Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Зянон Пазьняк 3 страница



 

Мы назіраем перапляценьне супярэчлівых працэсаў. У перашай палове 90-х гадоў дамінавалі адраджэнскія тэндэнцыі. з другой паловы 90-х павялічваюцца праявы рэгрэсу.

 

Генацыд, русіфікацыя і вынішчэньне беларускага народу ў ХХ-м стагоддзі былі настолькі разбуральнымі для нацыі, што стварылі ў народзе характэрныя праявы заняпаду: абыякавасьць да палітыкі, гісторыі, культуры, да нацыянальных ідэалаў; адсутнасьць нацыянальнага радыкалізму; няздольнасьць да супраціўленьня і барацьбы; канцэнтрацыя на прыватным жыцьці і г. д.

 

І рэгрэсіўная тэндэнцыя, і адраджэнскі рух абазначылі „ ядро народу” (сканцэнтраваны этнас), лік якога ў 80-х гадах быў вельмі малы і сягаў у сярэднім аднаго-двух мільёнаў чалавек (10-20%). Гэтая лічба была добра відаць падчас гарбачоўскага ўсесавецкага рэфэрэндуму вясной 1991 года. Тут акрэсьленая велічыня, якая заўсёды вызначаецца пры комплекснай рэакцыі на нацыянальныя праблемы і нацыянальныя сымвалы, такія, як абарона нацыянальнай незалежнасьці, беларускай мовы, беларускай школы, беларускага войска, беларускага гэрба Пагоня і Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, гатовасьць змагацца з імпэрскай палітыкай Расеі.

 

Гэтая цэнтральная велічыня (нацыянальна актывізаванае „ ядро народу”) цяпер істотна павялічылася, нягледзячы на супярэчлівыя палітычныя тэндэнцыі, і перакрочыла за палову. Але, з прычыны контравэрсійных абставінаў, яна мае, аднак, даволі размытыя межы. (Што ў цэлым якраз і адлюстроўвае становішча пераменнага руху. )

 

Мушу адзначыць, што ў стабільных незалежных краінах апора грамадзтва на нацыянальных каштоўнасьцях і сымвалах сягае заўсёды далёка за 90 адсоткаў. Нацыянальныя каштоўнасьці – тут бясспрэчныя пастулаты для ўсіх грамадзянаў краіны.

 

* * *

 

У беларускім грамадзтве існуюць паняцьці, якія ў сьведамасьці людзей на Захадзе альбо адсутнічаюць, альбо падразумяваюць крыху іншае значэньне. Напрыклад, няма такога шырокага паняцьця, як „ інтэлігенцыя”, што падразумявае ў нас людзей адпаведнага культурнага, адукацыйнага, сацыяльнага, інтэлектуальнага і маральна-этычнага ўзроўню, вылучаных па роду заняткаў і дзейнасьці. На Захадзе такое абагульненьне і шырокае вызначэньне патрабуе дадатковага тлумачэньня.

 

Нешта падобнае назіраецца і ў разуменьні слова „ народ”. Але сутнасьць тут не ў разыходжаньнях з Захадам, а ў разыходжаньні з часам.

 

На Беларусі – і сярод інтэлігенцыі, і сярод палітыкаў, і ўвогуле ў грамадзтве – пануюць яшчэ народніцкія паняцьці пра народ, якія склаліся ў ХІХ-м стагоддзі (найбольш у рамантычнай літаратуры). Маўляў, народ – гэта найперш сяляне, пастаяннае насельніцтва, што фізічна працуе на зямлі і выяўляе ў сабе асноўныя прыкметы этнасу. Тыя, што пісалі пра гэта і любілі „ народ”, былі шляхтай, панамі, разначынцамі і г. д. Адным словам, быў „ народ”, і былі „ яны”.

 

Потым „ народ” палюбілі рэвалюцыянеры і распаўсюдзілі гэтае паняцьце таксама на рабочых і на ўсіх, хто займаўся непасрэдна вытворчай ручной неінтэлектуальнай працай. Значыцца – на сацыяльныя нізы грамадзтва.

 

А калі так, то зьявілася жаданьне народ ашчасьлівіць. Гісторыя дамовых унутраных войнаў і ўнутранай барацьбы за ўладу сьведчыць, што як толькі зьяўляюцца энтузіясты перавярнуць усё ўверх дном, – „ шчасьце” не за гарамі.

 

У расейскай імпэрыі найбольш „ шчасьцетворнымі” аказаліся бальшавікі. Грамадзтва, якое яны пабудавалі, выглядала надзвычай проста: з аднаго боку ўжо „ шчасьлівы”, часткова ацалелы народ, з другога – партыя (бальшавікоў, значыць). Усё гэта называлася: „ партия и народ – едины”.

 

Таму калі ў Савецкім Саюзе нейкі партыйны „ таварыш” гаварыў пра народ – усё было зразумела, што ён меў на ўвазе. Калі ж гэтак гаварыў не „ таварыш”, то, як выяўлялася, пад уплывам „ таварышаў” і пад узьдзеяньнем адукацыі (дзе вывучалі паэтаў тыпу Някрасава, „ філёсафаў”, тыпу Чарнышэўскага і палітыкаў, кшталту Леніна), ён разумеў тое ж самае, толькі па паняцьцях ХІХ-га стагоддзя.

 

Народ – у савецкім уяўленьні – гэта простыя, як правіла, менш адукаваныя людзі, масы, якія займаюцца пераважна ручной працай, вытворчасьцю і гуртуюцца ў натоўп, рабочыя ды калгасьнікі.

 

Савецкае (ці савецка-народніцкае) паняцьце пра народ бытуе ў Беларусі па сёньняшні дзень. Зьявіліся нават нэўрастэнікі, гатовыя праклінаць быццам бы „ дурны народ” (як яны кажуць), што ня йдзе на барыкады і галасуе за Лукашэнку.

 

Нацыянальна-дэмакратычнае разуменьне паняцьця „ народ” (беларускі народ) – іншае. Народ, як я ўжо казаў у пачатку, – гэта ўсе мы – беларусы, жыхары нацыянальна-дэмакратычнай дзяржавы. Гэта ўсе мы – людзі аднаго беларускага этнасу, яго мовы, гісторыі і тэрыторыі, незалежна ад адукацыі, сацыяльнага стану і роду заняткаў. *

 

 * Прадстаўнікі іншых дзяржаваў і іншых нацыянальнасьцяў, якія маюць беларускае грамадзянства і валодаюць усімі правамі, зьяўляюцца інтэгральнай часткай беларускага грамадзтва (у палітычным і юрыдычным сэнсе). У нацыянальна-культурным сэнсе яны могуць карыстацца правамі нацыянальных мяншыняў. – (З. П. )

 

Паводле прынцыпаў нацыянальна-дэмакратычнай дзяржавы, кожны беларус ёсьць частка беларускага народа, кожны можа (мае магчымасьць) сказаць: народ – гэта я. Сумяшчэньне індывідуальных інтарэсаў і пачуцьцё адказнасьці за ўсіх – гэта той стан, якім характарызуецца народ у дэмакратыі айчынаў.

 

Тым часам, калі пагаварыць зь беларусамі, то шмат хто думае, быццам народ – гэта нехта, а ён – так сабе: інтэлігент, ці вучоны, студэнт, ці ўвогуле „ просты чалавек”.

 

За часы акупацыяў і вынішчэньняў у беларускім народзе (як і ў кожным іншым) набралася шмат неадпаведных, чужых, аджылых меркаваньняў, наносных якасьцяў, якія адмоўна ўплываюць на мэнтальнасьць, перашкаджаюць адпаведна ацэньваць рэчаіснасьць.

 

Гэтыя „ адмоўныя якасьці” можна, што называецца, раскласьці па палічках. Але я ня бачу аніякай неабходнасьці ў такога роду аналізе і катэгарычна супраць выстаўленьня народных балячак напаказ у той час, калі зачыняюць беларускія школы, зьневажаюць беларускую мову, аплёўваюць беларускія сымвалы, гісторыю і культуру, Васіля Быкава, Кастуся Каліноўскага, і ўсё гэта называецца афіцыйнай палітыкай. Трэба нам шукаць іншыя спосабы народнай размовы і пазбаўленьня ад недахопаў, чым выстаўленьне іх на публічны агляд у няволі. (Мы ўжо маем гістарычны вопыт самабічаваньня перад чужымі. ) Пра нашыя народныя ўнутраныя бядоты публічна мы будзем гаварыць у вольнай Беларусі (калі застанецца ў гэтым патрэба).

 

Вышэйшая праўда ня ў тым, што ў нас склаліся тыя ці іншыя адмоўныя звычкі, а ў тым, што цяпер, як на вайне, патрэбная адказнасьць і разумная самаацэнка, нельга даваць аргуманты нягоднікам і ворагам беларушчыны, каб яны потым пацьвельваліся і зьневажалі наш народ, спасылаючыся на выказваньні самых беларусаў.

 

Калі йдуць у адведкі да хворага чалавека, то не кажуць яму, як ён кепска выглядае і што можа памерці, бо вышэйшая праўда ў іншым – падтрымаць хворага, каб выздаравеў.

 

Нам, беларусам, патрэбна цяпер не самакрытыка і не самаедзтва, а самападтрымка, станоўчыя прыклады і станоўчыя ідэалы. (Тым больш, што самаедзтва – адна з заганаў у нашым грамадзтве. )

 

Памятаю, нядаўна ў Чэхіі група чэхаў і беларусаў слухала беларускую песьню, дзе сьпявак-беларус вітаў беларускую „ нацыю”, абзываючы яе грубым зьняважлівым словам.

 

„ Калі б такое пра чэхаў сьпяваў чэх, – сказаў адзін, – яго б проста... ” (Тут я не перадаю, што б зь ім зрабілі, каб не пашыраць экстрэмісцкія выказваньні, але прысуд быў бы вельмі жорсткі. )

 

Іншая справа, што чэхі такога не сьпяваюць. Не прыходзіць у галаву. А беларусы – нічога. Слухаюць. Прывыклі, відаць.

 

Зважайма, аднак, што як мы думаем, так мы і жывём. А не наадварот.

 

Беларускі народ – гэта ты і я, ён і яны. Не забывайма, што народ існуе на доле (кансэрватыўная ягоная частка), але разьвіваецца ўгары.

 

Народ, як ужо гаварылася, жыве ў лепшых сваіх прадстаўніках. Павінен быць балянс, давер, лучнасьць паміж элітай і паспольствам (грамадзтвам). і найперш – у разуменьні і ўспрыняцьці нацыянальных каштоўнасьцяў. На верхавіне ж народу палягае і трымаецца найвялікшая адказнасьць за ягоны лёс.

 

Ці ўсьвядоміла сабе гэта наша беларуская „ верхавіна”? Вось дзе пытаньне.

 

* * *

 

Што трэба рабіць, каб народ існаваў, ствараў і разьвіваўся, як забясьпечыць стабільнасьць ягонай трыадзінай структуры быцьця?

 

Як і ва ўсялякай канструкцыі, ідэйнай ці матэрыяльнай, тут ёсьць асновы (апоры), на якіх трымаецца ўвесь балянс зьявы. Калі гэтыя апоры выбіць, структура пачынае распадацца, зьява не разьвіваецца. На зьберажэньне такіх апорных асноваў нацыі павінна накіроўвацца агульная энэргія народа. (Тут падкрэсьліваю, што менавіта агульная энэргія, як імпэратыўнае дзеяньне, якое не падлягае сумненьню і ўсьведамляецца як неабходнасьць. )

 

На ўзроўні ЛЮДЗЕЙ галоўным зьберагаючым і фармуючым грунтам зьяўляецца салідарнасьць. Пачуцьцё салідарнасьці рознае ў розных народаў. Мы гэта выразна бачым на практыцы і заўсёды можам ацаніць вынікі гэтай рознасьці.

 

Салідарнасьць – вялікая сіла, моц народа. Калі народ салідарызаваны, ён вытрывала пераносіць удары лёсу (страту незалежнасьці, акупацыю, генацыд, рэпрэсіі, перасьлед і інш. ). Салідарны народ – непераможны, на салідарнасьці трымаецца грунт яго незалежнасьці і свабоды.

 

Пачуцьцё салідарнасьці – гэта частка мэнтальнасьці народа, яно складваецца гістарычна на працягу жыцьця пакаленьняў. Яго нельга адразу зьнішчыць і адразу набыць. Патрэбныя адпаведныя ўмовы і доўгі працэс, замацаваны ў падсьведамасьці.

 

Трэба разумець, што народу з малой салідарнасьцю цяжка самарэалізавацца (асабліва ў неспрыяльных умовах), ён лягчэй паддаецца асіміляцыі і без супраціву здольны растрачваць свой духоўны і народны набытак. Аднак салідарнасьць можна шматкроць павялічыць тады, калі народ усьведамляе яе неабходнасьць.

 

На ўзроўні ДОМУ галоўным апірышчам зьяўляецца незалежнасьць (дзяржаўная незалежнасьць). Гэтая пазыцыя дасягаецца і зьберагаецца толькі агульным калектыўным дзеяньнем і зьяўляецца ўмовай нармальнага разьвіцьця.

 

Народнае разьвіцьцё найбольш поўна забясьпечваецца дзяржаўнай палітыкай. Таму на структурным узроўні ДОМУ няма нічога важнейшага за дзяржаўную незалежнасьць, бо толькі тады ўвогуле можна нешта гарантавана плянаваць і рабіць у маштабе ўсёй нацыі.

 

Цяперашні актуальны лёзунг Беларускага Народнага Фронту: „ Не павы чалавека – галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свбода, бо не бывае „ правоў чалавека” пад акупацыяй”, – гэты лёзунг зыходзіць якраз з разуменьня прыярытэту дзяржаўнай незалежнасьці. Калі ня ставіць галоўнай мэтаю барацьбу за свабоду і незалежнасьць, то можна ўвесь час змагацца за „ правы чалавека” (дасягаючы мізэрнасьці цаной вялікіх ахвяраў), але змарнаваць будучыню ўсёй нацыі. Будучыня найперш – у свабодзе, а не ў выпрошваньні правоў перад акупантамі і дыктатарам.

 

Змагацца за правы неабходна. Але без барацьбы за волю – гэта лёгіка калябарантаў. Хаця (тут я зраблю адступленьне ад тэмы) нельга адмаўляць нацыянальнай калябарацыі з акупацыйным рэжымам у сфэры адміністрацыі, бо трэба абараняць народ любымі спосабамі. Аднак і ў абароне трэба мець на мэце змаганьне за незалежнасьць.

 

Шмат якія беларускія адраджэнцы пэрыяду 2-й Сусьветнай вайны сьведама пайшлі працаваць у цывільную акупацыйную адміністрацыю, адчынілі беларускія школы, тэатры, арганізавалі беларускую моладзь, у канцы вайны – беларускія вайсковыя адзінкі, выхавалі паўтысячны беларускі афіцэрскі корпус і адначасна (яны ж) адразу стварылі антынямецкае падпольле – таемную Беларускую Незалежніцкую Партыю, якая змагалася зь немцамі. (І якую гэстапаўцы вынішчылі амаль на палову. )

 

Потым тысячы беларускіх адраджэнцаў стварылі моцную беларускую палітычную эміграцыю на Захадзе, аднавілі дзейнасьць Рады БНР, удзельнічалі ў халоднай вайне супраць СССР, зьбераглі беларускія сымвалы і Беларускую нацыянальную ідэю, якую ў 80-х гадах зноў узьняў і сцьвердзіў нанова Беларускі Народны Фронт „ Адраджэньне”.

 

Другі прыклад калябарацыі: 20-я гады, беларускія дзеячы паверылі абяцаньням бальшавікоў і вяртаюцца на Беларусь. Яны працуюць дзеля Бацькаўшчыны, беларускай навукі, асьветы, культуры, не стварыўшы ніякага антыакупацыйнага падпольля і не змагаючыся з бальшавізмам. Практычна, усе яны неўзабаве былі фізічна зьнішчаныя НКВД, перастраляныя, як качкі, а тыя, што трапілі ў ГУЛАГ, толькі перад сьмерцю зразумелі сваю памылку.

 

Трэці прыклад: пасьляваенная беларуска-савецкая калябарацыя. Тут згнечаны нават інстынкт супраціўленьня. Абарона Беларушчыны ідзе на ўзроўні адстойваньня нацыянальных правоў, дазволеных у межах камуністычнай дактрыны і савецкай палітыкі. Хоць кожны разумеў, што ўсё вырашае не камуністычная дактрына, а крамлёўская ўлада.

 

Цяперашняя сытуацыя паказвае, што Масква (дакладней – маскоўская палітычная ўлада: КГБ-ФСБ) зрабіла тактычныя высновы са стогадовай барацьбы зь беларускім Адраджэньнем. Яна імкнецца насадзіць рускую вышэйшую адміністрацыю ў Беларусі, выключыўшы супрацоўніцтва зь беларусамі нават на ўзроўні былых савецкіх функцыянераў і ствараючы пры гэтым сваю квазіапазыцыю з былой каляніяльнай намэнклятуры. (Тактыка так званага „ кіруемага канфлікту”. )

 

Практычна, ідзе франтальнае зьнішчэньне ўсяго беларускага. (Цяпер узяліся за разбурэньне Курапатаў, за беларускія кадры і за закрыцьцё апошніх беларускіх газэтаў. ) Сытуацыя падобная, як у 1943 годзе за часы гаўляйтара фон Готбэрга – беларусафоба і шэфа Гэстапа, які арганізаваў забойствы дзеячоў Беларускай Незалежніцкай Партыі і ліквідацыю прыхільнага да беларусаў Вільгэльма Кубэ.

 

* * *

 

Але вернемся да нашай размовы пра апорныя асновы народу.

 

На ўзроўні ХРАМУ, у сфэры ідэяў, творчасьці, веры, культуры, галоўным апірышчам зьяўляецца нацыянальная мова.

 

Я ужо казаў у разьдзеле пра беларускую мову, што змаганьне за ўсталяваньне нацыянальнай мовы было першасным пытаньнем нацыянальнага фармаваньня народаў, стварэньня нацыяў і нацыянальных дзяржаваў. Сцьверджаньне нацыянальнай мовы адбывалася рознымі шляхамі, але паўсюдна гэтае пытаньне ўспрымалася тады як палітычнае і вырашалася часам у зацятай барацьбе з імпэрскай палітыкай вялікіх дзяржаваў.

 

Мова, якая ў сваёй фэнамэнальнай сутнасьці зьяўляецца наймагутнейшым сродкам культуры (бо фармалізавала і сфармавала чалавечае думаньне), у пэрыяд стварэньня нацыяў асэнсоўваецца якраз у гэтым культуралягічным значэньні як галоўны, зьвязваючы і культурны чыньнік нацыі.

 

Гэты чыньнік унівэрсальны як для эвалюцыйных гістарычных нацыяў, гэтак і для новых, піянэрскіх, каляніяльных ці эмігранцкіх грамадзтваў, такіх, як, скажам, ЗША, Канада, Аўстралія і інш. Працэсы моўнай уніфікацыі тут даволі вядомыя і складваліся часам у выніку жорсткай ваеннай і палітычнай барацьбы. Адгалоскі яе не закончыліся па сёньняшні дзень. (Напрыклад, змаганьне французкамоўнага Квэбека за незалежнасьць ад Канады).

 

Агульнапрынята, што працэс складваньня нацыяў спыніўся ў пачатку ХХ-га стагоддзя. Але змаганьне за незалежнасьць і нацыянальнае Адраджэньне там, дзе засталіся рэшткі каляніялізму і імпэрскай палітыкі, прадаўжаецца па сёньняшні дзень (Каўказ, Балканы, Вялікабрытанія, Усходняя Эўропа, Расея).

 

Імпэрская палітыка спарадзіла шэраг тактычных і прапагандысцкіх прыёмаў у барацьбе з нацыянальным Адраджэньнем і нацыянальнай мовай.

 

Самым небясьпечным палітычным вывертам імпэрскай стратэгіі ў змаганьні з нацыямі ёсьць падмена нацыянальнай ідэі рэлігійнай (канфэсійнай) ідэяй. Такая маніпуляцыя, калі яна прышчаплялася ў грамадзтве, заўсёды прыводзіла да бясконцай братабойчай барацьбы і разьліву крыві, да падзелаў народа па канфэсійнай прыкмеце, да нацыянальных стратаў. У тым ліку – і моўных (Ірляндыя). Найбольш характэрныя прыклады – Балканы, Каўказ, Вялікабрытанія-Ірляндыя. (Мы ня кажам тут пра так званы „ трэці сьвет”. )

 

У сфэры прапагандысцкай дэмагогіі існаваў (і прадаўжае існаваць) цэлы набор прыёмаў супраць усталяваньня нацыянальных моваў: ад даказваньня „ непаўнавартаснасьці” і „ памерласьці” чыёй-небудзь мовы (напрыклад, Карл Маркс пра чэхаў, рускія – пра „ інородцев” і г. д. ) да сцьвярджэньня ўвогуле – другаснасьці мовы ў сістэме нацыянальных каштоўнасьцяў. Маўляў, мова, быццам бы, ня мае значэньня. Галоўнае – „ самастойнасьць”, „ свой шлях”. Гатовыя былі няшчыра гаварыць нават пра „ незалежнасьць” (аўтаномію) у складзе імпэрскай дзяржавы. Нацыя, маўляў, можа быць і бяз мовы, а вось „ народнасьць”, „ адметнасьць” – трэба паважаць.

 

„ Мы – за Белоруссію, но протів белорусского языка”, – казалі афіцыйныя расейскія непрыяцелі Беларушчыны у пачатку ХХ-га стагоддзя (прадстаўнікі розных агентурных таварыстваў, тыпу „ Белорусское Общество”, „ Крестьянин”, газэта „ Белорусская жизнь”, усялякія саланевічы, кавалюкі і іншыя „ дзеячы”). У гэтай думцы выяўлялася сутнасьць ахоўніцкай ідэалёгіі „ западнорусизма”. На ёй тоўпіліся потым розныя „ абласьнікі” ды „ інтэрнацыяналісты”.

 

У апошнія гады існаваньня Савецкага Саюзу, калі ўжо набірала моцы новае Беларускае Адраджэньне, зноў зьявіліся людзі, якія то тут, то там пачыналі гаварыць: маўляў, „ язык не нада – нада свабода”; „ главное ликвидировать тоталитаризм”, „ главное не язык, а демократия”. Потым, калі атрымалі ня тую „ дземакрацію”, пачуліся галасы: „ главное не язык, а права человека” і г. д.

 

Лапідарныя сэнтэнцыі, аднак, зьяўляюцца зусім не спантанна. Пытаньні прыдуманыя на ўсе ўзроўні. „ Што лепш, – пытаюць, напрыклад, – калі хто гаворыць па-беларуску і супраць незалежнасьці, ці калі хто гаворыць па-руску, але за незалежнасьць? ” Глядзіш, які-небудзь прастак і задумаецца. (Ёсьць людзі, гатовыя па наіўнасьці выбіраць нават паміж куляй і вяроўкай, хоць выбіраць трэба іншае, бо тут няма выбару. )

 

Гэтакая палітпрапаганда на бытавым узроўні, нават самага прымітыўнага кшталту, – далёка не бясшкодная справа ў каляніяльна дэфармаваным грамадзтве.

 

Цікавае назіраньне. Калі нават у вельмі агульных рысах прааналізаваць антыбеларускую дзейнасьць у нашай краіне на працягу другой паловы ХХ-га стагоддзя, так ці гэтак выкліканую ўсходняй палітыкай, то заўважаем, што найбольшая актыўнасьць, найбольшая колькасьць зьвязаных тэмаў і найбольш выразныя тэндэнцыі разбурэньня відаць былі якраз у накірунку зьнішчэньня беларускай мовы. Тут праходзіў магістральны ўдар па беларускай нацыі, які яшчэ раней пакінуў у гісторыі ўнікальныя сьведчаньні цемрашальства. (Напрыклад, афіцыйная забарона ў 1840-м годзе рускім Сэнатам ужываньня назвы „ Беларусь” – і, адпаведна, беларускай мовы – ці рэпрэсіўны сталінскі асіміляцыйны дэкрэт аб „ рэформе„ беларускай мовы і набліжэньні яе да расейскай. )

 

Уражвае, аднак, нават ня гэтак характар антыбеларускіх дзеяньняў, колькі іхная бязьлітасная пасьлядоўнасьць, цягласьць, на працягу ўсёй гісторыі дачыненьняў з чужой уладай, накіраваная да адной палітычнай мэты – поўнага зьнішчэньня Беларускай культуры, Беларускай дзяржаўнасьці, Беларускага народа і русіфікацыі яго рэштак.

 

* * *

 

Выключнасьць антыбеларускай палітыкі з боку Масквы тлумачыцца, перш за ўсё, старым цывілізацыйным канфліктам. Пасьля разбурэньня і заняпаду Кіева (Кіеўскай Русі) вызначыліся два варагуючыя цэнтры аб’яднаньня ўсходніх славянаў: Вільня (Вялікае Княства Літоўскае) і Масква (Масковія, потым – Расея). Больш магутнае і эўропаморфнае Вялікае Княства, тым ня менш, было ўрэшце разбурана, бо апынулася паміж дзьвюх экспансіяў: захопніцкай з Захаду (немцы) і агрэсіўнай, варварскай – з Усходу (манголы, Масква). Падзел Усходняй Эўропы адбыўся ў канцы ХVIII стагоддзя, пасьля таго, як ўсходняя і заходняя экспансіі аб’ядналіся і Беларусь цалкам трапіла ў зону Расеі.

 

Для Расеі гэта была найвялікшая стратэгічная перамога за ўсё яе існаваньне. Ліквідаваны асноўны супернік. Царызм лічыў, што ўтрымаць у будучыні гэтую заваёву, стратэгічную тэрыторыю і манапольную пазыцыю ён зможа толькі разбурыўшы беларускую дзяржаву, зьнішчыўшы беларускую гісторыю і беларускую мову (паколькі гэта ўсё ўзаемазьвязана).

 

Татальнае, агульнае вынішчэньне беларускай культуры, русіфікатарская асіміляцыя стала афіцыйнай палітыкай Расеі ў Беларусі, праводзілася непасрэдна (ХІХ ст. ), праз каляніяльную адміністрацыю (ХХ ст., камунізм), цяпер робіцца праз дыктатуру стаўленьнікаў.

 

* * *

 

Калі мы адзначаем апорную функцыю мовы ў вышэйшых (ідэйных) дачыненьнях народа, то маем на ўвазе нармальны эвалюцыйны працэс разьвіцьця цывілізацыі, натуральны працэс фармаваньня нацыяў і разьвіцьця культуры ў межах аднаго ўзроўню грамадзтва.

 

Мы не разглядаем тут зьявы трэцяга сьвету, арганізацыю дзяржаваў на руінах эўрапейскага каляніялізму тымі этнічнымі супольнасьцямі ды плямёнамі, якія займаліся паляваньнем, жывёлагадоўляй ды зьбіральніцтвам, ня мелі сваёй пісьмовасьці, альфабэту, культурнай гісторыі, але з адыходам калянізатараў стварылі, пры іх дапамозе, свае ўрады і адміністрацыю на партугальскай, французкай ці іншай эўрапейскай каляніяльнай мове. Зьявы гэтакай дэкалянізацыі і дзяржаўнасьці часьцяком даволі змушаныя і хімерычныя, з прычыны папярэдніх гвалтоўных каляніяльных парушэньняў, глыбокай дэфармацыі натуральных дачыненьняў ды патрэбаў разьвіцьця больш простых супольнасьцяў.

 

Дэкалянізацыйныя працэсы ў трэцім сьвеце вельмі наглядна паказваюць, што калі мова народа не зьяўляецца інфармацыйным чыньнікам ягонай гісторыі (гэта значыць, пісанай фіксацыі падзеяў, ня кажам ужо пра літаратуру), то зьвязваючая (культурная) функцыя мовы аслаблена. Чым больш культурны народ, тым мацнейшае культуратворнае (і адпаведна, палітычнае) значэньне мае для яго нацыянальная мова. Невыпадкова разьвіцьцё нацыянальнай мовы, яе існаваньне, ужываньне, зьберагаючыя абставіны рэгулююцца ня толькі нацыянальным грамадзтвам, але і дзяржаўнымі законамі.

 

Беларуская мова ў гэтым сэнсе – надзвычай яркі прыклад высокай культуратворнай напоўненасьці яе інфармацыйнай ролі ў грамадзтве. Наша старажытная гісторыя напісана пабеларуску. Сотні тамоў Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага, кнігі Магістратаў беларускіх гарадоў, перапіска знакамітых людзей, дыпляматаў, вялікія помнікі права – Статуты Вялікага Княства, старажытная перакладная літаратура, дыярыушы, потым тэксты Школьнага тэатру, Батлейкі, казані і граматыкі, прамовы і канты, духоўныя творы – усё гэта, ня гледзячы на вынішчэньні, захавала наша гісторыя ў выдатнай беларускай мове. Я не кажу ўжо пра гісторыю і літаратуру нашага нацыянальнага Адраджэньня ў ХІХ-м і ХХ-м стагоддзях.

 

Калі б уявіць немагчымае, што беларуская мова якім-небудзь катастрафічным чынам раптам зьнікла (пра што стараюцца нашыя непрыяцелі) і народ застаўся б бяз мовы, то ўся беларуская гісторыя і культура сталася б для яго адсечанай, мёртвай для новых пакаленьняў беларусаў. Яны як бы павісьлі б у паветры, безабаронныя перад русіфікацыяй і анэксіяй, пазбаўленыя грунту нацыянальнага існаваньня. На гэтым бы беларуская гісторыя і скончылася, нацыя зьнікла б, як туман, як пыл над вадой.

 

Успомнім 73 гады камуністычнай русіфікацыі, калі вынішчылі мову ў афіцыйным ужытку, сфальсіфікавалі беларускую гісторыю, абулі культуру ў лапці і пачалі яе адлік з 1917 года. Яшчэ адно-два пакаленьні такога існаваньня, і... я ня ўпэўнены, ці адбылося б ужо Беларускае Адраджэньне.

 

Беларуская мова – гэта мы. Мы існуем як гістарычная нацыя толькі таму, што жыве ў грамадзтве беларуская мова і людзі яе падтрымліваюць. Нашае нацыянальнае Адраджэньне і народнае існаваньне, гэтак жа, як існаваньне іншых народаў Эўропы, зьвязанае з адраджэньнем і жыцьцём нацыянальнай мовы. Наша беларуская народная вечнасьць – у беларускай мове.

 

Гэта ёсьць абсалютная праўда, неабходнасьць, якая не падлягае сумненьню.

 

* * *

 

Акупацыя Беларусі і жорсткая антыбеларуская палітыка праводзілася якраз тады, калі ўся Эўропа будзілася да нацыянальнага жыцьця. Татальная забарона мовы выключыла легальнае разьвіцьцё беларускай літаратуры. У падпольлі нацыянальная літаратура разьвівацца не магла. (Хоць і зьявіліся беларускія ананімныя творы. ) У выніку беларусы страцілі ў ХІХ-м стагоддзі мноства творчых людзей, якія вымушаны былі пісаць на іншых мовах і аддалі свае таленты іншым народам.

 

 

 

Літва! Радзіма мая! Ты, як здароўе.

 

Як даражыць табой трэба, толькі той зьведаў,

 

Хто цябе страціў...

 

 

 

У самым пачатку нацыянальнай эры Беларусь страціла найвялікшага паэта. Можам даказваць цяпер, колькі заўгодна, як думаў Адам Міцкевіч, скуль паходзіў, што любіў, пра што пісаў, як адлюстраваў наш беларускі быт і дух. Але ён пісаў па-польску і ўзбагаціў Польшчу. Ён ня быў чытэльным для беларускага народа, а для тых, хто чытаў (па-польску), ён быў ужо не сваім. Вырашыла мова.

 

Толькі праз сто гадоў другі раз нарадзіўся яшчэ адзін беларускі Міцкевіч, якога народ ужо ня страціў. Ён стаў Коласам на роднай ніве. Ягоная „ Новая Зямля” ёсьць найвялікшым шэдэўрам і праграмным творам беларускага існаваньня. Перамагла беларуская мова.

 

* * *

 

Падсумоўваючы размову аб апорнасьці (цэнтральнасьці) беларускай мовы на ўзроўні вышэйшых дачыненьняў жыцьця нацыі і азіраючыся на пройдзены гістарычны шлях супраціўленьня і выжываньня, з палёгкай адзначаю, што ў неверагодна цяжкіх умовах безвыходнасьці і страт беларусы здолелі абмінуць найбольш небясьпечныя камяні, пасткі магчымых будучых няшчасьцяў і пазьбеглі разбуральнай бяды. Мы шмат страцілі: і сталіцу, і велізарныя тэрыторыі, і мільёны насельніцтва, але захавалі ўнітарнасьць нацыі, адзінства культуры і адзінства народу пры шматлікасьці канфэсіяў. Пры невысокім (пакуль што) узроўні нацыянальнага пачуцьця нас, беларусаў, аб’ядноўвае, перш за ўсё, наша культура, гісторыя, мова і не разьядноўвае рэлігія.

 

Гэта вялікае народнае дасягненьне. У змаганьні з імпэрыяй мы пазьбегнулі таго, ад чаго не зьберагліся некаторыя іншыя народы (ірляндцы, сэрба-харваты, ліванцы і г. д. ) – канфэсійнай нянавісьці. Беларусам не змаглі навязаць канфэсійны разлом нацыі, мы разумна абмінулі той час, калі такое магло стацца.

 

Псіхалягічнаму адзінству і талеранцыі беларусаў паспрыялі самы падзеі: пратэстантызм і зьнішчэньне пратэстантызму, Вунія і потым зьнішчэньне Вуніі рускімі, затым насаджэньне рускага праваслаўя ды палянізацыя тутэйшага каталіцызму, а потым перасьлед усялякай рэлігіі бальшавікамі і г. д. Народ адчуў, што канфэсія ня ёсьць тым грунтам, на які можна моцна абаперціся. Вывад, які стыхійна быў зроблены з гістарычных пераменаў і які адпавядаў псіхалягічнаму складу беларуса, такі: з суседзямі трэба жыць згодна. Беларус ня любіць канфліктаваць. Гэта той выпадак, калі нашыя сацыяльныя недахопы зьяўляюцца працягам нашых гістарычных пераваг.

 

Мы, прывыклыя да нармальнага людзкага абыходжаньня адзін з адным, не зважаючы на рознасьць, часам недаацэньваем гэтае сваё жыцьцё.

 

Каб ацаніць сябе, варта глянуць на іншыя месцы ў стыку былых імпэрыяў. Сэрба-харвацкі народ (а гэта адзін народ) гаворыць на адной сэрба-харвацкай мове (таксама ў Босьні, Чарнагоры і Герцагавіне). Толькі для заходняга насельніцтва (харватаў) яна пішацца лацінкай, для ўсходняга (сэрбаў) – кірыліцай. Усходнія – праваслаўныя, заходнія – каталікі. Кожныя маюць сваю дзяржаву і пры нагодзе ненавідзяць адзін аднаго ды рэжуць з такой лютасьцю, што па сёньняшні дзень ня ў стане разабрацца з гэтым нават Гаагскі Трыбунал. (Я ўжо не кажу пра сэрба-харватаў мусульманаў у Босьні і Герцагавіне. )

 

Такія ж самыя пэрспэктывы, такая ж небясьпека падсьцерагала ў гісторыі і нас, беларусаў. Больш таго, – нас штурхалі да гэтага нашыя непрыяцелі (а некаторыя, найбольш тупыя, штурхаюць яшчэ й цяпер). Але нічога не дамагліся. То ці ж ня мудры, ці не вялікі наш Беларускі Народ!

 

Апошняя фармальная небясьпека нацыянальнага расколу была абмінута ў 1912 годзе, калі беларускія адраджэнцы, згуртаваныя вакол падпольнай БСГ (Грамады) і легальнай „ Нашай Нівы” (з большага – каталікі) вырашылі, што трэба ўжываць для газэты адзіны альфабэт, апыталі чытачоў і перайшлі толькі на кірыліцу. (Раней газэта друкавалася падвойна: на кірыліцы і на лацінцы. )

 

Рашэньне было разумным і правільным. Патрэбны быў толькі адзін альфабэт, і толькі на кірыліцы трэба было пісаць і друкаваць тым, хто рэальна ацэньваў рэчаіснасьць, ведаў гісторыю, думаў пра беларускае Адраджэньне і адзінства нацыі. Цяпер, як кажуць валійцы, мы ўжо за вуглом.

 

* * *

 

Ужо дзьвесьце гадоў беларусы прыглядаюцца да сябе, як бы шукаючы прычынаў народнай бяды і выйсьця з залежнага стану.

 

Выйсьце заўсёды ёсьць. Хаця б, напрыклад, падрыхтаваць станоўчыя палітычныя зьмены. Але, па-першае, гэтыя зьмены трэба зрабіць самым. Другое – як бы і куды б мы ні „ выходзілі”, мы заўсёды спаткаемся самы з сабой. Адсюль усё і пачынаецца: з унутранага (індывідуальнага і грамадзкага) усьведамленьня нацыянальных патрэбаў і нацыянальнай неабходнасьці, з гатовасьці рабіць, як трэба, а не „ як хочацца”, са спадзяваньня на сябе.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.