Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Максім Гарэцкі 2 страница



 

А добры бацька трымаў яго леваю рукою за тоненькую шыйку, з пэўнасцю, што нічога яму не зробіцца, а пакуль малы, то і крычыць, і праваю рукою, гарачым, як полымя, венікам абняў яго з усіх бакоў, хлястаў, шугаў, гладзіў і прымаўляў:

 

- Дай спінку, дай жываток, дай жа ножачкі мае дробныя... Ну йшчэ трошку, ну-ну-ну, дурненькі, не плач жа... дос-дос-дос, не бойся... А то я цябе камлём пагладжу, ведаеш? - з лаянкаю дадаваў ён урэшце і адпускаў малую душу на пакуту.

 

- Во-охці, охо-хо-о... - ледзьва жывенькі пакаціўся з палка ў прымыльнік кароценькі Халімон.

 

- Як тое было, як тое будзе, вось табе на! - крыкнуў Ёзка, і раптам, знецяйку для ўсіх - бах вядро вады на печ. Аж каменне загурчэла, засіпела вугалле, паляцеў з клубам гарачае пары дробны попел, - і з палка пасыпаліся, як бульба, слабейшыя. А дужэйшыя, стойка ведучы справу сваю, яшчэ пільней запрацавалі венікамі.

 

- Вот-та как ашалелі мужычкі-ста! - адгукнуўся стары салдат Захар Какста, цёпаючыся, як мокрае гарыць, але расцягнуўшыся на самым версе, у самым духу. Празваны ён быў Какстаю за частыя прыбаўкі слоў: «как» і «ста», якія навекі прыліплі к яму, як азнака ўспрынятай некалі цывілізацыі.

 

- Лаўрыньчык! Збегай, сынок, вады: згарэў я, зусім згарэў! - крычаў стары Задума аднаму сыну. - А ты, Лявон, - казаў ён другому, - ча марудзіш: лезь на палок, парся... самы, братка, дух... у-ха-а!..

 

- Дайце, Рыгоравіч, я вас лёгенька пацёпкаю, - як умеў, набіваўся вучонаму пляменніку сваёю ласкаю дзядзька Якуб.

 

- Ды не, не, не... я сам! - не ведаў хлопец, як адчапіцца ад прыкрасці, што родны дзядзька кажа яму і «вы», і «Рыгоравіч».

 

Махнуў на ўсё рукою і палез на палок. Абпёк кволыя месцы аб гарачыя палкі, плакаў ад горкага тут уверсе дыму, махаў і так і гэтак, каб не дужа пяклося, цяжкім нейкім венікам - і праклінаў сваю родную матэрыяльную культуру.

 

«У-у, жывуць жа людзі, - думаў ён, - лес пад бокам, паны ўлезлі ў даўгі і зводзяць яго ў пень, а яны, штогоду пускаючы на гарэлку не адну добрую лазню, мыюцца ў такой, што... каб яна згарэла на чыстым полі гэткая... »

 

- Духу ж паддайце! Гэй, хлопцы! - са скуры выпінаўся Мікіта, ізноў ужо просячы духу.

 

- Ужывай, дзядзька! Пагрэйся! - адказаў яго пляменнік Яхім, што меў мянушку «Вясёлая галава, а гнілыя кішкі», - і чох! поўны карэц на печ.

 

- Сцюдзёна! Зябну! - вырабляўся Мікіта, ведаючы сваю славу, што ніхто яго не пераседзіць у самым гарачым духу.

 

- І так гарым! - буркнуў, не ўцерпеўшы, Лявон, седзячы каля яго і паліваючы сцюдзёнаю вадою галаву. Ён са злосцю ўздумаў на тое, што Мікітаў сын, Панас, п'е смярдзючую ханджу, як ваду, а сама старая Мікіціха мажа ёю ногі ў лазні. Во і сёння насмярдзіць тут, што не прадыхнуць, як будуць мыцца бабы... Уздумаў ён, што і яго матка корміць вяпроў у хаце, а не ў свінарцы, што ў хаце ў іх ніколі не можа быць чыста. Адным словам, дрэнна з усіх бакоў.

 

- Запанеў наш аграном! - жартаваў Мікіта. - Духу баіцца Рыгоравіч... А мне, мужыку, любата, - крычаў ён. - Дай Бог да веку!

 

Лявон мусіў, сцяўшы зубы, маўчаць.

 

«Які тут чорт запанеў, - з вялікаю крыўдаю ў сэрцы злаваўся ён на ўсё Цёмналессе, - свінні, а не людзі... Я вёз дамоў кніжкі, каб чытаць ім, а яны кожны вечар, кожнае свята гуляюць у карты ў Мікітавай хаце, а на кніжкі не звярнулі ніякае ўвагі. Яшчэ казалі, - разумцы! - што некалі ім займацца панскімі справамі... І вось павінен слухаць ад іх гэтае бязглуздае: запанеў, запышэў, гардзіцца... »

 

- Пастой, Лявон, куды ты? - гукаў бацька. - Зараз вады прынясець Лаўрынька, будзем абдавацца.

 

- Добра, добра! - сказаў, а сам, не маючы ўжо сілы вытрымаць усіх крыўд для цела і думак, выйшаў як п'яны ў прымыльнік, схапіў адзежу і рупна, як толькі служылі рукі, пачаў, не абдаўшыся чыстаю вадою і з прыліпшымі на целе лісцінкамі ад веніка, адзявацца.

 

Калі трошку пахаладнеў на свежым паветры, ён ад злосці патрошкі пераходзіў у сум і горкую пакуту.

 

«А нягожа мне казаць: бязглуздае, дзе толькі цемната, - сядзела яму ў галаве. - Скуль жа ведаць гэтаму старому вяскоўцу, прыгонніку яшчэ - Мікіце, што ён вучыцца не дзеля таго, каб толькі заграбаць грошы; што ён жа іншы, не цураецца вёскі, любіць яе і паважаець, як родны сын; што ён будзе кіравацца на ўсе сілы, каб бачыць яе цвярозаю, светлаю, здаволенаю жыццём; што ён «запанеў», але зусім не так, як думае Мікіта. І лацвей ім, - думаў Лявон далей, - страляць у вочы: запанеў! - калі яны ведаюць вагу свае векавечнае працы мужыцкае, а хай бы яны пабачылі боль у сэрцы і смутак у думках у мяне, прымака ў тым «панстве» і пасынка ў вёсцы, - і яны валей згодзіліся б ехаць з сошкаю на родныя шнурочкі, чымся так запанець... »

 

Кашуля не надзявалася, мялле наліпала і калолася, нечым дрэнным пахла. Шапку шукаў-шукаў Лявон, каб прыкрыць ад ветру мокрую галаву, і ніяк не мог знайсці ў дакучлівай, прыкрай цямноце прымыльніка.

 

- Браточкі, што ж гэта, я ж акалеў зусім... Кажыце, хто ўзяў мае штаны? - пытаўся дзядзька Якуб, хныкаючы з лазні ў прымыльнік і назад у лазню ў адной кашулі без штаноў. - А хто тут яшчэ скруціўся пад нагамі? Ай табе месца мала? - узбіўся ён на Лявона.

 

- Я... - адгукнуўся Лявон ціхім, сумным і злым голасам.

 

- Ах, гэта вы?! Даруйце, Рыгоравіч!! Гэта я няўмысля патурбаваў вас... - не ведаў, дзе яму дзецца ад сораму, дзядзька, і якраз тут, сагнуўшыся, каб што-небудзь падаць пляменніку, знайшоў сваю адзежыну: Лявон ці хто затаптаў тут яе нагамі.

 

А Лявону было так прыкра, і так яму балела, і такая злосць брала яго на нікчэмную, падлыжніцкую далікатнасць цёмнага дзядзькі - такога змалку дзён любага, дарагога, бо нешчаслівага ў жыцці, дзядзькі Якуба.

 

У цяжкім настроі варачаўся Лявон з лазні.

 

Быў ціхі вечар. На высокім небе ззялі зорачкі, ліў месяц сваім сярэбраным, хоць і пазычаным, святлом. Скрыпеў пад нагамі марозны снег. А Лявону было цяжка.

 

«Беларусь, Беларусь! Што ты цяпер ёсць? » - звінела яму адна думка. «І што з табою будзе», - плыла другая.

 

А зорачкі блішчэлі так хораша на небе, і скрыпеў снег. І мерныя тужлівыя вершы ляцелі знедкуль.

 

 

 

Мой родны край, краса мая,

 

З табой навек расстаўся я!..

 

 

 

«Не, не расстаўся я з табою, мой родны край, - думаў Лявон, - не расстаўся, але ў вялікай нязгодзе ўжо мы з табою... Ты не разумееш мяне, а я не магу згодзіцца з табою і з тваімі парадкамі».

 

«З якімі парадкамі? - вытыркнулася з'ядлівае джала мудрага змея з самага свайго закутачку душы, - што ў мужыцкай лазні табе ўжо невыгодна мыцца, дык усё Цёмналессе павінна перакуліцца перад табою?.. Падумаеш, які важны, вучоны, разумны, цывілізованы зрабіўся! А чаму Цёмналессе такое, ты ўжо менш думаеш! А як лёгенька дастаецца мужыку і той быт, які ён мае, ты ўжо менш думаеш!.. Ты ўжо забываешся, забываешся!.. »

 

Тады струны сэрца задрыжэлі вялікім жалем. Маркотна-маркотна панясліся ў памяці іншыя радкі прачытанага нядаўна верша:

 

 

 

Мой родны край, як ты ж мне мілы!

 

Забыць цябе не маю сілы...

 

 

 

«Ага, вось так... - закруціўся ў сваім закутку з'ядлівы мудры змей, - самае лепшае: забыцца на яго! Забудзь, забудзь!.. Не ты ў нас гэткі першы, не ты ў нас гэткі і апошні... »

 

«О, не! - змагаўся хлопец, - о, не! Ніколі я не адарвуся ад цябе! Але што рабіць, за што ўхапіцца, адкуль пачынаць? »

 

У мазгах адным момантам прамільгнула «Наша ніва» і невядомыя людзі, што яе пішуць, і Якуб Колас, і Янка Купала, і свае больш рэвалюцыйныя таварышы - вучні, з якімі на фермскім полі, а часам ціханька і ў пансіёне пяяў «Вихри враждебные веют над нами... » ці «Адвеку мы спалі і нас разбудзілі... », і быўшы яго рэпетытар - бундавец, які рэвалюцыйна настрайваў свайго вучня, але ніколі словам не заікнуўся ні аб якай партыйнай арганізацыі ў сваім горадзе і як туды паступаць...

 

Адным момантам прамільгнула - і было пуста. А так хацелася зараз узяцца, зараз пачаць будаваць усё на іншы лад, зараз нешта рабіць!

 

«Але што рабіць, за што ўхапіцца, адкуль пачынаць?.. »

 

 

V

 

 

 

- Расці, хмелю, глыбока, караніста, высока!..

 

З народн[ай] песні

 

 

 

Лявон меўся паехаць у школу на посную куццю, перад Вадохрышчамі, але стары конь нешта кашляў, а малады, як на тое, намуляў сабе троху плячо, дык прыйшлося адлажыць выезд на пару дзён.

 

І вось Вадохрышчы, па волі сляпых багоў - прыпадкаў, зрабіліся пераломным днём у Лявонавым настроі. Нават можна сказаць, што самы дзень Вадохрышчаў яшчэ належаў да старых парадкаў, а новыя пачаліся толькі ўвечары.

 

Пэўна ж, Лявон у царкву не паехаў. Але пасля паўдня, добра паабедаўшы, надумаўся ён схадзіць у Залужжа к Лейзару па свае бацінкі. І схадзіў, і ўзяў бацінкі, былі ўжо наладжаны, і ішоў ужо назад. Аж на вуліцы стаяў сват іхны залужанскі (яго дачка ды была замужам за дзядзькавым пляменнікам). Убачыўшы Лявона, ён пераняў яго, прычапіўся да беднага хлапца, як якая смала, і прост гвалтам пацягнуў к сабе ў хату на чэсць.

 

- Ну хоць пасядзіце ў мяне, калі ўжо нічога ніякага не хочаце, - цягнуў ён Лявона за рукаў і за гузік.

 

І каб не сорам было перад людзьмі тузгацца з гасцінным сватам на вуліцы, Лявон пайшоў на часінку.

 

Свацця зараз саскочыла з печы, збегала ў клець, нарэзала поўную латушку сцюдзёнага сырога сала і паставіла на стол. А меншага сына паслала к Лейзару пазычыць самавар.

 

Неўспадзеўкі трапіў наш Лявон у нуднае сіло і з цярплівай боязню меркаваў, колькі яшчэ прыйдзецца сядзець на гэтай чэсці, пакуль паспее самавар. А вядома, што ў Залужжы, як і ў Цёмналессі, не можа паспець самавар раней як цераз добрую гадзіну, нягледзячы на самае пільнае паддзьмухванне яго самаю шырокаю халяваю.

 

Тым часам не драмаў і сват. Ён ведаў, што Лявон, як чалавек нябы-які, гарэлкі піць не будзе, дык, папрасіўшы прабачэння ў госціка і даручыўшы жонцы вартаваць яго, каб не надумаўся бы часам уцячы, сам кінуўся, стары, да Лейзара па піва. І не паспела свацця сказаць з гасцём і пары слоў і накраіць пяць скібак хлеба, як сват, маўклівы ад пышнага пачуцця, пераступіў парог з распёртымі кішэнямі, з выпнутаю пазухаю і нават з рукава дастаў адну бутэльку.

 

Свацця паставіла на стол пару нямытых шклянак і адзін шчарбаты кубак, а сват наліў.

 

- Ну, сваток! Давай Бог... вып'ем жа хоць піва, калі гарэлку зневажаеце... - і ўзяў адну шклянку сабе ў рукі, другую падсунуў ён Лявону, а на шчарбаты кубак мігнуў вачыма жонцы.

 

- Будзьце здаровы!

 

- Піце-ка на здароўе!

 

Піва было нішто сабе - трошачку гаркавае дзеля непрывычкі.

 

- Закусіце ж, сваточак, нашым салам! - абцёршыся, прыстала свацця.

 

«Ай Божа мой! Не хочацца мне сала! » - хацеў адпрашвацца госць, але тут жа прачытаў у іх вачах нецярплівае ўпрашальнае чаканне: ці ён будзе есці сала, ці ён не?

 

І ўкусіў ён троху таго сцюдзёнага сырога сала пасля піва і нядаўнага добрага святочнага абеду, і з душы стала яму вярнуць ад гэтага сала. Не хацеў ён яго есці, дужа не хацеў.

 

А сват і свацця, дзеля свае святое беларускае гасціннасці, проста з нажом прысталі, каб ён еў дый еў.

 

«Грэбуе намі і нашаю ядою», - ужо стаў ён чытаць у іх сялянскіх, не прызвычаеных маніць вачах. І ён спалохаўся, што во ізноў, не хочучы, а-ткі пакрыўдзіць простых і сваіх людзей.

 

Ад безвыходнага становішча ён накінуўся на піва... Піў столькі, што сват і асабліва свацця нават здзівіліся, што гэтак упадобіў Лейзарава піва.

 

«Мусіць, ад вучонасці так, - падумалі яны абое, - усё ж вучоным прыямней піць піва, чымся простую гарэлку».

 

Выпілі ўсё піва, а самавар яшчэ толькі-толькі пачынаў заводзіць ноты на грубейшы голас.

 

Язык Лявону тым часам троху развязаўся, вочкі пасалавелі, і хітры, зусім цвярозы сват тут добра сцяміў, што вось цяпер-то можна хоць і пляшку гарэлачкі на стол паставіць.

 

- Э, я ж думала, што сваток пагрэбуеце намі, доўга сядзець у нас не будзеце, дык гэта я, шату-бату, паставіла сырое сала... Я ж магу дзеля такога госціка і яешанку спрагчы.

 

І завінулася прагчы яечню.

 

Пасля падышлі свацціны браты, маладзенькая і прыгожая дзяўчынка - сватава пляменніца, два сватавы сыны, яшчэ і другія блізкія людзі, - і бяседа была вясёлая і без ніякіх прыкрасцей нікому. Адным словам, ніхто і нават сам Лявон ніякае завады або клопату, што нешта ёсць не так, не чулі.

 

Калі ж усё паелі-папілі і арэхамі пачаставаліся, - было на дварэ цёмна. І хоць да Цёмналесся ад Залужжа і дзвюх вёрст не будзе, аднак здаволены сваток запрог кабылу, і сам павёз яго дадому, і даставіў шыбка і добра з тымі яго бацінкамі.

 

Вось гэтак-то і стаўся перакрут у думках.

 

І калі сват, напіўшыся і ў іх гарбаты (а то ж была і пляшка), пацалаваўшыся з усімі, і найпрыемней з самім Лявонам, паехаў сабе на сваёй кабыле да свае хаты, тады вечны сляпы кірунак у жыцці людзей і далей пайшоў тут сёння тым сваім торам...

 

Перш-наперш наш Лявон, паслухаўшы загаду няведамае сілы, дастаў з скрыначкі крухмальны каўнярок і паддзеў яго пад каўнер кашулі сабе на шыю.

 

- Мусіць, наш Лявон сяння гуляць мае пайсці: хамуток надзеў, - жартліва сказаў Лаўрынька, прыглядаючыся к выпіўшаму брату.

 

Лявонька засмяяўся.

 

Тады хлопчык заскакаў на адной назе і пяяў насмешным, але радасным тонам і голасам:

 

- Хамуток! Хамуток! Хамуток!

 

- Лаўрынька, ты памыляешся, - сказаў вясёлы Лявон, - белы каўнярок ёсць знакам цывілізацыі... толькі дзікуну ён здаецца хамутком.

 

- Ну, добра, добра! Будзь сяння панам, - дазволіў яму патураючы Лаўрынька.

 

Потым зайшоў у іхну хату кавалёў сын з Салаўёвых Машкоў, зайшоў ён мімаходам, трошку выпіўшы, але пагаманіць аб справе. Стары Задума наказваў яго бацьку, цераз людзей, што будзе насталіваць сякеру і мяняць каню падкову, - дык ці яшчэ думаюць, ці раздумаліся, а калі не, дык калі - у пятніцу ці ў суботу?

 

Зайшоў кавалёў сын з гармонікам. За ім ці, праўду кажучы, за тым гармонікам убіліся ў парог два хлопчыкі, бо думалі, што, можа, кавалёнак тут зайграе. Якраз за імі прыйшлі зараз і дзве бабы і яшчэ дзядзіна пасядзець з маткаю і селі на палу. За бабамі з'явіліся дзвёх маладух, два большых хлопцы і адна дзеўка - толькі паглядзець, бо думалі (з вуліцы ім так здалося), што сёння тут гуляюць. Пакуль жа яны разглядаліся ў сваёй абмылцы ды жартавалі з кавалёвым сынам, просячы яго пайграць ім сёння там, дзе збяруцца гуляць, - прырынулі к Задумавым, ну як бы па чыйму заказу, усім кагалам, хлопцы і дзеўкі, а потым і старыя і дзяцвішча... Набухталася поўненькая хата.

 

Зазвычай адбывалася гульня ў Мікітавых або яшчэ ў каго, ды толькі ж не ў Задумаў. А тут вось гэтак.

 

Спачатку бацька быў скрывіўся, бо яму здалося, мусіць, што і Лявон, як і заўсёды, не вотта ласкава глядзіць на няпрошаных гуляннікаў. Аж не: Лявон загаманіў - як бы не той быў чалавек.

 

А потым, ну, а потым... Лявон наш гэтак разгуляўся, што ўся яго філасофія развеялася дымам, прынамсі ж, на гэты вечар, а там будзе відаць далей.

 

Кавалёў сын, не доўга думаўшы, зайграў.

 

- Паскачце, маладыя! Чаго вы стаіцё? - сказала ім Задуміха.

 

І скокі пачаліся.

 

Пакуль тое ды сёе, Лявон ад столу перайшоў да свайго ложка, у правым куце ад дзвярэй, ля самага парогу, пасядзеў там, адылі перасеў на суднік, што пры печы.

 

Дзеўкі і хлопцы, забыўшыся за той вясёлаю гульнёю на асаблівую да яго ўважнасць, заступілі яго сваім грудам, - і нейкім дзівам побач з ім сядзела курносенькая, але бойкая, нішто сабе дзяўчына - Лёкса Леваноўна. Лявон з ёю, некалісь быўшы малым, вадзіў на пасту коней. Яна вадзіла, бо ў бацькі не было сыноў, дык канюшкамі ў яго былі дочкі.

 

- Чаму ты гэта, Лёкса, сядзіш, не скачаш? - надумаўся, асмеліўся Лявон пачаць з ёю гаворку.

 

Непрызвычаенае сэрца, у пэўнай меры адгароджанае ад даўнай простасці цывілізацыяй, чамусьці ў ім, разоў колькі, як дурное, тыхнула! Але нічога: зараз абляглося.

 

- Во каб з Рыгоравічам, дык бы пайшла! - адказала хітрая Лёкса.

 

Хаця тое «з Рыгоравічам», заместа казаць ты, было яму пачуць нялюба, а выявіць ёй фальш, што не гаворыць з ім, як з кожным цёмналесцам, было ніякава, - аднак жа яе бойкасць яму заўсёды падабалася.

 

- Не ўмею скакаць, - адмовіўся Лявон.

 

- Невялікая ж навука! Э! - шчупянулася яна. - Можа, Рыгоравіч, умееце і не гэтакія скокі, толькі сароміцеся гоцаць з намі - мужыкамі - па-мужыцку...

 

- Ну, Лёкса! Як табе не сорам так казаць? Што я? - не той самы мужык? І, дадушы, кадрылі я скакаць не ўмею.

 

- Дык пойдзем: я наўчу! - схапіла яго жартам за рукаў.

 

- Ой не, не, не! - адбіваўся хлопец. - Усе будуць смяяцца з маіх скокаў, усім ногі адтапчу...

 

- Не будуць! Пойдзем! - учапілася дзяўчына.

 

- Ой не, не, не, Лёксачка! Толькі не цяпер.

 

- Ну а калі?

 

- Пасля, пасля калі-небудзь, пасля!

 

- Калі ж пасля? А-а! - раздумалася Лёкса. - Можа, дзеля таго не хочаш, што са мною? Паскач з Рыпінаю!

 

Рыпіна была троху ў свеце і лічылася прыгожаю.

 

- Не, ні з кім не буду, толькі з табою, - пачаў ужо на смешкі біць і ён. - А ты са мною хочаш паскакаць?

 

- Дый як яшчэ! Сама не ведаю, як хочацца!

 

Так жартавалі яны, але скакаць усё ж ткі не пайшлі. Троху потым, калі Лявон спыніў гаворку і паглядзеў, хітрун, у бок ад Лёксы, бо музыка маўчала і ўсім усё было відней, - падышоў да Лёксы Банадысёў батрак, схапіў яе за рукі і пацягнуў на польку, бо музыка якраз сарвалася як з ланцуга, - самым вясёлым хадуном.

 

Ужо тая цёмналеская батракова простасць была не вельмі даспадобы Лявонавай культурнасці і далікатнасці з дзяўчатамі, але што ж? Лёкса ж была невінавата, што Атрахім схапіў яе за рукі і пацягнуў.

 

Затое справа наладзілася добра апасля, калі кавалёў сын змарыўся і сталі гуляць у лёпушкі. Папраўдзе, гульня дзяціная, але гуляюць у раздураны час і большыя.

 

Можа, хто з людзей высокае цывілізацыі не ведае тых нашых «лёпушак» ці паспеў ужо забыцца, што гэта за штука, дык уявіць сабе іх дужа лёгка. Адзін, а найчасцей адна - званая «бабаю» - сядзіць на лаўцы, а ўсе гуляюць. Кладзецца тварам у калені «бабе» адзін хто з гуляннікаў або гулянніц і кладзе адзаду на сябе руку дагары далоняю. Другі нехта з іх б'е яго па руцэ, «лёпае». Хто ляжаў, павінен угадаць таго, хто біў, каб ён лёг замест яго. Калі ж не ўгадае, кладзецца сам ізноў.

 

Ніхто б ніколі не даў веры, што і Лявон будзе з усімі разам гуляць у лёпушкі. А неяк гэтак сталася, што стаў гуляць. Спачатку шлёпаў яго найчасцей Лаўрынька, бо чужыя саромеліся. А з дзяўчат найсмялей першая шлёпнула Лёкса... Шлёпала яна шчыра, з смакам, і, нарэшце, ён мусіў класці руку троху ніжэй, каб не балелі пасля храсткі. Не дзіва, што яе руку ён мог пазнаць адразу, і мусіла часта класціся і яна. Шлёпаць Лёксу было шмат ахвотнікаў, і як перасталі саромецца Лявона - шлёпалі яе па дзве і па тры асобы наперабой і толькі: лёп-лёп-лёп! Лявон лічыў, што гэта нарушае правілы гульні, але дараваў і часам шлёпаў наперабой і сам, толькі што не гэтак дужа, як другія, бо шкадаваў яе храсткоў - храсткоў яшчэ худых, бо маладых, дзявочых.

 

Пасля лёпушак гулялі ў далікатнейшую гульню, у споведзь, што наўчыўся нехта ад настаўніц ці то з гораду яе прывёз хто. І ізноў жа неяк выйшла, што Лявон быў зроблены папом, а Лёкса была ў яго спаведніцай.

 

- Ну чым жа ты, сястрыца, грэшная? - з наўмыснаю жартліваю паважнасцю, але з трошку тыхаючым сэрцам спытаўся ён, апынуўшыся з дзяўчынаю вочы ў вочы пад адной вялізнай хусткаю на галаве, замест папоўскае эпітрахілі.

 

- А во чым!! - куснула яго раптам Лёксачка за вуха і з вясёлым смехам скочыла з-пад хусткі.

 

І хоць Лявон быў збіты гэтым з панталыку ў сваёй саромлівай надзеі пацалаваць яе пад хусткаю, але і гэта балазе!

 

Гулялі ў Задумавых тым вечарам і доўга і ўва ўсе ўсякія гульні. Між іншым, «сеялі хмеля»: хадзілі гужам, узяўшыся адзін за аднаго, па хаце, «хмелем» быў Лявон, і ён стукаў чапялою па зямлі, як павадыр кійком, і ўсе пяялі:

 

 

 

Расці, хмелю, глыбока,

 

Расці, хмелю, глыбока,

 

Караніста, высока,

 

Караніста, высока!

 

 

 

А Лёкса дужа шчыпала «хмеля»...

 

Пасля ж, калі хадзілі карагодам і пяялі: «Падушачкі, падушачкі ды ўсё пухавыя: каму хачу, каму хачу - таму падарую, каго люблю, каго люблю - таго пацалую», - усе чуць не гвалтам - прызмушчалі чырвоную, з бліскучымі вачыма, Лёксу пацалаваць Лявона, але ён, на жаль, хацеў гэтага так нясмела, так нясмела, што і яна рабілася нясмелаю - і не важылася пацалаваць яго.

 

 

VI

 

 

 

Вучыся, нябожа, вучэнне паможа

 

Змагацца з нядоляй, з няволяй...

 

Янка Купала

 

 

 

О, вы шчаслівыя і нешчаслівыя дзянькі ў людскім жыцці! Няма рады ўсцярэгчыся ад вас, бо схаваным ёсць ад людскога ведання, на які час вы прыпадаеце, калі вы прыходзіце і калі адыходзіце. А, мусіць, прыйдзе залатая пара, што перастане людское племя верыць у вас, і тады ўжо згіне ярмо, якое ўскладаеце вы дагэтуль на тое племя.

 

На жаль, Лявон жыў у малакультурную эпоху, калі, не хочучы, многія людзі мелі веру ў шчаслівы і нешчаслівы дзень.

 

І вось прыйшоў падобны дзень, хаця Лявон спачатку думаў, што ён будзе яму шчаслівы, і ў яго працягу ён не лічыў належна бяду бядою...

 

Аднак не варта забягаць наперад, бо што такое шчасце і што такое няшчасце пазнаецца заўсёды ў канцы ўсякае справы.

 

... Ах, ну ці ж гэта не нуда сядзець на лекцыях першы дзень пасля каляднага канікулярнага гуляння, толькі ўчора прыехаўшы з свайго родненькага Цёмналесся і ўлюбіўшыся там у дарагую, слаўненькую Лёксу?

 

Лекцыі - такія ж доўгія, цягнуцца яны, цягнуцца... званка чакаеш не дачакаешся.

 

На першай лекцыі - лекцыі жывёлагадоўлі - выкладчык Пашкін, кароценькі, але вагою на пяць пудоў, і з вялікаю, буйнаю галавою, ён жа старшыня і кіраўнік тутэйшага гуртка эсперынтыстаў, родам вельмі окаючы расеец-кастрамец, сорак пяць з зацяжкаю хвілін пералічаў усе адзнакі, па якіх найлепей пазнаваць малочную «ко-ро-ву». І ў беднай галаве, - нягледзячы на Лёксачкін абраз, які засеў там на ўсе вякі і на ўсе часы, - усё ж ткі мусілі застацца з лекцыі тыя галоўныя адзнакі: «вялікае малошнае люстэрка», «глыбокія малошныя равочкі на баку» (дзе якраз праходзіць нейкая жыла) і «гэткія ж равочкі на хрыбціне» (Бог святы спомніць, паміж каторых там пазвонкаў). І яшчэ застаўся, як з кожнае пашкінскае лекцыі, кастрамецкі спосаб вымаўлення - о, о, о: корова, солома, молоко...

 

Другая лекцыя расейская літаратура. Выкладчык Дуб-Дубовіч, па прозвішчы-то, мусіць, беларус папоўскага або шляхецкага карэння, а з пераконанняў заядлы вялікарасейскі патрыёт і афіцыяльны сябар тутэйшай арганізацыі «канстытуцыённа-дэмакратаў», сорак пяць хвілін - праўда, без зацяжкі - расхваліваў як мог дзяржавінскую оду «Бог». І ў беднай галаве, - нягледзячы на Лёксачкіны песні, якія заселі там пасля гуляння на Вадохрышчы, мусіць, на ўсе вякі і на ўсе часы, - усё ж ткі засталося: «Ода «Бог», напісаная геніяльнаю рукою расейскага паэта слаўнае кацярынінскае эпохі, Гаўрылы Раманавіча Дзяржавіна, перакладзена на ўсе культурныя мовы Эўропы і нават на мову прабуджаных да культурнага жыцця сыноў Усходзячага Сонца - мову японскую! »

 

О, вы - шчаслівыя і нешчаслівыя дзянькі ў людскім жыцці... - можна было б на гэтым месцы ізноў завесці цэлую рацэю. Ды ці не лепей адкінуць «старыя словесы» і не «па замышленію Баяню», а зусім проста сказаць: трэба ж было пад гэты час трыумфавання оды «Бог», трэба ж было Задуме неасцярожна заварушыць пад партаю апошнім нумарам «Нашае нівы» так, што заўважыў Дуб-Дубовіч. Заўважыў названейка газеты і, замест усякай іншай кары, сказаў гэтак:

 

- З пэўнага поваду я прымушаны дадаць, што на мовах некультурных ці такіх, прыкладам, як... (ён тут асабліва націснуў)... як беларуская падгутарка паўдзённа-велікарускай гутаркі ў мове адзінага вялікага расейскага народу, выказаць магутнасць, веліч хараства, патужнасць гэтае слаўнае оды слаўнага паэта - немагчыма!

 

Пачырванеў Задума, як макаў цвет.

 

Трэцяя лекцыя - глебазнаўства. Выкладчык на імя Глеб Глебавіч Рамашкін, а па камплекцыі вялікі, светлаўласы і з белымі, як без вачэй зусім, расніцамі дзяцюк, родам з матушкі-Масквы, надаваў чамусьці надзвычай важнае значэнне слову «глеба». І, пераходзячы якраз да гэтага раздзелу, ён сёння хвілін сорак паўтараў, расхінуўшы свой вялізарны сіні камзол з арламі на жоўтых гузіках і ўзяўшыся за камізэльку абедзвюма рукамі каля пахаў, ходзячы і прыгінаючыся, як артыст, паўтараў сіпатым тэнаровым басам так:

 

- Поччва... поччва... поччва... это есть верррхній, более ілі менее рррыхлы... да-а, более ілі менее рррыхлый слой землі, покрррыты дерефьямі, кустарррнікамі, полллукустарнікамі, тррравамі.

 

І тут шыбка-шыбка пералічаў, якімі травамі і чым яшчэ - травамі: однолетнімі, двулетнімі і многолетнімі... грррібамі! лішаямі! мхамі!.. пофторіте, кгаспадін Задума!

 

О, бедны ты наш Задумачка! Загіпнатызаваны артыстычным рррыканнем і артыстычнымі рррухамі кгаспадзіна выкладчыка Рррамашкіна, ён мог паўтарыць толькі гэтак:

 

- Почва... гэта ёсць... больш ілі менш верхніх...

 

- Тпрфу-у-у! - рагочуць хлопцы.

 

-... Пажалста, без шуму! Продолжайте, кгаспадін Задума! Да-а, ррразумеецца, верррхній...

 

- Больш ілі менш рыхлы слой, пакрыты адналетнімі, двулетнімі і многалетнімі дзярэўямі...

 

Хлопцы ізноў фыркаюць. Усміхаецца і Рамашкін. Дужа міла ашчэрыўшыся, а потым артыстычна сціснуўшы ў канцах разрэзу рот, ён ціханька жартуе:

 

- Да-а і фамілію вам Кгасподь дал... задумываться... да-а!

 

Аднак, дзеля свае добрае натуры, ён не робіць больш ніякае ўвагі, а пачынае сам казаць яшчэ разок, што ёсць такое глеба. Ды зараз трашчыць званок, і рэшту лекцыі Глеб Глебавіч просіць («Прррашу... да-а!.. ») выўчыцца па яго запісках, друкованых на шапірографе і паступіўшых у продажы ў кніжнай краме мадам Хейфец.

 

Чацвертая лекцыя - хімія, колькасны аналіз - была самая нешчаслівая. Граза - выкладчык прыйшоў, выпіўшы таго, што ў арганічнай хіміі вядома пад назовам «цэ два аш пяць о аш» (C2H5OH). А выкладаў і ён таксама па запісках, - не дзеля асабістае славы, не! - а таму, што хоць і прызнаваў патрэбу падручнікаў у сучаснай школе, але ўсе, існаваўшыя ў расейскай мове, раз і назаўсёды зганіў, шануючы толькі нямецкі. Быў ён родам з Пазнані, зваўся Ян Янавіч фон Заёнц, палітыкай цікавіўся мала, але так ненавідзеў палякаў, што запісаўся ў «Саюз рускаво народа» і быў там самым акуратным платнікам сяброўскіх складак. Прадыктаваўшы без краю-крайняга даўгую формулу, ён сонным злюшчым і па-нямецку пэўным ува ўсім чыста голасам узяўся растлумачыць, што мела значыць формула ў вялікіх тайнасцях навукі хіміі...

 

А Лявон, узгадаваны на ціхіх дробнаўласных сялянскіх ідэалах, тым часам так салодзенька задумаўся! Ён летуцеў: вось каб адкупіць у пані балота «Мох», што побач з цёмналескім полем, правесці там канаўкі, залажыць дрэнаж, асушыць, паскарадзіць, пасеяць розную траву... Вось ён будуе сабе чысценькую хатку - і будзе жыць там з Лёксаю. Увечары, калі заходзіць сонейка, яны будуць адпачываць ад працы, вячэраць пад зялёнаю бярозаю на цёплым вольненькім паветры.

 

- Пофторіте, Задума, как, следофательно, получается эфта кіслая фосфорно-кіслая соль?

 

Збялеў Лявон як тая беленькая крэйдачка ў вечна дрыжачай п'яніцкай руцэ фон Заёнца, узняўся, стаў, стаіць...

 

- Не слушаете? - сказаў фон Заёнц. - Коемфуждо по делом ефо... - дадаў ён славянскі тэкст у ісціна расейскіх вуснах абнямечанага паляка, што азначала: «кожнаму па яго заслугах», і цвёрда, толькі трошку дрыгнуўшы рукою, вывеў нешчасліваму Задуме страшную, асабліва для скарбова-коштных вучняў, двойку.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.