Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Платон. Бяседа. (Прамова Сакратаса)



Платон

Бяседа

(Прамова Сакратаса)

1. Эрас як памкненне да дабра.

2. Пасярэдняя натура Эраса.

3. Авалоданне дабром як мэта Эраса.

4. Эратычны характар творчасці.

5. Эратычны характар філасофіі.

6. Эрас як памкненне да неўміручасці.

7. Вучэнне пра эратычную іерархію.

 

Такім чынам, , бяручы з цябе, Агатон, прыклад, трэба спачатку высвятліць, што такое Эрас і якія яго ўласцівасці, а потым ужо, якія яго справы. Лягчэй за ўсё, мне здаецца, высвятліць гэта такім сама чынам, як некалі тая чужаземка (Дыятыма), а яна задавала мне пытанне за пытаннем. Я казаў ёй тады прыкладна тое ж, што мне цяпер Агатон: Эрас - гэта вялікі бог, гэта любоў да дасканалага. А яна даказала мне тымі ж довадамі, якімі я цяпер Агатону, што ён, насуперак маім сцверджанням, зусім не прыгожы і зусім не добры. І тады я спытаў яе:

  - Што ты кажаш, Дыятыма? Значыць, Эрас пачварны і подлы?

  А яна адказала:

  - Не блюзнер! Няўжо тое, што не прыгожа, абавязкова павінна быць, па-твойму, пачварным?

  - Вядома.

  - І значыць, тое, што не мудра, абавязкова невуцкім? Хіба ты не заўважаў, што паміж мудрасцю і невуцтвам ёсць нешта сярэдняе?

  - Што ж?

  - Хіба табе невядома, што правільнае, але не падмацаванае тлумачэннем меркаванне нельга назваць ведамі? Калі няма тлумачэння, якія ж гэтыя веды? Але гэта і не невуцтва. Бо калі гэта адпавядае таму, што ёсць насамрэч, якое ж гэта невуцтва? Відаць, правільнае ўяўленне - гэта нешта сярэдняе паміж разуменнем і невуцтвам.

  - Ты маеш рацыю, - сказаў я.

  - А ў такім разе не настойвай на тым, што ўсё, што не выдатна, пачварна, а ўсё, што не дабро, ёсць зло. І, прызнаўшы, што Эрас не выдатны і таксама не добры, не думай, што ён павінен быць пачварны і кепскі, а лічы, што ён знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне паміж гэтымі крайнасцямі.

  - І ўсё-ткі, - запярэчыў я, - усе прызнаюць яго вялікім богам.

  - Ты маеш на ўвазе ўсіх недасведчаных ці таксама і дасведчаных? - спытала яна.

  - Усіх наогул.

  - Як жа могуць, Сакрат, - засмяялася яна, - прызнаваць яго вялікім богам тыя людзі, якія і богам нават яго не лічаць?

  - Хто ж гэта такія? - спытаўся я.

  - Ты першы, - адказвала яна, - я другая.

  - Як можаш ты так казаць? - спытаўся я.

  - Вельмі проста, - адказвала яна. - Скажы мне, хіба ты не сцвярджаеш, што ўсе багі шчаслівыя і выдатныя? Ці, можа быць, ты адважышся пра каго-небудзь з богаў сказаць, што ён не выдатны і не шчаслівы?

  - Не, клянуся Зеўсам, не адважуся, - адказаў я.

  - А шчаслівымі ты завеш ці не тых, хто выдатны і добры?

  - Так, менавіта так.

  - Але наконт Эраса ты прызнаў, што, не адрозніваючыся ні дабрынёю, ні прыгажосцю, ён імкнецца да таго, чаго ў яго няма.

  - Так, я гэта прызнаў.

  - Але ён можа быць богам, калі ён абдзелены дабрынёю і прыгажосцю?

  - Здаецца, ён і сапраўды не можа ім быць.

  - Вось бачыш, - сказала яна, - ты таксама не лічыш Эрота богам.

  - Так што ж такое Эрас? - спытаў я. - Смяротны?

  - Не, ніякім чынам.

  - А хто ж?

  - Як мы ўжо высвятлілі, нешта сярэдняе паміж несмяротным і смяротным.

  - Хто ж ён, Дыятыма?

  - Вялікі геній, Сакрат. Бо ўсе геніі ўяўляюць сабою нешта сярэдняе паміж богам і смяротным.

  - Якое ж іх прызначэнне?

  - Быць тлумачальнікамі і пасярэднікамі паміж людзьмі і багамі, перадаючы багам малітвы і ахвяры людзей, а людзям наказы багоў і ўзнагароды за ахвяры. Знаходзячыся пасярэдзіне, яны запаўняюць прамежак паміж тымі і іншымі, так што Сусвет паўстае як злучаны ўнутранай сувяззю. Дзякуючы ім магчымыя ўсякія прадказанні, жрэцкае мастацтва і наогул усё, што мае дачыненне да ахвярапрынашэнняў, таемстваў, замоваў, вяшчунства і вядзьмарства. Не спатыкаючыся з людзьмі, багі маюць зносіны і гутараць з імі толькі праз геніяў - і наяве, і ў сне. І хто дасведчаны ў падобных справах, той чалавек адораны геніяльнасцю, а дасведчаны ва ўсім іншым, няхай гэта будзе якое-небудзь мастацтва ці рамяство, проста рамеснік. Геніі гэтыя шматлікія і разнастайныя, і Эрас належыць да іх.

  - Хто ж яго бацька і маці? - спытаўся я.

  - Распавядаць пра гэта доўга, - адказвала яна, - але ўсё-ткі я табе распавяду.

  Калі нарадзілася Афрадыта, багі памкнуліся на баль, і ў ліку іх быў Порас (набытак, даробак), сын Метыды (мудрасці). Толькі яны папалуднавалі - а ежы ў іх было ўдосталь, - як прыйшла прасіць міласціну Пенія (беднасць) і стала ля дзвярэй. І вось Порас, захмялеўшы ад нектару - віна тады яшчэ не было, - выйшаў у сад Зеўса і, ацяжэўшы, заснуў. І тут Пенія, задумаўшы ў сваёй беднаце нарадзіць дзіця ад Пораса, прылягла да яго і зачала Эраса. Вось чаму Эрас - спадарожнік і слуга Афрадыты: бо ён быў зачаты на свяце нараджэння гэтай багіні; акрамя таго, ён па самай сваёй прыродзе любіць прыгожае: бо Афрадыта прыгажуня. Паколькі ж ён сын Пораса і Пеніі, ён знаходзіцца ў наступным становішчы: першым чынам ён заўсёды бедны і, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, зусім не прыгожы і не далікатны, а грубы, неахайны, не абуты і валачашчы; ён валяецца на голай зямлі, пад голым небам, ля дзвярэй, на вуліцах і, як сапраўдны сын сваёй маці, не выходзіць з галечы. Але з іншага боку, ён па па-бацькаўску цягнецца да выдатнага і дасканалага, ён мужны, адважны і моцны, ён цудоўны лавец, заўсёды поўны патаемных планаў, ён прагне разумнасці і дасягае яе, ён усё жыццё заняты філасофіяй, ён магутны чарадзей, вядзьмак і сафіст. Па прыродзе сваёй ён ні несмяротны, ні смяротны: у адзін і той жа дзень ён то жыве і расквітае, калі справы ў яго ідуць добра, то памірае, але, успадкаваўшы прыроду бацькі, ажывае зноў. Усё, што ён набывае, ідзе прахам, з-за чаго Эрас ніколі не бывае ні багаты, ні бедны. Ён знаходзіцца таксама пасярэдзіне паміж мудрасцю і невуцтвам, і вось чаму. З багоў ніхто не займаецца філасофіяй і не жадае зрабіцца мудрым, паколькі багі і так ужо мудрыя; ды і наогул той, хто мудры, да мудрасці не імкнецца. Але не займаюцца філасофіяй і не жадаюць зрабіцца мудрымі зноў-ткі і невукі. Бо тым вось і брыдкае невуцтва, што чалавек і невыдатны, і недасканалы, і неразумны цалкам задаволены сабой. А хто не лічыць, што ў чымсьці мае патрэбу, той і не жадае таго, у чым, па яго меркаванні, не адчувае патрэбы.

  - Дык хто ж, Дыятыма, - спытаў я, - імкнецца да мудрасці, калі ні мудрацы, ні невукі філасофіяй не займаюцца?

  - Ясна і дзіцяці, - адказвала яна, - што займаюцца ёю тыя, хто знаходзіцца пасярэдзіне паміж мудрацамі і невукамі, а Эрас да іх і належыць. Бо мудрасць - гэта адна з самых выдатных на свеце выгод, а Эрас - гэта любоў да выдатнага, таму Эрас не можа не быць філосафам, г. зн. аматарам мудрасці, а філосаф займае прамежкавае становішча паміж мудрацом і невукам. Абавязаны ж ён гэтым ізноў-ткі свайму паходжанню: бо бацька ў яго мудры і вынаходлівы, а маці не валодае ні мудрасцю, ні ўмельствам. Такая, дарагі Сакрат, прырода гэтага генія. Што ж да твайго меркавання пра Эраса, то ў ім няма нічога дзіўнага. Мяркуючы па тваіх словах, ты лічыў, што Эрас ёсць прадметам кахання, а не тым, хто кахае. Таму вось, я думаю, Эрас і здаўся табе такім выдатным. Бо прадмет кахання і сапраўды і выдатны, і далікатны, і поўны дасканаласці, і варты зайздрасці. А той, хто кахае, мае іншае аблічча, такое, прыкладна, як я цяпер апісала.

  Тады я сказаў ёй:

  - Хай так, чужаземка, ты казала выдатна. Але калі Эрас такі, якая карысць ад яго людзям?

  - А гэта, Сакрат, - сказала яна, - я цяпер і паспрабую табе растлумачыць. Такім чынам, уласцівасці і паходжанне Эраса табе вядомыя, а ўяўляе ён сабой, як ты кажаш, любоў да прыгожага. Ну, а калі б нас спыталі: " Што ж гэта такое, Сакрат і Дыятыма, любоў да прыгожага? " - ці, калі сказаць больш дакладна: " Чаго ж жадае той, хто любіць прыгожае? "

  - Каб яно належала яму, - адказаў я.

  - Але твой адказ, - сказала яна, - выклікае наступнае пытанне, а менавіта: " Што ж набудзе той, хто авалодае прыгожым? "

  Я сказаў, што не магу адказаць на такое пытанне адразу.

  - Ну, а калі замяніць слова " прыгожае" словам " добрае" і спытаць цябе: " Скажы, Сакрат, чаго жадае той, хто любіць добрае? "

  - Каб яно належала яму, - адказваў я.

  - А што набывае той, хто авалодае добрым? - спытала яна.

  - На гэта, - сказаў я, - адказаць лягчэй. Ён будзе шчаслівы.

  - Правільна, шчаслівыя шчаслівыя таму, што валодаюць добрым, - пацвердзіла яна. - А пытаць, чаму жадае быць шчаслівым той, хто жадае ім быць, няма чаго. Тваім адказам пытанне, відаць, вычарпанае.

  - Ты маеш рацыю, - пагадзіўся я.

  - Ну, а гэтае жаданне і гэтая любоў уласцівыя, па-твойму, усім людзям, і ці заўсёды яны жадаюць сабе дабра?

  - Так, - адказваў я. - Гэта ўласціва ўсім.

  - Але калі ўсе і заўсёды любяць адно і тое ж, - сказала яна, - то чаму ж, Сакрат, мы кажам не аб усіх, што яны любяць, а пра адных гаворым так, а пра іншых - не?

  - Я і сам гэтаму дзіўлюся, - адказваў я.

  - Не дзівіся, - сказала яна. - Мы проста бяром адну нейкую разнавіднасць любові і, замацоўваючы за ёй назву агульнага паняцця, завём любоўю толькі яе, а іншыя разнавіднасці завём інакш.

  - Напрыклад? - спытаў я.

  - Вось, - адказвала яна. - Ты ведаеш, творчасць - паняцце шырокае. Усё, што выклікае пераход з нябыту ў быццё, - творчасць, і, такім чынам, стварэнне любых твораў мастацтва і рамёствы можна назваць творчасцю, а ўсіх стваральнікаў - іх творцамі.

  - Зусім дакладна, - пагадзіўся я.

  - Аднак, - працягвала яна, - ты ведаеш, што яны не завуцца творцамі, а называюцца інакш, бо з усіх відаў творчасці вылучана адна сфера - сфера музыкі і складнага слова, да якой і прынята адносіць найменне " творчасць". Творчасцю завецца толькі яна, а творцамі, паэтамі - толькі тыя, хто дзейнічае ў ёй.

  - Зусім дакладна, - пагадзіўся я.

  - Гэтак сама і з любоўю.  Па сутнасці, усякае жаданне дабра і шчасця - гэта для ўсякага вялікая і прыцягальная Любоў. Аднак пра тых, хто аддаецца такім яе відам, як карысталюбства, любові да фізічных практыкаванняў, любові да мудрасці, не кажуць, што яны кахаюць і што яны закаханыя, - толькі тым, хто заняты і захоплены адным толькі пэўным відам кахання, даюць агульныя назвы " каханне", " кахаць" і " закаханыя".

  - Мабыць, гэта праўда, - сказаў я.

  - Некаторыя сцвярджаюць, - працягвала яна, - што кахаць - значыць шукаць сваю палову. А я сцвярджаю, што ні палова, ні цэлае не выкліча кахання, калі не ўяўляе сабою, сябар мой, чагось добрага. Людзі згодзяцца, каб ім адсеклі рукі і ногі, калі гэтыя часткі ўласнага іх цела здадуцца ім непрыдатнымі. Бо шануюць людзі зусім не сваё, калі, вядома, не зваць усё добрае сваім і роднасным сабе, а ўсё благое - чужым, - не, любяць яны толькі добрае. А ты як думаеш?

  - Я думаю гэтак сама, - адказваў я.

  - Ці нельга па гэтай прычыне проста сказаць, што людзі любяць добрае?

  - Можна, - адказаў я.

  - А ці не дадаць, - працягвала яна, - што людзі любяць і валодаць добрым?

  - Трэба дадаць.

  - І не толькі валодаць ім, але валодаць вечна?

  - Дадамо і гэта.

  - Ці не ёсць, адным словам, любоў не чым іншым, як любоўю да вечнага ўладання дабром?

  - Ты кажаш існую праўду, - сказаў я.

  - Ну, а калі любоў - гэта заўсёды любоў да дабра, - сказала яна, - то скажы мне, якім чынам павінны дзейнічаць тыя, хто да яго імкнецца, каб іх запал і стараннасць можна было назваць любоўю? Што яны павінны рабіць, ты можаш сказаць?

  - Калі б мог, - адказваў я, - я не захапляўся б тваёй мудрасцю і не хадзіў да цябе, каб усё гэта спазнаць.

  - Ну, дык я адкажу табе, - сказала яна. - Яны павінны нарадзіць у прыгажосці - як з гледзішча цела, так і душы.

  - Трэба быць варажбітам, - сказаў я, - каб зразумець, што ты маеш на ўвазе, а мне гэта незразумела.

  - Ну што ж, - адказвала яна, - скажу ясней. справа ў тым, Сакрат, што ўсе людзі цяжарныя як цялесна, так і духоўна, і, калі яны дасягаюць вядомага ўзросту, прырода наша патрабуе вызвалення ад цяжару. Але вызваліцца яна можа толькі ў прыгожым, але не ў пачварным. Зліццё мужчыны і жанчыны ёсць такім вызваленнем. І гэта справа чароўная, бо зачацце і нараджэнне ёсць праявамі несмяротнага пачатку ў смяротнай істоце. Ні тое, ні іншае не можа адбыцца ў непрыдатным, а непрыдатнае для ўсяго чароўнага - гэта агіднасць, тады як прыгожае - гэта прыдатнае. Такім чынам, Мойра і Іліфія ўсякага нараджэння - гэта Прыгажосць. Таму, наблізіўшыся да прыгожага, цяжарная істота прасякаецца радасцю і весялосцю, выліваецца навонкі і народжвае, а наблізіўшыся да пачварнага, змрачнее, засмучаецца, скурчваецца, адварочваецца, замыкаецца і, замест таго каб нарадзіць, гняцецца затрыманым у чэраве плёнам. Вось чаму цяжарныя і тыя, хто ўжо на сносях, так прагнуць прыгожага - яно пазбаўляе іх ад вялікіх радзільных пакут. Але каханне, - дапоўніла яна, - зусім не ёсць імкненне да прыгожага, як тое табе, Сакрат, здаецца.

  - А што ж яно такое?

  - Імкненне нарадзіць і прывесці на свет ў прыгожым.

  - Можа быць, - сказаў я.

  - Несумнеўна, - сказала яна. - А чаму менавіта нарадзіць? Ды таму, што нараджэнне - гэта тая дзель неўміручасці і вечнасці, якая адпушчана смяротнай істоце. Але калі любоў, як мы пагадзіліся, ёсць імкненнем да вечнага валодання дабром, то нароўні з дабром нельга не жадаць і неўміручасці. А значыць, любоў- гэта імкненне і да неўміручасці.

  Усяму гэтаму яна вучыла мяне кожны раз, калі гутарыла са мной пра каханне. А аднойчы яна спытала мяне:

  - У чым, па-твойму, Сакрат, прычына гэтага кахання і гэтай пажадлівасці? Ці не заўважаў ты, у якім незвычайным стане знаходзяцца ўсе жывёлы, і тыя, што поўзаюць, і тыя, што лётаюць, калі яны ахоплены запалам дзіцянараджэння? Яны знаходзяцца ў любоўнай гарачцы спачатку падчас спарвання, а потым - калі кормяць дзіцянятаў, дзеля якіх яны гатовыя і змагацца з найдужэйшымі, як бы ні былі слабыя самі, і памерці, і галадаць, толькі каб іх выкарміць, і наогул зносіць усё, што заўгодна. Пра людзей яшчэ можна падумаць, - працягвала яна, - што яны робяць гэта па загадзе розуму, але ў чым чыннік такіх любоўных парываў у жывёл, ты можаш сказаць?

  І я зноў сказаў, што не ведаю.

  - І ты разлічваеш зрабіцца знаўцам кахання, - спытала яна, - не зразумеўшы гэтага?

  - Але я, як я толькі што сказаў, таму і хаджу да цябе, Дыятыма, што мне патрэбен настаўнік. Назаві ж мне чыннік і гэтага, і ўсяго іншага, што датычыць кахання!

  - Дык вось, - сказала яна, - калі ты пераканаўся, што каханне па прыродзе сваёй - гэта імкненне да таго, пра што мы не раз ужо казалі, то і тут табе няма чаму дзівіцца. Бо ў жывёл, гэтак жа як і ў людзей, смяротная прырода імкнецца зрабіцца па магчымасці несмяротнай і вечнай. А дасягнуць гэтага яна можа толькі адным шляхам - спараджэннем, пакідаючы кожны раз новае замест старога; бо нават за той час, пакуль пра любую жывую істоту кажуць, што яна жыве і застаецца самой сабой - чалавек, напрыклад, ад маленства да старасці лічыцца адным і тым жа, - яна ніколі не ёсць адной і той жа, хоць і лічыцца такой, а заўсёды абнаўляецца, штосьці абавязкова губляючы, няхай гэта будуць валасы, цела, косці, кроў ці наогул усё цялеснае, ды і не толькі цялеснае, але і тое, што прыналежыць душы: ні ў кога не застаюцца без змен ні яго звычкі і нораў, ні меркаванні, ні жаданні, ні радасці, ні гаротнасці, ні страхі, заўсёды штосьці з'яўляецца, а штосьці губляецца. Яшчэ больш дзіўная рэч, аднак, з нашымі ведамі: мала таго, што нейкія веды ў нас з'яўляюцца, а нейкія мы губляем і, такім чынам, ніколі не застаемся ранейшымі і ў плане ведаў, - такая ж доля кожнай разнавіднасці ведаў у асобнасці. Тое, што завецца практыкаваннем, абумоўлена не чым іншым, як змяншэннем ведаў, бо забыццё - гэта змяншэнне нейкіх ведаў, а практыкаванне, прымушаючы нас ізноў успамінаць забытае, захоўвае нам веды настолькі, што яны здаюцца ранейшымі. Дык вось, такім жа чынам захоўваецца і ўсё смяротнае: у адрозненне ад боскага, яно не застаецца заўсёды адным і тым жа, але, састарваючыся і сыходзячы, пакідае новае – падобнае да сябе. Вось якім спосабам, Сакрат, - дадала яна, - прылучаецца да неўміручасці смяротнае - і цела, і ўсё астатняе: іншага спосабу няма. Не дзівіся ж, што кожная жывая істота па прыродзе сваёй клапоціцца пра сваё нашчадства. Дзеля неўміручасці спадарожнічае ўсяму на свеце гэтае руплівае каханне.

  Выслухаўшы яе гаворку, я здзіўлена сказаў:

  - Ды няўжо, прамудрая Дыятыма, гэта сапраўды так?

  І яна адказвала, як адказваюць сапраўдныя мудрацы:

  - Можаш быць упэўнены ў гэтым, Сакрат. Вазьмі людскае славалюбства - ты здзівішся яго бессэнсоўнасці, калі не ўспомніш тое, што я сказала, і не засяродзішся на тым, як людзі, апантаныя жаданнем зрабіць гучным сваё імя, " каб на вечны час здабыць несмяротную славу", дзеля якой яны гатовыя нават да большых небяспек, чым дзеля сваіх дзяцей, могуць марнаваць грошы, зносіць любыя нягоды, памерці, нарэшце. Ты думаеш, - працягвала яна, - Алкестыдзе захацелася б памерці за Адмета, Ахілу - услед за Патроклам, а вашаму Кодру - дзеля будучага царства сваіх дзяцей, калі б усе яны не спадзяваліся пакінуць тую несмяротную памяць пра сваю дабрадзейнасць, якую мы і цяпер захоўваем? Я думаю, - сказала яна, - што ўсе робяць усё дзеля такой несмяротнай славы пра іх дабрадзейнасць, і, чым больш у людзей годнасці, тым больш яны і робяць. Неўміручасць - вось чаго яны прагнуць.

  Тыя, у каго вызваліцца ад цяжару імкнецца цела, - працягвала яна, - звяртаюцца больш да жанчын і служаць Эрасу менавіта так, спадзяючыся дзіцянараджэннем набыць неўміручасць і шчасце і пакінуць пра сябе памяць на вечныя часы. Цяжарныя ж духоўна - бо ёсць і такія, - растлумачыла яна, - якія цяжарныя духоўна, і прытым у большай нават ступені, чым з гледзішча цела, - цяжарныя тым, што якраз душы і належыць выношваць. А што ёй належыць выношваць? Розум і іншыя дабрадзейнасці. Бацькамі іх бываюць усе творцы і тыя з майстроў, якіх можна назваць вынаходлівымі. Самае ж важнае і выдатнае - гэта разумець, як кіраваць дзяржавай і гаспадаркай, і завецца гэта ўменне разважлівасцю і справядлівасцю. Дык вось, хто ззамаладу выношвае духоўныя якасці, захоўваючы чысціню і з наступам узмужнеласці, але адчувае гарачае жаданне нарадзіць, той, я думаю, таксама шукае ўсюды прыгожае, у якім ён мог бы вызваліцца ад цяжару, бо ў пачварным ён ні за што не народзіць. Цяжарны, ён цешыцца выдатнаму целу больш, чым пачварнаму, але асаблівую радасць ён адчувае, калі такое цела сустрэнецца яму ў спалучэнні з прыгожай, высакароднай і здольнай душой: для такога чалавека ён адразу знаходзіць словы пра дабрадзейнасць, пра тое, якім павінен быць і чаму павінен прысвяціць сябе годны муж, і прымаецца за яго выхаванне. Праводзячы час з такім чалавекам, ён датыкаецца да прыгожага і народзіць на свет тое, чым даўно цяжарны. Заўсёды памятаючы пра свайго сябра, дзе б той ні быў - далёка ці блізка, ён разам з ім гадуе сваё стварэнне, дзякуючы чаму яны значна бліжэй адзін аднаму, чым маці і бацька, і сяброўства паміж імі трывалей, таму што дзеці, якія злучаюць іх, выдатней і несмяротней. ды і кожны, мабыць, аддасць перавагу мець такіх дзяцей, чым звычайных, калі падумае пра Гамера, Гесіёда і іншых выдатных паэтаў, чыё нашчадства варта зайздрасці, бо яно прыносіць ім несмяротную славу і захоўвае памяць пра іх, таму што і само незабыўна і несмяротна. Ці вазьмі, калі заўгодна, - працягвала яна, - дзяцей, пакінутых Лікургам у Лакедэмоне - дзяцей, якія выратавалі Лакедэмон і, можна сказаць, усю Грэцыю. У пашане ў вас і Салон, бацька вашых законаў, а ў розных іншых месцах, няхай гэта будзе ў грэкаў ці ў варвараў, пашанай карыстаецца шмат іншых людзей, якія здзейснілі мноства выдатных спраў і спарадзілі такім чынам разнастайныя дабрадзейнасці. Не адно свяцілішча ўзведзена за такіх дзяцей гэтым людзям, а за звычайных дзяцей нікому яшчэ не ўзводзілі свяцілішчаў.

  Ва ўсе гэтыя таямніцы любові можна, мабыць, увесці і цябе, Сакрат. Што ж да тых вышэйшых і скрытых глыбей, дзеля якіх першыя, калі разабрацца, і існуюць на свеце, дык я не ведаю, ці здольны ты зразумець іх. Сказаць пра іх я, аднак, скажу, - працягвала яна, - не адмоўлюся. Дык паспрабуй жа ісці за мной, наколькі зможаш.

  Хто жадае абраць дакладны шлях да ўсяго гэтага, павінен пачаць з памкнення да прыгожага цела ў маладосці. Калі яму пакажуць дакладную дарогу, ён пакахае спачатку адно якое  цела і народзіць у ім выдатныя думкі, а потым зразумее, што прыгажосць аднаго цела роднасная прыгажосці любога іншага і што калі імкнуцца да ідэі прыгожага, дык недарэчна думаць, быццам прыгажосць ва ўсякага цела не адна і тая ж. Зразумеўшы гэта, ён будзе любіць усе прыгожыя целы, а да таго аднаго астудзее, бо злічыць такое празмернае каханне нікчэмным і дробным. Пасля гэтага ён пачне шанаваць прыгажосць душы вышэй, чым прыгажосць цела, і, калі яму трапіцца чалавек добрай душы, але не такі ўжо квітнеючы, ён будзе цалкам задаволены, пакахае яго і стане клапаціцца пра яго, імкнучыся нарадзіць такія меркаванні, якія робяць юнакоў лепшымі, дзякуючы чаму мімаволі спасцігне прыгажосць нораваў і звычаяў і, убачыўшы, што ўсё гэтае прыгожае роднасна паміж сабою, будзе лічыць прыгажосць цела чымсьці нікчэмным. Ад нораваў ён павінен перайсці да навук, каб убачыць прыгажосць навук і, імкнучыся да прыгажосці ўжо ва ўсёй яе шматстатнасці, не быць больш нікчэмным і вартым шкадавання рабом чыёй-небудзь прывабнасці, запалоненым прыгажосцю аднаго нейкага хлапчука, чалавека ці характару, а павярнуць да адкрытага мора прыгажосці і, сузіраючы яго ў няўхільным імкненні да мудрасці, нараджаць багацце прыгожых прамоваў і думак, пакуль нарэшце, набраўшыся тут сіл і ўдасканаліўшыся, ён не ўгледзіць тых адзіных ведаў, якія звязаны з прыгожым, і вось якім прыгожым. Зараз, - сказала Дыятыма, - паспрабуй слухаць мяне як мага ўважлівей.

  Хто, скіраваны на шлях кахання, будзе ў правільным парадку сузіраць прыгожае, той, дасягнуўшы канца гэтага шляху, раптам убачыць нешта дзіўна прыгожае па прыродзе, тое самае, Сакрат, дзеля чаго і была прадпрынятая ўся папярэдняя праца, - нешта, па-першае, вечнае, гэта значыць тое, што не зведвае ні нараджэння, ні згубы, ні росту, ні псавання, а па- другое, не ў чымсьці прыгожае, а ў чымсьці пачварнае, не калісьці, дзесьці, для кагосьці і параўнальна з чымсьці прыгожае, а ў іншы час, у іншым месцы, для іншага і параўнальна з іншым пачварнае. Гэтае прыгожае паўстане яму не ў выглядзе якога-небудзь твару, рук ці іншай часткі цела, не ў выглядзе нейкай гаворкі ці веды, не ў чымсьці іншым, няхай гэта будзе жывёла, Зямля, неба ці яшчэ што-небудзь, а само па сабе, заўсёды ў самім сабе аднастайнае; усе ж іншыя разнавіднасці прыгожага датычныя да яго такім чынам, што яны ўзнікаюць і гінуць, а яго не робіцца ні больш, ні менш, і ніякіх уздзеянняў яно не зведвае. І той, хто дзякуючы правільнаму каханню да юнакоў падняўся над асобнымі разнавіднасцямі прыгожага і пачаў спасцігаць самае прыгожае, той, мабыць, амаль дасягнуў мэты. Вось якім шляхам трэба ісці ў каханні - самому ці пад чыім-небудзь кіраўніцтвам: пачаўшы з асобных праяў прыгожага, трэба ўвесь час, нібы па прыступках, паднімацца дзеля самага прыгожага ўгару - ад аднаго выдатнага цела да двух, ад двух - да ўсіх, а затым ад прыгожых целаў да прыгожых нораваў, а ад прыгожых нораваў да прыгожых вучэнняў, пакуль не паднімешся ад гэтых вучэнняў да таго, якое і ёсць вучэннем пра самае прыгожае, і не спазнаеш нарэшце, што ж гэта - прыгожае. І ў сузіранні прыгожага самога па сабе, дарагі Сакрат, - працягвала мантынеянка, - толькі і можа жыць чалавек, які яго ўбачыў. Бо ўбачыўшы яго, ты не параўнаеш яго ні з вытканай золатам вопраткай, ні з прыгожымі хлопчыкамі і юнакамі, пры выглядзе якіх ты зараз прыходзіш у захапленне, і, як шматлікія іншыя, хто цешыцца на сваіх каханых і не адыходзіць ад іх, пагадзіўся б, калі б гэта было хоць колькі-небудзь магчыма, не есці і не піць, а толькі бесперастанку глядзець на іх і быць з імі. Так што ж было б, - спытала яна, - калі б каму-небудзь давялося ўбачыць прыгожае само па сабе празрыстым, чыстым, бездамешкавым, не абцяжараным чалавечым целам, фарбамі і ўсякім іншым асуджаным на псаванне рыззём, калі б гэта чароўнае прыгожае можна было ўбачыць ва ўсёй яго аднастайнасці? Няўжо ты думаеш, - сказала яна, - што чалавек, які накіраваў да яго позірк, які належным чынам яго сузірае і з ім неразлучны, можа жыць вартым шкадавання жыццём? Няўжо ты не разумееш, што, толькі сузіраючы прыгожае тым, чым яго і належыць сузіраць, ён здолее нарадзіць не здані дабрадзейнасці, а дабрадзейнасць праўдзівую, таму што спасцігае ён праўду, а не здань? А хто нарадзіў і выгадаваў праўдзівую дабрадзейнасць, таму наканаваная любоў багоў, і калі хто-небудзь з людзей можа быць несмяротны, то менавіта ён.

  Вось што - няхай будзе і табе, Федр, і ўсім вам вядома - распавяла мне Дыятыма, і я ёй веру. А верачы ёй, я спрабую запэўніць і іншых, што ў імкненні чалавечай прыроды да такой долі ў яе наўрад ці знойдзецца лепшы памочнік, чым Эрас. Таму я сцвярджаю, што ўсё павінны паважаць Эраса і, сам, шануючы яго і ўсяляк практыкуючыся ў яго шляхах, я і іншым раю трымацца майго прыкладу і, як магу, слаўлю ягоную магутнасць і мужнасць.

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.