Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Зянон Пазьняк 10 страница



 

Зразумела, што гаворачы пра гэтыя тры неабходныя пазыцыі (і ў цэлым пра ўсе мае развагі), я зыходжу з найгоршага варыянту, з той дрэннай верагоднасьці, калі прамаскоўскі акупацыйны рэжым і нелегальная ўлада Лукашэнкі праіснуюць да 2010 года. Такую верагоднасьць нельга выключаць, і плян паводзінаў на гэты выпадак павінен быць. Па вялікаму кошту перамяніць сытуацыю, спыніць вынішчэньне беларушчыны, беларускай культуры і нацыі зможа толькі кардынальная перамена – ліквідацыя антыбеларускага рэжыму і ўстанаўленьня беларускай дэмакратычнай народнай улады. Наша палітычная беларуская барацьба за вольную, разумную, беларускую Беларусь ёсьць галоўная дарога, ідучы якой, мы дасягнем нашай сьветлай народнай будучыні.

 

26 ліпеня 2008 г.

 

Надрукувана: (Народная Воля, – 2008, 12 сьнежня, (Пад загалоўкам: „ Параліч, альбо якое няшчасьце нясе Беларусі сістэмнае разбурэньне мовы”; Беларус, – 2008, № 548, верасень).

 

 

ЗМАГАНЬНЕ ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ

 

Разьвіцьцё цывілізаванага грамадзтва, сістэма і структурызацыя ўлады рухаліся такім чынам, што ў непасрэднае змаганьне за ўладу ўцягваліся ўсё большыя масы людзей. Адбываецца дыферэнцыяцыя палітычных інтарэсаў, утвараюцца групы, што выяўляюць гэтыя інтарэсы, узьнікаюць канфлікты паміж агульнымі і групавымі патрэбамі. Адчыняюцца магчымасьці для маніпуляцыяў народам і масавай сьведамасьцю людзей.

 

У стабільнай і суверэннай нацыянальнай дзяржаве такое становішча ня ёсьць найлепшым. Але, як правіла, існуе магчымасьць яго выправіць і ўдасканаліць.

 

Другое, што важна: нават найгоршы стан палітычных дачыненьняў не пагражае існаваньню грамадзтва, не зачыняе пэрспэктывы яго разьвіцьця. Гісторыя паказвае, што нават самы дрэнны ўнутраны палітычны рэжым ня можа зьнішчыць народ, нацыю і дзяржаву. Самазьнішчэньня не адбываецца.

 

Гісторыя зноў жа сьведчыць, што ні адзін незалежны народ, ні адно незалежнае грамадзтва не загінула ад дрэннай унутранай палітыкі, ад унутранай тыраніі, ад дрэннай эканомікі і нават ад голаду, калі яно здолела захаваць сваю дзяржаву і незалежнасьць.

 

Паўночныя карэйцы маюць пэрспэктыву (хоць цяпер у іх кашмарны рэжым і дрэнная ўнутраная палітыка), кубінцы таксама маюць пэрспэктыву (хоць цяпер там беднасьць і дыктатура). А вось пэрспэктыва курдаў, чувашоў ці мардвы – пад вялікім пытаньнем. Чаму – я думаю, зразумела.

 

Народ, які ня мае дзяржавы і незалежнасьці, – ня мае магчымасьці свабодна распараджацца сваёй дзейнасьцю і разьвіваць свае інтарэсы. Яго дзейнасьць, у лепшым выпадку, накіраваная тады на выжываньне і на змаганьне за існаваньне, у горшым – на прыстасаваньне.

 

Вынік можа быць дваякім: альбо народ вытрывае і, скарыстаўшы магчымасьць, створыць дзяржаву і даможацца незалежнасьці, альбо зьнікне з кнігі жыцьця.

 

Незалежная дзяржава ёсьць найвялікшая палітычнапраўная каштоўнасьць нацыі.

 

У стварэньні незалежнай дзяржавы ёсьць сэнс народнай гісторыі. У арганізацыі ўлады ў дзяржаве, у змаганьні за ўладу заключаецца сэнс палітыкі.

 

Найцяжэй незалежнасьць дасягаецца паўторна, у працэсе дэкалянізацыі і ў змаганьні з імпэрыяй. Дасягненьне незалежнасьці і адстойваньне свабоды тут немагчымае без барацьбы ўсяго грамадзтва.

 

Вельмі істотна, каб пасьля перамогі тыя, хто змагаліся за незалежнасьць, адразу мелі ўладу ў краіне, адхілілі ад кіраваньня каляніяльную адміністрацыю, ліквідавалі б імпэрскі і заклалі б свой нацыянальны парадак. Гэтым адсякалася б умяшаньне старой імпэрыі ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы. Далейшае, рэглямантаванае законам, змаганьне за ўладу адбывалася б ужо як суверэнная справа вольнай краіны.

 

Пасьля распаду СССР толькі народы Прыбалтыкі поўнасьцю ажыцьцявілі неабходныя палітычныя пераўтварэньні, якія гарантавалі незалежнасьць і стабільнасьць улады, заснаванай на нацыянальных інтарэсах.

 

Складаная сітуацыя стваралася ў Беларусі. Тое, што аднавілася незалежная Беларусь, для Масквы стала поўнай нечаканасьцю. 200 гадоў Масква практыкавала асаблівую палітыку супраць Беларусі – свайго галоўнага ворага на захадзе. Было зроблена ўсё, прытым самым варварскім чынам, каб Беларусь ужо ніколі не паднялася і не існавала. і раптам... – незалежная Беларусь.

 

Разгубленасьць расейцаў хутка скончылася. Ужо ў 1992 годзе беларускія адраджэнскія сілы адчулі наяўнасьць ў Беларусі маскоўскіх палітычных тэхналёгіяў. Стаўка расейцаў рабілася на КГБ і савецкую намэнклятуру, якая засталася пры ўладзе. Задача – пранікненьне расейскіх спэцслужбаў на вузлавыя пазыцыі ўлады ў Беларусі, увядзеньне ў палітычную рэальнасьць ідэі інтэграцыі з Расеяй (праз аб’яднаньне грашовых сістэмаў), увядзеньне пасады прэзыдэнта і ўсталяваньне на ёй свайго стаўленьніка.

 

Гэтыя дзеяньні маскоўскіх палітыкаў і КГБ былі настолькі відавочнымі, што ня бачыць і не разумець таго, што адбывалася, маглі толькі сьляпыя.

 

25 студзеня 1994 года, выступаючы ў Вярхоўным Савеце ад імя Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, я адзначыў:

 

„ Руская мафія і рускія спэцслужбы імкнуцца захапіць ключавыя пасады ў беларускай дзяржаве і паздымаць зь іх беларусаў, гэтак жа, як яны пры дапамозе B. Кебіча і Г. Данілава* паздымалі беларусаў у беларускім войску і зьмянілі беларускае кіраўніцтва буйнейшых заводаў на рускіх функцыянэраў.

 

* За часы БССР высокапастаўлены чыноўнік у Менскім Абкаме партыі, курыраваў КГБ. Ва ўрадзе Кебіча кіраваў антыканстытуцыйнай структурай (Дзяржсакратарыятам), створанай пад ціскам Масквы і КГБ. (аўт. )

 

 

 

Спадар Кебіч і яго акружэньне здрадзілі Беларусі. Яны імкнуцца любымі сродкамі жорстка цэнтралізаваць уладу, рыхтуюць палітычныя ўмовы для інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі перад афармленьнем эканамічнай авантуры аб уваходжаньні Беларусі ў грашовую сістэму Расейскай Фэдэрацыі. Такая палітыка ёсьць антыдзяржаўная палітыка і зьяўляецца злачынствам...

 

Грамадзяне Беларусі павінны выразна ўсьведамляць, што галоўная небясьпека цяпер для нашага грамадзтва і галоўны вораг нашай дзяржавы ёсьць рускі палітычны і эканамічны імпэрыялізм і кампрадорская дзейнасьць ураду Кебіча. ”(Беларус, – 1994, люты, №410)

 

Аднак казаць камуністычнаму парляманту пра небясьпеку для Беларусі было дарэмна. Грамадзтва ж у масе сваёй заставалася савецкім. Потым здрадніцкую эстафэту Кебіча пераняў Лукашэнка.

 

Палітыканскія тэхналёгіі чужакоў і палітычных цынікаў бездапаможныя, калі ёсьць масавы народны грамадзкі ўздым на змаганьне за агульныя інтарэсы. Тады цынічныя тэхналёгіі можна лёгка адкінуць і перакуліць. Але ўжо ў сярэдзіне 1992 года ўздым скончыўся, а ўлада ў Беларусі не зьмянілася, засталася ў руках савецкай намэнклятуры.

 

Такім чынам пэрыяд стабілізацыі незалежнасьці пачаўся са старой каляніяльнай адміністрацыяй ва ўладзе, для якой чужымі былі ня толькі беларускія нацыянальныя інтарэсы, але і ўвогуле якое-небудзь нават самае простае дзяржаўнае думаньне. Тыя, хто дамагліся незалежнасьці Беларусі, не маглі рэальна ўплываць на палітыку дзяржавы.

 

Непрыяцелі беларушчыны, валодаючы ўладай і сродкамі масавай інфармацыі, арыентавалі сваю прапаганду на людзей з дэфармаванай нацыянальнай сьведамасьцю і яшчэ больш дэфармавалі яе. Мноства беларусаў слухалі, верылі і падтрымлівалі не сваіх беларусаў-адраджэнцаў, а ворагаў Беларусі. Сытуацыя склалася амаль трагічная.

 

Але тут не было нічога незвычайнага. Гэта адваротны бок мэдалю нашай вялікай нацыянальнай перамогі ў 1991 годзе, калі на агульным уздыме, дзейнічаючы дакладна і своечасова, беларускім адраджэнцам удалося дамагчыся незалежнасьці, спыніць дзейнасьць КПСС, вярнуць нацыянальныя сымвалы і беларускія школы. Тым часам вялікая частка грамадзтва не была яшчэ гатовая да актыўных дзеяньняў па абароне незалежнасьці, не разумела каштоўнасьці свабоды, ня ведала, як сябе паводзіць, не арыентавалася, хто сябры, а хто ворагі.

 

Пасьля выбараў прэзыдэнта летам 1994 года я зьвярнуўся да людзей зь лістом, які быў напісаны, праўда, хутчэй да будучых беларусаў, чым выбаршчыкаў, якія толькі што абралі Лукашэнку. Там напісана: „ Народ, які шмат гадоў атручвалі камуністычнай прапагандай, пастаўлены перад выбарам: альбо незалежная эўрапейская дзяржава Беларусь і самастойная палітыка, альбо страта незалежнасьці і нацыянальнай пэрспэктывы ў абмен на прывідныя абяцанкі апекі іншай дзяржавы. Гэты выбар галоўны, бо вызначае наш народны лёс.

 

23 чэрвеня ён адбыўся на карысьць страты, адбыўся хутчэй неўсьвядомлена, пад уплывам прапаганды і дэмагагічнай агітацыі. ” (Беларус, – 1994, ліпень, №414)

 

Праз два гады пасьля зьяўленьня прэзыдэнта-крэатуры КГБ, практычна ўсе дасягненьні беларускага адраджэньня ўнутры краіны былі ліквідаваныя.

 

Наступнай стратэгічнай задачай расейскай тэхналягічнай палітыкі ў Беларусі стала зьнішчэньне беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, канкрэтна – Беларускага Народнага Фронту. Скарыстоўвалі тыповыя прыёмы НКВД, якія заключаліся ў фізічнай ліквідацыі кіраўнікоў руху, у стварэньні нібыта больш шырокай квазіапазыцыйнай арганізацыі, у якую ўваходзіла б рэальная нацыянальна-вызвольная арганізацыя, ствараліся б нібыта сумесныя структуры і на тое падобнае. У выніку дзейнасьць нацыянальна-вызвольнай арганізацыі была б абмежавана, назва яе зьнікла б з палітычнага ўжытку, яе ўцягвалі б у дыскусіі ды канфлікты і, пры дапамозе агентуры, даводзілі б да развалу.

 

Характэрнай акцыяй такога роду была ініцыятыва стварэньня так званай „ хартыі-97”, якую шырока падтрымлівалі (нават у міжнародным пляне) у асноўным праз журналістаў. Аднак разгарнуць афёру з „ хартыяй” не ўдалося. Адраджэнцы раскусілі задуму.

 

Больш сур’ёзнай і выніковай аказалася тэхналёгія стварэньня сваёй, паралельнай Вызвольнаму Руху намэнклятурнай апазыцыі да рэжыму і перацягненьня ўвагі на яе, стварэньне ілюзіі іншай альтэрнатывы для дыктатуры.

 

У арганізацыі намэнклятурнай неадраджэнскай апазыцыі найбольш стараўся нямецкі дыплямат Ганс Георг Вік, былы кіраўнік зьнешняй разьведкі Нямеччыны, а цяпер старшыня Місіі АБСЭ ў Менску. Тут расейская дзейнасьць і нямецкая палітыка супадаюць. Нямецкая дыпляматыя дапамагае расейцам інкарпараваць Беларусь узамен за магчымыя эканамічныя ўступкі немцам у Калінінградзкай вобласьці. Вядома, што прамаскоўскія дзеячы („ дэмакраты”) зь некаторых заходніх фондаў, якія падтрымлівалі грантамі сваю матэрыяльна-залежную агентуру ў „ апазыцыі”, канкрэтна ўмешваліся ў справу разбурэньня адраджэнцкай палітыкі Фронту і патрабавалі пэўных дзеяньняў супраць кіраўніцтва БНФ. Частка людзей з БНФ перайшла ў кіруемую „ аб’яднаную апазыцыю”, але зьнішчыць БНФ і разбурыць Беларускі нацыянальна-вызвольны рух не ўдалося. Фронт ачысьціўся ад „ прагматыкаў”. Аднак падзел Фронту дрэнна адбіўся на ўсёй сытуацыі палітычнага змаганьня ў Беларусі.

 

Намэнклятурная ці так званая „ аб’яднаная апазыцыя”, створаная Гансам Вікам, у рэальнасьці зьяўляецца даволі ілюзорнай зьявай і трымаецца на прапагандзе, на арыентаваных (так званых „ незалежных”) рускамоўных СМІ. Яна, практычна, поўнасьцю залежная ад фінансавай дапамогі з Усходу і Захаду (а гэта абмяжоўвае самастойнасьць). Рэальнай палітычнай сілай яна ня ёсьць, альтэрнатывай рэжыму не зьяўляецца, інтарэсы беларускага народу не выяўляе, вялікіх агульнанародных ідэяў ня мае.

 

Паглядзім, што за людзі выступаюць пад шапкай так званай „ аб’яднанай апазыцыі”.

 

Гэта былы савецкі прафсаюзны намэнклятуршчыкУ. Ганчарык; гэта генэрал П. Казлоўскі – былы міністар абароны, які павыганяў беларускіх афіцэраў зь беларускага войска; гэта былы прэм’ер-міністар М. Чыгір – некалі першы памочнік Лукашэнкі, які кантактуе цяпер з рускім ФСБ (карупцыйную дзейнасьць Чыгіра раскрыў з парляманцкай трыбуны Беларускі Народны Фронт. Даклад С. Антончыка); гэта былы намэнклятуршчык з каманды В. Кебіча – С. Домаш; гэта былы 1-ы сакратар райкама КПСС і першы хаўрусьнік Лукашэнкі – Л. Сініцын; гэта былы адданы прыхільнік Лукашэнкі і былы сакратар ЦК ЛКСМБ А. Фядута – перапоўнены нянавісьцю да Беларускага Народнага Фронту і беларускага Адраджэньня; гэта былы яры камсамолец і няверны слуга Лукашэнкі А. Лябедзька і іншыя асобы.

 

Гэта ўся былая савецка-камуністычна-камсамольская намэнклятура. Яны ніколі не падтрымлівалі беларускае Адраджэньне, яны не падтрымлівалі беларускую нацыянальную ідэю і незалежнасьць Беларусі. Усе яны выступалі супраць Беларускага Народнага Фронту і паўтаралі самыя дзікія кагэбоўскія і камуністычныя выдумкі пра Фронт. Усе яны з каманды Лукашэнкі і шмат хто зь іх заграз у карупцыі, грантах ды падачках. Усе яны заўсёды па-рабску глядзелі на Маскву і цяпер езьдзяць туды адзін за другім шукаць грошай і падтрымкі.

 

Такую кампанію сабралі для беларусаў і кажуць, што гэта „ апазыцыя”, маўляў, галасуйце за іх, гэта лідары нацыі, цярпельцы, розум ды сумленьне, яны за дэмакратыю.

 

Мэтад расейскіх спэцслужбаў вядомы: кантроль над уладай і стварэньне сваёй „ апазыцыі”. Масква ўвесь час, як і ў 1994 г., імкнецца падрыхтаваць сабе бяспройгрышны варыянт. Крамлёўцам хочуцца ўвайсьці ў тую ж ваду. Але наўрад ці ўдасца ўжо гэта гнілой Расеі. Час працуе не на імпэрыю і Беларусь ўжо не тая краіна, якую (яны думаюць) ім удасца праглынуць. Ня будзе гэтага. Можа здарыцца якраз наадварот: Беларусь сыграе галоўную ролю ў распадзе апошняй імпэрыі зла.

 

1 сакавіка 2001 г. Нью-Ёрк

 

 

ЦЯЖКІ ЧАС

 

Клясычнае нацыянальнае адраджэньне, дзе б яно ні было, зьвяртаецца да гісторыі, змагаецца за сцьвярджэньне нацыянальнай мовы, культуры і дзяржаўнай незалежнасьці. Гэтак сама разьвіваўся і беларускі нацыянальна-вызвольны рух. Але ёсьць выключная гістарычная асаблівасьць беларускага змаганьня, якую я назваў бы „ беларускай (дакладней, літоўскай) трагедыяй”. Пачалася яна з таго, што ў XVIII ст. супраць вялікай літоўскай цывілізацыі (ВКЛ) і Польшчы аб’ядналася заходняя Эўропа (немцы) і ўсходняя тыранія (Масква). Наша вялікая дзяржава перастала існаваць. Аднак мэта маскоўскага забору была ня проста павелічэньне тэрыторыі, а вынішчэньне нас як народа, разбурэньне культуры, ліквідацыя літоўскай адукацыі, рэлігіі, вытворчасьці, землеўладаньня і сацыяльных вярхоў грамадзтва; наступны этап – русіфікацыя астатняга насельніцтва. Па іхняй задуме, нішто не павінна было нагадваць пра Вялікае Княства, і ніколі ўжо не павінна была паўстаць Літва.

 

Сто гадоў каласальнай вынішчальнай дзейнасьці Масквы мелі вынікі; разбуральнікі прывялі, так бы мовячы, у контурны стан схему гістарычнага зьнішчэньня Літвы. На канец ХІХ стагоддзя была цалкам ліквідавана беларуская школа, асьвета і адукацыя, была цалкам забаронена беларуская (ліцьвінская) мова ў афіцыйным ужытку. Народ страціў сваю рэлігію (Вунію), сваю асьвечаную эліту (набілітэт) і сацыяльныя вярхі, назву краіны і назву сябе.

 

І тады настала ноч. Падкрэсьліваю, „ ноч” настала тады, калі людзі забыліся, як называюцца. Жыла вялікая народная культура, традыцыі, у масе сялян і мяшчан гучэлі старажытныя прыўкрасныя песьні, паўсюдна гучэла вялікая прыгожая мова, зямлю насялялі лагодныя сьветлыя людзі, якія ў большасьці не маглі ўжо адказаць на першаснае пытаньне: хто яны ёсьць. Менавалі сябе „ тутэйшымі”, „ мужыкамі”, „ палешукамі”, „ каталікамі” і г. д. – гэта быў далейшы шлях у магілу.

 

Беларускае (літоўскае) нацыянальнае адраджэньне, як і ў цэлым у Эўропе, узьнікала на этнічнай аснове. Быў скарыстаны новы кансалідацыйна-этнічны тэрмін „ Беларусь”, які напачатку з цяжкасьцю засвойваўся ў цэнтральных і заходніх тэрыторыях ВКЛ, дзе ён раней, практычна, не існаваў, але ўжо на пачатку ХХ стагоддзя новая назва стала ўсеагульнай. Посьпех новай кансалідацыі быў хуткі і выніковы.

 

9 сакавіка 1918 года было аб’яўлена аб стварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі, а 25 Сакавіка прадэкляравана яе незалежнасьць. БНР, фактычна, прадэкляравала аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага ў межах пасьля 1569 года (акрамя былой Жмудзі, якая ў лютым таго ж 1918 года аб’явіла пра стварэньне незалежнай дзяржавы „ Літвы”). Для Беларусі адчыніліся выдатныя пэрспэктывы аднаўленьня дзяржаўнасьці і нацыянальнага адраджэньня. Здавалася, яшчэ крок – і здарыцца Боскі цуд, адродзіцца справядлівасьць гісторыі.

 

Што адбылося ў сапраўднасьці – вядома. БНР разарвалі, падзялілі, расчлянілі па частках. Прытым, заўважце, зроблена гэта, як і ў XVIII стагоддзі, – тымі ж чужымі сіламі, плюс памылковая палітыка толькі што адноўленай Польшчы.

 

Справядлівасьць мы адрадзілі толькі 25 жніўня 1991 года, калі малымі сіламі (у асноўным БНФ, але пры падтрымцы народа), удалося ня толькі вярнуць рэальную незалежнасьць Беларусі, але і закласьці асновы будаўніцтва незалежнай дзяржавы.

 

Дык у чым жа „ Беларуская трагедыя”? Яна ў пэрманэнтна страчаным часе, у страчаным, скрадзеным, абрабаваным, адабраным беларускім часе незалежнага і вольнага разьвіцьця. Адсутнасьць гэтага часу загамавала, затрымала наш нацыянальны рух і, галоўнае, – не дазволіла сінтэзаваць у сьведамасьці пакаленьняў мінулае і цяперашняе, новае і гістарычнае, Літву і Беларусь, Вялікае Княства і Рэспубліку Беларусь. Сінтэз мусіць мець ня толькі сутнаснае (мастацтва, гісторыя, навука, культура і г. д. ) але, перш за ўсё, фармальнае выяўленьне ў Канстытуцыі, сымвалах і ў назве краіны (якая можа стаць поўнай і кароткай з дадаткам, сутнасным азначэньнем і г. д. ).

 

Жыцьцё не стаіць на месцы. У 1918 годзе стартавалі вольная Польшча, Беларусь, Летува, Латвія. Нашыя вольныя суседзі пайшлі наперад у сваім нацыянальна-культурным разьвіцьці. Для беларусаў жа час спыніўся на 73 гады, і ня толькі спыніўся – быў адкручаны назад у „ тутэйшасьць”, у „ мужыкоў” праз вынішчэньне і мільёны ахвяр. Ніхто ня стаў чакаць, пакуль мы ўваскрэсьнем, і кожны з суседзяў патрактаваў нас, нашу „ бясхозную” гісторыю і культуру так, як лічыў сабе зручным. Пад бальшавіцка-маскоўскай акупацыяй забаронена было ўсё: і ВКЛ, і Вунія, і БНР, і Адраджэньне. Нават словы гэтыя былі забароненыя і лічыліся „ ілжывымі” буржуазнонационалистическими терминами”.

 

25 Жнівень 1991 года – гістарычны паварот у лёсе Беларусі. За тры гады, нават ня маючы народнай улады, краіна стала падымацца з каленяў, пачало разьвівацца нацыянальнае мастацтва, тэатр, літаратура, імгненна адрадзілася беларуская школа, беларуская гістарычная навука, паўсюдна годна загучэла беларуская мова.

 

Зь ліпеня 1994 года – унутраная акупацыя ўлады ў Беларусі (пры падтрымцы Расеі) прамаскоўскімі сіламі, антынацыянальная палітыка, антыбеларускі рэжым, аўтарытарная дыктатура. Зноў вынішчэньне ўсяго беларускага, зноў ліквідацыя беларускіх школаў, сымвалаў, фальсіфікацыя гісторыі, задушэньне мовы. Зноў спынены і страчаны час нацыянальна-культурнага разьвіцьця. Прытым Беларусь ня тое што спынілі на мэнтальным узроўні 1994 года, не – яе апусьцілі глыбока ў 80-я, у СССР, на ўзровень эпохі маразму позьняга Брэжнева.

 

Нашыя меншыя суседзі ўжо даўно ў НАТО, у Эўразьвязе, у Шэнгенскай дамове, у цывілізаваным сьвеце, у нацыянальным вобліку і спосабе жыцьця.

 

А мы.., дзе мы? Вось што азначае трагедыя страчанага часу, якая сталася трагедыяй Беларусі.

 

Я называю гэта трагедыяй, бо трагедыя – гэта такая зьява, якая заканчваецца перамогай духу. Перамога народнага духу ня дасьць нам загінуць. Спыніцца сізіфаў залом. У цяжкім часе, у якім мы цяпер жывём, адна з задачаў здаровых і жывых людзей – спрыяць нацыянальнаму захаваньню і ўзвышэньню народнага духа.

 

Гэты „ цяжкі час”, відаць, стане імем назыўным, бо мы ніколі ня мелі яшчэ ўнутранай акупацыі, унутранага антыбеларускага рэжыму. Гэта зьява фармальна новая для грамадзтва, і шмат хто на сёньняшні дзень ня можа зразумець, што адбываецца, чаму гэты рэжым зьвязаўся з Масквой, нішчыць мову, культуру, гандлюе суверэнітэтам і душыць народ. Але і ня ў гэтым яшчэ справа. Мы, беларусы, нават у самыя змрочныя часы, калі нас расстрэльвалі тысячамі, адбіралі зямлю ды везьлі ў Сібір, мы ніколі дагэтуль не перажывалі нацыянальнай ганьбы, роспачы за сваё бясьсільле, за апатыю і прыніжэньне, сораму за тое, што робіцца ў нашым доме. Яшчэ ніколі ніхто гэтак гнюсна і подла, нахабна, штодзённа не пляваў нам у твар.

 

Гэты час ня мінецца, відаць, бяссьледна. Мы павінны будзем потым зрабіць захады на будучыню з праекцыяй на пакаленьні, каб ніколі тое, што ёсьць цяпер, не паўтарылася больш у Беларусі. Мы мусім потым зрабіць ня толькі палітычны, але й маральны, метафізічны аналіз зьявы, якая, зрэшты, ня новая ў сьвеце, калі да ўлады прыходзіць цемра, зло, якое ўсьведамляе сябе злом.

 

Прамаскоўскі рэжым на Беларусі ў чарговы раз прадэманстраваў людзям гэтак жа, як некалі антычалавечыя рэжымы ў Нямеччыне і ў Расеі, што адбываецца з грамадзтвам, калі да ўлады прыходзіць цемра, бескультур’е, перыфэрыйнае думаньне, асобы, апантаныя фобіямі і ідэямі-фікс. Тады дно робіцца верхам, і ўсё добрае, чыстае, сьветлае – глуміцца па вызначэньню.

 

Для беларускай нацыі і культуры гэта вельмі небясьпечны і надзвычай разбуральны рэжым якраз тым, што зьнішчэньне нацыянальнага духа, нацыянальнай вітальнасьці народа ёсьць ягонай палітыкай і мэтай, пагрунтаванай на маніякальнай падсьведамасьці аднаго чалавека, які апынуўся на вяршыні ўлады. Зададзенасьць гэтай мэты (ліквідацыі нацыянальнай тоеснасьці народа) вынікае ня толькі зь дзеяньняў і заяваў рэжыму, але і з наўпроставых выказваньняў галоўнага выканаўцы. 2-га сакавіка 2006 г., напрыклад, на так званым „ усебеларускім сходзе” Лукашэнка заявіў перад усімі: „ Я абараняю не сябе. Я ўжо наеўся гэтай улады. Для мяне вельмі важна паставіць моцную кропку ў гэтым жыцьці, каб нікому, хто прыйдзе пасьля мяне, не захацелася павярнуць назад краіну. Каб краіна ішла гэтай дарогай” і г. д. (Страшна нават уявіць, каб Беларусь засталася ў гэтым маразме – „ ішла гэтай дарогай”. )

 

Палітыка цяперашняга рэжыму адкрыта антыбеларуская і простая, як сякера. Але людзі, якія ўжо страцілі нацыянальную тоеснасьць, ня ў стане (як ні дзіўна) відавочнае – бачыць. Як і сто гадоў таму, мы сутыкнуліся зь неабходнасьцю тлумачыць людзям простыя рэчы нашага ня толькі народнага, але і этнічнага існаваньня.

 

З гэтых „ простых рэчаў” галоўным ёсьць вяртаньне ў сьведамасьць людзей страчанага першаснага, менавіта: трэба каб чалавек валодаў ацэначным вылучэньнем чужога і каштоўнасным усьведамленьнем свайго. Этнас, як вядома, не ўзьнікае, калі не існуе калектыўнага ўсьведамленьня сваіх і чужых, (альбо – ворагаў і сваіх). Адпаведна і нівеліроўка (асіміляцыя) этнаса магчыма толькі пасьля разбурэньня калектыўнай ацэначнай катэгорыі „ чужых”. Не ўсялякая імпэрская палітыка дзейнічае сьведама на этнічным узроўні, але ўсялякая палітыка асіміляцыі накіравана на тое, каб разбурыць (зьмікшыраваць) гэтую мяжу пасьля разбурэньня культуры (зьнішчэньне мовы і культуры – першы этап прымусовай асіміляцыі).

 

Нацыянальная палітыка расейскай імпэрыі і яе клонаў (СССР, РФ) – гэта якраз самая што ні ёсьць гвалтоўная, дзікая русіфікацыя. За амаль дзьвесьце гадоў каляніялізму (асабліва за часы СССР) маскоўская палітыка на Беларусі пакінула свой сьлед. Насельніцтва і пакаленьне новай незалежнай Беларусі павінна б было як найхутчэй зразумець пэрманэнтную чужасьць і небясьпеку, якія зыходзяць ад расейскага імпэрыялізму. Гэтае веданьне абавязковае (зьяўляецца, як кажуць, катэгарычным імпэратывам) дзеля нармальнага існаваньня незалежнай Беларусі. Калі ўсьведамленьне „ калектыўнага чужога” як пагрозы і крыніцы небясьпекі ня вернецца цалкам у палітыка-этнічную сьведамасьць беларусаў, тады застаецца і працягваецца параліч нацыі і неадэкватная рэакцыя на сваю нацыянальную сьмерць.

 

У часы расейскага генацыду 30-х гадоў мінулага стагоддзя гэта выявілася лапідарна даслоўна. Тысячы беларусаў, якіх расстрэльвалі ў Курапатах, казалі перад ямай, напоўненай трупамі, аднолькавую фразу – пыталіся ў катаў: „ За што? ” Ніхто зь іх не разумеў, што іх забіваюць за тое, што яны беларусы, бо забойцы гаварылі эўфэмізмамі („ ворагі народа” і т. п. ). Многія, сьведкі расстрэлаў, зь якімі я гаварыў у 80-х гадах, зьдзіўляліся: „ Ну, няхай бы (маўляў) немцы, а то ж свае”.

 

Ні мільёны замардаваных ды расстраляных беларусаў, ні сьведкі расстрэлаў так і не зразумелі, што адбылося, хто і чаму расстрэльваў. Гэта гісторыя, якая выклікае ў мяне здранцьвеньне.

 

Калі немцы (фашысты, значыцца) зьнішчалі габрэяў, то яны (габрэі) ведалі, „ за што”. За тое, што габрэй. Ішлі ў газавыя камэры, як на ахвяру Апакаліпсісу. Халакост ускалыхнуў чалавецтва, згуртаваў усіх габрэяў. Трагедыя скончылася перамогай духа.

 

Тым часам у курапацкіх магільных ямах, на ўскапанай, палітай крывёю зямлі Курапатаў нашчадкі расстраляных беларусаў па сёньняшні дзень п’юць гарэлку, смажаць шашлыкі ды ламаюць крыжы.

 

Вось што такое нівеліроўка этнічнай сьведамасьці і нераспазнаньне чужых. Асьветніцкая задача дзейнасьці Народнага Фронту – дапамагчы суайчыньнікам разабрацца ў прычынах нашага людзкога нацыянальнага цярпеньня і сьмерці. У 1993 годзе я напісаў артыкул на гэтую тэму „ Аб рускім імпэрыялізме і яго небясьпецы”. Матэрыял трапіў у „ яблычка” – пачаўся ўсяленскі расейска-гэбісцкі лямант (напэўна, зямля паплыла ў іх з-пад ног). Ахвярам зьнялі павязку з вачэй, і русіфікатары запанікавалі.

 

Цяжкі час небясьпечны сваімі наступствамі. Кожны кароткі пэрыяд адраджэньня меў свае дасягненьні і свой уздым духа. Кожны доўгі пэрыяд нішчэньня народа пакінуў свае разбуральныя і часта – неаднаўляльныя руіны, але ў прынцыпе ўсё добрае, здольнае і жыцьцёвае можа мець працяг.

 

Савецкі пэрыяд акупацыі ліквідаваў селяніна-гаспадара, але пакінуў яшчэ беларускую вёску зь беларускімі школамі і насельніцтвам. Цяжкі час адмысловай палітыкі (аграгарадкі, калгасная сістэма, ліквідацыя асяродкаў адукацыі і культуры), практычна, ужо ліквідаваў і гэтую рэшту этнічнай крыніцы нацыі.

 

Цяжкі час – гэта ня толькі пасьлядоўнае вынішчэньне ўсяго беларускага, гэта ёсьць улада цемры і хамства, непавагі да чалавека, зьдзеку над сьветлым, чыстым і добрым. Цяжкі час – гэта масавае паталягічнае п’янства, гэта разбурэньне нармальнай лексікі, абніжэньне нораваў і культуры, страта весялосьці і добрых людзей. Гэта час панурага чалавека.

 

Безумоўна, міне гэты час, і ў памяці сьветлых пакаленьняў беларусаў ён застанецца як кур’ёз ці мо’ як кашмарны сон, які непрыемна ўспамінаць; ці як прыклад таго, як нельга жыць, як нельга маўчаць, як нельга не шанаваць Беларусь і аддаваць уладу ў рукі чужых і цёмных людзей.

 

Гэты час яшчэ працягваецца, але ён ужо мёртвы, і толькі па інэрцыі коціцца ў дол. Наперадзе новая Беларусь. і нішто ня спыніць яе хады.

 

1 сакавіка 2009 г.

 

Надрукавана: („ Беларускія Ведамасьці”, – 2009, № 1 (66)

 

 

ТРЭБА ЛЮБІЦЬ СВОЙ НАРОД

 

Часам, размаўляючы з маладымі беларусамі ці чытаючы іхныя лісты, чую, як наракаюць яны на свой народ, што ён такі ды гэтакі, ды несьвядомы, ды пасіўны, ды не шануе свайго, ды баязьлівы, ды ня хоча змагацца за сваё шчасьце, ды здрадлівы, ды схіляецца перад акупантам і г. д., і злуюцца на сваіх людзей, выказваюць непавагу і гатовыя адмовіцца і ўзьненавідзець.

 

Гэтыя маладыя людзі яшчэ не разумеюць, што яны самы ўжо стаяць на шляху да здрады. І пакуль ім жывецца цяжка, так як і бальшыні беларусаў, яны будуць толькі наракаць, што іншыя не ўзьняліся да іхных (як яны думаюць) высокіх думак і патрыятычных памкненьняў. Але калі ім засьвеціць фартуна ў бізнэсе, у грашах, у сацыяльным становішчы, у службе, у кар’еры, то шмат хто з такіх людзей замыкаецца ў сваіх інтарэсах і хавае ідэалы пад печ, ці ў куфар на дно, каб не рызыкаваць сацыяльным камфортам. Тады гэтакі беларус, каб апраўдацца перад самым сабой, будзе ў голас казаць, што народ дурны.

 

Колькі я ўжо наглядзеўся на гэтакіх людзей, на такія прыклады. Гэта адзін з пратаптаных шляхоў здрады ў няволі, гэта дарога, якой ішлі шмат якія выхадцы з сялян і бедных пластоў грамадзтва.

 

Супрацьпаставіцца такому нявольніцкаму працэсу можа воля, духоўны чын і нацыянальная асьвета. Але толькі вольная нацыянальная дзяржава можа стварыць умовы для нармальнага культурнага разьвіцьця асобы.

 

***

 

Ніколі нельга, асабліва ва ўмовах акупацыі і нацыянальнага прыгнёту, расчароўвацца, зьневажаць і абзываць свой народ. Калісьці сацыяльныя вярхі лічылі сябе людзьмі, а рэшту „народам”. Памятайма, што народ, гэта ня нехта, недзе там. Народ – гэта мы ўсе. Народ – гэта мы. Такое ёсьць нацыянальнае і дэмакратычнае разуменьне народа. Нельга затоптваць сябе ў гразь, асабліва калі нас усіх затоптваюць чужыя. Гэта негадзіва для чалавека. Усьведамленьне адмоўных якасьцяў народа павінна выклікаць жаданьне пазбыцца гэтых недахопаў, а не імкненьне ўцячы, адмовіцца ад нацыі (ад самых сябе), ад культуры ды мовы. Пачынаць выпраўленьне найлепш з сябе. Гэта першы крок, каб стацца асобай. І кіравацца трэба на станоўчыя прыклады, якіх шмат у нашай гісторыі і ў жыцьці.

 

Трэба ўсьведамляць прычыны набытых „адмоўных якасьцяў” людзей. Можа варта іншым сходзіць у Курапаты і падумаць пра гэта там. Дзьвесьце гадоў фізічна і духоўна вынішчалі наш народ. Забівалі лепшых. Толькі за саветамі ў мірны час забілі больш 2-х мільёнаў і толькі за тое, што былі беларусамі, зьнішчылі ледзь ня ўсіх беларускіх пісьменьнікаў. А школа, а фальсіфікацыя гісторыі, а вынішчэньне памяці? Потым, калі Беларусь пачала адраджацца, нішчыцелі сталі называць адраджэньне „экстрэмізмам”, „дэстабілізыцыяй”. Яны хацелі захаваць стабільнасьць магільніка, спакой сьмерці, статус-кво таго пачварнага маразму, які яны стварылі ў нашым грамадзтве. „Статус-кво” – гэта ідэалёгія нішчыцеляў, мэтад па замацаваньні зьнішчэньня і ператварэньня яго ў норму існаваньня.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.