![]()
|
|||
Развітанне. Мая малітва. Хаджы Дзімітр
Развітанне
Мая малітва (Моята молитва)
“Блаславёны бог наш... ”
О мой божа, правы божа, непадлеглы паняверцы. Ды не той, што ў высях, божа, – што ў маёй душы і сэрцы.
Ты не той, якому ставяць скрозь штодня, штоночы свечкі, ты не той, якога славяць праваслаўныя авечкі.
Ты не той, які калісьці удыхнуў свой дух у гліну і людзей – для іх карысці! – на зямлі рабамі кінуў.
Ты не той, хто даў уладу патрыярхам і тыранам, каб братоў да заняпаду век піхаць беспакарана.
І не той, што наша гора сунімае павучаннем: несці крыж свой у пакоры, цешыць сэрца спадзяваннем.
Ты не бог хлусоў і хціўцаў, ашуканцаў бессаромных, і не ідал крывапіўцаў – ненажэрных, вераломных.
Ты, мой божа, – бог сумлення, ты – рабоў заступнік смелы: хай жа святу вызвалення свет узрадуецца цэлы.
Удыхні ва ўсіх дазвання прагу шчасця, прагу волі, каб паўсталі на змаганне за нязнойдзеную долю.
Барацьба не за гарамі – і маім рукам дай сілу: я пайду са змагарамі і знайду сабе магілу.
Не дазволь, каб астывала маё сэрца на чужыне, каб мой голас заняпалы заціхаў, як у пустыні.
пераклад з балгарскай – Алесь Разанаў
Хаджы Дзімітр (Хаджи Димитър)
Не, не памёр ён!.. Там, на Балканах, ляжыць і стогне на стромым схіле юнак бясстрашны ў глыбокіх ранах, юнак у самай красе і сіле.
Абломак шаблі шпурнуў направа, налева стрэльба ўбок адляцела. Вочы цямрэюць імглой крывавай, вусны свет праклінаюць цэлы.
Ляжыць юнак, а высока ў небе без жалю сонца пячэ-праменіць, жняя спявае у полі недзе, і ўсё мацней з раны кроў струменіць!
Жніво якраз... Спявайце, рабыні, напевы жальбы! У паняверцы свяці ім, сонца! Тут і загіне юнак балгарскі... Ды змоўкні, сэрца!
Той, хто ў змаганні паў за свабоду, не памірае: па ім рыдаюць зямля і неба, звер і прырода, і людзі песні яму складаюць.
Днём яму кідае цень арліца, воўк яму раны пяшчотна ліжа, і сокал тужыць, па брату быццам, над ім лятае і сумна кліча.
Надыдзе вечар, месяц затлее, зоры абсеюць прастор нябесны, лес загамоніць, вецер павее – пяюць Балканы гайдуцкія песні!
І самадзівы ў сукенках белых, сёстры-красуні, са сховаў ночы ціха ступаюць па травах спелых і ля юнá ка садзяцца моўчкі.
Адна да ранаў зёлкі прыклала, другая сцюдзёнай вадой абмыла, трэцяя ў вусны пацалавала – і ён паглядзеў ёй у вочы, мілай.
“Дзе Караджа – адкажы, сястрыца? Дзе мая верная ўся дружына? Скажы – і душу маю забярыце: хай я навечна тут супачыну! ”
Далоньмі пляснуўшы, абняліся і ў неба начное пырхнулі раптам – шукаць, пакуль не світае ў высях, дух Караджы, што быў яму братам...
Ды ноч праходзіць!.. І на Балканах ляжыць ён – кроплямі кроў сцякае, воўк яму ліжа лютыя раны, і сонца зноў пячэ-прыпякае!
пераклад з балгарскай – Ніл Гілевіч
|
|||
|