Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Вымаўленне зычных і спалучэнняў зычных



 

1. Арфаэпія як раздзел мовазнаўства. Арфаэпічныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Вымаўленне націскных і ненаціскных галосных. Вымаўленне зычных і спалучэнняў зычных.

Літаратура

1. Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фанетыка. Арфаграфія: Вучэб. дапам. / М. Ц. Кавалёва [і інш. ]. – 3-е выд., дапрац. і дапоўн. – Мінск: Выш. шк., 1993. – С. 168-175.

2. Бурак, Л. І. Сучасная беларуская мова / пад рэд. Л. М. Шакуна. – 2-е выд., дапрац. – Мінск: Выш. шк., 1985. – С. 75-79.

3. Язеркая, С. А. Правільнасць маўлення: Арфаэпічныя нормы/ С. А. Язерская//Беларуская мова і літаратура. – № 3. – 2007. – С. 60-63.

 

1. Зносіны паміж людзьмі ажыццяўляюцца з дапамогай вуснай і пісьмовай мовы. У пісьмовай мове для хуткасці і лёгкасці разумення мы карыстаемся адзінымі арфаграфічнымі правіламі, а ў вуснай – для гэтай мэты служаць адзіныя вымаўленчыя правілы. Правільнае літаратурнае вымаўленне спрыяе лёгкаму і хуткаму засваенню выказанай думкі, узаемаразуменню людзей, надае мове прыгажосць. Раздзел мовазнаўства, які вывучае сукупнасць правілаў літаратурнага вымаўлення, называецца арфаэпіяй (ад грэч. orthos – правільны, ерох – мова).

Асноўная задача арфаэпіі – выпрацоўка і замацаванне адзіных норм літаратурнага вымаўлення. Арфаэпія вызначае заканамернасці правільнага вымаўлення асобных гукаў і гукавых спалучэнняў у розных словах і групах слоў.

Каб трывала авалодаць арфаэпічнымі нормамі, трэба не толькі ўмець дакладна вымаўляць гукі, з якіх складаецца слова, але і ведаць, чаму і які гук павінен быць вымаўлены ў кожным канкрэтным выпадку. Звычайна наяўнасць тых ці іншых гукаў у словах абумоўлена гістарычна, моўнай традыцыяй, у другіх жа выпадках існуюць пэўныя заканамернасці ці правілы з’яўлення ў слове менавіта гэтага, а не якога-небудзь іншага гука (в а да).

Арфаэпічныя нормы патрабуюць ад усіх, хто карыстаецца літаратурнай мовай, адзінага вымаўлення гукаў і спалучэнняў гукаў у словах, а таксама ў спалучэннях слоў. Адхіленне ад арфаэпічнай нормы зацямняе сэнс выказвання. Няправільнае вымаўленне слова ці нават асобнага гука засяроджвае ўвагу тых, хто слухае, на знешнім афармленні выказвання, перашкаджаючы ўнікнуць у яго сутнасць. Правільнае літаратурнае вымаўленне – паказчык не толькі культуры мовы, а і агульнай культуры чалавека.

Нормы літаратурнага вымаўлення абавязковыя для ўсіх носьбітаў мовы, аднак яны нярэдка парушаюцца па розных прычынах.

Асноўная прычына адхіленняў ад літаратурнага вымаўлення – захаванне ў мове дыялектных асаблівасцей роднай гаворкі. У любой гаворцы ёсць такія фанетычныя асаблівасці, якіх няма ў літаратурнай мове. Напрыклад, на значнай частцы паўднёва-заходняй Беларусі на канцы слоў захоўваецца ў вымаўленні ненаціскны этымалагічны гук [о] (няпоўнае недысімілятыўнае аканне): летняг[о] (дня), мал[о], мног[о], падмарозіл[о], цёпл[о], а літаратурная норма – вымаўленне ва ўсіх ненаціскных складах [а] на месцы [о] (поўнае недысімілятыўнае аканне): летняга (дня), мала, многа, падмарозіла, цёпла.

У гаворках Беларусі па-рознаму вымаўляецца постфікс -ся ў зваротных дзеясловах: стаміў[с’а], стаміў[са], стаміў[с’о], стаміў[с’э], стаміў[с’і]. Літаратурная норма: стаміўся.

Паўночна-ўсходнім беларускім гаворкам ўласціва дысімілятыўнае аканне і якание – вымаўленне ў пэўных умовах у ненаціскных складах гука [ы] замест [а] або [і] замест [а] (пасля мяккіх зычных): в[ы]да, г[ы]л[ы]ва, в[і]сна, з[і]мля, мес[і]ц. У літаратурнай мове: вода, галава, вясна, зямля, месяц.

Настаўнік павінен добра ведаць не толькі арфаэпічныя нормы беларускай літаратурнай мовы, а і фанетычныя асаблівасці гаворкі той мясцовасці, дзе ён працуе, каб дапамагчы вучням пазбавіцца памылак, выпрацаваць трывалыя навыкі правільнага літаратурнага вымаўлення.

Другая прычына адхіленняў ад літаратурнага вымаўлення – уплыў арфаграфіі. Беларуская арфаграфія грунтуецца на двух асноўных прынцыпах – фанетычным і марфалагічным. Пры фанетычным прынцыпе напісанне супадае з вымаўленнем: горы гара, родны раднейшы, землі зямля, лес – лясны. Пры марфалагічным прынцыпе марфемы слова захоўваюцца нязменна, хоць яны могуць вымаўляцца неаднолькава ў залежнасці ад становішча ў слове: гарады (вымаўленне і напісанне супадаюць), горад (у вымаўленні [горат]), гарадскі [гарацк’і]; пішам лётчык, перапісчык, чэшскі, волжскі, а вымаўляем [л’очык], [п’эрап’ішчык], [чэск’і], [волск’і]. Як бачым, беларуская арфаграфія часта не перадае вымаўлення; вымаўленне і напісанне не заўсёды супадаюць. Пішам: не ведаў, без бацькі, іншы, вучышся, а вымаўляем [н’а в’эдаў], [б’аз бац’к’'і], [jіншы], [вучыс’а].

Трэцяя прычына адхіленняў ад літаратурнага вымаўлення – недастатковае засваенне арфаэпічных нормаў беларускай і рускай моў, зблытванне гэтых нормаў. Напрыклад, у беларускай мове гук [ч] паслядоўна, заўсёды цвёрды (зацвярдзелы), у рускай мове – мяккі; звонкі [г] у беларускай мове чаргуецца з [х]: дарога – [дарох], лугамі – [лух], у рускай мове зычны [г] чаргуецца з [к]: дорога – [дарок], лугами – [лук].

Беларуская і руская мовы блізкія паміж сабою. Але кожная з іх мае сваю фанетычную сістэму. Для авалодання беларускай і рускай літаратурнымі мовамі неабходна цвёрдае засваенне арфаэпіі абедзвюх моў.

 

2. Вымаўленне галосных

Пад націскам галосныя чуюцца выразна: працав а ць, гавар ы ць, барав і к, кут о к, раз у мны, св е жы, ц э ны, г э ты, ш ы ць, не пад націскам – менш выразна; некаторыя з іх амаль зусім не змяняюць сваёй якасці, а другія – змяняюць.

Аканне. У спрадвечна беларускіх словах [о], [э] не пад націскам заўсёды замяняюцца на [а]: дом – дамы, рэкі – рака, вёсны – вясна. Пераход о, э ў а пасля цвёрдых зычных называецца аканнем, а адпаведны пераход пасля мяккіх зычных называецца яканнем.

Аканне пасля цвёрдых зычнхы пашыраецца на ўсе ненаціскныя склады, таму яго называюць поўным (горад – гарадскі – загарадны). Пасля мяккіх зычных чаргаванне адбываецца толькі ў першым складзе перад націскам (лес – лясны – лесавік), таму гэта з’ява называецца няпоўным яканнем.

Неславянскія іншамоўныя словы вымаўляюцца і пішуцца неаднастайна.

У большасці слоў неславянскага паходжання ненаціскное [э] захоўваецца: дэпутат, дэмакратыя, прэстыж, рэмарка, рэлаксацыя, рэцэнзія, тэатр.

Але: адрас, латарэя, рамяство, рамонт, сакрэт і інш.

У словах неславянскага паходжання яканне адсутнічае: арсенал, галерэя, легенда, метро, секунда, Егіпет, Еўфрат. Аднак паступова яканне пашыраецца на іншамоўныя словы. Пэўная група слоў неславянскага паходжання правілу якання падпарадкоўваецца: дзяжурны, каляндар, сяржант, янот, яфрэйтар, яўрэй, яхідны.

Галосныя [і], [ы] і ў ненаціскным становішчы захоўваюць сваю якасць, вымаўляюцца выразна: прачыт а ць, д о бры, пыт а нне, брыгадз і р, памыл і цца, б о ты, журав і ны.

У пачатку слова літара і звычайна абазначае не адзін гук, а спалучэнне гукаў: [j(й)] + [і] (напісанне ў такіх выпадках не супадае з вымаўленнем). Напрыклад, у формах займеннікаў іх, ім, імі, іхні [ji]х, [ji]м, [ji]мі, [ji]хні; тое самае ў словах іншы [ji]ншы, іскры [ji]скры. Спалучэнне [ji] вымаўляецца таксама ў сярэдзіне і на канцы слова пасля галосных: краіна кра[ji]на, ручаіна руча[ji]на, сваіх сва[ji]х, тваіх тва[ji]х, маім ма[ji]м, чыімі чы[ji]мі, у гаі – га[ji], у выраі у выра[ji]; два гукі абазначае літара і пасля апострафа ці мяккага знака: вераб’іны вераб[ji]ны, у сузор'і – у узор[ji], у сям'і у сям[ji], у Ільі – у Іль[ji], у Загор'і – у Загор[ji]. Пасля слова на галосны ненаціскны [і] ў пачатку слоў змяняецца на [j(й)]: прынясі [й]голку, дарога на [й]вацэвічы, у нашага [й]вана, яна [й]шла – або перад [і] вымаўляецца [j]: паслалі па [jі]вана, дарога на [jі]вацэвічы, былі на [jі]слачы. У словах іншамоўнага паходжання прыстаўны й не развіваецца: [і]дэал, [і]нтрыга, [і]дыёма, [і]нстытут, [і]нфармацыя, дэз[і]нфекцыя, за[і]нтрыгаваць.

Пасля слова, апошні ў якім цвёрды зычны (апрача [г], [к], [х]), [і] ў вымаўленні супадае з [ы]: ён ішоў ён-[ы]шоў, брат і дзядзька брат-[ы]-дзядзька, дождж і вецер дождж-[ы]-вецер. У складаных словах пасля цвёрдых зычных [і] таксама змяняецца на [ы]: педінстытут пед[ы]нстытут, палітінфармацыя паліт[ы]нфармацыя. Пасля [г], [к], [х] такога змянення [і] на [ы] няма: луг поле луг [і] поле, смех і грэх – смех [і] грэх, Мінск і Віцебск – Мінск [і] Віцебск; гарох і боб, снег і дождж, Мінск і Брэст.

 Няма змянення [і] на [ы], калі перад [і] вымаўляецца [j]: перад [jі]мі, паўз [jі]х.

Злучнік і часціца і пасля слова на галосны пры адсутнасці працяглай паўзы вымаўляецца як [й]: сястра [й ] брат, сёння [й ] заўтра, сказалі [й] выйшлі.

Аналагічныя змены адбываюцца пры словаўтварэнні: калі прыстаўка канчаецца на галосны, а слова пачынаецца з [і], то [і] змяняецца на [j(й)]: ісці – па[й]сці, іграць за[й]граць, па[й]граць; калі прыстаўка канчаецца на зычны, а слова пачынаецца з [і], то [і] змяняецца на [ы]: ісці ад[ы]сці, пад[ы]сці; іменны ад[ы]менны; іграць раз[ы]граць. Гэта асаблівасць адлюстроўваецца і на пісьме.

Галосны [у] не пад націскам вымаўляецца выразна: тав а рышу, туд ы, струм е нь, прыслух о ўвацца. Пасля слова на галосны, калі няма паўзы, пачатковы [у] наступнага слова, а таксама прыназоўнік у змя-няюцца на зычны [ў]: пайсці [ў] лес, было [ў]летку, глянулі [ў]верх, паехала [ў] госці. Гэта перадаецца і на пісьме. Змена [у] на [ў] адбываецца ў прозвішчах, імёнах і геаграфічных назвах: на [ў]краіне, на [ў]рале, ва [ў]шачах, за [ў]ладзімірам, ва [ў]льянаве, а таксама ў запазычаных словах: ва [ў]ніверсітэце; спявалі ва [ў]нісон, такая [ў]ніверсальная. Вымаўленне ў гэтым выпадку не супадае з напісаннем; на пісьме: на Украіне, на Урале, ва Ушачах, за Уладзімірам, ва Ульянаве; ва універсітэце, спявалі ва унісон, такая універсальная.

 

Вымаўленне зычных і спалучэнняў зычных

Гукі [р], [ч], [ж], [ш], [дж] у беларускай мове вымаўляецца толькі цвёрда: ранак, рызыка, рытм, патрыёт, прыход, прыход, прыцерці, прыбраць, чамадан, чарапіца, чарніла, чарэшня, чорны, чыпсы, ачыстка, вычышчаны, жыта, хаджу, шум, шар.

Гук [г] у беларускай мове працяжны (шчылінны, фрыкатыўны): агарод, гаварыць, доўга, магніт, награваць, магазін. Але ў некаторых запазычаных словах ён вымаўляецца як выбухны (змычны), як у рускай мове: агрэст, газа, ганак, гірса, гуз, гузік, мазгі, нягеглы, рэзгіны, швагер, [г]онты, [г]ірса (і вытворныя ад іх).

Выбухны [г] вымаўляецца таксама ў сярэдзіне іншамоўных слоў перад звонкімі зычнымі: э[г]замен, ане[г]дот, ва[г]зал, э[г]земпляр, э[г]зотыка.

Гук [дж] у беларускай мове – цвёрдая зычная афрыката, адзін непадзельны гук, які на пісьме абазначаецца дзвюма літарамі: дажджы, дагледжу, ураджай, сяджу.

Вымаўленне афрыкаты [дж] як двух гукаў [д] + [ж]: аглед-жу, урад-жай, а таксама вымаўленне [ж] на месцы [дж]: аглежу, урожай парушэнне нормы беларускай літаратурнай мовы.

Гук [дз’] – мяккая звонкая афрыката, вымаўляецца як адзін непадзельны гук, які на пісьме абазначаецца спалучэннем дзвюх літар: дзядзька, дзякаваць, дзень, дзіва, тыдзень, ладзіць. Цвёрды гук [дз] ужываецца ў некаторх беларускіх словах гукапераймальнага характару і ў некалькіх словах, запазычаных з польскай мовы: дзынкаць, дзылінкаць, вэдзгаць, пэндзаль, ксяндза, нэндза, дзындра (шлак).

Асобнае вымаўленне [д] і [з]: пад-зякаваць, д-зед, а таксама вы­маўленне [дз’] як мяккага [д’] – парушэнне нормы беларускага літаратурнага вымаўлення.

Заўвага. Спалучэнні літар дж і дз на стыку марфем – прыстаўкі і кораня – абазначаюць два гукі, якія вымаўляюцца раздзельна: ад-жыць, пад-жылкі, пад-зямелле, ад-значыць, пад-земны, ад-зімаваць.

Адрозніваюцца ў вымаўленні афрыкаты [ц] і [ц’]. Зычны [ц] – цвёрды: крыніца, цэгла, цана, месяц; зычны [ц’] – заўсёды мяккі: [ц’]ішыня, [ц’]ябе, [ц’]япер, па[ц’]існу[ц’], выка[ц’]і[ц’]. Мяккая афрыката [ц’] бывае ў словах як у выніку чаргавання з [т] (цеканне): хата у ха[ц’]е, лета ле[ц’]ейка, так і без чаргавання: [ц’]ёплы, чака[ц’], глядзе[ц’], [ц’]іхі.

Зычныя [д], [т] перад мяккімі [в’], [м’] змякчаюцца і супадаюці з [дз’], [ц’]: [дз’]веры, [дз’]ве, абе[дз’]ве, по[дз’]віг, [дз’]віна, Ма[ц’]вей, [ц’]вісці, за[ц’]вітаць, [з’]мяр[ц’]велы. Не адбываецца такога змякчэння на стыку марфем (прыстаўкі і кораня): адвярнуць, падвязаць; у прыназоўніках: ад мяне, пад бярозаю; у форме давальнага-меснага склону назоўнікаў на -тва, -тво: у грамадстве, у братэрстве, у харастве, у Літве, у мастацтве.

Характэрная асаблівасць беларускай мовы – падоўжаныя зычныя: галлё, насенне, колоссе, збожжа, зацішша. Парушэннем літаратурнай нормы з’яўляецца вымаўленне ў такіх выпадках непадоўжаных гукаў: галё, насене, колосе, збожа або спалучэння зычнага з [j]: [жыц’jo], [з’эл’jэ], [калос’jэ].

У канцы слоў ці перад іншымі мяккімі зычнымі губныя зычныя [б], [п], [м], [ў] і [в], [ф] вымаўляюцца толькі цвёрда: верф, голу[п], насып, сем, восем, кроў, плечы, зямля, слаўлю, пляма, кафляны.

Свісцячыя гукі [з], [с], [дз], [ц] у становішчы перад наступным мякім зычным ці ётавым галосным вымаўляюцца вельмі мякка: [с’]вята, [с’]нег, [з’]няць, па[с’]ля, па[з’]бегнуць, [з’]ява, [з’]яднаць, [дз’]веры, абе[дз’]ве, [ц’]вёрды, [ц’]віль, [ц’]вік. Толькі ў некаторых выпадках не ў пачатку слова гукі [з], [с] застаюцца цвёрдымі перад губнымі [в’], [м’]: у назве, аб прызме, пры феадалізме. Перад губным [ф’] у запазычаных словах дапускаюецца варыянтнае вымаўленне гэтых гукаў – цвёрда і мякка: сфера і [с’ф’эра], сфінкс і [с’ф’інкс].

Разам з тым свісцячыя зычныя перад мяккімі заднеязычнымі [г’], [к’], [х’] вымаўляюцца цвёрда: [з]гінуць, [с]кіба, [с]кіф, [с]хема, [с]хіліць.

Гукі [л], [н] перад мяккімі [дз’], [ц’], [н’], [j] вымаўляюцца мякка, а перад іншымі мяккімі – цвёрда: [па каман’дз’э], [на фрон’ц’э], [м’эл’н’ік], [л’je], але [з’олк’і], [б’энз’ін], [канв’эрт], [на лб’э]. У словах з трохгукавым спалучэннем зычных гук [н] не змякчаецца: дранцвець.

Шыпячыя гукі [ж, ш, дж, ч] перад свісцячымі вымаўляюцца як свісцячыя, а свісцячыя перад шыпячымі – як шыпячыя: у печцы – у пе[ц]ы, на ножцы – на но[с]цы, возішся – возі[с’]я, сшыць – [ш]ыць, зжаты – [ж]аты, барзджэй – бар[ж]джэй.

Спалучэнні дч і тч вымаўляюцца як падоўжаны гук [ч]: адчытаць – а[ч]ытаць, адчапіць – а[ч]апіць, адчай – а[ч]ай, адчуваць – а[ч]уваць, лётчык – лё[ч]ык, апаратчык – апара[ч]ык.

Спалучэнне шс у становішчы паміж галоснымі і зычнымі вымаўляецца як падоўжаны мяккі гук [с’]: смяешся – смяе[с’]я, мыешся – мые[с’]я, купаешся – купае[с’]я, апранаешся – апранае[с’]я.

Спалучэнне жс у становішчы паміж галосным і зычным вымаўляецца як адзін гук [с]: нясвіжскі – нясві[с]кі, пражскі – пра[с]кі, суражскі – сура[с]кі.

Спалучэнні дц і тц вымаўляюцца як падоўжаны цвёрды або мяккі гук [ц]: адціскаць – а[ц’]іскаць, адцяніць – а[ц’]яніць, матцы – ма[ц]ы, хатка – у ха[ц]ы.

Спалучэнні [дс], [тс], [чс], [кс] вымаўляюцца як [ц]: грама[ц]кі (грамад+ск+і), саве[ц]кі (савет+ск+і), пухаві[ц]кі (пухавіч+ск+і), тка[ц]кі (ткач+ск+і), смаляві[ц]кі (смалявіч+ск+і), маста[ц]кі (мастак+ск+і), беласто[ц]кі (беласток+ск+і).

 

 

1. Расставіць знакі прыпынку і пабудаваць схему сказа, даць характарыстыку сказа.

2. Даць характарыстыку словазлучэння пад лічбай 1.

3. Вызначыць марфемны склад і спосаб утварэння вытворных слоў, адзначаных ў тэксце пад лічбай2.

4. Зрабіць фанетычны разбор слова пад лічбай3.

5. Зрабіць марфалагічны разбор слова пад лічбай4.

 

1. Народ мой дзякую табе што і на міг мне не дазволіў каб я кагосьці абязволіў1 жыў у кагосьці3 на гарбе што ў радаслоўную ўпісаў не гандляроў і прайдзісветаў а плытагонаў і паэтаў4 і штукароў ганчарных2 спраў. (Г. Бураўкін)

 

2. Ёсць у кожнага свой незабыўны абжыты куток1 дзе ніколі не страшаць ніякія сцюжы і спёкі дзе3 з калодзежа возьмеш гаючай2 вадзіцы глыток і адчуеш сябе маладым4 і шчаслівым і дужым. (Ю. Свірка).

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.