Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Зянон Пазьняк 2 страница



 

Настаўнік быў крыху ашаломлены. Гэты савецкі інтэлігент ніколі не задумваўся над такімі пытаньнямі. Але гэтакая размова была б нармальнай дзе-небудзь у 1890-х у вагоне Лібава-Ровенскай чыгункі, а не цяпер, праз сто гадоў, калі час для многіх беларусаў адначасна зьмяніўся і адначасна, як бачым, спыніўся ў самым пачатку.

 

Беларуская мова як найважнейшая зьява культуры ёсьць таксама аснова нашай нацыянальнай свабоды і найважнейшы чыньнік эканамічнага разьвіцьця.

 

Вось чаму нацыянальная ідэя імкнецца да стварэньня нацыянальнай дзяржавы ў нацыянальнай мове і на нацыянальнай тэрыторыі. Гэта дзеля таго, каб рэалізаваць жыцьцёвы (гэта значыць, духоўны і матэрыяльны) патэнцыял народа, каб стварыць аптымальныя ўмовы духоўнага камфорту і матэрыяльнага дастатку для ўсёй нацыі.

 

* * *

 

Страты нацыянальнага патэнцыялу і тармажэньне нацыянальнай ідэі нават на сто гадоў, пры ўсіх ускладненьнях, не выглядаюць вялікай бядой, калі б аднавіць незалежную, вольную, нацыянальную дзяржаву, якая б праводзіла палітыку ў інтарэсах нацыі. Тады зусім не спатрэбіцца яшчэ сто гадоў, каб вярнуць страчанае і дагнаць час. Бо калі зьнікаюць перашкоды, тады раней затарможаныя зьявы разьвіваюцца паскоранымі тэмпамі. Паскарэньне – гэта агульны закон разьвіцьця растарможаных працэсаў і назіраецца ўсюды: у мастацтве, у літаратуры, у прыродзе, у грамадзтве. Праз 10-15 гадоў нармальнага нацыянальнага разьвіцьця ў паскоранасьці ўжо не існавала б грамадзкай адсталасьці і сьведамасьці, тыпу „ зачэм” і „ какая разьніца”.

 

Але разумеючы закон паскоранасьці, мы павінны ўсьведамляць яго катэгарычную імпэратыўнасьць. Тое, што было перапынена і ня зроблена сто гадоў таму, на пачатку стабілізацыі нацыі, тое мусіць быць хутка (паскорана) зроблена цяпер. Пераскочыць праз абавязковыя этапы разьвіцьця, праз абавязковыя ацэнкі і абавязковыя каштоўнасьці – нельга. Яны ў адноўленых умовах павінны быць пройдзеныя імкліва, хоць бы пункцірам, але абавязкова пройдзеныя і замацаваныя. Інакш зьява (у дадзеным выпадку – беларуская нацыя) не рэалізуецца, як сістэма.

 

Беларусы, тыя, што, як наш настаўнік, заклапочаныя толькі „ сваім” і не прывыклі задумвацца над „ нашым”, над агульным, мусяць выразна сабе ўсьвядоміць, што калі беларуская мова ня будзе адроджаная, ня зойме належныя ёй дзяржаўныя, грамадзкія, культурныя і маральныя прыярытэты, то беларуская гісторыя можа неўзабаве скончыцца. Удакладняю: канец гісторыі – гэта катастрофа. Гэта – канец нацыі. Катастрофа суправаджаецца зьбядненьнем і дэградацыяй насельніцтва, стратай уласнасьці, зямлі, прыроды, дзяржавы, вынікаў працы. Нават сваёй працай чалавек перастане распараджацца сам.

 

Мы ўжо нешта падобнае выцерпелі ў ХХ-м стагоддзі. і таму цяпер, калі цудам засталіся жыць, нам цяжка падняцца з каленяў.

 

* * *

 

Функцыя нацыянальнай мовы ў нацыянальным грамадзтве – усеабдымная: ад духоўнага да эканамічнага выяўленьня. Аднак ня ўсюды яна выяўляецца непасрэдна. і ў гэтым хаваецца адна з цяжкасьцяў у разуменьні сутнасьці нацыянальных каштоўнасьцяў для саветызаванага чалавека.

 

Найбольшая складанасьць для новага беларускага Адраджэньня палягае яшчэ і ў тым, што за сто гадоў моцна зьмяніліся ўмовы і дачыненьні ў Эўропе. Пэрыяд утварэньня нацыяў якраз закончыўся ў першай чвэрці ХХ-га стагоддзя. Нацыянальная ідэя ў міжнароднай сьведамасьці стала як бы не актуальнай, бо гэта ўжо пражыты і пройдзены этап. А значыць аслабілася і гатовасьць да міжнацыянальнай салідарнасьці.

 

З 80-х гадоў мінулага стагоддзя пашырылася ў сьвеце ідэя інтэрнацыянальнай дэмакратыі, уздымаецца на катурны міжнародная дактрына „ правоў чалавека”, узмацняюцца лібэральныя імкненьні да інтэграцыі Эўропы і глябалізацыі сьвету. Міжнародныя дэмакраты і міжнародныя лібэралы працуюць разам над стварэньнем новых дэмакратычных супэрімпэрыяў, супэр-дзяржаваў.

 

Для прадстаўнікоў гэтай звышідэалёгіі (гэтай дэмакратыі uber alles) нашыя, актуальныя для нас, нацыянальныя праблемы стогадовай даўніны, наша балючасьць, нашае роспачнае імкненьне выкараскацца з той бяздоннай курапацкай ямы, куды ўсадзілі наш народ недабразычліўцы, нашае стараньне ўратаваць найперш нашу мову ды незалежнасьць – усё гэта здаецца ім (шмат каму) анахранізмам. Бо ў іх мова, культура, незалежнасьць – само сабой зразумелае, яны з гэтым нарадзіліся і думаюць, што ўсё гэта існуе натуральна, у парадку рэчаў, як горы, рэкі і даліны.

 

Але ж у нас – ня так. Мы мусім, паскорана мусім (! ) прайсьці этап дзяржаўнага ўсталяваньня нацыянальных каштоўнасьцяў і стабілізаваць нацыю разам з дэмакратыяй. Інакш у нас ня будзе будучыні.

 

Мы ня можам ігнараваць аб’ектыўныя законы разьвіцьця. Нам трэба дагнаць гісторыю. Мы маем на гэта найвялікшае права. Бо нас зьнішчалі, нам не давалі жыць.

 

Побач з фактарам пераменаў, якія адбыліся на працягу ХХ-га стагоддзя і ўскладнілі беларускую палітыку, застаўся нязьменны чыньнік – Расея, зь яе шавінізмам, імпэрскімі амбіцыямі і непрыхаванымі вялікадзяржаўнымі прэтэнзіямі на Беларусь. Гэты чыньнік небясьпечны. Калі б ня ён, не карэляцыя і не ўзаемадзеяньне яго з пераменамі ў сьвеце, беларускіх праблемаў у такім выглядзе, у якім яны існуюць сёньня, проста ўжо б не было.

 

Бальшавіцкі генацыд – гэта вельмі істотны аспэкт у беларускай трагедыі. Ніхто ня мае права і ніхто ня можа падважваць і адмаўляць нашу незалежнасьць, нашу беларускую мову, нашыя сымвалы, нашу свабоду, адзінства зямлі і гісторыі, не спытаўшыся тых амаль трох мільёнаў беларусаў, якіх нявінных забілі ў часе тэрору. Тых беларускіх пісьменьнікаў, інтэлігентаў, вучоных і простых сялянаў, якіх расстралялі толькі за тое, што былі беларусамі.

 

* * *

 

Якая ж яна, нашая сьвятая для нас, Беларуская Мова? Ці можна неяк глянуць на яе збоку, каб ацаніць аб’ектыўна? Як яна гучыць для іншых, як яе ўспрымаюць?

 

Кожная свая мова для кожнага народа – найлепшая і найпрыгажэйшая. і гэта правільна. Бо ў мове выяўляецца сутнасьць натуры народа, які яе стварыў, відаць яго душа, адбіваецца сваісты склад розуму і манера думаньня, матэрыялізуюцца рытмы духа і цела (гэта значыць, тэмпэрамэнту). Таму ў кожнай мове ёсьць свой характэрны рытм, свая мэлёдыя і сваё гучаньне, а лексіка падпарадкаваная вобразнай сістэме ўспрыняцьця сьвету людзьмі, якая ў розных этнічных супольнасьцяў (першасных носьбітаў мовы) адметная.

 

Гэтым тлумачыцца зьдзіўляючая для некаторых дасьледчыкаў зьява, што разумовыя і творчыя здольнасьці чалавека найлепш выяўляюцца ў роднай для яго мове. Тут рэалізуецца сумоўе – гарманізацыя рытмаў, распазнаўчых знакаў, найкарацейшых дарог паміж розумам, душой, тэмперамэнтам цела і мовай чалавека. Дасягаецца склад (камплект) аптымальнасьці асобы.

 

Гэта ня толькі тэарэтычныя разважаньні. Там, дзе можна прааналізаваць зьяву на масавых прыкладах і ў шырокай практыцы, вынікі відавочныя. У пачатку 90-х гадоў, калі ўзьнікла, нарэшце, магчымасьць адчыніць беларускія школы ў гарадах і разьвіваць беларускае школьніцтва, то праз нейкі час было зафіксавана, што беларускія дзеці ў беларускіх школах лепш пасьпяваюць, лепш вучацца, лепш засвойваюць матэрыял і лепш разьвіваюцца, чым беларускія дзеці ў такіх жа рускіх школах. Гэта натуральна. Адбылася гарманізацыя сваістага складу мовы і чалавека, аптымалізацыя разьвіцьця асобы. Карацей, сваё спаткалася са сваім.

 

Аналягічную зьяву заўважылі таксама нашыя фальклярысты. Ёсьць шмат сьведчаньняў такога роду, калі беларус, які сфармаваўся ў горадзе, у рускай мове, і ўспрыняўшы ўсе праявы савецкай эрзац-культуры, апынуўся раптам у вясковым асяроддзі сярод удзельнікаў аўтэнтычнага фальклёру і нечакана, пад уплывам эмоцыяў і ўзрушэньня, уключаўся ў народныя танцы ды сьпевы. У яго выяўляліся характэрныя рухі танцу і характэрныя прыёмы народнага сьпяваньня. Ён пачынаў ужывацца ў фальклёрнае дзеяньне, і гэтае дзеяньне, невядомае яму раней, аказваецца, не было для яго чужым.

 

Людзі кожнага народу, кожнага этнасу валодаюць характэрнымі рухамі, якія стасуюцца зь іхняй псіхалёгіяй, з эмацыйным станам, думкамі і мовай, на якой яны гавораць. Гэта мы называем этнаплястыкай. Гарманізацыя яе з мовай таксама накіраваная на аптымальнае выяўленьне асобы чалавека.

 

Аказваецца, нацыянальная мова зьяўляецца ня толькі галоўным чыньнікам сацыяльна-палітычнага адраджэньня нацыі, ня толькі зьвязваючым элемэнтам нацыянальнай культуры, але і фактарам найлепшага разьвіцьця асобы чалавека, перашаснай умовай яго гарманічнага існаваньня.

 

* * *

 

Аднак за 73 гады вырабленага гвалту над беларускай мовай за часы СССР, што афіцыйна прыкрываўся нібыта палітыкай білінгвізму ў Беларусі, сярод вялікай часткі насельніцтва стварылася вельмі некарысная зьява для беларускай культуры, менавіта, крэалізацыя (дэструктыўнае зьмешваньне) беларускай і рускай моваў. У выніку шмат беларусаў (як правіла, людзей невысокага культурнага ўзроўню) гаворыць цяпер на гэтакай зьбедненай „ паўмове” ці на своеасаблівай піджын-рускай (гібрыднай) мове. (Успомнім „ клясычныя” прамовы Старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея. Ёсьць і сьвежыя прыклады. )

 

Трынаццаць гадоў таму мне ўжо прыходзілася пісаць пра разбуральныя вынікі прымусовага двухмоўя на Беларусі. (Радуга, – Таллинн, 1988, №4) Тады беларуска-рускі „ піджын” я назваў беларускім словам „ трасянка”, ня думаючы, што гэты тэрмін прыжывецца потым ў паняцьцях пра мову. Цяперака я паўтару тут некаторыя палажэньні.

 

Паўмова „ трасянка” – галоўная прычына абмежаванага культурнага ўзроўню. (І цяпер мы разумеем, чаму. Крэалізацыя – гэта не ўзбагачэньне, а зьніжэньне культуры мовы, якое адлюстроўвае ўпадак культуры асобы. ) Культурны чалавек не размаўляе на крэалізаваным піджын. Таму сфэра распаўсюджаньня „ трасянкі” за савецкія часы – сярэднія і ніжнія стратыграфічныя сацыяльныя пласты. Грамадзкая лякалізацыя гэтай паўмовы, у сваю чаргу, забясьпечвае рэпрадукцыю і сацыяльную ўстойлівасьць „ трасянкі”, а значыцца, і нізкага ўзроўню духоўнай культуры, якая ў цэлым выяўляе тут тэндэнцыю да далейшага зьніжэньня. Яшчэ ў 60-80-х гадах стварылася сытуацыя, калі прычына і вынік бескультур’я зьвязаныя неразрыўна, гэта значыць, прычына (паўмова) выступае вынікам, а вынік – прычынай.

 

Паўмоўе значнай часткі насельніцтва Беларусі вельмі згубна адбіваецца на разьвіцьці культуры. Разумовая энэргія народа траціцца і не атрымлівае разьвіцьця. Прымусовы савецкі білінгвізм ігнараваў аксіёму, што без вызначэньня прыярытэту чалавек ня можа адначасна разьвівацца і існаваць у двух культурах. Дызарыентаваная асоба не атрымлівае паўнавартаснага духоўнага разьвіцьця. Паўмоўны індывідыум не адчувае тонкасьцяў духоўных сувязяў (што, дарэчы, засяроджана ў мове і выяўляецца праз гаворку), дрэнна думае абстрактнымі паняцьцямі, часта ня ў стане тэарэтычна асэнсаваць зьяву, а калі і разумее больш складаныя дачыненьні, то ня ўмее іх выказаць, сфармуляваць і выразна растлумачыць субяседніку. Пачынаецца пакутлівы падбор словаў, неадэкватнае ўжываньне паняцьцяў, заіканьне і спыненьне на кожнай дрэнна дапасаванай фразе, „ эканьне”, „ мэканьне” і г. д. Тут праяўляецца не паталягічнае заіканьне, а тармажэньне сьвядомасьці, прыпыненьне на кожным слове як вынік разбалянсаванасьці думаньня і моўнага выяўленьня, як вынік неразьвітых здольнасьцяў апэраваць паняцьцямі і невалоданьне сістэмнай структурай мовы (бо ў „ паўмове”, між іншым, адзінай структуры няма).

 

Паўмоўнае існаваньне прыпыняе ўнутраны спантанны працэс культурнага разьвіцьця чалавека, таму што тармозіць нацыянальнае самапазнаньне (ідэнтэфікацыю) яго грамадзкага, культурнага і духоўнага „ Я”.

 

Аднак здольнасьць да спажываньня культуры пры гэтым застаецца. Толькі яна, гэтая здольнасьць, зьмяняе арыентацыю з унутранага сьвету на зьнешняе асяроддзе, з актыўнай пазыцыі на пасіўную (спажывецкую). У выніку ўзьнікаюць умовы для разьвіцьця і спажываньня масавай культуры, эрзацу, сурагату, імітацыі духоўных каштоўнасьцяў.

 

Шкоду, якую наносіць беларускай культуры паўмова „ трасянка” (і ўвогуле, дэградацыя мовы, распаўсюджваньне чужых слэнгаў, жаргонаў, вульгарызмаў, паняцьцяў і г. д. ) ніхто не падлічваў, і, як я ўважаю, ня шмат хто разумее, бо, як мяркуюць, справа ў прычынах, і зь імі трэба змагацца. Правільна. Але калі б так усё было проста, то трасянкавыя палітыкі не кіравалі б уладай у дзяржаве.

 

Найлепшы сродак выратаваньня беларускай мовы – гэта паўсюдна пачаць на ёй гаварыць. Гаварэм жа, і будуць нас паважаць.

 

* * *

 

Знаёмства зь іншай мовай пачынаецца са слуханьня, як яна гучыць, з адчуваньня яе мэлёдыкі і рытму словаў, якія мы ацэньваем, паводле нашага густу ці законаў эстэтыкі. Ужываюцца ацэнкі: прыгожая – непрыгожая. Спэцыялісты стварылі нават адмысловую сістэму тэставаньня моваў па мэлядычнасьці, гучнасьці, колькасьці адкрытых складоў і звонкіх зычных ды галосных гукаў, камбінацыі звонкіх зычных з галоснымі, па вакальных магчымасьцях і г. д. Беларуская мова ў гэтакім тэставаньні займае шостае месца ў сьвеце.

 

Наўрад ці трэба да гэтакіх дасьледваньняў адносіцца надта сур’ёзна, але ўсяроўна прыемна.

 

Я сустракаў шмат добрых людзей сярод палякаў, латышоў, украінцаў, ангельцаў, якія былі захопленыя вымаўленьнем, словамі і мэлёдыкай нашай мовы, прасілі пагаварыць па-беларуску і слухалі з захапленьнем, нібы музыку.

 

Памятаю, у 70-х гадах я пазнаёміўся з маладым літоўцам з Каўнаса Ёзасам Рыбікаўскасам. У дзяцінстве ён прачытаў на пачку з макаронамі словы на незнаёмай мове. Высьветлілася, што напісана па-беларуску. Ёзаса гэтая мова так зацікавіла і потым так спадабалася, што ён вывучыў яе, бегла гаварыў, нават вершы пісаў па-беларуску. Пасьля ён прыязджаў спэцыяльна ў Менск, каб паслухаць беларускую мову (так яму было прыемна). Праўда, у Менску яго напаткаткала вялікае расчараваньне.

 

Латышская літаратуразнаўца Мірдза Абала выдатна размаўляе па-беларуску. У 70-х гадах яна сказала мне, што яе цягне на Беларусь, як магнітам, і што яна заўсёды стараецца прыехаць на Горадзеншчыну, каб толькі пагаварыць па-беларуску ды паслухаць беларускае мовы.

 

У цэлым жа, я лічу, што на сьвеце няма непрыгожых моваў. Кожная мова – прыгожая, бо выяўляе асабовую сутнасьць бясконцага, невычарпальнага, шматаблічнага Боскага сьвету. Гаворачы, напрыклад, пра звонкую мэлядычнасьць італьянскай мовы, у нас звычайна ўзьнікае жаданьне спаслацца на дасканаласьць бэль-канта, на традыцыі італьянскай опэры і г. д. Але немагчыма ўявіць у італьянскай мове, скажам, тувінскі гарлавы сьпеў. Тым часам па сіле ўзьдзеяньня і глыбіні выяўленьня нашага, але не прывычнага нам сьвету і ў не прывычнай нам эстэтыцы, гэта ёсьць магутнае мастацтва. Для вобразнага выяўленьня яму адпавядае якраз тувінская мова. і зьбегі зычных тут вельмі дарэчы. Яны на месцы гэтак жа, як італьянская вакальнасьць мовы на месцы ў опэрным бэль-канта.

 

* * *

 

Чым я найбольш захоплены ў Беларускай мове, гэта яе вобразнасьцю і ёмкасьцю слова (і па зьмесьце, і па гучаньні). Другое, што мне надта падабаецца, гэта шматварыянтнасьць гучаньня і напісаньня словаў, і потым – багацьце сінонімаў. Тут рай для паэтаў, можна плаваць і купацца, плюскацца ў такой багатай мове, было б толькі што казаць.

 

Калі глянем у гісторыю нашай мовы, то займае дых. Беларуская мова існавала даўно, яшчэ на племянным узроўні ў дапісьмовы пэрыяд. На думку гісторыкаў, як мінімум, у VI-м стагоддзі, яна ўжо была. Але на самай справе – раней. Гэта можна зразумець, аналізуючы гісторыю і аўтэнтычны фальклёр (асабліва тэксты).

 

У Х-м стагоддзі пісьмовасьць распаўсюдзілася на Беларусі разам з Хрысьціянствам у чужой старабаўгарскай мове. Гэтая славянская мова, часткова набліжаная да беларускай, стала адыгрываць ролю афіцыйнай, кніжнай, „ граматнай” мовы, мовы, на якой пішуць і размаўляюць пісьменныя людзі (найперш, сьвятары і сацыяльныя вярхі). У пэўнай ступені, яна займала такое ж становішча ў старажытнай Беларусі, як пазьней – мова вярхоў у Атаманскай імпэрыі. Старабаўгарская мова ў беларускай культуры – гэта была мова бяз этнасу, гэта ад пачатку была мёртвая мова. Паступова, з разьвіцьцём грамадзтва і ўскладненьнем функцыяў дзяржавы, адбывалася лексічнае ўзаемапранікненьне моваў і экспансія жывой беларушчыны ў мёртвую кніжную мову.

 

Асабліва гэта стала відаць у ХІV- ХV стагоддзях. Ужо ў ХVІ-м стагоддзі, у пэрыяд Рэнесансу, мёртвая старабаўгарская мова зьнікае з грамадзкага ўжытку і лякалізуецца толькі ў праваслаўнай царкве, і то, як царкоўны (царкоўна-славянскі) афіцыёз. У дзяржаўных і грамадзкіх дачыненьнях у Вялікім Княстве Літоўскім запанавала старабеларуская кніжная мова, якая канчаткова выцесьніла, запаланіла і перамагла ранейшую кніжную старабаўгарскую мову.

 

Тут варта заўважыць, што рускія савецкія гісторыкі-шавіністы называлі старабаўгарскую мову „ древнерусским языком” і будавалі на гэтым цэлыя антынавуковыя канцэпцыі аб міфічным „ древнерусском государстве” (пад якім падразумевалі Кіеўскую Русь і часова залежныя ад яе землі), аб „ узьнікненьні” беларусаў, украінцаў і рускіх зь міфічнай „ древнерусской народности” (якой ніколі не існавала) і аб пачатку беларускай мовы з ХIV стагоддзя, а беларускай гісторыі – з 1917 года.

 

Рускія афіцыёзныя гісторыкі прыдумвалі гісторыю, каб абгрунтаваць нібыта натуральнасьць існаваньня СССР, расейскі каляніялізм і расейскія прэтэнзіі на Ўкраіну і Беларусь.

 

Я сказаў у пачатку, што, азіраючыся на гісторыю нашай мовы, займае дых. Таму што на старабеларускай дзяржаўнай мове неверагодна шмат напісана, таму, што я зачараваны яе багацьцем, вобразнасьцю, распрацаванасьцю і хараством. Пачытаўшы на старабеларускай кніжнай мове, разумееш, чаму Максім Багдановіч, седзячы ў расейскім горадзе Яраслаўль і акунуўшыся ў чытаньне гэтай мовы, стаў вялікім паэтам. Вось жа і сапраўды, што „ як алень спрагнелы, мкнець да вады крынічнай, шукаю Бога я”.

 

Апошняя зьмена кніжных і афіцыйных моваў адбылася шмат дзе ў Эўропе (і ня толькі ў Эўропе) у ХVIII-ХІХ стагоддзях, у пэрыяд узьнікненьня нацыянальных рухаў супраць імпэрыяў, з разьвіцьцём літаратуры рамантызму і ў выніку стварэньня нацыянальных дзяржаваў.

 

У гэты час адбываецца пранікненьне ў літаратурны і афіцыйны ўжытак народнай мовы (гэта значыць мовы, на якой гаварылі і сьпявалі шырокія масы народа). Менавіта гэтая мова стала мовай нацыянальнай літаратуры, менавіта за яе змагаліся нацыянальныя рухі, менавіта на ёй будавалася нацыянальная дзяржава і новая нацыянальная культура. Беларуская гісторыя, таксама як і гісторыя іншых народаў, добра ілюструе гэты моўны працэс.

 

Цяперака, азірнуўшыся за сабой, углядаючыся ў глыбіню, у наш народны лёс, можам сказаць коратка і ёмка: Беларуская мова – гэта мы.

 

* * *

 

Але ёсьць яшчэ вышэйшая цана мовы, якая не вымяраецца нават жыцьцямі. Мова належыць усім пакаленьням народу, якія жылі дагэтуль і якія будуць жыць потым. Мова належыць мінуламу і будучыні. Ніхто ня мае права разбуральна распараджацца лёсам нацыянальнай мовы (а толькі станоўча), ніякі чалавек і ніякое пакаленьне народу. Мова ёсьць трансцэндэнтная, вечнасная каштоўнасьць нацыі. Таму пытаньне існаваньня ці абмежаванасьці ўжываньня мовы ніколі і нідзе не вырашаецца на рэфэрэндумах. Бо людзьмі (пакаленьнем) могуць маніпуляваць. Не дазваляюць вынясеньня лёсу мовы на рэфэрэндум і беларускія законы.

 

* * *

 

У цяперашніх абставінах, калі ўлады рэжыму прыніжаюць беларускую мову, зачыняюць беларускія школы ды беларускія газэты, па афіцыйных крыніцах вядома, што больш за 86 адсоткаў грамадзянаў Беларусі лічаць беларускую мову сваёй роднай, але толькі каля сарака адсоткаў карыстаюцца ёй ў жыцьці.

 

І тут узьнікае пытаньне, якое мне задавалі ўсюды, на якое ня проста адказаць і цяжка ўсім растлумачыць. Бо не разумеюць. Пытаньне гэтае гучыць так: „ А чаму беларусы між сабой не гавораць па-беларуску? ” Усе на сьвеце між сабой гавораць пасвойму. Цыганы, якія ніколі ня мелі і ня маюць сваіх школаў, бо не існуе цыганскай пісьмовасьці, а між сабой – гавораць па-цыганску. Ня знойдзеш цыгана, які б не гаварыў па-цыганску. Дык у чым жа справа?

 

Ня стану і я адказваць на дзіўнае пытаньне, тым больш, паўтаруся, што нідзе нас у гэтым не разумеюць. Зазначу толькі, што, для датрыманьня чалавечай годнасьці і нават найпрасьцейшага культурнага звычаю ці маральнага рушэньня, заўсёды патрэбнае стараньне і сіла духа. У канцовым выпадку вырашае воля. Нішто ня можа перамагчы волю людзей, калі яна моцная і калі яна ёсьць. з гэтага гледзішча не павінна б існаваць праблемы беларускай мовы ў Беларусі. Бо заўсёды можа стацца так, як усе захочуць.

 

Мы мусім усьвядоміць, што ў нас самых засяроджаная велізарная магчымасьць: без вялікай бойкі, бяз грукату, бяз шуму і стратаў у корані перамяніць становішча і высока падняць нашу беларускую мову ў нашай краіне. Менавіта так думаюць і робяць усе ва ўсім сьвеце. Патрэбныя толькі хаценьне, воля і добры чын.

 

Дык чаму ж беларус зь беларусам не гавораць па-беларуску?..

 

28 верасьня 2001 г., Варшава

 

Надрукавана: („ Народная Воля”, – 2001, 31 кастрычніка, 2 лістапада)

 

 

3. БЕЛАРУСКІ НАРОД

 

Найвялікшай каштоўнасьцю Беларускай Нацыі ёсьць Беларускі Народ. Народ – гэта фізічнае цела нацыі. Гэта ўсе мы і кожны з нас разам. Культура, мова, вера, характар, мэнтальнасьць ёсьць як бы аўра народу (душа), вытворнае духа і дзейнасьці. У гэтакім адзінстве „ душы” і „ цела” толькі й можа існаваць народ.

 

Калі мы гаворым пра каштоўнасьць народу, то перш за ўсё маем на ўвазе ягонае існаваньне, ягоную бытнасьць, прысутнасьць у жыцьці. Народ павінен быць. Дзеля гэтага грамадзтва клапоціцца пра стварэньне ўмоваў існаваньня народу і пэрспэктываў ягонага разьвіцьця.

 

Аўра ствараецца толькі на ўзроўні грамадзкага ўсьведамленьня народнай пэрспэктывы і забясьпечвае несьмяртэльнасьць народу. Фігуральна і сымвалічна вечнасьць народу можна паказаць так: ЛЮДЗІ – ДОМ – ХРАМ. Лёгка зразумець (і гэта пацьвярджаецца гісторыяй), што дэградацыя і самавыміраньне пачынаецца заўсёды ў адваротным парадку – з разбурэньня ХРАМА, са зьнішчэньня аўры (г. зн. мовы, рэлігіі, культуры і г. д. ). Потым разбураецца ДОМ (г. зн. адбываецца страта ўласнасьці, маёмасьці, дзяржаўнасьці, расстройства працоўных дачыненьняў, марнатраўства грамадзкага багацьця і г. д. ).

 

Пасьля разбурэньня ДОМА перад людзьмі застаюцца два шляхі: альбо адраджэньне (гэта значыць найперш – адраджэньне ХРАМА), альбо заміраньне, зьнікненьне з культуры і геаграфічнае мапы чалавецтва. (У цяперашняй цывілізацыі такі стан можа зацягвацца харытатыўнай дапамогай, гуманітарнымі падачкамі на выжываньне. Але гэта не ўплывае на працэс выміраньня).

 

Адраджэньне заўсёды пачынаецца (і толькі магчымае) з духоўнай ідэі адбудовы ХРАМА (сьвятыні). Ізноў паўтаруся: гэта значыць мовы, гістарычнай памяці, культуры, рэлігіі, сымвалаў, велічы і г. д. Ідэалёгіі, якія дэкляруюць будаваць толькі ДОМ, як правіла, узьнікаюць у спэцыяльных абставінах, маюць матэрыялістычна-папулісцкі ці падвойны характар і вырастаюць ва ўмовах рэгрэсу, самы зьяўляюцца адлюстраваньнем заняпаду.

 

Будаўніцтва сьвятыні вымагае ахвярнасьці, бо яно не абгрунтаванае матэрыяльнымі мэтамі. Каб будаваць храм, трэба ўмець думаць духоўнымі сымваламі, асэнсоўваць іх і адчуваць патрэбу. Вымагаецца адпаведны ўзровень грамадзтва, каб быць народам і мець індывідуальную адказнасьць за нацыянальныя інтарэсы.

 

Узровень дасягаецца ў выніку стварэньня абставінаў гістарычнага разьвіцьця. Тады вялікую ролю пачынае адыгрываць характар улады і дзейнасьць грамадзкай эліты.

 

Тым часам пры выхадзе з заняпаду і ў пэрыяд нацыянальнага адраджэньня найвялікшую ролю адыгрывае нацыянальнае асьветніцтва і нацыянальная эліта, накіраваная на стварэньне ХРАМА. Дарога павінна весьці да сьвятыні. Грамадзтва мусіць мець ідэалы.

 

Ніякія прагматычныя інтарэсы не прыводзяць да нацыянальнага адраджэньня народа, бо адраджэньне патрабуе ахвярнай барацьбы і не зьяўляецца прагматычным дзеяньнем.

 

Гісторыя чалавецтва набрала вялікі грамадзкі вопыт, што рабіць і чаго не рабіць. Ня трэба, напрыклад, будаваць Бабілёнскую вежу, але заўсёды трэба берагчы сьвятыню, нават калі ад яе засталася толькі сьцяна.

 

Шляхі і вынікі нацыянальнага адраджэньня добра вядомыя, маем шмат прыкладаў. Тым часам амаль не гаворыцца пра працэсы і вынікі рэгрэсу. У гэтым ніхто не зацікаўлены. А калі і гаворыцца, то ў скажоным выглядзе, найчасьцей сьведама падмяняючы паняцьці, бо рэгрэсуючае грамадзтва ня ў стане пра сябе адпаведна паведамляць. Заняпад адных часта адпавядае інтарэсам іншых.

 

Ацэнка народам самога сябе розная на схіле і на ўздыме. Адраджэньне, што вымагае ахвярнасьці, менш праймаецца стратамі, бо на ўздыме на месца аднаго становяцца двое.

 

Тым часам пры заняпадзе страты неаднаўляльныя. Адсюль патрабаваньне рознай стратэгіі існаваньня. Пры ўзьлёце вырастае роля і вартасьць асобы. Але менавіта на схіле прыходзіць усьведамленьне каштоўнасьці кожнага чалавека, патрэбнасьці дапамагаць народу на этнічным узроўні, незалежна ад палітычнае і ідэалягічнае арыентацыі. У найбольш здаровай часткі людзей тут спрацоўвае інстынкт выжываньня. Гэта разумны інстынкт, бо народ існуе пакаленьнямі, а палітычныя погляды, ідэалёгія не абавязкова перадаюцца ў спадчыну. Кожнае пакаленьне сінтэзуе сваю ідэйна-палітычную рэальнасьць. Дзеці не абавязкова ва ўсім паўтараюць бацькоў. Але з пшаніцы вырастае пшаніца, а з бобу – боб. Культурнае поле трэба берагчы ад зарастаньня.

 

Тым часам у пэрыяд дэградацыі відавы інстынкт (у дадзеным выпадку, інстынкт захаваньня этнасу) якраз аслаблены. Людзі не трымаюцца сваіх, сваёй зямлі, звычаяў, сям’і, бацькоў, дзяцей, традыцыяў і г. д. Зьнікаюць паняцьці і патрэбнасьць ідэалаў, абавязкаў перад усімі, аслабляецца здольнасьць да супраціўленьня, да барацьбы за што-небудзь, нават за самыя неабходныя асабістыя інтарэсы (не кажам ужо пра інтарэсы народныя).

 

Працэс заняпаду народа гэта ёсьць, перш за ўсё, заняпад сьведамасьці. Аднак гэты рух па схіле ня ёсьць пэрманэнтным распадам. Адбываецца эфэкт сцісканьня. Нейкая частка народу (этнасу) на ўзроўні асобаў і цэлых групаў не паддаецца разбурэньню, захоўвае сваю ўнутраную ідэнтычнасьць і здольнасьць супраціўляцца. Колькасьць такіх людзей можа быць рознай і заставацца доўгі час на пастаянным узроўні.

 

Менавіта дзякуючы перш за ўсё гэтай „ сьціснутай” здаровай колькасьці людзей магчымы ёсьць фэнамэн нацыянальнага адраджэньня, і пружына тады пачынае выпроствацца (пры ўмове, калі зьбераглася бытнасьць этнасу).

 

Калі ж дэградаваны этнас зьнікае і засталася толькі „ сьціснутая” ягоная частка, то яна (гэтая частка, якая ідэнтыфікуе сябе) ёсьць самая моцная. Яна можа гістарычна рэалізавацца ў сваіх сьціснутых межах і выявіць надзвычайную здольнасьць да выжываньня (паколькі тут засталася спрэсаваная здаровая сіла загіблага народу).

 

Тыповымі прыкладамі такой „ спрэсаванай” гістарычнай рэалізацыі ёсьць, на мой погляд, краіны Балтыі (Эстонія, Латвія, Летува). Мы яшчэ назіраем таксама шмат дзе ў сьвеце працэс барацьбы за незалежнасьць такіх народаў, што панесьлі этнічныя страты і захавалі толькі сваё народнае ядро). Гэта валійцы, флямандцы, чачэнцы, татары, адзін з найстарэйшых народаў Эўропы – баскі – і іншыя.

 

Выпадкаў канчатковага народнага заміраньня, аднак, яшчэ больш. Блізкія прыклады: прусы, яцьвягі, правансальцы, хазары і інш.

 

Беларускі народ уваходзіць у трэцюю групу дачыненьняў, менавіта: нацыянальнага адраджэньня і існаваньня ў форме нацыянальнай дзяржавы. У гэтым стане знаходзіцца пераважная большасьць народаў Эўропы. Аднак Беларускае Адраджэньне, якое палітычна рэалізавалася ў 1918 годзе і стварыла беларускую нацыянальную дзяржаву, неўзабаве было перапыненае акупацыяй і расчляненьнем Беларусі паміж Расеяй і Польшчай. Нацыянальныя сілы, якія павінны б былі ў нармальных умовах забясьпечваць якраз дзяржаўную стабілізацыю беларускай нацыі, змушаныя былі адхіліцца на барацьбу з акупацыйнай палітыкай за выжываньне народа і неўзабаве ў большасьці былі фізічна зьнішчаныя; рэшта выгнаная за межы Беларусі.

 

Да паловы ХХ стагоддзя Беларускае Адраджэньне было разгромлена, а ягоныя дзеячы ліквідаваныя. Прытым сталінскія бальшавікі імкнуліся зьнішчыць перш за ўсё найбольш сьведамую, здаровую частку народа.

 

Тут трэба адзначыць, што генацыд на Беларусі расейскія бальшавікі праводзілі плянава (гэта значыць, што забівалі беларусаў па разнарадцы). Але адначасна зьнішчалі выбарачна, адпаведныя групы насельніцтва, найперш і менавіта – лепшых людзей. Так было забіта агулам каля трох мільёнаў беларусаў. Таму калі ў 80-х гадах (з падрастаньнем новага пакаленьня) пачалося вызвольнае змаганьне за беларускае адраджэньне і дзяржаўную незалежнасьць, выпростваньне пружыны ўжо не набрала належнай сілы, каб адным махам (як у іншых краінах) скончыць з акупацыйнымі дачыненьнямі і рэшткамі каляніялізму.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.