|
|||
Зянон Пазьняк 11 страница
Наш нaрод стаў ахвярай трох імпэрыяў у выніку зьбегу нешчасьлівых абставінаў. Але ён увесь час змагаўся за волю ў абліччы лепшых сваіх прадстаўнікоў, ён ніколі не пераставаў ствараць, нават тады, калі вынішчылі ягоную эліту, а рэшта вярхоў здраджвала яму, абзывала, штурхала ў гразь.
Любіць і шанаваць свой народ неабходна, у якім бы стане, у якім бы няшчасьці ён нi апынуўся. Бо толькі з нашага народа можа быць наша будучыня.
Калі, напрыклад, на чыюсьці маці, ці на любімага бацьку напалі бандыты і сьмяртэльна зьбілі яго, і выжыў ён скалечаны, кульгаючы, бeз зубоў, з адным вокам, са зьнявечаным тварам. То ці будуць дзеці яго любіць? Ці будуць яны яго лячыць? Можа яны пачнуць саромецца яго калецтва і твару і назавуць яго страшыдлам і недалэнгам, завернуцца, кінуць яго і пойдуць ў сьвет каваць сваё шчасьце? Пэўна ж не. Але калі б такое і здарылася, то хто стане нікчэмным, хто будзе вінаватым: хворы бацька ці дзеці, што зракліся яго? Трэба памятаць простае правіла – нікчэмнасьць эліт штурхае народ у няволю. Адсутнасьць эліт хавае яго ў небыцьцё.
Ня трэба ніколі забывацца, што наша беларуская свабода дасягаецца намі праз мільёны нявінных ахвяр. Яны ляжаць у тысячах Kурапатаў па ўсёй Беларусі. Гэта такія ж самыя беларусы, што і цяпер. І было б найніжэйшай нізкасьцю і змрочным абсурдам абвінаваціць у іхняе сьмерці іх жа самых.
Шануйма ж сябе на справе, свой народ, сваю кроў, зямлю, мову, гісторыю і культуру, калі мы хочам быць, жыць і мець ад жыцьця радасьць. Для беларусаў цяпер і заўсёды, гэта ёсьць галоўная ўмова народнай свабоды. Пра гэта казалі ўсе вялікія беларусы ад Марцінкевіча ды Багушэвіча да магутнага Быкава. Вось людзі, на якіх варта зважаць у хвіліны роспачы і сумненьняў. І не забывайма (нават будучы на доле, не забывайма), што быў вялікі Вітаўт і дзейны Скарына, мудры Сапега і рашучы Кастусь. Бо сорамна плакаць нашчадкам вялікай краіны і апускацца, каб плявалі народу ў твар. Не абзываць яго трэба, не адмаўляцца, не хавацца ў камфорт, у нару, у пойла, у грошы, у быт, а бараніць.
Свой народ трэба любіць, як Бога, нават калі ён маўчыць.
Уступае ў жыцьцё новае пакаленьне беларусаў, якое ўжо ня памятае камунізму, але поўнай чашай паглынае яшчэ яго вынікі. Гэтыя вынікі – Беларусь у падпольлі. Але хай жыве яна ў сэрцы, у душах, у галаве і на вуснах, хай кіруе ўчынкамі і жыцьцём, бо наша Беларусь – гэта наша Беларусь, гэта нашае Княства; і толькі мы, беларусы, можам усё адрадзіць.
8 студзеня 2006 г.
Надрукавана: ( „Беларускія Ведамасьці”, – 2006, №2 (56); „Беларус”, – 2006, люты, № 517).
|
|||
|