч народны супроць чужакоў няверных. Я ў бітве за ўсё адпомшчу – за дом, за цябе, за бацьку, там хіжы чужак спазнае, на што мая шабля здатна і гонар юнацкі, маці! А ты, як пачуеш, родная, што кулі пяюць над вулкай і хлопцы на конях скачуць, выйдзі да іх, спытайся: чаму твайго сына не бачна? Калі табе скажуць, маці, што паў я, працяты куляй, – не плач і тады: не трэба, і злых языкоў не слухай, што пра мяне замянцяць: “Выракся маці роднай! ”, а ціха пайдзі дадому і ўсё раскажы папраўдзе братам маім недарослым, хай помняць яны і знаюць, што быў у іх брат старэйшы і ён у баі загінуў, таму што не мог пакорна схіляць галаву прад туркам, з чужацкім ярмом змірыцца! Скажы ім, маці, хай помняць, помняць мяне і шукаюць: белае цела на скалах, на скалах, на стромах дзікіх, а кроў чырвоную ў доле, у доле, маці, у чорным! Яшчэ няхай знойдуць стрэльбу, стрэльбу, маці, і шаблю, і дзе напаткаюць злыдня – хай куляю прывітаюць, а шабляю хай палашчаць... Калі ж ты ад жалю-смутку і гэта зрабіць не зможаш, – напэўна, тады дзяўчаты ля нас на харо збяруцца, мае аднагодкі прыйдуць, і між таварышак верных – каханне маё ў жалобе, – ты выйдзі тады паслухай з сынамі, яшчэ малымі, песню маю юнацкую – чаму і як я загінуў і словы сказаў якія смерці ў твар і дружыне... Горка табе будзе, маці, глядзець на харо на тое, калі ж ты сустрэнеш позірк любай маёй, каханай – глыбока ўздыхнуць і цяжка два сэрцы, мне дарагія – яе і твае, матуля! І слёзы ўпадуць на грудзі – на ўсохлыя і маладыя... Сыны твае гэта ўбачаць і як узмужнеюць, маці, – як я, любіць будуць моцна, і моцна, як я, ненавідзець... Калі ж я, матуля мілая, жывым у сяло вярнуся, са сцягам над галавою, з таварышамі баявымі, ды ўсе як адзін у форме – з ільвом залатым на шапцы, са стрэльбаю за плячыма, з шабляй-змяёй пры боку, – тады, о маці юнá ка! о, дарагая каханка! – бяжыце і рвіце кветкі, плюшч і герань ірвіце, пляціце вянкі – украсіць галовы і стрэльбы нашы! Тады – з вянком і з букетам – ты падыдзі да сына, падыдзі, маці, прыгарні і пацалуй над брывамі гнеўна-чырвоную стужку, дзе два запаветныя словы накрэслены: “Смерць ці свабода! ” А я абдыму каханую рукой у бінтах крывавых – хай чуе яна, як б’ецца, стукоча сэрца юнá ка, плач супыню пацалункам, слёзы сап’ю губамі... Пакуль жа... бывай, матуля! І ты не забудзь, каханая!
Дружынаў паход выходзіць, шлях страшны, затое – слаўны: можа, я ў бітве загіну... Ды... большай мне славы не трэба, як сціплы ўспамін народа: “Памёр ён, бядак, за праўду, за праўду і за свабоду... ”
пераклад з балгарскай – Ніл Гілевіч
Каментар
Юнак – герой, храбрэц, волат. Хаджы Дзімітр – Дзімітр Ніколаў Асенаў (1840–1868), герой нацыянальна-вызваленчай барацьбы, ваявода. Гайдук – паўстанец супроць турэцкага ярма. Караджа – Стэфан Тодараў Дзімаў (1840–1868), герой нацыянальна-вызваленчай барацьбы, ваявода. Васіл Леўскі – Васіл Іванаў Кунчаў-Леўскі (1837–1873), кіраўнік і ідэолаг вызваленчай барацьбы, нацыянальны герой Балгарыі.
Упершыню ў кнізе: Хай зорыць дзень! Выбраныя старонкі класічнай балгарскай паэзіі. – Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1973.
|
|||
|