Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Генадзь Сагановіч 11 страница



 

З прыходам падмацаваняў пад Кушлікі Жаромскі ды Чарнецкі з палкоўнікамі правялі вайсковую нараду і пастанавілі першую ж ноч граміць Хаванскага. Планавалася, што за дзве гадзіны да світання ўся конніца і пяхота правага крыла на чале з маршалкам Жаромскім заатакуе маскоўскі абоз з фронту, а Чарнецкі са сваёй пяхотай і конніцай левага крыла наляціць з тылу. Аднак уначы з 3 на 4 лістапада атаку давялося на якую гадзіну адкласці, бо пяхота Чарнецкага была яшчэ не гатовая да бою. Калі ўжо пачынала развіднець, высветлілася, што маскоўскае войска выходзіць са свайго абозу, каб адступіць да Полацка. Тады маршалак Жаромскі адразу ж загадаў атакаваць*. Конніца імкліва панеслася да апусцелага абозу непрыяцеля і праз густы туман не адразу прыкмеціла небяспеку, пакуль па ёй проста ва ўпор не адкрылі страляніны, прыладзіўшыся да рагацінаў, маскоўскія пяхотнікі. Каб адагнаць іх, спатрэбіўся агонь сваёй пяхоты. Магутным націскам харугвы канфедэратаў і Чарнецкага двойчы спынялі рух усёй групоўкі Хаванскага і прымушалі яе адбівацца, а на трэці раз абарона маскоўскага войска была канчаткова зламана. Паводле словаў удзельніка той сечы Яна Пачабута-Адляніцкага, «нашы без разбору накінуліся на іх, змяшалі і... разарвалі іх шэрагі ды, на шаблі ўзяўшы, гналі іх, сякучы і забіваючы, да самага Полацка» [23, s. 164]. Сам Хаванскі дабег да Полацка і стаў за Палатою «с небольшими людми». Адзін рэйтар прыімчаўся ў Невель, дзе распавёў царскаму ваяводу пра ўсё, што здарылася, а два чалавекі на пяты дзень з'явіліся ажно ў Вялікіх Луках, дзе таксама паведамілі, што над Кушлікамі царскіх «служилых людей иных посекли и поранили, и... казну, порох и свинец, и наряд взяли и обоз весь разорили» [5, т. 3, с. 455].

 

* Згодна з іншымі звесткамі, пра намер Хаванскага тэрмінова адвесці войска ў Полацак Жаромскаму паведамілі два царскія ратнікі, якія ўначы перабеглі ў лагер канфедэратаў [5, т. 3, с. 458].

 

Гэта быў поўны разгром арміі Хаванскага. У рукі пераможцаў трапіла больш за сотню баявых штандараў непрыяцеля, 5 татарскіх бунчукоў, мноства гарматаў і нават славуты абраз Багародзіцы, які быў пры ваяводу Нашчокіну. Сам Нашчокін, паранены, выйшаў праз лясы да Полацка праз чатыры дні пасля бітвы. Сын жа баярына і ваяводы Пётра Хаванскі патрапіў у палон. Сярод палонных было яшчэ 8 палкоўнікаў, больш дзесяці ротмістраў, многа іншых афіцэраў - агулам блізу 400 чалавек [29, s. 184; 77, s. 363].

 

Ужо на наступны дзень у абозе канфедэратаў пад Кушлікамі з'явіліся паслы крымскага хана і ўкраінскіх казакаў, якія прапаноўвалі разам ударыць па Маскве. Аднак войска Вялікага Княства Літоўскага адмовілася ад паходу. Праз два дні прыехалі каралеўскія камісары і агітавалі за тое самае, але зноў марна. Тым часам да войска вырушыў сам Ян Казімір, які ў дзень бітвы быў у Глыбокім ды там і даведаўся пра вялікапышную перамогу. Ужо 11 лістапада разам з канцлерам ён уязджаў у абоз пад Кушлікамі. Канфедэраты сустракалі манарха спяваннем гімна ды гарматным салютам. Пад ногі яму кінулі 130 здабытых у непрыяцеля штандараў, татарскія бунчукі, іншыя трафеі. Паказалі палонных, наладзілі вялікі баль [31, s. 227-228]. Падставаў для радасці хапала: пасля разгрому Хаванскага і Нашчокіна можна было смела распачынаць паход на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы.

 

Аднак ні пафас перамогі, ні каралеўскія заклікі не змянілі цвёрдай пазіцыі канфедэратаў, якія зноў адмовіліся ад паходу «на Маскву». З Янам Казімірам яны не дазволілі ісці ніводнаму свайму палкоўніку. І збянтэжаны манарх мусіў павярнуць на Глыбокае ды вяртацца ні з чым, прыхапіўшы з сабой сама важнага палоннага - сына ваяводы Хаванскага. А войска на наступны ж дзень згарнула абоз і пайшло пад Асвею, дзе размясцілася ротамі па вёсках для адпачынку. Зімой канфедэраты пакінулі Полаччыну і перайшлі на поўдзень Беларусі, у Кобрыньскую эканомію ды пад Слонім, дзе і пракарміцца было лягчэй, і да каронных канфедэратаў ды Варшавы блізка.

 

Вяртаючыся ў Польшчу, кароль затрымаўся ў Вільні, дзе ўжо завяршалася доўгая аблога замка. Невялікая царская залога ваяводы Данілы Мышэцкага зачынілася ў першакласнай віленскай фартэцыі і, адмаўляючыся ад капітуляцыі, проста зацягвала час. Пасля з'яўлення Яна Казіміра пад Вільняй сюды ж прывёў свой полк з Прусіі князь Багуслаў Радзівіл. Маскоўскім ратнікам, якія сядзелі за мурамі, былі прапанаваны выдатныя ўмовы здачы: кожны мог пайсці ў сваю дзяржаву, узяўшы з сабой грошы і маёмасць - хто сколькі панясе! Але Мышэцкі прасіў большага - дазволу прадаць увесь хлеб і соль, а пад вываз ягонай маёмасці падаць 300 фурманак! Вядома ж, ані канцлер Пац, ані падканцлер Нарушэвіч не пайшлі на гэта. Войска пачало рыхтавацца да штурму. Тады маскоўскія ратнікі, змовіўшыся, самі напалі на Мышэцкага і, звязаўшы ваяводу, капітулявалі. Над Мышэцкім быў наладжаны вайсковы суд. Пра жудасці, якія чыніў гэты маньяк пад час акупацыі Вільні, казалі сама неверагоднае. Калі адзін праваслаўны святар, пераканаўшыся, што ў абаронцаў няма ніякай магчымасці выстаяць, параіў ваяводу за лепшае здаць замак, той загадаў заладаваць папа ў марціру і са словамі «Ідзі цяпер да іх! » выбухнуў у бок непрыяцеля [32, s. 160]. Шмат бязвіннай крыві праліў Мышэцкі, не шкадуючы ні старога, ні малога. Людзей загадваў на кол насаджваць, цяжарных жанчын - кручком пад рэбры падвешваць. На віленскім жа рынку, дзе тыран чыніў свае злачынствы, па прыгаворы суда Мышэцкаму і адсеклі галаву [76, s. 133]. Катам быў нібыта ягоны ўласны кухар.

 

Маючы права вяртацца на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы, уся віленская залога, апрача 5 чалавек, дабраахвотна засталася служыць Рэчы Паспалітай.

 

Пасля перамогі пад Кушлікамі ды вызвалення Вільні з Беларусі прыйшла яшчэ адна радасная вестка - дабраахвотна здалася маскоўская залога ў Гомелі. Яшчэ раней захопнікі пакінулі Браслаў: на загад цара камендант горада Фёдараў забраў усе каштоўнасці і вывеў сваіх салдатаў ды рэйтараў у бяспечныя месцы, «а городы Бреславль и Кажно (Іказнь. - Г. С. ) сжег без остатку» [5, т. 3, с. 560]. Вызваленне гэтых гарадоў і сталася, бадай, апошняй значнай падзеяй тае зімы. Вялікае Княства і Карона мусілі неяк развязаць праблему сканфедэраванага войска, чакалі чарговага сойма, а знясіленая Маскоўская дзяржава ўжо не магла праводзіць новых кампаніяў.

 

Вайна амаль спынілася. Па-ранейшаму дзейнічалі толькі партызаны ды паасобныя вайсковыя аддзелы, засланыя глыбей на акупаваныя землі. Так, у Падняпроўі, напрыклад, стаяў полк Гальяша Сурына, які складаўся з трох ротаў шляхты і васьмі ротаў узброеных сялянаў. Гэткія ж сілы дзейнічалі на поўначы Беларусі, пад Барысавам і ў іншых раёнах. Праўда, барацьба, якую яны вялі супраць непрыяцеля, была перманентнай і мела толькі лакальнае значэнне. Яшчэ ў лістападзе 1661 г. нейкія мабільныя фармаванні з Беларусі хадзілі ваяваць пад Апочку, а на вясну іх рэйды сягалі Вялікіх Лукаў. На Віцебшчыне другі год усё кантралявалі невялікія вайсковыя аддзелы і партызаны з мясцовых сялянаў. Віцебскі ваявода Мікіта Бабарыкін скардзіўся цару, што яны «стоят безвыходно и хлебом всем завладели» [11, с. 138]. Вясной 1662 г. гэтымі ж сіламі пад Віцебскам быў разбіты значны маскоўскі пад'езд, які вёз хлебныя запасы з Полацка. А ў наступным годзе палачане і сяляне Полацкага павета разам з нейкім вайсковым аддзелам шматразова хадзілі супраць непрыяцеля на Невельшчыну [5, т. 3, с. 531].

 

Аднак царскія ваяводы валодалі тады яшчэ вялікімі абшарамі ў Беларусі. Іхнае войска засталося, прынамсі, у паветах Браслаўскім і Амсціслаўскім, часткова - у Аршанскім, Полацкім, Рэчыцкім і Мазырскім. Яны ўтрымлівалі яшчэ такую важную фартэцыю, як Стары Быхаў, у якім стаяла вялізная залога - больш за 2200 чалавек, а таксама Барысаў ды падзвінскія гарады - Віцебск і Полацак. Маскоўцы перайшлі да тактыкі выпаленай зямлі. Прыкладам, ваявода Пётра Далгарукі ў жніўні 1661 г. атрымаў загад пасылаць людзей пад Дуброўну, Воршу, Копысь, Шклоў, Магілеў ды Крычаў, каб «тех городов уезды повоевать и села и деревни пожечь». Ад ратнікаў патрабавалася забіраць усіх жыхароў, жывёлу і хлеб, а сена і салому - выпальваць. У такой мёртвай зоне не маглі б дзейнічаць ані партызаны, ані рэгулярнае войска. Па якім часе Далгарукі дакладаў цару аб спраўным выкананні загада: «Те де места все от твоих ратных людей по Днепру развоеваны и деревни вызжены, и жилецких людей отнюдь никого нет» [5, т. 3, с. 446-447]. Спусташаючы край, галодныя ваяўнікі «шчыравалі», бо здабытым і жывіліся. Іх не маглі стрымаць нават загады начальнікаў. Прыкладам, калі ваявода Талачанаў падышоў да Копысі, ён хацеў не штурмаваць, а падпаліць горад і дачакацца капітуляцыі, але ратнікі самі з крыкам кінуліся на штурм; сваіх паручнікаў, якія спрабавалі іх спыніць, пазабівалі, аднаго палкоўніка паранілі ў руку, другога - стукнулі цаглінай па галаве.

 

Зіма 1661-1662 гг. выдалася цёплай, зусім бясснежнай. Да вясны рэкі так і не пакрыліся лёдам. Польскія канфедэраты бавілі час на кватэрах пад Кельцамі, а войска Вялікага Княства, не падначаленае аніякай гетманскай уладзе, - на паўднёвым захадзе Беларусі. Рэзідэнцыяй кіраўніцтва Братэрскага хаўрусу па-ранейшаму заставаўся Кобрынь, а роты канфедэратаў паразыходзілі ды гаспадарылі ўжо на Лідчыне і Слонімшчыне.

 

Царскі ўрад хацеў унікнуць абвастрэння вайны і таму, як і ў 1661 г., паспрабаваў зацягнуць час дыпламатычнымі перамовамі. Стольнік Несцераў, прыехаўшы ў сакавіку ў Варшаву, сцвярджаў, што Аляксей Міхайлавіч гатовы падпісаць замірэнне, аднак, калі сенатары выставілі ўмовы - абавязковае вяртанне акупаваных тэрыторый, высветлілася, што Масква на гэта не пойдзе. Між тым патрабаванне вярнуць захопленыя землі стала ўжо прынцыповай пазіцыяй дэлегатаў Вялікага Княства Літоўскага на ўсіх соймах, якія разглядалі магчымасці замірэння з Маскоўскім царствам. Прыкладам, калі польскі бок хіліўся да таго, каб скончыць вайну, пакінуўшы цару частку захопленых ім тэрыторыяў, сенатары Вялікага Княства пачалі сварыцца з кароннымі і пагражалі, што ў такім разе іх дзяржава пойдзе вайной на Карону Польскую [5, т. 3, с. 420]. Гэтакая цвёрдасць пазіцыяў Вільні выяўлялася і пазней*.

 

* Калі ў канцы 1662 г. да ўрада Рэчы Паспалітай прыехаў вядомы маскоўскі дыпламат Апанас Ардзін-Нашчокін, які спрабаваў дамовіцца аб замірэнні (Масква была гатовая саступіць Смаленск і Севершчыну, даць грошы на выплату даўгоў канфедэратам, каб толькі ёй пакінулі Інфлянты), сенатары і камісары ад Вялікага Княства проста адмаўляліся ўдзельнічаць у перамовах з ім ды настойліва патрабавалі працягваць вайну.

 

Усё, пра што ўдалося дамовіцца вясною 1662 г., гэта абмен палоннымі. Рэч Паспалітая хацела скарыстаць зручны момант ды вызваліць сваіх вязняў, асабліва палявога гетмана Вінцэнта Гасеўскага. Балазе, мяняць было на каго. У палоне ў Вялікім Княстве знаходзіліся 242 высокія маскоўскія чыны, сярод якіх - стольнік Хаванскі-малодшы, князі Казлоўскі, Акінфаў, два Шчарбатыя, палкоўнікі, стралецкія галовы, дваране і дзеці баярскія. Для першага абмену камісіі з'ехаліся напрыканцы сакавіка - пачатку красавіка ў Смаленску. З маскоўскай няволі былі адпушчаныя гетман Вінцэнт Гасеўскі, палкоўнік Міхал Абуховіч ды Стэфан Невяроўскі, а таксама блізу 200 жаўнераў. У верасні адбыўся другі абмен палоннымі, на гэты раз у Горах.

 

Вызваленага гетмана горача віталі жаўнеры сканфедэраванага войска, аднак пра вяртанне яму былой улады над жамойцкай дывізіяй гаварыць не спяшаліся.

 

У траўні 1662 г. царскі ўрад накіраваў на падмацаванне Старога Быхава і Барысава новыя палкі. Даведаўшыся пра маскоўскую ініцыятыву, канфедэраты выслалі на ўсход Беларусі 7 харугваў свайго войска, якое, аднак, не магло стрымаць моцнага непрыяцельскага канвою і было разбітае недалёка ад Чавусаў. У той складанай сітуацыі Братэрскі саюз абвясціў, што наагул перастае займацца справай абароны краіны. Маўляў, няхай гэта бярэ на сябе шляхта. І ўсё ж на пачатку чэрвеня канфедэраты зноў выслалі сваё войска на непрыяцеля: пад Барысаў рушыла 20 харугваў конніцы і 14 - пяхоты [97, s. 209]. А ўжо ў ліпені таго ж года барысаўскі ваявода Хлопаў, змогшыся, разам з залогаю мусіў пакінуць Барысаў і адступіць да сваіх.

 

Наступны горад быў вызвалены ажно ў снежні. Гэта Ўсвят, здабыты штурмам невялікімі сіламі палкоўніка Чарняўскага. Маскоўскі ваявода і шмат хто з ягоных ратнікаў трапілі ў палон. Павольна, але ўсё ж няўхільна, агульнымі намаганнямі войска і насельніцтва Беларусь крок за крокам вызвалялася ад акупантаў. Здавалася, што, калі б перавага Рэчы ІІаспалітай яшчэ трошкі павялічылася, гэта дазволіла б вярнуць дзяржавам ранейшыя межы. Патрэбна было толькі, не адкладваючы, нанесці вызначальны ўдар па непрыяцелю.

 

Усё яшчэ колькасна большая царская армія перажывала цяжкія для яе часы. Ратнікі не толькі па-ранейшаму ў вялікай колькасці ўцякалі з тэрыторыі ваенных дзеянняў, але і пераходзілі на бок Рэчы Паспалітай. У Смаленску, напрыклад, баючыся гэтага, салдатаў і стральцоў зусім на выпускалі за муры. Большая частка смаленскай шляхты ўсё адно схілілася да пераходу. Дзеля масавага выпуску медных грошай з прымусовым курсам (цар прыраўняў іх да сярэбраных) цяжкі крызіс перажывала эканоміка Маскоўскай дзяржавы. Ратнікі і ўкраінскія казакі, якія атрымлівалі такія грошы, апыналіся ў асабліва складаным становішчы, бо за «пустыя» медзякі сяляне не хацелі нічога прадаваць. Кошт на прадукты сельскай гаспадаркі вырас месцамі ў 50 разоў. На тэрыторыі Маскоўскай дзяржавы шырыўся рух сялян і халопаў супраць памешчыкаў, гатовы перарасці ў вялікую антыфеадальную вайну, а ў самой сталіцы ў 1662 г. выбухнуў «медны бунт» - паўстанне, выкліканае абясцэньваннем грошай, павышэннем падаткаў і спекуляцыямі. Напалоханы цар кінуў на паўстанцаў 10-тысячнае войска і патапіў бунт у крыві: было забіта, павешана ці патоплена за тысячу чалавек, некалькі тысячаў саслана ў Сібір.

 

Усё гэта стварала надзвычай спрыяльныя ўмовы для Рэчы Паспалітай, каб нанесці вызначальныя ўдары і дамагчыся поўнага рэваншу. Аднак... войска заставалася некіроўнае. Праходзіў час - і разам з ім марнаваліся шанцы на перамогу.

 

Каб нарэшце неяк выплаціць войску шматгадовыя даўгі ды вярнуць яго ў нармальны баяздольны стан, у другой палове ліпеня 1662 г. у Вільні сабралася скарбава-вайсковая камісія. Двор Рэчы Паспалітай надта хацеў, каб дырэктарам камісіі стаў Вінцэнт Гасеўскі, які карыстаўся сімпатыямі канфедэратаў. Калі ў траўні палявы гетман наведаў Кобрынь, жамойцкая дывізія нават прапаноўвала абраць яго кіраўніком Братэрскага хаўрусу, але гэтага не магло дапусціць войска правага крыла і цвёрда выступіла супраць (гэта, дарэчы, аднавіла канфрантацыю паміж дывізіямі). Сапегу ўгаварылі не складаць канкурэнцыі палявому гетману, і камісія распачала паседжанні пад дырэктарствам Гасеўскага. Аднак ейную працу ўскладнялі сур'ёзныя непаразуменні паміж камісарамі і дэпутатамі ад канфедэратаў. Камісія практычна не прымала аніякіх радыкальных пастаноў. Тады прыхільнікі Сапегі накіравалі сваіх паслоў да вялікага гетмана з просьбай асабіста прыехаць у Вільню. Сапега з'явіўся ў сталіцы 31 жніўня і, хоць афіцыйна не браў удзелу ў паседжаннях, уплываў на працу камісіі праз сваіх людзей. У Кобрыні канфедэраты таксама захваляваліся. Тое, што адбывалася ў Вільні, іх усё больш непакоіла. Яны пісалі лісты Гасеўскаму як дырэктару камісіі, пасылалі сваіх дэпутатаў, патрабуючы неадкладнага развязання пытанняў аплаты, гарантыі іхніх правоў, востра ставілі пытанне аб дзейнасці манетных двароў: канфедэраты не верылі справаздачам Ціта Бараціні - арандатара Кракаўскай менніцы, сцвярджалі, што той адно абкрадае дзяржаву, і жадалі ўласнага кантролю, каб высветліць, куды і на што ідуць выбітыя ім мільёны шэлегаў [97, s. 221]. Аднак віленская камісія па-ранейшаму не вырашала праблем канфедэратаў.

 

Тады сярод жаўнераў пачалі з'яўляцца падазрэнні, ці не праз Гасеўскага ўсё гэта чыніцца? Ці не мае на мэце сам дырэктар камісіі ліквідацыю Братэрскага хаўрусу, што і так быў раз'яднаны? Маршалак Жаромскі, які і раней вылучаўся сваёй памяркоўнасцю, цяпер проста раздражняў рашучых канфедэратаў. Асабліва непрыемным было ягонае сяброўства з Гасеўскім. Намеснік Жаромскага мазырскі маршалак Канстанцін Катоўскі займаў у дачыненні да ўладаў сама радыкальныя пазіцыі і баяўся, што згодніцтва Жаромскага прывядзе да здрады інтарэсаў хаўрусу.

 

Што да Гасеўскага, дык той сапраўды быў не тым, кім спачатку ўяўляла яго войска. Летам 1662 г. ён канчаткова вызначыў свае пазіцыі: стаў на бок двара, за добрую суму грошай аддаў сімпатыі прафранцузскай партыі. Цяпер у шчыльнай сувязі з канцлерам Крыштапам Пацам палявы гетман шукаў магчымасці, каб як найхутчэй і без асаблівага гвалту распусціць канфедэрацыю.

 

Войска выбухнула сляпым жаданнем помсты, калі 22 лістапада на вайсковай сесіі ў Волпе Катоўскі паказаў шыфраваны лічбамі ліст канцлера Паца, адрасаваны Гасеўскаму. Сумневы адразу адпалі - змова! Канфедэраты адразу ж выслалі да Вільні свой аддзел на чале з Хлявінскім і Навашынскім, якім было загадана схапіць Гасеўскага разам з ягоным хаўруснікам Жаромскім ды прывезці ў абоз для суда, а калі тыя не паддадуцца - забіць. Палявы гетман абвінавачваўся ў сама цяжкіх грахах. Жаўнеры, прыкладам, лічылі, што яшчэ пад час маскоўскага палону Гасеўскі змовіўся з царскім урадам аддаць у вечнае валоданне за добрыя грошы Смаленшчыну і Севершчыну, а Масква паабяцала за гэта паставіць яго ваяводам на тых землях. Хадзілі чуткі, што палявы гетман разам з каралём хацеў запрасіць у Беларусь шведаў, казакаў ды татараў, каб падпарадкаваць канфедэратаў сілай, а непакорных - пакараць смерцю. Быццам пацвярджалі існаванне змовы звесткі, што з пісьмовага дазволу Гасеўскага і Жаромскага па Дзвіне да Рыгі прайшлі стругі з маскоўскімі купцамі, а царскі дыпламат Нашчокін тым часам нібыта сустракаўся з каралём. Дзеля чаго? Ці не ў справе той змовы, якую пачаў плесці Вінцэнт Гасеўскі?

 

Раз'ятраныя жаўнеры праглі помсты. Конны аддзел паручнікаў Навашынскага і Хлявінскага - блізу 500 вершнікаў - з'явіўся ў сталіцы ўжо пад ноч на 25 лістапада. Даведаўшыся ад рэзідэнта вайсковых дэпутатаў камісіі палкоўніка панцырнай харугвы Невяроўскага, што Жаромскі ў кляштары кармелітаў, частка канфедэратаў паспяшалася туды. Воля ўсяго войска такая, запатрабавалі яны, каб маршалак прыехаў у абоз і зрабіў справаздачу. Жаромскі ўпарціўся, але мусіў ехаць. Па дарозе яго спачатку стукнулі абухам у лоб, а пасля каля Дубінак, недалёка ад Вільні, пасеклі шаблямі і кінулі, не дазваляючы хаваць, - «каб усім скарумпаваным быў страх» [76, s. 178]. Уранку Хлявінскі, як добры знаёмы гетмана, без цяжкасцяў увайшоў у дом Гасеўскага і таксама давёў да ведама рашэнне войска - ехаць у абоз для адказу. Гетман спаслаўся на тое, што нядужы, і не хацеў пакідаць свайго пакою, але Хлявінскі ўльтыматыўна патрабаваў ехаць. Абараніць Гасеўскага не было каму: пяхота, правартаваўшы ўсю ноч, пайшла адпачываць. Каля 8 гадзінаў раніцы канфедэраты, пасадзіўшы гетмана ў карэту, пад канвоем ужо вывозілі яго з Вільні. 29 літапада канвой дасягнуў Волпы* і натоўп жаўнераў шчыльна абступіў карэту з асуджаным Гасеўскім. Проста ў вочы яму выгаворвалі абвінавачванні ў здрадзе Айчыне і войску, кідалі гідкія абразы, загадвалі рыхтавацца да смерці. На кучы камення Гасеўскага прымусілі спавядацца ксяндзу. Але раптам, асадзіўшы ксяндза, Навашынскі першым стрэліў у галаву гетману, калі той яшчэ маліўся. Пасля, як ён ужо зваліўся долу, пачалі страляць іншыя, ажно пакуль не знявечылі цела няшчаснага. Так загінуў герой шмат якіх бітваў, мужны і непахісны абаронца Айчыны, якому давялося перажыць больш чым трохгадовы маскоўскі палон, - загінуў як здраднік.

 

* Ёсць звесткі, што гэтая трагедыя адбылася каля мястэчка Астрына ў Лідскім павеце, недалёка ад ракі Котры.

 

Забойства палявога гетмана было здарэннем, нечуваным ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Гэтае злачынства канфедэратаў адштурхнула ад іх сімпатыі грамадства. Ды і сярод самога Братэрскага хаўрусу адразу пачаўся разлад. Радыкальнае кола, якое несла адказнасць за забойства, засталося ў абсалютнай меншасці. Жамойцкая дывізія ўскладала ўсю віну на правае крыло, бо Катоўскі, Хлявінскі і Навашынскі былі з арміі Сапегі, аднак да інспіратараў расправы належаў і афіцэр дывізіі левага крыла Невяроўскі [23, s. 65]. У такіх умовах, перажываючы маральны крызіс, войска Вялікага Княства Літоўскага зноў раздзялілася на два крылы і ў студзені 1663 г. адышло на зімовыя кватэры: жамойцкая дывізія - на Жамойць, а сапежынская - у Беларусь, на памежжа Віленскага і Наваградскага ваяводстваў. Цяпер абозны Міхал Пац, сваяк забітага гетмана, якога Катоўскі пры кожнай нагодзе называў «ворагам шляхецкай свабоды і залатой вольнасці», меў рэальную магчымасць усталяваць сваю ўладу над разгубленымі жаўнерамі жамойцкага войска. Спачатку ён схіліў на свой бок большасць афіцэраў, а пасля з невялікім аддзелам раптоўна з'явіўся ў Вільні, схапіў забойцаў, у прыватнасці Невяроўскага, Хлявінскага (Навашынскі паспеў уцячы ў Маскоўскую дзяржаву), лідэра канфедэратаў Катоўскага, а затым авалодаў артылерыяй. Наступнага дня, 24 красавіка, уся старшына мяцежнай дывізіі паддалася і прысягнула на вернасць Рэчы Паспалітай. Войска левага крыла цалкам адцуралася арыштаваных злачынцаў і 5 траўня 1663 г. падпісала пагадненне з каралеўскай камісіяй, паводле якой канфедэрацыя распускалася. Пры гэтым усім жаўнерам, якія ўваходзілі ў Братэрскі хаўрус, за выключэннем забойцаў палявога гетмана, гарантавалася амністыя. Урад паабяцаў неўзабаве выплаціць войску 5 мільёнаў злотых (увесь доўг складаў каля 13 мільёнаў). Спаліўшы акт канфедэрацыі, харугвы выказаліся за тое, каб палявым гетманам стаў абозны Міхал Пац (да зацвярджэння яго на гэтай пасадзе каралём). Новы начальнік загадаў усім харугвам левага крыла збірацца пад Чырвоным Дваром, што каля Нясвіжа, а яшчэ па якім часе жамойцкая дывізія атрымала загад ісці на Падляшша - памагаць каралю ўтаймоўваць каронных канфедэратаў Свідэрскага. Было спадзяванне, што абыдзецца без крыві: дэманстрацыя сілаў Паца і дывізіі Чарнецкага павінна была падштурхнуць тых да самароспуску. Сапраўды, нават звесткі пра сцягванне пацаўскай арміі пад Нясвіж аслаблялі рашучасць польскіх канфедэратаў. Але харугвы Вялікага Княства збіраліся да Паца вельмі марудна. Жаўнеры ня мелі аніякай ахвоты ісці на сваіх былых хаўруснікаў. Іншыя ж нават ухвалялі цвёрдасць канфедэрацыі Свідэрскага.

 

Сам Міхал Пац доўгі час быў заклапочаны праблемай утрымання арыштаваных лідэраў Братэрскага хаўрусу, бо ім шмат хто спачуваў. Калі б ён пакінуў іх у вязніцы на тэрыторыі Вялікага Княства, сама варта магла б выпусціць арыштаваных на волю. Спачатку Пац трымаў закутых вязняў пры войску, вазіў з сабою, аднак яны мелі папулярнасць і ў харугвах. Найміты, прыкладам, прасілі вызваліць на іхныя парукі паручніка Ешмана. Пытанне развязалася толькі пасля таго, як Пац пры канцы траўня выслаў арыштаваных да Мальбарка*. А ягоная дывізія так увесь чэрвень і прастаяла ў Беларусі, хоць да маршу на Падляшша яе заклікалі і ваявода Чарнецкі, і канцлер Пац, і віленскі біскуп Белазор.

 

* Суд над забойцамі Гасеўскага адбыўся ажно напрыканцы 1664 г. у Варшаве. Чатырох - Катоўскага, Наркевіча, Невяроўскага і Ястрэмбскага - засудзілі на смерць. Каралі іх 3 студзеня 1665 г. пры зачыненых брамах, атачыўшы рынак моцнай аховай пяхоты. Палкоўніку Невяроўскаму і Катоўскаму адсеклі галовы, пасля чаго чвартавалі целы, Наркевіча і Ястрэмбскага толькі абезгаловілі. А вось галоўны злачынца Навашынскі ацалеў, бо ўцёк да Масквы. Хоць яго пазней і выдалі Рэчы Паспалітай, забойцу пасадзілі ў вязніцу і смерцю, праўдападобна, не каралі [78, s. 167].

 

Хто ведае, чым скончыўся б паход арміі Міхала Паца на польскіх канфедэратаў. На шчасце, ёй ужо не спатрэбілася гэтага рабіць: 2 ліпеня 1663 г. канфедэрацыя Свідэрскага была распушчаная [74, s. 45]. Цяпер з'яўлялася магчымасць ажыццявіць даўно запланаваную агульную наступальную кампанію супраць Маскоўскай дзяржавы, перанесці вайну за Дняпро. Праўда, дывізія правага крыла, размешчаная каля Горадні, Ліды, Ваўкавыска і Слоніма, была ўсё яшчэ пад кантролем канфедэратаў. 4 жніўня ў Мастах пасля перамоваў з каралём і вялікім князем было падпісана пагадненне аб роспуску арганізацыі мяцежных жаўнераў і ў сапежынскай дывізіі. За гэта войска атрымала амністыю і гарантыю выплаты шматагадовых грашовых даўгоў. Узначаліў дывізію, як і раней, вялікі гетман Павел Сапега.

 

Цяпер ізноў уся армія Вялікага Княства, хоць і раздзеленая на два крылы, была ў стане праводзіць буйныя аперацыі. Універсал караля і вялікага князя абвясціў даўгачаканыя марш на ўсход, да Дняпра*. Удалая кампанія магла не толькі давесці вайну да пераможнага канца, але і дапамагчы двару абраць каралём французскага кандыдата. Аднак паход і на гэты раз... правальваўся.

 

* Відаць, рыхтуючы запланаваны на паход, у Маскоўскае царства накіроўвалі выведнікаў і дыверсантаў. Гэтак, дарагабужскі намеснік Альбрэхт Ешман паслаў тады з Беларусі ў Маскву двух выведнікаў збіраць інфармацыю ды скупляць порах і волава. А ў лістападзе 1663 г. дыверсійная група здолела ўзарваць парахавыя склады ў Пскоўскім крамлі, якія надзвычай пільна ахоўваліся. Выбухам былі моцна пашкоджаныя сцены крэпасці.

 

Паміж асноўнымі групоўкамі магнатаў Вялікага Княства пачалася барацьба за пасаду палявога гетмана. Абозны Міхал Пац пакуль толькі часова выконваў гэтую ролю на жаданне жамойцкай дывізіі. Перадача яму палявой булавы каралеўскім універсалам дазволіла б Пацам сканцэнтраваць у сваіх руках магутную ўладу (Крыштап Пац заставаўся канцлерам Вялікага Княства Літоўскага). Яшчэ ў ліпені Сапега і Радзівілы выказаліся, што для пасады палявога гетмана куды больш адпавядае Палубінскі, чымся Пац. Але ў Варшаве мала зважалі на іх меркаванні, затое прыслухоўваліся да канцлера. І ў канцы ліпеня кароль вырашыў пытанне на карысць абознага Міхала Паца. Праўда, абвяшчаць гэта не спяшаўся - чакаў роспуску канфедэрацыі ў правым крыле арміі.

 

Згодна з планам наступальнай кампаніі, першай да Дняпра пайшла дывізія Міхала Паца. Ёй было загадана размяшчацца каля Рэчыцы. Дывізія Сапегі мусіла заняць пазіцыі паміж Шкловам і Воршай. Каронная армія з самім каралём і вялікім гетманам Станіславам Патоцкім выправілася на Ўкраіну. Але паколькі ўся кампанія з'яўлялася стрыжнем задуманай дваром праграмы элекцыі французскага кандыдата, дык апазіцыя пачала наўмысна правальваць яе. Да Дняпра дывізіі падышлі ўжо глыбокай восенню. Правае крыло спынілася каля Міхнавічаў, левае - каля Прудкоў. Пад Рэчыцу Пац не пераходзіў, бо землі ад Бабруйска да Чарнігава былі страшэнна спустошаныя. Харугвы стаялі ў чаканні выплаты грошай за службу, часам турбуючы непрыяцеля пад'ездамі, якія выпраўлялі пад Смаленск. Зноў узмацнілася канфрантацыя паміж дывізіямі. Сапега і не збіраўся ўдзельнічаць у выправе. Частка ягоных жаўнераў стала ад'язджаць дадому. Каб паправіць становішча, кароль і вялікі князь накіраваў у Беларусь камісараў - вялікага маршалка Крыштапа Завішу і віленскага падскарбія. Завіша з'явіўся ў Пацавым абозе пад Прудкамі на пачатку снежня. Грошай войску ён не прывёз, затое аддаў Пацу гетманскую булаву і прывілей на смаленскае ваяводства. Разам з палявым гетманам яму ўдалося схіліць жамойцкую дывізію працягваць службу і памірыцца з правым крылом. Тым часам Сапега дзеля кепскага здароўя збіраўся наагул ад'ехаць дахаты. За ім планавалі пакінуць дывізію і Палубінскі, і Юдзіцкі, а гэта магло б прывесці да самаліквідацыі сапежынскага крыла, паколькі ў абозе не засталося б камандзіраў, здольных кіраваць такім войскам [96, s. 22]. Добра, што паспеў Завіша, які змог затрымаць і гэтую дывізію ў полі. Але Сапега ўсё ж не згадзіўся весці войска да караля на Ўкраіну. Ён перадаў кіраўніцтва арміяй палявому пісару Аляксандру Палубінскаму і ад'ехаў.

 

У апошнія дні 1663 г. абедзве дывізіі паасобна рушылі на поўдзень, на злучэнне з палякамі. Праходзячы каля Рослава, палявы гетман Пан, якому манарх на час кампаніі перадаў агульнае кіраўніцтва ўсім войскам Вялікага Княства Літоўскага, затрымаўся з часткай харугваў, каб здабыць гэты гарадок. Але авалодаць Рославам было не так проста. Першыя штурмы, пакуль не падышла пяхота, нічога не далі. «Пад такім курнікам», як называў гарадок Пачабут-Адляніцкі, давялося прабыць каля двух тыдняў. Неяк сярод ночы людзі з палка Гальяша Сурына падпалілі адну вежу рослаўскіх умацаванняў, але ніхто не быў гатовы да штурму, і аперацыя не дала карысці. Калі ж нарэшце з'явілася пяхота ды артылерыя, зусім не заставалася часу для дзеянняў. Дывізія правага крыла адышла ўжо далёка на поўдзень. Так і не здабыўшы Рослава, войска Паца 14 студзеня 1664 г. рушыла за ёй у напрамку Бранска, пад якім разбіла 2 тысячы рэйтараў, а пасля пайшло праз Дзісну на Сеўск.

 

Усе сілы Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, што бралі ўдзел у задняпроўскай выправе, налічвалі агулам пад 32 тысячы чалавек. У той жа час дзейная армія Маскоўскай дзяржавы на 1663 г., паводле каштарысных спісаў, складала 93570 ратнікаў, абсалютная бальшыня якіх стаяла па заходняй і паўднёвай мяжы, а разам з палкавымі казакамі яна магла сягаць 122 тысячаў [65, с. 7, 12]. Пры гэтым больш чым палова арміі ўваходзіла ў так званыя палкі іншаземнага строю - 55 салдацкіх і 20 рэйтарскіх. Апроч таго, існавалі яшчэ магутныя дадатковыя сілы - гарадскія залогі і запасныя палкі, у якіх было да 92 тысячаў чалавек. Прыкладам, у Полацку сядзела 1355 царскіх ратнікаў, у Віцебску - 1434, у Старым Быхаве - 1000. Так што маскоўскі ўрад пад час зімовай кампаніі 1663/64 г. за Дняпро меў пад кіраўніцтвам сваіх ваяводаў фантастычна вялікую армію - блізу 215000 чалавек [65, с. 18].

 

Пакуль войска Вялікага Княства Літоўскага ішло на злучэнне з каронным, тое трымала ў аблозе Глухаў, умацаваны горад на самай мяжы Ўкраіны з Маскоўскай дзяржавай. Прыведзеныя дывізіі Палубінскага і Паца наведаў і агледзеў сам Ян Казімір, прычым быў прыемна ўражаны пабачаным. Але праз якія дзень-два сенат Рэчы Паспалітай з прычыны складанага становішча ў Польшчы прыняў рашэнне спыніць наступальныя дзеянні на ўсходзе. Прычынай трывогі быў перадусім рокаш Любамірскага і сапраўдная вайна з ягоным войскам. Да таго ж блізілася вясна з яе бездарожжам, а маскоўскія ваяводы ўжо засяродзілі вялікія сілы і пачыналі контрдзеянні. Перспектывы паходу ўжо не выглядалі такімі прывабнымі. Таму кіраўніцтва пастанавіла паслаць на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы толькі 10-тысячны корпус пад кіраўніцтвам палявога пісара Аляксандра Палубінскага і паручніка панцырнай харугвы Стэфана Бідзінскага. Галоўныя ж сілы 21 лютага павярнулі назад. Пац павёў сваіх у напрамку Старадуба, а Чарнецкі з дывізіяй мусіў стаць на Дзясне. Цяпер ужо ім трэба было адбівацца ад непрыяцеля.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.