Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Генадзь Сагановіч 12 страница



 

Праз тыдзень маскоўскі ваявода Рамаданоўскі злучыў свае сілы з украінскімі казакамі гетмана Брухавецкага і пайшоў да Дзясны, проста на войска караля. Тады харугвы Вялікага Княства засталіся з палякамі, каб тут, за Дзясной, даць непрыяцелю вялікую бітву. Яны стаялі ў баявым парадку на полі, недалёка ад ракі, і чакалі Рамаданоўскага ды Брухавецкага з другога берага, пакрытага лесам. Але тыя, падышоўшы, спыніліся ў лесе і не выходзілі на сечу [23, s. 200-202]. Чакалі лепшага моманту, каб наляцець на расцягнутую армію, калі яна пойдзе далей. Прастаяўшы так некалькі дзён, Ян Казімір павёў сваіх на Ноўгарад-Северскі, а затым да Старадуба. Па дарозе дывізіі разышліся: каронная пайшла да сваіх межаў, а войска Паца, з якім застаўся манарх, - далей, на Старадуб. Якраз тады пачулі, што корпус Палубінскага і Бідзінскага пасля глыбокага рэйду па маскоўскай тэрыторыі, разграміўшы пад'езд Чаркаскага, вяртаецца назад.

 

У сярэдзіне сакавіка Ян Казімір з часткай войска Вялікага Княства Літоўскага пайшоў на Магілеў, а астатнія харугвы спыніліся адпачываць па вёсках каля Старадуба. Амаль адразу да іх стала набліжацца 30-тысячная царская армія Чаркаскага [23, s. 207]. Пра бітву не магло ісці і гаворкі: мала таго, што ўсё вызначыла колькасная дыспрапорцыя сілаў, дык Пацавы харугвы, стомленыя доўгай зімовай кампаніяй, яшчэ галадалі, былі здэмаралізаваныя. Таму ад Старадуба яны хутчэй рушылі да пушчы і ракі Іпуць. Царскія ж палкі - наўздагон. У лясах непрыяцель натыкнуўся на пяхотны полк Хрысціяна Людвіка Калкстайна і, хоць той добра бараніўся, разбіў яго ды пагнаўся за артылерыяй. Тры дні адыходзіла войска палявога гетмана Паца праз пушчу, пераадольвала мноства рэк, пакуль нарэшце 21 сакавіка не выйшла да Крычава, страціўшы артылерыю, абоз, мноства коняў. Загінуў увесь полк Калкстайна. Змучаных жаўнераў цяпер цяжка было назваць арміяй. Балазе маскоўскія ваяводы не адважыліся наступаць далей.

 

З канца сакавіка Пацавы харугвы размясціліся адпачываць паміж Бярэзінай і Дняпром. Сам палявы гетман спыніўся ў Шклове. Раскватараванае войска мусіла трымаць пад аховай стратэгічныя дарогі на захад. Абмяркоўваючы ваеннае становішча на пасяджэнні ў Менску на пачатку траўня, сенатары пастанавілі выдаць універсал аб зборы паспалітага рушання.

 

На поўначы Беларусі ўжо ў канцы красавіка 1664 г. актывізаваўся ваявода Хаванскі, у корпусе якога тады налічвалася амаль 4 тысячы ратнікаў [5, т. 3, с. 562]. Прымушаны адступіць да Віцебска, у траўні ён выйшаў адтуль ужо з 5-тысячным войскам. З усходу ад Рослава на злучэнне з ім выпраўлялася армія ваяводаў Чаркаскага і Празароўскага. Нельга было дапускаць іх аб'яднання. У той небяспечнай сітуацыі Міхал Пац паспеў сабраць пад Смалянамі 3 тысячы жаўнераў і рушыў на Хаванскага. Той ужо павярнуў і пачаў ізноў адступаць да Віцебска, калі харугвы палявога гетмана дагналі непрыяцеля і 16 чэрвеня дазвання разграмілі яго. Сам Хаванскі ледзь не трапіў у палон. Выратавала ваяводу тое, што ён схаваўся пад мостам. Калі ж давялося пісаць справаздачу цару пра апошні бой, Хаванскі, як падае Магілеўская хроніка, загадаў паддзячаму: «Пиши, ровны был бой з паном Поцом... » [19, с. 243]. Так і выходзіла па ваяводскіх адпісках, што царскае войска зусім не ведала паразаў.

 

А гетман Міхал Пац пасля бітвы аблажыў Віцебск. Праўда, авалодаць горадам не здолеў. Затое ў тым жа годзе была нарэшце вызвалена другая важная фартэцыя - Стары Быхаў. Пры гэтым мяшчане выгналі з горада маскоўскую залогу без дапамогі войска, сваёй уласнан сілай [80, t. 2, s. 3].

 

У такой сітуацыі знясіленыя дзяржавы згадзіліся на новыя перамовы аб замірэнні. Пачаць іх задумалі ў чэрвені 1664 г. у Дуравічах, на Смаленшчыне.

 

 

АНДРУСАВА

 

 

 

Ці замірэнне на 12 гадоў на нашых умовах, ці вайна.

 

З патрабаванняў камісараў Рэчы Паспалітай

 

 

 

Ініцыятарам новай сустрэчы ўпаўнаважаных выступіла зноў Масква. Царскі пасол яшчэ на пачатку 1664 г. вазіў Яну Казіміру грамату ад Аляксея Міхайлавіча, у якой прапаноўвалася пачаць чарговыя перамовы. Пасля візіту камісара Самуіла Венслаўскага ў Маскву абодва бакі пагадзіліся пачаць сустрэчы ўвесну на Смаленшчыне.

 

Маскоўскія паслы, прыехаўшы ў траўні ў Смаленск, ужо мелі падрабязную царскую інструкцыю таго, што патрэбна выспрачаць у камісараў Рэчы Паспалітай. Аляксей Міхайлавіч загадваў ім настойваць на правядзенні мяжы па Дняпры, апрача таго - «за Полоцк стоять крепко», нават грошы вялікія за яго прапаноўваць, як, зрэшты, і за Дынабург. Калі ж такія ўмовы не пройдуць, паслы мусілі настойваць на далучэнні да Маскоўскай дзяржавы Смаленска з 14 гарадамі і патрабаваць, каб урад Рэчы Паспалітай не перарабляў цэрквы на касцёлы на захад ад Дняпра, каб даў волю казакам ды прызнаў права маскоўскага манарха тытулавацца царом «Малой і Белай Расіі», бо, маўляў, гарады гэтых краін здаўна належалі Маскоўшчыне (?! ).

 

Аднак распачатыя ў Дуравічах перамовы з першых дзён ішлі зусім не па плане маскоўскіх паслоў. Спачатку час бавіўся ўзаемнымі папрокамі ды бурнымі спрэчкамі, а потым усё ўперлася ў цвёрдую пазіцыю камісараў - праводзіць дзяржаўную мяжу толькі па ўмовах Палянаўскага замірэння 1634 г.! У дадатак на Віцебшчыне тым часам быў разгромлены Хаванскі, войска Вялікага Княства Літоўскага завалодала ягоным абозам, што таксама адбілася на настроях дыпламатаў у Дуравічах. Праўда, тады ж ваявода Сумарокаў з ратнікамі наляцеў з-пад Люцына на Друю, беспакарана выпаліў яе і пасек жыхароў.

 

Каб прымусіць камісараў адступіць, схіліць іх да кампрамісаў, пісалі цару з Дуравічаў князі Юры Далгарукі ды Апанас Ардзін-Нашчокін, трэба правесці паспяховую ваенную акцыю і добра пабіць «Літву». Адзін раіў паслаць армію ваяводы Чаркаскага да Дняпра, ваяваць паміж Магілевам і Быхавам, другі - заатакаваць Падзвінне. І ў канцы чэрвеня 1664 г. Аляксей Міхайлавіч загадаў Чаркаскаму рушыць з палкамі на Воршу - «литовских людей приводить к миру». Яму трэба было падысці з войскам да месца перамоваў на 30 вёрстаў і пасылаць да сваіх паслоў «суровых и ростам дородных» ратнікаў, якія б гучна пыталіся пра пазіцыі ўпаўнаважаных ад Рэчы Паспалітай. Аднак камісіі ні на крок не наблізіліся да пагаднення і пасля сёмай па ліку сустрэчы. Масква ўжо саступіла Рэчы Паспалітай і Полацак і Дынабург, і Задняпроўскія землі, а камісары цвёрда стаялі на сваім, патрабуючы вызвалення ўсёй акупаванай тэрыторыі ды яшчэ і 10 мільёнаў злотых у якасці кампенсацыі за разбурэнні. «Вы пабралі нашы гарады пад час нашай бездапаможнасці, калі ў нас было шмат ворагаў; і хоць пан Бог пакараў нас за грахі - ад усіх непрыяцеляў вызваліў, і засталіся ў нас непрыяцелем адны вы, - гаварылі яны маскоўскім паслам. - Мы і з вамі хочам міру, толькі вярніце нам усё, а не вернеце - мы будзем вяртаць сваё шабляю» [64, т. 11, с. 163].

 

У ліпені камісіі зрабілі трохтыднёвы перапынак. Цар адклікаў за нерашучасць Чаркаскага ды паставіў кіраваць войскам князя Далгарукага, які, дарэчы, таксама не адважыўся заходзіць далей на захад і трымаў свае палкі каля Шклова. Ардзіна-Нашчокіна манарх чарговы раз праінструктаваў, загадаўшы яму «комисаров подкупать всячески». Але перамовы, узноўленыя ў жніўні, сталі яшчэ карацейшыя. За Смаленск, Полацак, Дынабург, Севершчыну ды іншыя землі маскоўскія паслы прапанавалі суму тры мільёны, а ў дадатак асабіста камісарам - футраў на тры тысячы рублёў. Ды ўсё марна: тыя засталіся на сваіх пазіцыях і, адмовіўшыся ад усяго, ад'ехалі. Наступная сустрэча была прызначана ажно на лета 1665 г.

 

Тым часам вялізная армія ваяводы Далгарукага ўжо стаяла ў Беларускім Падняпроўі. Шклоў і Копысь яна захапіць не змагла, затое трымалася за Дуброўню. Ратнікаў найбольш займала праблема пракорму. Яны зноў шнырылі па спустошанай зямлі, выбіралі ўсё дарэшты, палілі недапаленыя хаты, хапалі ў палон людзей ды гналі іх у Маскоўшчыну. Абоз Далгарукага хутка быў перапоўнены нявольнымі жанчынамі і дзяўчатамі, і цар даў тры дні на тое, каб усіх іх вывезці або прадаць [64, т. 11, с. 165].

 

Значных ваенных падзеяў у другой палове 1664 г., бадай, і не было, калі ня браць пад увагу лакальных сутычак. Часова трапілі пад аблогу Полацак і Дынабург. А летам пры абмене палоннымі паміж харугвамі палкоўніка Чарняўскага і маскоўскім войскам Рамаданоўскага царскія ваяводы зноў падманулі суперніка: прывялі толькі трох палонных, тады як Чарняўскі адпусціў нават звыш абмену чалавек дваццаць [5, т. 3, с. 569]. У лістападзе ж дывізіі разышліся па зімовых кватэрах.

 

Новы 1665 г. надышоў пры поўным зацішшы і бяздзейнасці рэгулярнага войска. Аднак асобныя аддзелы, партызанскія ці паўпартызанскія фармаванні ваявалі і ўзімку. Так, полк Чарняўскага ў студзені - лютым паспяхова хадзіў ажно пад Пскоў ды Порхаў. Пачуўшы пра гэты рэйд, трывожылася і разбягалася насельніцтва нават у далёкім Старарускім уездзе.

 

Пад канец лета на поўначы Беларусі актывізаваўся Хаванскі. З 10-12-тысячнай арміяй ён ішоў з Полаччыны на захад, разбіваючы па дарозе дробныя аддзелы войска Вялікага Княства Літоўскага, і меў задачай дапамагчы абложанаму Дынабургу харчам ды іншымі запасамі. Пакуль збіраліся пацавы харугвы, мінула шмат часу, і, калі яны ў верасні з'явіліся пад Дынабургам, Хаванскі паспеў адысці далёка за Дзвіну. «Яму ўжо не ў навіну ад нас уцякаць», - пакпіў наконт гэтага Пачабут-Адляніцкі [23, s. 216]. Наперад была выслана конніца Пятра Рудаміны. Ужо на чужой тэрыторыі, пад Апочкай, яна дагнала Хаванскага, але хіба магла нешта зрабіць без пяхоты і артылерыі? Галоўныя ж сілы толькі выпраўляліся ў пагоню. 1 кастрычніка, калі ўжо стала зразумела, што дагнаць Хаванскага нельга, Пац павярнуў войска назад. А ў снежні харугвы зноў былі распушчаныя на зімоўку.

 

Блізіўся час новых перамоваў, прызначаных на пачатак 1666 г. Акольнічы Ардзін-Нашчокін з лютага ўжо знаходзіўся ў Смаленску. Масква спадзявалася, што на гэты раз упаўнаважаныя Рэчы Паспалітай саступяць царскім паслам. Аптымізм быў небеспадстаўны: у Кароне Польскай дайшло да вялікай унутранай вайны. Маршалак надворны і палявы гетман Ежы Любамірскі з вялікапольскай шляхтай ваяваў супраць караля. На барацьбу з ім мусіла ісці 5 тысячаў жаўнераў Вялікага Княства Літоўскага, так што ў Паца засталося ўсяго нейкія 4 тысячы. Летам каля пераправы праз Монтвы адбылася трагічная для каралеўскіх сілаў бітва. Мяцежнікі дазвання разграмілі іх, паклаўшы на месцы сечы больш за тры тысячы суайчыннікаў. Добра, што ў гэтай сутычцы ня бралі ўдзелу харугвы Вялікага Княства. Толькі 31 ліпеня, падпісаўшы Ленганіцкі трактат, кароль і Любамірскі памірыліся.

 

Драматычныя падзеі ў Польшчы абвастрылі палітычную сітуацыю і на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Узмацнілася барацьба за гегемонію паміж Пацамі, з аднаго боку, ды Сапегамі з іхнімі прыхільнікамі Радзівіламі, Глябовічамі, Нарушэвічамі, Палубінскімі, Агінскімі, з другога. Сам Павел Сапега даўно быў у апазіцыі да караля і вялікага князя ды падтрымліваў Любамірскага. 31 снежня 1665 г. у Ружанах ён памёр. Сілы антыпацаўскай кааліцыі адразу ж аслаблі. Асноўную барацьбу з дыктатарствам Пацаў цяпер вялі толькі Радзівілы. Абодва бакі імкнуліся праводзіць на соймікі паболей сваіх дэпутатаў і ў змаганні за ўладу кіраваліся, вядомая рэч, задачамі не агульнадзяржаўнай палітыкі, а сваёй, уласнай. Пацы спяшаліся ўмацоўваць свой кантроль над войскам, ставілі харугвы ў маёнтках Радзівілаў, займалі замкі на Дзвіне і Дняпры ды інспіравалі народнае апалчэнне на Жамойці, а Радзівілы ў адказ нападалі на ўладанні Пацаў, зрывалі соймы, чынілі іншыя перашкоды дыктатарам [75, с. 913-914].

 

Выкарыстоўваючы адыход большай часткі войска ў Польшчу, Радзівілы паспрабавалі ператварыць прымеркаваныя да чэрвеня паседжанні Галоўнага Трыбунала ў сойм Вялікага Княства Літоўскага, каб на ім абвінаваціць Пацаў перад шляхтай у адказнасці за тое, што адбывалася ў краіне, ды павесці супраць іх шырокую кааліцыю. Князь Міхал Радзівіл з уласнай гвардыяй на тысячу жаўнераў урачыста ўехаў у сталіцу і фармальна заняў пасаду віленскага ваяводы. Але да рашучай барацьбы ў Вільні не дайшло, і троцкі ваявода Мікалай Пац, брат канцлера, які вёў пасяджэнні Трыбунала, у жніўні паспяхова завяршыў працу. Пацы па-ранейшаму ўтрымлівалі палітычную гегемонію на абшарах усёй дзяржавы ў сваіх руках.

 

У такой складанай сітуацыі камісары Рэчы Паспалітай, пачынаючы з красавіка, вялі з царскімі пасламі чарговыя перамовы аб заканчэнні вайны. Сустрэчы адбываліся ў вёсцы Андрусава, паміж Амсціславам і Смаленскам. Праз які месяц удалося падпісаць важнае пагадненне - спыніць ваенныя дзеянні па ўсёй мяжы, ад Дынабурга да Запарожжа. Але далей справа не прасоўвалася. Камісары згаджаліся саступіць толькі Смаленшчыну, Севершчыну, Дынабург - не больш. У чэрвені маскоўскай камісіі стала зразумела, што на «вечны мір» не варта і спадзявацца, што дамагацца трэба часовага замірэння.

 

Каб змяніць ход перамоваў на сваю карысць, царскі ўрад намерыўся ўжыць сілавы ціск. Зонаю ваенных дзеянняў ізноў стала Беларускае Падняпроўе, куды прывялі вялікую армію ваяводы Якаў Чаркаскі, Іван Варатынскі ды Іван Празароўскі. Падступіўшы пад Шклоў і Копысь, яны спрабавалі аблажыць і здабыць гэтыя дняпроўскія гарады, але па другі бок Дняпра насупраць іх стаяла войска палявога гетмана Міхала Паца. Калі 15 чэрвеня ўначы Чаркаскі таемна пераправіўся праз раку і заатакаваў харугвы Паца, той не мог стрымаць перасяжных сілаў ворага ды адступіў да Магілева. Царскія ваяводы ішлі па пятах. У Магілеве пацаўскае войска заняло пазіцыі за гарадскім валам. Цэлы дзень паміж ім ды маскоўскімі ратнікамі доўжылася артылерыйская перастрэлка, у якой сама чынны ўдзел бралі магілеўскія гарматнікі. Менавіта магілеўцы назаўтра патрапілі з гарматы ў намёт галоўнага маскоўскага ваяводы Чаркаскага і забілі яго [7, т. 2, с. ХХІ]. Гэтым і скончылася няроўнае супрацьборства. Уначы маскоўскія палкі зняліся з пазіцыяў ды пайшлі на сваю тэрыторыю.

 

У тое ж лета на паўднёва-ўсходнія землі Беларусі раптам наляцелі казакі. Шырока распусціўшы свае загоны, яны бязлітасна пустошылі край, хапалі ў палон людзей, забіралі ўсю маёмасць. Ад іх пацярпелі Рэчыца, Пінск, Случчына ды іншыя раёны. Старадубскі ваявода Іван Валконскі планаваў захапіць Гомель і Прапойск [39, с. 90]. Усё гэта ўскладніла і без таго напятыя перамовы ў Андрусаве.

 

Цар праінструктаваў начальніка Пасольскага прыказа Апанаса Ардзіна-Нашчокіна, каб той саступаў Віцебск і Полацак, але цвёрда трымаўся за Дынабург і Малыя Інфлянты, абяцаючы за іх 10 тысячаў рублёў, ізноў раіў «подкупать, сулить тайно» ўпартым камісарам па 20 тысяч рублёў [64, т. 11, с. 169]. Між тым у Андрусаве галоўныя дыскусіі вяліся ўжо вакол Украіны, якую так не хацелі аддаваць упаўнаважаныя Кароны. У стане маскоўскай дыпламатыі на перамовах даўно не было адзінства. Набліжаныя да цара баяры Юры Далгарукі, Мікіта Адоеўскі, Андрэй Мацвееў ды іншыя па-ранейшаму лічылі галоўнай палітычнай задачай царскага ўрада інкарпарацыю Смаленшчыны, украінскіх ды беларускіх земляў; яны хацелі працягваць вайну супраць Рэчы Паспалітай да пераможнага канца. А вось акольнічы Ардзін-Нашчокін бачыў галоўным ворагам Маскоўскай дзяржавы Швецыю, для вайны з якой і трэба было шукаць пагадненняў з Рэччу Паспалітай. Дзеля гэтага ён прапанаваў нават аддаць палякам Украіну, пакінуўшы сабе толькі Смаленск і Севершчыну. Праўда, у Маскве такі план адразу адхілілі. Сама большае, на што дазваляў пайсці цар, - гэта ў крайнім выпадку саступіць за 20-гадовае замірэнне Кіеў.

 

З восені 1666 г., калі ў Андрусаве пачаўся другі этап сустрэчаў, на Ўкраіне стала пагрозліва абвастрацца палітычная сітуацыя. Украінскі гетман Пятро Дарашэнка прызнаў васальную залежнасць ад турэцкага султана і разам з крымскім ханам Адзіль-Гірэем узняў вайну супраць Кароны на Праваўзбярэжнай Украіне. Каля Меджыбожа казакі з татарамі цалкам знішчылі двухтысячнае войска польскіх палкоўнікаў Красоўскага і Махоўскага ды рушылі ажно да Альбова і Любліна. Не сустрэўшы адпору, яны бязлітасна спустошылі край і разам з багатай здабычай вывелі адтуль 40 тысячаў палону. Варшава здрыганулася ад жаху! Ян Казімір паспешліва выдаў універсал на паспалітае рушанне. Але ці магло яно спыніць арду?

 

Польшчы цяпер сур'ёзна пагражала агрэсія асманскай Порты, залежнага ад яе Крымскага ханства ды казакаў чыгірынскага гетмана, якія рыхтаваліся ісці на ўласна польскія землі. Гэтая акалічнасць сталася новым вельмі важным фактарам, што ўплываў на пазіцыі абодвух бакоў у Андрусаве.

 

Як для Рэчы Паспалітай, так і для Маскоўскай дзяржавы цяпер сама небяспечным рабіўся мусульманскі поўдзень, бо стала ясна, што пасля разгрому Польшчы Турцыя пойдзе на Маскву. Трэба было спяшацца з антытурэцкім блокам. Камісары пагадзіліся нават Кіеў аддаць цару на два з паловай гады. У Вялікім Княстве пазіцыі прыхільнікаў замірэння з Масквой таксама ўмацаваліся. Асабліва імкнуўся да гэтага Крыштап Пац, які сцвярджаў: «Вясною турэцкай вайны не ўнікнем» [75, s. 914] ды настойваў на стварэнні антыпортаўскай кааліцыі. На яго думку, цару можна было саступіць і Дынабург, і Інфлянты, і Кіеў, абы толькі спыніць вайну. У Вялікім Княстве Літоўскім наагул галасы супраць замірэння з Масквой гучалі цішэй, чым у Кароне Польскаій, хоць для Княства гэта азначала страту былых тэрыторыяў. Але, з іншага боку, да чаго прывёў бы працяг вайны? Ці змагла б Рэч Паспалітая ўрэшце перамагчы магутнага непрыяцеля, паставіць інтэрвента на калені? Не выключана, але невядома, якім коштам. А для Беларусі працяг вайны ў кожным разе абярнуўся б новымі спусташальнымі наваламі, працягам акупацыі...

 

Антытурэцкія настроі, выкліканыя агульнай небяспекай, усё ж пераважылі. Яны зрабіліся грунтам збліжэння дзвюх вякамі варагаваўшых краінаў. Заставалася толькі супакоіць шляхецкую апазіцыю - тых шляхцічаў-выгнанцаў, якія мелі маёнткі на Смаленшчыне, Севершчыне ды іншых землях, ужо практычна саступленых Маскоўскай дзяржаве. Але гэта можна было зрабіць і пазней.

 

На 31-й сустрэчы ўпаўнаважаных 3 студзеня 1667 г. у Андрусаве нарэшце дайшло да паразумення і з'явіліся папярэднія артыкулы дамовы. Аднак перш чым іх канчаткова ўзгадніць, камісары і паслы яшчэ востра спрачаліся аб лёсе Себежа, Вяліжа, Невеля, дыскутавалі наконт палонных. І толькі 20 студзеня на 35-й сустрэчы, якая стала апошняй, упаўнаважаныя абодвух бакоў прысягаю ўрачыста пацвердзілі поўны тэкст дакумента.

 

Андрусаўская дамова абвяшчала замірэнне паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай на трынаццаць з паловай гадоў - да чэрвеня 1680 г., пасля чаго прадугледжвалася падпісанне «вечнага міру». Усё Смаленскае і Чарнігаўскае ваяводствы, Старадубскі павет і тэрыторыя Ўкраіны па левы бераг Дняпра адыходзілі да Маскоўскай дзяржавы. Кіеў яна ўсё ж саступала, але мела дазвол два гады яшчэ патрымаць там сваё войска (да 5 красавіка 1669 г. ). Запарожжа цяпер мусіла быць адначасова пад уладаю абодвух манархаў. Рэч Паспалітая вяртала сабе Віцебшчыну, Полаччыну, Дынабург, Люцын, Рэжыцу, Мальбарк, усе Інфлянты ды Ўкраіну па Дняпро, з Кіевам. Праўда, царскі ўрад насуперак умоваў Андрусаўскага пагаднення так і не вывеў з Кіева свайго войска ані праз два, ані праз пяць, ані праз дзесяць гадоў. Што да новай мяжы наагул, дык яна выразна адлюстравала кампрамісны характар самога замірэння: той, хто напаў, захапіў далёка не ўсё жаданае, аднак і той, хто абараняўся, не здолеў адбіць усяго свайго. Абедзве дзяржавы маглі суцяшаць кожная сябе тым, што гэта была ўсяго толькі часовая мяжа, і спадзявацца на рэванш. Зрэшты, урады былі заняты далёка не пытаннем «Хто перамог? » Куды важней сталі антытурэцкія захады. Некалькі артыкулаў дамовы якраз і тычыліся блоку Варшавы і Масквы супраць турэцкага султана ды крымскага хана.

 

Згодна з тэкстам Андрусаўскага пагаднення, «полон весь, что называется пашенными и рабочими около делания земли людям обоего пола», - гэта значыць асноўную масу вязняў, царскі ўрад пакідаў у сваёй дзяржаве на ўсе гады замірэння. Лёс мяшчанаў, захопленых у няволю пад час вайны, а таксама габраяў, ужо ахрышчаных там у праваслаўе, было вырашана разглядаць на будучых дыпламатычных сустрэчах, а пакуль і яны заставаліся на чужыне. Права вярнуцца на радзіму атрымлівала толькі параўнальна невялікая колькасць выведзеных у няволю людзей - духавенства, шляхта, жаўнеры ды лёзная чэлядзь, зямяне, украінскія казакі, татары ды яшчэ неперахрышчаныя габраі. Калі яны паспелі пажаніцца - маглі пераязджаць з жонкамі, дзецьмі і маёмасцю, але калі жанчыны гэтай катэгорыі палонных выйшлі замуж у Маскоўскай дзяржаве - там павінны былі і заставацца. Гэтаксама было развязанае пытанне звароту маскоўскіх ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў Рэчы Паспалітай: хоць тыя калісьці самі перайшлі на бок караля, служылі яму, пажаніліся, прынялі каталіцтва - усім дазвалялася выехаць у сваю дзяржаву [20, с. 187-188].

 

Стараннямі камісараў у тэкст пагаднення ўвайшло надзвычай важнае патрабаванне: аддаць усе культурныя каштоўнасці, па-варварску вывезеныя з акупаваных тэрыторыяў. Гэта «лісты, кнігі гродскія і земскія, трыбунальскія і магдэбургскія прывілеі, казённыя кнігі і бібліятэкі, кнігі касцёльныя і царкоўныя» [20, с. 213], а таксама ўпрыгожанні, розныя «рэчы касцёльныя і ўкрасы царкоўныя і званы». Усё гэта трэба было сабраць і адвезці ў памежныя гарады, дзе перадаць камісарам Рэчы Паспалітай. Аднак наколькі рэальным магло стаць вяртанне такіх каштоўнасцяў, калі яны расплыліся па ўсёй неабсяжнай краіне, нават па вёсках і глухіх астрогах, прыкладам, Енісейскага ўезда?

 

Між тым, не змог вярнуцца дадому і шмат хто з тых, каму гэта фармальна дазволілі. Мясцовыя ўлады часам папросту нічога не паведамлялі людзям «літоўскага палону» пра адпаведныя артыкулы Андрусаўскага пагаднення, часам тыя самі былі не ў стане выкарыстаць дазвол і пераадолець вялізарныя адлегласці, іншыя - ўжо паўміралі. Наагул на шляху да свабоды раптам з'яўлялася мноства перашкодаў. Прыкладам, з Ілімскага астрога, дзе служыла шмат палонных шляхцічаў, чаляднікаў і мяшчанаў з Вялікага Княства Літоўскага, у 1667 г. было адпушчана толькі 17 чалавек (сярод іх Сцяпан Багушэвіч, Казімір Абрамовіч, Пётра Астроўскі, Крыштап Прычэўскі, Янка Селахоўскі, Аляксандр Яткоўскі ды іншыя), праз год вызвалілі яшчэ 54 чалавекі «литовских людей» (палкоўніка Дзімітра Чарняўскага, шляхцічаў Міхася ды Янку Ждановічаў, Рыгора Махнача, Андрэя Паўлоўскага, Паўла Казлоўскага, Уладыслава Бароўскага, Паўла Лазоўскага ды іншых), астатнія засталіся*. У Табольску, дзе па «литовскому списку» праходзіла ад 10 да 16 адсоткаў служылых людзей усёй залогі, у 1663 г. іх было 106, а ў 1699 - 219 чалавек**. Цікава, што пасля Андрусава палонных маглі не толькі адпускаць, але і наадварот - выводзіць далей у сібірскія астрогі. Так, у адным з роспісаў, складзеных у лістападзе 1667 г., значылася, што партыя вязняў з 146 чалавек, сярод якіх блізу 130 - шляхцічы, драгуны, казакі і мяшчане з беларускіх ваяводстваў, падрыхтавана да высылкі ў Сібір [52, с. 80].

 

* Акты «холопьего приказа» часам паведамляюць, што палонныя беларусы дабраахвотна, «аднадушна» адмаўляліся вяртацца дадому. Ці можна ўявіць, каб вольны чалавек па сваёй ахвоце застаўся халопам маскоўскага баярына? Вырашала тут усё, думаю, далёка не вязнева воля, а гаспадарская.

 

** Сярод табольскіх нявольнікаў апрача шляхты розных паветаў былі і шклоўскія дамініканцы. Частку палонных цар пераслаў адтуль у Волагду, дзе тыя сядзелі «ў цёмнай, цеснай турме, церпячы ўсемагчымыя пакуты», ад чаго шмат хто паміраў.

 

Куды толькі ні засылалі служыць палонную беларускую шляхту! Такія спісы меліся ці не ў кожным сібірскім астрозе - Енісейскім, Краснаярскім, Нарымскім, Якуцкім, Томскім, Ілімскім, Мангазейскім ды ў іншых гарадках. Сядзелі яны і па турмах. Пасля заканчэння вайны цемнікаўская мардва, трымала ў сябе ў дварах шмат «литовского полону белорусцов всяких чинов людей крещеных» ды вазіла іх з горада ў горад, прадавала і біла, на што звярталася ўвага ваяводы.

 

Што да простых людзей, пакінутых у Маскоўскай дзяржаве, дык ім і ўліку не вялося. «Литва», «поляки», «иноземцы» ці «паны», як там называлі беларусаў [51, с. 72-73] (нават сялянаў! ), мэтанакіравана пераводзіліся ў халопства. Імі перадусім засялялі малалюдныя раёны, апусцелыя за гады мору, асабліва Замаскоўскі край. Паводле прыкладных падлікаў, там былі паселены дзесяткі тысячаў паланянікаў. Мноства іх апынулася ў Яраслаўскім, Суздальскім, Уладзімірскім, Валагодскім, Кастрамскім, Вярэйскім - ва ўсіх 19 уездах замаскоўскай акругі. Жыхары Невеля і Полацка ў канцы 1670-х гг. знаходзіліся ў Ржэўскім уездзе, недалёка ад іх - беларусы з Аршаншчыны і Віцебшчыны. Магілеўскіх нявольнікаў выслалі ў Сібір, іншых пасялілі ў Лукаянаўскім уездзе на Волзе ды ў Мензелінскім. Толькі адзін баярын Барыс Марозаў вывез у свае вотчыны Маскоўскага ды Звенігародскага ўездаў не адну тысячу беларускіх сялянаў «с женами и с детми и с братья и со внучаты». У 29 ягоных вёсках было пасаджана на зямлю 1150 асобаў мужчынскага полу з Беларусі, не лічачы халопаў. Марозаў парабіў прыведзеных паланянікаў халопамі сваіх халопаў [41, с. 185-186]. У такое падвойнае халопства беларусы трапілі таксама ў іншых баярскіх вотчынах.

 

Поўна было паспалітага беларускага люду і ў шматлікіх царскіх гарадах і манастырах - Ноўгарадзе, Вялікіх Луках, Тарапцы, Цверы, Усцюжне, Астрахані, але найперш у самой Маскве, дзе беларусы ў 1670-х гадах склалі больш за 10 адсоткаў усяго пасадскага насельніцтва. У паваеннае дзесяцігоддзе «паланянікі» складалі блізу 27 адсоткаў усіх халопаў у Водскай пяціне і 31 адсотак у Абанежскай. Толькі ў Мяшчанскай слабадзе сталіцы, адным з асяродкаў размяшчэння палонных, з 487 беларускіх сем'яў 86 паходзілі са Шклова, 72 - з Дуброўні, 35 - з Копысі, 21 - з Магілева, 19 - з Віцебска, 15 - з Полацка, 14 - з Амсціслава, 13 - з Барысава, па 11 - з Менска і Воршы, 8 - з Горак, 6 - з Талачына, па 4 - з Быхава і Слуцка ды па адной сям'і са шмат якіх іншых гарадоў [92, s. 84]. Гэта былі ў асноўным высокакваліфікаваныя рамеснікі: кавалі, сярэбранікі, краўцы, скурнікі, ганчары, пекары, зброннікі, шабельнікі, бондары ды гандляры. «Холопы литовского полону» кіравалі пазней шматлікімі жалезаробчымі заводамі (каля Малога Яраслаўца, Серпухава і інш. ).

 

Усіх выведзеных у палон ніхто ніколі не лічыў, як не падлічвалі і колькасць прададзеных на рынках. Каб неяк стрымаць буйны гандаль людзьмі, у траўні 1665 г. царскі ўрад забараніў прадаваць «литовския земли полоняников» мусульманам, кізільбашам, горскім чаркасам, але факты такога дзікунства былі вядомыя і ў пазнейшыя часы*.

 

* Парадаксальна: калі ў 1662 г., пад час абмену палоннымі, за акольнічага Шчарбатава ўпаўнаважаныя ад Вялікага Княства патрабавалі выкуп, маскоўскія паслы пратэставалі і ў лісце шклоўскаму каменданту цынічна апелявалі да хрысціянскае маралі: «Христианское ли то дело, чтоб христианину христианами как скотом торговать и прибыли по-бусурманску искать? »

 

Аднак у дакументах царскай канцылярыі за 1686 г. ізноў паведамлялася пра палонных, пакінутых у Маскоўскай дзяржаве на гады замірэння. Цяпер іх лёс вырашыўся канчаткова. «Многия сот тысячи» (нарэшце больш-менш дакладна сказана пра іх колькасць) захопленых яшчэ ў 1654-1667 гг. людзей «мужеска и женска полу, шляхты и мещан и пашенных крестьян» па ўмовах Вечнага міру назаўжды заставаліся на чужыне [20, с. 508]. Выходзіць, нават шляхта да таго часу не магла вярнуцца на радзіму, а пасля - і пагатоў. Тое ж было запісана ў дамове і пра рэчавыя каштоўнасці, якія ў Андрусаве цар абяцаў вярнуць: «и костельные всякие утвари и украшения и колокола... и пушки и всякие воинские орудия» мусілі назаўсёды застацца ў Маскоўскай дзяржаве.

 

Так што далёка не ўсё, дэкляраванае ў Андрусаўскай дамове, маскоўскі ўрад збіраўся выконваць. Замірэнне не абяцала быць трывалым. Але павінна ж, была некалі скончыцца гэтая жудасная вайна...

 

Ужо 18 лютага 1667 г. Ян Казімір выдаў універсал, якім абвяшчаў па ўсёй краіне, што падпісана замірэнне з Масквой. Ён патрабаваў, каб па дарогах не чапалі царскіх ратнікаў, якія мусілі да 10 сакавіка здаць гарады і памежныя замкі ды вярнуцца на тэрыторыю сваёй дзяржавы [3, т. 34, с. 439-440]. А ў канцы таго ж года, пасля таго як цар абавязаўся выплаціць шляхце-выгнанцам 200 тысячаў рублёў, Ян Казімір ратыфікаваў дамову. Масква святкавала.

 

У Рэчы Паспалітай ставіліся да замірэння на прынятых умовах па-рознаму. Частка магнатаў і шляхты ўхваляла яго, іншая - наадварот. Групоўка сенатараў з Янам Сабескім на чале выступіла катэгарычна супраць Андрусава і заклікала працягваць вайну. Аднак гэта было ўтопіяй. Пры надзвычай складаным нутраным становішчы Рэчы Паспалітай умовы Андрусаўскага замірэння выглядалі зусім прымальнымі.

 

Войска Вялікага Княства Літоўскага ў сувязі са сканчэннем вайны было скарочана да 7238 чалавек [23, с. 346]. Харугвы, якія засталіся, адышлі на поўдзень Беларусі сцерагчы краіну ад казакаў і магчымай турэцкай агрэсіі.

 

Трактат, падпісаны ў беларускай вёсцы Андрусаве, стаўся найважнейшай падзеяй гісторыі Цэнтральна-Усходняй Эўропы. Масква цалкам завалодала ініцыятывай дачыненняў з Рэччу Паспалітай - сваім былым галоўным ворагам.

 

Баланс сілаў у межах Усходняй Эўропы быў канчаткова парушаны на карысць Маскоўскай дзяржавы, якая па магутнасці выйшла, бадай, на першае месца. З гэтага часу пачыналася яе адкрытая экспансія на захад. А Рэч Паспалітая, наадварот, ужо ў Андрусаве падпісала сабе прысуд. «Вечны мір» у 1686 г. толькі фармальна замацуе яе бяссілле.

 

Праўдападобна, адразу па заканчэнні вайны былі зруйнаваны і два яшчэ ў 1634 г. насыпаныя пад Вязьмай капцы, што доўга пазначалі мяжу паміж Маскоўскай дзяржаван і Рэччу Паспалітай. Разам з імі ў нябыт сыходзіла цэлая гістарычная эпоха. Прыйшоў час хуткага заняпаду Рэчы Паспалітай, якая ўжо ніяк не магла вызваліцца з-пад ценю дзвюхгаловага арла.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.