Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Зянон Пазьняк 7 страница



 

Але спусьцімся на Зямлю. Відавочны факт, што Хрысьціянства прынесла на Зямлю іншыя дачыненьні да аўтарытарнасьці. Галоўным прынцыпам узаемаадносінаў стаў ўнутраны вольны выбар. Велізарнае значэньне пачалі адыгрываць маральныя аўтарытэты, людзі вялікай адукацыі, ведаў, здольнасьцяў і культуры. Сацыяльная аўтарытарнасьць, якая раней не аспрэчвалася, таксама пачынае ацэньвацца з гледзішча маральных якасьцяў і культурнага ўзроўню. Першасным грамадзкім аўтарытэтам робіцца не герой зь яго разбуральнымі подзьвігамі, як у старым сьвеце, а чалавек-стваральнік, які сваімі думкамі, дзеяньнямі і дасягненьнямі спрыяе грамадзкаму дабру, які ня толькі зьнішчае перашкоды, але, перш за ўсё, стварае і сцьвярджае станоўчую рэальнасьць дзеля лепшага існаваньня і ўдасканальваньня ўсіх.

 

Менавіта такую асобу найперш стала ўхваляць грамадзтва. Паважаная актыўная асоба стала эфектыўным чыньнікам разьвіцьця культуры. Стваральны ўплыў такой вялікай асобы не абмяжоўваецца пэрыядам яе жыцьця, бо новая нацыянальная супольнасьць, арганізаваная ў нацыянальную дзяржаву, выступае як калектыўная адметная індывідуальнасьць, якая мае свае калектыўныя (нацыянальныя) інтарэсы, галоўныя зь якіх – грамадзка-культурнае разьвіцьцё і падтрыманьне вечнасьці народнага існаваньня.

 

Вялікая асоба якраз і выяўляла гэтыя інтарэсы. Аўтарытэт асобы ў нацыянальным грамадзтве ёсьць мера і чыньнік грамадзкай культуры, фактар нацыянальнага разьвіцьця. Яго ўплыў, незалежна ад часу, робіцца пастаянным, становіцца гістарычным здабыткам культуры. Ён (гэты ўплыў) можа большаць ці меншаць, але ўжо не мінае, бо пераходзіць у сфэру нацыянальнага духу.

 

З разьвіцьцём нацыі індывідуальная дзейнасьць у сфэры літаратуры, тэатра і грамадзкіх ідэй мела рашаючае значэньне для сфармаваньня нацыянальнай супольнасьці і стварэньня потым нацыянальных дзяржаваў. Калі не існуе нацыянальнай літаратуры, калі няма вялікіх нацыянальных пісьменьнікаў і паэтаў, то няма і нацыі. Нацыя не ўтвараецца без нацыянальнай літаратуры і тэатру. Нацыянальны тэатр – гэта ўвогуле мастацкая мадэль нацыі ў мініятуры. Але ўся творчасьць нацыянальнага пэрыяду ўжо ня ёсьць безыменнай, калектыўнай, цэхавай, ці вуснай народнай. Гэта ёсьць прафэсійная ўсьвядомленая творчасьць індывідуальнасьцяў, якія імкнуліся ўвасобіць і адлюстраваць агульнае ў канкрэтным, народны лёс у чалавечым вобразе.

 

Творцы і дзеячы нацыянальнага мастацтва, літаратуры, тэатра, навукі, палітыкі, культуры ёсьць генератарамі ідэй, стваральнікамі нацыянальнай супольнасьці; кожны мае сваё імя і аўтарытэт у пантэоне нацыянальнай культуры. Нацыя моцная сваімі вялікімі прадстаўнікамі. Уплыў іх абсалютны, каштоўнасьць безумоўная.

 

Кожнае нацыянальнае грамадзтва адносіцца з асаблівай увагай да сваіх грамадзкіх аўтарытэтаў. Характар дачыненьняў шмат пра што кажа. Тут выяўляецца і ўзровень культуры, і якасьць духу, і ступень салідарнасьці, і пасіянарнасьць, і скрытыя комплексы, і незалежнасьць (ці, наадварот, залежнасьць) думаньня, і нацыянальная сьпеласьць грамадзтва.

 

* * *

 

Стабільныя культуры Заходняй Эўропы і Паўночнай Амэрыкі даволі арганічна акамулююць нацыянальныя аўтарытэты ў сфэры свайго грамадзтва. Адносіны да іх разьвіваюцца ў рэчышчы агульнай павагі да чалавека. Павышаны інтэрас можа выклікаць элементы перабольшаньня альбо недаацэнкі, але ў цэлым, носіць аб’ектыўны і здаровы характар. Дачыненьні адэкватныя.

 

Больш складаныя дачыненьні ў ацэнцы аўтарытэту асобы ў грамадзтвах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Тут аўтарытэту часта надаецца павышаная хваравітая ўвага і вызначэньне; успрыняцьце можа быць заведама тэндэнцыйным і рэфлексійным, эмацыйныя крытэрыі могуць пераважаць.

 

Супраць аўтарытэтаў адных асобаў і за аўтарытэты іншых тут нярэдка йдзе змаганьне, часта вельмі аднабокае і далёкае ад рэальнасьці, аб’ектыўнасьць не шануецца, плодзяцца ілюзіі і міфы, на іх, як замкі на пяску, будуюцца цэлыя квазінавуковыя канцэпцыі. На грунце рознасьці ўяўленьняў узьнікаюць дыскусіі і непаразуменьні.

 

Адной з прычынаў такіх ускладненых дачыненьняў ёсьць тое, што народы Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў пэрыяд позьняга сярэднявечча страцілі сваю незалежнасьць, былі падзеленыя паміж чатырма імпэрыямі і толькі ў пачатку ХХ стагоддзя дамагліся незалежнасьці, а некаторыя неўзабаве зноў апынуліся ў савецкай імпэрыі.

 

У той складанай сітуацыі шмат якія вядомыя людзі дзейнічалі і тварылі на сумежжы культураў, альбо адначасна ў некалькіх культурах, часам зьмянялі сваю арыентацыю і супрацоўнічалі з акупацыйным рэжымам. Тое ж самае адносіцца да дзеючых сучасьнікаў, калі палітычныя крытэрыі ў грамадзтве пераважваюць над культурнымі і навуковымі.

 

У цэлым трэба прызнаць, што гэта ёсьць невысокі ўзровень дачыненьняў у ацэнцы вялікіх людзей і выкліканы ён, перш за ўсё, палітычнай няўпэўненасьцю, страхам (часам, неўсьвядомленым) зноў страціць свабоду і незалежнасьць. Адсюль імкненьне самасцьвердзіцца як найбольш.

 

У скансалідаваных грамадзтвах Цэнтральна-Усходняй Эўропы адбываецца (часам амаль нябачнае) змаганьне за нацыянальныя аўтарытэты на ўзроўні палітычнай аднабокасьці. Але, трэба сказаць, практычна ніхто ў гэтых грамадзтвах не сумняваецца ў вялікім значэньні аўтарытэту асобы для нацыянальнай сучаснасьці, гісторыі і культуры. Нігілізм, адмаўленьне аўтарытарнасьці культуры тут не прыжываюцца.

 

Адметны падыход да аўтарытэту як да стваральнага чыньніка разьвіцьця выяўляюць габрэі, для якіх на працягу тысячаў гадоў гісторыі ўтрыманьне аўтарытарнасьці габрэйскай культуры было асноўнай задачай, сродкам духоўнага выжываньня і кансалідацыі, сцьвярджэньня сябе ў не сваім сьвеце.

 

У дачыненьні да аўтарытэтаў габрэі вольныя ад паталёгіяў Цэнтральна-Усходняй Эўропы. Яны ніколі не бяруць чужога і не выдаюць яго за сваё. Яны ніколі не затоптываюць сваё, зыходзячы з рознасьці палітычных дачыненьняў, бо агульнае (габрэйскае) – вышэй. Тут іншы падыход да аўтарытарнасьці і нацыянальнага самазахаваньня. Лепшую, вядомую, паважаную, здольную, пэрспэктыўную асобу часьцей за ўсё ўзмоцнена прапагандуюць, ёй ствараюць аўтарытэт, ставяць нібы на катурны, яе ўзвышаюць, пра яе часта і шмат гавораць, даюць выдатныя ацэнкі, аўтарытэт і значэньне яе распаўсюджваецца, разьдзімаецца і ўсімі падтрымліваецца. Вядомасьць часам ствараецца ямаль што на пустым месцы, але настолькі энэргічна і пасьлядоўна прапагандуецца, што ніхто ўжо не адважваецца сказаць нешта насуперак. А калі і скажа, то яму ж і горай. Бо хто ж можа сумнявацца ў быццам бы звышгеніяльнасьці ўсімі прызнанай асобы – толькі той, хто ні ў чым не разьбіраецца. (Хаця сумніўца якраз можа разьбірацца найлепш. )

 

Вельмі дрэннымі здаюцца мне дачыненьні да вялікіх людзей у беларускім грамадзтве. з першага погляду можна падумаць, што наша супольнасьць пакутуе на нейкі сацыяльнапсіхалягічны мазахізм і самаедзтва. Топчацца і не паважаецца менавіта сваё.

 

Беларускі нацыянальны аўтарытэт – гэта фактычна заўсёды трагічная асоба, якую зьневажаюць, абплёўваюць і здраджваюць нібыта свае беларусы.

 

Практычна, аднак, нэгатыўныя дачыненьні вызначалі і вызначаюць якраз не беларусы, а калянізатары, акупанты, ворагі беларушчыны. Яны заўсёды былі агрэсіўныя і канцэптуальныя, а беларускае грамадзтва – пасіўнае і, як правіла, канфармісцкае.

 

Галоўная прычына такога ненармальнага стану ў тым (пра гэта я ўжо пісаў раней), што ў ХІХ-м стагоддзі была зьнішчана беларуская сацыяльна-культурная эліта, набілітэт, засталіся толькі нізы (у асноўным сяляне і часткова мяшчане). Руская каляніяльная імпэрыя ўвяла тут сваю сацыяльна-дзяржаўную эліту замест зьнішчанай беларускай і беларускія нізы змушаныя былі яе прызнаць як неабходную ўладу, бо іншай альтэрнатывы не існавала.

 

З гэтага часу пачалася нацыянальная сьлепата, якая ня скончылася па сёньняшні дзень.

 

Наша грамадзтва з прычыны даўгіх акупацыяў, падзелаў і страты элітаў, слаба скансалідаванае. У ім не хапае разуменьня асноўнага адзінства паміж прыватным, агульнанацыянальным і асабовым. Чалавек сучаснай эўрапейскай цывілізацыі айчынаў успрымае агульнанацыянальныя задачы і прэстыж вялікіх асобаў нацыі гэтак жа, як свой прыватны інтэрас. У пластах беларускага грамадзтва такога неабходнага разуменьня адзінства няма. Яно падзеленае. Задачы нацыі, палітыка, ідэі культуры, дзяржава, улада і прыватныя інтарэсы асобных людзей існуюць у сьведамасьці шмат якіх беларусаў незьвязана, нібы самы па сабе, а дзейнасьць вялікіх аўтарытэтных асобаў народа ацэньваецца як іхняя прыватная справа.

 

Лёс вялікай нацыянальнай асобы ў гэтакім дэфармаваным нескансалідаваным грамадзтве, як правіла, поўны драматызму. Ворагам беларушчыны лёгка расправіцца з такімі людзьмі, а прапаганда можа вытварыць, што хоча, пры агульнай пасіўнасьці і маўчаньні нацыі. Праца і творчасьць беларускіх адраджэнцаў з гэтае прычыны патрабавалі выключнай самаадданасьці.

 

Жыцьці вялікіх беларусаў ужо больш-менш апісаныя, больш-менш вядомыя. Менш адчыненымі засталіся грамадзкія абставіны трагедыі, якія якраз высьвятляюць яе зьмест. Гэта, перш за ўсё, абыякавасьць у грамадзтве да лёсу сваіх прадстаўнікоў.

 

Калізія паміж ахвярнасьцю змагарнай асобы і здрадай ёй (як непрыняцьцем асобы) адлюстраваная ў найвялікшай паэтычнай драме Янкі Купалы „ Сон на Кургане”. Нагадаю схему сюжэта. Змагара Сама, які змагаўся за шчасьце і волю беларускага народа, беларусы (у дадзеным выпадку, сяляне) услужліва аддаюць у рукі царскіх сатрапаў. Схема для Беларусі тыповая і знаёмая, пачынаючы ад здачы інсургентаў Кастуся Каліноўскага царскім уладам да даносчыкаў НКВД і прыхільнікаў Лукашэнкі.

 

Гэтай жа трагічнай калізіі прысьвяціў сваю выдатную паэтычную драму „ Пакрыўджаныя” Леапольд Родзевіч. Маналёг змагара за свабоду ад прыгону – старога скульптара Піліпа, адрынутага ў канцы драмы роднай дачкой, – ёсьць, бадай, адзін з самых прачулых і трагічных у беларускай паэтычнай драматургіі.

 

Беларуская рэчаіснасьць адэкватная такой літаратуры і ня менш выразная.

 

Міхась Зарэцкі, як і сотні беларускіх інтэлігентаў, пісьменьнікаў і паэтаў, быў зьнішчаны ў 1930-х гадах рускім НКВД. Сьледчыя-чэкісты шукалі рукапіс яго рамана „ Крывічы”, спачатку – каб прад’явіць уліку, а потым, пасьля прысуду, каб зьнішчыць раман. Не знайшлі. А рукапіс быў у вёсцы, і сяляне-дзядзькі, аматары махоркі, скарысталі гэты рукапіс – на... самакруткі. Раман скурылі. Рэшта зьнікла ў НКВД.

 

Тут справа ня толькі ў адсталасьці і неадукаванасьці. Нешанаваньне свайго, выхаванае ў сялянскай сьведамасьці чужынцамі, прыводзіць да заганнай ацэначнай формулы: „ Няма прарока ў сваёй айчыне”. Які ўжо там аўтарытэт, якая павага!

 

Васіля Быкава ведае ўвесь сьвет. На Беларусі яго называюць сумленьнем нацыі. Гэта вялікі пісьменьнік, вялікі чалавек. Сіла ягонага маральнага аўтарытэту такая вялікая, што той чалавек, той чыноўнік, той дзяржаўны дзеяч, які пачаў бы яго зьневажаць ды паліваць брудам ягонае імя, павінен выклікаць усеагульнае абурэньне і шырокае асуджэньне брыдкіх паводзінаў, бо Быкаў – гэта ўжо ня проста вялікі пісьменьнік – ён вялікі гонар і каштоўнасьць Беларускай нацыі.

 

Аж не. У Беларусі, аказваецца, можна зьневажаць і Быкава. і гэта абыходзіцца, сходзіць з рук. і ворагі беларушчыны пра тое ведаюць.

 

Калі прааналізаваць жыцьцё беларускіх адраджэнцаў – вялікіх людзей ХХ-га стагоддзя, уражвае пастаянства іхных ілюзіяў у дачыненьні да беларускага грамадзтва і да Расеі. Хоць, здавалася б, хто лепш за іх павінен бы быў усё ведаць.

 

У канцы 60-х у размове з Паўлінай Мядзёлкай я даведаўся, што калі ў сярэдзіне 20-х на Беларусь вярнуліся з эміграцыі шмат якія беларускія нацыянальныя дзеячы і атрымалі навуковыя ды дзяржаўныя пасады ў БССР, яны неяк сабраліся разам і тады, здаецца, Язэп Лёсік сказаў: „ Ну, цяпер ужо беларускай справе ніхто і нішто не перашкодзіць”.

 

Праз нейкі час усе яны былі зьнішчаныя НКВД.

 

У 1922 годзе Аляксандар Цьвікевіч, выступаючы на пахаваньні Алеся Бурбіса і расказаўшы пра ягонае цяжкае жыцьцё, пакуты, турмы і перасьледы, зазначыў, што ён быў беларусам-адраджэнцам, а жыцьцё адраджэнца – гэта ахвярнасьць і служэньне Беларусі. Яно немагчымае без пакутаў.

 

* * *

 

Падагульняючы думкі пра сітуацыю, якая склалася на Беларусі ў дачыненьні да аўтарытэтных людзей нацыі і разумеючы, чаму так ёсьць, можна зрабіць дзьве галоўныя высновы, якімі, па маіх назіраньнях, кіраваліся вялікія адраджэнцы, такога ўзроўню, як Ларыса Геніюш і ксёндз Адам Станкевіч.

 

Па-першае. Каб запабегчы расчараваньням, трэба ня мець ілюзіяў. Беларускі адраджэнец павінен адносіцца да сваёй дзейнасьці (у якой бы галіне яна ні адбывалася) як да місіі, як да прызначэньня, памятаючы, што народ, людзі ёсьць такія, якія яны ёсьць, што іншых людзей няма і трэба дапамагаць ім вярнуць свой нацыянальны гонар і стаць вольнымі беларусамі, не чакаючы ад іх ні ўдзячнасьці, ні ўзнагароды. Адраджэнец мусіць узвышацца над абставінамі і не кідацца ў пэсымізм.

 

З іншага боку, кожны беларус, грамадзянін Беларусі, мусіў бы сабе ўсьвядоміць, што найпершае багацьце нацыі – гэта яе разумныя, таленавітыя, здольныя, адукаваныя вялікія асобы. Ім павінна быць найпершая павага, шанаваньне і абарона.

 

Другая выснова. У абставінах грамадзкага асьляпленьня нельга абвінавачваць усю нацыю, крыўдзіцца на народ і, тым больш, зьневажаць яго (як часам цяпер бывае). Гэта было б цалкам няправільна і абсалютна беспэрспэктыўна.

 

Калі я азіраюся на ХХ-е стагоддзе, мяне ўражвае маральная веліч беларускіх адраджэнцаў. Гэта людзі высокай пробы. Іхняя дарога, справы, дзейнасьць – ёсьць шлях дасканалых.

 

Кожны адраджэнец адчувае сябе народам. Кожны мог бы сказаць: народ – гэта я. і гэта праўда. Гэта правільнае, нармальнае адчуваньне. Гэтак павінен бы думаць кожны чалавек у дасканалым грамадзтве.

 

22 сакавіка 2001г., Нью-Ёрк

 

Надрукавана: („ Беларускія Ведамасьці”, – 2001, №4 (34); „ Народная Воля”, – 2002, 26 красавіка)

 

 

10. БЕЛАРУСКІ СЬЦЯГ

 

Давайце пагаворым пра нацыянальны сьцяг. Гэта значыць, пра рэчы відавочныя і таемныя, рэальныя і містычныя.

 

Нацыянальны сьцяг – гэта каляровае палатно, як правіла, прастакутнага памеру, якое зьяўляецца сымвалам нацыі. Бываюць людзі, якіх сьцяг нічым ня ўзрушвае: палатно як палатно. Іншыя – дзеля сьцяга ахвяруюцца жыцьцём, адносяцца да яго з піэтэтам і з найвялікшай павагай.

 

Адносіны да сьцяга паказваюць на ўзровень нацыянальнай кансалідацыі і нацыянальнай сьведамасьці народа. і што важна: тут існуе ўзаемаабарачальная сувязь. Народ падтрымлівае сьцяг, а сузіраньне сьцяга – кансалідуе народ.

 

Успомнім нядаўняе мінулае, як адносіліся да беларускага нацыянальнага сьцяга на Беларусі функцыянэры КПСС. Калі ўжо перад канцом Савецкага Саюзу камуністы ня мелі моцы, яны стараліся ўсімі сіламі прынізіць, зьменшыць значэньне сьцяга. „ Ім бы толькі флажкі”, – крычалі яны ў Вярхоўным Савеце на Народны Фронт. Маўляў, ёсьць больш важныя рэчы, чым сьцяг.

 

Але як толькі расейскаму КГБ удалося прывесьці на прэзыдэнцкі пасад Лукашэнку, першае, з чаго яны пачалі – гэта зь ліквідацыі беларускага дзяржаўнага сьцяга. Пры гэтым, не лічыліся ні зь якімі выдаткамі.

 

У барацьбе за беларускі сьцяг цяперашняя рэчаіснасьць нарадзіла сапраўдных герояў. Паглядзім на подзьвігі няўлоўнага МІРОНА, які ўжо некалькі гадоў вывешвае Бел-ЧырвонаБелы Сьцяг на самых высокіх і недаступных месцах, і заўсёды пакідае пры гэтым запіскі патрыятычнага зьместу.

 

Апошні подзьвіг Мірона, які ён ажыцьцявіў на другі Дзень Нараджэньня Хрыстовага 26 сьнежня мінулага году ў Віцебску, уражвае сваёй сьмеласьцю. Мірон сярод белага дня вывешаў беларускі сьцяг над горадам на 110-мэтровай вышыні (на коміне гарадзкой цеплацэнтралі). Убраны ў барвовы плашч, гэты рыцар беларускага сьцяга працаваў на вышыні, на марозным ветры амаль пяць гадзінаў, дзёрзка, навідавоку ўсяго горада. Унізе яго ўжо чакала міліцэйская пастка, але Мірон, дзякуючы беларускай кемлівасьці, спусьціўся з гары і здолеў не патрапіць у рукі ахоўнікаў. Ён зноў няўлоўна зьнік, не адкрыўшы свой твар.

 

Я мяркую, што неўзабаве, пасьля таго, як будзе ськінуты ў Беларусі прамаскоўскі рэжым, – урачыстае ўздыманьне беларускага сьцягу над парлямантам і Домам ураду пад велічныя гукі беларускага духоўнага гімну будзе даручана герою беларускага сьцяга – Мірону, які ў гэты момант адкрые сваё аблічча.

 

Прыгледзімся да нашага сьцяга.

 

Ён заўсёды відаць здалёку як самая яркая зьява ў прасторы, якія б фарбы і аб’ёмы вакол ні былі. Гэта настолькі відавочна, што ўражвае.

 

Калі глядзець на наш сьцяг зблізку і асабліва, калі сьцягоў шмат і разьвіваюцца пад сонцам, – відовішча вельмі велічнае. Зьяўляецца ілюзія, што над сьцягамі і ў гушчы сьцягоў узьнікае канцэнтрацыя сьвятла. Гэтае месца ня проста самае сьветлае ў прасторы; уражаньне, што яно вылучае сьвятло. Прытым ілюзія вельмі моцная. Ніякія іншыя сьцягі зь іншымі прапорцыямі і спалучэньнямі колераў не набліжаюцца ў гэтым да эфэкту беларускага сьцяга.

 

Вельмі яркае таксама псіхалягічнае адчуваньне ад сузіраньня беларускіх сьцягоў. Гэта адчуваньне прыўзьнятай радасьці і надзвычайнай чыстасьці. Прытым ізноў жа – гэтае адчуваньне вельмі моцнае і аб’ектыўнае. Яго сьведама і падсьведама перажываюць усе людзі (прынамсі, пераважная большасьць).

 

Адразу скажу, што тут няма ніякай містыкі. Тут спрацоўваюць аб’ектыўныя законы ўспрыняцьця колераў, іхных прапорцыяў і камбінацыяў. У беларускім сьцягу ідэальна збалянсаваныя белы і чырвоны колеры. Знойдзена мера раўнавагі. Беларускі сьцяг візуальна гарманічны, бо чырвонае і белае ўраўнаважаны. Для раўнавагі гэтых колераў патрэбная якраз парпорцыя: адзін да двух.

 

Як прапорцыя колераў уплывае на гармонію цэласьці можна пераканацца, калі сузіраць сьцягі Інданэзіі і Польшчы, якія аднолькавыя – бела-чырвоныя (толькі іншы колерны парадак верху і нізу палатна). Тут уражаньне несімэтрычнай распалавіненасьці плошчы, ілюзія дысанансу, бо чырвонага шмат, і гэты колер выглядае цяжкім. У прапорцыі ж 1: 2, як у беларускім сьцягу, чырвоны колер лёгкі, ён плыве, уецца, палымнее на белым, не цягне на дол, а нібы лунае ў белай прасторы. Тыя ж колеры, але ў розных прапорцыях, выклікаюць розны візуальны і псіхалягічны эфэкт.

 

Немалаважны і сутнасны выбар колеру. Самы яркі колер ёсьць белы, але ў рэальнасьці самым яркім колерам на Зямлі лічыцца жоўты (тут псіхалягічны эфэкт жоўтага сонца). Тым часам ніякі жоўты сьцяг і ніякая камбінацыя жоўтага зь белым, ці жоўтага з чырвоным ня будзе ярчэйшай і сьвятлейшай за беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг (я ўжо не кажу пра псіхалёгію ўспрыняцьця). Ня дасьць лепшага эфекту таксама толькі белы, ці тым больш – толькі чырвоны сьцяг.

 

Мастацтвазнаўцы і мастакі-калярысты ведаюць, што ёсьць колеры, якія сумяшчаюцца і гарманізуюцца, і колеры, якія не сумяшчаюцца і не гарманізуюцца. Напрыклад, зялёны і чарвоны колеры – несумяшчальныя, згарманізаваць іх разам практычна немагчыма. Тым часам зь белым можна сумясьціць і згарманізаваць любы колер.

 

На беларускім сьцягу згарманізаваны самы „ гарачы” колер чырвонага, ці, як яшчэ кажуць, „ цёплага” краю спэктара. Кожны колер, які бачны ў прыродзе, нясе аб’ектыўную псіхалягічную нагрузку і фактычна аднолькава псіхалягічна ўспрымаецца большасьцю людзей. Гэтая ж аб’ектыўная аснова псіхалягічнага ўспрыняцьця выяўляецца і ў камбінацыі колераў, якія мастак сумяшчае па законах эстэтыкі.

 

Гарманізацыя белага з чырвоным у прапорцыі 1: 2 аблягчае цяжкую псіхалягічную актыўнасьць чырвані і на балянсе кантрасту актывізуе (высьвятляе) белы фон, ад чаго ўзьнікае ілюзія сьвятла і палымненьня ўсёй бел-чырвона-белай карціны.

 

Калі прааналізаваць гэтак усё да канца, то прыходзім да высновы, што Бел-Чырвона-Белы Сьцяг ёсьць ідэальным візуальным выяўленьнем гармоніі самых актыўных колераў – чырвонага і белага – і найвыразьнейшым выяўленьнем псіхалягічнага вобразу чыстасьці і радаснага ўздыму. Гэта оптымум ідэі радасьці і сьвятла і оптымум візуальнай яркасьці.

 

Далей я буду гаварыць пра рэчы, набліжаныя да містыкі, над якімі нельга не задумацца.

 

Беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг вядомы яшчэ з сярэднявечча. У ХV і XVI стагоддзях ён ужо лунае на піках беларускіх рыцараў.

 

Канцэпцыя гармоніі белага з чырвоным вядома на Беларусі з глыбокай старажытнасьці, яшчэ з дапісьмовых часоў, і матэрыялізавалася ў адзеньні. Сутнасьць яе ў тым, што дзейнікамі выступалі толькі чырвоны і белы колеры, і спалучэньне іх не перакрочвала прапорцыі 1: 2. Чырвоны колер быў акцэнтам, але не дамінаваў удзельна (гэта значыць, па плошчы запаўненьня). Нашыя старажытныя продкі адчувалі законы гармоніі.

 

У хрысьціянскай старажытнасьці склалася традыцыя сымвалізацыі прыходу Месіі. Гэта чырвоны крыж ці чырвоная паласа на белым фоне. Тут сымвалізацыя дарогі Боскага Духу, духоўнага шляху на чыстасьці стварэньня. Тут чырвоны, гарачы шлях Хрыстовай Веры і Любові праз вечнасьць сьветабудовы да вечнага Бога.

 

У сярэднявеччы шмат дзе на карцінах мастакоў можна было бачыць выяву Ісуса Хрыста зь Бел-Чырвона-Белай харугвай крыжа ці зь Бел-Чырвона-Белым Сьцягам у руцэ. Бел-Чырвона-Белы Сьцяг з чырвоным крыжам ці чырвонай паласой на карцінах сярэднявечча выступае як атрыбут Езуса, як яго Боскі знак і Боскі Сьцяг (П’ера дэла Франчэска, Тржэбоньскі Майстар, ангельскія мініятуры 12-13 стагоддзяў і інш. )

 

З першага погляду відаць, што беларускі сьцяг вельмі просты. Шмат якія дзяржаўныя сьцягі на сьвеце у агульным супадаюць, паўтараюцца ў вобразе ці мадыфікуюць адзін аднаго. Нідзе і блізка не паўтараецца толькі беларускі сьцяг. Няма нават мадыфікацыяў. Некаторых беларусаў гэта здумляе. А можа, невыпадкова, што нацыя, якая стагоддзямі ўваскрасае ў пакутах і муках, мае сьцяг Ісуса Хрыста?

 

Але, пэўна ж, містыка тут ні пры чым: ці мала ёсьць пакутнікаў на сьвеце. і ўсё ж такі, і ўсё ж... Нічога не бывае бяз сэнсу.

 

Які сэнс вынікае зь гісторыі нашага сьцяга?

 

Я задаваў гэтае пытаньне беларусам. Кожны нешта тлумачыў, і ніхто не адмаўляў эзэтэрычнага зьместу. Адзін беларускі сьвятар у Амэрыцы сказаў мне: „ Беларускі народ ёсьць выбраным народам на Другое Прышэсьце. Толькі пра гэта ніхто ня будзе ведаць”.

 

Такі вось апокрыф. Але калі так, то пра гэта ня мусіў бы ведаць таксама і сьвятар.

 

Відаць, нічога не парадзім мы з містыкай сьцяга. Але неабходна радзіць з рэчаіснасьцю. А рэчаіснасьць такая: пакуль ёсьць, лунае й жыве наш беларускі сьцяг – жыве і Беларусь. Шануйма ж яго і ўздымайма высока. Ён, найпрыгажэйшы на сьвеце, ёсьць увасабленьне нашай краіны, нашай народнай моцы і нашай веры. Ён сымвал нашай беларускай народнай вечнасьці.

 

8 лютага 2001 г.; Варшава

 

Надрукавана: („ Беларускія Ведамасьці”, – 2001, №3(33); „ Новы горад”, – 2001, сакавік, №1; „ Народная Воля”, – 2001, 5 красавіка)

 

 

11. БЕЛАРУСКІЯ ГІМНЫ

 

Гімны нацыі, дзяржавы, краіны пішуцца, як вядома, не па заказу, а самой гісторыяй. Прытым сам факт зьяўленьня гімну можа быць выпадковай падзеяй, неадпаведным вершам і мэлёдыяй, але, трапіўшы ў гістарычны кантэкст народа, яны становяцца яго гімнам.

 

Вядомая, напрыклад, гісторыя французкай салдацкай песьні Марсельеза, што стала дзяржаўным гімнам Францыі, ці мазуркі „ Ешчэ Польска не згінэла”, якая стала ў 1918 г. дзяржаўным гімнам Польшчы.

 

Дзяржаўны заказ на стварэньне гімну ёсьць блюзьнерства. Што з гэтага атрымліваецца, добра відаць на прыкладзе гімнаў СССР і так званых „ рэспублік свабодных”. Гімны найчасьцей ствараюцца ў барацьбе за нацыянальна-культурнае, дзяржаўнае і духоўнае адраджэньне нацыі і выбіраюцца народам, які змагаецца за сваю волю і лепшую долю.

 

У пачатку ХХ стагоддзя гімнам беларускага Адраджэньня найчасьцей гучаў верш Янкі Купалы „ А хто там ідзе... ” на музыку Людаміра Рагоўскага. Ён так і называўся: „ Беларускі гімн”.

 

Пазьней, пасьля ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, ужо ў 20-х гадах, шырока распаўсюдзіўся гімн „ Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, паводле верша Макара Краўцова, напісанага ў 1919 годзе (музыка Уладзімера Тэраўскага). Ён стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго сьпявалі паўсюдна змагары ў Заходняй Беларусі, потым ён гучэў у часы Другой Сусьветнай вайны і цяпер гучыць ва ўсім сьвеце, дзе жывуць беларусы, якія памятаюць пра Бацькаўшчыну.

 

З часоў Другой Сусьветнай вайны, падзеі якой стымулявалі беларускае нацыянальнае Адраджэньне, паўсюдна гучыць побач з гімнам БНР беларускі духоўны гімн „ Магутны Божа”. Гэта знакаміты верш Натальлі Арсеньневай (музыка Міколы Равенскага). Надзвычай велічная, узьнёслая і ўрачыстая мэлёдыя і зьмест гімна гучаць паўсюдна, дзе ладзяцца беларускія нацыянальна-культурныя мерапрыемствы. Прытым часта ўсё пачынаецца дзяржаўным гімнам БНР, а заканчваецца духоўным гімнам нацыі – „ Магутны Божа”. Рэлігійныя службы ва ўсіх беларускіх цэрквах Амэрыкі, Канады, Аўстраліі, Вялікабрытаніі завяршаюцца сьпевам „ Магутны Божа”.

 

Склалася добрая і прыгожая традыцыя. Беларуская нацыя мае два гімны – дзяржаўны і духоўны. Кожны заняў сваё месца. Кожны сьпяваецца ў сваім часе. Кожны адлюстроўвае нашу беларускую гісторыю, наш розум, нашую волю, наш дух, нашае беларускае сэрца.

 

Мяркую, што кожны Беларус павінен ведаць свае гімны.

 

 

 

МЫ ВЫЙДЗЕМ ШЧЫЛЬНЫМІ РАДАМІ

 

Мы выйдзем шчыльнымі радамі

 

На вольны, родны свой прастор;

 

Хай воля вечна будзе з намі,

 

А гвалту мы дамо адпор!

 

Дамо адпор!

 

Няхай жыве магутны, сьмелы

 

Наш беларускі вольны дух;

 

Вольны дух!

 

Штандар наш бел-чырвона-белы

 

Пакрыў сабой народны рух.

 

На бой! За шчасьце і за волю

 

Народу слаўнага свайго!

 

Браты, цярпелі мы даволі...

 

На бой! – усе да аднаго!

 

Да аднаго!

 

Імя і сілу Беларуса

 

Няхай пачуе й бачыць той,

 

Бачыць той!

 

Хто сьмее нам нясьці прымусы

 

І першы выкліча на бой.

 

Браты, да шчасьця мы падходзім;

 

Хай гром грыміць яшчэ мацней!

 

У крывавых муках мы народзім

 

Жыцьцё Рэспублікі сваёй!

 

Жыцьцё Рэспублікі сваёй! *

 

* У жыцьцёвых, грамадзкіх і афіцыйных абставінах сьпяваюць, як правіла, тры слупкі – першы, другі і апошні. – (З. П. )

 

 

 

МАГУТНЫ БОЖА

 

Магутны Божа! Ўладар сусьветаў,

 

Вялікіх сонцаў і сэрц малых!

 

Над Беларусяй, ціхай і ветлай,

 

Рассып праменьні свае хвалы.

 

Дай спор у працы штодзённай, шэрай,

 

На лусту хлеба, на родны край,

 

Павагу, сілу і веліч веры

 

У нашу праўду, у прышласьць – дай!

 

Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,

 

Учынкам нашым пашлі ўмалот!

 

Зрабі магутнай, зрабі шчасьлівай

 

Краіну нашу і наш народ!

 

 

 

Надрукавана: („ Беларускія Ведамасьці”, – 1998, №2(12); „ Народная Воля”, – 2001, 19 красавіка)

 

 

12. НАШ БЕЛАРУСКІ ШАСЬЦІКАНЦОВЫ КРЫЖ

 

У 30-я гады мінулага стагоддзя і за часы нямецкай акупацыі найбольш знакамітай асобай, як знаўца мастацтва і культуры, быў у Менску скульптар і прафэсар Міхаіл Керзін. Аўтарытэт ягоны быў надзвычай высокі. Напачатку 40-х, калі нямецкія акупанты ўжо абсталяваліся ў горадзе і кіраўніком цывільнай адміністрацыі Генэральнай Губэрніі быў прызначаны Вільгэльм Кубэ, тады дазволена было беларусам аднавіць беларускі гістарычны музэй, які знаходзіўся ў так званым „ Юбілейным Доме”. (Пабудаваны ў 1913 го дзе ў манеры „ а ля рюс” у гонар юбілею расейскай царскай дынастыі. Цяпер там Дом актора. 25 сакавіка 1918 года тут была аб’яўлена незалежнасьць БНР. )

 

Дырэктарам беларускага музэю заступіў Антон Шукелойць, які акурат уцёк з бальшавіцкай турмы ў Крупках (фактычна, з-пад расстрэлу) і апынуўся ў Менску. (Як толькі пачалася вайна, энкавэдзісты схапілі яго і, разам з тысячамі такіх жа як ён арыштаваных беларускіх інтэлігентаў, павезьлі этапамі на Ўсход. )

 

Пачалі фармаваць музэйную экспазыцыю. і вось сабралі аднаго разу ўсе ўнікальныя археалягічныя экспанаты, якія засталіся ад ранейшага менскага музэю, расклалі на вялікім шырокім стале каменныя сякеры, наканечнікі, фігуркі, амулеты і задумаліся, што з гэтым рабіць.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.