Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Формы і метады краязнаўчай работы



Формы і метады краязнаўчай работы

ў ДУА “Навучальна-педагагічны комплекс Пачапаўская дзіцячы сад-сярэдняя школа” Баранавіцкага раёна

 

Галоўным прынцыпам патрыятычнага выхавання ў сучасны момант павінна быць пазнанне і ўсведамленне кошту сваёй Малой Радзімы, месца, дзе ўбачылі сонца, зрабілі першыя крокі. Гісторыю нельга пазнаваць толькі праз кнігі. З маленства прывіваецца патрыятызм чалавеку, а найперш у сям’і і ў школе, бо там пачынае фарміравацца светапогляд грамадзяніна. І як неабходна юнаму чалавеку з дня ў дзень адчуваць і разумець непаўторнасць тых мясцін, дзе ён нарадзіўся, дзе вымавіў першае слова, дзе ўпершыню адчуў водар той зямлі, якую называюць Радзімай! Гэтае пачуццё будзе жывіць яго на працягу ўсяго жыцця [1, с. 1].

Веды пра родны край − істотная частка інтэлектуальнага патэнцыялу грамадзяніна сваей краіны, таму краязнаўчая работа з'яўляецца адным з найважнейшых кампанентаў гуманітарнай адукацыі. Значэнне краязнаўчай работы заключаецца ў тым, што яна вядзе да праблемнага разумення гістарычнага матэрыялу, фарміруе навыкі самастойных гістарычных даследаванняў, выхоўвае любоў да роднага краю і да сваёй Радзімы.

Цэнтрам краязнаўчай работы ў ДУА “Навучальна-педагагічны комплекс Пачапаўская дзіцячы сад-сярэдняя школа” Баранавіцкага раёна з’яўляецца школьны музей “Музей гісторыі роднага краю”. Па свайму профілю музей з’яўляецца краязнаўчым, асноўная дзейнасць якога накіравана на вывучэнне прыроды, гісторыі і культуры свайго краю. Музей быў заснаваны ў 1980 годзе Казьмерчык А. Г., Заблоцкай І. С.. Мэта музея: абудзіць і ўзмацніць цікавасць вучняў да гісторыі свайго краю, вёскі, школы. Для дасягнення мэты пастаўлены наступныя задачы: садзейнічаць фарміраванню ў вучняў грамадзянскасці, патрыятызму, гуманізму; пашыраць кругагляд, выхоўваць пазнаваўчыя здольнасці, сацыяльную актыўнасць вучняў; праводзіць работу па фарміраванню ў школьнікаў навыкаў пошукавай, навукова-даследчай работы; павышаць цікавасць да прафесіі музейнага работніка, экскурсавода, гісторыка.

У сакавіку 2015 года Кандратчык Яўгенія, экскурсавод і краязнаўца школьнага музея, прыняла ўдзел у раённым конкурсе музеяў і заняла 5 месца. Таму трэба адзначыць, што работа музея вядзецца на высокім узроўні.

У музеі праводзяцца ўрокі па гісторыі (напрыклад, “Прылады працы старажытных людзей”, ”Вялікая Айчынная вайна”), прадмету “Мая Радзіма Беларусь”, класныя гадзіны. Наведваюць яго і выхаванцы дзіцячага садка.

Для тых, хто цікавіцца гісторыяй нашага краю, на прасторах сацыяльнай сеткі “Вконтакте” была створана віртуальная старонка “Музей гісторыі роднага краю (Пачапава)”.

У самім жа музеі прадстаўлены экспазіцыі, праз якія можна акунуцца ў чароўны свет культуры і побыту нашых продкаў. Падрыхтавана і працуе група вучняў-экскурсаводаў па кожнаму з раздзелаў.

Штогод фонды музея папаўняюцца новымі экспанатамі. Для таго, каб прыцягнуць увагу да іх іншых людзей, вучні-краязнаўцыпачалі працу над праектам “Трыз-тэхналогіі ў краязнаўстве”. У межах праекта ўжо падрыхтаваны відэапрэзентацыі па трызаўскім вітанням “Лапці”, “Лямпа керасінавая”, “Гарлач”, якія прадстаўлены на сайце ўстановы адукацыі і на віртуальнай старонцы музея.

З мэтай вывучэння роднага краю праводзяцца турыстычныя паходы: “Па святых месцах нашай малой Радзімы”, “Сястра Хатыні” (па вёсцы Застарынне), “Мой родны кут, як ты мне мілы…” (па вёсцы Пачапава і яе ваколіцах), “Па археалагічным помнікам вёскі Вялікія Пурневічы”, “Сядзібна-паркавы комплекс Незабытоўскіх у вёсцы Вялікая Сваротва” і іншыя. Вынікі афармляюцца ў выглядзе альбомаў, мульцімедыйных прэзентацый, відэафільмаў, а таксама друкуюцца артыкулы ў раённай газеце “Наш край”.

З той жа мэтай ладзяцца экскурсіі: “Мемарыяльны комплекс Хатынь”, “Па мясцінах Напалеона Орды”, “Жамчужына Беларусі”, “Мірскі замак”, “Сядзібна-паркавы комплекс Путкамераў у вёсцы Райца” і іншыя.

Падчас паходаў і экскурсій вучні робяць шмат разнастайных фотаздымкаў. Многія з іх потым прадстаўляюцца на розныя фотаконкурсы. Значным дасягненнем стала тое, што фотаздымак Сукала Анастасіі “Агні горада”, прадстаўлены на рэспубліканскі конкурс фотаздымкаў “Зямля пад белымі крыламі” у межах рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ў намінацыі “Мой дом”, быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені на абласным этапе конкурсу.

Вучні-краязнаўцы прымаюць удзел у раённай краязнаўчай алімпіядзе, якая праводзіцца з мэтай выхавання грамадзянска-патрыятычных пачуццяў і далучэння юных краязнаўцаў да вывучэння гісторыі, культуры і прыроды роднага краю, Беларусі, пашырэння і паглыблення ў навучэнцаў інтэлектуальных і пазнавальных здольнасцяў.

Вядзецца навукова-даследчая работа, у якой вучні нашай установы адукацыі дасягнулі значных вынікаў:

Крэмянеўская Кацярына прадставіла  на конкурс экскурсійных маршрутаў “Пазнаем Беларусь разам” у намінацыі “Маршрутамі пазнання” даследчую работу па тэме “Гісторыка-культурны здабытак вёсак Пачапава і Вялікая Сваротва”. Даследчая работа была адзначана на раённым этапе і адпраўлена на вобласць, дзе стала лаўрэатам. Выступленне Крэмянеўскай Кацярыны па прадстаўленні экскурсійнага маршруту ў межах конкурсу экскурсаводаў атрымала 4 месца на раённым этапе.

Дрык Аляксандра прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Чарнобыль – погляд срозь гады”, дзе прадставіла сваю навукова-даследчую працу “Чернобыльский аист. Судьба ликвидатора последствий аварии на Чернобыльской АЭС” унамінацыі “Чарнобыльскі шлях – шлях жыцця па роднай зямлі”. Работа была адзначана дыпломам І ступені на абласным этапе конкурсу.

Сукала Анастасія прыняла ўдзел у конкурсе даследчых работ “Шляхамі памяці” ў намінацыі “Сестры Хатыні”. Яе работа “Сястра Хатыні. Гісторыя адной спаленай вёскі” была адзначана дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскім этапе конкурсу. Даследчая работа па вывучэнню гісторыі вёскі Застарынне была працягнута. Пасля чаго вучаніца прадставіла вынікі свайго даследвання на ХІ Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941 – 1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”. Яе работа “Партызанская Масква – вёска Застарынне” была адзначана дыпломам ІІІ ступені.

Сукала Анастасія і Сукала Андрэй прынялі ўдзел у конкурсе даследчых работ “Спадчына Беларусі” ў межах рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і там ганаруся”. Імі была прадстаўлена даследчая работа “Гарадзішча ў вёсцы Вялікія Пурневічы Баранавіцкага раёна” ў намінацыі “Матэрыяльная культура”. Работа была адзначана дыпломам ІІ ступені на абласным этапе конкурса.

Сукала Анастасія прыняла ўдзел у ХХV абласным конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў з работай “Крынічная праўда”.

Гладун Аляксандра прыняла ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі “Вучань. Інтэлект. Здольнасці” ў секцыі “Гісторыка-грамадазнаўчых дысцыплін” з работай “Сядзіба Незабытоўскіх у вёсцы Вялікая Сваротва Баранавіцкага раёна”. Работа была адзначана дыпломам ІІ ступені на абласным этапе.

Навукова-даследчая работа працягваецца. Нашы краязнаўцы збіраюць і запісваюць легенды нашага краю аб паходжанні назваў вёсак, песні, абрады; а таксама даследуюць гісторыю сваёй малой радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вучнямі-краязнаўцамі з дапамогай педагогаў праводзяцца мерапрыемствы для захавання памяці аб гераічных подзвігах беларускага народа і Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Праводзяцца ўрокі мужнасці “Чорныя старонкі вайны” ў музеі школы, конкурс чытальнікаў вершаў пра вайну, конкурс патрыятычнай песні. Вучні таксама прымаюць удзел у грамадска-карыснай дзейнасці школы, вёскі, раёна ( акцыі, працоўныя дэсанты, дабрачынныя мерапрыемствы).

Школьнікі часта сустракаюцца з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Успаміны ветэранаў і сведкаў падзей ваеннага часу запісваюцца на магнітафон, дыктафон і іншыя носьбіты інфармацыі. Гэтыя матэрыялы складаюць фанатэку “Галасы ветэранаў”.

На 9 мая каля помнікаў ў вёсках Пачапава і Застарынне праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы, ускладаюцца кветкі. У маі 2015 года члены актыву музея прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні “Зорнага паходу”, які быў прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі.

У 2018 годзе да 75-годдзя хатынскай трагедыі разам з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справам моладзі Баранавіцкага райвыканкама была падрыхтавана музычная праграма, якая была прадстаўлена ў клубе ў вёсцы Пачапава.

Адным з важнейшых вынікаў дзейнасці школьнага музея і яго краязнаўцаў з’яўляюцца публікацыі: “Вера в Победу” (Кандратчык Яўгенія), “По святым местам малой родины прошли учащиеся Барановичского района”, “Территорию возле автобусных остановок и водоема убрали школьники Барановичского района”, “Школьники Почаповской школы поздравили жительницу деревни”, “Праздник белых журавлей провели в Почаповской школе”, “Воин-интернационалист встретился со школьниками из Барановичского района”, “В Почаповской детский сад-средней школе ко Дню хатынской трагедии приурочили сразу несколько мероприятий” и другие.

Работа актыва музея прадстаўлена і на беларускім тэлебачанні. Тэлерадыёкампанія “Брэст” адсняла відэаматэрыял “Даніна памяці”, які на сённяшні дзень прадстаўлены на сусветным відэахостынгу ютуб.

Такім чынам, уключаючы навучэнцаў у краязнаўчую работу, мы імкнёмся выконваць і важную сацыяльную місію: выхоўваць патрыятычныя пачуцці, пашыраць веды аб родным краі, яго гісторыі, развіваць цікавасць да мінулага і сучаснага, садзейнічаць разуменню прыгажосці, асаблівасцей і непаўторнасці роднай зямлі, выхоўваць грамадзяніна сваёй краіны. А без гэтага ў нашага грамадства не можа быць будучыні.

Спіс літаратуры:

1. Славута, Н. Мы – часцінка народа, мы – часцінка Радзімы / Н. Славута // Зара над Нёманам. – 2019. – № 13. – С. 18.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.