|
|||
Генадзь Сагановіч 3 страница
Такая ж няшчасная доля чакала Віцебск. Яшчэ ў чэрвені, даведаўшыся пра капітуляцыю Невеля, сюды з'ехалася шляхта Віцебскага ваяводства і бліжэйшых паветаў. Склаўшы тут «між сабою спіс», яны пачалі рыхтаваць горад да абароны і паспелі абнесці замкі «астрогам і парканам». У сярэдзіне жніўня ад Полацка пад Віцебск прыйшло войска Шарамецева і пачало «няшчаснае, цяжкае аблажэнне». Абаронай кіравалі бурмістр Сцяпан Пятровіч і шляхціч Есяніцкі-Война. Шарамецеў неаднаразова пасылаў лісты, каб яны «государской милости поискали... и город сдали». На пачатку верасня, атрымаўшы чарговую прапанову капітуляваць, абаронцы паабяцалі даць адказ назаўтра; але на наступны дзень сказалі, што «ім горада не здаваць», ды адкрылі артылерыйскі агонь па непрыяцелю [11, с. 31].
Як пісалі пасля ўдзельнікі абароны, яны, «колькі сіл... пораху і дастатку хапала, адпор давалі і бараніліся», але Віцебск таксама застаўся самотнай выспай на занятай зямлі і ўжо ніадкуль не мог разлічваць на дапамогу. Неўзабаве ў горадзе «настаў вялікі голад, ад якога нямала людзей паспалітых і чэрні памерла. І нямала таксама пры штурмах і ад густога страляння з войска непрыяцельскага і ў вылазках людзей, шляхты, паспольства і мяшчанаў пазабівана» [13, с. 340]. Ратуючыся ад голаду, іншыя перабягалі да непрыяцеля...
А ў Менску акурат тады праходзіла вайсковая сесія, што адкрылася 3 лістапада. Ян Казімір бавіўся паляваннем у Горадні ды чакаў завяршэння менскай нарады. Адбіваючыся з апошніх сілаў, віцябляне настойліва прасілі дапамогі, але іхнага голасу тут быццам і не чулі... Толькі праз некалькі тыдняў Януш Радзівіл выправіў нарэшце да Віцебска абознага Самуля Камароўскага з трыма тысячамі жаўнераў, ды было ўжо позна. Хоць казалі, між іншага, што Камароўскі проста пабаяўся атакаваць завялікія маскоўскія сілы [28а, s. 438].
Тым часам у абаронцаў скончыўся нават порах... 17 лістапада, пасля 14 тыдняў аблогі, войска Пятра Шарамецева і казакі Васіля Залатарэнкі штурмам здабылі Віцебск і яго замкі, «з вялікімі стратамі, з захопам і пасячэннем шляхты..., мяшчанаў, паспольства і драгунаў» [13, с. 341]. Частка абаронцаў прысягнула цару (200 шляхцічаў і блізу тысячы мяшчанаў), іншыя ж, застаўшыся «вернымі і зычлівымі падданымі, мілуючы Айчыну», адмовіліся ад гэтага. Таму іх з сем'ямі забралі ў палон і разаслалі па розных гарадах Маскоўшчыны. Тыя, каго вывелі ў Казань, сведчылі, што ў трагічны дзень непрыяцель «нямала брацці нашай шляхты, мяшчанаў, паспольства, жаўнерства, драгунаў, нявестаў і дзетак малых, што каля матчыных грудзяў былі, дзядоў і баб у шпіталях без жаднае літасці, захапіўшы горад, высек» [92, s. 38].
«Віцебск, які быў абложаны пасля Смаленска, адважыўшыся выпрабаваць сілы непрыяцеля, адмовіўся ад прапанаванае яму здачы і быў бязлітасна пакараны», - падсумаваў пасля гэтую гісторыю Веспасіян Кахоўскі, польскі гісторык ХVІІ стагоддзя.
Яшчэ праз колькі дзён ваявода Стрэшнеў прыйшоў пад Сураж. Цар інструктаваў: «Велиж и Сурож, как даст Бог, зжечь». Але Стрэшневу ўдалося здабыць горад даволі лёгка: 22 лістапада пасля аблогі яму «литовские люди сурожские сидельцы... город Сурож сдали» [11, с. 16].
Цяпер заставаўся толькі Стары Быхаў - магутная фартэцыя Паўла Сапегі, чыёй апекай яна і была дбайна падрыхтавана да горшых часоў. Наказны гетман Іван Залатарэнка з усім казацкім войскам аблажыў горад яшчэ 29 жніўня, але штурмаваць так і не адважыўся. Затое абаронцы за 10 тыдняў тройчы рабілі вылазкі і ў першай жа адбілі ў казакаў 3 гарматы. У Старым Быхаве сядзела, па сведчаннях «языкоў», «служылых людей желдаков 4 хоронги, драгунов 100 человек, мещан 17 хоронг, да Быховского уезду крестьян много»... а таксама 200 гайдукоў «да шляхты Речицкого повету и из иных городов человек с 300 и болши», «жидов человек с 1000» [6, т. 14, с. 445, 467]. Яны неаднакроць казалі наказному гетману: «Сколко Золотаренку ни стоять, а ему николи им не сдатца, для того: сдались де из воли Золотаренку Гомляне, и он де их всех приневолил и учинил вязнями и отвез к государю под Смоленск».
Аляксей Міхайлавіч сам сачыў за справамі пад гэтай няскоранай фартэцыяй ды ўсё паўтараў загад: «Промышляти над Старым Быховым сколко милосердный Бог помощи подаст».
Калі да быхаўцаў дайшла вестка, што магілеўцы здаліся і цар іх нікуды не выслаў - «живут все в своих домех по прежнему», дык у асяроддзі мяшчанаў з'явілася была думка пра здачу Паклонскаму ці ваяводам (толькі не Залатарэнку, яму «не верили»). Але шляхта і габраі «николи о том не мыслили». З'яўленне ж у горадзе князя Жыжэмскага ды былога гомельскага старасты Руцкага ўсім вярнула рашучасць. Тыя расказалі, што «которые городы и сдались, ... Шклов, Копысь, Дубровня и иные городы, и тех городов всяких жилетских людей неволят, грабят и в полон емлют и до Москвы отвозят, и те де все городы иные разорены и опустошены; и Быховцы де, слыша то, все на том и положили, лутше де им в домех своих хотя помереть, нежели в неволю из воли самим себя отдавать» [6, т. 14, с. 446].
На пачатку лістапада Залатарэнка мусіў зняць аблогу і пайсці зімаваць у Новы Быхаў, папаліўшы свае табары пад нескароным горадам.
Гэтак глыбокай восенню скончыліся баявыя дзеянні першага года вайны. Маскоўскія ваяводы захапілі на Беларусі 33 гарады, заняўшы тэрыторыі на ўсход ад Дняпра і на поўнач ад Дзвіны. Вольнымі тут заставаліся Стары Быхаў, Дынабург ды Вяліж, хоць вяліжцам сам цар засылаў граматы-ўльтыматумы з прапановай здаць горад на выгадных умовах без крыві.
ПАД УЛАДАЮ «ВЫЗВАЛЕНЦАЎ»
Многих крестьян браки осквернили,
также многих девиц растлили...
многих жен имали в полон, а мужей
секли, чтобы челобитчиков не было.
З афіцыйных крыніцаў пра
дзеянні акупацыйнага войска
Занятыя землі Вялікага Княства Літоўскага хутка ператвараліся ў правінцыю Маскоўскай дзяржавы. Уладу ў іх часова бралі на сябе ваяводы дзейных царскіх войскаў. Пакідаючы магдэбургскае права беларускім гарадам, не шкадуючы абяцанняў шляхце, раздаючы «царского величества жалованные грамоты» ды прывілеі, Аляксей Міхайлавіч імкнуўся знайсці падтрымку мясцовага насельніцтва.
Асабліва паслядоўна праводзілася агітацыя праваслаўнага жыхарства Беларусі. Праваслаўнаму духавенству, пакрыўджанаму каталікамі і вуніятамі, цар абяцаў аднавіць ранейшыя правы і вярнуць уладанні. Цэрквам і манастырам перадавалася маёмасць тых, хто не прымаў маскоўскага падданства, а таксама землі ды вёскі іх канфесійных супернікаў. Гэтак полацкаму брацкаму Богаяўленскаму манастыру 9 ліпеня 1654 г. «на церковное строение и пропитание игумену з братьею» было аддадзена 15 вёсак [10, с. 66]. Спаса-Прэабражэнскай саборнай царкве ў Магілеве дазвалялася браць званы, званіцу, а таксама «лес на церковное строение» з мясцовых касцёлаў. На аднаўленне Траецкага сабора ў Амсціславе цар аддаваў Пустынкаўскую бажніцу, у якой «жили ляцкие чернецы» [6, т. 14, с. 225].
Што да неправаслаўнага насельніцтва, дык маскоўскі ўрад патрабаваў: «костелам не быть, а петь в домех», «униатам не быть», «жидом в Белоруссии не быть и жития никакого не имети». Касцёлы і кляштары, каталіцкія навучальныя ўстановы на занятай тэрыторыі зачыняліся. Ксяндзы мусілі ўцякаць на захад. Цар адназначна адхіліў і просьбу шляхцянак-каталічак, выгнаных з Лепеля і іншых маёнткаў, застацца пры сваіх кляштарах і дварах. Затое сам пераход каталіка ці вуніята ў праваслаўе на занятых землях набыў жыццёвае значэнне: такому чалавеку давалі розныя прывілеі, права на маёмасць, пакідалі на свабодзе. Калі багаты віцебскі мешчанін Боніч, які страціў усё пры захопе горада войскам Шарамецева, прыняў праваслаўную веру і папрасіў вярнуць адабранае, Аляксей Міхайлавіч не толькі аддаў яму ранейшую маёмасць, але і падараваў іншыя вёскі з сялянамі. Ці іншы прыклад. Як сведчыў дубровенскі шляхціч Свірчэўскі, тых ягоных прыяцеляў, што «не похотели в православную кристиянскую веру крестица», цар выслаў у панізовыя гарады, а ён «в православную кристианскую веру крищен и остался теперь в Вязьме» [54, с. 147].
Маскоўскі патрыярх Нікан спрабаваў адразу ж падпарадкаваць сабе Кіеўскую мітраполію, да якой належалі Полацкая і Магілеўская епархіі. Гэтай справай тады пачаў займацца і царскі Прыказ тайных справаў [47, с. 103].
Аднак палітычныя дэкларацыі новых уладаў - адно, а рэальнае становішча насельніцтва - другое.
Да цара - «абаронца» праваслаўных, цара-«вызваленца» - у першыя ж месяцы вайны пайшлі шматлікія скаргі хрысціянаў-аднаверцаў. Старац Куцеінаўскага Богаяўленскага мужчынскага манастыра Дзіянісій у жніўні 1654 г. прасіў у Аляксея Міхайлавіча ахоўную грамату, «чтоб их монастырских деревень крестьян и жен и детей государевы ратные люди не разоряли и не разогнали и в полон не имали, и чтоб им волно было жить на прежних своих местах». Намеснік амсціслаўскага епіскапа Яўсей скардзіўся, што іх «деревенишка и крестьянишка все разорены от воинских людей» [6, т. 14, с. 225]. Са звароту сялян Язенскага манастыра вынікала, што, прыйшоўшы ў Невельскі павет, царскія служылыя людзі едуць у манастырскія вёскі і «грабят и з женами и з детми развозят» ды робяць іх сваімі прыгоннымі. Скардзілася на ратнікаў духавенства Буйніцкага і Баркалабаўскага манастыроў, дзе «казаки монастырские вотчины пограбили и разоренье учинили великое, и лошади и скотину отогнали... » [6, т. 14, с. 159]. Адданы цару Паклонскі ўжо 25 жніўня 1654 г. пісаў, што Магілеўскі павет і Чавусы - раёны ці не спрэс праваслаўныя, якія адразу перайшлі на бок непрыяцеля - «повоевали и полон поимали» ратнікі ваяводы Трубяцкога. На Палессі казакі «ў царкве Высоцкай начынне пабралі, святара тамтэйшага і мяшчанаў мучылі, пытаючыся пра грошы, розныя мукі задавалі і ўсе іх дастаткі, коняў, быдла рознае, волава, медзь ды іншыя рэчы бралі, хаты палілі» [3, с. 23].
Ад царскага войска моцна пацярпелі царкоўныя будынкі. Праваслаўныя храмы гарэлі ды рабаваліся, бадай, гэтаксама, як і каталіцкія. У Амсціславе, прыкладам, «в приход... государевых воевод с ратными людми и в приступное время город зажгли и что было в городе церквей все погорели без остатку».
Маскоўскі цар разглядаў скаргі пацярпелых, выдаваў ім ахоўныя граматы, пагражаў ратнікам смяротнай карай за здзек над праваслаўнымі. Гэтак 25 жніўня Ворша атрымала ахоўную грамату, у якой цар абяцаў мяшчанам «жон их и детей в полон имати отнюдь никому не велети». На скаргу Баркалабаўскага і Буйніцкага манастыроў манарх загадаў ваяводу Міхайлу Ваейкаву і палкоўніку Канстанціну Паклонскаму «их от всяких людей оберегать».
На справе, аднак, і праваслаўныя беларусы, і іхныя суайчыннікі каталіцкага ды вуніяцкага веравызнанняў, і шляхта, і сяляне, і жыхары гарадоў - усе былі аднолькава безабаронныя. Царскія ваяўнікі, нападаючы, нішчылі і рабавалі ўсіх без разбору. Вёскі Паўловічы, Крапеніна, Замалач непрыяцельскае войска яшчэ ўвосень 1654 г. «спустошыла, дамы ў тых маёнтках з усім спаліла, а падданых - адных у палон пабрала, іншых пасекла і пазабівала і паразганяла, жывёлу, коняў і ўсё пабрала» [13, с. 342].
Паводле скаргі шляхціча Варшанскага павета Якава Шумоўскага, вёсачку Вуглы, што над ракою Басяю, людзі ваяводы Трубяцкога ўсю «выжгли, и крестьянишка разбрелися, а иные поиманы в полон». Сяляне розных вёсак таго ж павета жаліліся цару на пачатку верасня, што пасля таго, як яны «государю с хлебом и солью били челом», іхныя «женишка и детишка все без вести распропали, потому что побрали твои государевы ратные люди и розвели по разным полкам и к тебе государю под Смоленск, и животишка, статки все у нас и скотину и хлеб поимали, и домишка пожгли, скитаемся по лесам наги и босы, сидим на пепелище, с холоду и голоду вконец погибли... » Шукаць жа ім сваіх родных па палках і занятых вёсках ратнікі не давалі - скрозь білі [6, т. 14, с. 331-333]. З Магілеўскага павета «розных станов и деревень крестьянишка» яшчэ ў жніўні паскардзіліся, што «полку боярина и воеводы Якова Кудентовича Черкаского с товарищи ратные люди поимали женишек наших и детишек в полон, как мы сироты твои были на твоей государевой службе у пана Поклонского в подмоге... » [6, т. 14, с. 239-240]. Шляхцічы Мянчынскія з-пад Магілева пісалі, што маскоўскія ратныя людзі «дворишка наша сожгли и разорили без остатку, а животишка наши все поимали до основанья». Нават пасля таго, як Мянчынскія прынялі царскае падданства, «государевы воинские люди, заехав, во дворишке мать нашу, да брата, да сестру и людишек наших били и мучили и огнем сожгли до смерти, и достолные животишка, что было, всё побрали и разграбили без остатку, толко мы, холопи твои, остались душою да телом» [6, т. 14, с. 348]. Як скардзіўся Станіслаў Кажарын з Гораў, ратнік ваяводы Чаркаскага, «резанец взял в полон женишку мою Аленицу и з детишками моими с тремя сынишками, да четвертую дочеришко мое, да свояченицу мою Микулаеву жену Дубовского Марью саму сему з детми с четырмя сыновми да з двемя дочерми, и свез их к себе в поместья» [54, с. 185]. Ад гвалту не абараняла нават крыжацалаванне і вернасць цару. Сяляне многіх вёсак Віцебшчыны, якія прысягнулі на вернасць Аляксею Міхайлавічу, і ў 1655 г. пісалі, што маскоўскія ратнікі, прыехаўшы ў вёскі, «нас бедных бьют и увечат и достальные животишка грабят, лошади и животину отогнали и хлеб потолочили, и нас пытают и жгут и саблями рубят, а иных до смерти изрубили, и женишек и дочеришек позорят», таму ўсе хаваюцца ў лесе і па вёсках не жывуць [57а].
Сярод усіх магчымых ваенных трафеяў палон лічыўся самай каштоўнай здабычай царскіх ваяўнікоў. Да катэгорыі ваеннапалонных маскоўскі ўрад адносіў і мірнае насельніцтва, захопленае на непрыяцельскай тэрыторыі [47, с. 129]. Апроч дзяржаўных палонных існавалі прыватныя, якія адразу ж ператвараліся ў «холопство пленное». Такі просты шлях займець прыгонных людзей у любой колькасці абумовіў масавы вывад жыхароў Беларусі, асабліва дзяцей, жанчын ды кваліфікаваных майстроў, у Маскоўскую дзяржаву. Ужо ў ліпені 1654 г. антыёхскі архідыякан Павел Алепскі, едучы з Пуціўля ў Маскву, бачыў па дарозе шматлікія «телеги с пленными польско-литовскими женщинами и детьми, которых везли с театра войны; а мужчин Московиты избивали мечом», ды з жалем дадаваў: «Бог да не даст нам видеть подобное! » [28, p. 297]. У самой Маскве Алепскага ўразіла «бесчетное число пленников», якіх прыводзілі царскія баяры і памешчыкі: «Ни одного из них мы не видели без одного, двух, пяти, шести и более пленных. По причине бывшей в то время сильной грязи и слякоти и падежа лошадей они большую часть пленных бросили в дороге умирать от голода и холода».
Аляксей Міхайлавіч быў аб усім гэтым выдатна паінфармаваны. Яшчэ ў ліпені, калі на ўсход пайшлі першыя партыі зняволеных, ён загадаў ваяводу Івану Хаванскаму спыняць і кантраляваць палон пад Вязьмай: далей прапускаліся «Мстиславского и иных зарубежных городов литовские люди, католицкие и емяцкие веры, и жиды, и мурзы, и всякие некрещенные люди», а тых, што называліся «Бельского, Дорогобужского, Смоленского и иных ближних городов и уездов белорусцы пахатные крестьяне», трэба было прысылаць да цара [37, с. 16]. Не без царскае волі высылаліся на ўсход жыхары Гораў, Смаленска, Дуброўні ды іншых гарадоў. Гэта на ягоныя загады нішчыліся беларускія гарады і паветы...
Асобнай вайсковай сілай на акупаванай тэрыторыі былі казакі - як украінскія, так і беларускія, з палка Канстанціна Паклонскага. Атрымаўшы Магілеў і Магілеўскі павет у сваё кіраванне да прызначэння царскага ваяводы, Паклонскі зрабіў у горадзе ўласную рэзідэнцыю і пачаў энергічна ствараць сапраўднае войска. Ягоныя сотнікі, разасланыя па розных акругах Магілеўшчыны, набіралі казакаў і паціху ўсталёўвалі сваю ўладу. У казакі ставіліся пераважна сяляне (Чавускага і Магілеўскага паветаў), у меншай колькасці - мяшчане і шляхта. Калі шляхта спадзявалася дзякуючы службе захаваць свае маёнткі, дык першых і другіх ці не найбольш вабіла магчымасць палепшыць сваё матэрыяльнае становішча, падвысіць свой сацыяльны статус: за верную службу цар абяцаў «изменничьи маетности» (землі тых, хто ўцёк ці ваяваў супраць маскоўскага войска), а таксама мог даць шляхецтва. Пры ўсім гэтым полк Паклонскага набіраўся даволі марудна. Даводзілася ўжываць метады, далёкія ад добраахвотнага запісу. Яшчэ ў Чавусах ён сам «переписал» людзей і такім чынам «собрал войска пеших 800 человек». Пазней на Амсціслаўшчыне ды ў бліжэйшых паветах жыхароў загадваў «имать и ставитца в казаки». «Палкоўнік беларускі» сам прызнаваўся, што, «естли всем из волок велеть итти, тогда будет тысяч с 15 и больши» (выдзелена мною. - Г. С. ), ды прасіў царскага дазволу на прымусовае фармаванне палка [6, т. 14, с. 408]. Пад канец 1654 г. у ягоным казацкім войску было так-сяк сабрана 4 тысячы чалавек [34, с. 178].
Беларускім казакам новыя ўлады забаранілі жыць у Магілеве. Яны неслі варту на дарогах павета, выконвалі на загад цара тактычныя задачы. Частыя справаздачы Паклонскага свайму новаму ўладару сведчаць, што служыў ён даволі старанна. Аднойчы разам з «языкамі» выслаў Аляксею Міхайлавічу нават хлопчыка, у якога была маскоўская шабля: «Отколь взял, сам ответ даст».
Хто ведае, ці было ў планах «беларускага палкоўніка» стварэнне самастойнай вайскова-тэрытарыяльнай арганізацыі ва Ўсходняй Беларусі, незалежнай ні ад Масквы, ні ад Варшавы, але за ягонымі дзеяннямі бачна імкненне стаць сапраўдным гаспадаром Магілеўшчыны. Калі яму прапанавалі падпісвацца ў лістах да Аляксея Міхайлавіча «халопам» - як усе, Паклонскі адказаў: «Я де буду писать к его царскому величеству подданым его, а холопом де писатца не буду» [6, т. 14, с. 330]. Спачатку ён прасіў у цара, каб той даў яму шэраг паветаў Магілеўшчыны па-за ўладай маскоўскага ваяводы, а пасля стаў адкрыта ўжываць сілу. У снежні 1654 г. акольнічы Іван Алфер'еў паведамляў манарху, што казакі Паклонскага «твоих государевых стрельцов и солдатов в уезде и в городе на карауле по воротам бьют, и от их бою многие лежат при смерти, и твоих государевых запасов с Могилевского уезду выбрать не дадут» [6, т. 14, с. 439-440].
Не жадаў Паклонскі прымаць і ўкраінскага падданства, хоць казацкая старшына гэтага вельмі дамагалася. Калі нежынскі пратапоп Максім Філімонавіч даслаў яму ліст, у якім раіў, каб Паклонскі «у пана гетмана поискали жалованья, также и до войска запорожского приклонялися... как мещане, так и казаки ваши везде, чтоб, сохрани Боже, Москва не хотела по своем нраве и право поставили совершенно в вашем городе... », той абурыўся і перадаў ліст маскоўскаму думнаму дзяку. Што ж да наказнога гетмана Івана Залатарэнкі, які ўвасабляў украінскую ўладу на Беларусі, дык у Паклонскага з ім ад пачатку вайны не было згоды.
Мэты ўкраінскае казацкае старшыны наогул заслугоўваюць асобнай увагі. Тая задоўга да вайны мела планы далучыць паўднёва-ўсходнюю Беларусь да сваёй дзяржавы і ўздымала пытанне пра наступ на Беларусь пад час перамоваў з Масквой яшчэ ў 1651 г. [62, с. 44]. У палітычнай праграме Хмяльніцкага было стварэнне дзяржавы ў межах Кіеўскае Русі. Інкарпарацыя беларускіх земляў умацавала б казацкую дзяржаву і эканамічна і палітычна, адкрыла б ёй выхад на Захад. Аднак магутны канкурэнт наклаў на гэты край сваю руку і прымусіў Хмяльніцкага дзейнічаць больш асцярожна. Пасланыя на дапамогу інтэрвентам Нежынскі, Чарнігаўскі і Старадубскі палкі мелі на мэце не столькі дапамагаць маскоўскім ваяводам, колькі інспіраваць паўстанні беларусаў ды гуртаваць іх вакол сваіх палкоў, пашыраючы за кошт гэтага тэрыторыю апошніх. Такой стратэгіі цвёрда трымаўся Іван Залатарэнка. Прыкладам, ён усяляк адмаўляўся ад патрабаванняў цара ісці пад Смаленск - маўляў, для карысці ж Масквы трэба перш авалодаць Гомелем, схіляў беларускія гарады (перадусім Магілеў) здавацца толькі яму, спяшаўся скрозь расставіць свае залогі, узяць пад кантроль як найбольшую тэрыторыю. Казацкая старшына прасіла ў цара падараваць ёй вёскі ў беларускім Падняпроўі, а для самога Багдана Хмяльніцкага выпрошвалі Стары Быхаў.
Калі Магілеў паддаўся Паклонскаму, а не ўкраінскім казакам, наказны гетман прыслаў яму з-пад Быхава грамату, у якой злаваў і пагражаў забіць «беларускага палкоўніка» [64, т. 10, с. 608]. Бязлітасныя ваяўнікі Залатарэнкі (ці чаркасы, як называлі ўкраінскіх казакаў) і без таго здзекаваліся з жыхароў паветаў, якімі кіраваў Паклонскі, асабліва з тых, хто служыў у ягоным палку. Яшчэ ў сярэдзіне жніўня яны, «идучи... под Смоленск, могилевцев, и чаусцов, и радомцов крестьян и козаков, которые поддались под твою государеву высокую руку, пограбили, лошади и коровы и всякую животину поимали» [6, т. 4, с. 215-217]. Пазней ваяводу Ваейкаву скардзіліся сяляне вёсак Магілеўшчыны - Сідаравічаў, Мілееўкі, Багданаўкі, Воранаўкі, Прыберажні, Дашкаўкі, Буйнічаў ды іншых, што запарожскія казакі, наехаўшы, «их де крестьян бьют и мучат, и денег... на них правят, и хлеб у них отъимают и продают... и Могилевской... уезд те казаки, приехав насилством, пустошат» [6, т. 14, с. 407].
Аляксей Міхайлавіч добра ведаў, колькі церпяць жыхары, што прынялі яго падданства, ад чаркасаў, якія, «приезжая к ним в Чаусы и в Могилевский уезд, их грабят и разоряют, и животину и лошади у них отгоняют, и от того они разоряются и в конец погибают». Але цару не хацелася губляць падтрымку адданых казацкіх правадыроў, і ён для кожнага знаходзіў кампрамісны адказ.
Паміж палкоўнікам Паклонскім і гетманам Залатарэнкам ішла ўжо ледзь не сапраўдная вайна. Залатарэнка набіраў сабе казакаў таксама на Магілеўшчыне, загадваў жыхарам не ісці да Паклонскага і не слухацца яго, а тых, хто ўжо служыў беларускаму палкоўніку, казаў біць, саджаць у турму, забіраць іхную маёмасць. Паклонскі скардзіўся царскаму ўраду, спрабаваў адказваць Залатарэнку сілай, але казакаў ягоных было замала, каб узяць Магілеўшчыну пад свой кантроль, каб адасобіцца і ад маскоўскіх, і ад украінскіх уладаў.
АПОШНЯЯ КАМПАНІЯ РАДЗІВІЛА
Так шмат душ у няволю забраў, і зямлю тую, што
не Ляхамі, але Руссю заселена, ні за што пагубіў;
які ж то абаронца ваш і як вас абараняе?
Януш Радзівіл
З Масквою нам не вечна жыць.
Канстанцін Паклонскі
У верасні 1654 г. Януш Радзівіл ужо абвясціў, што войска Вялікага Княства адроджана і гатовае да дзеянняў. Праўда, сабраная сіла была намнога меншая, чым ухваленыя соймам 15 тысячаў жаўнерскіх ставак. Сам вялікі гетман лічыў, што яго мабільныя часткі могуць скласці толькі 6 тысячаў, астатніх лепей скарыстаць дзеля ўмацавання гарадоў [106, s. 96]. Як бліскучы стратэг і тактык Радзівіл разумеў, што з такім войскам нельга выбіць непрыяцеля з краіны, і разлічваў на дапамогу туркаў ці татараў або хоць на вяртанне ўкраінскіх казакаў на бок Рэчы Паспалітае. Іншага спосабу ратавання Айчыны ён не бачыў.
Такім чынам, пасля летніх паразаў войска Вялікага Княства распачынала наступальныя дзеянні супраць інтэрвентаў. Але ці дастаткова моцнае, ці належна падрыхтаванае было яно? Гетмана, знерваванага і хворага (занядужаў ён яшчэ на пачатку вайны), даймалі нутраныя разлады. На сесіі сената, якая праходзіла ў кастрычніку 1654 г. у Горадні, кароль ізноў абвінаваціў Радзівіла ў тым, што гэта праз яго краіна не падрыхтавалася да абароны (?! ). Даходзіла да знявагаў, і, сарваўшыся, гетман кінуў у адказ: «Не трэба пагражаць таму, у каго ў руках зброя! »
Набліжаўся лістапад, калі патрэбна плаціць за чарговы квартал найманаму войску, а скарб Княства пуставаў. Рэшту грошай адтуль забраў ды выплаціў жаўнерам сваіх харугваў палявы гетман і падскарбі Вінцэнт Гасеўскі. Адсутнасць грошай у скарбе, брак пораху і зброі, звадкі (Радзівіл і Гасеўскі не цярпелі адзін аднаго) - усё гэта вялізным цяжарам клалася на плечы галоўнага камандзіра, чалавека, якога ведала ўсё войска і ад якога патрабавала адказнасці за ўсё...
У краіне хадзілі самыя розныя чуткі пра капітуляцыю Смаленска. Усю віну звальвалі на былога смаленскага ваяводу Абуховіча, пасля - на палкоўніка Корфа. Абуховіча абражалі нават прыяцелі-шляхцічы, інкрымінуючы яму таемныя сувязі з царом. На загад Януша Радзівіла ў першыя дні лістапада Корф са сваімі людзьмі з'явіўся ў Менску. Тут, на замку, ён мусіў даваць тлумачэнні, чаму і як была здадзена смаленская фартэцыя [3, с. 27]. Пасля справаздачы палкоўніка прызналі невінаватым.
Рух перадавых харугваў войска Вялікага Княства на ўсход пачаўся ў кастрычніку. Каля Свіслачы і Бабруйска яны пераправіліся цераз Бярэзіну і накіраваліся ў бок Быхава ды Магілева. Сотнік Восіп Бушак з палка Паклонскага яшчэ 14 кастрычніка паведамляў царскаму ваяводу Ваейкаву ў Магілеў, што блізу тыдня таму «по сю сторону Березины реки, 2 мили по Минской дороге в селе Погостье» былі заўважаныя харугвы Вялікага Княства Літоўскага. Таго ж дня «на могилевских казаков, что стояли за Белыничами, напали ляхи*, тех казаков побили и разогнали за 6 миль от Могилева» [6, т. 14, с. 433-434]. Разграміўшы Бушака, гэтая частка войска наблізілася да Магілева, а другая тым часам разбіла амаль тысячную групоўку казакаў сотніка Змалевіча і рушыла на дапамогу Старому Быхаву. Але пачынаць рашучыя дзеянні ніхто не спяшаўся; трэба было пачакаць, пакуль падцягнуцца ўсе сілы.
* «Ляхамі», «польскими людми» (як і «литовскими») маскоўскія ваяводы ды сам цар наназывалі і жыхароў Беларусі (Вялікага Княства Літоўскага) - часткі Рэчы Паспалітай. Асабліва трывала такое вызначэнне замацавалася за вайсковым людам, шляхтаю.
Затое маскоўскія ваяводы адразу ж прыслалі падмогу ў Магілеў - 2 тысячы чалавек ды артылерыю, пасля зноў накіравалі падмацаванні гарнізону гэтага горада. З Копыся жыхароў і артылерыю вывезлі, а драўляныя пабудовы спалілі.
Першым з радзівілаўскага войска да Старога Быхава 18 снежня прыйшоў полк мазырскага суддзі Самуля Аскіркі - 2 харугвы коннай шляхты, 7 - татарскіх, 1 - драгунская, 4 - вугорскай пяхоты ды па адной конных і пешых ахвотных людзей. Праз тры дні далучыліся яшчэ 5 харугваў пяхоты з Менска. Разам з быхаўскай залогай іх колькасць цяпер магла сягаць 7 тысячаў [92, s. 47]. Тады ж адразу войска вялікага гетмана штурмам авалодала Воршай і пачало вяртаць іншыя, страчаныя ў першай кампаніі гарады. Гэтак хутка былі вызваленыя яшчэ Копысь, Дуброўня, Горкі, Галоўчын. У тыя дні многія захапляліся гераізмам ротмістра Крыштапа Стэцкевіча. Яшчэ да вызвалення Воршы ён з сотняю жаўнераў незаўважна прарваўся ў горад, наляцеў на хату маскоўскага ваяводы і, амаль не страціўшы сваіх, прывёз палоннага да Януша Радзівіла [28а, s. 445]. Пэўны ўдзел у наступальных дзеяннях бралі беларускія мяшчане і сяляне. Па сведчаннях «языка», злоўленага казакамі Залатарэнкі, у войску Вялікага Княства Літоўскага было «мужиков много, и Оскирко де мужикам велел покупать пищали, чтоб были готовы» [6, т. 14, с. 467]. Як сцвярджаў іншы палонны, жыхары Шклова прасілі ў гетманаў Княства, «чтоб они прислали немногих людей, а они де готовы с ними заодно стоять, как они будут под Шклов... » [6, т. 14, с. 489]. У адпісках ваяводаў сталі з'яўляцца паведамленні пра «изменников» у Амсціслаўскім ды Шклоўскім паветах. Са Смаленска з трывогай пісалі, што там вельмі небяспечна, бо царскіх войскаў мала, а «литовских... людей в Смоленску, шляхты, и казаков и мещан много больши дву тысеч». Варшанцы ж адкрыта пачалі ваенныя дзеянні супраць маскоўскіх служылых людзей.
На студзень 1655 г. пад Старым Быхавам сабраліся амаль усе палявыя войскі Вялікага Княства Літоўскага. Як паведамляў Паклонскі, «люди литовские пришли таковы: оба гетманы, Радивил и Гонсевской, полковники: един Коморовский, другой Потоцкий, третий Служка, четвертый Оскирка, пятый Тизингаус (Тызенгаўз. - Г. С. ), шестой Полубенской, люди князя Богуслава, люди пана подканцлера Сапеги» [6, т. 14, с. 496]. Па ацэнках цара Аляксея Міхайлавіча, у абодвух гетманаў было «всякого чина 12000» [64, т. 10, с. 617]. Нейкая частка войска ўжо ў студзені распачала аблогу Магілева, але галоўныя сілы атачылі Новы Быхаў. Наказны гетман Залатарэнка, з якім было 6 тысячаў казакаў, зачыніўся ў горадзе і стаў прасіць царскай дапамогі, паведамляючы перабольшана, што прыйшлі ажно 24 тысячы Радзівіла і «хотят верных слуг вашего царского величества яко лвы яростные поглотити». Моцна ўстрывожаны Паклонскі таксама прасіў тэрмінова прыслаць маскоўскай падтрымкі, бо, маўляў, «украинские казаки, награбився, на Украину уехали», а калі непрыяцель захопіць Магілеў, дык «подлинно тотчас, минув Смоленск, пойдут прямо к государю и в государские городы, зимою то хотят делать и войну имети, что сказывали языки» [6, т. 14, с. 496].
Цар накіраваў у Магілеў яшчэ 3 поўныя пяхотныя палкі і 400 коннікаў на чале з князем Рамаданоўскім, якому падпарадкаваў Залатарэнку ды Паклонскага. Са Шклова ў Магілеў перакідалася 1500 жаўнераў палкоўніка Фанштадэна. А ў другой палове студзеня дайшло нават да частковай мабілізацыі распушчаных на зіму царскіх палкоў: у Вязьме, Смаленску, Бранску і Вялікіх Луках тэрмінова збіралі служылых людзей з Масквы ды іншых гарадоў [54, с. 67].
Пакінуўшы каля Новага Быхава невялікую заслону, Радзівіл перавёў на пачатак лютага свае галоўныя сілы пад Магілеў. Вяртанне гэтай фартэцыі было б, бадай, вяршыняй поспеху, на які заставалася спадзявацца. Сам вялікі гетман ужо настолькі занядужаў, што адно ляжаў у ложку, але не пакідаў абозу, каб не паніжаць баявы дух войска.
|
|||
|