|
|||
Дэйвід Фостар Уолэс. Гэта – вадаДэйвід Фостар Уолэс Гэта – вада (Некалькі выказаных з адной важнай нагоды думак пра тое, як жыць спагадаючы) Маё шанаваньне бацькам і віншаваньне сёлетнім выпускнікам. Плывуць сабе два малькі, а насустрач ім – старая рыбіна. Кіўнула яна ім, дала дабрыдня й пытаецца: “Як вада, мальцы? ” Паплылі малькі далей, і тут адзін зь іх зьдзіўлена глядзіць на другога: “Халера! А што за вада? ” Стандартнае патрабаваньне ў ЗША да выпускных прамоваў – абавязковая наяўнасьць невялікай гісторыі-байкі з дыдактычным зьместам. Аказваецца, вельмі добрае патрабаваньне, не такая лухта, як іншыя. Але калі вы тут захваляваліся, што я маюся выступіць у ролі старой мудрай рыбіны, якая будзе тлумачыць вам, малькам, што такое вада, калі ласка, не трэба. Я – не старая мудрая рыбіна. Важна ў байцы з рыбамі для нас толькі тое, што самыя відавочныя й важныя праявы рэчаіснасьці найчайсьцей сама складана ўбачыць і весьці пра іх гутарку. Агучанае мною цяпер сьцьверджаньне падаецца банальнасьцю, але штука ў тым, што ў штодзённых акопах існаваньня дарослага чалавека такія банальнасьці набываюць важнасьць жыцьця й сьмерці. Менавіта пра гэта й хочацца мне пагутарыць з вамі гэтай цудоўнай бясхмарнай раніцай. Патрабаваньні жанру вымагаюць ад мяне расказаць вам пра важнасьць гуманітарных штудый, паспрабаваць патлумачыць, што дыплом, які вы неўзабаве атрымаеце, патрэбны вам ня толькі, каб зарабляць грошы, але для чагосьці іншага — вельмі важнага ў чалавечым жыцьці. Таму пагаворым з вамі пра адну з самых пераканаўчых тэзаў жанру выпускных прамоваў: навучаньне гуманітарным навукам ня столькі дае вам веды, колькі, цытата, “вучыць вас думаць”. Калі вы падобныя да мяне ў мае студэнцкія часы, то вам будзе не даспадобы пачуць такія словы, яны троху пакрыўдзяць вас. Патрэбна, каб вас навучылі думаць. Ды сам факт паступленьня ў такую прэстыжную навучальную ўстанову выглядае добрым доказам вашых разумовых здольнасьцяў. Але я зьбіраюся даказаць, што дадзеная тэза не абражае вас ані: навучыцца думаць напраўду важна (мяркуецца, што менавіта гэтаму нас у такіх месцах як гэта і вучаць), але найважней для нас навучыцца выбіраць, пра што думаць. Калі поўная свабода пры выбары аб’екту думкі выглядае для вас занадта відавочнай, каб марнаваць на размовы пра яе час, я папрашу згадаць пра рыбу й ваду, а таксама забыць на некалькі хвілін ваш скептыцызм што да каштоўнасьці архівідавочнага. Вось вам яшчэ адна невялікая павучальная байка. Сядзяць два дзядзькі́ ў занесеным сьнягамі бары дзесьці на Алясцы. Адзін зь іх верыць у Бога, другі – не. І спрачаюцца яны пра існаваньне Бога з той заўзятасьцю, якая зьяўляецца прыблізна пасьля чацьвертага кухля піва. І атэіст гаворыць: “Слухай, я не кажу, што ня маю важлівых прычынаў для веры ў Бога. Не кажу, што ў мяне ніколі не было гэтай штукі з маленьнямі-літаньнямі да Бога. Да прыкладу, у мінулым месяцы я трапіў у завіруху за межамі лагера. Вакол сьвету белага не відаць, куды ісьці – ня ведаю, а тут мароз яшчэ цісне. Ну я ўкленчыў на сьнезе й крычу: “Калі ты існуеш, Божа, пачуй мяне: я згубіўся ў завірусе й загіну, калі Ты мне не дапаможаш! ” Іншы – той, што верыць – няўцямна глядзіць на атэіста: “Ну дык, значыцца, мусіш верыць. Вось жа ты сядзіш перада мною, жывы й здаровы”. “Ты што, дзядзька!? — казеліць вочы атэіст. — Проста надарылася некалькі эскімосаў. Яны праходзілі міма й паказалі мне дарогу да лагера. Вось і ўсё... ” Вельмі проста прааналізаваць гэтую байку згодна з гуманітарнымі канонамі. Адзін і той жа досьвед можа азначаць для розных людзей абсалютна рознае, ствараючы нагоду для дзьвюх розных сьветапоглядаў, двух розных спосабаў здабычы значэньня з досьведу. Шануючы талерантнасьць і рознасьць перакананьняў, у сваім гуманітарным аналізе мы ўстрымаемся ад ацэнкі, маўляў, версія аднаго дзядзькі праўдзівая, а версія другога – хлусьлівая ці хібная. І цудоўна. Але рэч у тым, што мы ніколі не даўмеемся, адкуль узяліся гэтыя індывідуальныя сьветапогляды й перакананьні, то бок, адкуль яны зьявіліся ў гэтых двух канкрэтных дзядзьках. Атрымліваецца нібыта базавыя арыенціры асобы ў нашым сьвеце й значэньне ейнага досьведу нейкім чынам зададзеныя аўтаматычна (як рост або памер абутку) ці, падобна мове, засвоеныя з культуры. Нібыта выбудова значэньня зусім і не зьяўляецца нашай асабістай справай, сьвядомым рашэньнем. Не забудзьма і пра ўпартасьць. Тую брыдкую ўпартасьць, зь якою атэіст адкідае найдрабнейшую магчымасьць таго, што паміж ягонай малітвай і зьяўленьнем эскімосаў існуе нейкая сувязь. Канешне, многія вернікі з гэткай жа ўпартасьцю вераць у праўдзівасьць сваіх поглядаў. Магчыма, яны брыдчэйшыя за атэістаў, прынамсі, для бальшыні прысутных тут. Але рэч у тым, што хібы рэлігійных дагматыкаў гэткія самыя, як і ў атэіста з байкі – сьляпая перакананасьць, разумовая абмежаванасьць, якія ператвараюцца ў вязьніцу настолькі дасканалую, што вязень нават не разумее сваёй несвабоды. Што для нас тут важна? А вось тое, пра што, на маю думку, якраз і кажа гэная філалагічная формула “навучыць мяне думаць”: ня трэба быць такім упартым, крытычна адносься да сябе й сваіх беззаганных перакананьняў. Бо вялікі працэнт з таго, што я павінны аўтаматычна прымаць на веру, аказваецца маной і аблудай. Я прыйшоў да гэтай высновы пакручастым шляхам. Ня думаю, што ў вас ён будзе лягчэйшы. Вось вам прыклад суцэльнай хібнасьці аднаго майго нібыта бясхібнага перакананьня, нечага, у чым, здаецца, не павінна быць аніякага сумневу. Усё ў маім штодзённым досьведзе кажа на карысьць таго, што я зьяўляюся абсалютным цэнтрам сусьвету, самай рэальнай, жывой і важлівай асобай сярод існага. Мы нячаста згадваем пра такі прыроджаны эгаізм, бо ў сьвятле сацыяльных каштоўнасьцяў выглядае гэта ня надта прывабна. Але ён сядзіць глыбока ўнутры ў кожнага з нас, наладжаны аўтаматычна, укаранёны ў нашу сістэму пры народзінах. Паспрабуйце ўспомніць што-небудзь, каб вы не былі цэнтрам свайго ўспаміну. Сьвет, як ты яго ўспрымаеш, знаходзіцца перад ТАБОЮ ці за ТАБОЮ, зьлева ці справа ад ЦЯБЕ, на экране ТВАЙГО тэлевізара, манітора ці дзе яшчэ. Думкі й пачуцьці іншых людзей мусяць яшчэ нейкім чынам трапіць да цябе, а твае ўласныя зьяўляюцца вокамгненна, яны надзённыя, сапраўдныя. Калі ласка, ня трэба хвалявацца, што зараз я пачну казаць казань пра спачуваньне, увагу да людзей ды іншыя так званыя дабрадзейнасьці. Гаворка вядзецца не пра дабрадзейнасьць, а пра тое, як зьмяніць ці пазбавіцца ад прыроджаных наладаў, якія заклікаюць да гранічнага эгаізму, заклікаюць бачыць і тлумачыць усё празь лінзу ўласнага бачаньня. Пра людзей, што наладжваюць сябе гэткім чынам, часта кажуць, цытую, “добра прыстасаваныя”. Мяркую, што тэрмін невыпадковы. Зважаючы на тое, што знаходзімся мы цяпер у храме навукі, у нас узьнікае відавочнае пытаньне: у якой ступені для прыстасаваньня выкарыстоўваюцца веды й інтэлект? Адказаць на яго вельмі няпроста. Магчыма, найвялікшая небясьпека вышэйшай адукацыі, прынамсі, у маім выпадку, заключаецца ў тым, што яна актывізавала маю схільнасьць да празьмернай інтэлектуальнасьці, я заблукаў у абстрактным мысленьні замест таго, каб проста быць уважлівым да таго, што адбываецца вакол і ўнутры мяне. Перакананы, што вы ўсе ўжо зьведалі на сабе, як складана заставацца чуйным і уважлівым да навакольнага сьвету, каб не паддацца гіпнозу пастаяннага ўнутранага маналогу, які, магчыма, гучыць у вашай галаве й цяпер. За мінулыя пасьля заканчэньня вучобы дваццаць гадоў я спакваля зразумеў, што гуманітарная тэза пра “навучаньне думаньню” выступала ўмоўнай пазнакай вельмі важнай ідэі. “Навучаньне думаньню” – гэта, насамрэч, навучаньне кантролю за тым, як і што вы думаеце. Гэта значыць, вы сьвядома й асэнсавана выбіраеце, на што зьвяртаць увагу й якое значэньне надаваць свайму досьведу. Калі не навучыцеся рабіць так у дарослым жыцьці, вам – гамон. Згадайма стары афарызм пра тое, што розум — “выдатны слуга, але нікчэмны гаспадар”. Падобна многім афарызмам ён гучыць хібна й непераканаўча, а па-праўдзе выражае важную й страшную ісьціну. Гэта ж невыпадкова, што самагубцы сталага ўзросту амаль заўсёды страляюць у… галаву. Яны цэляць у нікчэмнага гаспадара. І праўда ў тым, што бальшыня гэтых самагубцаў мерцьвякі ўжо задоўга да таго, як націснуць на курок. Я сьцвярджаю, што якраз у гэтым і палягае сапраўдная, нелухтовая каштоўнасьць гуманітарнай адукацыі – зрабіць так, каб вы не пражылі вашае ўтульнае, пасьпяховае, паважнае дарослае жыцьцё неўсьвядомлена, мерцьвяком, рабом вашай галавы й прыроджаных наладаў, якія з дня ў дзень кіруюць вас у вашу ўнікальную, уладарна-гнятлівую самоту. Вы можаце падумаць, што я перабольшваю, кажу абстрактную бязглузьдзіцу. Таму буду канкрэтным. Я ўпэўнены: вы, сёньняшнія выпускнікі, анічога ня ведаеце, што гэтае “дзень у дзень” насамрэч значыць. У дарослым жыцьці амэрыканцаў ёсьць працяглыя кавалкі, пра якія ніхто не гаворыць у выпускных прамовах. Яны запоўнены нудой, руцінай і прыкрасьцю. Бацькі й прадстаўнікі старэйшага пакаленьня выдатна зразумеюць мяне. Да прыкладу, возьмем шэраговы дзень з жыцьця дарослага амэрыканца. Прачнуўшыся раніцай, вы кіруецеся на працу, атрыманую па заканчэньні ВНУ. Праца няпыльная, але патрабуе поўнай аддачы. Там вы шчыруеце восем ці дзесяць гадзін. Напрыканцы дня вы стомленыя, троху прыгнечаныя й прагнеце толькі аднаго — найхутчэй патрапіць дадому, павячэраць, магчыма, прабавіць неяк вольную гадзінку, а потым заваліцца спаць, бо заўтра давядзецца падымацца й зноў рабіць тое самае. Але раптам вы згадваеце, што дома няма ежы: у вас такая вялікая занятасьць, што нават не было часу закупіцца. І вось цяпер, пасьля працы, вам трэба ехаць у супермаркет. Напрыканцы працоўнага дня траса, як і трэба чакаць, забіта транспартам. Таму дарога да крамы займае нашмат болей часу, чым звычайна. Калі вы нарэшце трапляеце ў супермаркет, там процьма народу, бо, вядома ж, якраз цяпер, пасьля работы, усе сьпяшаюцца праціснуцца ў прадуктовы аддзел. Памяшканьні залітыя рэзкім сьвятлом, паўсюдна гучыць фонавая музычка ці душазабойчая папса. Карацей, гэта апошняе месца на зямлі, дзе вы хацелі б апынуцца. Але хутка зайсьці й выйсьці не атрымаецца — вас чакае блуканьне па бясконцых тлумных лабірынтах супермаркету. У пошуках неабходных прадуктаў вы са сваім лядашчым вазком манеўруеце сярод іншых пакупнікоў, якія таксама сьпяшаюцца запоўніць свае вазкі. А тут яшчэ на шляху пастаянна трапляюцца нетаропкія старыя, людзі з перавышанай вагой, малыя жэўжыкі, і вы, скрыгочучы зубамі, дэманструючы цуды ветлівасьці, просіце, каб яны дазволілі вам праціснуцца міма. Калі вы нарэшце адшукаеце ўсё патрэбнае для вячэры, акажацца, што якраз цяпер, калі ў краме поўна людзей, працуюць не ўсе касы, адпаведна чэргі неверагодна доўгія. Вас раззлуе бязглуздая арганізацыя працы, але ж не будзеш ты спаганяць злосьць на цётцы-касірцы, замардаванай, ашалелай ад работы, штодзённыя нуда й бессэнсоўнасьць якой нават і ня сьніліся нам тут, у прэстыжнай навучальнай установе… Як бы там ні было, вы ўсё ж трапляеце да касы, разьлічваецеся за прадукты і на разьвітаньне вам жадаюць “Усяго найлепшага” голасам, які, без сумневу, мог бы належаць самой сьмерці. Пасьля гэтага вы складаеце напоўненыя прадуктамі, нетрывалыя торбачкі з гідкага пластыку ў вазок, скрыўленае кола якога будзе ўсю дарогу праз тлумную, засьмечаную, выбоістую паркоўку цягнуць вас налева. А потым вас чакае несканчоная паездка ў гадзіну пік па заторанай вялізнымі паркетнікамі трасе, et cetera, et cetera. Вы ўсе, вядома, траплялі ў такія сітуацыя, але пакуль гэта аднолькавая з дня ў тыдзень, з тыдня ў месяц, з месяца ў год руціна не стала часткай вашага жыцьця. Але стане, ды будзе яшчэ больш нуднай, прыкрай, напоўненай бессэнсоўнымі заняткамі… Але справа не ў гэтым. Важна, каб уся гэтая дробная дакучлівая дрэнь стала якраз тым месцам, дзе мы пачнем выбіраць. Бо заторы ў руху, перапоўненыя крамы й доўгія чэргі да касаў даюць мне час падумаць. Калі ж я не зраблю сьвядомага выбару, як думаць і на што зьвяртаць увагу, то рызыкую шалець ад злосьці й пакутваць кожнага разу, выпраўляючыся ў краму. Бо мае прыроджаныя налады кажуць: гэта сітуацыя, яна ўся пра мяне. Пра МОЙ голад, МАЮ стому й МАЮ прагу хутчэй дапяць дадому. І ўвесь сьвет павінен бачыць, што мне перашкаджаюць. Хто, увогуле, гэтыя людзі, якія блытаюцца ў мяне пад нагамі? Паглядзіце, якія яны агідныя, нязграбныя, патухлавокія, як быццам нейкія нелюдзі, стаяць у чарзе. Як жа раздражняюць і брыдзяць іхнія гучныя размовы па мабільніку. Увогуле, дзе справядлівасьць? Цалюткі дзень я пеклаваў на працы, цяпер мне хочацца есьці, адпачыць. І я не магу нават патрапіць дадому. І ўсё празь іх — гэтых клятых пацяробкаў. Вядома, ёсьць больш сацыяльна-сьвядомыя, гуманныя налады: я магу, чакаючы ў заторы, гідзіцца на ўсе тыя паганыя вялізныя паркетнікі, хамеры, пікапы, якія блакуюць рух і спальваюць намарна, з пагардлівай абыякавасьцю да экалогіі паліва са сваіх 40-галонных бакаў. Таксама магу паразважаць: чаму ўсе патрыятычныя або рэлігійныя налепкі заўсёды бачыш на машынах-гаргарах (здаецца, чым вялікшы памер, тым больш пыхі), за стырном якіх сядзяць самыя паскудныя [у гэтым месцы адказваючы на гучныя воплескі] – гэта якраз узор таго, як НЯ трэба думаць – за стырном якіх сядзяць самыя паскудныя, няўважлівыя й нахабныя кіроўцы. Яшчэ я магу падумаць, як будуць асуджаць нас унукі за марнаваньне паліва й псаваньне клімату. І наколькі ж мы ўсе сапсаваныя, недалугія, самалюбныя, агідныя, і як моташна жыць у сучасным свеце, дзе галоўнае – спажываньні, ну й так далей, так далей… Вы зразумелі, пра што я. Ну й няхай, што я абіраю такі спосаб думаньня. Бальшыня нас так думае. Дый ці можа тут быць нейкі выбар? Яно ж думаецца так само сабою. Прыроджаныя налады, аўтаматычнае, неўсьвядомленае перажываньне нудотных, апрыклых, мітусьлівых момантаў жыцьця дарослага чалавека з перакананьнем, што я зьяўляюся цэнтрам сьвету, а мае надзённыя патрэбы й пачуцьці рухаюць зямлю. А штука ў тым, што такія сітуацыі можна ўспрымаць інакш. Возьмем прыклад з заторам і ўсімі гэтымі вялізнымі машынамі, кіроўцы якіх ня глушаць рухавікі. Цалкам верагодна, што некаторыя з тых, што сядзяць за стырном паркетнікаў, раней былі патрапіўшы ў жудасныя аварыі і цяпер ім боязна кіраваць аўтамабілем. Таму доктар і параіў набыць вось гэткі вялізны, важкі паркетнік, падчас паездкі ў якім адчуваеш сябе ў бясьпецы. Ці што “Хамерам”, які цяпер падрэзаў мяне, кіруе бацька, сьпяшаючыся даставіць сваё хворае ці параненае дзіця ў шпіталь. Гэта куды больш важная прычына сьпяшацца, чым у мяне — і якраз я замінаю яму. Або можна ўразумець, што ўсе людзі ў чарзе да касы такія ж, як і я, знуджаныя й засмучаныя, і ў некаторых зь іх жыцьцё куды як больш складанае, нуднае й пакутнае, чым маё. Ізноў прашу вас: калі ласка, не ўспрымайце мае словы як маралістычную параду, маўляў, я кажу вам, што трэба думаць менавіта так, ці нехта чакае, што вы аўтаматычна адразу ж станеце так рабіць. Бо гэта няпроста, патрабуе волі й разумовых высілкаў. Іншым разам я сам не магу так рабіць: мне не хапае сілаў ці проста няма ахвоты. Магчыма, у вас, як і ў мяне, таксама будуць такія моманты. Але ў бальшыні выпадкаў, усьведамляючы магчымасьць выбару, вы можаце паглядзець па-іншаму на гэтую таўсматую, нафарбаваную цётку зь мёртвымі вачамі, якая толькі што раўнула на сваё дзіцяці ў чарзе – мо яна не заўсёды такая, мо яна ня спала тры ночы запар, трымаючы за руку мужа, які памірае з-за раку касцей. А магчыма, яна — тая самая нізкааплатная чыноўніца з аўтатранспартнай інспекцыі, якая ўчора праявіла трошку бюракратычнай спагады й дапамагла вашай жонцы хутка даць рады з нейкай паперкай, захаваўшы ёй такім чынам процьму часу й нерваў. Канешне, ня надта гэта імаверна, але й не так ужо неверагодна. Залежыць ад таго, што вы захочаце ўбачыць. Калі вы аўтаматычна перакананыя ў сваім веданьні рэчаіснасьці, калі вы дзейнічаце згодна з вашымі прыроджанымі наладамі, то, падобна мне, вы, магчыма, не захочаце ўбачыць станоўчыя недакучныя варыянты. Але калі вы сапраўды навучыліся думаць і выбіраць, на чым засяроджваць увагу, то зможаце ўбачыць у тлумным душным марудным пекле супермаркету ня толькі нейкі сэнс, але й нешта сьвятое, убачыць той агонь, што запальвае зоркі, – любоў, спачуваньне, глыбінную еднасьць усіх рэчаў. Такая містычная версыя, магчыма, таксама ня зьяўляецца ісьцінай. Адзіная Ісьціна зь вялікай літары заключаецца ў тым, што менавіта вы рашаеце, як і што бачыць. Вось тая свабода, якую даюць сапраўдная адукацыя, прыстасаванасьць у добрым сэнсе гэтага слова. Вы пачынаеце сьвядома рашаць, што мае значэньне, а што – не. Вы пачынаеце выбіраць, што шанаваць… Бо ёсьць яшчэ адна дзіўная ісьціна. У штодзённых акопах дарослага жыцьця няма атэізму. Тут немагчыма абысьціся без шанаваньня: кожны шануе нешта. І ў нас ёсьць свабода выбару: што шанаваць. І найважнейшай прычынай для выбару Бога або іншых духоўных дактрын – будзь то Ісус Хрыстос, Алах, Яхвэ, віканская Маці-багіня, Чатыры Шляхетныя Ісьціны ці нейкі непарушны статут этычных прынцыпаў – зьяўляецца тое, што ўсё астатняе, абранае для шанаваньня, зжарэ вас жыўцом. Калі вы шануеце грошы й рэчы, робячы іх сэнсам свайго жыцьця, то вам заўсёды будзе мала, вы ніколі не пазбавіцеся ад прагі. Шануючы ўласнае цела, ягоную прыгажосьць і сэксуальную вабнасьць, заўсёды будзеце адчуваць сваю недасканаласьць. А калі час і ўзрост пачнуць пакідаць на вас свае пазнакі, то памрэце мільёнам сьмерцяў яшчэ да пахаваньня. Так, гэта ўсё вядомыя ісьціны: веды пра гэта знаходзяцца ў міфах, прымаўках, афарызмах, банальнасьцях, эпіграмах, байках, зьяўляюцца асновай выдатных твораў. Але штука ў тым, каб штодзённа памятаць, усьведамляць гэтыя ісьціны. Шануючы сілу, адчуеце сябе ўрэшце слабым і спалоханым. І каб утаймаваць свой страх, вам спатрэбіцца ўсё больш улады над іншымі. Шануючы свой інтэлект, удаючы зь сябе разумніка, вы канец канцом адчуеце сябе дурнем, самазванцам, якога вось-вось выкрыюць. Падступнасьць такіх аб’ектаў шанаваньня ня ў тым, што яны благія ці грахоўныя, проста яны неўсьвядомленыя. Яны – прыроджаныя налады. Паступова, дзень за днём, нас засмактвае ў іхняе шанаваньне, мы становімся ўсё больш і больш пераборлівыя да таго, што бачыць і цаніць, нават не ўсьведамляючы таго, як гэта з намі адбываецца. І так званы “рэальны сьвет” ня будзе заахвочваць нас адмовіцца ад прыроджаных наладаў, бо “рэальны сьвет” людзей, грошай і сілы сам здаволена плёхкаецца ў гэтай лужыне, напоўненай страхам, злосьцю, скрухай, пажадай і самашанаваньнем. Наша сучасная культура зацугляла гэтыя сілы такім чынам, каб яны прыносілі вялізасныя багацьце, выгоды і асабістую свабоду. Свабоду быць гаспадарамі сваіх маленькіх, памерам з чэрап каралеўстваў, якія знаходзяцца ў цэнтры ўсяго створанага. Пра такую свабоду кажуць шмат чаго добрага. Але, канешне ж, існуюць іншыя, і пра найбольш каштоўную свабоду вы не пачуеце шмат у вялікім навакольным сьвеце, дзе прагнуць і дасягаюць… Яна там, дзе ўвага, усьведамленьне, дысцыпліна, здольнасьць шчыра клапаціцца пра іншых людзей і гатоўнасць ахвяроўваць дзеля іх зноў і зноў, дапамагаючы ім штодня любымі спосабамі, хай сабе гэта будзе штосьці нязначнае, негераічнае. Вось у чым сапраўдная свабода. Вось так вучацца думаць. Альтэрнатыва – неўсьвядомленасьць, прыроджаныя налады, мышыная мітусьня, заўсёднае гнятлівае адчуваньне, што вы штосьці мелі й згубілі, штосьці, для чаго немагчыма адшукаць словы. Ведаю: гучыць ня надта весела й натхняльна, не ўражвае, як таго патрабуе выпускная прамова. Але для мяне гэта й ёсьць Ісьціна з вялікай літары, ачышчаная ад усялякіх красамоўнасьцяў. Канешне, вы сабе думайце, што хочаце. Але, калі ласка, не адкідайце мае словы, маўляў, цётка Лора (*Лора Шлесінгер - вядоўца папулярнага радыёшоу, у якім дае жыцьцёвыя парады слухачам) паківала пальцам у нас перад носам. Бо размова вядзецца не пра мараль, рэлігію, догму ці пра вельмі цікавае пытаньне жыцьця пасьля смерці. Ісьціна зь вялікай літары мае дачыненьне менавіта да жыцьця, а ня сьмерці. Размова вядзецца пра сапраўдную каштоўнасьць сапраўднай адукацыі, якая ня мае нічога агульнага з навуковымі ведамі, якая ўся пра ўсьведамленьне, простае ўсьведамленьне таго, што ў нашым жыцьці сапраўднае й вартае. А яно схаванае проста ў нас пад носам так хітра, што мы зноў і зноў мусім нагадваць сабе: “Гэта – вада. ” “Гэта – вада. ” Неймаверна складана так рабіць — кожны дзень дарослага жыцьця пражываць сьвядома й уважліва. А значыць, яшчэ адзін зашмальцаваны афарызм аказваецца праўдай: Мы вучымся ўсё сваё жыцьцё. І якраз цяпер для вас пачынаецца асноўная вучоба. Я зычу вам нечага большага, чым проста ўдачы.
|
|||
|