Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Зянон Пазьняк 6 страница



 

Такім чынам, там, дзе паўстае пытаньне аб існаваньні альбо аб становішчы народаў, заўсёды, першым чынам, узьнікае пытаньне аб нацыянальнай культуры. Усім да яе раптам зьяўляецца справа.

 

Але, можа, у Беларусі інакш, можа тут – нейкае выключэньне з правіла? Можа, і сапраўды, як кажуць саветы, „ какая разница? ”.

 

Мэта сучаснай, „ тэхналягічнай” вайны, гэтак жа, як і мэта традыцыйнай збройна-вайсковай кампаніі – аднолькавыя: захоп нацыянальнай маёмасьці, тэрыторыі і рэсурсаў. Культура сама па сабе менш цікавіць акупантаў, але, каб дасягнуць мэты, ім трэба зьнішчыць культуру. Бо культура, мова, гісторыя ёсьць кансалідуючым чыньнікам нацыі. Яны злучаюць народ, робяць яго сьведамым дзеля нацыянальных інтарэсаў, спрыяюць адпорнасьці народа пры замаху на ягоную ўласнасьць і свабоду. Без культуры народ раззброены.

 

Усьлед за стратай нацыянальнай культуры ідзе страта нацыянальнай ўласнасьці. Што гэта абазначае – тлумачыць няма патрэбы. Галечу і выміраньне, беднасьць. Зьнішчыўшы нацыянальную культуру, мову, гістарычную памяць народа, чужынцам значна лягчэй забраць („ прыватызаваць”, купіць за бясцэн) нацыянальную ўласнасьць, напрацаваную пакаленьнямі, захапіць рэсурсы, фабрыкі ды заводы, зямлю, лясы, дарогі, ваду, нетры, палі ды паветра. Народ становіцца нікім і нічым на сваёй зямлі, якая робіцца ўжо не яго. Чалавек можа пайсьці, праўда, на працу, да новых гаспадароў-акупантаў, бо ім патрэбная будзе танная рабочая сіла. Але на гэтым пэрспэктыва яго і замкнецца.

 

Савецкага простага беларуса, які кажа „ какая разница”, ужо рыхтуюць да нявольніцкай пэрспэктывы. Лібэрал-калябаранты да таго ж яшчэ хлусьліва „ растлумачаць” яму (па-руску), што, маўляў, ня мае значэньня, чыя ўласнасьць, важна гарантаваная праца, рабочыя месцы, заробкі. і савецкі „ пралетар”, даведзены да галечы гэтымі калябарантамі ды чужынцамі, павінен (па задуме) узрадвацца, што ўзамен за ягоную нацыянальную ўласнасьць дадуць яму пустыя гарантыі працы на прыбытак рабаўніку. (Як быццам нешта значаць гарантыі беднаму ды слабому. )

 

Ці вось іншы прыклад савецкага. Гандляр, прадпрымальнік робіць грошы, мае фірму. „ Быстрэй бы пад Расію, – кажа мне гэты малады нявольнік. – Расійскія законы лушчэ для бізнеса. Тагда і мы паднімемся. ” Камэнтар непатрэбны.

 

* * *

 

Людзі, не аб’яднаныя нацыянальнай памяцьцю, гісторыяй і культурай, якія не разумеюць каштоўнасьці нацыянальнай культуры, страцілі нацыянальную культуру і адчужаныя ад яе, такія людзі ня ў стане валодаць нацыянальнай сьведамасьцю, зразумець нацыянальныя інтарэсы як свае інтарэсы і стварыць нацыянальную дзяржаву. Нават уласнасьць, якой яны асабіста валодаюць, будзе імі страчана ва ўмовах чужынскай акупацыйнай палітыкі, сутнасьць якой ім звычайна таксама – незразумелая.

 

Беларус, які валодае нацыянальнай сьведамасьцю, беражэ таксама і каштоўнасьці нацыянальнай культуры. Ён разумее: каб мець маёмасьць, памнажаць уласнасьць і стаць заможным, неабходная самастойнасьць і дзяржаўная незалежнасьць.

 

Каб лепш жыць у народзе, трэба найперш, рупіцца пра свабоду для народа, а не пра грошы для сябе. Бо ня маючы незалежнасьці і свабоды, людзі будуць працай сваёй узбагачаць тых, ад каго залежныя, тых, хто будзе над імі гаспадаром, хто будзе распараджацца ў іхным доме (у іхнай краіне). Калянізатар зацікаўлены ўзбагаціцца коштам і працай нявольніка, а ня тым, каб памножыць яго дабрабыт. У сваёй краіне трэба быць гаспадаром.

 

Некалі я напісаў для сябе малы верш (нібы зацемку, дзеля памяці):

 

– Ці хочаш свабоды?

 

– Хачу – дабрабыт.

 

– Ня будзеш яго мець.

 

Бо, каб стаць заможным,

 

Трэба быць незалежным.

 

* * *

 

Велізарнай каштоўнасьцю культуры зьяўляюцца талент і інтэлект нацыі (адукаваныя людзі). Гэтыя акамуляваныя каштоўнасьці зрабіліся ў сучасным сьвеце першаснымі рэсурсамі культурна-эканамічнага разьвіцьця народа (ня нафта, ня газ, не жалезная руда, а менавіта інтэлект).

 

Адначасна талент і інтэлект даўно ўжо сталі таварам міжнароднага клясу, які зь беларускага боку расходуецца за бясцэн, задарма нават у Афрыку, і проста марнуецца ад таго, што рэальна не існуе ў акупаваным беларускім грамадзтве абароны інтэлекту як нацыянальнай уласнасьці народу. Каб абарона існавала, патрэбна ня толькі незалежная нацыянальная палітыка, але і сьведамасьць нацыянальнага існаваньня.

 

* * *

 

Разважаючы пра нацыянальныя каштоўнасьці, зьвернем увагу на паяднаньне іхных духоўных і матэрыяльных кшталтаў. Тут выразна прасочваецца залежнасьць характару матэрыяльнага ўгрунтаваньня грамадзтва ад ўсьведамленьня ім духоўных, маральна-этычных і культурных здабыткаў нацыі.

 

Аказываецца, што свабода, эканамічнае разьвіцьцё і дабрабыт людзей у нацыянальным грамадзтве апасродкавана залежныя ад кшталтаваньня ў ім найперш духоўных і культурных каштоўнасьцяў нацыі (мовы, гісторыі, культуры, нацыянальных традыцыяў, маралі, этыкі, мастацтва, нацыянальнай ідэі, інтэлекту, усьведамленьне нацыянальных абавязкаў і г. д. ).

 

Зрэшты, яно зразумела само сабой. Але пра дачыненьні культуры неабходна гаварыць. Нават пра самае відавочнае. Бо доўгі савецкі пэрыяд і затым – частковая ягоная рэанімацыя (антыбеларускі рэжым) зьмянілі шмат дзе сам характар думаньня людзей. Шмат каму падсьведама здаецца, што духоўныя інтарэсы ня маюць самакаштоўнасьці, што за ўсялякім духоўным зрухам стаіць матэрыяльны інтэрас.

 

Можа б яно так і выгляла, калі б чалавек ня жыў духоўным жыцьцём. Першаснасьць у канкрэтных выпадках можа быць дыскусійнай, але агульны вызначальны кшталт культуры, сувязь і ўзаемазалежнасьць – відавочныя.

 

Прыярытэтнасьць частак можна вызначыць па магчымасьці ўзнаўленьня цэлага. Страціўшы матэрыяльнае, але захаваўшы культуру і дух, усё можна ўзнавіць. Страціўшы культуру і дух, можам страціць і матэрыяльнае. і калі страцім, то без культуры, бяз духу, без ідэі ўжо нічога не адновім.

 

Бо лепш умець, чым мець, ня ўмеючы. Лепш ведаць, чым валодаць, ня ведаючы. Беларуская культура ёсьць найвялікшы нацыянальны скарб.

 

15 чэрвеня 2002 г., Варшава

 

 

7. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СЬВЕДАМАСЬЦЬ

 

Узровень жыцьця людзей як супольнасьці залежны ад дачыненьняў паміж асобай (асобным чалавекам) і грамадзтвам. Дачыненьні паміж асобай і грамадзтвам вымяраюцца супольнай сьведамасьцю.

 

Гістарычна чалавечая супольнасьць асэнсавала і прайшла праз розныя віды сьведамасьці і захавала яе рэлікты. Напачатку існавала сьведамасьць, дадзеная прыродай – усьведамленьне віду (людзі – і ўсё астатняе). Потым – родава-племянная. Затым, з разьвіцьцём цывілізацыйнага працэсу (а ён пачаўся тады, калі людзі сталі жыць асела і працаваць на зямлі), узьнікае этнічная (тутэйшая) сьведамасьць. Супольны інтэрас і супольнае адзінства вымяралася ў гэты час па тэрыторыі, па звычаях (культуры) і па мове.

 

Наступны этап – народная сьведамасьць. Яна зьвязаная са стварэньнем дзяржавы і дзяржаўнага віду ўлады. Супольнае адзінства і дачыненьні людзей асэнсоўваліся на ўзроўні забесьпячэньня агульных сацыяльна-культурных інтарэсаў.

 

У XVIII-XIX стагоддзях цывілізацыйны працэс прывёў да зьяўленьня нацыянальнай сьведамасьці, калі супольнасьць гуртуецца на аснове нацыянальнай ідэі, якая ўбірае ў сябе ўсе ранейшыя дасягненьні этнічнага і народнага духа, абагульняе інтарэсы і выступае ў якасьці нацыянальнай ідэалёгіі. Рэалізацыяй нацыянальнай сьведамасьці ёсьць вольная нацыянальная дзяржава, якая забясьпечвае ўсебаковае існаваньне і разьвіцьцё нацыі і кожнага асобнага чалавека. Гэта той стан сьведамасьці, у якім знаходзіцца зараз цывілізаваны сьвет.

 

Нацыянальная сьведамасьць мае тую асаблівасьць, што зьяўляецца прыярытэтнай перад сацыяльнай сьведамасьцю і перад усімі астатнімі. Менавіта гэтая асаблівасьць забясьпечвае моц і існаваньне нацыянальнай дзяржавы і ўласна самой нацыянальнай сьведамасьці, бо зьяўляецца яе найгалоўнейшай рысай.

 

На практыцы гэта выглядае так, што кожны грамадзянін нацыі ўсьведамляе агульны інтэрас нацыі як свой асабісты, ён разумее лучнасьць інтарэсаў і абараняе іх.

 

У чалавека ненацыянальнай сьведамасьці (альбо дэнацыяналізаванага) асабісты інтэрас і інтэрас агульнанацыянальны (грамадзкі, дзяржаўны) існуюць як бы незалежна. Такі чалавек дбае толькі пра свой інтэрас і, як часта бывае, – насуперак агульным інтарэсам нацыі.

 

Людзі нацыянальнай сьведамасьці заўсёды аддаюць перавагу агульнанацыянальным каштоўнасьцям перад сацыяльнымі, палітычнымі, канфэсійнымі, групавымі, эканамічнымі і г. д. Гэтая асаблівасьць нацыянальнай сьведамасьці трымае ў моцы і ў адзінстве і такую, напрыклад, маналітную нацыянальна зьяднаную краіну, як Польшча, і поліэтнічную эміграцыйную Амэрыку. Нацыянальная сьведамасьць грамадзтва дае магчымасьць бяз цяжкасьцяў праводзіць узгодненую, агульнанацыянальную ўнутраную і зьнешнюю палітыку, вырашаць шэраг грамадзкіх задачаў.

 

Напрыклад, ні ў польскіх кансэрватараў, ні ў сацыялістаў, ні ў былых камуністаў не ўзьнікае думкі дыскутаваць пра незалежнасьць Польшчы ці пра дзяржаўнасьць польскай мовы, ці пра неабходнасьць польскай школы, ці аб прызнаньні нацыянальнага гэрбу ці сьцягу і г. д. Нацыянальная сьведамасьць стварае каштоўнасьці, бясспрэчна агульныя для ўсяго грамадзтва. Ёсьць агульнанацыянальная неабходнасьць быць Польшчы ў НАТО – і ўсе польскія партыі праводзяць узгодненую палітыку, незалежна ад перамены ўлады, зьмены ўраду і г. д.

 

Тое ж самае – ў ЗША. Нацыянальныя інтарэсы, нацыянальная ідэя, амэрыканскія каштоўнасьці – вышэйшыя за ўсе ўнутраныя, расавыя, сацыяльныя, канфэсійныя і іншыя інтарэсы, і нават канфлікты. Любімае выслоўе амэрыканскіх прэзыдэнтаў: „ Думайце не пра тое, што Амэрыка зрабіла для вас, а што вы зрабілі для Амэрыкі”.

 

Грамадзтва, якое ёсьць на ўзроўні нацыянальнай сьведамасьці, дзе існуе нацыянальны прыярытэт у паводзінах асобы, такое грамадзтва можа самаіснаваць, яно самадастатковае, яно здольнае на самакіраваньне і можа абыйсьціся без улады, устаноўленай зьверху ці звонку (абсалютызм, манархія, насьледнае каралеўства, дыктатура, імпэрыя, каляніяльнае праўленьне і г. д. ).

 

Грамадзтва на ўзроўні нацыянальнай сьведамасьці выклікае новы тып улады – дэмакратыю, стварае нацыянальную дэмакратычную дзяржаву. Гэта натуральны стан нацыянальнай дзяржавы, якая іманэнтна (унутрана) імкнецца да дэмакратыі. Усялякія адхіленьні ад дэмакратыі (дыктатура, аўтарытарызм, аўтаркія і г. д. ) асэнсоўваюцца як неадпаведныя, і нацыянальнае грамадзтва імкнецца да аднаўленьня дэмакратычнай раўнавагі.

 

* * *

 

Нацыянальная сьведамасьць фармавалася ў змаганьні з імпэрыяй і імпэрскай ідэалёгіяй. Імпэрская сьведамасьць заўсёды выяўляла інтарэсы групы ўлады, заўсёды была таталітарнай ідэалёгіяй і, як правіла, абапіралася на нейкі адзінанародны ўніфікацыйны прынцып, накінуты зьверху ці звонку.

 

Імпэрыя – гэта прынцып дзяржаўнай арганізацыі ўлады, які ўзьнік і мог існаваць на ўзроўні народнай сьведамасьці. Разьвіцьцё нацыянальнай сьведамасьці народаў прывяло да распаду імпэрыяў.

 

Аднак распад імпэрскага абсалютызму не заўсёды прыводзіў да поўнай ліквідацыі імпэрыі. Імпэрская ідэалёгія (адзіны ўніфікацыйны прынцып улады) аказвалася жывучай, калі перапляталася з нацыянальнымі інтарэсамі. Гэта прыводзіла да новых формаў таталітарызму, да ўнутраных і зьнешніх канфліктаў, станавілася прычынай войнаў.

 

Эўрапейскія нацыі і эўрапейскае нацыянальнае думаньне перажылі дзьве вялікія нацыянальныя рэвалюцыі („ вёсны народаў”). Першую – у сярэдзіне ХІХ-га стагоддзя (18481849 гг. ), якая была задушана імпэрыямі, і другую – у першай чвэрці ХХ-га стагоддзя, якая завяршылася перамогай нацыяў і абнаўленьнем мапы Эўропы (пасьля І-й Сусьветнай вайны), крахам эўрапейскіх і сусьветных імпэрыяў (акрамя Расеі).

 

Заўважым, што тыя народы, якія стварылі ў той час нацыянальныя дзяржавы, дамагліся незалежнасьці і прайшлі потым пэрыяд нацыянальна-дзяржаўнай стабілізацыі (гэта, у сярэднім, 20-25 гадоў – адно пакаленьне), тыя народы поўнасьцю ўключыліся ў сістэму эўрапейскай дэмакратычнай цывілізацыі і забясьпечылі незваротнасьць нацыянальнага працэсу існаваньня.

 

Тыя нацыі, якія потым неўзабаве згубілі дзяржаўную незалежнасьць і апынуліся ў таталітарнай імпэрыі – бальшавіцкай Расеі, – тыя нацыі страцілі гістарычны час, не прайшлі абавязковага пэрыяду нацыянальна-дзяржаўнай стабілізацыі і, што страшна, – сталі аб’ектам генацыду і нацыянальнага вынішчэньня. Нацыянальна-псіхалягічная і ідэйна-нацыянальнае разьвіцьцё іх – было затарможана.

 

Найбольш пацярпелі ў гэтым сэнсе беларусы і ўкраінцы. Вынішчалася, перш за ўсё, нацыянальная сьведамасьць і яе актыўныя носьбіты. За некалькі пакаленьняў перажытага расейска-бальшавіцкага таталітарызму і масавага зьнішчэньня ідэйна-нацыянальная самаідэнтыфікацыя грамадзтва гэтых краінаў (асабліва Беларусі) была адкінута на рэліктавы ўзровень этнічна-тутэйшай сьведамасьці. Але самае страшнае тое, што за няпоўнае стагоддзе гвалту, хлусьні і фальшывых дачыненьняў адбылася масавая люмпэнізацыя сьведамасьці вялікай колькасьці людзей. Менавіта распаўсюджанасьць люмпэнізаванай („ савецкай”) сьведамасьці стала адным з галоўных чыньнікаў выбраньня Лукашэнкі на прэзыдэнта Беларусі.

 

* * *

 

Аднак сытуацыя, у якой апынулася беларускае грамадзтва ў выніку 73-х гадоў расейска-бальшавіцкай акупацыйнай палітыкі, у прынцыпе падлягала выпраўленьню пасьля дасягненьня дзяржаўнай незалежнасьці. Нацыя магла адрадзіць і дзяржаву, і культуру, і стабілізаваць нацыянальнае грамадзтва. Дзеля гэтага трэба было разьвівацца паскорана ў спрыяльных умовах, і перш за ўсё – аднавіць нацыянальную эліту, беларускую школу і нацыянальную сістэму адукацыі, накіраваную на разьвіцьцё нацыянальных інтэлектуальных магчымасьцяў і фармаваньня беларускай нацыянальнай сьведамасьці.

 

У 1994 годзе, пасьля выбраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам і пасьля ўсталяваньня прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі, магчымасьці нацыянальнага Адраджэньня і стабілізацыі, пры існаваньні рэжыму, практычна, зьведзеныя да мінімуму (і прадаўжаюць зьмяншацца).

 

Беларусь зараз перажывае адну з самых небясьпечных калізіяў сваёй гісторыі (прытым значная частка грамадзтва таго не ўсьведамляе), калі вырашаецца лёс далейшага існаваньня Беларускай нацыі.

 

Тым ня менш, пры наяўнасьці моцнай нацыянальнай эліты, нацыянальнай ідэі і нацыянальнага руху, супадзеньне розных пратэстных чыньнікаў (якое паступова нарастае) магло б прывесьці да выпраўленьня становішча.

 

* * *

 

Падсумоўваючы сказанае, зьвяртаю ўвагу на істотныя акалічнасьці. Пасьля распаду СССР Беларусь мела лепшыя эканамічныя, сацыяльна-матэрыяльныя і навукова-тэхнічныя пэрспэктывы незалежнага разьвіцьця, чым іншыя краінысуседзі ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, што вызваліліся з-пад расейскага камунізму. Але ў параўнаньні зь імі, у Беларусі была моцна дэфармаваная нацыянальная сьведамасьць насельніцтва. Нават адукаваныя савецкія беларусы, людзі інтэлектуальнай працы, у большасьці, не разумелі і не арыентаваліся ў прасьцейшых пытаньнях нацыянальна-культурнага існаваньня (якія ў іх, да таго ж, не былі прыярытэтнымі).

 

Такое грамадзтва не магло эфэктыўна супрацьстаяць антыбеларускай палітыцы і неўзабаве страціла свае перавагі. і нават незалежнасьць дзяржавы апынулася пад пагрозай.

 

У той жа час суседзі, будучы больш нацыянальна салідарызаванымі, пайшлі наперад у сваім нацыянальна-дзяржаўным разьвіцьці і знаходзяцца ўжо на парозе Эўропы. Вырашальным чыньнікам стала нацыянальная сьведамасьць грамадзтва.

 

Зьвяртаю ўвагу таксама, па якіх накірунках вядзецца сучасная вайна супраць Беларусі. Першая антыбеларуская акцыя рэжыму – зьнішчэньне нацыянальных сымвалаў. Потым – ліквідацыя дзяржаўнай функцыі беларускай мовы, ліквідацыя беларускай школы, адукацыі і асьветы на беларускай мове, кантроль над інфармацыяй і перавод яе на чужую мову, разбурэньне беларускага мастацтва і літаратуры, разбурэньне беларускай фундамэнтальнай навукі, стварэньне ўмоваў для маральнай дэградацыі насельніцтва (адкрыцьцё на Беларусь чужой разбуральнай інфармацыйнай прасторы, чужога разбуральнага тэлебачаньня, запрашэньне антымастацкіх гастрольных групаў, цэнавая стымуляцыя п’янства, дыскрымінацыя і стварэньне нецярпімасьці да беларушчыны ў сістэме дзяржаўных установаў і г. д. ).

 

Дэнацыяналізаваная бюракратыя і частка насельніцтва лёгка паддаюцца такой ненармальнай палітыцы, часам нават не здагадваючыся, што існуюць у сытуацыі абсурду. Калі сказаць коратка, то ўся стратэгія антыбеларускіх дзеяньняў і ўся сістэма разбурэньня накіравана на тое, каб беларусы не разьвіваліся, як нацыя, каб не ўсьведамлялі чалавечую і нацыянальную годнасьць свайго існаваньня, каб ня мелі нацыянальнай сьведамасьці. У выніку такой палітыкі непрыяцелі Беларусі ствараюць і плянуюць грамадзтва суіцыду, нацыянальнага самазьнішчэньня.

 

Аднак ня трэба думаць, што беларускае грамадзтва у выніку акупацыйнай палітыкі ўжо цалкам нацыянальна задушана і ня здольнае да нацыянальнага Адраджэньня.

 

Для нармальнага разьвіцьця нацыянальнай культуры і фармаваньня асобы неабходныя нацыянальная асьвета, адукацыя і спрыяльная дзяржаўная палітыка. Цяпер гэта ліквідавана. Аднак, ня гледзячы ні на што, беларускае грамадзтва знаходзіцца ў значна лепшым ідэйным і нацыянальным стане, чым яно было ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, напярэдадні стварэньня Беларускага Народнага Фронту і напярэдадні аднаўленьня незалежнасьці. Перажытае – не зьнікае бяссьледна.

 

Грамадзтва – гэта ня простая сума людзей і не натоўп. Перажываемы сацыяльна-палітычны вопыт, які асэнсоўваецца часткай беларусаў, незалежна ад афіцыйнай прапаганды і хлусьні, можа аказацца нядрэнным нацыянальным унівэрсітэтам, і тады загоншчыкі народа загоняць у пастку толькі самых сябе.

 

Цяпер акурат настае вызначальны час. Антыбеларускія заявы прэзыдэнта Расеі Пуціна, зробленыя ім у жніўні гэтага года, паказваюць, што расейскае кіраўніцтва лічыць ужо сваю чорную справу зробленай і паводзіць сябе так, нібы беларускі народ не існуе. Адсюль той грубы цынізм і адкрытая непавага да беларускай нацыі. Беларусам даюць зразумець, што лічаць іх за нішто, не за народ, а за сьмецьце, і таму кажуць у твар: мы вас анэксуем, ліквідуем, забярэм вашу зямлю і краіну, падзяліўшы на сем частак. Выбірайце: альбо адразу, альбо праз „ саюз” і „ дружбу навек”.

 

У нацыянальна разьвітай краіне такая заява выклікала б узрыў грамадзкага абурэньня і, хутчэй за ўсё, – спыненьне дыпляматычных адносінаў паміж дзяржавамі, паколькі гэта ёсьць пагроза вайны. У Беларусі нічога такога не назіраецца, бо краіна ўжо знаходзіцца ў стане ўнутранай прамаскоўскай акупацыі, а невысокі ўзровень нацыянальнай сьведамасьці і прадажнасьць элітаў не дазваляе адэкватна ацаніць небясьпеку.

 

І тым ня менш, – няма прычыны да роспачы. Становішча ня ёсьць аж такім дрэнным. Вопыт, які перажывае цяпер беларускае грамадзтва, вельмі істотны. Асэнсаваньне і рэакцыя высьпяваюць ў беларусаў павольна, але падзеі сьпеюць, і не ў карысьць рэжыму акупантаў. Беларуская ідэя жыве і разьвіваецца ўзьняты Беларускі Сьцяг. Пад яго павевы хутка стане мноства людзей, і не пазнаць будзе нашу ціхую Беларусь. Няхай жа мацнеюць шэрагі і набліжаецца Сьветлы час.

 

17 верасьня 2002 г., Варшава

 

Надрукавана: (Беларускія Ведамасьці, – 2002, № 6(46); (Беларус, – 2002, № 477 (кастрычнік)

 

 

8. ЭЛІТА

 

Задумваючыся над нашым беларускім цяперашнім існаваньнем, мы часта гаворым пра грамадзкія ды людзкія дачыненьні, пра плюсы і мінусы нашага нацыянальнага характару і заўважаем, што ёсьць у ім шмат тыпалягічнага, як у праявах высакароднага, так і адмоўнага кшталту. Тут вельмі істотна дайсьці да прычыны.

 

Мяне заўсёды ўзрушвала высакароднасьць беларускага характару ў спалучэньні са сьціпласьцю. Потым – велікадушнасьць. Гэтае рыцарства душы ёсьць спагада да чалавека, разуменьне яго патрэбаў, перажываньне несвайго болю. Рыцарствам напоўненая ўся наша гісторыя. Успомнім кап’ё Альгерда пад маскоўскай сьцяной. На пакаяньне – была літасьць, палонных вызвалялі, людзей не прадавалі. У беларусаў няма ксэнафобіі. Беларус унутрана паважае чужое жыцьцё і права чалавека быць іншым, непадобным на яго.

 

Адначасна мяне не перастаюць бянтэжыць якасьці іншага кшталту, якія, здавалася б, нельга вытлумачыць разумным абгрунтаваньнем. Гэта найперш – нейкае ірацыянальнае, але сьведамае адмаўленьне ад барацьбы. Калі беларус хоча нейкага агульнага дабра, у яго нестае рашучасьці змагацца з перашкодамі. Ён кажа, што трэба, каб было так і гэтак. Але калі яму прапанаваць: „ давай зробім”, ён адказвае: „ Дык жа ж не дадуць”, альбо: „ Дык жа ж ня выбяруць”, „ Дык жа ж заб’юць”, ці: „ Нічога не атрымаецца”, „ Нічога ня будзе” і г. д.

 

Гэтае нявер’е ў свае сілы, нявер’е ў грамадзтва, гэтае ўцяканьне ад барацьбы, гэтае антырыцарства (бо рыцар мусіць змагацца са злом) характэрнае цяпер паўсюдна і, як ні дзіўна, найбольш у інтэлігентных, адукаваных вярхах грамадзтва. У ніжэйшых сацыяльных пластах гэтая пазыцыя даведзена да лягічнага завяршэньня і да абсурду і гучыць так: „ Абы вайны не было”. Альтэрнатыва паўстае сама сабой – цярпець. Цярпець зьдзекі, паскудства, прыгнёт, жаліцца – і зноў цярпець, пакуль не памром. Ужо ходзяць анэкдоты пра беларускае цярпеньне.

 

У чым жа прычына, што рыцарства суіснуе з пакорай злу, а псіхалёгія свабоды – з ідэалёгіяй нявольніцтва?

 

Справа ў тым, што, ў выніку акупацыяў і гістарычных прычын, быў зьнішчаны беларускі набілітэт і разбураная нацыянальная эліта грамадзтва. Паўнавартаснае нацыянальнае грамадзтва існуе ў суладдзі і дачыненьні сацыяльных структураў, якія твораць адзінае цэлае. У грамадзкай сістэме нацыі найважнейшымі ёсьць дачыненьні паміж масай і элітай, паміж народным стэрэатыпам і культурным аўтарытэтам. Эліта і аўтарытэт ёсьць важнейшымі дзейнікамі нацыянальнай культуры. Калі мы кажам, што для нармальнага разьвіцьця нацыі неабходная нацыянальная літаратура, тэатр ды школьніцтва, то не забывайма, што гэтыя найважнейшыя катэгорыі ёсьць вытворныя ад існаваньня і дзейнасьці нацыянальнай эліты. Эліта першасная. Спачатку мусяць быць людзі, якія народзяць ідэю і стануць яе ажыцьцяўляць.

 

Невыпадкова, што ўсе антыцывілізацыйныя і антычалавечыя агрэсіўныя сілы напрацягу ўсёй чалавечай гісторыі першым чынам стараліся вынішчыць эліту чужога ім народу. Пры гэтым людзей неабавязкова зьнішчалі фізічна, як гэта рабілі манголы ці расейцы-бальшавікі. Нацыянальных кіраўнікоў, асобаў заможных, разумных, таленавітых, здольных ды ўмелых, і нават проста працавітых, стараліся запалохаць, падкупіць, навязаць фальшывыя ўяўленьні, завесьці ў тупік, на збочную дарогу дзейнасьці, ці проста забараніць тварыць і працаваць.

 

Народ рэалізуецца ў лепшых сваіх прадстаўніках. Таму страціўшы эліту – грамадзтва сьлепне і нямее.

 

Самым разбуральным вынікам рускай акупацыі (побач з паленьнем беларускіх кніг, бурэньнем беларускай архітэктуры, забаронай беларускай мовы і рэлігіі) сталася фізічнае і сацыяльнае зьнішчэньне беларускіх паноў і верхніх пластоў грамадзтва. На Беларусі была гвалтоўна перапынена элітарная традыцыя беларускай культуры. Спынілася яе сацыяльная рэпрадукцыя. Адбылася культурная катастрофа. Вялікі беларускі народ апусьцілі да ўзроўню этнічнага існаваньня, ператварылі ў мужыцкую нацыю.

 

Новая беларуская эліта магла адрадзіцца толькі з сялянаў. Гэта разумелі ўсе нешматлікія шляхецкія рыцары духу, ад Дуніна-Марцінкевіча ды Багушэвіча да Янкі Купалы. Яны зьвярталіся да мужыка, узвышалі яго, падбадзёрвалі, маліліся на яго, спадзяваліся і марылі, што паўстане нацыянальны геній з сялянскага народу.

 

Што з гэтага атрымалася – вядома. Новая беларуская эліта сапраўды адрадзілася з сялянаў і тут жа была выразаная, выстраляная ў 30-х, згноеная ў сталінскіх лягерах разам з сялянамі.

 

Пасьляваенныя інтэлектуальныя і сацыяльныя беларускія вярхі ўтвараліся ўжо пераважна з калгасьнікаў. і толькі нязначная іх частка (дакладней – доля працэнта) сфармавала новую нацыянальную эліту Беларусі.

 

Пасьляваенная беларуская эліта ўзьнікала ў вакууме разбураных традыцыяў. Яе цяперашнія прадстаўнікі валодаюць ведамі, навуковымі ступенямі ды пасадамі, яны любяць Беларусь, але нават будучы неардынарнымі спэцыялістамі, нясуць у сабе вясковую мэнтальнасьць шэрага чалавека, яго неактыўнасьць, яго задаволенасьць мінімумам, яго інфантыльныя спадзяваньні на некага. Адсюль – гэтае нярыцарскае: „ Дык жа не дазволяць” і „ Нічога ня будзе”, – адмаўленьне ад барацьбы.

 

Гістарычная практыка балгараў, краінаў Балтыі ды іншых народаў, якія фармавалі новыя эліты нават на пустым месцы, даказала, што становішча паляпшаецца пры нармальных варунках ва ўмовах незалежнай нацыянальнай дзяржавы напрацягу аднаго-двух пакаленьняў. Лёс Беларусі горшы. Таму нашае змаганьне доўжыцца ўжо 200 гадоў, і цяпер яно найцяжэйшае, бо ў адзіночку імкнемся пазбавіцца з магільных абдымкаў паміраючай імпэрыі.

 

Заканчваючы развагі пра беларускае грамадзтва, хачу спаслацца на каштоўны вопыт гісторыі і думкі вялікіх беларусаў.

 

Максім Багдановіч, абагульняючы ўяўленьні народнікаў, пісаў, што інтэлігенцыя гэта ёсьць тыя людзі, якія валодаюць ведамі і выкарыстоўваюць іх дзеля дабра народу на карысьць грамадзтва. Інтэлектуальная эліта народу павінна спрыяць народнаму дабру і служыць яго памнажэньню.

 

Раней прадстаўнікі эліты адасаблялі сябе ад народа і называлі народам толькі ніжнія, працоўныя пласты грамадзтва, масы простых людзей. Гэтае архаічнае разуменьне можна напаткаць яшчэ і цяпер, калі новая эліта, што выйшла з калгаснай вёскі, у роспачы шукае вінаватых, абзывае беларускіх людзей дурнымі, дэбільнымі, здраднікамі ды халуямі за тое, што яны быццам бы не разумеюць яе сьветлых апазыцыйных памкненьняў.

 

Гэта вялікая памылка. Народ нельга абзываць. Ад гэтага ён не палепшае. і за абзывальшчыкамі – ня пойдзе. Народ – гэта ўсе мы, усе беларусы.

 

Стагоддзямі простыя людзі назіралі нацыянальную здраду ў вярхах. Ня ў нізе выракаліся беларускае мовы, а наверсе. і калі зьнізу беларус прабіваўся ў гару, то найчасьцей там, уверсе, ён выракаўся ўсяго свайго, а часам нават краю і родных бацькоў.

 

Ці ж мог просты народ, сьведама і падсьведама, тым давяраць, што ўгары?

 

Так пад стагоддзямі няволі і прыгнёту ўтварылася заломнае кола здрады, якое можна разарваць толькі любоўю, дабром, працай на карысьць усіх беларусаў, і толькі ў свабодзе, толькі ў вольнай незалежнай краіне. Бо не разьвіваюцца людзі ў няволі.

 

18 студзеня 2001 г.; ВаршаваНадрукавана: („ Народная Воля”, – 2001, 24 студзеня)

 

 

9. ВЯЛІКІЯ ЛЮДЗІ

 

„Вялікі чалавек здабывае справядлівасьць,

 

малы – выгаду. ”

 

Канфуцы

 

 

 

Паважаныя людзі – гэта тыя, якія валодаюць аўтарытэтам (у калектыве, у супольнасьці, у грамадзтве, у народзе). Аксіёма, пацьверджаная гісторыяй: без аўтарытэту не разьвіваецца культура.

 

Аўтарытэт асобы не ўтвараецца сам сабой. Павінна адбывацца ўзаемадзеяньне суб’екта і грамадзтва. Пазыцыя і паводзіны чалавека мусяць выклікаць прызнаньне і павагу. Узровень асобы і справы яе могуць пераганяць узровень грамадзтва, якое не ўспрымае, альбо не прызнае тое, што кажа ці стварае такая асоба. Але калі яе ўспрымуць і прызнаюць пазьней іншыя пакаленьні, то для іх яна стане аўтарытэтам.

 

Вопыт пацьвярджае, што гэтак жа, як шмат якія асобныя людзі, імкнуцца забясьпечыць сабе аўтарытэт у іншых, гэтаксама і грамадзтва для замацаваньня і абароны сваіх дасягненьняў імкнецца мець свае аўтарытэты, падтрымліваць іх, прапагандаваць і нават ствараць.

 

Дзейнасьць чалавечай супольнасьці, пачынаючы ад самых простых формаў яе існаваньня, ня можа быць абязьлічанай, бо вылучэньне чалавека з прыроды – гэта перш за ўсё, зьяўленьне яго асабовай індывідуальнасьці. Чым вышэйшы ўзровень культуры, тым большая роля і ацэнка асобы.

 

Хрысьціянства адкрыла чалавецтву каштоўнасьці душы, калі якасьць і ацэнка чалавека перамясьціліся ва ўнутраны сьвет асобы. (Высокія якасьці душы ставіліся вышэй за ўладу і матэрыяльнае багацьце, бо людзі ўспрымалі душу як вечную частку чалавека. Асобу сталі ацэньваць па ўнутраных якасьцях. ) У гісторыі духоўнага разьвіцьця чалавека гэта быў найвялікшы прарыў, скачок на верхні ўзровень. Новая індывідуальнасьць, якой ня ведаў антычны сьвет, стварыла новае грамадзтва і новую культуру Эўропы, дзе асобны чалавек стаў нароўні з грамадзтвам, зрабіўся першаснай каштоўнасьцю гэтага грамадзтва і ўсіх ягоных інстытутаў, ад рэлігіі да дзяржавы.

 

Калі мы прасочым канцовую мэту духоўнага разьвіцьця чалавека так, як яна тлумачыцца ва ўсіх вышэйшых сусьветных рэлігіях, і асабліва ў Хрысьціянстве, то на духоўным этапе (які дасягаецца праз духоўнае ўдасканаленьне і фізічную сьмерць) супольнасьць увогуле перастае адыгрываць вызначальную ролю. Яе як бы і не існуе. Самаіснымі каштоўнасьцямі застаюцца справядлівая індывідуальная душа і яе мэта – злучэньне з Богам.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.