Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Зянон Пазьняк 5 страница



 

Ініцыятыва эліты – гэта ня заклікі. Гэта ёсьць асьветніцкая праца і дзейнасьць у нацыянальных інтарэсах ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Нацыянальная сьведамасьць грунтуецца ўжо ня толькі на жыцьцёвай прасторы (ізноў жа, паўтаруся), ня толькі на займаемай тэрыторыі, ня толькі на прыродзе, але на нацыянальнай ідэі, нацыянальных інтарэсах і нацыянальных каштоўнасьцях (мове, культуры, гісторыі, дзяржаве і г. д. ).

 

Істотна аднак тое, што нацыянальная ідэя можа рэалізавацца (у форме нацыянальнай дзяржавы) толькі на нацыянальнай тэрыторыі. Іншых прыкладаў у гісторыі не існуе.

 

Азначэньне нацыянальнай тэрыторыі мае праграмны сэнс для беларускага Адраджэньня.

 

„Наша зямля, наша нацыянальная тэрыторыя ад пачатку існаваньня на ёй людзей ёсьць наша зямля, – адзначаецца ў дакумантах беларускага Адраджэньня. – На ёй мы, беларусы, і нашы продкі жылі спрадвеку. На ёй мы стварылі нашу гісторыю, культуру і дзяржаву. Наша зямля ёсьць часткай нас самых, нашага гістарычнага, культурнага і нацыянальнага існаваньня. Нічога няма даражэйшага за нашу Беларускую зямлю. Наша зямля непадзельная, недатыкальная, сьвятая.

 

Аніхто – ніякі чалавек, ніякая група людзей, ніякі дзяржаўны ворган, ніякая краіна, ні Беларуская дзяржава, ні Беларускі народ – ня можа распараджацца лёсам Беларускай зямлі, бо яна належыць ня толькі нам, ня толькі тым, хто жыве цяпер, але й будучым пакаленьням беларусаў, датуль, пакуль будзе наш род у Сусьвеце.

 

Наша зямля ёсьць наш вечны Дом, вечная спадчына, якая сягае за межы часу – непадзельны маярат, асьвечаны найвышэйшым гістарычным правам і найвышэйшым абавязкам, неад’емная каштоўнасьць беларускай нацыі. Нашу Беларускую зямлю трэба любіць, берагчы, шанаваць, абараняць ад страты і спусташэньня, умець змагацца за яе. ” (Праграма Партыі БНФ, 1999 г. )

 

Нацыянальная тэрыторыя адыграла гістарычную ролю ў самапазнаньні і самаўсьведамленьні нас як народа, паспрыяла фармаваньню нашага этнічнага характару, псіхалёгіі і мэнтальнасьці, была і ёсьць нашай жыцьцёвай прасторай, дзе мы можам гістарычна (гэта значыць – і ў будучыні, вечна і бясконца) жыць, разьвівацца і існаваць.

 

Беларуская тэрыторыя, гэтак жа, як Беларуская мова і Беларускі народ, ёсьць найвялікшай каштоўнасьцю беларускага быцьця на Зямлі.

 

8 сьнежня 2001 г.

 

 

5. БЕЛАРУСКАЯ ІДЭЯ

 

Першаснай інтэлектуальнай і духоўнай каштоўнасьцю нацыі ёсьць Нацыянальная ідэя. Без яе нацыя ня можа ні ўзьнікнуць, ні існаваць. Гэта ёсьць нацыянальная ідэалёгія: ўсьведамленьне неабходнасьці незалежнага нацыянальнага існаваньня; стварэньне нацыянальнай дзяржавы; разьвіцьцё нацыянальнай культуры; усьведамленьне нацыянальнай самакаштоўнасьці самых сябе (народа, нацыянальнай супольнасьці).

 

Асэнсаваньне Нацыянальнай ідэі і дэтэрмінацыя яе (прычынна-абумоўленая сувязь) з кожнай нацыянальнай асобай ёсьць чыньнікам нацыянальнай сьведамасьці грамадзтва.

 

Палітычная практыка і гісторыя краінаў паказала, што калі ў грамадзтве няма „ першаснай каштоўнасьці нацыі” ці калі Нацыянальная ідэя нясьпелая, а нацыянальная сьведамасьць людзей невысокая, то ніякія іншыя перавагі, нават вельмі значнага матэрыяльнага кшталту, не дапамогуць грамадзтву самаразьвіцца, сцьвердзіцца і свае перавагі рэалізаваць.

 

Ні багатыя прыродныя рэсурсы, ні вялікая колькасьць маёмных, адукаваных людзей, ні культурная спадчына гістарычнага мінулага, ні разьвітая эканоміка – нішто не паспрыяе, калі насельніцтва не ўсьведамляе агульных інтарэсаў і агульных каштоўнасьцяў нацыі, калі не разумее абсалютнай нацыянальнай каштоўнасьці самых сябе, сваёй супольнасьці, мовы, культуры і гісторыі. Такое грамадзтва страціць свае багацьці, апынецца ў залежнасьці ад іншых, дэградуе, занепадзе.

 

Прывяду прыклад. У 1991 годзе (у год аднаўленьня незалежнасьці і ліквідацыі ўлады КПСС) Беларусь, адносна сваіх суседзяў (Польшчы, Летувы, Латвіі, Украіны) была самай перадавой краінай па жыцьцёвым узроўні. У Беларусі (адносна гэтых краінаў) была добра разьвітая структура таварнай вытворчасьці і эканомікі, высокая навукаёмкасьць вытворчасьці, збалянсаванасьць прамысловасьці, стратэгічная вытворчасьць, нафтавая, хімічная, электронная, аптычная, тэкстыльная і харчовая, транспартная і г. д. Тут была найлепшая ў былым СССР чыгунка, найлепшая сельская гаспадарка, найбольшая колькасьць ворнай зямлі ў Эўропе з разьліку на душу (каля аднаго га). Тут была высокаразьвітая фундамэнтальная і ўжытковая навука, структураваная сістэма сярэдне-спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі, добры ўзровень медыцыны, высокі ўзровень і вялікі працэнт адукаваных спэцыялістаў, добрая кваліфікацыя рабочых і агульная адукацыя насельніцтва, наяўнасьць важных прыродных рэсурсаў.

 

Ніводная з пералічаных краінаў ня мела тады такога становішча. Эканамічны патэнцыял Беларусі перавышаў патэнцыял значна большай па насельніцтву Польшчы (ня кажам ужо пра войскі і ўзбраеньні).

 

Цяпер, аднак, праз 10 гадоў Польшча – ўжо ў НАТО, краіна з рынкавай эканомікай, мае эўрапейскі выгляд, зьбіраецца ў Эўразьвяз. Пайшлі наперад Балтыйскія краіны, умацавалі валюту, будуюць новую гаспадарку. Нават Украіна, дзе быў даволі нізкі жыцьцёвы ўзровень і вельмі складаныя праблемы ў эканоміцы, выбралася на лепшую пэрспэктыву, добра ўспрымаецца ў сьвеце.

 

Толькі ў Беларусі за гэты час усё змарнавана. Яна зьбяднела, зьехала найніжэй і само існаваньне яе дзяржаўнай незалежнасьці пастаўлена пад пагрозу.

 

У чым жа прычына, чаму так сталася ў краіне, якая рэальна магла б быць наймагутнейшай і найбагацейшай на Ўсходзе Эўропы, гэтакім усходне-эўрапейскім драконам, як спрабавалі ўжо характарызаваць яе будучыню.

 

Так, згодзен, ёсьць пытаньне зьнешняй палітыкі. Расея адчула ва ўзвышэньні незалежнай Беларусі сьмяртэльную небясьпеку для сябе, для існаваньня яе як імпэрыі, для таемных мараў усё вярнуць. Эканамічна магутная, з высокім жыцьцёвым узроўнем Беларусь паўплывала б на ўвесь рэгіён як станоўчы прыклад, стала б зьвязваючым зьвяном новага жыцьця ва Ўсходняй Эўропе. Імпэрскія ўплывы Расеі тут бы вельмі аслабелі, прышлося б разьвітацца з імпэрскімі марамі на Захадзе і будаваць раўнапраўныя дачыненьні.

 

Таму беларускі напрамак быў аб’яўлены кірункам нумар 1 па важнасьці ў расейскай зьнешняй палітыцы, і ўся магутнасьць яе спэцслужбаў, дыпляматыі, хітрасьць розумаў „ гайдароў” і так званых „ расейскіх дэмакратаў” запрацавалі ў зададзеным рэжыме.

 

Яны дасягнулі вынікаў. Беларусь узначаліў свой прарасейскі кіраўнік, які дапамог расейскім спэцслужбам ажыцьцявіць акупацыю беларускай улады знутры.

 

Аднак зьнешнія прычыны – гэта ўсё ж недастатковае тлумачэньне заняпаду Беларусі. Адсутнасьць шырокага разуменьня ў беларускім грамадзтве таго, што рэальна адбылося і адбываецца, адсутнасьць рэальнага і шырокага супраціўленьня ўнутранай акупацыі гавораць аб тым, што прычына – ўнутры.

 

Ва ўсіх суседніх краінах не было такога матэрыяльна-эканамічнага ўзроўню, як у Беларусі, але існавала галоўнае, што рабіла іх моцнымі, гарантавала нацыянальнае і дзяржаўнае існаваньне і разьвіцьцё. Гэтае галоўнае – высокая нацыянальная сьведамасьць людзей, нацыянальная самасьвядомасьць грамадзтва. Гэта зрабіла іх свабоднымі, гэта дапамагло стварыць ім нацыянальную дзяржаву і падняцца зь нізін.

 

Беларусь, якой пасьля вайны за часы СССР, ня гледзячы на вынішчэньне і генацыд, пашанцавала акамуляваць сваю працу ў сістэме савецкай гаспадаркі і часткова ўтрымаць яе вынікі на сваёй тэрыторыі, гэтай працавітай Беларусі не ўдалося захаваць на ўзроўні сваю нацыянальную культуру. Краіна страціла беларускую школу (якая фармуе беларускую асобу), не зьберагла павагу да беларускай мовы ў грамадзтве, трапіла пад навалу шалёнай саветызацыі, дэнацыялізацыі і русіфікацыі.

 

У пачатку 90-х гадоў у беларускім грамадзтве было ўсё для новага годнага нацыянальна-дзяржаўнага эўрапейскага разьвіцьця. Але не было галоўнага: моцнай нацыянальнай сьведамасьці людзей. У выніку – наша грамадзтва страціла ўсе свае матэрыяльныя перавагі і магчымасьці, апынулася перад пагрозай страты незалежнасьці, народнай маёмасьці і ўвогуле – гістарычнага існаваньня.

 

Вось што такое нацыянальная сьведамасьць людзей. Гэта калектыўны розум нацыі. Гэта сьведчаньне існаваньня духоўнай індывідуальнасьці народа, якая дзейнічае разумна, паводле агульнай неабходнасьці патрэбаў і інтарэсаў нацыі.

 

Калі б у 1991 годзе гэтая беларуская нацыянальная сьведамасьць ужо б была адроджана, лёс Беларусі быў бы іншым.

 

Незалежнасьць Беларусі вярнуў беларускі нацыянальна-дэмакратычны авангард (гэта значыць Народны Фронт, і ўсе, хто вакол яго). Першыя, што нацыянальна адрадзіліся, рынуліся на сьведамае і сьвятое змаганьне і малою сілаю –перамаглі. Гэта было няпроста. Бо справа вымагала выключнасьці, не цярпела прамаруджаньня, нясьмеласьці і памылак.

 

Але далей, каб вырашыць пытаньне новай нацыянальнай улады і новай нацыянальнай дзяржавы, трэба было абаперціся на сьведамае гэтым нацыянальным задачам грамадзтва, на сьведамыя грамадзкія сілы. Сілаў было замала.

 

Ужо летам 1992 года Масква (у асноўным спэцслужбы), злучыўшыся з беларускай каляніяльнай адміністрацыяй (урадам і намэнклятурай) перайшла ў наступ на вольную Беларусь.

 

* * *

 

Нацыянальная ідэя – гэта ідэя аб’яднаўчага выбару. Гэта абазначае, што яна ня ёсьць ідэяй кампрамісу, але – прынцыпу. Тут трэба выбіраць: альбо-альбо. Але тым часам гэта ёсьць ідэя менавіта аб’яднаўчая для ўсіх, нават калі б спачатку за ёй стаяў толькі адзін чалавек, ці двох, ці – невялічкая група.

 

Чаму гэтак ёсьць? Таму што Нацыянальная ідэя – нішто іншае, як выніковая, практычная і ўнівэрсальная мэта, якая аб’ектыўна вынікае з жыцьцёвага становішча і з духоўных інтарэсаў народа.

 

Нацыянальную ідэю ніякі мудрэц не прыдумаў. Яе нарадзіла нацыя. Людзі аднае культуры, аднае мовы, аднае гісторыі, тэрыторыі, знаходзячыся ў аднолькавых сацыяльна-палітычных умовах, паступова ўсьведамляюць аднолькавую нацыянальную неабходнасьць. Нават тыя, што з пабочных прычынаў спачатку не разумелі і не прымалі Нацыянальнай ідэі, ці тыя, што былі да ўсяго абыякавыя. Нацыянальная ідэя, пашыраючыся, разьвіваючыся, увасабляючыся і сцьвярджаючы сябе, паступова набірае падтрымкі, бо аб’ектыўна – не супярэчыць грамадзкім інтарэсам народа, а толькі выяўляе і фармулюе іх. Нацыянальная ідэя рухаецца як шлях нацыянальнай праўды. Кожны ў народзе знаходзіць там свой інтэрас, яна ня ёсьць ідэяй абстрактнай, але канкрэтнай формулай, абапертай на агульнае народнае дабро.

 

Уявім найпрасьцейшыя прыклады. Калі, магчыма, вельмі простаму чалавеку тлумачыць: ты працуеш на зямлі і хочаш мець яе ва ўласнасьць. Ты атрымаеш такую квоту зямлі, якую зможаш апрацаваць. Дадзім табе трактар наперад, у кошт крэдыту. Выплаціш крэдыт з ураджаю, паступова, за 10 гадоў. Гарантуем табе, што прадасі сваю бульбу і жыта. Але дзеля гэтага нам усім разам трэба стварыць сваю дзяржаву з сваіх людзей, каб мець свае законы „ пра твой трактар”, тваю зямлю і гарантыі прадажы жыта на ўнутраным рынку, пра твае падаткі і мыта на межах (каб абараніць тваю працу) і г. д. То ўрэшце рэшт, ці ні пагодзіцца з гэтым чалавек?

 

Альбо пытаем: калі мы з табой будзем мець сваю беларускую ўладу, то ці будзе яна пераймяноўваць тваю вёску Быкоўшчына ў вёску „ Сірэнь”?

 

Нацыянальная ідэя, нават у дэталях, у самым простым, – гэта ідэя здаровага сэнсу. Яна свая. Таму яна аб’яднаўчая, патрабуе асьветніцтва, тлумачэньня сваім людзям, і змаганьня за яе – з чужой палітыкай.

 

Той жа прыклад, але ў рэчышчы ідэі абстрактнай (чужой, нездаровага сэнсу). Ты працуеш на зямлі, але ня маеш яе. Давай адбяром у тых, хто мае яе шмат, і дадзім табе, колькі трэба. Але потым – абагулімся, складзем зямлю ў вадно, разам з жывёлай і інвэнтаром. і будзеце ўсе разам, такія, як ты, на ёй працаваць. Бульба і жыта – агульныя. Частку ўраджаю падзеліце паміж сабой, а астатняе – Маскве, за тое, што нас аберагае і намі кіруе. Быкоўшчыну назавем „ Камінтэрн”.

 

Тлумачэньні, мяркую, непатрэбныя. Як укаранялася гэтакая ідэя – добра ведама. Яе не растлумачыш, не пакажаш, не дакажаш і ня ўспрымеш, ці ты адукаваны, ці ты неадукаваны. Бо яна не вынікае ні з жыцьцёвых абставінаў, ні з сацыяльных патрэбаў, ні са здаровай лёгікі. Гэта тыповая разбуральная, разьяднаўчая ідэя, не адпаведная жыцьцю, якая (каб існаваць) патрабавала маўзэра, калючага дроту і лёзунгу: „ Хто ня з намі, той супраць нас. ”

 

* * *

 

Нацыянальная ідэя ёсьць ідэяй прынцыпу і выбару, але (як я ўжо адзначыў) – не канструкцыяй кампрамісаў. Некаторыя наіўныя людзі (зрэшты, і зацятыя дэмагогі таксама) шчыра мяркуюць, што ва ўсіх выпадках грамадзкіх сутыкненьняў і суперніцтва процілеглых тэндэнцыяў у палітыцы ды сярод людзей, трэба заўсёды не канфліктаваць, а шукаць нечага агульнага, прыймальнага для ўсіх. Такія людзі здаюцца палітычнымі мудрацамі, разважаюць то пра „ цэнтрызм”, то пра „ мастацтва кампрамісу” і г. д., думаючы, што валодаюць унівэрсальнай тэхналёгіяй дэмакратыі.

 

Квінтэсэнцыю такой „ тэхналёгіі” выявіў некалі ў польскім Сэйме наш беларускі сэнатар Аляксандар Уласаў: „ Усё будзе добра, панове, – зьвяртаўся ён да сэнатараў-дыскутантаў, – толькі нічога ня трэба рабіць”.

 

Кампраміс магчымы (і можа быць плённым) па збліжаных і альтэрнатыўных пазыцыях. Сутнасьць жа ў тым, што ў Нацыянальай ідэі не існуе нацыянальнай альтэрнатывы. Яе абагуленасьць – абсалютная. Яе альтэрнатыва знаходзіцца за межамі нацыі і зьяўляецца – антаганізмам. Кампраміс паміж антаганізмамі, практычна, немагчымы (альбо – альбо). Хіба што гэта будзе кампраміс абсурду.

 

Не існуе здаровага кампрамісу, скажам, паміж антаганізмам жыцьця і сьмерці: быць ці ня быць. Але аб’яднаўчы сэнс для людзей (здаровы сэнс), ня гледзячы на дыямэтральную супроцьлегласьць ідэяў, знаходзіцца ў пазыцыі жыцьця: „ Быць. ”

 

Значыцца, калі мы гаворым „ быць”, – мы можам урэшце ўсіх аб’яднаць, хоць бы бальшыня меркавала зь нейкіх прычынаў, што „ быць” – ня трэба.

 

За „ быць” (гэта значыць, жыць) – трэба змагацца, бо жыць – мусім усе.

 

Добра, што за часы Хрыста не было дэмакратыі. А то арганізавалі б „ круглы стол” па дасягненьні кампрамісу паміж Хрыстом і фарысеямі.

 

Ідэя ад ідэі розьніцца, і ня ўсё – дзеліцца папалам. Каб разумець гэта, Бог і даў чалавеку розум.

 

Калі глянуць на гісторыю эўрапейскага Адраджэньня ў XIX стагоддзі, то ўбачым якраз такую аб’яднаўчую карціну: рух Нацыянальнай ідэі ад малога – да вялікагга, праз асьвету і змаганьне і нясеньне Крыжа дзеля шчасьця і будучыні ўсяго народа. Гэта такое змаганьне, дзе кожны венгр, ці кожны чэх, ці кожны беларус быў у Нацыянальнай ідэі – сябрам.

 

* * *

 

Пэўная катэгорыя людзей у Расеі і іхныя прадстаўнікі ў Беларусі вельмі ня любяць Беларускую Нацыянальную Ідэю. Але заўважана, што яны яе і баяцца. Пакусваюць, ды зпадцішка, скрытна, між іншым, не ўдаючыся ў вялікія разважаньні. А так, звычайна, робяць выгляд, што яе няма. Ды й самы яны, маўляў, амаль клапоцяцца пра Беларусь, шукаюць, быццам бы, шляхоў выхаду (у Расею, вядома).

 

Мітусьня ўсё гэта, пустата і дэмагогія. Пераможа праўда, бо такая яе прырода. Беларусь была і будзе. Але за Беларусь трэба змагацца.

 

Каб змагацца, трэба быць разам. Аб’яднаць беларусаў можа толькі Белларуская Ідэя. А гэта ёсьць Ідэя нашага вольнага нацыянальнага жыцьця ў незалежнай Беларускай дзяржаве. Беларусаў ня можа злучыць чужая Нацыянальная ідэя, ці чужая дэмакратыя, а толькі – разлучыць. Вось чаму за сваю ідэю трэба змагацца супраць чужароднага.

 

Сапраўды так. Ёсьць толькі адна дарога выратаваньня Беларусі: узмацняць Беларусь, берагчы ўсё беларускае. Супраціўляцца зьнішчэньню, русіфікацыі, этнацыду. Нельга цярпець, каб нас паніжалі, тапталі ў гразь наша імя, зьневажалі нашу мову і род, забіралі маёмасьць.

 

Як гэта ня дзіўна, але, каб абараніцца, трэба вельмі ня шмат: адчуць гонар за свой народ і адказнасьць за ягоную будучыню.

 

28 траўня 2002 года, Варшава

 

 

6. КУЛЬТУРА, ГІСТОРЫЯ, МАЁМАСЬЦЬ

 

Часам гаворыцца, што чалавек – гэта культура. У гэтым ёсьць сэнс. Дакультурны чалавек мусіў бы быць часткай прыроды (ці больш сьцісла – жывёльнага сьвету). Ці быў дакультурны пэрыяд у чалавека на Зямлі, сказаць цяжка, хоць дзеля гэтакага меркаваньня хораша выбудоўваецца лягічны ланцужок і пад рукой – розныя прыклады. Але пакуль што гэта ўсяго толькі навукова-лягічныя канструкцыі, а не дакладная навуковая сістэма. Тым ня менш, мы мусім карыстацца тым, што маем, – лёгікай вылучэньня чалавека з прыроды, абапіраючыся на фрагмэнты дакладных ведаў.

 

Калі прааналізаваць значэньне, гісторыю і сэнс слова „ культура”, то прыходзім да высновы, што яно выяўляе асноўнае паняцьце і спосаб чалавечага існаваньня на Зямлі. Культура – гэта ўсё, што створана рукамі і розумам чалавека. Вышэй культуры ёсьць толькі Бог і прырода.

 

Вылучэньне чалавека з прыроды – гэта быў шлях у культуру. Чалавек, утвараючы культуру, сам зьяўляецца яе стварэньнем (у сфэры культуры ён стварае сябе). У той жа час чалавек ёсьць часткай прыроды і Боскага Духу.

 

Мяркуючы па-філясофску, чалавек, разьвіваючыся ў культуры, ёсьць зьявай прыроды, якая, надзеленая Боскім Духам, пазнае сама сябе. Таму сэнс культуры – у чалавеку.

 

Ня цяжка зразумець, што фізічны чалавек у прынцыпе ня можа выйсьці за межы прыроды (усяго існага), а фізічнае жыцьцё чалавецтва абмежавана пэрыядамі прыродных пераменаў.

 

Таму чалавек ня можа быць „ царом прыроды”, як сцьвярджалі неадукаваныя людзі, бо прырода ў анталягічным сэнсе – бясконцая (адваротна пэрспэктыўная ў шырыню) і ў гнасеалягічным зьмесьце – непазнавальная (проста пэрспэктыўная).

 

У чым жа тады зьмест культуры, калі яна, існуючы паралельна, ня можа выйсьці за межы прыроды?

 

Культура гэта ёсьць духоўнае цела фізічнага чалавецтва, форма, у якой разьвіваецца чалавек. Гэта нібы дом, які людзі могуць абсталяваць, як сьвятыню, як храм, альбо ператварыць яго ў хлеў. Бо чалавек культурны, у адрозьненьне ад істоты прыроднай (жывёлы), валодае свабоднай воляй.

 

Пераходны, канцовы сэнс культуры можна зразумець, калі разглядаць яе як асяроддзе дзеля ўдасканаленьня чалавечай душы і разьвіцьця чалавечага духу (гэта значыць, як сфэру выяўленьня вечнага розуму).

 

Мы, беларусы, ствараючы і адраджаючы нашу культуру, ніколі не павінны забывацца пра вечнасны, духоўны сэнс народнага існаваньня.

 

Ёсьць таксама вузкае разуменьне тэрміну культуры. Яно ўключае ў сабе сфэры творчасьці, мастацтва, этыкі, самаарганізацыю грамадзтва. Ёсьць сваістыя катэгорыі культуры. Напрыклад, агульначалавечая культура, нацыянальная культура, народная культура (пад якой звычайна падразумеваюць фальклёр), мастацкая, бытавая, індывідуальная культура і г. д. Усе культурныя дачыненьні ўзаемазьвязаныя і, у рознай ступені, узаемазалежныя.

 

Нас цікавіць тут нацыянальная культура як асноўная каштоўнасьць нацыі. Некалькі пакаленьняў беларусаў жыло пры камуністычным рэжыме, пад расейска-савецкай акупацыяй. Тады ідэалёгія і палітыка ў галіне нацыянальнай культуры вызначалася падвойна. У афіцыёзным пляне лічылася, што нацыянальная культура (гэтак жа, як і мова) ёсьць часовая зьява. Пры камунізме, маўляў, да якога ўсё няўхільна рухаецца, будзе адна камуністычная культура (і адна мова). На просьбу ўдакладніць, што гэта будзе за культура і якая мова, прапагандысты (псэўдавучоныя) звычайна ухіляліся ад адказу альбо намякалі, што „ возможно, это будет взбагаченная национальными культурами русская культура и русский язык, как самые высокаразвитые и наиболее распространенные”.

 

Другі варыянт тлумачэньня гэтакай пазыцыі адбываўся на паў-афіцыйным (непублічным, непісьмовым) узроўні, дзе гаварылася, што беларуская нацыянальная культура і мова „ никому не нужны”, што трэба жыць іншай, „ более передовой” рускай культурай, і гаварыць – па-руску, бо „ все понимают и везде говорят”.

 

Узровень гэтакай шавіністычнай прапаганды, як кажуць, недыскусійны. Але бывае, што чым больш прымітыўная прапаганда, тым лепш яна засвойваецца простымі людзьмі. з такой зьявай нялёгка змагацца, бо на прапагандысцкі прымітыў павінен быць контр-прымітыў. Тады успрымаецца.

 

Вядома, усё вырашаецца нацыянальнай асьветай у нармальнай краіне. Але ў акупаванай краіне, дзе такой асьветы няма (ці яна забаронена), а нацыянальныя асьветнікі і шмат якія культурныя людзі – зьнішчаныя, у такой краіне могуць існаваць самыя неверагодныя антыкультурныя ўяўленьні.

 

* * *

 

Нацыянальная культура акамулюецца ў генетычнай памяці, у інтэлекце чалавека і ў набытых інстынктах. У грамадзкім сэнсе, нацыянальная культура адкладваецца ў гісторыі і выяўляецца ў людзкіх (грамадзкіх) дачыненьнях. з гэтага вынікае, што чалавек нармальна разьвіваецца толькі ў сістэме сваёй нацыянальнай культуры, але можа ўзбагачацца ў іншай нацыянальнай культуры. Такім чынам, кожная нацыянальная культура у дачыненьні сама да сябе ёсьць сістэма існаваньня і разьвіцьця, а ў дачыненьні да іншай нацыянальнай культуры яна выступае як сістэма ўзбагачэньня. Адсюль зразумела, што нацыянальная культура ёсьць абсалютнай умовай культурнага існаваньня, а множнасьць культураў ёсьць чыньнікам паскоранага культурнага разьвіцьця кожнай нацыянальнай культуры і культуры чалавецтва ў цэлым. і чым большая множнасьць, тым лепшыя ўмовы, тым большая магчымасьць разьвіцьця.

 

Гісторыя ёсьць часткай культуры. Гэта яе памяць і назапашаны вопыт. Аб значэньні веданьня гісторыі для асобы і грамадзтва шмат напісана і сказана.

 

Без гісторыі культура не разьвіваецца, як не разьвіваецца чалавек без памяці. Каб лепш зразумець, паспрабуем уявіць такога чалавека. Скажам, з сёньняшняга дня асоба перастае раптам памятаць усё, што было. Чалавек адразу нібы выпадае з сацыяльна-культурнага жыцьця. Перастае быць паўнавартаснай асобай. Ня зможа далей ні нармальна жыць, ні працаваць.

 

Расейскія камуністы, зьнішчаючы беларускую гісторыю, фальсіфікуючы і зачыняючы яе для цэлых пакаленьняў, стваралі непаўнавартасныя ўмовы культурнага разьвіцьця, спрыялі інтэлектуальнай люмпэнізацыі (адсутнасьці духоўных каштоўнасьцяў) і культурнай няразьвітасьці ў грамадзтве. А гэта выклікала дэфармацыю нацыянальнай сьведамасьці, неадэкватныя грамадзкія паводзіны народа.

 

Па-за культурай (гэта значыць, увогуле па-за культурным чалавечым грамадзтвам) чалавек не разьвіваецца як культурная індывідуальнасьць (дзічэе).

 

Выходзіць, што для нармальнага і праўдзівага існаваньня і разьвіцьця грамадзтва і чалавека неабходна, каб былі моцныя нацыянальныя (народныя, этнічныя) культуры, каб іх было шмат і каб людзі, жывучы ў сістэме адной нацыянальнай культуры, маглі рухацца па сьвеце (ці хаця б ведаць, што ў ім робіцца).

 

У рэальнасьці аднак, назіраюцца істотныя адхіленьні ад узору, узьнікаюць войны і канфлікты з мэтай захопу чужой тэрыторыі ды маёмасьці, прыдумваюцца пачварныя тэорыі ды ідэалёгіі, дзеля асіміляцыі ці вынішчэньня нацыяў, снуецца хітрая палітыка і таемная дыпляматыя, правакуецца культурная экспансія, міграцыі, дыверсіі, імпэрыялізм у культуры і г. д.

 

На працягу ўсёй гісторыі культурнага існаваньня людзей назіраецца пастаянная разбуральная тэндэнцыя: зьменшыць множнасьць культураў (якія ствараюцца ў выніку культурнага разьвіцьця чалавецтва. )

 

Найвыразьней гэтая зьява ўвасоблена ў ідэалёгіі, псіхалёгіі і палітыцы імпэрыі. Ці ёсьць у гэтым нейкі аб’ектыўны рацыянальны сэнс? На жаль, ёсьць. Для хутчэйшага і вышэйшага разьвіцьця культуры патрэбная ня толькі множнасьць, але і канцэнтрацыя магчымасьцяў, рэсурсаў, грамадзкай сілы. Так узьнікалі вялікія цывілізацыйныя імпэрыі, заснаваныя на крыві і касьцях загіблых народаў, дзе будаваліся велічныя храмы, калёны, помнікі, сфінксы, аквэдукі ды піраміды, тэатры ды стадыёны, а вайна была сродкам культурнага прагрэсу.

 

Канцэнтрацыя багацьцяў і культуры ў імпэрыях выклікала зайздрасьць малакультурнага, так званага „ варварскага сьвету”, зь якім імпэрыі вялі пэрманэнтныя войны. У выніку гэтакіх войнаў узьнікалі нават варварскія імпэрыі (напрыклад, Манчжурыя, Залатая Арда, імпэрыя Тамэрляна, Расея* і г. д. ), якія пагражалі зьнішчэньнем любой культуры.

 

* Нагадаю ізноў, што „варварамі” раней звычайна называлі тыя народы (дзяржавы), якія не стваралі высокай культуры (гэта значыць, духоўнай, не ўжытковай культуры: літаратуры, тэатра, архітэктуры і т. п. ), а займаліся, галоўным чынам, вайной, ваенным рабаўніцтвам і заваёўніцтвам. Расея мела характэрныя рысы варварскай імпэрыі. Расейскі Цар Мікалай І, які цараваў у ХІХ ст., характарызаваў Расею як „ваенную дзяржаву”, а Сталін (у ХХ-м стагоддзі) рыхтаваў сусьветную рэвалюцыю, заваяваньне Эўропы і Азіі, перабудаваў усю імпэрыю на ваенна-лягерны лад. – (З. П. )

 

Цывілізацыйныя старажытныя імпэрыі зьнікалі, аднак, перш за ўсё, з унутраных прычынаў (заняпад маралі, духоўная дэградацыя), а ня толькі пад ударамі варвараў. Бо нішто ня можа доўга трываць, заснаванае на гвалце і крыві. На месцы імпэрыяў зноў ажывалі ацалелыя народы, адраджалася множнасьць культураў, якія разьвівалі свае народныя традыцыі і вельмі выбарачна засвойвалі культуру імпэрскую.

 

У ХХ-м стагоддзі разваліліся і спынілі сваё існаваньне, практычна, усе (акрамя Расеі) сусьветныя імпэрыі (у тым ліку, і каляніяльныя). Утварылася мноства нацыянальных і посткаляніяльных дзяржаваў. Назапашаны велізарны вопыт па самазахаваньні і адраджэньні нацыянальнай культуры.

 

У гэты ж час становіцца зразумелым (а ў канцы ХХ-га стагоддзя замацоўваецца ў палітыцы), што вялікая традыцыйная вайна (вайсковая франтавая кампанія) стала эканамічна непасільнай і эканамічна ня выгаднай, а вынікі яе – надзвычай разбуральныя і гвалтоўныя для культуры, якая, з ускладненьнем сваёй структуры, стала больш датклівай на разбурэньне.

 

Да пачатку ХХІ стагоддзя і спосабы вайны, і імпэрская палітыка пачалі мяняць аблічча. На месца „ нэакаляніялізму” прыходзіць „ глябалізацыя” (якая ўжо выклікала канфлікт з ісламскім сьветам), а замест традыцыйнай ваеннай акупацыі часьцей і часьцей ужываецца эканамічная вайна, распрацоўваюцца мэтады інфармацыйных, кібэрнэтычных, прапагандысцкіх, фінансавых войнаў, выкарыстаньне разьведкі, спэцслужбаў і г. д.

 

Дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь (як я ўжо адзначаў раней) была захоплена Расеяй у выніку скаардынаваных дзеяньняў расейскіх спэцслужбаў і савецкага КГБ, з выкарыстаньнем дзеючых мэханізмаў фармаваньня ўлады. Гэта новы від вайны: акупацыя знутры пры дапамозе спэцслужбаў.

 

На працягу ўсіх гадоў гэтай вайны (з 1994-га) адбываецца пасьлядоўнае вынішчэньне асноваў беларускай культуры, гісторыі, эканомікі, незалежнасьці і дзяржаўнасьці. Старая імпэрыя з адсталай эканомікай, культурай, з традыцыйнымі ськіраваньнямі на захоп тэрыторыяў, на генацыд, тэрор і асіміляцыю (такую тэрарыстычную вайну яна вядзе ў Чэчэніі) распачала ў Беларусі новы мэтад вайны – ўнутраную акупацыю, расьцягнутую ў часе, шляхам стварэньня ўмоваў для самазьнішчэньня беларускай нацыі.

 

Экспансія любой імпэрыі (варварскай ці цывілізацыйнай) ёсьць заўсёды пагроза множнасьці культураў, духоўнаму і фізічнаму існаваньню народаў.

 

Прыклад зь Беларусяй яскравы, але можам паглядзець на сьвежы прыклад зь іншага боку: як адбываецца экспансія цывілізацыйнай глябалізацыі, наступ супэрімпэрыі. Якім мэтадам тут зьнішчаецца мова, культура, духоўныя традыцыі народаў (інакш бо „ глябалізацыі” ці новага каляніялізму плянэты ня станецца). Гэты мэтад ёсьць культурны імпэрыялізм (распаўсюджаньне камэрцыйнай збочанай мас-культуры па рыначных каналах). „ Культурны імпэрыялізм”, распуста і збочанасьць агрэсіўнай мас-культуры ідуць наперадзе глябалізацыі і здольныя разваліць, зьнішчыць, спаганіць любую чалавечую культуру, „ сажраць” любую мараль, разбэсьціць нармальнае грамадзтва.

 

Радыкальныя ісламісты ў Аўганістане (талібы) пачалі змагацца з культурным імпэрыялізмам даступным ім варварскім мэтадам (рэпрэсіямі) і вышлі з-пад кантролю супэр-імпэрыі. Праз нейкі час, пад выглядам злаўленьня Бін-Ладэна, які хаваўся ў Аўганістане, Аўганістан як дзяржава* быў сьцерты з твару зямлі тысячамі бомбаў ды ракетаў. Талібы перасталі існаваць.

 

* Дзяржаўная ўлада ў акупаваным войскамі НАТО Аўганістане мае фармальны характар і ў сапраўднасьці не выходзіць за межы Кабула. – (З. П. )

 

Вось такое „ радыкальнае ўмяшальніцтва”, як кажуць у хірургіі. (Дарэчы, а дзе Бін-Ладан? Але, зрэшты, ня важна, дзе. Галоўнае, што ўсё у парадку і з „ правамі чалавека”, і з „ ідэаламі дэмакратыі” таксама. )

 

Дадам толькі, што Аўганістан – стратэгічны ключ да Сярэдняй Азіі і ўсяго Ўсходу. Праз яго – ўсе шляхі. Гэта яшчэ Аляксандар Македонскі ведаў, калі туды ішоў рызыкаваць сваёй галавой і арміяй.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.