Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Зянон Пазьняк 9 страница



 

Фэнамэн кітайскай і японскай паэзіі вядомы ў сьвеце. Ён ставіцца вельмі высока. і калі я падумаю пра гэта – агортвае мяне нейкая бясьсільная маркота, нібы ад прадчуваньня вялікага марнатраўства.

 

Бо ёсьць яшчэ адзін незвычайны сінтэтычны (г. зн. злучаны зь некалькіх мастацтваў) фэнамэн творчасьці на ўзроўні вяршыняў чалавецтва – сплаў дзівоснай музыкі і вялікай паэзіі. Гэты фэнамэн – беларускі песенны фальклёр, зьява ўнікальная ў Эўропе.

 

Але хто ведае пра гэта! Я часта быў сьведкам, калі людзі не маглі яго зразумець, усяроўна, як тыя, што не навучаныя слухаць душой, ня ўмелі ўспрымаць клясычную музыку, ці як тыя (прывыклыя да эўрапейскай шматслоўнай паэзіі), што няўцямна гарталі Сайгё, Бусона, Ісу ці Басё.

 

За апошнія 40 гадоў выдадзена больш за паўсотні акадэмічных тамоў паэтычных тэкстаў беларускага фальклёру. Справа ня ў тым, што ні ў каго такога няма, што гэтае неверагоднае народнае багацьце (хоць сабранае, на жаль, аднабакова) ёсьць толькі рэшткі з таго, што засталося, што гэтая веліч паказвае на велізарную культуру, якую 200 гадоў адмыслова разбуралі і зьнішчалі варвары. Справа ў тым, што гэта ёсьць сусьветны ўзровень, паэтычная энцыкляпэдыя, філясофія духу, гісторыі, побыту, характару і вобразаў хараства беларускага народу, як частка Боскай ісьціны і Боскай красы.

 

Хто ведае, хто разумее гэта ў эпоху рэгрэсу і дэградацыі эўрапейскай культуры! Адказ „ хто” ды „ чаму” ляжыць на паверхні. Толькі я ня буду яго паўтараць. Мы жывем у такім становішчы і ў такую пару, калі кожны да Беларусі прыходзіць сам.

 

2 красавіка 2001 г., Нью-Ёрк

 

Надрукавана: („ Беларускія Ведамасьці”, – 2001, №7(37)

 

 

14. СВАБОДА

 

Воля, свабода... Словы амаль магічныя. Яны неяк па-асабліваму ўспрымаюцца. У мяне слова „свабода” выклікае ўяўленьне шырокага сьветлага прастору, дзе вее цёплы лагодны вецер. Несвабода асацыюецца зь нечым замкнутым, прыгнечаным і абмежаваным, без даляглядаў і пераменаў.

 

Праявы несвабоды я назіраў з самага раньняга дзяцінства, тады, калі пачалася савецкая калектывізацыя. Пад акупацыяй воля не існуе. Беларус быў бяспраўны. Расейцы зьдзекваліся з нашых сялянаў, як хацелі. Гэтыя карціны зьдзеку бальшавікоў над людзьмі мне і цяпер стаяць у вачах. Сам жа я непасрэдна сутыкнуўся з несвабодай ужо тады, калі асэнсоўваў свабоду як сваё і наша агульнае беларускае права (а не як нейкае маё хаценьне).

 

Памятаю, калі я яшчэ вучыўся ў 9-м клясе ў школе, прыйшоў да нас у керзавых ботах дырэктар-расеяц і сказаў, што з наступнага дня ён будзе выкладаць у нас гісторыю па-руску, дык каб мы яму і адказвалі па-руску.

 

Тады мы цэлым клясам пастанавілі, што па-руску яму адказваць ня будзем. Кірзач ставіў нам усім за гэта „ калы” і „ двойкі”. Праз нейкі час я ад імя кляса запатрабаваў, каб ён спыніў свой экспэрымэнт і стаў нам чытаць лекцыі на нармальнай мове. Дырэктар спасылаўся на Леніна, маўляў, Ленін гаварыў па-руску. „ Але вы ня Ленін, – сказалі мы дырэктару, – вось калі да нас прыйдзе Ленін, тады мы зь ім і пагаворым. ”

 

Праз нейкі час у нас зьявіўся новы настаўнік гісторыі і, як ні ў чым ні бывала, пачаў весьці заняткі па-беларуску.

 

Гэта была наша спакойная школьная перамога, бяз крыку і шпурляньня чарнілак у непрыяцеля. Мяне гэта ўмацавала тады ў думцы, што толькі той несвабодны, хто не змагаецца за свабоду. Свабода сама не зьяўляецца. За яе трэба змагацца, а потым – абараняць.

 

* * *

 

Дэфініцыя свабоды ўмяшчаецца ў тры словы. Свабода гэта ёсьць магчымасьць тварыць дабро.

 

Пра свабоду мы гаворым толькі тады, калі існуе такая магчымасьць. Калі такой магчымасьці няма – мы кажам, што няма свабоды.

 

Калі ж свабода выкарыстоўваецца на зло – яна ператвараецца ў несвабоду. Тады чалавек альбо робіцца нявольнікам сваіх страсьцяў, злых думак і паводзінаў, альбо, ў выпадку антысацыяльных дзеяньняў, трапляе ў турму і траціць свабоду ў літаральным, фізічным сэнсе. Прытым нікому не прыходзіць у галаву змагацца за свабоду крымінальнікаў, гвалтаўнікоў ды забойцаў. Наадварот, патрабуюць абмежаваць іхнюю свабоду.

 

Істотна зазначыць, што свабода ёсьць маральная катэгорыя. Яе адлюстраваньне ў канкрэтных каштоўнасьцях залежыць ад маралі і ўзроўню культуры грамадзтва. Тым часам гэта ёсьць катэгорыя аб’ектыўная. Рэлятывісцкі падыход тут памылковы і прыводзіць да зьнішчэньня свабоды. Дадам яшчэ, што ў філясофскім сэнсе, свабода – гэта магчымасьць вечнага разьвіцьця да ідэалу.

 

Свабода зьвязана з сьветапогляднай і маральнай арыентацыяй чалавека. Таму дэкляраваньне барацьбы за свабоду і сама барацьба за свабоду яшчэ мала што тлумачаць і вымагаюць канкрэтызацыі – у чым справа. Часта выяўляецца, што некаторыя людзі, якія змагаюцца за свабоду, на справе маюць на ўвазе толькі свае інтарэсы, прытым даволі эгаістычныя, суб’ектыўныя і заганныя. Цяпер, у час усеагульнага крызісу дэмакратыі, мы бачым, як нарастае агрэсіўнасьць сацыяльнай цемры ў грамадзтве. Зло змагаецца за свабоду. Масы цёмных суб’ектаў у розных краінах патрабуюць легалізацыі наркотыкаў, свабоды прастытуцыі, распусных палавых дачыненьняў, ліквідацыі інстытуту сям’і, свабоды абортаў і г. д.

 

Шматаблічная катэгорыя свабоды патрабуе, перш за ўсё, дакладнай кадэфікацыі ў праве і выразнай вызначальнасьці ў сістэме маральных каштоўнасьцяў грамадзтва. Агульнасьць і расплывістасьць праўных фармулёвак свабоды можа стаць прычынай апраўданьня абсурду і несвабоды чалавека.

 

Рэкардсмэнам такога абсурду зьяўляецца якраз „ свабодная” Амэрыка. Тыповы прыклад. У Нью-Ёрку ўдарыў мароз. Гэта вялікая пагроза для бяздомных, апушчаных людзей і наркаманаў, якія начуюць на вуліцах. Паліцэйскі разбудзіў бяздомную жанчыну-наркаманку, што ляжала пад сьцяной, і, ня гледзячы на яе супраціў, завёў у цёплую станцыю мэтро, каб яна там пераначавала і не замерзла. Праз нейкі час паліцэйскага пацягнулі ў суд і паліцэйскае ўпраўленьне было аштрафаванае на 500 тысячаў даляраў за парушэньне правоў наркаманкі ляжаць на вуліцы і дзе яна хоча. Паліцэйскі, згодна азначэньня суда, парушыў фундамэнтальнае права асобы – яе свабоду.

 

Некаторыя амэрыканцы нават з гонарам расказвалі мне пра гэта – во якая ў нас свабода. На самай справе тут звычайны (а ў нашым разуменьні – шарлатанскі) амэрыканскі бізнэс. Знайшоўся нікому не вядомы адвакат, які падгаварыў бадзяжку зьвярнуцца ў суд і, карыстаючыся агульнасьцю вызначэньня заканадаўства і фармалізацыяй мысьленьня суддзяў (такое магчыма толькі ў Амэрыцы), выйграў працэс „ абароны свабоды”.

 

Адвакат такім чынам зрабіў сабе бясплатную рэкляму (бо абсурдальнасьць падзеі прыцягнула ўвагу друку) і ў дадатак яшчэ зарабіў грошы (звычайна, ад 25 да 50 адсоткаў ад сумы „ судовага выйгрышу”, гэта значыць, штрафу).

 

Гэта вельмі тыповы для Амэрыкі прыклад, дзе бог – даляр, а свабода – сродак бізнэсу. Ні адваката, ні суддзяў, ні журналістаў, ні разьзявакаў, што цікавіліся зьявай, не абходзіла жыцьцё бадзяжкі. Яны не асэнсоўвалі нават фальшывасьці сваёй пазыцыі. Адзіным чалавекам у гэтай гісторыі, які меў жаласьць у сэрцы і цаніў жыцьцё іншага чалавека як найвялікшую каштоўнасьць, быў амэрыканскі паліцэйскі, якога пакаралі.

 

* * *

 

Свабода – гэта ўнівэрсальны прынцып Сусьвету як Боскага стварэньня, часткай якога ёсьць свабодная воля чалавека.

 

У сацыяльным грамадзтве абсалютны, унівэрсальны сусьветны прынцып свабоды ўзаемазьвязаны з маральнымі калізіямі духоўнага разьвіцьця чалавецтва. Гэтым абумоўлена тое, што свабода ў цывілізаваным сацыяльным грамадзтве ёсьць катэгорыяй выбару і не зьяўляецца найвышэйшай і абсалютнай каштоўнасьцю. Найвялікшымі каштоўнасьцямі ёсьць Бог, жыцьцё чалавека і жыцьцё народа. Там, дзе свабода ўступае ў канфлікт з гэтымі каштоўнасьцямі – там робіцца выбар. Ён можа быць розным. Гледзячы якія сілы, якія ўзроўні задзейнічаныя ў супроцьстаяньні.

 

Глыбінная сутнасьць канфлікту змаганьня за свабоду выяўляецца ў пытаньні: ці можа існаваць свабода ўсяго? (А гэта значыць – і свабода зла. )У метафізічным сэнсе, які апэрыруе вечнаснымі катэгорыямі, такое становішча прызнаецца. (Бог даў свабоду Сатане. Але на пэўны час. Пакуль колькасьць упалых анёлаў не заменіцца адпаведнай колькасьцю справядлівых людзей. У гэтым – сэнс духоўнай гісторыі чалавецтва і зьмест барацьбы дабра са злом на Зямлі. )

 

Але сацыяльная практыка дачаснага сьвету (і дачаснага жыцьця) паказвае, што ў соцыюме не павінна быць свабоды злу, бо спыняецца духоўнае разьвіцьцё. „ Не”, – гавораць злу свабодныя людзі. „ Так”, – кажуць тыя, што хочуць іншай свабоды. „ Так”, – кажуць лібэральныя заканадаўцы, якія лічаць, што прынцып свабоды павінен быць роўным для ўсіх: і для мільярдэра, які лётае зь Нью-Ёрка на Канкордзе паабедаць у парыжскі рэстаран (тры гадзіны лёту, 18 тысячаў даляраў туды й назад), і для бадзяжкі, што мае права замерзнуць на вуліцы, і для верных хрысьціянаў, што жывуць па запаведзях, і для дэградаванага збачэнца, што ўступае ў палавыя акты з жывёлай ці з сабе падобным (і, дарэчы, знаходзіцца ў Амэрыцы пад асобай аховай закону; гэта тут называецца „ сэкс-меншасьць”).

 

Лібэралы глядзяць на свабоду, як той рускі Іван на агурковае поле, які садзіў агуркі, але ніколі іх не палоў. У выніку – замест агуркоў вырасталі чартапалох ды пустазельле. Затое – свабода: расьце, што хоча. Хоць вядома, што культура пачынаецца з абмежаваньня прыроднай свабоды (стыхіі), з абмежаваньня несвабоды (г. зн. разбуральнай сілы).

 

Праклямацыя ў дэмакратычным грамадзтве свабоды без берагоў, „ свабоды ўсяго” заўсёды ёсьць маніфэстацыяй заганнай цемры, патрабаваньнем свабоды злу, імкненьнем да легалізацыі чалавечай нізасьці.

 

Часта прыходзіцца чытаць, як у Нью-Ёрку злавілі тую ці іншую банду маладзёнаў у час нападу на краму. Калі паліцыя іх хапае, яны, звычайна, абураюцца, што парушаюць іхныя чалавечыя правы і што гэта дыскрымінацыя, таму што яны чорныя. Такая рэакцыя сярод злачынцаў вельмі распаўсюджаная. Яны шчыра думаюць, што іх заціскаюць, бо ў Гарлеме яны вырасьлі „ абсалютна свабоднымі”.

 

* * *

 

У цэлым, аднак, свабода ў Амэрыцы добра рэглямантаваная і ўлічвае інтарэсы чалавека, бадай, як нідзе. Выдаткі, кур’ёзы, наступ зла ды абсурд, які пашыраецца, зьвязаны, перш за ўсё, з актывізацыяй левых ва ўсім сьвеце і лібэралаў на Захадзе, пасьля распаду сістэмы савецкага таталітарызму.

 

У заходнім грамадзтве зьнік страх перад камуністычным варварствам, і людзі расслабіліся, страцілі пільнасьць, сталі больш спакойна глядзець на сваіх левых сацыяльных і маральных экстрэмістаў, якія тут жа перайшлі ў наступ і ўжо шмат чаго дамагліся, і нават шмат дзе захапілі ўладу.

 

Выглядае парадаксальным, што маральны крызіс заходняй дэмакратыі і крызіс свабоды супаў па часе з крахам савецкага камунізму і таталітарнай сістэмы сацыялізму ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Захад, магчыма, з цягам часу пераадолее гэты крызіс. Але для нас, для беларусаў, якія змагаюцца яшчэ зь мінулым днём – з рускім каляніялізмам у кагэбоўскай упакоўцы, – для нас важна зразумець, што каштоўнасьці дэмакратыі і свабоды, якія вязуць да нас з Захаду, гэта ў значнай ступені – лібэральны сурагат у дэмакратычнай абгортцы. Ім, дэмакратычным лібэралам, важней узгадаваць тут, у нас, на Беларусі, сваіх гамасэксуалістаў ды фэміністак, ды экспартаваць на Беларусь адкіды сваёй культуры, чым сапраўды дапамагчы нам, беларусам, збавіцца ад расейскай каляніяльнай агрэсіі, абараніць беларускую мову ад зьдзеку і вынішчэньня, вярнуць беларускія школы і беларускую асьвету, умацаваць беларускую незалежнасьць і г. д. Іх не цікавяць праблемы нашага нацыянальнага выжываньня. Ім абходзяць, перш за ўсё, свае лібэральныя інтарэсы.

 

Пад гэтыя свае абмежаваныя паняцьці яны даюць невялікія грошы ды гранты бедным беларусам і плодзяць апазыцыйны пустацьвет, балбатуноў за дэмакратыю без суверэнітэту.

 

Менавіта гэтакая заходняя лібэральная „ публіка” прычынілася да спробы зьнішчыць Беларускі Народны Фронт і расфармаваць яго ў „ дэмакратычную апазыцыю” (у „ балота”). з гэтага, аднак, нічога не атрымалася, бо мы ўжо ведаем іхныя норавы і іхныя справы.

 

* * *

 

Для нас, беларусаў, свабода сёньня абазначае сьцісла канкрэтную і практычную задачу. Мы павінны, перш за ўсё, збавіцца ад каляніяльнага прамаскоўскага рэжыму ўлады, спыніць агрэсію расейскай каляніяльнай палітыкі і гарантаваць бясьпеку і незьнішчальнасьць дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі.

 

Дзеля гэтага мы павінны стварыць нацыянальнае кіраўніцтва краінай. Беларусяй павінны кіраваць: Беларускі нацыянальны ўрад, Беларускі нацыянальны парлямант і Беларускі нацыянальны прэзыдэнт. Беларусяй павінны кіраваць беларусы, а не расейцы, не расейскія генэралы і не расейская каляніяльная адміністрацыя.

 

Пра свабоду можна казаць толькі тады, калі мы будзем гаспадарамі ў сваім доме. Толькі тады – калі мы, беларусы, самы, як мы таго захочам, – будзем кіраваць і гаспадарыць у нашай Беларускай дзяржаве. і ўжо маючы такую свабоду, мы ніколі не скарыстаем яе на зло. Наша свабода стане для нашага народа Боскім стварэньнем шчасьця нашых людзей. і тут ужо нам трэба будзе пастарацца, каб не рабіць так, як заходнія лібэралы, і ня ўкінуць Сьвятую Свабоду ў гразь.

 

5 траўня 2001 г., Варшава

 

Надрукавана: („ Беларускія Ведамасьці”, – 2001, №6(36); „ Народная Воля”, – 2001, 1 чэрвеня)

 

 

 

 

ВЫБРАНЫЯ АРТЫКУЛЫ

 

 

ВЯЛІКІ КУПАЛА

 

Як добра мець такога паэта, вуснамі якога прамаўляла вольная Беларусь! Гэта магутны талент і дар Божы для беларусаў, на ўсе часы.

 

Янка Купала ідэйна і эстэтычна засьведчыў сьпеласьць беларускай нацыянальнай літаратуры, адлюстраваў у творчасьці лёс нацыі на тым этапе яе існаваньня, выявіў беларускую нацыянальную ідэю ў эстэтычнай форме і нацыянальныя каштоўнасьці – у вобразах мастацкай красы.

 

Чым жа нязьменны і чым дарагі нам зараз, цяпер, наш вялікі нацыянальны паэт? Ён дарагі нам любовяй да Беларусі, да яе волі і незалежнасьці. Ягоная любоў, выяўленая ў мастацкай форме, гэта ня ёсьць хараство суб’ектыўнага замілаваньня, кшталту: „ Люблю мой край, старонку гэту”. Ягоная любоў ёсьць адлюстраваньне ўнівэрсальнасьці сьветабудовы і парадку рэчаў, які прадвызначае паставу і паводзіны чалавека. Бо нельга быць несвабодным. Нельга быць нявольнікам – і спадзявацца на шчасьце. Нават дабрабыту нявольныя людзі ня мецьмуць, бо колькі б яны ні працавалі, вынікі іхняе працы забяруць калянізатары, тыя, ад каго залежныя нявольнікі, тыя, хто валодае іхняй краінай.

 

Памятаючы Купалу, глянем цяпер на гэтых, што абяцаюць народу „ сто” ці „ трыста” даляраў зарплаты, дакляруюць рынкавую гаспадарку, багацьце ды кажуць: галоўнае – эканоміка, а не свабода, ня мова, ня сьцяг і ня Бог.

 

„ Чаго хочаш? ” – спыталі б такога. „ Хачу – дабрабыт. ” „ Ня будзеш яго мець. Бо, каб стаць заможным, трэба быць незалежным! ”

 

Вось дзе найвялікшая каштоўнасьць і найвялікшая праўда Беларускага Адраджэньня! „ Гэта бітва йдзе сусьветна Між сьвятлом і апраметнай! ” – пісаў Янка Купала.

 

Шчасьце людзей недасягальнае бяз вольнай будучыні ўсіх, без незалежнасьці Бацькаўшчыны. Будаваць нацыянальную будучыню трэба пачынаць зь вялікай ідэі, з Храма, а не з хлява.

 

„ На Вялікі Сход! Па Бацькаўшчыну! ” – клікаў Купала. „ На прастор! ”, „ На бітву, будучыя сілы! ”

 

Купала, маючы Боскі талент, казаў праўду наўпрост, гучна, голасна і магутна. Гэта рабіла яго вялікім і моцным, і нават сьмяротныя ворагі, гэтае выпарэньне пекла, – рускія бальшавікі – баяліся Купалы і, ненавідзячы, дваццаць гадоў не рашаліся яго забіць. (Пакуль не заманілі паэта ў Маскву. )

 

„ Паўстань з народа нашага, прарок, і ў буры гром удар, пад звон кайдан! ”

 

Гэтак пісаў і марыў Янка Купала. Ён якраз і быў тым найвялікшым прарокам і песьняром Беларускага Адраджэньня, які сказаў аб галоўным:

 

Я адплаціў народу,

 

Чым моц мая магла:

 

Зваў з путаў – на свабоду,

 

Зваў з цемры – да сьвятла.

 

Ідэйная пазыцыя і творчасьць Янкі Купалы ёсьць ідэальны прыклад, узор паставы і думаньня для беларусаў, якім неабыякавы лёс Беларусі, якія мараць пра шчасьце Айчыны.

 

Гэта такая зьява, што пакуль будзе існаваць Беларусь, пакуль будзем мы на Зямлі, дагэтуль будзе вялікім – Купала. Ён – Вялікі Наш. Ён – частка нашай Будучыні.

 

Няхай жа памяць пра нашага генія станецца вечнай! Няхай творчасьць ягоная лучыцца з нашым змаганьнем. Хай веецца сьцягам і ўспаможа нам – у свабодзе.

 

7 ліпеня 2002 г., Варшава-Менск

 

 

СІСТЭМНАЕ РАЗБУРЭНЬНЕ МОВЫ

 

У 30-х гадах, пад расейска-савецкай акупацыяй, нішчэньне правапісу беларускай мовы адбывалася пад гукі рэвальвернай кананады ў Курапатах, у лясах пад Магілёвам ды пад Менскам, у Сьляпянцы ды Лошыцы, у двары Вялейскай турмы ды казематах Берасьцейскай крэпасьці. Таму аб акупацыйным правапісе не дыскутавалі (маглі расстраляць). Адны перасталі пісаць па-беларуску, другія пагадзіліся на „ тапор”, „ карандаш”, „ акцябрскую рэвалюцыю” і іншую лексіку. Разьвіцьцё афіцыйнай, дзелавой ды й літаратурнай беларускай мовы было спынена. Вось вынік так званай „ наркомаўскай” маніпуляцыі Масквы зь беларускай мовай. Заканадаўчае дзеяньне было накіравана на вынішчэньне беларускай мовы шляхам паралічу яе моўнай сістэмы знутры.

 

Толькі пасьля сьмерці Сталіна беларуская літаратура паступова пачала зьвяртацца да жывых формаў і лексікі беларускай мовы, абыходзячы вірусы і рагаткі чужароднай ін’екцыі. У сярэдзіне 50-х здолелі часткова рэфармаваць і беларусізаваць чужародны правапіс, але вярнуцца на зыходныя пазыцыі поўнасьцю не ўдалося, нягледзячы на гераічныя і плённыя высілкі выдатнай беларускай літаратуры. Афіцыйная беларуская мова (літаратурная, дзелавая) мярцьвела, лакалізавалася ў літаратуры, у некаторых газэтах і сярод асобных людзей (галоўным чынам інтэлігенцыі). Гэта амярцьвеньне жывой літаратурнай мовы бачылі, адчувалі, пра гэта пісалі, крычалі тады амаль усе вялікія беларускія пісьменьнікі і паэты („ Кажуць, мова мая адамрэ... ” – клясычны рэфрэн у тагачаснай паэзіі. )

 

Чаму ж сталінскі ўдар аказаўся такім балючым і катастрафічным? Два чыньнікі. Найперш, удар быў накіраваны ўнутр сістэмы мовы. Другі чыньнік – удар у сістэму мовы быў падтрыманы палітыкай этнацыду і генацыду беларускай нацыі. Бяз гэтага другога чыньніку сьмяртэльны стрэл у сістэму мовы ня меў бы, практычна, ніякага значэньня. Сістэма проста выплюнала б чужароднае цела і разьвівалася б далей па сваіх жывых законах, чужароднае не прыжылося б.

 

Рэпрэсіі, страх, прымус – былі формай, зьместам і рэалізатарам выніковасьці сталінскага закону. Як толькі гэтыя чыньнікі пачалі слабець – агалілася сутнасьць нішчэньня, зьявілася воля да адраджэньня жывога.

 

Беларуская нацыянальная рэвалюцыя 1991 года і вяртаньне незалежнасьці краіны (нягледзячы на ўладу савецкай намэнклятуры) вярнулі ўсё ў пачатак. Адрадзіўся новы клясычны правапіс (Браніслава Тарашкевіча). Пачаўся паварот да мовы, зацікаўленьне лексікай, правапісам, увага да дыялектаў, да беларускай лацінкі і г. д. Клясычным правапісам пачалі пісаць нашы вялікія сучасьнікі Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Мноства людзей упершыню вярнулася да беларускай мовы і, не прымаючы афіцыёз, пачалі пісаць, як умелі, экспэрыментаваць зь лексікай і правапісам, розныя аўтары і часопісы па-рознаму пачалі адыходзіць ад афіцыйнага (савецкага) напісаньня. Разам з выдаткамі тут выявілася шмат новых формаў і словаў, адчыняецца забытае. з пункту гледжаньня савецкага акадэмічнага афіцыёзу – гэта анархія, „ абы што”, зьмяшаньне ўсяго ў кучу, псаваньне мовы і г. д. з пункту гледжаньня гістарычнага працэсу, аднак, – гэта заканамерная зьява ўсялякага адраджэньня сістэмы і аднаўленьня страчанага. Гэта аб’ектыўны працэс, ён неабходны для крышталізацыі новага ўзроўню і новага адзінства. Гэта, нарэшце, працэс пазітыўны і яшчэ ня скончаны. Ён рухае наперад (siс! ) творчае зацікаўленьне мовай у шмат якіх беларусаў. Ён спрыяе вяртаньню іх ва ўлоньне беларускай моўнай стыхіі.

 

Вельмі істотна ўбачыць і зразумець, што ў рэчышчы функцыянаваньня беларускай мовы ў цяперашняй Рэспубліцы Беларусь гэты цяперашні творчы плюралізм правапісаў ёсьць зьявай паралельнай афіцыйнаму ўжываньню мадэрнізаванага савецкага правапісу беларускай мовы. Грунт і стабільнасьць афіцыйнага ўжываньня мовы палягае на гэтым афіцыйным правапісе. На ім базуецца школа, навучаньне, інфармацыя і г. д. Пакуль што яму нічога сур’ёзна не пагражае, і „ савецкі правапіс” квола йдзе сваёй дарогай. Але „ паралельныя працэсы” выклікаюць усё большае зацікаўленьне беларускай мовай, прытым сярод тых, хто, не ўдаючыся ў развагі, карыстаецца афіцыйнай формай правапісу. „ Паралельныя працэсы” выступаюць у ролі каталізатара ўсяго моўнага адраджэньня, нягледзячы на антыбеларускую (антышкольную, антымоўную) палітыку існуючага рэжыму. і вось тут адбыўся паўторны „ сталінскі ўдар”. Нішчыцелі заўважылі працэс і прынялі меры згодна свайго антыбеларускага ўменьня і разуменьня. Антыбеларускі рэжым прыняў закон аб новым афіцыйным правапісе беларускай мовы. Задача тая ж – разбурэньне і ліквідацыя ў афіцыйным ўжытку літаратурнай беларускай мовы. Першы чыньнік (разбурэньне моўнай сістэмы) застаўся такі ж самы, як і раней, у 30-х, таму зьмены ў афіцыйным правапісе блытаныя і некардынальныя. Але (што дакладна заўважыў З. Саўка) не „ тарашкевіца”, не „ паралельны плюралізм”, а менавіта гэты новы таталітарны закон, прыняты ўнутранымі акупантамі Беларусі, разбурае адзінства афіцыйнага правапісу і цалкам дэстабілізуе моўную сытуацыю ў агульнанацыянальным маштабе.

 

Другі чыньнік, палітычны (страх, рэпрэсіі, перасьлед), у выніковым сэнсе ўсё ж не дацягвае да сталінскага, каб стаць гарантам дзеяньня і выкананьня акупацыйнага закону. Таму быў прыняты небывалы варыянт: уведзена юрыдычная адказнасьць асобы за напісаньне, ня згоднае з афіцыйным правапісам. Гэта грубае дыскрымінацыйнае палажэньне (прыдуманае людзьмі, якія беларускай мовай не карыстаюцца), ўнікальнае па сваім цынізме. 23 ліпеня гэтага года яно было афіцыйна(! ) зацьверджана. За артаграфічныя памылкі асоба мусіць адказваць па суду, альбо атрымаць адміністрацыйнае спагнаньне. Па паранойнай задумцы, пагроза судовага і адміністрацыйнага перасьледу за памылкі ў напісаньні павінна рэзка зьменшыць сфэру пісьмовага ўжываньня беларускай мовы (на гэта і разьлік) і павялічыць сфэру рускай, якая не дыскрымінуецца. Прытым, можна не сумнявацца, перасьлед за памылкі будзе выбарачным. Тут тыпова крымінальны падыход да выкананьня заведама крымінальнага заканадаўства і тыповая мэтодыка мафійнага гэбізму ва ўнутранай палітыцы.

 

Зацьвярджэньне разбуральнага закону выклікала зноў вялікую дыскусію ў непадкантрольных сродках масавай інфармацыі. Што зьвяртае на сябе ўвагу, спрачаюцца, у асноўным, пра суфіксы і канчаткі, не гаворачы (можа, не заўважаюць? ) пра мэтанакіраваную разбуральную сутнасьць закона, пра заплянаваны дыскрымінацыйны гвалт над носьбітамі і карыстальнікамі беларускай мовы. Зьявіліся нават допісы, дзе з ужываньнем навуковай тэрміналёгіі пераконваюць, што, маўляў, нічога страшнага, мове „ закон” не перашкодзіць, вунь і ў грэкаў такое было, і сталінскі закон мовы ня зьнішчыў. Гэтак пішуць звычайна маладыя, што ня ведаюць пра камунізм і савецкую акупацыю. Сталінскія мэтады супраць мовы нас распляскалі так, што ўжо ў 70-х гадах Масква і гэбісты паставілі на нашай нацыі крыж. Яны сур’ёзна лічылі, што беларуская мова „ натуральным чынам” зьнішчана, і беларуская нацыя ўжо ніколі не падымецца. „ Мы не будем противопоставлять белорусскую мову великому русскому языку! ” „ В Белоруссии нет национализма! ” – гукалі розныя мясцовыя сакратары Цэ-Ка і „ будаўнікі камунізму” (у партупеі пад кашуляй). Зьяўленьне БНФ выклікала ў іх шок, а бліскучае выкарыстаньне сітуацыі і перамога Фронту ў 1991 годзе ўвяла Маскву ў стан прастрацыі. Але калі б Савецкі Саюз праіснаваў бы яшчэ гадоў дваццаць, то сумняваюся, ці паднялося б што ў Беларусі. Мы віселі ўжо над безданьню.

 

Раней я неаднаразова пісаў, што Масква зрабіла для сябе вельмі сур’ёзныя высновы пасьля паразы ў Беларусі ў пачатку 90-х гадоў. Мэтад і мэтодыка, якімі вынішчаюць нас цяпер, глыбока, прафэсійна і дэталёва распрацаваныя, а тое, што адбываецца (па мэтодыцы разбурэньня нацыі), калі зрабіць сістэмны аналіз, не ўкладваецца ў рамкі інтэлекту кіроўнай асобы Рэспублікі Беларусь (хоць выконвае ўсё якраз гэтая асоба).

 

Вынішчэньне мовы йдзе „ пакетам” разам з разбурэньнем школы. Апошні разбуральны прыём – раптоўны перавод на 11годку. Па мэтадалогіі нішчэньня – гэта тое ж самае, што робіцца з мовай. У гэтым жа сістэмным пакеце йдзе выключэньне беларускай гісторыі са школы, разбурэньне беларускай літаратуры, беларускай грамадзянскай супольнасьці, нішчэньне помнікаў гісторыі і культуры, і беларускага Інтэрнэту (падзеі наперадзе).

 

Пакуль беларуская інтэлектуальная эліта не зразумее, не ўсьвядоміць глыбока і рэальна, што з боку Расеі йдзе доўгая зацяжная вайна супраць Беларусі, што гэта вайна іншымі сродкамі, бяз бомбаў і кулямётаў, бяз гучнае зброі, – што гэта вайна не на жыцьцё, а на сьмерць, – супраціўленьне арганізаваць ня ўдасца. Цяпер, аднак, трэба думаць разам, усім пра стратэгію супраціўленьня вынішчэньню ў вобласьці культуры, пра тактыку абароны мовы, пра спосабы яе захаваньня, пра контрнаступ і барацьбу за яе адраджэньне і разьвіцьцё. Стыхійнае выказваньне пазыцыі, абурэньняў, скаргаў ды ацэнак – справа неабходная, але ў гэтай сытуацыі бездапаможная („ Масква сьлязам ня верыць, ” панове).

 

Там, дзе ідзе арганізаваная атака, – там павінен узьнікаць і арганізаваны супраціў.

 

Калі глянуць у корань і калі не апэраваць дэфініцыямі ды катэгорыямі (цяжкімі для ўспрыняцьця бальшыні людзей), то галоўны сэнс русіфікацыі і ўсёй гэтай векавой антыкультурнай палітыкі ў тым, каб беларусы перасталі гаварыць, чытаць і пісаць па-беларуску і пачалі размаўляць, чытаць і пісаць па руску. Вось іхняя стратэгія, зьведзеная да ўзроўню звычайнага чалавека. Яна ненатуральная, але простая, як кол. Адказ на гэта ёсьць жыцьцёвы і адпаведны – беларус павінен гаварыць, чытаць, пісаць і думаць па-беларуску – на роднай мове вялікай культуры і вялікай эўрапейскай нацыі. Вось нашая галоўная стратэгія ў барацьбе за культурнае існаваньне. Ёй павінна быць падпарадкавана ўся наша дзейнасьць ў вобласьці адукацыі, асьветы, інфармацыі, творчасьці, навукі і культуры. Не забывайма пра функцыю і ролю эліты, не забываймася і пра місію інтэлігенцыі. Тут мусіць быць тактыка і мэтадалёгія. Як некалі было ў акупаванай Прыбалтыцы – першае пытаньне паэстонску (па-беларуску); другое пытаньне – чаму не размаўляеце па-эстонску (па-беларуску). Вялікая небясьпека, пачварныя зьявы насоўваюцца на нас з Ўсходу. Але мы маем супраць гэтага моцную зброю (прытым, у шырокім ужытку – непераможную). Гэтая зброя ёсьць наша вялікая Беларуская Мова.

 

Улічваючы разуменьне ўсяго, што сказана вышэй, што можна прапанаваць у гэтай сытуацыі, калі антымоўны дыскрымінацыйны закон прыняты? Найперш, яшчэ маецца больш за год да пачатку ўвядзеньня гэтага заканадаўчага „ акту”. Трэба добра прадумаць дзеяньні і паводзіны ў гэтым пэрыядзе і на прышласьць. Калі за гэты час ішак ня здохне і візір ня жэніцца, то першае што неабходна забясьпечыць, – гэта захаваць вобласьць, дзе мог бы разьвівацца „ плюралізм правапісаў” (паўтаруся, гэта жывы творчы працэс). Не выключаю, што трэба заранёў падумаць пра Інтэрнэт, падпольны самвыдат, кружэлкі ЦД і ДВД, псэўданімы, выданьні за мяжой і інш. Абсяг вялікі. Заўважце, што ў дзяржаўных выдавецтвах з прычыны пазыцыі рэжыму ўжо даўно і так не выходзяць кнігі сучасных выбітных беларускіх аўтараў – Барадуліна, Разанава, Бураўкіна, Някляева, Казько, Арлова, Гілевіча, ды-й, практычна, ўсе „ маладыя” друкуюцца ў недзяржаўных выдавецтвах. Так што ёсьць, існуе „ дарога жыцьця”. і будзе існаваць, пакуль творыцца наша выдатная літаратура.

 

Другое (прашу аднесьціся да гэтага спакойна), неабходна распрацаваць мэтодыку нацыянальнага прыстасаваньня дыскрымінацыйнага моўнага закону да патрэбаў афіцыйнага існаваньня і пашырэньня беларускай мовы. Выдаткі непазьбежныя, напэўна будуць зьнявагі і нават ганебныя рэпрэсіі, грэблівасьць з абодвух бакоў. Усё трэба выцерпець, бо калі мы гэтага ня зробім, мову ў афіцыйным ужытку „ прыхлопнуць” на „ законных” (дакладней, на законна-крымінальных) падставах. Дзеля гэтага і прыняты нішчыцелямі такі юрыдычны акт. Трэба не забывацца, паўтаруся, што сутнасьць дыскрымінацыйнага закона не ў правапісе (прапануецца мадыфікаваная „ наркомаўка”, ня больш), а ў пакараньні за артаграфію. У сёньняшнім грамадзтве яшчэ няма сілы на шырокае і стыхійнае супраціўленьне моўнай дыскрымінацыі. Сілу трэба рыхтаваць і нельга праігрываць.

 

Трэцяе. Беларуская эліта (уся беларуская эліта, а ня толькі ТБМ, якое змагаецца ўвесь час) мусіць забясьпечыць пэрманентную і няспынную крытыку дыскрымінацыйнай сутнасьці крымінальнага „ закона” пра мову (перасьлед за артаграфію) Гэтае пытаньне павінна гучэць паўсюдна і ўвесь час, на ўсіх канфэрэнцыях па лінгвістыцы, правах чалавека, разьвіцьці дэмакратыі, сутнасьці таталітарызму, юрыдычных аспэктах улады і г. д., гэтае пытаньне павінна гучэць у прыкладах і спасылках, стаць прыпавесьцю ў разважаньнях, заявах і патрабаваньнях. Пашырэньне крытыкі не азначае, што ўдасца прымусіць прамаскоўскі рэжым адмовіцца ад паранойнага палажэньня ў законе. Гэта выключаецца (на тое ён і прамаскоўскі рэжым). Але крытыка грубай тэндэнцыйнасьці антымоўнага акту будзе спрыяць інфармаванасьці людзей, іхняму праўнаму асьветніцтву, надасьць сілы здароваму грамадзтву ў змаганьні за розум, за сьветласьць, за вольную Беларусь.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.