Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Генадзь Сагановіч 10 страница



 

Колькі дзён прайшло ў напружаным чаканні, артылерыйскай перастрэлцы, папярэдніх сутычках. Пяць харугваў конніцы, пераправіўшыся праз Басю, наблізіліся да самага маскоўскага лагера і завязалі там бой. Войска Далгарукага, гатовае да бітвы, пакінула ўмацаванні і пагналася за імі, але ў полі сутыкнулася з большай сілай. Праз дзень усё адбылося прыкладна гэтаксама, затым - ізноў сутычка. Да генеральнай сечы дайшло 8 кастрычніка, на восьмы дзень пасля пераправы праз Дняпро. У начной цемры вялікі гетман вывеў усё войска за Басю ды размеркаваў так, што ягоныя харугвы сталі ў цэнтры, на правым крыле - дывізія Чарнецкага, а на левым - Паца. За ноч былі падрыхтаваныя шанцы, артылерыя, і з ранішнім святлом гатовы да бітвы Сапега накіраваў Далгарукаму сурмача з выклікам на міжбой. Апоўдні маскоўскія палкі выйшлі з лагера, і пасля ўзаемнага артылерыйскага абстрэлу арміі сутыкнуліся. На абодвух флангах Чарнецкі і Пац з Палубінскім хутка паціснулі непрыяцеля, разарвалі варожыя шыхты і пачалі гнаць іх да абозу, але, захапіўшыся, не заўважылі таго, што па цэнтры моцна церпіць дывізія Сапегі. Маскоўскаму войску тут удалося адкінуць конніцу, пабіць шмат пяхоты і, захапіўшы гармату ды колькі штандараў, амаль пераможна вярнуцца да свайго лагера. Затое правае і левае крылы групоўкі Далгарукага былі разгромленыя ды ратаваліся ўцёкамі. Апісваючы бітву, ваявода паведамляў цару, што «сотни многия и сотенные люди из розных сотен с бою побежали к своим обозам, и рейтарские два полки Рычерта Полмера да Томаса Шала все побежали к обозам же, и драгуны Христофорова полку... и солдаты Филипнусова полку Фон-Буковена и Вилимова полку... » [5, т. 3, с. 167].

 

Пад вечар усё маскоўскае войска перайшло пад ахову сваіх лагерных умацаванняў. Харугвы Вялікага Княства і Кароны, пастаяўшы каля абозу Далгарукага, вярнуліся за Басю. Было здабыта 7 гарматаў, 15 баявых сцягоў, захоплена шмат палонных, у тым ліку палкоўнік Фон-Буковен. Паводле імяннога роспісу ваяводы, агульныя страты маскоўскага войска дасягнулі 1155 чалавек, з іх 427 забіта і 519 паранена. Але і ў пераможцаў бітва ўзяла вялікія ахвяры. Як адзначыў у сваім дыярушы ўдзельнік сечы шляхціч Ян Пачабут-Адляніцкі, «гэты дзень, заліты крывёю, паклаў на месцы шмат годных маладых людзей і сыноў мілай айчыны». Гетман таксама быў у вялікай небяспецы: пад ім забіла каня.

 

Пад час бітвы ўдалося захапіць Адама Кашанскага - шляхціча з пацаўскай дывізіі, які двойчы здрадзіў Айчыне. Калі ён першага разу быў схоплены ў палон і, пакаяўшыся, прысягнуў на вернасць сваёй дзяржаве, яму паверылі, а кароль нават падараваў зямлю з сваіх уладанняў. Цяпер жа здрадніка, які другім разам перайшоў на бок Масквы, вайсковы суд пастанавіў пасадзіць на палю, і толькі вялікі гетман, умяшаўшыся, загадаў расстраляць Кашанскага.

 

У лагеры за Басяй гучна святкавалася перамога: нашыя жаўнеры спявалі «Цябе, Божа, хвалім». Раскацістым рэхам грукаталі гарматы. Маскоўскія ж ратнікі, пачуўшы гэта, падумалі, што нарэшце да іх прыйшлі казакі і нават павыходзілі з умацаванняў [26, s. 60]. Яшчэ колькі дзён адбываліся сутычкі, асабліва калі непрыяцель выходзіў на пабаявішча забраць сваіх забітых. А 24 кастрычніка ўжо ў маскоўскім лагеры штосьці гучна святкавалі: да ночы трашчалі мушкеты, бахалі гарматы. «Ці не прыйшла да іх падмога? Ці не разбілі каронных гетманаў на Ўкраіне? » - з трывогай думалі ў войску Вялікага Княства. Ажно, як патлумачыў палонны, прычына ўрачыстасці была ў іншым: цар паведаміў Далгарукаму, што «за перамогу» ўзнагародзіць усіх: «Сами не ведаете, каковое будете иметь пожалование от величества царского» [16, с. 17].

 

Між тым дывізія Чарнецкага ўжо пакінула абоз і, пераправіўшыся цераз Дняпро, рухалася ў бок Друцка, а ў дапамогу маскоўскаму войску набліжаліся казакі Залатарэнкі ды Хаванскі, які на той час быў недалёка ад Лукамлі. Тады і Сапега адвёў сваю армію да Шклова, куды перавозілі ўсіх параненых з Басі. Блакаваць Далгарукага былі пакінутыя толькі Палубінскі ды Пац з жамойцкай дывізіяй. Каб перашкодзіць аб'яднанню Хаванскага з Далгарукім, ён выслаў наперад, пад Чарэю, палкоўнікаў Кміціча і Аскірку з аддзелам на 1000 вершнікаў. Адначасна да Жаромскага пад Вільню паімчаўся пасланец вялікага гетмана з загадам пакінуць для аблогі сталіцы паспалітае рушанне, а астатняе войска хутчэй весці да Сапегі.

 

Калі Хаванскі даведаўся ад злоўленых «языкоў» пра пад'езд Кміціча ды Аскіркі, ён сам рушыў на Чарэю. Палкоўнікі пачалі адыходзіць з Чарэі да Талачына. Тады ваявода паслаў наўздагон ім 3 тысячы рэйтараў і стральцоў, а з рэштаю заняў Чарэю і стаў узводзіць абарончыя ўмацаванні мястэчка. Дагнаўшы харугвы Кміціча і Аскіркі пад Талачыном, царскія ратнікі разбілі іх ды захапіліся пераследам, калі раптоўна натыкнуліся на дывізію Чарнецкага. Цяпер ужо гатовая святкаваць перамогу маскоўская конніца была дазвання разгромленая польскімі харугвамі. Уцалелыя спрабавалі ўцякаць, аднак на стомленых конях мала каму ўдалося ўратавацца. Да ўмацаванай Чарэі цэлымі вярнуліся толькі 8 коннікаў Хаванскага [26, s. 69].

 

Тады ж да Чарэі паспеў падысці Сапега, які размясціў войска за 5-7 вёрстаў ад мястэчка. Чарнецкі таксама падвёў сваю дывізію да самай Чарэі. На наступны дзень мог пачацца штурм. Аднак маскоўскае войска не вытрымала і ўначы, ціха пакінуўшы свае ўмацаванні, стала ўцякаць да Полацка. Частка абозу і 2 гарматы былі кінутыя ў Чарэі. Астатнюю артылерыю пад аховаю дзвюх сотняў дваранскай конніцы і трох ротаў конніцы рэйтараў Хаванскі загадаў цягнуць іншай дарогай на Лепель - так бліжэй да Полацка, а сам з галоўнымі сіламі пайшоў на Чашнікі - каля лясоў і ўмацаваных паселішчаў, праз балоты, толькі ўначы выбіраючыся на вялікую дарогу. Недалёка ад Чарэі на дарозе засталіся ляжаць яшчэ 2 гарматы. Шмат якія дваране і рэйтары адразу ж пакінулі Хаванскага ды «побежали розными дорогами» [5, т. 3, с. 204].

 

Сапега агледзеўся, што непрыяцель пакінуў Чарэю, і, калі Хаванскі адышоў ужо на 15 вёрстаў, паслаў наўздагон 3 тысячы жаўнераў на чале са сваім пляменнікам Крыштапам Сапегам, палкоўнікамі Кміцічам, Ліпніцкім ды Дольскім. Яны дагналі непрыяцеля ўжо праз 25 вёрстаў і завязалі з ім бітву. Панёсшы страты, маскоўскае войска выставіла заслону ды паскорыла адступленне, але з тылу на яго ўвесь час насядаў пад'езд Сапегі. «И шли мы отводом оборонною рукою 50 вёрст днём и ночью... а неприятель за нами шел; а твои ратные люди идут отстреливаясь», - паведамляў цару Хаванскі.

 

Перад ракой Суя за 20 вёрстаў да Полацка харугвы Крыштапа Сапегі зноў заатакавалі маскоўскае войска, зламалі рэйтарскую заслону і наляцелі на пяхоту. Толькі тое, што на дапамогу ім прыйшлі ўсе фармаванні Хаванскага, дазволіла адбіць атаку і давесці пашматаныя палкі да Полацка. Страты апошняга бою былі таксама значныя. Апрача забітых ратнікаў іх складалі і захопленыя ў палон палкоўнік рэйтараў Увараў, і полацкі ваявода ды палкоўнік Касоўскі, і ўся артылерыя, якую адбілі жаўнеры Сапегі. Ахова пакінула гарматы ды, шукаючы ратунку, схавалася за полацкімі ўмацаваннямі. Наагул, за час пераходу з Чарэі да Полацка групоўка Хаванскага настолькі страціла баявы дух, што калі б не выратавальныя сцены, гэтае войска можна было б браць ці не голымі рукамі. Хаванскі неаднаразова скардзіўся цару, што ягоныя ратнікі, «не видев неприятельских сабель, бегут неведомо от кого, не остоятоятся мало». Маскоўскі ваявода здзіўляўся, адкуль у войску такая паніка, якой не даводзілася бачыць аніколі раней. «Не ведомо, от Бога за наше согрешение, или они, враги, своим злым ухищрением, чародейством и волхованием страх напустили», - пытаўся ён, гледзячы на ўцёкі ратнікаў ад адной чуткі пра войска Рэчы Паспалітай [5, т. 3, с. 208]. А гэта была яскравая праява ці не галоўнага пералому ў шматгадовым супрацьстаянні - перавагі над акупантамі баявога духу.

 

Цар пасылаў у Беларусь да ваяводы Далгарукага падмацаванне за падмацаваннем. То Максім Рцішчаў прывёў на Магілеўшчыну 893 ратнікі, то сюды прыйшоў смаленскі ваявода Пётра Далгарукі з войскам на 4536 чалавек. У лістападзе ён ужо дзейнічаў пад Шкловам. Пасля таго як харугвы Сапегі і Палубінскага пакінулі ваколіцы Шклова і пайшлі на Хаванскага, маскоўскае войска спрабавала зноў узяць усю Магілеўшчыну пад свой кантроль. Ваявода Юры Далгарукі выслаў з Магілева войска на Крычаў і Мсціслаў, а палкі Максіма Рцішчава і свайго брата Пятра - на Шклоў. Ведаючы, што ў Шклове з рэгулярных фармаванняў засталася толькі рота драгунаў, ён спадзяваўся лёгка здабыць гэты горад ды колькі разоў пісаў мяшчанам, каб тыя «Шклов нам сдали... безо всякого кровопролития». Але шклоўцы і не збіраліся паддавацца. Наадварот! Калі са Смаленска па Дняпры маскоўскія ратнікі з палкоўнікам Пяцікрутам перавозілі на стругах хлебныя запасы, порах і кнаты ў Магілеў і Стары Быхаў, каля Шклова на іх быў зроблены напад. Мяшчане абстралялі стругі з гарматаў, затым выплылі на чаўнах і, учыніўшы сапраўдны бой, забілі з мушкетаў 21 ратніка, шмат каго, у тым ліку самаго палкоўніка, паранілі, адабралі па некалькі стругаў «хлебных и пушечных запасов и фитилю» [5, т. 3, с. 228], астатніх прымусілі вярнуцца. Па якім часе ваяводу давялося высылаць гэтыя запасы з Магілева на 180 вазах пад моцнаю аховаю. Войска Далгарукага і Рцішчава трымала Шклоў у аблозе, абстрэльвала з гарматаў, засылала ў горад лісты і агітатараў, каб схіліць абаронцаў да капітуляцыі, - і ўсё марна. Шклоўцы ж зрабілі раптоўную вылазку ды ў чатырохгадзіннай сечы нанеслі непрыяцелю цяжкія страты. Тады царскія ратнікі пачалі будаваць шанцы і ўсталёўвацца абозам на доўгі час. Але ўжо 24 лістапада акольнічы Пётра Далгарукі, страціўшы апошнюю надзею на поспех аблогі, напісаў брату, што «шкловцы, жилецкие люди, осаду крепят и хотят сидеть в осаде накрепко; и с твоими ратными людьми ныне к Шклову итти не для чего», ды разам з войскам вярнуўся ў Магілеў [5, т. 3, с. 243-244].

 

Шклоў выстаяў хоць на гэты раз. Але ж Амсціслаў і Крычаў ізноў паддаліся. Праўда, не маскоўскаму войску. Крычаўцы згадзіліся здавацца толькі казакам. 23 лістапада войт, мяшчане і шляхта здалі горад старадубскаму палкоўніку Пятру Рослаўчанку.

 

Не дамогшыся анічога большага, пад націскам аддзелаў Ліпніцкага і Бабраўніцкага, а таксама з прычынаў партызанскага руху ўсё маскоўскае войска пад канец лістапада сабралася ў Магілеве. Аляксей Міхайлавіч загадаў старэйшаму Далгарукаму ўмацаваць Магілеў і Стары Быхаў ды пераходзіць з галоўнымі сіламі да Смаленска.

 

Так, кампанія 1660 г. і не прывяла да рашучай перавагі злучаных сілаў Рэчы Паспалітай у Беларусі. Маскоўскія ваяводы мелі тут яшчэ трывалыя пазіцыі, маглі праводзіць нават наступальныя дзеянні. А ў харугвах вялікага гетмана з лістапада зноў не было ладу. Старшына, а пасля і простыя жаўнеры сталі пакідаць свае фармаванні, сыходзіць дадому. Пайшлі чуткі, што дзеля нявыплаты вось-вось утворыцца канфедэрацыя. Таму гетман Сапега спяшаўся скончыць кампанію. Калі палявы пісар Аляксандр Палубінскі з паручнікамі выехаў да Вільні, на ягонае месца Сапега паставіў Мікалая Юдзіцкага, пасля чаго і сам ад'ехаў да Вільні, каб давяршаць аблогу сталіцы. Войска ж было накіравана на зімовыя кватэры: правае крыло - у Браслаўскі і Ашмянскі паветы, левае - паміж Глыбокім і Магілевам.

 

А на поўдні Беларусі падзеі ішлі сваёй хадою. Яшчэ ў гады замірэння аддаленае ад цэнтра краіны Палессе цярпела ад казацкіх наездаў. Павел Сапега неаднаразова высылаў туды ўніверсалы з заклікам «абараняць цэласць свайго павета і ўсёй айчыны», а харужы Пінскага павета Васіль Орда раз за разам збіраў шляхецкае рушанне. Для ліквідацыі казацкіх бандаў, што рабавалі Піншчыну, вялікі гетман накіраваў туды ўвосень 1657 г. 2 татарскія і 1 драгунскую харугвы - на дапамогу павятоваму войску. Аднак наезды не спыняліся. Украінская казацкая старшына, маючы да гэтых абшараў асаблівы інтарэс, імкнулася падпарадкаваць іх калі не сілай, дык хоць дыпламатычна. З гэтай мэтай яшчэ ў жніўні 1657 г. паслы Багдана Хмяльніцкага падпісалі дамову з дэлегатам ад Пінскага павета, на што шляхта Піншчыны выказала пратэст, падкрэсліўшы, што дэлегат дзейнічаў «насуперак усялякай слушнасці» ды што яны нікога не жадаюць браць сабе ўладаром, - «пагатоў пана гетмана Запарожскага».

 

Асабліва цярпеў Пінскі павет у 1660 г. Для нападаў на гэтыя землі казакі аб'ядноўваліся з маскоўскім войскам. У іх акцыях бралі ўдзел валашчане ды мяшчане тураўскія і нават давыд-гарадоцкія. Адбіваць непрыяцеля мусіў полк Самуля Аскіркі, а таксама павятовае рушанне Васіля Орды, якое ў сакавіку, напрыклад, збіралася ў Моталі. Тым не менш Пінск не ўнік новага спусташэння. Пры канцы чэрвеня - пачатку ліпеня чужынцы («непрыяцель масквіцін з казакамі») пры падтрымцы тураўцаў напалі на яго, «горад, касцёлы, цэрквы Божыя агнём папалілі, капланаў, шляхту, шляхцянак, мяшчанаў каго спаймалі, - адных тыранска мучылі, пазабівалі, другіх у няволю пабралі» і ўсе двары нератварылі ў попел. Вяртаючыся, яны абрабавалі і знішчылі таксама вёскі Асавец, Вяляцічы, Шаламічы, Ціўравічы ды інш. Пасля гэтага вялікі гетман прыслаў на ахову павета 5 драгунскіх харугваў. Але й у жніўні казацкі табар стаяў у Давыд-Гарадку, а кіраваў казакамі тут нехта Карней, падпарадкаваны кіеўскаму палкоўніку Дварэцкаму. Адзін са схопленых казакаў на допыце патлумачыў, што іх загоны «за Гарынню непаляць, бо сабе па Гарынь мяжу закладаюць».

 

Пастаўленая на зіму ў паўночных раёнах Беларусі дывізія Паца ніяк не магла там пракарміцца дзеля поўнай спустошанасці краю. Дывізія ж Сапегі, раскватараваная на захадзе Беларусі, трапіла ў лепшыя ўмовы. Гэта стала прычынай новага абвастрэння дачыненняў паміж імі. 2 студзеня 1661 г. у Чашніках адбылася сустрэча кіраўнікоў дывізіяў. Войска правага крыла прадстаўляў Юдзіцкі, а левага - упіцкі стараста Падбярэзскі, які замяняў Паца. Першы прапанаваў размясціць абедзьве дывізіі пад Глыбокім, каб супольна дзейнічаць супраць непрыяцеля. Але праект аб'яднання дывізіяў выклікаў адмоўную рэакцыю ў людзей Паца. Пагадзіліся толькі падзяліць прысланыя дзяржаваю грошы. А 6 студзеня ў Вяжычах сустрэліся дэпутаты ад харугваў левага крыла ды выбралі пасла, які б паехаў да караля са скаргамі на вялікага гетмана. Гетманаўская ўлада Сапегі дэманстратыўна ігнаравалася. Гэты ж з'езд пастанавіў, каб уся пацаўская дывізія ішла зімаваць на Браслаўшчыну, у раёны, менш вынішчаныя, чым Усходняя Беларусь. Пры гэтым пераход трэба было зрабіць хутчэй за войска правага крыла.

 

Сапегу не ставала сілы і ўлады (хоць фармальна ці меў нехта ўлады больш за вялікага гетмана! ), каб прымусіць харугвы жамойцкай дывізіі выконваць ягоны загад. Ён пагражаў Пацу рэпрэсіямі, а таму толькі гэтага і не хапала, каб напісаць каралю і вялікаму князю чарговую скаргу на старога гетмана, зняважыць свайго суперніка. Пры моцнай падтрымцы каралеўскага двара і канцлера Крыштапа Паца кіраўніку жамойцкай дывізіі не было чаго баяцца. Ужо 10 студзеня ўсё войска левага крыла паротна пачало рухацца да Глыбокага, а праз які тыдзень пайшло на Браслаў. Потым Пац збіраў роты пад Дрысвятамі для барацьбы з маскоўскімі аддзеламі Івана Палуехтава, які дзейнічаў з Дынабурга. Але пасля некалькіх сутычак паміж Пацам і Палуехтавым была падпісаная дамова пра замірэнне на 6 тыдняў.

 

Вясна 1661 г. прайшла на маскоўскім фронце даволі ціха. Харугвы жамойцкай дывізіі былі раскватараваныя паміж Дынабургам і Друяй, а сапежынскай - уздоўж Дзвіны, па лініі Дзісна - Чашнікі - Чарэя. На пачатку сакавіка 1661 г. Хаванскі з часткай войска пакінуў Полацак і пайшоў на Пскоў. Вярнуўся пад Полацак ён толькі ў ліпені. Маскоўскі ўрад тым часам спяшаўся ўмацаваць свае сілы на паўночнай Беларусі, у прыватнасці полацкую залогу. У Тарапец і Вялікія Лукі быў высланы ваявода Юры Шахоўскі, які меў загад мабілізаваць не толькі служылых людзей і «недарасляў», але нават сялянаў сабраць, «колькі можна». Шахоўскі ды Ардзін-Нашчокін з палком мусілі ісці на злучэнне з Хаванскім.

 

Пры зацішшы на галоўным тэатры вайны партызаны працягвалі дзейнічаць. Таго году ідэя вызвалення настолькі ўмацавалася на акупаванай тэрыторыі, што ў шэрагу гарадоў дайшло да паўстання. Першымі ўзняліся жыхары Магілева. Хоць у горадзе стаяла моцная царская залога (каля 2 тысячаў чалавек)*, мяшчане, не баючыся здрады, папярэдне распрацавалі план паўстання, паводле якога ўсе гаспадары, у якіх стаялі па хатах маскоўскія ратнікі, мусілі абясшкодзіць іх зброю (дастаць крэмень ці як-небудзь папсаваць яе), і 10 лютага на заклік бурмістра Язэпа Левановіча напасці на непрыяцеля. Але калі 1 лютага на рынку царскія ваяўнікі пачалі зноў крыўдзіць і зневажаць магілеўскіх гандлярак, прагучаў умоўны кліч «Пара! Пара! » - і паўстанне пачалося раней за прызначаны тэрмін [7, т. 2, с. ХVІІІ]. На дапамогу мяшчанам неўзабаве прыйшлі выпушчаныя з турмы ваеннапалонныя, і за некалькі гадзінаў напружанага бою была знішчаная практычна ўся маскоўская залога. Уцякло толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане... изменили... ратных людей в Могилеве всех порубили» [5, т. 3, с. 324]. Сямён Гарчакоў, Мацей Палуехтаў, стралецкі галава Сафон Чэкін ды колькі афіцэраў былі ўзятыя ў палон і перададзеныя рэгулярнаму войску Рэчы Паспалітай.

 

* Паводле іншых звестак - 7 тысячаў.

 

За гэты гераічны чын найбольш актыўныя ўдзельнікі паўстання атрымалі шляхецтва, а самому месту Магілеву была дадзена вялікая пячатка. Затое ў Маскве патрыярх Нікан пракляў магілеўцаў. Ім неаднойчы пагражала помста царскіх ваяўнікоў за лютаўскае паўстанне (асабліва ўлетку 1661 г., калі Магілеў штурмавалі маскоўскія аддзелы, якія падышлі ад Старога Быхава, ды ў чэрвені 1666 г., калі да горада падышоў з войскам Якаў Чаркаскі).

 

У Падняпроўі тады дзейнічалі палкоўнікі Самуль Кміціч і Гальяш Сурын. На прыклад Магілева крычаўцы таксама, ужо трэцім разам, расправіліся з непрыяцельскай залогай ды адкрылі браму сваім. Тое ж зрабіў Чачэрск. Мяшчане Дзісны два разы пісалі генералу артылерыі Мікалаю Юдзіцкаму ў Даўгінава, каб той прыйшоў да іх пад горад, і яны здадуць яму Дзісну, затым трэці раз пісалі пра тое ажно ў Пустаржэўскі ўезд, куды хадзілі харугвы Юдзіцкага, пакуль ён не з'явіўся пад Дзіснай і не прыняў горад з рук мяшчанаў [5, т. 3, с. 347, 365]. Летам кароль і вялікі князь асобнай граматай адзначыў гераізм дзісенцаў, якія «ўсіх маскоўскіх людзей, што ў Дзісне заставаліся, высеклі і замак ад непрыяцеля вызвалілі», і дараваў амністыю каменданту за ранейшую капітуляцыю перад царскім войскам.

 

Полацак таксама рыхтаваўся да паўстання. Увесну там пры невялікай колькасці жыхароў (да 3000 чалавек) канцэнтраваліся значныя сілы маскоўскага войска: толькі стральцоў 992, а ў дадатак - драгунскія і салдацкія палкі. Ваявода Вялікі-Гагін баяўся адыходу салдатаў і драгунаў, бо ад полацкіх мяшчанаў і шляхты чакаў «шатости», прасіў падмацаванняў. Палачане ў красавіку і сапраўды пісалі да вялікага гетмана Паўла Сапегі, каб ён толькі падышоў з харугвамі пад горад, «а яны Полацак яму здадуць» [5, т. 3, с. 365].

 

І ў ліпені 1661 г. ваявода паведамляў цару, што полацкія мяшчане на чале з бурмістрамі Кузьмой Навумовічам і Рыгорам Паўкам хочуць здаць горад войску Вялікага Княства. Ад павятовых мужыкоў, адзначаў ён, даводзіцца «чаять измены». Полацкую шляхту і казакаў князь Вялікі-Гагін нікуды не выпускаў, бо «у них у многих сродичи в измене, и от них чаять того же». Пра здачу напісалі Юдзіцкаму і жыхары Себежа, і, калі пад горад падышло войска Вялікага Княства Літоўскага, яны схапілі маскоўскага начальніка з ягонымі ратнікамі, а Себеж адкрылі сваім.

 

У траўні дайшло да пераносу ваенных дзеянняў на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы, прычым выконвалася гэта галоўным чынам сіламі партызанаў. Генерал артылерыі і наваградскі кашталян Мікалай Юдзіцкі разаслаў лісты жыхарам Полацкага і Себежскага паветаў, у якіх казаў мужыкам збірацца ў аддзелы ды ісці вайною на Апоцкі і Пустаржэўскі ўезды. І сяляне ўзняліся. Яны стварылі партызанскія аддзелы па 500 і больш чалавек ды пачалі хадзіць пад Апочку і Пустаржэў, дзе чынілі значную шкоду краю, займалі сяленні ды нападалі на царскае войска. А Юдзіцкі збіраўся прывесці на падмогу партызанам сваю конніцу [5, т. 3, с. 384].

 

Пры такой актывізацыі ваенных дзеянняў у Беларусі пачыналася лета 1661 г., калі адбылася яшчэ адна падзея, якая істотна паўплывала на мілітарную сітуацыю.

 

Высільваючыся на два фронты, маскоўскі ўрад вырашыў як найхутчэй памірыцца са Швецыяй, каб вызваліць дадатковыя сілы для вайны з Рэччу Паспалітай. Шведы былі таксама не супраць замірэння, бо яны ўсё яшчэ ваявалі з Даніяй. І вось у сакавіку 1661 г. у Кардзісе, паміж Дэрптам і Рэвелем, пачаліся доўгія і цяжкія перамовы Масквы са Стакгольмам.

 

Згодна з тэкстам «вечнага міру», падпісанага толькі 21 чэрвеня, Маскоўская дзяржава саступала Швецыі ўсе захопленыя раней у Інфлянтах гарады - Кокенгаўзэн, Дэрпт, Марыенбург, Нэйгаўзэн і інш., пры гэтым абавязвалася пакінуць у фартэцыях артылерыю і хлебныя запасы - 15 тысячаў бочак зерня. Усе палонныя абменьваліся без выкупу. Праўда, у маскоўскай рэдакцыі дамовы было дапісана, што артыкул аб абмене не тычыцца тых палонных, якія не жадаюць выязджаць з Маскоўскай дзяржавы ці якія там добраахвотна перахрысціліся ў праваслаўе. І першае, і другое практычна не падлягала кантролю. Усё гэта абурыла шведскі бок. Выбухнула дыпламатычная сварка, якая трывала яшчэ, бадай, дзесяцігоддзе.

 

Кардзіскі мір адлюстраваў усю марнасць вайны Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй. Масква мусіла вярнуцца да ўмоў Стаўбоўскага замірэння 1617 г. Але царскі ўрад радаваўся і з гэтага. Цяпер паспешліва здымаліся палкі са шведскага фронту і перакідваліся на тэрыторыю Беларусі. Для вайны з Рэччу Паспалітай спрабавалі наняць нават шведаў. У Галандыі зноў была арганізаваная масавая закупка зброі. А крымскаму хану, каб разарваць ягоны хаўрус з Янам Казімірам, паслы Аляксея Міхайлавіча прапаноўвалі штогадовую ўзнагароду 50 тысячаў рублёў [39, с. 53].

 

 

ЗМАРНАВАНЫЯ ШАНЦЫ

 

 

 

Апошняя спроба паставіць непрыяцеля на

 

калені, апошняя спроба прадыктаваць

 

цвёрдыя ўмовы замірэння...

 

Гісторык Збігнеў Вуйцік

 

 

 

Летам 1661 г. Хаванскі зноў зграмадзіў у Полацку вялікую армію. Абапіраючыся на фартэцыю, ён мог цяпер праводзіць мабільныя акцыі на абшарах усяго Падзвіння. Неаднаразова пабіты ваявода прагнуў баявога рэваншу. Войска Міхала Паца стаяла тады каля Друі, а дывізія правага крыла, якой кіраваў Мікалай Юдзіцкі, - паўз Дзісну. Каб здабыць інфармацыю аб баяздольнасці і намерах непрыяцеля, абозны Вялікага Княства Літоўскага выслаў у канцы ліпеня пад Полацак моцны пад'езд на чале з ротмістрам Крыштапам Адахоўскім - 15 харугваў панцырных, што складала паўтары тысячы вершнікаў. Неспадзявана з'явіўшыся каля Полацка, Адахоўскі пабіў ворага і нават узяў шмат «языкоў», ды пры вяртанні сутыкнуўся з маскоўскай пяхотай і пацярпеў паразу. Хаванскі пасля далучэння да яго палка Ардзін-Нашчокіна не стрымаўся і сам рушыў на войска Вялікага Княства. Цяпер ягоныя сілы па колькасці значна пераўзыходзілі дывізіі Сапегі і Паца. Маскоўская армія рухалася правым берагам Дзвіны проста на Дзісну, дзе стаяла войска правага крыла. У той небяспечнай сітуацыі Міхал Пац пагадзіўся з неабходнасцю аб'яднацца і паспяшаўся таксама да Дзісны, дзе дывізіі злучыліся. Наблізіўшыся адна да адной, абедзьве арміі былі гатовыя да бітвы, але іх раздзяляла Дзвіна. Ратнікі Хаванскага хацелі дабудаваць мост, каб перабрацца на левы бераг, аднак туды паспела падысці колькі харугваў гусараў і дзве драгунскія роты Княства ды пачалі ставіць умацаванні ля самой вады. Абстрэльваючы іх з мушкетаў і артылерыі, царскае войска цэлы дзень спрабавала адкінуць гэтыя кволыя сілы ды ўсё ж пераправіцца цераз Дзвіну. На шчасце, пад вечар сюды прыйшла ўся дывізія правага крыла. Цяпер пра пераправу Хаванскага не магло быць і размовы. Больш за тыдзень царскі ваявода стаяў перад абозам, абстрэльваў левы бераг з гарматаў, а пасля павёў усю сваю армію назад да Полацка, каб перайсці Дзвіну там. Войска Вялікага Княства пайшло насустрач непрыяцелю і 27 жніўня спынілася на полі каля вёскі Палудавічы. Праз дзень адсюль да Хаванскага выправіўся моцны пад'езд (блізу 4 тысячаў коннікаў), які, аднак, вярнуўся ні з чым. Яшчэ праз колькі дзён ужо Хаванскі прыслаў сюды свой пяцітысячны пад'езд для выведкі. Усё скончылася сутычкай ды палоннымі з абодвух бакоў.

 

Якраз 6 верасня ў абоз пад Палудавічы вярнуліся вайсковыя паслы з Варшаўскага сойму. Сойм, на якім мусіла развязацца пытанне выплаты грошай жаўнерам ды праблема заспакаення войска наагул, разглядзеў гэта зусім павярхоўна. Затое куды больш сур'ёзна абмяркоўвалася магчымасць элекцыі новага манарха пры жыцці Яна Казіміра. Былі ўхваленыя новыя высокія падаткі, узнагароджаны паасобныя жаўнеры - вось усё, што зрабіў сойм для арміі Вялікага Княства, якая немаведама чым яшчэ трымалася. У дадатак да абедзвюх дывізіяў прыслалі каралеўскіх камісараў [74, s. 31].

 

Абураныя жаўнеры сабралі свой рэляцыйны соймік, на якім абмяркоўвалі невясёлыя весткі з Варшавы. Вінаватых шукалі сярод сенатараў і магнатаў Вялікага Княства. Асабліва скампраметавана выглядалі галоўныя кіраўнікі - гетман Сапега ды Пацы, якіх выкрывалі ў карупцыі, ігнараванні агульнадзяржаўных інтарэсаў, розных непрыстойнасцях. Жаўнеры не маглі зразумець, чаму Сапегу ды Пацам былі вернутыя вялізныя сумы грошай (Сапегу, прыкладам, 100000 злотых), растрачаных тымі ў дзяржаўных патрэбах, а для выплаты старых даўгоў войску сродкаў не знайшлося? Нямала абвінавачванняў прагучала на адрас, бадай, усёй вайсковай старшыны, якую Пац ды Сапега падбіралі, натуральна ж, са сваіх людзей. Войска не жадала больш падпарадкоўвацца Сапегу, Пацу, Юдзіцкаму, усім палкоўнікам і шэрагу ніжэйшых афіцэраў. Так, у стане агульнага абурэння і ўзрушанасці 7 верасня пад Палудавічамі пачала стварацца канфедэрацыя войска Вялікага Княства Літоўскага. Праз тры дні было абрана кіраўніцтва - маршалак Казімір Жаромскі, віленскі стольнік, і 12 ягоных дараднікаў.

 

Новы правадыр адразу выслаў моцны пад'езд конніцы пераймаць царскую казну, а 19 верасня сканфедэраванае войска ўзялося дарабляць мост праз Дзвіну і перапраўляцца на правы бераг - у стары лагер Хаванскага, пакінуты царскімі ратнікамі. Праўдападобна, што нейкая колькасць харугваў, нанятых самім Пацам, не далучылася да апазіцыйнага вайсковага хаўрусу, а пайшла з абозным на Падляшша, да ваяводы Чарнецкага. Ледзь толькі паспела войска Жаромскага размясціцца ва ўмацаваным лагеры, як адразу з'явіўся і сам Хаванскі. Пасля дробных сутычак маскоўскія палкі адышлі ў бок Полацка. Лагер за час перадышкі быў умацаваны яшчэ лепш: па ўсёй акружнасці жаўнеры выкапалі два акопы з брустверамі, зрабілі шанцы ды высеклі лес, які занадта блізка падступаўся да лагера з таго боку, адкуль чакалі непрыяцеля. Цяпер канфедэраты адчувалі сябе � пакайней. Аднак колькасная перавага непрыяцеля не выклікала аптымізму: Хаванскі, аб'яднаны з Нашчокіным, меў не менш чым 20-тысячную армію, тады як пры маршалку Жаромскім было каля 12 тысячаў жаўнераў. У 1661 г. усё войска Вялікага Княства Літоўскага ўжо не складала ранейшых 22 тысячаў, так што адданых вялікаму гетману ды манарху харугваў заставалася яшчэ меней.

 

Хутка канфедэраты неспадзявана панеслі значныя страты. Спачатку 14 кастрычніка быў разбіты пад'езд палявога пісара Катоўскага, з сямі ротаў якога тры ўцяклі, страціўшы свае штандары, а са складу астатніх большая частка вершнікаў трапіла ў палон. Затым 18 кастрычніка адбылася бітва галоўных сілаў. Калі маскоўскія ратнікі непадалёку ад лагера Жаромскага напалі на невялікі пад'езд Адахоўскага, на пабаявішча мусілі выйсці ўсе харугвы маршалка, а праз момант перад імі ўжо выраслі ў лесе гатовыя да бою шыхты ратнікаў Хаванскага ды загрукаталі маскоўскія гарматы. Шэсць разоў, кідаючыся ў атаку, войска Вялікага Княства пераходзіла праз дзве ручаіны, якія раздзялялі пазіцыі арміяў. Дзейнічаць давялося ў вузкай, нязручнай мясцовасці, так што большасць харугваў не магла браць удзелу ў сечы, а толькі назірала за ёй. Колькасць забітых і параненых жаўнераў, страчаных коняў у той дзень засмуціла канфедэратаў. Пасля гэтага, сабраўшыся ў абозе, яны вырашылі служыць толькі да 11 лістапада таго ж года.

 

Вялікі гетман Сапега, Пац і Ян Казімір намагаліся хутчэй зліквідаваць канфедэрацыю Вялікага Княства ды выратаваць сітуацыю на маскоўскім фронце. Больш таго, каралеўскі двор планаваў правесці восенню маштабную наступальную кампанію, ачысціць ад акупантаў Падняпроўе. Такі план адпавядаў бы ўхвалам Варшаўскага сойма, на якім пры абмеркаванні магчымага замірэння ў прысутнасці царскага пасла дэпутаты адкінулі ўмовы маскоўскага боку ды вырашылі працягваць вайну [5, т. 3, с. 425]. Але канфедэраты пільна сачылі за дзеяннямі скампраметаванага кіраўніцтва і стараліся нейтралізаваць захады, скіраваныя на іх раскол. За спробу дапамагчы Міхалу Пацу ўзяць апазіцыйны вайсковы хаўрус пад свой уплыў быў забіты «цнатлівы сярод цнатлівых» ротмістар Крыштап Адахоўскі і паранены паручнік абознага Акольскі. У абоз пад Кушлікі прыехалі дэлегаты ад польскіх канфедэратаў, якія ўтварылі свой супрацьурадавы хаўрус яшчэ ў ліпені 1661 г. і мелі за маршалка Самуіла Свідэрскага. Дзякуючы сустрэчы паўстала ліга канфедэрацый Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага, злучаных сталай карэспандэнцыяй і супрацоўніцтвам.

 

Некалькі тыдняў пасля буйнай бітвы 18 кастрычніка Хаванскі не адступаўся ад лагера Жаромскага. За ўвесь гэты час да канфедэратаў на падмогу прыйшлі толькі харугвы Кміціча і Хлявінскага. Іх з'яўленне не змяніла дыспрапорцыі сілаў, і сыход новай бітвы для войска Вялікага Княства, бадай, не мог быць лепшым за папярэдні. Але на пачатку лістапада пад абоз канфедэратаў падышла каронная дывізія Чарнецкага. Гэта радыкальна памяняла сітуацыю. Далучыліся таксама адданыя каралю роты Вялікага Княства Літоўскага, якія ішлі пад Кушлікі з Янам Казімірам. Сам жа кароль, жадаючы асцярожна абясшкодзіць вайсковы хаўрус і зліквідаваць канфедэрацыю, да лагера пакуль не спяшаўся, бо высланы ім зварот да жаўнераў-канфедэратаў выклікаў адмоўную рэакцыю войска. Вузкае прыдворнае кола, асабліва абодва канцлеры - каронны і вялікакняскі, усур'ёз разглядалі магчымасць гвалтоўнага задушэння Братэрскага хаўрусу (так называлася канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага). З улікам гэтага і дывізія Чарнецкага займала каля мяцежнага войска адпаведныя пазіцыі.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.