|
|||
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
Вось і ўсё. Праз дзень упершыню за ўсе гэтыя дні сонца разам з лёгкім ранішнікам пала на балоты, пусткі, на старыя яліны парку, на замшэлыя муры маёнтка. Высокая трава была абсыпана белай халоднай пудрай і ружавела ад першых праменняў сонца. І муры былі ружовымі, нават памаладзелі, прачнуўшыся ад цяжкага сну, які вісеў над імі тры гады. Молада блішчалі вясёлкавыя шыбы, сонца кідала нягрэючыя праменні, і адхонні пацелі ад яго, трава на іх рабілася мокрай. Мы ад'язджалі. Вазок стаяў ля дзвярэй маёнтка. Небагатыя пажыткі прывязалі ззаду. Я вывеў з дома Яноўскую, захутаную ў лёгкую футрачку, сам сеў поруч. Мы кінулі апошні позірк на палац, у якім зведалі боль і пакуты і знайшлі, нечакана для сябе, каханне, за якое не шкада аддаць і жыццё. — Што ты думаеш рабіць з гэтым? — спытаў я. Яноўская знізала плячыма, як ад марозу: — Старыя рэчы аддам музеям, астатнія няхай бяруць тыя мужыкі, што сталі на абарону сваіх хат і выратавалі мяне. Палац таксама аддамо пад бальніцу, школу і яшчэ што-небудзь. — І горка ўсміхнулася: — Маярат! Столькі крыві, такі клубок подласці, падступных злачынстваў, інтрыг… І дзеля чаго? Жменька золата… Не, Бог з ім, з маяратам, гары ён ясным агнём! … Я абняў яе за тонкія плечы: — Я так і думаў. Так і трэба было рабіць. Непатрэбна гэта нам, калі мы адшукалі адзін аднаго. Мы пакінулі ў палацы новую ахмістрыню, удаву з дзіцёнкам, якіх я падабраў тады на дарозе. Слугі таксама засталіся на сваіх месцах. І мы вельмі лёгка ўздыхнулі, калі палац знік за павароткай алеі. З кашмарам было скончана. Калі мы выехалі з парку на верасовую пустку, што ішла ля Волатавай прорвы, і брама зачынілася за намі ў апошні раз, і ўжо заскакалі вакол курганы і пусткі, я пабачыў чалавека, які стаяў ля дарогі. Чалавек гэты пайшоў вялікімі крокамі нам насустрач, затрымаў за аброць каня, і мы пазналі Рыгора. Ён стаяў у сваім кажусе, зблытаныя валасы падалі з-пад магеркі на лоб, на добрыя дзіцячыя вочы. Я скочыў з воза. — Рыгор, дарагі, што не прыйшоў развітацца? — Хацеў адных вас сустрэць. Цяжка мне пасля гэтай гісторыі. Вы малайцы, што едзеце, тут паўсюль вам усё будзе нагадваць старое. Палез рукою ў кішэнь і, пачырванеўшы, дастаў гліняную ляльку. — Гэта вам, Надзея Раманаўна… Можа, паставіце дзе… успамінаць будзеце… Надзея ўзяла яго за скроні і пацалавала ў лоб. Пасля дастала з вушэй завушніцы і паклала іх у шырокую чорную далонь паляўнічага. — Будучай жонцы тваёй. Рыгор крэкнуў, пакруціў галавою. — Бывайце вы… Бывайце, лепей, хутчэй… А то адзін грэх з вамі: разрумзаешся, як баба… Дзеці вы. Жадаю вам найлепшага, самага добрага на зямлі. Я расцалаваў Рыгора ад усяе душы. — Рыгорка! Лепшы друг! Ёдзем з намі, перасядзіш той час, калі будуць шукаць Дубатоўка і іншых. А то яшчэ які-небудзь паскуднік заб'е цябе. Вочы Рыгора пасуровелі, і жолвы зарухаліся на сківіцах. — Го, няхай паспрабуе! … І рукі ягоныя сціснулі доўгую стрэльбу, аж жылы на іх надзьмуліся. — Зброя ў руках. Вось яна. Няхай возьмуць! Не паеду. Маё царства — лясы. І гэтае царства павінна быць шчаслівым. — І я веру ў гэта, — проста сказаў я. Калі мы ад'ехалі далёка, я з узлесся яшчэ раз пабачыў на кургане ягоны вялізны сілуэт. Рыгор стаяў на фоне чырвонага неба з доўгай, вышэй галавы, стрэльбаю ў руках, у кажусе поўсю наверх, які абцягваў яго ладную постаць. Вецер развейваў яго доўгія валасы. Цар лясных мясцін! … Мы праехалі лясы праз дзень, таксама на світанні. Тут толькі я зразумеў, якая была розніца паміж яноўскім наваколлем і гэтай зямлёй. Мокрая высокая трава, сонца, радасць… І над чыстымі хаткамі бусліныя вялізныя гнёзды і блакітная цішыня. Гэта была новая, зусім іншая Беларусь. Там-сям стаялі на рэчках сукнавальні — зусім іншая эпоха, іншыя звычаі. Як жа павінна была глядзець на гэта мая жанчына з васемнаццатага стагоддзя, калі нават я за гэтыя тыдні забыў усё гэта! … Я глянуў на тую, што мелася стаць маёй жонкай. Вочы яе былі шырока і шчасліва раскрытыя, яна прыціскалася да мяне і часам перарывіста ўздыхала, як дзіця пасля слёз. Мне вельмі хацелася, каб ёй было яшчэ лепш. І я часам нахіляўся і цалаваў яе тонкую руку. Непакоіла мяне ў той час, ды і пазней, толькі яе хвароба. Таму я наняў на ўскраіне горада маленькую хатку з садам. Урачы сказалі, што гэта пройдзе ад спакойнага жыцця. І сапраўды, гэта прайшло, калі яна пражыла са мною два месяцы і сказала, што ў нас будзе дзіця. Мы акружылі адзін аднаго такім морам пяшчоты і ўвагі, такой любоўю, што я нават праз дваццаць год здзіўляўся гэтаму, як сну. Нам было добра паўсюль, нават у Сібіры, куды я трапіў у 1902 годзе. Яна была больш чым проста жонкай, яна была другам да смерці. Мы жылі доўга і шчасліва, як у песні: Пакуль сонца ззяла над грэшнай зямлёю… Але яшчэ і зараз я часам бачу ў сне сівыя верасовыя пусткі, чэзлую траву на паверхні прорваў і дзікае паляванне караля Стаха, якое скача па дрыгве. Не бразгаюць цуглі, моўчкі сядзяць у сёдлах прамыя постаці коннікаў. Вецер развейвае іх валасы, плашчы, грывы коней, і самотная гострая зорка гарыць над іхнімі галовамі. У жахлівым маўчанні шалёна скача над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха. Я прачынаюся і думаю, што не прайшоў ягоны час, пакуль ёсць цемра, голад, нераўнапраўе і цёмны жах на зямлі. Яно — сімвал усяго гэтага. Хаваючыся напалову ў тумане, імчыць над змрочнай зямлёй дзікае паляванне.
Спасибо, что скачали книгу в бесплатной электронной библиотеке BooksCafe. Net Оставить отзыв о книге Все книги автора
|
|||
|