Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Генадзь Сагановіч 4 страница



Магілеў не прыняў прапановы Радзівіла пра капітуляцыю і пачаў актыўна абараняцца. Але ўжо ў ноч з 4 на 5 лютага становішча абаронцаў рэзка пагоршылася: палкоўнік Канстанцін Паклонскі за 2 гадзіны да світання выехаў з горада быццам бы на бой і... «изменил с могилевскою и иных городов шляхтою, и с казаки, которые у него в полку были» [6, т. 14, с. 568]. Вывеўшы з сабой больш за 400 чалавек, ён упусціў у вялікі земляны вал на свае пазіцыі людзей Радзівіла. Тыя кінуліся да нутранога вала, і там разгарэўся жорсткі бой. Абаронцы страцілі ў сечы каля тысячы казакаў і маскоўскіх служылых людзей «человек с триста и больши», аднак здолелі адбіць гэтую небяспечную атаку і нават захапілі «языков», зрабіўшы ўдалую вылазку з другога боку горада. Цяпер было зусім відавочна, што аблога зацягнецца надалей.

 

Хоць царскае войска Рамаданоўскага, якое спяшалася на дапамогу Магілеву, каля Радамлі ўшчэнт разграміў палявы гетман Гасеўскі (сам ваявода з рэшткамі палкоў уцёк у Шклоў і больш не спрабаваў адтуль выйсці), гарнізон Магілева знаходзіў сілы рашуча адбіваць усе прыступы. Беспаспяхова скончыліся начны штурм малога вала і астрога 12 лютага, атакі пасля парахавых выбухаў у падкопах 8 сакавіка ды 9 красавіка і нарэшце прыступ 13 красавіка.

 

Радзівіл спадзяваўся схіліць казакаў на свой бок, пісаў ім «прелестные листы». Наказнога гетмана ён прысароміў, што той узяўся «з Айчынаю маткаю ваяваць і трымаць з народам Маскоўскім, які нікому стрымліваць веру і слова не прывык» [6, т. 14, с. 547-548], нагадаў пра «вольнасць народу нашага», але Залатарэнка адаслаў гэты тэкст цару.

 

Асабліва шмат лістоў пісаў палкоўнік Паклонскі - і магілеўцам, і казакам, і маскоўскім саноўнікам, і былым украінскім паплечнікам. Адных агітаваў, другім тлумачыў прычыны свайго вяртання ці другой здрады. У яго надзвычай эмацыйных лістах - трагічны досвед чалавека, які жорстка падмануўся і быў ашаломлены ўсім пабачаным.

 

Для Паклонскага ад пачатку вайна бачылася такой, як яе падавалі ў агітацыйных царскіх граматах, - справядлівай: «разумел есми, что та война имела быти на освобождение утисненной Руси, или восприяти потеху, яко от государя християнского». А што выйшла на справе? «Шклов, Могилев, Горы, Горки и иные моим поводом много недобываемых городов досталося», - пісаў ён пра сваю дапамогу цару, хоць і адзначаў, што капітуляцыі гэтых гарадоў былі вымушаныя: маўляў, магілеўцаў ён праз тое «от наглые смерти и меча царского» выратаваў. Паслужыўшы цару, Паклонскі пераканаўся, што «вместо полученья такое ж лупление домов Божиих, что и от татар бывало» [6, т. 14, с. 542]. Вось як пісаў былы «беларускі палкоўнік» пра тое, што падштурхнула яго ды іншую беларускую шляхту вярнуцца на бок Рэчы Паспалітай: «... Золотые слова на листах шляхте и местом подавано, но их в вопасенье потом обращено, а самой шляхте и мещаном железные волности на ногах надавали, жен и девиц их, мучителски тиранско с ними поступя, на вечную неволю отдали, что не чинитца от поган»; «из Смоленска всех и шляхту и мещан с женами и с детми, присягнув им на их право, посылали на калмыков там воевать»; «духовных наших в каком почитанье имеют, насмотрелися есмя над кутеинскими отцы, как над ними чинили, в церкви престолы сами одирали и все украшение церковное до столицы отослали, а самих черньцов в неволю загнали, где с кручины святый отец игумен Иоиль умер. А что с его милостью отцем митрополитом и с иными духовными чинят жаль; однолично вместо лучшего в пущую горейшую неволю впали... для чего волим уже ныне в шелашах пение свое имети, нежели в златых церквах и в такой неволе у них пребывати» [6, т. 14, с. 542-551]. Толькі гэта - і нішто іншае, падкрэсліў Паклонскі ў лісце да нежынскага пратапопа, сталася прычынай ягонага вяртання «до милые и златые отчины».

 

Да магілеўцаў лісты іх былога палкоўніка, відаць, мала даходзілі, бо, як потым высветлілася, чавускі поп Васіль пільна сачыў за жыхарамі горада і, высачыўшы чарняца Арсеня, які праносіў тэксты, «того чернеца ухватил и увел с листами в город». За такую паслугу цар даў стараннаму папу «30 волок с крестьяны».

 

Прыкаванае да Магілева войска Вялікага Княства Літоўскага так і не правяло якіх-небудзь значных аперацыяў. Праўда, невялікі корпус князя Лукамскага зімой 1655 г. хадзіў на Віцебск і хоць спачатку быў неспадзявана пабіты, потым сабраўся з сіламі ды ў лютым так заціснуў ваяводу Шарамецева ў горадзе, што той ледзь вытрымаў аблогу [46, с. 159]. Але гэта быў лакальны і зусім не вызначальны поспех. Спробы ж князя Лісоўскага авалодаць Дзіснай скончыліся беспаспяхова. Не ўдалося таксама адваяваць Невель. Так што і ў Падзвінні запланаваны контрнаступ фактычна праваліўся. Надта ж няроўныя былі сілы.

 

Наказны гетман Залатарэнка як мог перашкаджаў аблозе Магілева. Яшчэ ў лютым ён накіраваў туды колькі тысячаў казакаў на чале з братам Васілём, які вярнуўся са Старадуба. Пасылаў таксама шматлікія «пад'езды» для рэйдаў па тыле, дэзарганізацыі непрыяцеля, знішчэння гарадкоў і гарнізонаў. Так было ўчынена з Бабруйскам і Каралеўскай Слабадой, жыхароў якіх «под мечь пустили, а городы обадва без остатку попалили, чтоб впредь не было при чем держатися врагом и недругом вашего царского величества» [6, т. 14, с. 533]. Пад час гэтага рэйду быў захоплены буйны магнат Дамінік Пац, за якога Радзівіл мог аддаць любога маскоўскага палоннага, але наказны гетман перадаў Паца цару. У сакавіку пасланыя Залатарэнкам казакі горад Глуск «добыли и, добывши, огнем выпалили, много врагов и недругов вашего царского величества, там пребываючих, под мечь подклонили» [6, т. 14, с. 540].

 

Вось тады ўрэшце і сам Радзівіл накіраваў ад Магілева частку войска для рэйду па Смаленшчыне - галоўным чынам узброеных сялянаў («мужиков тысячи с три, да драгунов с триста человек»), што моцна ўстрывожыла маскоўскі ўрад. Са з'яўленнем гэтага корпуса жыхары Смаленшчыны пераходзілі на ягоны бок: «Села Мигнович и иных сел и деревень крестьяне тебе, государю, изменили и отложились к полским и литовским людем и вести всякие твоих государевых людей подают», - паведамляў тады цару смаленскі ваявода.

 

У сярэдзіне красавіка 1655 г. на дапамогу магілеўскім абаронцам рушылі казакі Залатарэнкі: частка з хлебнымі запасамі - па Дняпры на чаўнах, іншыя - па беразе. Радзівіл апошні раз паспрабаваў штурмаваць горад, але зноў марна... І на пачатку траўня ягонае войска, пакінуўшы пазіцыі і спаліўшы пасады, адступіла за Бярэзіну. Амаль адначасова ў Магілеў увайшло 3 тысячы ўкраінскіх казакаў. У пагоню за непрыяцелем Залатарэнка выслаў з загонам свайго брата, які дагнаў ар'ергард і нанёс яму значныя страты. Сам жа наказны гетман неўзабаве павярнуў да Старога Быхава ды заняўся ягонай аблогай. Але і адтуль рассылаў загоны для знішчэння замкаў - дзе толькі пабачаць, хоць тое знішчэнне нічым не вымагалася. Зусім без неабходнасці 13 траўня ягоныя казакі спалілі замак у Крычаве.

 

Адступаючы на захад, Радзівіл 10 траўня асобным універсалам даў Паклонскаму «палкоўніцтва няроўнае над усімі краямі беларускімі» ды пакінуў яго галоўным на Бярэзіне і Друці. Аднак ужо праз 3 дні Паклонскага разбіў пад Барысавам маскоўскі стольнік Барацінскі. Сам вялікі гетман пакінуў за Бярэзінай невялікую заслону і адышоў далей. Частка войска размясцілася ў Нясвіжы і Слуцку. Ды чаго вартае было ўжо тое войска, недаўзброенае і здэмаралізаванае? Яшчэ пад час дзеянняў гарматы неаднаразова не давозіліся да палкоў, не паспявалі за імі, бо не ставала грошай нават на аплату фурманам, - гэтак апусцеў скарб Вялікага Княства Літоўскага! [107, s. 135].

 

Цар Аляксей Міхайлавіч добра ўзнагародзіў Залатарэнку за дзеянні супраць Радзівіла - аддаў яму Быхаўскае і Крычаўскае стараствы, уключыў у ягоныя палкі рэшту казакаў былога «беларускага» палка Паклонскага і дазволіў наказному гетману набіраць у сваё войска беларусаў з Магілеўскага ды Крычаўскага паветаў. Дзякуючы ўсяму гэтаму, колькасць казакаў Залатарэнкі неўзабаве ізноў дасягнула 20 тысячаў. Яны займалі цяпер вялікія абшары Беларусі - Магілеўскі, Амсціслаўскі, Крычаўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі ды іншыя паветы. Баючыся сілы такога канкурэнта, цар паспяшаўся аслабіць ягоныя пазіцыі і стварыў ва ўсіх гэтых гарадах (з вылучэннем Быхава і Крычава) сваю ваяводскую адміністрацыю.

 

 

«ГОСУДАРЕВ ПОХОД» 1655

 

 

 

Устань, устань, Радзівіла,

 

А ўжо Вільня ня наша,

 

А ўжо Вільня ня наша,

 

А ўжо белага цара...

 

З беларускай народнай песні

 

 

 

Згодна з планам наступальнае аперацыі, прызначанай на лета 1655 г., галоўныя сілы царскага войска зноў канцэнтраваліся на Беларусі (на Ўкраіну тае вясны былі высланы зусім нязначныя часткі на чале з баярынам Васілём Бутурліным - на дапамогу Багдану Хмяльніцкаму для кампаніі супраць палякаў). Яны па-ранейшаму мусілі дзейнічаць трыма групоўкамі - паўночнай, цэнтральнай і паўднёва-заходняй - пры падтрымцы казакаў Івана Залатарэнкі. Апорнымі базамі гэтых арміяў з'яўляліся адпаведна Вялікія Лукі, Смаленск і Бранск.

 

Сама адказныя задачы кампаніі даручаліся цэнтральнай арміі Якава Чаркаскага. Планавалася, што яна рушыць са Смаленска ўжо ў другой палове траўня і, авалодаўшы Барысавам ды Менскам, разам з казакамі выйдзе на Вільню. Адначасова з ёй да сталіцы Княства павінна была наблізіцца і паўночная групоўка Васіля Шарамецева. Пасля захопу Вільні гэтыя войскі мусілі б пакінуць заслону ад шведаў ды ісці на Коўню-Горадню-Берасце. Армія ж князя Трубяцкога мела загад выйсці з Бранска ў Магілеў, затым авалодаць Старым Быхавам і праз Слуцак ды Наваградак таксама кіравацца на Берасце. Асобна на паўночным захадзе дзейнічала групоўка Апанаса Ардзін-Нашчокіна. А ў раёны Палесся па Дняпры ды Прыпяці былі гатовыя рушыць вайсковыя аддзелы з Кіева. Гэтак магутным колам ахаплялася ўся тэрыторыя Беларусі. На мэце кампаніі быў захоп астатніх земляў Вялікага Княства Літоўскага і зліквідаванне яго як дзяржавы.

 

Паход пачаўся ў сакавіку. Цар прыехаў у Вязьму, пасля адтуль са сваім палком - у Смаленск, а там яго ўжо чакалі напагатове ўсе астатнія палкі цэнтральнае арміі ды артылерыя.

 

У траўні з Бранска на Магілеў вырушыла армія Трубяцкога. Казакі ж, як і частка войска Шарамецева, ужо былі ў Беларусі - спрабавалі здабыць старабыхаўскую фартэцыю. Абаронцам хапала духу не толькі адбівацца, але і рабіць частыя вылазкі, браць у палон казакаў. Іх непахіснасць здавалася незвычайнай. Захопленыя казакамі «языкі» на допытах казалі, што ў горадзе сядзяць «шляхты 50 человек, конных желдаков 400 человек, венгров 50 человек, жидов 1000 человек, мещан 800 человек» [6, т. 14, с. 715-716] - зусім невялікая сіла, прычым большая частка абаронцаў - цывільныя людзі. Гарматаў яны мелі ўсяго 4 вялікіх і 26 палкавых, порах выраблялі самі. У адказ на прапановы Залатарэнкі здаць горад ды на царскую грамату, у якой абяцалася свабоды за капітуляцыю і смерць за супраціў («всех предадут мечю»), быхаўцы казалі: «Пакуль будзе хлеба і ўсялякіх прыпасаў, датуль і будзем сядзець, а здацца чаркасам гасударавым людзям ня хочам».

 

Вораг ужо наступаў, а ў Варшаве ўсё яшчэ цягнуўся сойм. Зацвярджалася ўхвала аб паспалітым рушанні. Апошні раз трыумфаваў вялікі гетман Радзівіл, кінуўшы пад погі каралю 54 здабытыя маскоўскія штандарты, падвёўшы мноства палонных [81, s. 281].

 

24 траўня са Смаленска на захад вырушыла цэнтральная маскоўская армія. Праз якія два тыдні цар ужо размясціў сваю стаўку пад Шкловам. На поўначы Беларусі актывізавалася войска Васіля Шарамецева. Ваяводы найперш імкнуліся захапіць не заняты яшчэ Вяліж. У чэрвені Мацвей Шарамецеў «пришол под Велиж, Велиж осадил накрепко», і вяліжскі стараста Ян Дамашэўскі неўзабаве здаў горад.

 

Рыхтуючыся да галоўных дзеянняў, ваяводы заняліся ачышчэннем плацдарма. На Барысаў быў высланы Юры Барацінскі з палком салдатаў і драгунаў, які ў бітве пад горадам разбіў аддзел Паклонскага, але захапіць Барысаў, колькі ні штурмаваў, не змог. Тады цар выслаў на Барысаў ваяводу Багдана Хітраво з войскам у 5400 чалавек. На гэты раз горад быў захоплены і 19 чэрвеня спалены. Згарэў і мост цераз Бярэзіну, за якую адышло войска, што абараняла Барысаў. Аднак яго аднаўленне не заняло ў пераможцаў шмат часу. Шлях на Менск быў адкрыты.

 

Чым тады дыспанавала Вялікае Княства Літоўскае? Пасля малаплённай кампаніі, якая толькі-толькі скончылася, войска было фізічна стомленае і здэмаралізаванае. Колькасна яно, вядома ж, не павялічылася, а, наадварот, паменшала, раздрабілася. Князь Багуслаў Радзівіл па адыходзе ад Магілева адразу ж паспяшаўся да Слуцка - сталіцы сваіх уладанняў - з тым, каб паспець падрыхтаваць яго да варожага нашэсця. Рамантаваліся гарадскія валы, замкавыя сцены і вежы, збіраліся боезапасы, зброя і харчаванне на шмат гадоў. Да абароны горада рыхтавалася некалькі палкоў жаўнераў палкоўніка Вільгельма Пэтэрсана ды мяшчане. Случчакі былі так вывучаныя ў вайсковых муштрах, што, паводле заўвагі Багуслава Радзівіла, «і найлепшаму жаўнеру ў гэтым зусім не саступалі» [32, s. 119]. Але гэта быў радзівілаўскі Слуцак. Хіба толькі ён і мог спакойна чакаць з'яўлення ворага пры гатовых да адпору байніцах.

 

Гаспадарка краіны была ўжо падарваная вайной, а ледзь не палова тэрыторыі наогул акупаваная. У земскі скарб дзяржавы зборы амаль не паступалі. Летам 1655 г. замест 2 мільёнаў злотых падымнага падатку рэальна можна было сабраць толькі 200 тысячаў. Якое найманае войска (а менавіта яно вызначала зыход бітваў) можна ўтрымліваць на такія сродкі? Вялікія грошы патрабаваліся, прыкладам, на перавозку гарматаў, бо артылерыя не мела ўласных коняў, таму пры кожнай патрэбе даводзілася наймаць за плату фурманоў. Такі парадак ствараў нямала дадатковых цяжкасцяў у арганізацыі абароны краіны.

 

Паспалітае рушанне, і раней мала на што здатнае, цяпер канчаткова страчвала сваё значэнне. Як было шляхце ехаць на доўгі час да вялікага гетмана, калі бязлітасны непрыяцель, спальваючы ды высякаючы ўсё на сваім шляху, ужо стаяў каля іх сядзібаў? Соймікі прынялі пастановы пра тое, каб сабраныя ў паветах і ваяводствах грошы ішлі на харугвы для іх жа абароны. А маскоўскім ваяводам толькі гэтага і трэба было!

 

Атрымаўшы вестку пра захоп Барысава, цар больш не марудзіў і загадаў галоўным сілам наступаць на Менск. Казакі Залатарэнкі перайшлі Бярэзіну і 2 ліпеня ўжо былі ў Смілавічах. Наказны гетман адсюль напісаў Аляксею Міхайлавічу, што стаіць за 9 міляў ад Менска і чакае палкі ваяводы Хітраво, якія павінны з ім злучыцца. Са Смілавічаў у той жа дзень былі высланыя казацкія загоны пад Менск і на гарадок Свіслач, які казакі захапілі «через мечь и немало... неприятелей будучих всех под мечь пустили, а самое место и замок огнем без остатку сожгли» [68, с. 61].

 

На Менск рухаліся таксама перадавы, вялікі і старажавы палкі цэнтральнае арміі. Наперад былі высланыя авангардныя часткі дзеля злучэння з войскам Хітраво і казакамі.

 

У Менску значных сілаў не было. З сабраных звестак маскоўскія ваяводы гэта ведалі. «В Менску людей нет», - дакладалі яны цару. Аднак нейкае войска для ягонай абароны ўсё ж сабралася ды 3 ліпеня сустрэла непрыяцеля за 5 вёрстаў ад горада (відаць, стан менскіх умацаванняў не пакідаў надзеі вытрымаць аблогу, абараняючыся за валамі). Даўшы бой, яно хутка мусіла адступаць назад у горад, а царскія ратнікі «многих побили и языков взяли 15 человек». На плячах адступаўшых яны ўварваліся ў Менск. «Литовские люди» выбягалі з горада, а ваявода Хітраво аднавіў раскіданы імі мост, перайшоў Свіслач і паставіў перад брамай замка пяхоту, затым з астатнімі сіламі выйшаў у поле, дзе адбыўся вялікі бой з менскім войскам. Праўдападобна, самастойна адбіваліся мяшчане ў замку ды некаторых храмах. Але жыхароў у горадзе на той час было ўжо няшмат. Яны паспелі выйсці з Менска на захад. Тут засталіся толькі «войт Ивашко Жыдович с товарищи полтараста человек» [68, с. 61].

 

Пасля захопу Менска адкрыўся просты шлях да сталіцы Княства. Але цар не спяшаўся распачынаць наступ. Ледзь не два тыдні спатрэбілася на тое, каб ачысціць тылы ад непрыяцеля, пазнішчаць гарадкі ў Менскай акрузе. Аляксей Міхайлавіч загадваў ваяводам пасылаць з Менска «в полские городы и в уезды» (гэта пісалася аб цэнтральнай Беларусі! ) сваіх людзей для пошуку «языкоў», збору інфармацыі. 11 ліпеня Залатарэнка накіраваў «посылку» (казацкае войска) на чале з сотнікам Хведарам Мрынсковым на Койданаў, і казакі «местечко Койданов взяли, и которыя... были в том местечке полския и литовския люди, и тех всех людей мечю предали и то местечко и посады все выжгли» [6, т. 14, с. 753-754]. За Койданавам гэты ж загон напаткаў і пабіў конную роту Паклонскага.

 

Аб паходзе «к Вилно и к Оршаве» Аляксей Міхайлавіч афіцыйна абвясціў 12 ліпеня з царскае стаўкі ў Барысаве. Усе асноўныя сілы, зграмаджаныя ў Менску, - вялікі, перадавы, старажавы, ертавульны палкі цэнтральнай арміі, а таксама казакі наказнога гетмана Залатарэнкі - атрымалі загад адначасова рушыць на захад. Даўжэзнымі калонамі расцягнуліся яны па некалькіх дарогах. З паўночнага боку да сталіцы маглі ў кожны момант пайсці палкі арміі Васіля Шарамецева.

 

На што магла спадзявацца Вільня, калі ў абодвух гетманаў усяго войска не налічвалася і 7-8 тысячаў? Царскія ваяводы ўжо рухаліся на сталіцу, а тут толькі-толькі скончыўся сойм, які прыняў ухвалу пра мабілізацыю паспалітага рушання. Ды цяпер і яно не магло істотна змяніць становішча. У тыя дні Януш Радзівіл з жалем пісаў, што на рушанне амаль не спадзяецца, бо шляхта замест таго, каб сабрацца ды ісці да гетмана, адно разбягалася [106, s. 105]. 13 ліпеня ён выдаў спецыяльны ўніверсал жыхарам Пінскага павета, у якім тлумачыў, што з-за вялікага недахопу наёмнага войска ён мусіў зняць усе харугвы, якія дагэтуль прыкрывалі Палескі тракт, таму загадвае, каб «панове самі як найхутчэй купіліся і сваімі ўласнымі грудзьмі баранілі свае хаты» ды бралі пад абарону Палескі тракт [3, с. 42].

 

На дапамогу Кароны не засталося аніякай надзеі. Хоць афіцыйна лічылася, што на вясну ад караля прыйшло ў Вялікае Княства 5 тысячаў жаўнераў, у сапраўднасці іх было намнога меней. Ды ў тыя крытычныя ліпеньскія дні і яны пакінулі межы Княства. Можа, гэта было і лепей, бо пра іх настрой і сапраўдны занятак казалі шмат нягожага. Сам вялікі гетман, напрыклад, у лісце ад 11 ліпеня пісаў, што каронныя рэйтары, «выходзячы з Менску, бунт узьняць хацелі. Шляхецкія дамы, двары, нават касьцёлы абрабавалі... і голасна пагражаюць, што перакінуцца да непрыяцеля» [106, s. 104].

 

Тым часам у Маскве канчаліся распачатыя яшчэ ў траўні перамовы Швецыі з царскім урадам. Швецкія паслы прапаноўвалі падзяліць тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага паміж Маскоўскай дзяржавай і сваёй краінай. Гандлюючыся, бакі чатыры разы вызначалі лінію падзелу нанова. Мяжа мела прайсці то праз Слуцак, то праз Нясвіж і Менск [108, s. 89]. Але Масква хутка наагул не пажадала дзяліцца. Калі ў 1654 г. яна прапаноўвала Швецыі разам пачаць вайну супраць Рэчы Паспалітае, тая не выступіла. Дык цяпер цар і сам лёгка мог давесці вайну да пераможнага канца.

 

Шведскі кароль Карл Х Густаў пасля тонкіх разлікаў яшчэ ў сакавіку 1655 г. прыняў канчатковае рашэнне пачаць вайну супраць Рэчы Паспалітае. Настаў зручны момант лёгка разграміць даўняга суперніка, інкарпараваць ягоныя землі, а пасля - і Маскву спыніць. Вайна пачалася ў чэрвені паходам палявога маршалка Густава Адольфа Левенгаўпта на Дынабург. Праз месяц на Вялікае Княства рушыў Магнус Дэлягардзі і заняў Біржы. А галоўныя сілы шведаў пайшлі на Польшчу - 14 тысячаў з палявым маршалкам Вітэнбергам, 12700 жаўнераў - з каралём, артылерыю ж вёў Густаў Стэнбок. Вітэнберг высадзіўся 14 ліпеня ў Памор'і, пад Усцем, дзе стаяла польскае рушанне, - і назаўтра ж яно здалося! Далей супраціву амаль не было...

 

Што ў тых абставінах магло рабіць Вялікае Княства Літоўскае? Чакаць другога фронту, каб весці вайну адначасна і супраць незлічонай царскае арды, і супраць вымуштраваных шведаў? Гэтага ніяк нельга было дапускаць. Вялікі гетман мусіў выбраць нешта адно. І, выбраўшы з дзвюх бедаў меншую, Януш Радзівіл, паводле словаў Багуслава, «аддаў перавагу шведскай пратэкцыі перад маскоўскай тыраніяй» [32, s. 124]. Гэта быў сведамы і паслядоўны крок вялікага гетмана. «Іначай ратавацца не было спосабу», - напісаў ён неўзабаве стрыечнаму брату, а 29 ліпеня яны разам, Януш і Багуслаў Радзівілы, упершыню афіцыйна выявілі гатоўнасць прыняць пратэктарат Швецыі ды прызнаць шведскага караля Карла Х Густава вялікім князем літоўскім.

 

А да Вільні з кожным днём няўхільна набліжаліся царскія палкі. Пасля таго як пад Ашмянаю казакі Залатарэнкі разбілі войска ротмістра Глябовіча, што рухалася з-за Нёмана, сталіца была зусім адкрытая. Сярод здабытых на месцы бітвы трафеяў знайшлося нямала лістоў, якія пасля перакладу Залатарэнка пераслаў цару. У адным з іх невядомы шляхціч пісаў, што каля Ашмяны ўжо «няма нікога», людзі паразбягаліся. Наракаючы на дзіўную бяздзейнасць шляхты, якая, маючы пад бокам ворага, зусім не рыхтавалася да адпору, і цяпер невядома, ці паспее сабрацца паспалітае рушанне, ён адзначаў, што і сам бяжыць «дзеля вестак дахаты, каб ведаць, ці ёсць яшчэ вёска, ці ўжо папялішча» [6, т. 14, с. 758].

 

У 20-х днях ліпеня на галоўны віленскі тракт пачалі выходзіць і авангардавыя часткі маскоўскага войска, і 20-тысячнае казацкае злучэнне Івана Залатарэнкі. 22 ліпеня цар быў у Маладэчне, а 24-га перанёс сваю стаўку яшчэ бліжэй да Вільні - у Смаргоні. Патрыярх Нікан падбадзёрваў манарха ды пісаў з Масквы, каб той не спыняўся на Вільні, а здабываў Варшаву, Кракаў і ўсю Польшчу [64, т. 10, с. 623].

 

Вільня, векавечная суперніца Масквы, гэтакая жаданая й ненавідная, цяпер была перад Аляксеям Міхайлавічам і бездапаможна чакала свайго чорнага дня.

 

Сапраўды, Вільня, якая не памятала ля сваіх муроў ворага ад канца ХІV ст., цяпер апынулася ў становішчы асуджанай. Умацаванні яе не аднаўляліся трэцяе дзесяцігоддзе і былі зусім занядбаныя. Хіба ж думаў хто пра пагрозу сталіцы? Ганарлівая шляхта папросту пагарджала небяспекай. Вільня, адзначалі сучаснікі, была падобная да Спарты: яна больш спадзявалася на мужнасць сваіх грамадзянаў, чымся на моц муроў [59, с. 50].

 

Пад канец ліпепя - на пачатку жніўня так-сяк сабралася паспалітае рушанне - 2825 чалавек. Войска прыслалі далёка не з усёй тэрыторыі краіны. Вялікія абшары з прычыны акупацыі былі, натуральна ж, вызваленыя ад земскай службы - Полацкае, Віцебскае і Амсціслаўскае ваяводствы, Варшанскі, Старадубскі, Мазырскі і Рэчыцкі паветы цалкам ды частка Браслаўскага. Ад Лідскага павета прыйшла харугва гусараў і харугва казакаў - па сто вершнікаў у кожнай, ад Ашмянскага - па 200 гусараў і казакаў, Наваградскі павет даў казацкую харугву з 200 шабляў, Слонімскі і Ваўкавыскі прыслалі па сотні казакаў. Рушанне Берасцейшчыны мусіла застацца ў межах свайго ваяводства. Шляхту Браслаўскага павета, а таксама жамойцкае і вількамірскае рушанне Радзівіл выслаў пад Браслаў, а лідчукоў і ашмянцаў накіраваў да Смаргоняў.

 

Ані Радзівіл, ані Гасеўскі не верылі ў магчымасць абараніць Вільню. На тое яны проста не мелі сілы. Ды нават і наяўныя войскі не маглі дзейнічаць зладжана, бо гетманы ж па-ранейшаму варагавалі паміж сабою. Калі дайшло да абмеркавання хоць якога плана абароны, Гасеўскі не прыняў праекта Радзівіла, і ягоная дывізія засталася на іншых пазіцыях.

 

Вялікі гетман адмовіўся ад спробы абараняцца ў старых віленскіх мурах і размясціў войска перад горадам. Ён збіраўся, стрымаўшы царскіх ваяводаў, перайсці за Вяллю ды, знішчыўшы Зялёны Мост, адарвацца ад ворага і адвесці свас харугвы на Жамойць, дзе можна было б чакаць падмогі шведаў. Гасеўскі ж хацеў - пасля спробы абараніць сталіцу хоць сімвалічна - адступіць на захад і праз Трокі, Горадню выйсці на тэрыторыю Польшчы.

 

6 жніўня, калі зграмаджаныя пад Вільняй царскія войскі ўжо адпачывалі і рыхтаваліся да штурму, абодва гетманы паспрабавалі ўнікнуць трагічнае развязкі ды перадалі ліст Аляксею Міхайлавічу, у якім прапаноўвалася неадкладна пачаць перамовы аб міры. Яшчэ раней ліст з такой прапановай віленскі біскуп Юры Тышкевіч выслаў на імя Чаркаскага ды Залатарэнкі. Аднак, як і меркаваў Радзівіл, гэтыя захады сышлі намарна. Цар загадаў адказаць, каб больш да яго не звярталіся з такімі прапановамі, бо, маўляў, калі Вялікае Княства хоча міру - няхай адразу паддаецца «под царскую руку»...

 

8 жніўня войскі Чаркаскага ды Залатарэнкі разам пайшлі на штурм Вільні. Аддзелы Радзівіла, што стаялі перад горадам, не прынялі бою ды пасля кароткай сутычкі пачалі адступаць па віленскіх вуліцах да ракі Вяллі, а на іх плячах у горад лаваю ўрываліся царскія ратнікі, украінскія казакі, татары, што складалі значную частку маскоўскіх палкоў. Войска Радзівіла паспела перайсці на другі бераг Вяллі і дало жорсткі бой непрыяцелю перад Зялёным Мостам і на ім. Урэшце гэты мост быў спалены. У адноснай бяспецы за Вяллёй апынуўся і Гасеўскі са сваёй дывізіяй, хоць ён меў зусім іншыя планы. Цяпер яны разам, спыніўшыся за пяць вёрстаў ад горада, маглі назіраць, як гіне старая Вільня... Вільня, на якую ў той дзень ад рання ішоў спорны дождж...

 

Першымі на вулках горада з'явіліся казакі, якія мелі да Вільні свае даўнія рахункі. Маленькі гарнізон віленскага стольніка Казіміра Хвалібога Жаромскага, што яшчэ працягваў абараняцца ў замку, толькі раздражняў раз'юшаных заваёўнікаў. Адразу ж на вулічным бруку сталі чыніцца масавыя забойствы, а на рынку дайшло да сапраўднае бітвы з мяшчанамі. Натоўпы віленчукоў кінуліся ўцякаць да ракі, але там мноства людзей было ці пабіта, ці патоплена [59, с. 50]. Як пасля прыгадваў віленскі біскуп Тышкевіч, «не было літасці ані ўзросту, ані полу; усе месцы былі запоўненыя крывёю забітых і трупамі, асабліва Бернардынскі кляштар, куды, шукаючы схову, людзі збегліся ў асабліва вялікай колькасці». Пра тое самае пісаў і Самуэль Венслаўскі, каралеўскі пісар, адзначаючы, як лютыя ваяўнікі «ўзброеных і бяззбройных, мужчын і жанчын забівалі без адрознення». Тагачасныя нямецкія газеты, інфармуючы Эўропу пра трагедыю Вільні, паведамлялі, што жанчын захопнікі адсылаюць у Маскву, а старых кабет і дзяцей кідаюць у агонь [103, s. 181]. Асаблівай прынадай для казакаў і царскіх ратнікаў былі віленскія храмы, а дакладней - іхняе начынне, званы, упрыгажэнні. Яны абдзіралі арганы, аўтары, разбуралі надмагіллі... У касцёле Святога Міхала забралі ці знішчылі ўсё, што было магчыма, а пахаванні фундатара храма, славутага беларускага канцлера Лева Сапегі, ды ягонай сям'і - парушылі і абрабавалі. Мерцвякоў выкідвалі з дамавінаў, у кляштарах забівалі чарніц. Моцна пацярпеў і езуіцкі касцёл Святога Казіміра, што на рынку, у якім былі пазрываныя пліты з надмагілляў роду Гасеўскіх. За Вострай Брамай на Росах захопнікі спалілі і праваслаўную царкву.

 

Уначы ўвесь горад зырка палаў, а новыя гаспадары шнырылі ў пошуку спажывы. Сама каштоўныя рэчы віленскага катэдральнага сабора вінны быў за пэўную плату вывезці ў Каралявец наваградскі кашталян Мікалай Юдзіцкі, але казакі дагналі яго ды ўсё чыста адабралі. Сярод захопленага знайшлі нямала рэліквіяў, такіх, як аўтарны крыж вялікага князя Вітаўта, кубак Ягайлы. Толькі частка каштоўнасцяў з катэдры было ўратаваная пробашчам капліцы святога Казіміра Юры Белазорам, які здолеў вывезці іх да Радзівіла.

 

Вільня гарэла 17 дзён. Што магло застацца ад горада пасля такога «гаспадарання»? Раней колькасць забітых у Вільні гісторыкі вызначалі на 10-25 тысячаў [86, s. 71-72]. Болей праўдападобна, што загінула 7-8 тысячаў жыхароў - блізу паловы насельніцтва сталіцы. Брандэнбургскі пасол Лазарус Кітэльман, які ў тыя жнівеньскія дні быў накіраваны да маскоўскага цара ў Вільню, пабачыў жахлівае відовішча. «Усе гарады і вёскі былі спаленыя; кучамі ляжалі трупы пабітага мірнага ліцьвінскага насельніцтва, таксама жанчын і дзяцей, непахаваныя і загнілыя...; жывога наагул нідзе не было відаць», - пісаў ён [75а, s. 11-12].

 

Мноства шляхты і мяшчанаў тады паразбягалася па лясах і глухіх вёсках, уцякло на Жамойць пад ахову шведаў, іншыя кінуліся ў Інфлянты, Прусію... Тысячы і тысячы жыхароў Вялікага Княства апынуліся ў Караляўцы, Тыльзіце, Рагніце. Як сведчаць матэрыялы Сакрэтнага Дзяржаўнага архіва Прускае культурнае спадчыны ў Берліне, сярод тых, хто знайшоў паратунак у Караляўцы, было вельмі шмат беларусаў, - як вуніятаў, гэтак і праваслаўных. Асобную групу ўтваралі вуніяцкія беларускія святары на чале з архімандрытам Паўлам Корсакам з Амсціслава. Яны склалі асобную прысягу на вернасць шведскаму каралю. Сярод праваслаўных, што таксама прысягалі Швецыі, прозвішчы манахаў Тараса Пракаповіча, Мітрафана Пашынскага, Іларыёна Бакіеўскага ды іншых.

 

«Гэтак быў захоплены літоўскі Карфаген, супернік Кракава», - напіша, апавядаючы пра віленскую трагедыю, гісторык Ян Рудаўскі, а Растоўскі падкрэсліць, што аніколі не бачылі больш лютай жорсткасці, чым пры захопе Вільні...

 

Аляксей Міхайлавіч уязджаў у распнутую Вільню 9 жніўня ў шыкоўнай, абабітай вішнёвым аксамітам французскай карэце. На ягоных фурманах былі высокія каўпакі і вішнёва-жоўтыя каптаны. Дарогу перад манархам выслалі ярка-чырвонай тканінай. У горадзе стаяла грымота - пераможцы палілі з гарматаў...

 

Вялікі гетман Радзівіл адводзіў сваё войска (яно цяпер не налічвала і 5 тысячаў) на Жамойць, да Кейданаў. Палкі цэнтральнае маскоўскае арміі нейкі час спрабавалі дагнаць яго, але неўзабаве спыніліся: з Рыгі ў бок Вільні і Біржаў ужо рухаліся шведы. Януш Радзівіл адыходзіў, каб яшчэ вярнуцца і «помсціць за попел Вільні»...



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.