Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Генадзь Сагановіч 5 страница



 

У тыя дні цар напісаў сваёй жонцы і сёстрам у Маскву: «... Постояв под Вильною неделю для запасов, прося у Бога милости... пойдем к Оршаве» - ды аптымістычна супакоіў сямейства: «А обо мне не покручиньтеся. Ей, Бог даст добрый путь и победу» [17, с. 42]. Аднак да паходу на Варшаву не дайшло. Сітуацыя мянялася літаральна па днях...

 

Яшчэ ў канцы ліпеня, пакінуўшы Вільню, пасол Вялікага Княства Габрыэль Любянецкі паімчаўся да Рыгі, каб як найхутчэй падпісаць пагадненне са шведамі. Але ў Рызе ён, на жаль, з'явіўся толькі 10 жніўня, калі ратаваць Вільню было ўжо позна. Разам з генералам Магнусам Дэлягардзі яны таго ж дня склалі праект дамовы з дзвюх частак: у першай быў адказ шведскага боку на просьбу біскупа Тышкевіча і абодвух Радзівілаў аб дапамозе, у другой - канкрэтныя ўмовы шведскай пратэкцыі над Вялікім Княствам Літоўскім. Наступнага дня маскоўскім ваяводам Якаву Чаркаскаму ды Апанасу Нашчокіну ўжо было даведзена, што Княства перайшло пад апеку караля Карла Х Густава, а таму цар павінен стрымаць свае войскі. Аднак гаспадаром сталіцы ўжо быў цар... Каб уберагчы ад захопу ваяводамі яшчэ вольныя гарады і паветы Княства, інфлянцкі губернатар Дэлягардзі ды генерал Левенгаўпт праз тыдзень сталі выдаваць ім свае ахоўныя граматы.

 

Праект пагаднення, прывезены паслом Габрыэлем Любянецкім у радзівілаўскі абоз пад Кейданы, быў падпісаны тут 17 жніўня [108, s. 93). Пад ім паставілі свае подпісы 436 чалавек, сярод якіх - гетманы Януш Радзівіл і Вінцэнт Гасеўскі, жамойцкі біскуп Пётра Парчэўскі, віленскі біскуп Юры Тышкевіч, віленскі канонік Юры Белазор, харужы Гальяш Камароўскі ды іншыя. «Няма іншага спосабу ацаліць нашу дзяржаву, як толькі далучыць яе да аднаго з бакоў, што цяпер супраць нас ваююць, і даверыць яму свае правы і фартуны», - адзначалася ў прынятым акце. На якіх жа ўмовах Вялікае Княства Літоўскае паддавалася Швецыі? Войскі абодвух бакоў прадугледжвалася злучыць супраць агульнага непрыяцеля (якім, дарэчы, не магла быць Польшча). Страчаныя землі, гарады і замкі Княства шведскі кароль абавязваўся адваяваць і вярнуць іх уласнікам, а маскоўскае войска - выгнаць з межаў дзяржавы і ўстрымаць ад далейшай агрэсіі. Асобным пунктам было падкрэслена, што гэта не інкарпарацыя Княства, а далучэнне яго на роўных правах да Швецыі (як было злучана з Каронай у Рэчы Паспалітай), калі народ - народу, сенат - сенату, рыцарства - рыцарству «з кожнага бачання маюць быць роўныя». Дэкляраваліся таксама свабода рэлігіі, свабода голасу на соймах. У дачыненні ж да тых, хто не падпіша гэтага пагаднення, актам прадугледжвалася канфіскацыя іх маёмасці [79, s. 206-211].

 

Аднак як сярод вышэйшых станаў, так і ў войску да акта паставіліся па-рознаму. Прыкладам, калі браслаўская шляхта ды шляхцічы, што прыйшлі з Полацкага ваяводства і Ашмянскага павета, сабраныя пад Браславам, падпісалі пагадненне, дык шляхта, размешчаная абозам пад Горадняй, адмовілася ад гэтага і заняла бок Яна Казіміра. Не падпісалі пагаднення таксама жамойцкі стараста Глябовіч, Юдзіцкі, палявы пісар Станкевіч ды шмат хто іншы.

 

Тым часам шведы накіравалі сваё войска з Рыгі за Дзвіну, занялі Жамойць, Біржы ды сталі прасоўвацца бліжэй да тэрыторыі, акупаванай царом. Маскоўскія ваяводы трывожыліся. Іх ратнікаў у Падзвінні на той час засталося параўнальна мала. Праўда, і шведскага войска ў інфлянцкага губернатара генерала Магнуса Дэлягардзі было не так шмат - тысячаў сем.

 

Яшчэ ў ліпені пяхота фельдмаршала Густава Левенгаўпта заняла Дынабург. Прычым фартэцыя адкрыла сваю браму шведам на вачах у царскіх ваяўнікоў пасля таго, як ваявода Ардзін-Нашчокін доўга высільваўся ў спробах авалодаць горадам. Затым шведы занялі Браслаў, Друю, Іказнь, хоць гарнізонаў там не пакінулі. Значныя шведскія сілы знаходзіліся паблізу Вільні і Коўні. Князь Януш Радзівіл цяпер называў сябе гетманам караля Швецыі і пры гэтым па-ранейшаму лічыў сябе ваяводам віленскім. Наспяваў канфлікт дзяржаваў-пераможцаў, вайна Масквы са Стакгольм.

 

Ці патрэбна гэта было Маскве? Як супернік Швецыя выглядала сур'ёзна. Не маючы і двух мільёнаў насельніцтва, яна магла выставіць колькаснае і надзвычай баяздольнае войска. Прыкладам, у часе Трыццацігадовае вайны яно налічвала 50 тысячаў. Пачынаючы вайну з Польшчай, Карл Х Густаў дыспанаваў яшчэ большай арміяй. Так што супрацьборства было б цяжкім. А Маскоўская дзяржава ўжо фактычна завалодала Вялікім Княствам Літоўскім, ды і на Ўкраіне справы для яе ішлі пакуль паспяхова...

 

У такім становішчы маскоўцы палічылі за лепшае ўстрымацца ад новай вайны з моцным непрыяцелем і ўзяліся дзейнічаць дыпламатычна. З Вільні ў радзівілаўскі абоз пад Кейданы 24 жніўня быў накіраваны царскі пасол Ліхароў, які прапанаваў гетманам перайсці на службу да Аляксея Міхайлавіча, а таксама акрэсліў умовы, на якіх Вялікае Княства Літоўскае магло б існаваць пад уладаю цара (абяцалася захаванне свабоды веравызнанняў, прывілеяў і маёнткаў шляхты). Адмаўляючы маскоўскаму паслу, Радзівіл падкрэсліў, што «ў павеце каля Вільні ратныя царскія людзі сялян, кабет і малых дзяцей сякуць усіх ды хаты паляць»*. А вось Гасеўскі ў часе асабістых размоў з Ліхаровым паставіўся да прапаноў апошняга зусім інакш ды сам выказаўся за антышведскую лігу з Рэчы Паспалітай і Маскоўшчыны. Царскі ўрад тым часам слаў лісты да шведскага караля і ягонага намесніка ў Інфлянтах Магнуса Дэлягардзі з тым, каб Швецыя цалкам адмовілася ад прэтэнзій на Вялікае Княства Літоўскае. Аляксей Міхайлавіч за гэта абяцаў не атакаваць Курляндыі і Прусіі.

 

* Паводле паведамлення царскага ваяводы Міхайлы Шахоўскага, ужо ў 1655 г. на 30 вёрстаў Вільні былі «села и деревни разорены и вызжены».

 

Разам з Ліхаровым да маскоўскіх абозаў паехалі Орда і Мядэкша: першы - як афіцыйны пасланец абодвух гетманаў, другі ж - асабіста ад Гасеўскага. Калі пра размовы з Ордам невядома нічога, дык Мядэкшу прымалі зычліва (ён меў з сабою праект нейкай дамовы) і назад з ім выправілі царскага пасла Хведара Рцішчава [108, s. 95].

 

Занепакоеныя гэткім ходам справы, шведы ўзяліся хутчэй даводзіць да ладу пагадненне з Вялікім Княствам Літоўскім. На пачатку верасня ў радзівілаўскі абоз прыехаў губернатар Эстоніі Скітэ, а па якім часе - і генерал Густаў Левенгаўпт. У прысутнасці сенатараў, шляхты, магнатаў у Кейданах пачаліся новыя, надзвычай доўгія і складаныя перамовы. Калі Радзівіл намагаўся захаваць умовы акта ад 17 жніўня, перадусім - адасобленасць Княства, дык супраць гэтага былі нават свае - жамойцкі біскуп Парчэўскі, жамойцкая шляхта, якія схіляліся да ўступак шведам, каб толькі не залежаць ад Радзівіла. Праз колькі тыдняў у Кейданы прыехаў Дэлягардзі, а перамовы ўсё працягваліся.

 

Толькі 20 кастрычніка, праз месяц пасля пачатку сустрэчы, удалося прыняць тэкст новага пагаднення. Яго падпісала 1142 чалавекі - шляхта і каталіцкае духавенства. Паводле новага акта, Вялікае Княства Літоўскае заключала вунію са Швецыяй і прызнавала шведскага караля (як і яго наступнікаў) вялікім князем літоўскім. Войскі абедзвюх дзяржаваў злучаліся ў адно для дзеянняў супраць агульнага непрыяцеля. Пагадненне абяцала захаваць ранейшыя прававыя дачыненні, прывілеі і вольнасці шляхты (за выключэннем вольнае элекцыі манарха ды неабходнасці атрымаць згоду шляхты дзеля абвяшчэння вайны і заключэння міру), а таксама свабоду каталіцкага, вуніяцкага і праваслаўнага веравызнанняў [108, s. 98].

 

На той час рэшта войска Вялікага Княства была па-ранейшаму расколатая і здэмаралізаваная. Частка яго яшчэ 12 жніўня выйшла з-пад гетманскай улады. Паводле кантракта, гэтыя жаўнеры служылі да 9 жніўня і цяпер, адарваўшыся ад непрыяцеля, не жадалі працягваць службу. А праз два тыдні ў Вербалове частка войска сканфедэравалася ды заняла адкрыта антышведскія і антырадзівілаўскія пазіцыі. Задакляраваўшы сваю вернасць Яну Казіміру, яна адышла на Падляшша. Кіруючыся быццам на злучэнне з каралеўскай арміяй, гэтае войска ў сапраўднасці занялося рабаваннем маёнткаў Януша Радзівіла. Узначальвалі канфедэратаў (а іх было пад 2 тысячы) віцебскі ваявода Павел Сапега ды галоўны падбухторшчык расколу Вінцэнт Гасеўскі, які далучыўся да Сапегі. У верасні пакінуў Януша Радзівіла ды пайшоў на Падляшша і полк драгунаў. Так у калісьці магутнага гетмана засталося 2 тысячы вершнікаў...

 

У сярэдзіне кастрычніка 1655 г. Магнус Дэлягардзі са сваім корпусам пакінуў Жамойць і, пераправіўшыся цераз Нёман, дзе да яго далучыўся князь Багуслаў Радзівіл з 2-тысячным аддзелам конніцы, пайшоў у Прусію да караля Карла Х Густава. За імі на Падляшша неўзабаве накіраваўся і Януш Радзівіл. На падкантрольнай шведам тэрыторыі Княства, што, паводле Кейданскай дамовы, мела шведскую пратэкцыю, засталіся нейкія тры тысячы жаўнераў Карла Х Густава.

 

Пад восень актыўнасць царскага войска затухала. Мэта паходу была дасягнутая, і цяпер заставалася адводзіць палкі назад. Аднак казакі Залатарэнкі ды аддзелы цэнтральнае арміі яшчэ амаль месяц пасля захопу Вільні не мелі спачыну: ратнікі ваяводы Чаркаскага за жнівень здабылі Трокі, слаба ўмацаваную Коўню, а пасля і Горадню, а ўкраінскія казакі, пасланыя ў Панямонне для сумесных дзеянняў з войскам Трубяцкога, пайшлі ўніз па Нёмане ды захапілі Мерач, Ліду, Іўе, Ліпнішкі, Алькенікі, Любчу, пасля пусцілі пад шаблю Мір, Карэлічы, Ярэмічы, Рубяжэвічы, Свержань, Стоўпцы...

 

Атрымаўшы ад патрыярха Нікана блаславенне называцца «вялікім князем літоўскім», 3 верасня цар загадаў пісаць у ягоным тытуле «наше царское величество великим князем Литовским и Белые России и Волынским и Подольским», а 11 верасня ўжо пакінуў Вільню. Вядома ж, папярэдне забраўшы адтуль усё, што вабіла вока. Толькі з палаца Радзівіла было вывезена 7 пазалочаных купалоў, мармуровыя калоны, садраная падлога, сталы і шмат іншай мэблі.

 

Праз Радашкавічы, Барысаў, Магілеў цар вяртаўся ў Маскву на зіму. Палкі цэнтральнае арміі таксама павярнулі на ўсход. У Менску 17 верасня зграмадзіліся ўсе сілы ваяводы Чаркаскага. Пасля агляду войска, праведзенага ў Барысаве, ён меўся адпусціць ратнікаў дадому. Казакі Залатарэнкі, скончыўшы за верасень усе аперацыі ў Панямонні, атрымалі згоду цара на вяртанне пад Стары Быхаў, каб працягваць аблогу цвердзі.

 

Старабыхаўская фартэцыя даўно была пад асаблівай увагай Аляксея Міхайлавіча. Як толькі ваяводы і Залатарэнка захапілі Вільню, ён адразу ж паслаў у далёкі дняпроўскі гарадок грамату, у якой спяшаўся паведаміць абаронцам, што ім «помощи... ниоткуда не чаять, гетманы со всем войском побиты и столица Великого Княжества Литовского город Вилна за нами [6, т. 14, с. 773].

 

Старабыхаўскаму падстарасту Канстанціну Багушэвічу ды ўсім абаронцам цар ізноў прапанаваў «государские милости к себе поискати и город Старый Быхов... сдати». У тым часе пад Старым Быхавам стаялі запарожскія казакі палкоўніка Івана Касінскага і пяхотны полк Якуба Ронарта. Неўзабаве адтуль прыйшлі весткі, што «быховские осадные люди дороги все отняли и многих... государевых людей в дороге побивают и в полон емлют» ды што сам палкоўнік Курбацкі, якому цар даручыў перадачу граматы, «от Быхова отступил и стоит неведомо где» [6, т. 14, с. 792]. Палкоўнік Іван Касінскі таксама скардзіўся на быхаўцаў, што тыя робяць частыя вылазкі, нападаюць нават на іх умацаваныя абозы і здабываюць «языкоў», ад якіх даведваюцца пра ўсе апошнія падзеі вайны. Што да царскае граматы, дык абаронцы ўзялі яе пачытаць, - дзеля гэтага выязджалі шляхціч Мікіта Рагоза з двума нямецкімі афіцэрамі, а на другі дзень далі адказ: каб цар больш аніколі не прысылаў ім сваіх граматаў, бо ўзяць Стары Быхаў ён можа толькі праз меч...

 

Вось тады да гэтага горада зноў панесліся запарожскія казакі. Колькі ўжо разоў Залатарэнка падступаўся да старабыхаўскіх муроў! Увесну, спрабуючы зламаць дух абаронцаў, ён абяцаў ім: «Коли вас достанем през меч, и малого дитяти живити не будем! » [70, с. 83]. Цяпер, натхнёны перамогамі, наказны гетман спадзяваўся адным разам здабыць непакорную фартэцыю ды нарэшце расквітацца за ранейшыя няўдачы. Але адбылося сама нечаканае. Ніхто і думаць не думаў, што праслаўленага казацкага правадыра пасля вялікіх паходаў тут падсцерагаў далёка не гераічны канец: у першыя ж дні аблогі, 7 кастрычніка, пад час адной сутычкі з абаронцамі Івана Залатарэнку «на герцу пострелено у ногу з мушкета, от которой ноги и помер под Быховом» [10, с. 138]. Цела наказнога гетмана павезлі хаваць у Корсунь.

 

Армія Аляксея Трубяцкога ўсё лета 1655 г. была адарваная ад іншых груповак, дзейнічала аўтаномна, далёка ад галоўнага тэатра вайны. Пад канец ліпеня пасля месячнай аблогі Старога Быхава яна рушыла на Слуцак, а для падтрымкі казакаў пакінула салдацкі полк Якуба Ронарта. За Бярэзінай у лясах і балотах на калоны маскоўскага войска нападалі партызаны. Асабліва цярпелі тыя, хто аставаўся ад абозу ці адлучаўся рыхтаваць фураж. Князь Трубяцкой спецыяльна адзначаў гэта ў грамаце цару. Нарэшце 2 верасня амаль 20-тысячная армія падступіла да Слуцка і аблажыла яго. На прапанову капітуляваць камендант горада годна адмовіў. Уначы з 2 на 3 верасня маскоўскія ратнікі з крыкам «Царев город! » кінуліся на штурм места, але былі лёгка адбітыя. Пры гэтым сярод абаронцаў загінуў толькі адзін чалавек - Ігнат Астаповіч [92, s. 55]. Слуцак быў непрыступны. Нездарма над яго ўмацаваннямі гэтак шчыраваў князь Багуслаў Радзівіл. За мурамі сядзела нямала наймітаў на чале з палкоўнікам Волахам, маёрам Гросам ды іншымі спрактыкаванымі майстрамі вайсковай справы. Таму ўжо 6 верасня, папярэдне папаліўшы вёскі і фальваркі ў ваколіцах Слуцка, Трубяцкой зняў аблогу і павёў войска на Клецак. Мясціны, па якіх праходзілі ягоныя ратнікі, ператвараліся ў папялішчы і бязлюдзелі. «А идучи дорогою, села и деревни, и хлеб, и сено, и всякие конские кормы мы по обе стороны жгли, и людей побивали, и в полон имали, и разоряли совсем без остатку, и по сторонам потому ж жечь и разорять посылали», - паведамляў Трубяцкой пра гэты паход [5, т. 2, с. 437].

 

Праз колькі дзён ваяводы захапілі Цімкавічы. Злоўленыя тут «языкі» сказалі, што ў Клецку шмат мяшчанаў і шляхты. Каб не выпусціць гэтай здабычы, Трубяцкой адразу ж накіраваў туды буйныя сілы на чале са стольнікам Ізмайлавым, якіх перад горадам сустрэлі актыўным агнём клецкія мяшчане. Аднак бой быў нядоўгі. Захопнікі зламалі гэтую кволую абарону ды ўварваліся ў горад. Трубяцкой пісаў, што «государевы люди в Клецку в городе и на посаде литовских людей побили всех». Хто ўратаваўся - уцякаў за мост на Ляхавічы, але за імі паслалі пагоню, «и тех клецких литовских людей побили многих и в языцех поимали».

 

Таго ж дня, калі да Клецка з Цімкавічаў выйшлі астатнія сілы арміі Трубяцкога, на хвост іх расцягнутай калоны, які яшчэ не паспеў пакінуць Цімкавічы, наляцела тысяча вершнікаў, высланая з Новай Мышы наваградскім ваяводам Пятром Вяжэвічам. На бітву з імі паспяшаліся і тыя маскоўцы, што былі наперадзе. Пабітая конніца навамышаўцаў мусіла ўцякаць, а пераможцы захапілі больш за сотню палонных. Цяпер Трубяцкой кінуў войска на Новую Мыш, але Вяжэвіч яшчэ за суткі да з'яўлення ратнікаў ваяводы Ізмайлава пакінуў гарадок ды пайшоў на Берасце. Царскія ваяўнікі пабілі ці забралі ў палон усіх, каго заспелі, а сам «городок Мышь выжгли и со всем разорили без остатку».

 

Вяртаючыся з Новай Мышы, маскоўскае войска наляцела на Стваловічы, размешчаныя побач. Справаздача суха інфармавала цара: «Побили и поимали... высекли и выжгли... » З захопленых у палон 32 чалавек шляхты і мяшчанаў адабралі толькі лепшых, астатніх - «велели посечь».

 

Аляксей Міхайлавіч аддаў загад арміі князя Трубяцкога «от Клецка идти войною до Слонима живыми и невоеванными месты розными дороги», каб ахапляць як найшырэйшыя абшары, спусташаць гарады, забіваць і паланіць людзей, паліць вёскі, хлеб, сена, знішчаць гаспадарку, а пасля ад Слоніма вяртацца да Клецка зусім іншым шляхам, «жилыми и невоеванными месты розными ж дороги», ды чыніць тое ж самае [5, т. 2, с. 438-439]. Войска зрабіла ўсё «по государеву указу». Рухаючыся да Слоніма, ваяводы ўздымалі хмары чорнага дыму, пакідаючы пасля сябе толькі попел ды вуголле. Так яны знішчылі Мір ды шмат іншых гарадкоў і вёсак, а дасягнуўшы Слоніма - пасеклі і там каго засталі, спаліўшы горад і яго слабоды, спустошылі Жыровіцкі вуніяцкі кляштар, папалілі іншыя вуніяцкія кляштары і бажніцы, а людзей - пазабівалі ці пахапалі ў няволю. «И многие места, и села, и деревни, и за Слоним верст по двадцать и больше, выжгли и разорили», - пісаў Аляксей Трубяцкой у справаздачы аб гэтым паходзе, а цар за стараннае выкананне ягонага загаду пахваліў ды ўзнагародзіў баяраў, ваяводаў і ратнікаў.

 

Планавалася, што гэтая армія пойдзе на Берасце, аднак у апошні момант Трубяцкому загадалі вяртацца на ўсход, да Старога Быхава. Злучыўшыся з 5-тысячным казацкім войскам Васіля Залатарэнкі, які ішоў з Горадні, яны разам наляцелі на Нясвіж, спалілі там усё, што маглі (выстаяў толькі замак, у якім абараняўся князь Міхал Радзівіл), пасля знішчылі Капыль і 27 верасня ізноў падышлі да Слуцка. Аднак штурмаваць яго больш не браліся. Трубяцкой спрабаваў здабыць места дыпламатычна: у Слуцак начальнікам наймітаў засылаліся лісты ад іхных калегаў, якія служылі ў маскоўскіх палках, а слуцкім мяшчанам пісалі казакі. За капітуляцыю і пераход на службу да цара шчодра абяцалі высокія чыны, багацці. Але ўсе ўгаворы ды агітацыі не далі аніякага плёну. Тады армія Трубяцкога з казакамі кінула Слуцак ды рушыла на Стары Быхаў.

 

Для беларускага Палесся, быццам заслоненага ад нашэсцяў зараснікамі ды балотамі, таксама насталі трагічныя дні. Тураўшчына зведала спусташэнні яшчэ на пачатку вайны, як і Ўсходняя Беларусь, калі ў ліпені 1654 г. казакі, наляцеўшы на вёскі і мястэчкі, «сялян мучылі, насмерць забівалі, маёмасць іх усю забіралі, іншыя вёскі агнём палілі... » [3, с. 32]. Пазней сюды прыходзіў казацкі полк нейкага Грышкі Чорнага. Чаркасы з'яўляліся тут і разам з маскоўскімі ратнікамі. У верасні 1654 г. на Тураўскую і Смядынскую (ніжэй па Прыпяці) воласці напала маскоўскае войска. Паводле заявы тураўскага падстарасты Хведара Ляўковіча, чужынцы «ня толькі ў дамах сялянскіх што змаглі адшукаць забралі, але, сялян у лясах знаходзячы, некаторых насмерць пазамучвалі... » 24 верасня яны «да апошняй халупы» спалілі вёскі Верасніца, Букча, Глінная, Храпіна, Колкі, спустошылі дзесяткі іншых. Забіралі ўсё да драбніцы. У Астражанцах і Смядыні замардавалі нават папоў, у Гліннай святога айца расстралялі, а недамучаных людзей жывых засыпалі зямлёй. Целы мерцвякоў выкідвалі з дамавінаў. Урэшце, пагаспадарыўшы ў апусцелым Тураве, захопнікі пакінулі яго, а мяшчанам, якія паразбягаліся, ды ўсёй воласці сказалі вяртацца ў горад, запэўніўшы, што чапаць іх не будуць. Аднак 30 кастрычніка, калі людзі вярнуліся, на іх накінулася варожае войска. Хапалі ўсё ў хатах, рынкавых каморах, а найбольш - «вымучвалі» ў жыхароў грошы. Некалькі чалавек пры гэтым забілі. Вялізны статак кароў (за 6 тысячаў) быў адагнаны на Ўкраіну...

 

Тае ж восені моцна пацярпеў ад наезнікаў увесь Пінскі павет. Тураўскі і пінскі вуніяцкі біскуп Пахом Война-Аранскі жаліўся, што мала надзеі вярнуць некага да недапаленых халупаў. А праз год на Палессе ўварвалася вялікае войска маскоўскіх стральцоў і салдатаў*. У верасні яно паднялося на чаўнах з Кіева і спачатку заняло Тураў. Далей стольнік Дзмітры Валконскі павёў ратнікаў на Давыд-Гарадок, які пасля бою з маленькай залогаю таксама быў захоплены. Па Гарыні, Прыпяці, Вятліцы, а пасля сухазем'ем выйшлі да Століна, які, напаўшы, «у нішто абярнулі». Адтуль рушылі на Пінск. Ужо 3 кастрычніка 1655 г. з'явіліся ў вёсцы Церабні Пінскага павета, дзе прастаялі два дні, і 5 кастрычніка, высадзіўшыся на бераг каля Пінкавічаў, абрынуліся на Пінск. Невялікая пінская залога была разбітая за горадам і цяпер пераможцы на час зрабіліся яго поўнымі гаспадарамі. Паводле скаргі ацалелых пінчукоў, складзенай праз 10 дзён пасля гэтай падзеі, захопнікі «па-тыранску, па-разбойніцку як мужчын, так і самых кабет, і дзетак немалую колькасць рознымі нечуванымі мукамі мучылі і на смерць пазабівалі... усе скарбы, гатовыя сумы, розныя тавары, золата, срэбра, волава, медзь, званы касцёльныя і царкоўныя, рознае збожжа і ўсе хатнія набыткі дашчэнту выбраўшы, да байдаў і чаўноў панасілі і павазілі». Наезнікі прастаялі ў Пінску два дні, а 7 кастрычніка, адплываючы, запалілі горад [3, с. 67]. Замак, будынкі, касцёлы і цэрквы, рынкавыя крамы - усё пагарэла. Як засведчыў генерал Ян Анкудоўскі ў акце ад 15 кастрычніка, у Пінску «толькі каміны ды печышчы стаяць».

 

* Як вынікае з заявы жыхароў Пінска ад 15 кастрычніка 1655 г., у гэтым войску разам з маскоўскімі ратнікамі былі ўкраінскія казакі, і налічвала яно не 700 (што сцвярджае А. Мальцаў), а некалькі тысячаў чалавек.

 

Вяртаючыся, войска Валконскага спустошыла вёску Церабень, дзе царскія ратнікі нават царкву абадралі, пахапалі званы, абразы і кнігі, затым - Крывічы, Плашчова і Стахава таксама рабавалі як маглі, хаты палілі, а кароў рэзалі, складвалі ў чаўны і адплывалі да Кіева.

 

Апошняя на той год значная аперацыя маскоўскага войска ў межах Беларусі была праведзеная позна ўвосень на Берасцейшчыне. Яшчэ ў жніўні, пасля захопу Вільні, цар загадаў ваяводу Шарамецеву прывесці туды на зіму сваю армію - больш за 7 тысячаў ратнікаў. Пакідаючы Вільню, ён перадаў агульнае камандаванне палкамі і гарнізонамі ваяводу Сямёну Ўрусаву [54, с. 105]. І вось на пачатку лістапада корпус з некалькіх тысячаў чалавек на чале з Урусавым і Барацінскім выйшаў з Коўні на поўдзень з мэтай авалодаць Берасцем. Па дарозе пад Белымі Пяскамі яны разбілі частку палка Жыгімонта Слушкі. Далей пайшлі падзяліўшыся: меншыя сілы - праз Адэльск, Крынкі - да Заблудава, а галоўныя рушылі праз Нараў і Орлю, мінулі Высокае і 23 лістапада з'явіліся каля ракі Лясной за некалькі кіламетраў ад Берасця [89, s. 72]. Тут іх сустрэлі жаўнеры Паўла Сапегі, якія спрабавалі абараніць мост і грэблі цераз Лясную, але не вытрымалі і адступілі. Калі ж маскоўскае войска пераправілася на другі бераг ракі, дык было моцна пабітае недалёка ад Берасця і, уцёкшы назад за Лясную, пачало адступаць. Тады Сапега абышоў непрыяцеля ды перакрыў яму дарогу. Апошнімі днямі лістапада адбылася бітва, якая, паводле звестак маскоўскіх ваяводаў, скончылася іхнай перамогай. Тым не менш левае крыло войска Ўрусава было разбітае, а сам ён са штандарам ратаваўся ўцёкамі. Пасля гэтай бітвы Ўрусаў і Барацінскі адступалі па цяжкой дарозе праз Белавежскую пушчу. Каля Новага Двара пры выхадзе з пушчы нейкую частку іх войска яшчэ разбіла лідская, ваўкавыская і гарадзенская шляхта на чале з Янам Кунцэвічам, берасцейскім ваяводам. Пабітыя царскія палкі пайшлі на Слонім і адтуль вярнуліся ў Вільню.

 

Гэтым скончыліся ў Беларусі ваенныя дзеянні першага этапу вайны. Нібыта ўжо падпісаўшы прымальныя ўмовы замірэння, абодва бакі надалей устрымліваліся ад мілітарных акцыяў. Адзін - амаль што перамогшы, другі - амаль канчаткова зможаны. З вялікіх гарадоў Беларусі вольнымі заставаліся Берасце, Слуцак ды спустошаныя Пінск, Мазыр...

 

 

ВАКОЛ ВІЛЕНСКАГА ЗАМІРЭННЯ

 

 

 

... Да таго дайшла Айчына наша,

 

што ратуючыся загіне.

 

З палітычных лістоў часоў вайны

 

 

 

... На вечный покой и мир меж великими и славными

 

народы Польским, Литовским и Московским.

 

З артыкулаў дамовы 1656 г.

 

 

 

Два гады вайны, на працягу якіх Вялікае Княства фактычна адно супрацьстаяла інтэрвенцыі магутнага ўсходняга суседа, прывялі дзяржаву да краю бездані. У Кароне Польскай пасля цяжкіх паразаў ад шведаў (29 верасня пад Гарадком, 30 верасня пад Новым Дваром і 3 кастрычніка каля Войніча), пасля капітуляцыі Варшавы і Кракава ды ад'езду караля Яна Казіміра ў Сілезію дзяржава і войска былі канчаткова разваленыя. Здавалася, гэта канец Рэчы Паспалітай. Эўрапейскія дзяржавы не збіраліся ўмешвацца ў развіццё падзеяў на абшарах паміж Смаленскам і Віслай. Данія яшчэ не акрыяла ад паразы 1645 г., калі яна, разгромленая шведамі, страціла свае землі. Нямеччына таксама загойвала раны Трыццацігадовай вайны. Англія сама спачувала пратэстанцкай Швецыі ды рыхтавалася да вайны з Гішпаніяй, а Францыя выконвала ранейшую дамову аб саюзе са Швецыяй.

 

Віцебскі ваявода Павел Сапега, які раней у віхуры драматычных падзеяў нават не заўважаўся, з восені 1655 г. стаў пераймаць ролю галоўнага начальніка над рэшткамі арміі Вялікага Княства Літоўскага. Ягоную ўладу добраахвотна прызналі канфедэраты, якія кінулі Януша Радзівіла. Да яго ж хутка пачалі сыходзіцца і дробныя вайсковыя аддзелы, параскіданыя па абшарах краіны. Неўзабаве тут, у Берасцейскім ваяводстве, сабраліся харугвы самога Сапегі, Гасеўскага, Жаромскага, Кміціча, Ліпніцкага, Паца, Юдзіцкага ды іншых палкоўнікаў - агулам блізу 6 тысячаў. Зімою сюды ж прыйшоў з войскам і палявы пісар Аляксандр Палубінскі. Праўда, уся гэтая сіла фактычна бяздзейнічала, бо Павел Сапега чакаў, вагаўся. Ён перамаўляў адначасова і з кароннымі гетманамі, і з маскоўскімі ваяводамі, і са шведамі, якія дамагаліся ягонага пераходу на бок Швецыі. Пры канцы 1655 г. Сапега паспеў-такі напісаць каралю Карлу Х Густаву, што і ён згаджаецца на шведскую пратэкцыю, аднак пасля гэтага захоўваў адданасць каралю.

 

Тым часам Януш Радзівіл афіцыйна ўсё яшчэ лічыўся вялікім гетманам. 17 снежня 1655 г. ён з невялікай сілай закрыўся ў галоўнай цвердзі Падляшша - Тыкоціне, размешчаным на Варшаўска-Віленскім тракце. Сваю жонку з дачкой папярэдне адправіў у Прусію пад апеку курфюрста брандэнбургскага, а сам, безнадзейна хворы і духова прыгнечаны, ужо не бачыў магчымасці і сэнсу ратавацца. Тыкоцінскі замак неўзабаве быў абложаны войскам Сапегі, які лічыў Радзівіла сваім асабістым супернікам. Тут, у аблозе, 31 снежня 1655 г., абвешчаны ворагам Айчыны, самотна памёр вялікі гетман*. Нядоўга пасля яго праіснавала вунія Вялікага Княства са Швецыяй. Шведы мала лічыліся з умовамі Кейданскага пагаднення, брутальна абыходзіліся з насельніцтвам падкантрольнай ім тэрыторыі, чым выклікалі паўстанне на Жамойці, якое пачалося ў красавіку 1656 г. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты. Так Кейданскае пагадненне і страціла сілу [67, с. 78].

 

* Цела ягонае толькі ў 1657 г., пасля захопу Тыкоціна Сапегам, было вывезена і пахавана ў Сяльцы на Берасцейшчыне. І ажно пасля вайны Януша Радзівіла як належыць перазахавалі ў кальвінскім зборы ў Кейданах.

 

А залога Тыкоціна і па смерці вялікага гетмана не жадала паддавацца. Кароль загадаў Сапегу сілай авалодаць замкам. Па якім часе частка абаронцаў перайшла на бок караля, але тысяча радзівілаўскіх пяхотнікаў яшчэ доўга ўтрымлівала фартэцыю [89, s. 85].

 

На дапамогу Тыкоціну ў лютым паспяшаўся князь Багуслаў Радзівіл. Прасіў даць яму колькі шведскіх аддзелаў, але не дачакаўся іх і рушыў толькі са сваімі сіламі - драгунамі і пяхотай. Пад Гарадком пераправіўся цераз Буг і раптоўна з'явіўся каля Драгічына, дзе стаяла 9 харугваў конніцы Вялікага Княства. Але апошнія не прынялі бітвы і схаваліся ў горадзе. Тады Радзівіл імкліва пайшоў проста на Тыкоцін. Па дарозе ў Высокім разграміў казацкую харугву Палубінскага. Пры набліжэнні Радзівіла да Тыкоціна Сапега зняў аблогу і адступіў. Багуслаў увайшоў у фартэцыю, умацаваў залогу і рушыў далей, ізноў разбіваючы па дарозе харугвы Рэчы Паспалітай [95, s. 105]. Гэты рэйд невялікага корпуса князя Радзівіла быў праведзены настолькі імкліва і з такім тактычным майстэрствам, што намнога большыя, але раскіданыя на Падляшшы сілы анічым не змаглі яму перашкодзіць.

 

Пакуль групоўка Паўла Сапегі стаяла на Падляшшы і Берасцейшчыне, Ян Казімір пасылаў яму загады з патрабаваннем ісці да Сандаміра і ваяваць супраць шведаў разам з ваяводам Стэфанам Чарнецкім. Аднак Сапега, памарудзіўшы, накіраваў туды толькі 2 тысячы на чале з Палубінскім. Дзесьці ў сярэдзіне лютага 1656 г. Сапега быў афіцыйна прызначаны вялікім гетманам і атрымаў Віленскае ваяводства, а ўвесну ён ужо павёў асноўныя сілы ў Польшчу на дапамогу каралеўскай арміі. Цяпер войска Вялікага Княства доўгі час разам з палякамі ваявала супраць шведаў далёка ад сваіх межаў.

 

Умяшанне маладога Карла Густава ў вайну выклікала абвастрэнне супярэчнасцяў паміж Маскоўскай дзяржавай і Швецыяй. Хоць раней яны доўгі час разам выступалі супраць Рэчы Паспалітай, цяпер антаганізм настолькі ўзмацніўся, што ўзброены канфлікт здаваўся непазбежны. Паслы па-ранейшаму пераконвалі адзін аднаго ў дружалюбнасці сваіх дзяржаваў, а ўзапраўды ўсёй хадой ішла падрыхтоўка да вайны. Шведскі кароль ад пачатку 1656 г., мабілізуючы сілы, шукаў трывалага хаўрусу з мажнаўладцамі Кароны і Вялікага Княства Літоўскага. Арыстакратыі Княства ён абяцаў вярнуць захопленыя царом землі, «адабраць Смаленск да апошняга каменя». Яшчэ актыўней рыхтавалася Маскоўшчына. Цар нават войска перагрупаваў. Галоўным ваяводам паўночнае арміі, якая мусіла наступаць на Інфлянты і Карэлію, быў прызначаны князь Трубяцкой. Цэнтральная армія Чаркаскага, згодна з планам, праз Віцебск і Полацак мусіла пайсці на Дынабург, а адтуль - на Рыгу. Апорнымі базамі зноў сталі Пскоў і Ноўгарад. Цяпер сюды няспынна прыходзілі абозы з боезапаса� і і харчам, сабранымі ажно ў Сібіры. Далёка за Масквой на вялікіх рэках будаваліся сотні чаўноў і пераганяліся на захад...

 

Каб стварыць антышведскі блок, Аляксей Міхайлавіч яшчэ ў сакавіку выправіў стольніка Данілу Мышэцкага ў Данію з мэтаю настроіць караля Фрыдрыха ІІІ супраць Швецыі. Чаго толькі не гаварыў маскоўскі пасол, каб пераканаць дацкага манарха: і што таму цяпер проста неабходна злучыцца з царом і выступіць супраць Карла Густава, і што шведы толькі выдаюць сябе за хаўруснікаў, а на справе спяшаюцца захапіць як найбольшую тэрыторыю, і што яны перапісваюцца з Хмяльніцкім ды Залатарэнкам, клічуць казакаў далучыцца да іх, а Вялікаму Княству Літоўскаму абяцаюць вярнуць усе страчаныя землі, ды што наогул шведы імкнуцца да манапольнага валодання Варажскім морам. Аднак жаданага выніку Мышэцкі так і не дамогся.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.