|
|||
Генадзь Сагановіч 2 страницаТолькі тады, 18 чэрвеня, атрымаўшы нарэшце ад караля на Варшаўскім сойме булаву вялікага гетмана*, Януш Радзівіл кінуўся дзейнічаць. Проста з сойму ён рушыў на тэрыторыю ваенных дзеянняў і стаў збіраць пад Воршай абоз. У канцы чэрвеня гетман фармальна меў 11 261 чалавека [106, s. 93]. Але на справе баяздольных было менш. 20 ліпеня Радзівіл пісаў каралю з абозу, што жаўнераў у яго фактычна толькі 4 тысячы, астатнія - некалькі тысячаў паспалітага рушання і павятовых харугваў - мала на што здатныя. «Каб павятовыя хоць гукам і крыкам ахвоты паддавалі... - сумна іранізаваў ён. - Што тут рабіць? Чатыры тысячы на кавалкі рваць ды ісці на падмогу? Ці Літву бараніць... Толькі на Спадара Бога спадзяемся, той няхай сам нас ратуе».
* Палявым гетманам быў тады ж прызначаны падскарбі вялікі літоўскі Вінцэнт Гасеўскі, які ў полі, аднак, з'явіўся значна пазней.
Усё ж гетман знаходзіў магчымасць шкодзіць ворагу нават у тых умовах. Праўда, называў свае дзеянні «забаўляннем з непрыяцелем». «Патроху вядзем перастрэлку, прынамсі ў рэкагнасцыроўках, - паведамляў ён у тым жа лісце ды апавядаў, як паручнік Ліпніцкі з 4 перадавымі ротамі дазвання разбіў спачатку 600, затым яшчэ 300 маскоўскіх ратнікаў і набраў палонных, пасля чаго распачаў бой з вялікім войскам, у часе якога «нашы навалілі трупаў мноства, здабылі 5 сцягоў і, пабушаваўшы з непрыяцелем больш трох гадзін, нарэшце адступілі: непрыяцель не меў столькі духу, каб ладзіць пераслед, а толькі страляў з лукаў, баючыся хоць на крок адступіцца ад сваёй пяхоты і гарматаў» [11, с. 355]. Аднак і ў ягоным войску, працягваў гетман, цяпер «параненых ды пасечаных людзей і коняў вельмі шмат, і мала хто з іх не хістаецца». Ды што самае прыкрае - слабым яно было не толькі колькасна. Януш Радзівіл горка наракаў, што ў абозе належных запасаў пораху, лёну няма, што яму «здрадзілі» пушкары, не прывёзшы са Слуцка гарматаў, пораху, ядраў і кнатоў. Ён папярэджваў, што не па ягонай віне і без таго слабое войска не мае пры сабе самага неабходнага...
А пад Смаленскам ужо стаяла ўся царская армія. 25 чэрвеня на падыходах да горада каля ракі Калодна яе перадавы полк быў нечакана заатакаваны. Выявілася, што гэта палкоўнік Корф, вывеўшы са Смаленска 400 конных і 200 пешых жаўнераў, спрабаваў затрымаць напаўзанне лавіны. Ды, страціўшы колькі дзесяткаў сваіх смельчакоў, мусіў вярнуцца за муры. Наступнага дня полк ваяводы Адоеўскага ўжо ўмацаваўся абозам на беразе Дняпра пад самым Смаленскам, а 28 чэрвеня пад горадам была размешчаная і царская стаўка, перанесеная 5 ліпеня яшчэ бліжэй, на Дзявочую гару [54, с. 40]. Места заціскалася ў абцугі аблогі.
1 ліпеня Януш Радзівіл выправіў пад Смаленск обер-лейтэнанта Ганскага з 3-тысячным корпусам*. Той перайшоў каля горада мост цераз Дняпро і пад Багданавай ваколіцай уначы напаў на лагер аднаго з маскоўскіх палкоў. «Некалькі дзесяткаў сотняў паклаўшы, а сваіх і трох дзесяткаў не страціўшы», Ганскі захапіў вялікі палон**, шмат баявых сцягоў і пасля яшчэ адной сутычкі з непрыяцелем удала вярнуўся ў абоз пад Воршу [22а, No. 308].
* Герман Ганскі (сапраўднае прозвішча Ганскопф) меў кампанію нямецкіх рэйтараў, 13 харугваў лёгкай конніцы ды 4 кампаніі драгунаў.
** Альбрэхт Радзівіл адзначыў у дыярушы, што маскоўскае войска было проста п'янае.
Пачуўшы пра капітуляцыю Полацка, а праз два дні - і Рослава, вялікі гетман вырашыў ратаваць Амсціслаў. Ён пакінуў у абозе магістра артылерыі Мікалая Юдзіцкага, а сам з часткаю войска рушыў на Горы [81, s. 221]. Але там атрымаў вестку, што Амсціслаў ужо захоплены, а вялікія сілы непрыяцеля накіраваліся проста да Воршы. Тады, павярнуўшыся, Радзівіл хутка пайшоў назад.
Ход вайны ад самага пачатку агрэсіі разгортваўся надта ўдала для заваёўнікаў. 11 чэрвеня цар атрымаў паведамленне пра здачу Невеля войску Шарамецева, 29 чэрвеня - пра капітуляцыю Полацка. Праўда, цэлыя тры дні ваяводам давялося трымаць у аблозе полацкі замак. Хоць большасць шляхты ўцякла з горада і ў замку засталося толькі 36 чалавек, стралялі яны гэтак трапна, што Шарамецеў палічыў за лепшае прапанаваць абаронцам выгадныя ўмовы капітуляцыі. І 36 чалавек годна пакінулі замак. 30 чэрвеня вестка пра гэта з Вільні дайшла ўжо да Варшавы, а яшчэ па якім часе пра падрабязнасці абароны Полацка распавядаў на сойме яе ўдзельнік езуіт Габрыэль Аўсядоўскі [28а, s. 429].
Армія Трубяцкога неўзабаве авалодала Рославам і падышла да Амсціслава. Гэты ваяводскі горад меў на той час яшчэ даволі значныя ўмацаванні і моцны замак, пад ахову якога збегліся людзі з далёкіх ваколіцаў, захапіўшы з сабой дакументы ды ўсё, што можна было, з рухомай маёмасці: «... все панове обывателе воеводства Мстиславского... до города Мстиславского з жонами, з детьми, з справами и зо всеми маетностями заехавшы спровадили» [3, т. 34, с. 157]. Аблажыўшы горад, маскоўскія ваяводы даволі хутка захапілі і спалілі астрог. А вось замак здабыць адразу не змаглі. Абаронцы ўпарта адбіваліся і спадзяваліся на дапамогу - чакалі «отсечы». Ім абяцалі «великие дары и волности», агітавалі здацца, аднак мсціслаўцы, «сурова отповедаючы», адбівалі прыступ за прыступам. І ўсё ж надалей стрымліваць ціск вялізнае арміі ды цярпець бясконцы абстрэл магутнай артылерыі было немагчыма. Драўляныя ўмацаванні не ратавалі ад гарматаў. 22 ліпеня «великою потугою и усилством през штурм» амсціслаўскі замак быў захоплены. Па шматлікіх сведчаннях відавочцаў тых падзеяў, пераможцы «места агнём выпалілі і людзей пасеклі»; «народ усялякі шляхецкі, мяшчан і жыдоў, а таксама простых людзей у пень высеклі, потым адтрубіўшы, сярод трупаў жывых знаходзілі і ў палон на Маскву забіралі, а скарбы ўсялякія забраўшы, замак і паркан увесь агнём спалілі і дазвання спустошылі» [3, т. 34, с. 9]. У маскоўскіх дакументах адзначалася, што пры захопе Амсціслава агулам было «побито больши десяти тысеч человек», а ў некаторых актах сустракаюцца паведамленні і пра пятнаццаць тысячаў ахвяраў: «Трубецкой с товарищи город Мстиславль взял и высек и выжег, а побил в нем больше пяти на десяти тысеч... » [5а, с. 128]. У гісторыі гэтая крывавая расправа над горадам атрымала назву «трубяцкой разні» - па прозвішчы ваяводы, які кіраваў аблогай і штурмам. Рэшта ацалелых жыхароў была прыведзеная да прысягі на вернасць цару. Шмат «амсціслаўскіх недасекаў» папоўніла партыі палонных, якія адводзіліся на ўсход.
Атрымаўшы паведамленне, што «бояре и воеводы над Мстиславлем позамешкались, город взятьем взяли и всех в Мстиславле высекли», цар накіраваў армію Трубяцкога далей на захад, да Дняпра, для супольных дзеянняў з Чаркаскім супраць вялікага гетмана Януша Радзівіла. Тады ж Аляксей Міхайлавіч выдаў грамату ў гонар таго, што ягоныя ваяводы «взяли имянные Литовские городы Полотцк и Мстиславль», ды загадаў у царскім тытуле «Полотцк и Мстиславль... писати по сему... указу».
Ваявода Чаркаскі вёў з-пад Смаленска магутнае войска*, складзенае з адборных частак вялікага, перадавога, старажавога ды іншых палкоў, з адной мэтай - зліквідаваць корпус Радзівіла. Навучаны гісторыяй з начным налётам Ганскага, Аляксей Міхайлавіч цяпер баяўся распачынаць штурм Смаленска, пакуль недзе ў лясах заставаўся баяздольны непрыяцель.
* Гетман Радзівіл, пэўна ж перабольшваючы, паведамляў, што яно налічвала 40 тысячаў і мела гарматы.
Гэта весткі пра рух Чаркаскага прымусілі вялікага гетмана паспешліва вяртацца з-пад Гораў да Воршы. Ужо 2 жніўня ён пісаў у Вільню, што, калі б хоць на дзень спазніўся, заспеў бы на месцы лагера толькі попел. Вораг стаяў ужо за нейкія 6 міляў! На злучэнне з Чаркаскім ішоў Трубяцкой. Па чутках, сюды з-пад Віцебска і Полацка спяшалася дапамога Шарамецева. «Сёння, заўтра і штохвілінна чакаем непрыяцеля», - паведамляў Радзівіл і ў адчаі дадаваў, што гэта будзе расправа: «Як справіцца з няроўнай і такой вялізнай сілай? - Бог лепей ведае, бо апроч гэтага кволага войска няма нікога ні з паноў, ні з мясцовае шляхты, якая раней лічылася тысячамі... Адзін толькі я, пазбаўлены ўсялякай дапамогі... ужо 6 тыдняў стрымліваю на сваіх плячах такога моцнага непрыяцеля з боку Полацка, Віцебска, Смаленска, Амсціслава, трывожачы яго і замінаючы ягоным планам, аднак біць і разбіваць яго не магу. Вытрымліваць далей такія слабыя сілы не ў стане; таму трэба чакаць аднаго з двух: або - барані Божа! - войска гэтае кінецца ў небяспеку і, у выпадку нявытрымкі, да нас на падмогу павінна паспяшацца ўся Рэч Паспалітая, або ўсімі гэтымі землямі, што знаходзяцца амаль у сярэдзіне княства Літоўскага, завалодае непрыяцель» [11, с. 356-359].
Калі Радзівіл перавёў абоз з-пад Воршы да Копыся, палявы гетман Гасеўскі застаўся пад Воршай і 3 жніўня ўначы нечакана заатакаваў лагер маскоўскіх ваяводаў, прычыніўшы ім вялікую шкоду [53, с. 140]. Варшанскае павятовае войска, якое не пажадала далучацца да Радзівіла, было заатакавана маскоўскай арміяй і разбіта, хоць вялікі гетман і прысылаў варшанцам у дапамогу свае 4 харугвы. Неўзабаве Чаркаскі з галоўнымі сіламі ўвайшоў у пакінутую Воршу і адразу ж рушыў уздагон за Радзівілам да Копыся. Туды ўжо падыходзіў і Трубяцкой, які па дарозе захапіў мястэчка Расну ды скаардынаваў свае дзеянні з Чаркаскім. Ваяводы распачыналі сапраўднае паляванне на невялікі корпус Януша Радзівіла. 12 жніўня пад Шкловам той прыняў бой з войскам Чаркаскага. Пры вялізнай дыспрапорцыі сілаў (у Чаркаскага было не менш за 20 тысячаў) ён змог нанесці непрыяцелю надзвычай цяжкія страты - ад 3 да 7 тысячаў! - і нават захапіў 610 палонных, а ягоных загінула ўсяго каля 700 чалавек [102, s. 213]. Але гэта была апошняя перамога вялікага гетмана...
Ваявода Трубяцкой, авалодаўшы Копысем, толькі на якую гадзіну спазніўся на бітву пад Шкловам. Шклоў неўзабаве быў заняты войскам Чаркаскага, і абедзве арміі зноў пачалі пераслед Радзівіла, які злучыўся пад Галоўчынам з Гасеўскім ды, ухіляючыся ад Трубяцкога, перайшоў пад Бялынічамі Друць. Тады Трубяцкой пераправіўся цераз гэтую ж раку пад Цяцерынам і пачаў атачаць абоз Радзівіла. Вялікі гетман спрабаваў адысці ў бок Барысава, але 24 жніўня пад мястэчкам Шапялевічы быў вымушаны даць бой насядаючаму войску Трубяцкога. Тут пачалася самая цяжкая ў ягоным жыцці бітва, якая прынесла Радзівілу першую паразу. Загінула пад тысячу чалавек [92, s. 39] - гэта вялікія страты для 6-8-тысячнага корпуса*. Сам гетман быў паранены. Двойчы яго ратавалі ад смерці - спачатку афіцэр Графенберг, затым - вугорская пяхота Юшкевіча. Разбітае войска рассеялася па лесе. А непрыяцель, забраўшы абоз, мог вяртацца: арміі Вялікага Княства Літоўскага больш не існавала...
* 230 жаўнераў Радзівіла было захоплена ў палон. Трубяцкой адразу ж адправіў іх у Маскву.
Паранены Радзівіл, праведзены праз балоты мясцовым селянінам [28а, 433], хутка з'явіўся ў Барысаве, адкуль загадаў рэшткам свайго корпуса гуртавацца ў Смілавічах, а сам 27 жніўня ўжо быў у Менску. «Біўся, прайграў - звычайная рэч; не ўцякаў, як пад Піляўцамі, не выкупляў сябе, як пад Зборавам, не выпрошваў сябе, як пад Берасцечкам», - разважыў ён [106, s. 94].
Неўзабаве ў Смілавічах сабралася блізу 4 тысячаў жаўнераў разбітага войска. 300 вугорскіх пяхотнікаў ротмістра Самуля Юшкевіча выйшлі да Бярэзіны. Частка пяхоты была ў Ігумене. Да Менску прыйшлі 3 тысячы палявога гетмана Вінцэнта Гасеўскага. Тут жа было яшчэ 200 драгунаў канюшага Вялікага Княства, Янушавага стрыечнага брата Багуслава Радзівіла. Так што нейкія сілы засталіся. Патрэбна было папоўніць іх ды стварыць нармальнае баяздольнае войска.
Тым часам краіна страчвала горад за горадам. Яшчэ 24 ліпеня армія Васіля Шарамецева захапіла Дзісну і Друю. Ваявода паведамляў цару, што Друю здабылі з боем: «Взяли взятьем и ратных и всяких людей, которые в городе сидели, побили и город и костелы и домы все пожгли без остатку... » 9 жніўня гэтая ж армія заняла Глыбокае, 20 - Азярышча, атачыла Віцебск. Шляхта ўцякала ўжо з Нясвіжа ды Вільні, аплакваючы пагібель Айчыны.
Ваявода Сямён Стрэшнеў, высланы дзейнічаць асобна, 16 жніўня «город Усвят осадил накрепко, и с того числа августа по 23 число с литовскими людми бились днем и ночью беспрестанно», пакуль 23 жніўня ўсвяцкі падстараста не адкрыў гарадскую браму. Войска ж Трубяцкога пасля бітвы пад Шапялевічамі не пераходзіла Бярэзіны, а вярнулася і ў верасні заняло Горы, якія спачатку ўпарта адбіваліся, за што горацкая шляхта і мяшчане на загад цара «з женами и с детьми» былі выведзены ў Маскоўшчыну. Ад Гораў Трубяцкой рушыў пад Дуброўню.
А на паўднёвым усходзе Беларусі ўжо гаспадарыў наказны гетман Запарожскага войска Іван Залатарэнка. У сярэдзіне чэрвеня ён выйшаў з Ноўгарада-Северскага і праз Старадуб рушыў проста на Гомель, які аблажыў у канцы таго ж месяца. Адтуль казакі пустошылі землі ў шырокай акрузе. «Стоячи под тем Гомлем, - пісаў Залатарэнка цару 15 ліпеня, - посылали есмя загоны, которые по той там стороне Днепра замки и места поимали, и под мечь непослушные; а городы, которые нам шкоды прежде чинили, попалити велели есмя, особный замок Речицкий, замок Злобин, замок Стрешин, замок Рогачев, замок Горвель позжено» [6, т. 14, с. 136-138]. Што ж да Гомеля, наказны гетман наракаў, што тут «в замку, велми оборонном, стрелбы и порохов и запасов немало». Яго абаранялі гарнізон і паспалітае рушанне рэчыцкага павета, якімі кіравалі князь Жыжэмскі і Баброўніцкі. Залатарэнка схіляў абаронцаў да капітуляцыі, засылаў у горад лісты, але гомельцы «гордо и сурово до нас отписали». Больш таго, яны абражалі маскоўскага цара, «яко злосливые песиими губами своими достоинство вашего царского величества нарушали» [10, с. 71]. Цар клікаў Залатарэнку да сябе на дапамогу пад Смаленск, аднак той адказаў, што для карысці ж царскай мусіць застацца пад Гомелем ды «около тех осадных, голодом принуженых и снарядом надгубленых... промышляти», інакш, «когда их тут оставим не добывши, всей Литве и войскам их сердца и смелости додадут».
4 жніўня Іван Залатарэнка выслаў пад Смаленск толькі тысячу казакаў на чале з сваім братам Васілём, а з астатнімі ўпарта здабываў Гомель. Аблога доўжылася больш як паўтара месяца. Казакі падпальвалі замак распаленымі ядрамі, выявілі і ўзарвалі патаемны ход да вады [68, с. 72], пакуль нарэшце не паставілі абаронцаў у безвыходнае становішча. 13 жніўня Гомель адкрыў сваю браму. Гомельскі гарнізон цудам уратаваўся - уцёк у Стары Быхаў.
Казакі імкліва наступалі на поўнач, і 29 жніўня Іван Залатарэнка ўжо хваліўся цару новай здабычай - Чачэрскам: «Город Чечирск з замком... взяли есмя, противных мечю предали, а иных, на слезы их смотря, живых оставили» [6, т. 14, с. 148]. Колькі дзесяткаў жаўнераў з гарнізона, гэтаксама як гомельцы, уцякала да Старога Быхава, але іх усіх пасеклі перад самым Быхавам. У палон захапілі толькі князя Тышкевіча, праз якога «рыцерев добрых немало полегло», і адаслалі цару. У тыя ж дні быў захоплены Прапойск, а Новы Быхаў «с своею волостью вашему царскому величеству поклонился»: наказны гетман прывёў навабыхаўцаў да прысягі на вернасць цару.
Затое Стары Быхаў разам з валашчанамі стаў рашуча адбівацца ад казакаў. Залатарэнка абураўся ў лісце да Аляксея Міхайлавіча: «... заперлися и вашему царскому величеству поклонится не хотят». «Видя мы таковую их гордыню и непокорение дьявольское... осадили есмя их войсками... » - напісаў ён ды ўзяўся за грунтоўную аблогу горада [6, т. 14, с. 150].
Тады ж, пры канцы жніўня, быў вырашаны лёс Магілева. Найбуйнейшы гандлёва-рамесніцкі цэнтр тагачаснае Беларусі, стратэгічная фартэцыя, ён быў ключом да Дняпра і адкрываў шлях у сэрцавіну Вялікага Княства Літоўскага. Аднак да бітвы за яго не дайшло. Яшчэ 5 ліпеня 1654 г. магілеўскі шляхціч Канстанцін Паклонскі, якога і да вайны рэкамендавалі цару як лідэра праваслаўнае* партыі на Беларусі як «свайго», пакінуў Магілеў ды з 14 аднадумцамі перайшоў на бок Масквы (аддаўся казакам). Залатарэнка адаслаў яго да Багдана Хмяльніцкага, а ўжо той са сваімі рэкамендацыямі паслаў здрадніка да цара. 22 ліпеня Паклонскі быў у царскай стаўцы пад Смаленскам. Аляксей Міхайлавіч узнагародзіў яго: падараваў 40 собаляў і 50 рублёў грошай, узвёў у чын палкоўніка і дазволіў набіраць свой полк [60, с. 155], а 30 ліпеня разам з ваяводам Міхайлам Ваейкавым накіраваў пад Магілеў, даручыўшы «могилевцев всяких людей наговаривать на государево царево имя... и обнадеживати их ево государевым жалованием, чтобы они учинились под его царского величества высокою рукою». 6 жніўня, калі Паклонскі з Ваейкавым былі ў Радамлі, туды прыехаў чавускі поп Васіль з трыма мяшчанамі ды папрасіў «приехать в Чаусов и привесть их к вере». Так здаліся Чавусы. Паклонскі правёў там першы набор у свой полк: папісаў жыхароў і набраў 800 чалавек. Праз колькі дзён у яго была ўжо тысяча «крестьян... с бердыши и рогатины и с пищалми, да конных крестьян со сто человек».
* Кім быў Паклонскі паводле веравызнання - да канца не высветлена. У адным з лістоў ён пісаў «наша праваслаўная вера», праваслаўных іерархаў называў «духоўнымі нашымі», але ўжо праз год у соймавых дакументах фігураваў як Вацлаў Канстанцін, г. зн. як каталік.
8 жніўня з Магілева раптам выйшла 300 конных шляхцічаў ды 10 пешых гайдукоў, якія скіраваліся на Чавусы. Іх адразу ж заатакавалі вялікія сілы - казакі Залатарэнкі, нованабранае войска Паклонскага, ратнікі Ваейкава - і амаль усіх пасеклі літаральна за 5 міляў ад горада. Таго ж дня цар загадаў Ваейкаву адшукаць пад Дуброўняй ваяводу Хведара Куракіна і перакінуць пад Магілеў, каб той разам з імі здабываў цвердзю. Праўда, маскоўскі ўрад больш спадзяваўся на капітуляцыю горада, да якой актыўна заклікаў жыхароў Паклонскі. Калі 14 жніўня Ваейкаў з Паклонскім падышлі да самага Магілева і размясціліся там абозам, мяшчане перадалі, што здадуць горад, як толькі з'явіцца большае маскоўскае войска, але папрасілі яшчэ тры дні на роздум. Даведаўшыся ж, што Куракіна ганцы так нідзе і не знайшлі ды што вялікае войска пад Магілеў яшчэ не выслана, яны неўзабаве сказалі, што зусім не збіраюцца паддавацца. Устрывожаны Ваейкаў адразу ж паведаміў цару: магілеўцы «хотят с нами битца, и из Гор хотят итить на нас с пушками, и туры и щиты готовят» [10, с. 78] ды папрасіў тэрмінова прыслаць дадатковае войска. Паказачаныя сяляне з палка Паклонскага (а на той час іх сабралася ўжо пад 6 тысячаў), пачуўшы пра такі ход справы, «многие розбежались, а иные пошли в Могилев и про все в Могилеве те беглецы сказали» [6, т. 14, с. 242].
Ды толькі як маглі магілеўцы скарыстаць гэты момант? Вайна застала гарадскія ўмацаванні зусім занядбанымі. Замак быў знішчаны пажарам яшчэ ў 1633 г., пасля чаго яго так і не аднавілі. У горадзе няспынна вялася агітацыя за здачу. То намеснік магілеўскага епіскапа Ерамія* з папамі «могилевцев всяких людей уговаривал, чтоб они город Могилев... сдали», то Паклонскі праз сваіх людзей ды лістамі. А галоўнае - капітуляцыі вымагала само становішча, у якім апынуўся Магілеў: адсядзецца не выпадала, а дапамогі чакаць ужо не было адкуль. На вачах у магілеўцаў адбылася трагедыя Амсціслава, які паспрабаваў адбіцца. Вядома было ўжо і пра лёс Друі. Цар жа зрабіў правілам тактыкі: калі горад не прымаў прапановы аб капітуляцыі ды бараніўся, яго бралі штурмам і ўзорна каралі.
* Праз год Ерамія скардзіўся цару: «От могилевцев я, богомолец твой, за то принял многие беды».
25 жніўня Аляксей Міхайлавіч яшчэ напісаў Паклонскаму, што выслаў на Магілеў ваяводу Шарамецева з войскам, але яно ўжо не спатрэбілася: 28 жніўня Магілеў капітуляваў.
Праз колькі дзён Паклонскі атрымаў новае царскае даручэнне: «... и мыслить бы тебе, как Кричев сговорить и под нашу царскую высокую руку привест» [6, т. 14, с. 242]. Пад горадам ужо даўно «промышляли» ратнікі ертавульнага палка, але авалодаць ім не маглі. Пад уплывам агітацыі «беларускага палкоўніка» (так цяпер падпісваўся шляхціч Паклонскі) крычаўцы, з якімі ён і раней патаемна падтрымліваў сувязь, у канцы верасня таксама здалі горад непрыяцелю. З царскае ласкі яго атрымаў у кіраванне Паклонскі. Яму ж цяпер падпарадкоўваўся Магілеўскі павет і сам Магілеў (да прызначэння маскоўскага ваяводы).
Цяпер апроч Старога Быхава і Дуброўні ў Падняпроўі заставаўся няскораным толькі Смаленск, даўно адрэзаны і заціснуты жалезным колам аблогі. Занядбаныя ўмацаванні там кінуліся падпраўляць літаральна за месяц да падыходу маскоўскага войска, калі прыехаў інжынер Боналіг. Працавалі ўдзень і ўначы, нават сам ваявода Абуховіч і камендант Корф браліся за ўкладванне дзірвану. Але ці можна за месяц прывесці да ладу муры, вежы, валы, калі тыя не даглядаліся 20 гадоў...
Уся смаленская сцяна ў чэрвені 1654 г. была раздзеленая на 18 частак, кожную з якіх даручалася абараняць пэўнай камандзе. Патрабавалася блізу 1500 чалавек на абарону валоў, з іншымі - узяць пад ахову ўсе 34 вежы, а ў горадзе ўсіх баяздольных - нейкія тры з паловай тысячы [42, с. 28]. Да таго ж сярод іх былі такія, што й страляць не ўмелі. Бальшыня абаронцаў складала не рэгулярнае войска, а паспалітае рушанне ды мяшчане. Перабежчык (дацкі найміт) паведаміў маскоўскім ваяводам на допыце, што апроч гайдукоў і нямецкае пяхоты «в Смоленску белорусцы і мещаня, а сколько их порознь, того не ведает, потому что... пописи людем в городе не было» [54, с. 139].
Чаму мела так мала абаронцаў самая важная ўсходняя фартэцыя Княства ў крытычны момант? Бальшыня шляхты папросту ўцякла. Яшчэ ў чэрвені Януш Радзівіл дзівіўся з гэтага ды абурана пісаў у лісце з-пад Воршы, што паны забыліся на свой абавязак перад Айчынай ды бягуць на захад, хоць павінны заставацца ў Смаленску...
У першыя ж дні аблогі, калі царскія ваяводы ўзяліся абстрэльваць горад з гарматаў, рыхтаваць агульны штурм, стала відаць, што фартэцыя аніяк не прыдатная для доўгае абароны. Ядрамі збівала зубцы на сценах, прабівала затворы, трушчыла брамы. Смаленцы будавалі для прыкрыцця зрубы, запаўняючы іх глінай ды каменнем, але і гэта не ратавала. Даводзілася няспынна аднаўляць умацаванні, узводзіць вал унутры замка ды ставіць на ім зрубы. Гэтым займалася ўсё насельніцтва Смаленска. На такія патрэбы разбіралі нават хаты ды іншыя пабудовы [7, т. 14, с. 43].
У глыбіні краіны пра становішча адрэзанага ад усяго свету Смаленска амаль нічога канкрэтнага не ведалі. Прыкладам, у Вільні нехта пісаў 8 жніўня, больш як праз месяц пасля пачатку аблогі: «Пра Смаленск таксама глуха; кажуць, яго аблажыла Масква». Цвердзя была пакінутая на ўласны лёс. Невядомы аўтар у лісце з Вільні ад 12 верасня разважаў, што Смаленск, Дуброўня і Шклоў яшчэ спадзяюцца на дапамогу, просяць «на міласць Божую пораху», але тут жа фатальна сканчаў: «Не ведаю, якім чынам можна яго ім давезці. Уявім нават, што прыйдзе да іх і 10-тысячнае войска, дык і тады нічога не зробяць з такой непрыяцельскай сілай... »
Хіба дзіўнай сілы патрыятызм мацаваў дух смаленцаў, дазваляючы ім не толькі паспяхова адбівацца, але і прыносіць вялікую шкоду непрыяцелю. Пад густым і прыцэльным абстрэлам (маскоўскія войскі шчыльна сціснулі кола, падышлі да самых муроў і стралялі з усіх бакоў з раніцы да вечара) палкоўнік Корф змог выгнаць ворага з акопаў. Агнём з вежаў было знішчана колькі маскоўскіх батарэяў. Пяхота, робячы вылазкі са Смаленска, неаднаразова адбірала ў царскіх ратнікаў выгодныя пазіцыі.
Уначы на 26 жніўня ваяводы паслалі войска на агульны штурм, здолеўшы перад гэтым разбурыць гарматным агнём 2 вежы і вялікі кавалак сцяны, пазбіваць большасць зубцоў на вежах і сценах. Ратнікі кінуліся на муры з сотнямі падрыхтаваных драбінаў і шмат дзе ўзлазілі на ўмацаванні, але абаронцы з дапамогаю мяшчанаў збівалі іх. У адным месцы смаленцы, не маючы ўжо ні камянёў, ні вару, скінулі на ворага два вуллі з пчоламі, і тыя загналі царскіх ваякаў назад у акопы [42, с. 34]. Толькі там, дзе зеўралі вялізныя праломы, вораг змог захапіць вежу, зацягнуць у яе гарматы ды пачаў авалодваць і самой сцяной. Каб паправіць становішча, туды імгненна прыбеглі Абуховіч і Корф. Абаронцаў ужо ахапляла паніка. Замак выратавала толькі тое, што вежа з маскоўскімі ратнікамі была знішчаная магутным выбухам пораху, бочкі з якім падкацілі пад ейны ніз. Пад крушнямі загінулі і ворагі, і гарматы, а рэшту ворагаў смаленцы выгналі нечаканым ударам з тылу: гэта бярдышнікі выйшлі з замка праз патаемны ход і давяршылі бітву. Гэтак скончыўся сямігадзінны прыступ, ад якога няхутка маглі акрыяць абодва бакі. Царскія ваяводы страцілі пад сем тысячаў забітымі, а параненых мелі ўдвая больш. Абаронцы ж пасля штурму сярод жывых не налічылі і дзвюх тысячаў сваіх. Апроч забітых вельмі многа было параненых. Раны не вылечваліся, бо атрымалі іх смаленцы быццам ад атручаных куляў [7, т. 14, с. 46].
Агляд сілаў паказаў, што чарговага прыступу Смаленск ужо не вытрымае. Людзей ледзь-ледзь хапала, каб паставіць на валы, сцены, вежы, на іншыя пазіцыі, а для рэзерву - зусім не заставалася. Муры ў некалькіх месцах мелі вялікія праломы. Пораху было гадзіны на чатыры актыўнае стральбы. Да таго ж прыйшлі весткі пра разгром войска Радзівіла...
Ваявода Абуховіч ужо не верыў, што Смаленск зможа пратрымацца. 2 верасня ён паслаў да цара сваіх упаўнаважаных для перамоваў аб капітуляцыі. Пазней Абуховіч скажа, што рабіў гэта дзеля таго, каб выйграць час ды атрымаць хоць якую дапамогу... Ваявода прасіў у цара, каб яму дазволілі накіраваць людзей у Магілеў, Шклоў, Віцебск ды іншыя беларускія гарады з мэтаю ўдакладнення чутак пра разгром Радзівіла. Выпрошваліся таксама выгадныя ўмовы капітуляцыі: права выйсці са Смаленска ўсім, хто не пажадае заставацца (і жаўнерам, і шляхце, і мяшчанам), грашовая кампенсацыя за страчаную нерухомую маёмасць ды іншае. Але згубным было тое, што ў час перамоваў Абуховіч дазваляў маскоўскім упаўнаважаным баляваць у Смаленску. Тыя агітавалі абаронцаў да здачы, абяцалі ўзнагароду, цягнулі шляхту да сябе [81, s. 234]. Сярод абаронцаў пачаліся гутаркі пра капітуляцыю. Нехта Палавецкі напісаў цару яшчэ 10 верасня, што «некоторые смоляне имеют надежду... покоритися». Праўда, іх хвалявала тое, што, увайшоўшы ў горад, «всех мечем повелит скончати царь» [6, т. 14, с. 328].
Тым не менш Аляксей Міхайлавіч яшчэ рыхтаваўся да новых штурмаў. З Вязьмы пад Смаленск прывезлі 4 вялізныя галандскія пішчалі. А найгоршым для смалянаў было тое, што разам з іншымі трафеямі ў разгромленым абозе Радзівіла непрыяцелю трапіліся паперы смаленскага ваяводы, у якіх той паведамляў гетману аб усіх хібах фартэцыі. Цяпер маскоўскія ваяводы выдатна ведалі пра кожнае слабое месца ў сістэме абароны Смаленска.
Ды цяпер ужо і абараняцца не было каму. Нямецкія найміты Корфа пускалі ў горад маскоўскіх ратнікаў, смаленскі падкаморы Самуль Друцкі-Сакалінскі наладзіў сувязі з царом і агітаваў іншых паддавацца. Жаўнеры смаленскай залогі выпівалі, аддзелы канчаткова дэмаралізаваліся. Практычна фартэцыя была ўжо ў руках Аляксея Міхайлавіча.
Смаленск быў здадзены 23 верасня 1654 г. Маскоўскае войска ўвайшло ў горад, а ваявода Абуховіч, камендант Корф і частка жаўнераў скарысталіся абяцаным правам ды выехалі ў Вялікае Княства. Бальшыня ж абаронцаў засталася, прыняўшы царскае падданства. Шмат хто пайшоў нават «в вечную службу»: той самы Самуль Друцкі-Сакалінскі, каралеўскі сакратар Ян Крамянеўскі, пан Галімонт*, будаўнічы Якуб Ульнер, ротмістры Дзянісовіч, Станкевіч, Бака, Варанец, а таксама нямецкія найміты, гайдукі, смаленскія гарматнікі ды іншыя [4, с. 233]. Усіх, хто прысягнуў цару, Аляксей Міхайлавіч частаваў у сваіх намётах, але пасля шмат каго вывез у Маскву. Бязлітасным быў да габраяў. На загад цара ўсіх іх сабралі разам і запатрабавалі хрысціцца. Тых, хто прыняў праваслаўе, пакінулі жыць, астатніх жа пасадзілі ў драўляныя дамы і спалілі [6а, кн. 6, с. 176; 99а, 92].
* Альбрэхта Галімонта, лідскага падчашага і гарадскога суддзю смаленскага, некаторыя сучаснікі тых падзей лічылі найбольш спрычыненым да здачы Смаленска [28а, s. 435].
Пасля страты Смаленска нядоўга заставалася стаяць і Дуброўні. Ужо ў жніўні ў Дубровенскі павет прыйшлі маскоўскія войскі, «... повоевали и села и деревни пожгли, и полон многий поимели» ды адразу ж паспрабавалі захапіць і горад, але не змаглі. Дуброўню абаранялі ў асноўным жыхары горада і ваколіцаў, а рэгулярнага войска тут было зусім мала: «мещан де хорунг з десять, жидов хорунг з десять» ды «казаков две хорунги, желдаков две хорунги ж, венгров хорунга, гайдуков две хорунги ж». Адбіваючы прыступы, яны ў адказ і самі рабілі вылазкі, бралі палонных. У дапамогу войску ваяводы Куракіна цар паслаў сюды Трубяцкога, затым аблогай займаўся Чаркаскі. Дзеля вялікіх стратаў штурмаваць горад не дазвалялася - толькі здабываць «зажогом и сговором». Па Дняпры прыслалі вялізныя пішчалі - спецыяльна для разбурэння дубровенскіх умацаванняў. На кастрычнік тут зграмадзіліся магутныя сілы, бо Дуброўня ж засталася адной з апошніх незаваяваных царом фартэцыяй на ўсходзе Беларусі. 5 кастрычніка пад валы горада былі падведзеныя здраднікі шляхціч Васіль Лаўрынаў і магілевец Марка Сідорскі, каб яны ўгаварылі дубровенцаў паддацца, але апошнія абстралялі іх і забілі Лаўрынава, а ўвечары зрабілі чарговую вылазку.
За ўпартую непакору Дуброўню чакала ўзорнае пакаранне. Цар даслаў ваяводзе Чаркаскаму загад, у якім вызначалася: «Как город Дубровна здастца... шляхты лутчие выбрав, прислать к... государю... а достальную шляхту велеть посылать на Тулу, а мещан и уездных людей роздать ратным людям семьями, а город Дубровну выжечь» [54, с. 49].
Змогшыся, дубровенцы здалі горад 12 кастрычніка 1654 г. Пераможцы выслалі ў царскую стаўку пад Смаленск шляхту, вугорскую пяхоту, гайдуцкага ротмістра і 30 мяшчанскіх сем'яў, астатніх пабралі ратнікі. Гэтак яны вывезлі з Дуброўні ўсіх людзей, а 17 кастрычніка падпалілі яе і праз два дні, скончыўшы справу, рушылі далей.
|
|||
|