|
|||
Генадзь Сагановіч 7 страница
У траўні 1658 г. царскія паслы змаглі дамовіцца са шведскімі пра часовае спыненне ваенных дзеянняў для пачатку перамоваў. Гэта быў важны поспех маскоўскай дыпламатыі, які пасля лістападаўскіх сустрэчаў са шведамі пад Нарвай у снежні таго ж года прывёў да падпісання акта аб трохгадовым замірэнні. Аляксей Міхайлавіч мог цяпер усю мілітарную сілу дзяржавы зноў скіраваць на Рэч Паспалітую. Праўда, і каралеўскія дыпламаты не марнавалі часу. Ужо вялася падрыхтоўка да перамоваў са Швецыяй (пагадненне з сямігародскім князем Георгам Ракочы было падпісана яшчэ ў 1657 г. ), а 16 верасня ў казацкім абозе пад Пуціўлем, недалёка ад мяжы з Маскоўскай дзяржавай, камісары Бянеўскі ды Еўлашэўскі дасягнулі грандыёзнага поспеху - падпісалі пагадненне аб вяртанні Ўкраіны ў склад Рэчы Паспалітай. Паводле тэксту Гадзяцкай дамовы, пад якой ад украінскага боку паставіў подпіс новы гетман Запарожскага Войска, былы пісар Хмяльніцкага Іван Выгоўскі, з Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяводстваў утварылася асобная дзяржава, якая аб'ядноўвалася з Каронай Польскай на прынцыпах федэрацыі, - на ўзор федэратыўнага аб'яднання з Польскім каралеўствам Вялікага Княства Літоўскага. Як і Княства, украінская дзяржава магла мець уласныя грошы, войска ды іншыя атрыбуты самастойнасці. Колькасць Запарожскага Войска скарачалася да 30 тысячаў. З кожнага казацкага палка (іх было 14) па сто казакаў атрымлівалі шляхецва. Усім шляхцічам, якія за гады вайны пераходзілі на бок Хмяльніцкага ці Выгоўскага, урад Рэчы Паспалітае гарантаваў амністыю, а жыхарам праваслаўнага веравызнання - роўнае з каталікамі права займаць кіраўнічыя дзяржаўныя пасады. Пагадненне прадугледжвала свабоду праваслаўнай царквы на тэрыторыі Кароны з выкарыстаннем украінскае мовы ў набажэнствах, гэтаксама як свабоду касцёла ў межах Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяводстваў. Кіеўскі мітрапаліт разам з уладыкамі луцкім, львоўскім ды іншымі (у тым ліку і амсціслаўскім) уключаўся ў склад сената Рэчы Паспалітае. Апрача ўсяго, было вырашана стварыць у Кіеве акадэмію з такімі ж кампетэнцыямі і свабодамі, як у Кракаве. Працаваць у ёй маглі прафесары як праваслаўнага, так і каталіцкага веравызнання. Яшчэ адну падобную акадэмію прадугледжвалася закласці ў другім горадзе, магчыма - у Вялікім Княстве Літоўскім. Скрозь дазвалялася адкрываць гімназіі, калегіюмы, школы, бібліятэкі, друкарні, якія б забяспечвалі насельніцтва літаратурай праваслаўнага зместу.
Гадзяцкая дамова магла лічыцца дыпламатычнай перамогай абодвух бакоў адначасова, хоць найбольш яна задавальняла, відаць, гетмана Выгоўскага. Прынятыя ўмовы цалкам адпавядалі інтарэсам украінскай казацкай старшыны. Пасля ратыфікацыі пагаднення соймам Рэчы Паспалітай шляхта атрымлівала права вяртацца да сваіх маёнткаў на Ўкраіну. У выпадку ўзброенага супрацьдзеяння цара вайну з ім павялі б агульнымі сіламі. Такая была дамоўленасць...
Да пачатку ваенных дзеянняў заставалася зрабіць крок. Ды ў сапраўднасці яны пачаліся яшчэ ў кастрычніку 1658 г., калі гетманы Сапега і Гасеўскі падышлі да самай Вільні. Тут Вінцэнт Гасеўскі заатакаваў і пабіў войска Далгарукага, адабраўшы пры гэтым у маскоўскага ваяводы царскую казну. Аднак праз колькі дзён ужо Далгагукі, выбраўшы момант, напаў на Гасеўскага. Бой праходзіў у вёсцы Веркі. Палявы гетман выйшаў супраць маскоўскага войска, маючы толькі паўтары тысячы конніцы, бо астатняя частка дывізіі тады яшчэ знаходзілася на Жамойці, дзе, узначаленая абозным Самулем Камароўскім, вяла барацьбу супраць шведскага фельдмаршала Роберта Дугласа. Харугвы палявога гетмана былі разбітыя, абоз захоплены, ды галоўнае, што ў рукі маскоўцаў трапіў і сам Гасеўскі. Навіна адразу панеслася ў Маскву. Калі яшчэ царскае войска брала ў палон гетмана!
Значная частка віны за драму пад Веркамі тады ўскладвалася на Паўла Сапегу, які быў блізка і мог дапамагчы сваім. Але вялікі гетман не дапамог. Застаўшыся адзін, ён мусіў адступіць у бок Наваградка. Гэтак згубна ўплывалі на ход ваенных дзеянняў асабістыя антыпатыі абодвух гетманаў.
Цікава, што таго ж дня, калі ваявода Далгарукі захапіў пад Вільняй падскарбія і палявога гетмана Вялікага Княства, шведы ўзялі ў палон князя Курляндыі Якуба Кетлера з ягонай жонкай, дачкой брандэнбургскага электара, ды ўсёй сям'ёй, пасля чаго цэлая Курляндыя паддалася шведам.
АКУПАНТЫ І ПАРТЫЗАНЫ
А здешних, государь, краев люди ненадежны.
Ваявода Мікіта Бабарыкін
Для заняволенай, але так дарэшты і не падпарадкаванай Беларусі падпісанне Віленскага пагаднення мала што змяніла. Як і ў ваенным часе, людзей тут абдзіралі, бралі ў няволю, забівалі. Насельніцтва цярпела ад маскоўскіх гарнізонаў, ад казакаў, ад шведаў, а ў дадатак - і ад сваіх здэмаралізаваных жаўнераў, асабліва ад наймітаў. «Сапраўды, варта шкадавання, калі невядома, ці больш ад непрыяцеля мусіць цярпець вясковец, ці ад жаўнера», - пісаў тады канцлер Вялікага Княства Альбрэхт Радзівіл ды адзначаў, што імя жаўнера стала замяняцца імем рабаўніка [28а, s. 434]. Асабліва вызначыўся палкоўнік Ян Кароль Лісоўскі, тысячны аддзел якога яшчэ ўвосень 1655 г., ідучы з поўначы Беларусі на Берасцейшчыну, на злучэнне з Паўлам Сапегам, рабаваў па дарозе ўсё, што толькі мог. Потым, перакінуўшыся на бок непрыяцеля, жаўнеры Лісоўскага займаліся марадзёрствам у Менскім ды Полацкім паветах. На «лісаўчукоў» скардзіліся і на беларускім Палессі (напрыклад, пінскі габрай Давыд Літмановіч), і на Полаччыне, жыхары якой так і казалі, што ім «Масква больш не шкодзіла, чымся пан Лісоўскі, калі з людзьмі сваімі ў край наш прыйшоў ды пад руку цара Маскоўскага аддаўся». Калі пазней Лісоўскі зноў вярнуўся на бок Рэчы Паспалітай і ў яго запыталі, чаму ён гэтак рабіў, той адказаў: «На тое ж была вайна... » [92, s. 77].
Але сама страшнымі былі, бясспрэчна, дзеянні царскіх ваяўнікоў. Яшчэ напрыканцы 1655 г. ковенскі земскі суддзя Стэфан Мядэкша запісаў, праехаўшы па беларускім Панямонні, што тут скрозь «трупаў па дарогах поўна, вёскі, мястэчкі, сядзібы папаленыя, беднай хаткі цяжка пабачыць цэлай [29, s. 18]. Менскі павет, згодна з паведамленнем саміх жа маскоўскіх ваяводаў, у 1656 г. ужо быў «весь пуст и выжжен», а сяляне разбягаліся, хто куды, каб не памерці ад голаду. У Койданаве на той час было «мещан и крестьян... только дымов со двести... и те все пограблены, разорены до остатку», а жыхары скардзіліся, што таксама паміраюць ад голаду [9, с. 202]. Шклоўскі павет у 1658 г. быў настолькі спустошаны, а «села и деревни позжены», што войска царскага ваяводы Далгарукага, маючы загад стаяць на Шклоўшчыне, мусіла адыходзіць на Смаленск, каб хоць неяк пракарміцца [5, т. 2, с. 615]. Тое ж было на Друйшчыне, дзе пагаспадарылі казакі. І гэтак - амаль па ўсёй Беларусі. Хіба толькі заходнім землям крыху пашчасціла, бо яны з шэрагу прычынаў пацярпелі параўнальна менш.
З падпісаннем пагаднення насельніцтву мусіла б стаць спакайней, аднак гвалту бадай не паменела. У 1657 г. полацкая шляхта пісала ў скарзе, што ўсё Полацкае ваяводства «от войска царя... под Ригу и с под Риги идучи, ни во что спустошено», а шляхта Віцебскага ваяводства прасіла абароны ад маскоўскіх салдатаў і стральцоў, якія «насилством ночью на маетности шляхетские и на крестьянские дворы... находят и наезжают и огнем жгут и до смерти побивают... » [11, с. 69, 72, 273]. Ашмянская шляхта жалілася, што маскоўскія залогі «гумна молотят, местечка и села наезжаючи, людей мучат... животину что сыщут всю емлют» ды яшчэ пагражаюць, што «имеют приказ рубити и в полон их имати». Нават епіскап полацкі і віцебскі Каліст, заўзяты прыхільнік праваслаўнага маскоўскага манарха, не вытрымаў і напісаў ваяводу Івану Хаванскаму адчайны ліст, што Полацкае ваяводства ўжо вынішчана дазвання. «Навошта столькі крыўды, раскрадання, пакутаў і забойства ў гарадах і ў вёсках, у лясах і на полі, за што ў кожным месцы чуецца плач і ліюцца слёзы? » - пытаўся ён, апелюючы да хрысціянскае маралі [11, с. 131-132].
Звычайна людзі ўцякалі ад гвалту ў лясы ці ў яшчэ глухія невядомыя чужынцам вёскі, але царская адміністрацыя і там знаходзіла іх ды сілай вяртала ў гарады і мястэчкі пад свой кантроль. Прыкладам такога «дабрадзейства» былі падзеі ў Вільні, калі цар загадаў ваяводу Шахоўскаму вяртаць шляхту, мяшчанаў і сялянаў, якія разбегліся па ваколіцах, абяцаючы ім ранейшую зямлю, але калі тыя не прыйдуць у Вільню - высылаць на іх войска, непаслухмяных хапаць і кідаць у віленскі астрог.
Ад мноства непахаваных трупаў людзей і жывёлаў лютавалі эпідэміі. Зараза з'явілася ў Беларусі яшчэ на пачатку вайны і, праўдападобна, прыйшла з тэрыторыі Маскоўшчыны, дзе ў 1654 г. быў вялікі мор, але апагей гэтай бяды прыпаў на час замірэння. Эпідэмія суправаджалася страшэнным голадам. Увесну 1656 г. рэшткі незабранага збожжа папсавалі палявыя мышы, што сапраўдным нашэсцем накінуліся на край, асабліва на Менскае ваяводства. Пасля гэтага «голад страшны настаў, які трываў аж да жніва 1657 г., так што катоў, сабак, здыхляціну ўсялякую елі, а на астатак людзей рэзалі і целы людзкія елі і памерлым трупам людзкім у дамавіне выляжацца не давалі», - пісаў, сам перажыўшы ўсё тое, слуцкі шляхціч Ян Цадроўскі [25, s. 146]. Пра тое ж не раз паведамлялася ў афіцыйных дакументах царскай адміністрацыі: што ў Беларусі «не токмо что мертвечину и всякую нечистоту, но и плоти человеческие едят... » [6, т. 3, с. 576, 578, 582]. Маштабы бязлітаснай эпідэміі, якая запанавала на беларускай зямлі, цяжка ўяўляюцца. Паводле запісаў Мядэкшы, памерлыя ляжалі паўз дарогі, іх не было каму пахаваць, а сабакі, жывячыся мерцвякамі, разносілі заразу далей. Найбольш пацярпелі ад пошасці, відаць, Менскае ды Берасцейскае ваяводствы. Шмат людзей памерла ў самім Менску, дзе не ўбярогся ад смерці і царскі ваявода Хведар Арсеньеў. Калі Стэфан Мядэкша ехаў да Шарамецева ў Барысаў, той загадаў да Менска не набліжацца і з ніводным чалавекам з Менскай залогі не сустракацца.
У 1658 г. эпідэмія ўспыхнула з новай сілай*. Ратуючыся, маскоўскія ваяводы ставілі на дарогах заставы, рабілі засекі. А цар наракаў, што з прычыны мору ён атрымлівае надта мала інфармацыі з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага...
* Лютавала тады яна і ў Вільні. Аднак, калі віленчукі памкнуліся ратавацца ад пошасці, з якой ужо паміралі людзі ў самым горадзе, на пасадзе і ў слабодах за Вяллёй, царскі ваявода Шахоўскі загадаў «закрыть ворота все» ды «из города мещан пропущать не велел». Праўда, па якім часе ўсё ж мусіў дазволіць ім выйсці ды жыць на палях, у лесе, па вёсках і мястэчках, але папярэдне ўзяў з кожнага падпіску аб вернасці маскоўскаму цару.
У тыя гады на занятых абшарах Аляксей Міхайлавіч нават рэлігію зрабіў сваёй зброяй. Правам на існаванне тут надзялялі толькі адну канфесію - праваслаўную. Ацалелыя неправаслаўныя храмы ці зачыняліся, ці перадаваліся святарам грэцкага абраду, як, прыкладам, у Смаленску ды ў Старым Быхаве, дзе цар загадаў «в каменном костеле быть соборной церкви». Людзі апынуліся ў такім становішчы, што часам трэба было пераходзіць у праваслаўную веру адно дзеля таго, каб выжыць, каб не памерці з голаду [5, т. 3, с. 101]. Асабліва даставалася вуніяцкай царкве. Сам вуніяцкі мітрапаліт ратаваўся толькі тым, што таемна пераходзіў з месца на месца, несучы з сабою рэшткі мошчаў полацкага вуніяцкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча, якія да вайны захоўваліся ў Полацку.
Ідучы на часовае замірэнне ў 1656 г., маскоўскі ўрад мусіў часткова карэктаваць сваю палітыку да касцёла. Каб нейтралізаваць каталіцкае духавенства, хоць неяк схіліць сімпатыі шляхты да цара як кандыдата на каралеўскі пасад, трэба было пайсці на кампраміс. Падзяліўшы захопленую тэрыторыю на дзве часткі па лініі ракі Бярэзіна, цар па-ранейшаму забараняў існаванне каталіцкіх храмаў толькі на ўсход ад яе. На захад ад Бярэзіны цяпер дазвалялася суіснаваць і царкве, і касцёлу. Гэтак маскоўскія ўлады, падпісаўшы патрэбнае замірэнне, пайшлі насустрач дамаганням шляхты Ашмянскага, Ваўкавыскага, Горадзенскага і Лідскага паветаў, якая прасіла захаваць яе веру й маёнткі. Праўда, напачатку гэты дазвол не распаўсюджваўся на сама буйныя гарады - Вільню, Горадню, Трокі. А ў паветах спакой і бяспека каталікоў мала бараніліся ад сваволі праваслаўнага духавенства ці вайскоўцаў актам прынятай дамовы. Гэтак, у гады замірэння полацкі епіскап Каліст гвалтам закрыў касцёл у вёсцы Альбарочыцы на Ашмяншчыне, забараніў там набажэнствы, а ксяндзоў павязаў і невядома куды дзеў. Што ж да вуніятаў, дык яны аніколі не ведалі літасці з боку царскага ўрада. Пад час тых жа віленскіх перамоваў маскоўскія паслы неадступна патрабавалі: «Уния должна быть уничтожена, ибо она Богу всемогущему грубна» [64, т. 10, с. 638]. Незалежна ад ваенна-палітычнай сітуацыі на занятай тэрыторыі храмы вуніятаў абавязкова зачыняліся, землі іх канфіскоўваліся, а саміх парафіянаў найчасцей высылалі ці пераводзілі ў праваслаўе. Прыкладам, у 1658 г. сам цар загадаў свайму віленскаму ваяводу Міхайлу Шахоўскаму «из города Вилны и из иных городов и мест, которые к Вилне близко, униятов всех, кто где живет... высылать вон тотчас, и заказ учинить крепкой, чтоб впредь униятов нигде не приймовали и высылали их вон, чтобы от них в вере каких расколов не было». Сабраўшы вуніятаў, ваявода абвясціў ультыматум: або яны перахрысцяцца ў праваслаўе, або іх выганяць. Падумаўшы, шмат хто пагадзіўся змяніць веру [4, с. 261]. Пад гэтакім ціскам за гады акупацыі ў праваслаўе было пераведзена, відаць, усё вуніяцкае жыхарства Беларусі.
Нецярплівасць маскоўскіх уладаў да іншых веравызнанняў вельмі ўражвала сучаснікаў тых падзеяў. Пасол аўстрыйскага імператара Аўгусцін Маербэрг, які ездзіў пад час вайны ў Маскву, нават параўноўваў цара з турэцкім уладаром. Але калі турак, лічачы ўсе веравызнанні ніжэйшымі за сваю веру, усё ж дазваляе праводзіць каталіцкія, і праваслаўныя набажэнствы, дык «масквіцяне толькі ўвойдуць у адкрытую браму якога-колечы горада... адразу ж знішчаюць усялякае падабенства каталіцкай веры», - адзначаў ён [15, с. 199].
Затое праваслаўная царква ў Беларусі ў тым часе ўсяляк умацоўвалася, манастыры карысталіся дэманстратыўнай пратэкцыяй і сама шырокай падтрымкай цара. Прыкладам, Богаяўленскі манастыр у Полацку, які яшчэ на пачатку вайны атрымаў дапамогу па царскай грамаце, у чэрвені 1656 г. дачакаўся новае ўзнагароды - граматы на валоданне Іванскай воласцю «со крестьяны и с землею, со всеми угодьи к тем селам и деревням* належачим»; затым, увосень таго ж года, цар перадаў яму апусцелыя двары полацкіх мяшчанаў і габраяў, а крыху пазней, у лістападзе, - яшчэ блізу 30 вёсак [11, с. 57, 67, 68].
* У Іванскую воласць тады ўваходзілі вёскі Іванск, Копцавічы, Дзямідавічы, Красніца і Мядзьведзькі.
Умацоўваючы праваслаўную царкву ў Беларусі, царскі ўрад імкнуўся цалкам узалежніць яе ад Масквы. У 1655 г. Магілеўскае епіскапства было падпарадкавана непасрэдна патрыярху Нікану. Цяпер епіскапа зацвярджала Масква, даходы ішлі ў Маскву, яна ж трымала пад пільным наглядам мясцовае духавенства. Ненадзейных святароў замянялі сваімі. У Беларусь ехала мноства папоў з Маскоўскай дзяржавы. Вядома, што ў Віцебску тады былі царкоўныя служкі з Тарапца, а ў Шклоў летам 1655 г. прыслалі 23 святароў з самой Масквы.
Аднак на ўзроўні мясцовай царскай адміністрацыі стаўленне новых уладаў да аднавернага насельніцтва Беларусі выглядала ўжо не так прывабна, як урадавая палітыка. Войска ж наогул не зважала на праваслаўнасць мясцовых жыхароў. Храмы іхныя абдзіраліся як пад час ваенных дзеянняў (прыкладам, на Берасцейшчыне, Піншчыне, Тураўшчыне), гэтак і ў гады замірэння (як было на Магілеўшчыне, Полаччыне ды ў іншых раёнах Беларусі). Не раўнуючы як паганымі наезнікамі, шмат дзе праваслаўныя цэрквы былі спаленыя царскімі ратнікамі (у Пінску, Высоцку, пад Чачэрскам ды ў іншых месцах), вёскі спустошаныя, жыхары абрабаваныя, па-бандыцку забітыя ці заняволеныя. Нават папоў мардавалі і расстрэльвалі, нават магілы нябожчыкаў парушалі [3, т. 3, с. 538; т. 34, с. 32, 67, 70; 64, т. 10, с. 620].
З першага года вайны царскі ўрад ажыццяўляў праграму вываду насельніцтва з Беларусі на тэрыторыю Маскоўскае дзяржавы. Загад Аляксея Міхайлавіча ад 30 ліпеня 1654 г. паклаў пачатак цэламу заканадаўству, на падставе якога палонных сталі ператвараць у прыгонных [18, с. 337]. У 1655 г. патрыярх Нікан адкрыта пісаў пра намер Аляксея Міхайлавіча пасяліць на сваіх абязлюдзелых землях 300 000 палонных беларусаў. Узаконенае паляванне на людзей з мэтай пераводу іх у прыгонніцтва ці дзеля продажу набыло на занятых абшарах сама нялюдскія формы. Канфесійная прыналежнасць жыхароў тут не мела аніякага значэння - бралі ўсіх. Адзін ваявода Раман Бабарыкін у Белым (на праваслаўнай Смаленшчыне! ) узяў «с посаду и их уезду... к себе неволею ж семей з двадцать, а поголовно будет с женами и з детьми блиско за двесте человек», ды парассылаў па сваіх вёсках як прыгонных [54, с. 189]. Большая частка выведзеных з Беларусі людзей («литовского полону») адразу пераводзілася ў стан халопаў. Маскоўскія памешчыкі ды мяшчане маглі прыехаць ды яшчэ ў зоне ваенных дзеянняў купіць у ратнікаў патрэбную колькасць нявольнікаў, аддаючы ўсяго 3-5 рублёў за чалавека [54, с. 185] ці нават яшчэ танней. Там жа, у разрадным намёце, ваенная адміністрацыя простым запісам ці адмысловай пазнакай у «палоннай кнізе», у якой вёўся ўлік захопленых, афармляла «законнае» права новых гаспадароў на іх халопаў. У Маскве такую паперу выпісвалі ў прыказе халопскага суда ці ў «съезжей избе» ваяводаў. Але быў яшчэ і прасцейшы шлях атрымання палонных ва ўласнасць - іх перахрышчванне. Хто праводзіў нявольніка з каталіцтва ды вуніяцтва ў праваслаўе, той і лічыўся ягоным уладаром. А паддзячы на Іванаўскай плошчы ў Маскве мог выпісаць «крэпасць» на выведзеных з Беларусі людзей кожнаму купцу з арабскага Ўсходу.
* Паводле сведчання аднаго сучасніка, які бачыў мноства палонных пад Калугай, «сем і восем хлапцоў ці дзяўчат прадавалі за рубля».
Захопам ды вывадам жыхароў займаліся не толькі маскоўскія ратнікі, але і ўкраінскія казакі. Напрыклад, у 1655 г. у Ноўгарад-Северскім павеце мясцовае насельніцтва адбіла ў казакаў, якія вярнуліся з Беларусі, з-пад Дуброўні, «полону купленого шесть мужиков, да четыре девки» [54, с. 208].
Паводле палонных кнігаў, мноства якіх з'явілася ў гарадах Маскоўскай дзяржавы ў часе той вайны, можна вызначыць, хто ж складаў «литовский полон», што гэта былі за «литовские люди». Пры афармленні права на нявольніка ў такіх кнігах запісвалі пра яго ўсю асноўную інфармацыю - дзень, калі палоннага прывялі, ягонае імя, паходжанне, дзе схоплены і нават узрост ды вонкавыя прыкметы. Напрыклад, у Ноўгарадзе за 5 месяцаў 1656 г. у спісы палонных былі ўнесеныя 29 чалавек, прыведзеных у асноўным дваранамі, купцамі, паддзячымі, якія купілі нявольнікаў у служылых дваранаў, казанскіх татараў, казакаў. Большасць палонных - нялеткі. Гэта дзеці 10-12 гадоў; васьмёра мелі па 15 гадоў, і толькі адзін чалавек - трыццацігадовы. А «малы Васька» нават не мог сказаць, якога ён узросту. Захапілі іх у Беларусі, толькі некалькі чалавек - са «шведскага паходу».
Паводле палоннай кнігі адной Наўгародскай пяціны, з кастрычніка да жніўня таго ж года 17 чалавек прывялі і запісалі сабе 52 нявольнікаў, захопленых пад Полацкам, Віцебскам, Вільняй, Воршай, - мужчын, жанчын, дзяўчат, дзяцей. Трынаццаць з іх не мелі і 15 гадоў, астатнія - паміж 15 і 25 гадамі, і толькі двум чалавекам было 30 і 35 тадоў. А былі і зусім яшчэ маленькія дзеці - па 6, 9, 10 гадкоў. У Маскве тады ж, з сакавіка да жніўня 1656 г., князі, баяры і розныя служылыя людзі аформілі ў «выпісной кнізе» сабе 90 нявольнікаў - галоўным чынам шляхцічаў, іх жонак і дзяцей, захопленых на Смаленшчыне, Віцебшчыне, Гарадзеншчыне, у Вільні, Менскім і Варшанскім паветах, у іншых мясцінах Беларусі.
Асобнай справай быў пошук і вывад беларускіх рамеснікаў. Пры захопе гарадоў іх забіралі, бадай, першымі. Ужо ў 1654 г. з першымі партыямі нявольнікаў на Валдаі апынуліся кафляры з Дуброўні, Амсціслава, Шклова, а ў Маскве - кавалі ды збройнікі з іншых гарадоў. Ад пачатку вайны ў Беларусі з'яўляліся царскія давераныя асобы, якія мусілі спецыяльна набіраць «розных дел мастеров», вабілі высокім заробкам ці проста забіралі сілай, «по государеву указу», як, прыкладам, полацкага спевака Івана Коклю, якога ў лістападзе 1656 г. цар загадаў выправіць у Маскву «с женою и с детьми» [11, с. 69], ці «золотого и серебреного и бронного дела мастеров и учеников», якіх на загад Аляксея Міхайлавіча ваявода Бабарыкін вышукваў у Беларусі ды таксама высылаў у Маскву з жонкамі і дзецьмі.
Адначасова з масавым вывадам насельніцтва Беларусі на другім этапе вайны цар спрабаваў стала сяліць у беларускіх гарадах сваіх ратнікаў. Згодна з ягоным загадам, у Полацку і Віцебску для іх адводзіліся месцы пад слабоды. На будаўніцтва двароў цар абяцаў прыслаць 10 тысячаў рублёў. Калі маскоўскія ратнікі пачулі пра гэты загад, дык сталі прасіць, каб іх сялілі ў Беларусі стала, бо яны, маўляў, тут «на вечном житье быть хотят» [5, т. 3, с. 94].
Спусташэнні і здзек, голад і пошасці, масавы вывад нявольнікаў - усё гэта выклікала шырокі народна-вызваленчы рух у Беларусі. Даведзенае да адчаю насельніцтва ўзнялося на ўзброеную барацьбу з акупантамі*.
* Прыклады пасіўнага супраціву мясцовага насельніцтва акупантам таксама вядомыя з пачатку вайны. Так, калі вясной 1655 г. цар загадаў зганяць жыхароў на будоўлю мастоў і гацяў для пераправы войска, дык выявілася, што «мостов мостить и гатить некому». Казакі шукалі людзей на 5-6 вёрстаў ад дарогі і амаль нікога не маглі знайсці.
Актыўны ўдзел у ваенных дзеяннях супраць маскоўцаў цывільныя жыхары многіх раёнаў Беларусі бралі з першых месяцаў вайны*. Ужо летам 1654 г., адразу ж пасля акупацыі паўночна-ўсходняй Беларусі, у Віцебскім, Полацкім, Амсціслаўскім і Смаленскім ваяводствах з'явіліся аддзелы самаабароны, складзеныя ў асноўным з мясцовых сялянаў. Маскоўскія ваяводы называлі іх «шишами», «ворами», «изменниками». Такія аддзелы імкнуліся абараніць свае вёскі, перашкаджалі захопу і вываду нявольнікаў. Партызаны звычайна мелі свае сцягі і барабаны. Праўда, іхная баяздольнасць была невысокая, бо яны не мелі ні адпаведнага вайсковага досведу, ні добрага ўзбраення (ваявалі з бердышамі, косамі, віламі, зрэдку даставалі агнястрэльную зброю). Бывала, што беларускія сяляне падтрымлівалі сваімі дзеяннямі і прафесійнае войска Вялікага Княства. Так, пад час апошняй наступальнай аперацыі Януша Радзівіла за Бярэзінай разам з ягонымі харугвамі сабраліся мясцовыя «мужыкі» [6, т. 14, с. 441], а вясною 1655 г. полацкія сяляне дзейнічалі пад Полацкам разам з харугвамі палкоўніка Лазоўскага. Калі ж на іх рушыла маскоўская конніца і пяхота, Лазоўскі адступіў, а сяляне прынялі бой - «с шишами Полотцкого уезду с мужиками бой был» [11, с. 17].
* Пра тое, што з партызанамі маскоўскія ўлады лічыліся як з сур'ёзнай сілай, сведчыць такі факт: ужо ў жніўні 1654 г. цар папярэджваў сваіх ваяводаў пра небяспеку раптоўнага нападу з боку як рэгулярнага войска Вялікага Княства, так і партызанаў («шишов»).
Паступова барацьба лясных аддзелаў скіроўвалася галоўным чынам супраць «прысяжнай» часткі насельніцтва - шляхты і сялян, якія прысягнулі на вернасць цару. На Ашмяншчыне, напрыклад, увосень 1655 г. сабралася З тысячы мужыкоў і шляхты ды напалі на воласці, якія цалавалі крыж цару, - «и те волости разоряли и крестьян мучили и жгли и многих крестьян посекли» [57а]. Пад Амсцілавам партызаны таксама, як вынікала з многіх царскіх пасланняў, білі і рабавалі тую шляхту, якая перайшла «в вечную службу» да маскоўскага манарха. Такі характар барацьбы асабліва ярка стаў выяўляцца ў гады Віленскага замірэння*.
* Варта адзначыць, што былі выпадкі ўдзелу «прысяжных» мужыкоў у ваенных дзеяннях на баку маскоўскага войска.
Найбольш актыўна на першым этапе вайны партызаны выступалі ў паўночных і ўсходніх паветах Беларусі - у Віцебскім, Полацкім, Магілеўскім, Амсціслаўскім ды Смаленскім. Іх цэнтрамі былі Калеснікаўская, Любавіцкая і Мігулінская воласці. Партызанаў тут падтрымлівалі нават мясцовыя праваслаўныя святары, за што любавіцкі пратапоп быў арыштаваны маскоўскімі ўладамі. Паказальна, што кіраўнікамі шмат якіх аддзелаў станавіліся шляхцічы, якія мелі сувязь з Янушам Радзівілам або нават былі спецыяльна засланыя ім.
На самым пачатку 1655 г. паўсталі варшанцы, любавіцкія і азярышчанскія сяляне, якія, арганізаваўшыся, рабілі заставы на дарогах, секлі царскіх ратнікаў, а ваяводаў вязалі і перадавалі жаўнерам Радзівіла. Ужо тады на бок Вялікага Княства вярнуўся шмат хто з прысяжнай (той, што прысягнула Маскве) смаленскай і віцебскай шляхты. У Звяровічах дзейнічаў партызанскі аддзел з паўтары тысячы чалавек, на чале якога стаялі Дынка ды іншыя прысланыя вялікім гетманам шляхцічы. У Красным стаяла некалькі сотняў лясных мсціўцаў. Калеснікаўскія партызаны, якіх было не больш за 3 тысячы чалавек, яшчэ ў ліпені 1654 г. заатакавалі армію Трубяцкога, калі тая прыйшла пад Амсціслаў, і царскае войска панесла значныя страты. Зімою ж 1655 г. войт вёскі Калеснікі Карп Яўлёў з дапамогаю сялянаў захапіў у палон ваяводу Івана Пушкіна разам з казной ды пераслаў яго Радзівілу [54, с. 212, 217].
Менавіта тады ў мэтах узмацнення барацьбы з партызанскім рухам у Беларусі цар надзяліў памежных ваяводаў правам чыніць самасуд над кожным падазроным. Калі выяўлялася, што затрыманыя - «воры, лазутчики» ці проста «государю изменить мыслили» (што вызначаў ваявода), - усіх такіх патрабавалася вешаць. На «государевых изменников» Амсціслаўшчыны (прыкладна 3 тысячы) Аляксей Міхайлавіч накіраваў са Смаленска моцнае карнае войска. Сярод амсціслаўскіх партызанаў налічвалася 15 шляхцічаў, але ролю палкоўніка там выконваў селянін Якім Патаповіч. Карнікі жорстка распраўляліся з паўстанцамі. Сямёра палонных, схопленых у сутычцы каля Амсціслава, сярод якіх былі казак, чатыры мужыкі, сялянка і шляхціч, яны доўга катавалі («пытали и огнем жгли»), потым аднаго павесілі, а астатніх - «бив кнутьем нещадно и отрезав у них носы и уши, велели послать по-прежнему в деревни, чтоб, на то смотря, иным мужикам неповадно было так воровать и в шишах ходить». Украінскія казакі Залатарэнкі знішчылі тры лагеры партызанаў пад Дуброўняй, пабілі і паразганялі адтуль людзей, захапілі іхную зброю. Аднак задушыць партызанскі рух не ўдавалася. Увесну 1655 г. амсціслаўскія і крычаўскія ўзброеныя сяляне дзейнічалі пад Рославам. Каля Полацка аддзелам з 600 чалавек кіраваў шляхціч Мажэйка. Партызаны непакоілі маскоўскіх ваяводаў каля Барысава, Горак, Гораў, Дуброўні, Магілева, Амсціслава, Ашмяны, Смаргоні, Вільні. У Магілеўскім павеце летам 1655 г., як адзначана ў справаздачы стралецкага галавы Анічкава, сялянамі было «в розных деревнях и селах взято 7 человек (захоплена ў палон. - Г. С. ), до смерти убито 3 человека» [5, т. 2, с. 430].
З 1656 г. ва ўмовах паўсюднага голаду, пашырэння заразных хваробаў партызанскі рух стаў перажываць новы ўздым. Сяляне і мяшчане масава ўцякалі ў лясы, стваралі свае ўзброеныя фармаванні ці далучаліся да казакаў. У раёнах дыслакацыі казацкіх аддзелаў Івана Нячая партызанскі рух разгортваўся асабліва актыўна. Цэлыя казацкія сотні складаліся тут пераважна з беларускага сялянства. Іншыя аддзелы называлі сябе сотнямі Нячая, але ў сапраўнасці не мелі да яго аніякіх дачыненняў. Гэтакім самастойным было казацкае войска Дзяніса Мурашкі, якое дзейнічала ў Менскім і Наваградскім ваяводствах. Яго ядро ўтваралі мясцовыя мужыкі. Чавускі казацкі палкоўнік цвёрда адмаўляў якую-небудзь прыналежнасць людзей Мурашкі да нячаеўскіх аддзелаў*. Мурашкаўцы нападалі на двары той шляхты, якая перайшла на бок маскоўскага цара, ставілі залогі на дарогах, перашкаджалі збіраць і вывозіць збожжа, а мясцовае насельніцтва не пускалі ехаць у акупаваны Менск.
* Магчыма, і сапраўды Мурашку называлі сотнікам Нячая дзеля таго, каб у вачах маскоўскіх уладаў як наймацней кампраметаваць апошняга.
У траўні 1656 г. менскі ваявода Хведар Арсеньеў выслаў на партызанаў рэгулярнае войска. Каля вёскі Грыдчыцы маскоўцы разбілі мужыцкі аддзел, захапілі два штандары, барабан і 56 палонных, сярод якіх былі і людзі Мурашкі. Усіх схопленых кінулі ў менскую вязніцу, з якой 30 здолелі ўцячы праз падкоп, а лёс астатніх вырашыў сам цар. Хведар Арсеньеў атрымаў адмысловую грамату, у якой загадвалася «пущих воров павесить».
Улетку ваявода Арсеньеў ізноў пасылаў войска граміць партызанаў пад Менскам. Тым не менш пад канец 1656 г. сялянскім рухам былі ахопленыя не толькі Менскі, але і Барысаўскі, Віленскі, Наваградскі паветы, а ў наступным годзе ён пашырыўся на шэраг усходніх і паўночных раёнаў Беларусі і нават закрануў Палессе, хоць там маскоўскія ваяводы так і не ўсталявалі свайго кантролю. За вясну 1657 г. казакі Мурашкі тройчы хадзілі на прысяжную наваградскую шляхту. Ашмянская шляхта скардзілася, што пад націскам сялянскага руху яна ўжо гатовая была перайсці назад на бок Вялікага Княства Літоўскага (на ўсходзе Беларусі даходзіла да вяртання шляхты менавіта з гэтае прычыны). Згодна з паведамленнем ваяводы Сямёна Змеева, паказачаныя беларускія сяляне летам 1657 г. кантралявалі практычна ўвесь Магілеўскі павет. Калі ў чэрвені Мурашка пакінуў сваю рэзідэнцыю Ігумен, цар паспяшаўся адразу ж заняць мястэчка сваімі сіламі. Увосень таго ж года партызанскі аддзел Багровіча з 400-500 чалавек спрабаваў завалодаць Барысавам. Пэўна, размах народнага руху падштурхнуў цара перавесці ваяводам у Барысаў самога Васіля Шарамецева, і горад, з якога цяпер часта выпраўлялася войска, стаў небяспечны для партызанаў усёй Бярэзінскай зоны.
|
|||
|